Злучаныя Штаты Амэрыкі й эміграцыйная тэматыка ў публіцыстыцы й паэзіі «Нашай Нівы»

Томас Э. Бэрд
Нью Ёрскі Гарадзкі Ўнівэрсытэт
Кўінз Каледж

Эміграцыя беларусаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі знайшла адлюстраваньне на старонках газэты «Нашай Нівы» – як у публіцыстыцы, так і ў паэзіі. Але трэба зазначыць, што ня ўсе публікацыі амэрыканскае тэматыкі датычылі беларускае эміграцыі. Некаторыя зь іх былі зьвязаныя з Амэрыкай, але стасаваліся да эмігрантаў не зь Беларусі, а зь іншых краін сьвету. Гэтак першая зьвестка пра ЗША зьявілася ў «Нашай Ніве» ўжо на другім годзе існаваньня тыднёвіка. У 14-м нумары газэты за 1907 год зьявіўся першы «амэрыканскі» артыкул – «Аб Амэрыцы». Ананімны аўтар інфармаваў пра інцыдэнт, зьвязаны з выездам групы ўкраінскіх эмігрантаў у ЗША.
Нядаўна, як падаюць, амэрыканскія газэты, туды не дапусьцілі колькі хахлоў. Дзеля таго, што яны там заявілі, што ім дзядзька пісаў, каб прыехалі, бо ёсьць для іх работа, такім правам іх палічылі заняўшымі месца на кантракты ўжо з хаты, а гэта па тых законах не дазваляецца. Кожнага, хто прыехаў па лісьце знаёмага, лічаць кантрактавым работнікам ды высылаюць, таксама й таго, хто абмовіцца, што сядзеў у турме.
Другая публікацыя «Японія й Амэрыка» (1907. №22) датычыла японска-амэрыканскіх стасункаў.
Між амэрыканцамі й японцамі ўжо даўно пачаўся несаглас. Японскія рабочыя прыехалі ў Амэрыку й пачалі зьбіваць цану амэрыканскім рабочым, бяручыся рабіць шмат таньней як амэрыканцы. За гэта амэрыканцы пачалі гнаць японцаў і нядаўна разьвярнулі нават і рэстараны ў Сан-Францыско, ды сталі агранічаць іх правы, не дапушчаць у школы і т. п.
Нядаўна японскае правіцельства заявіла, што справа японцаў у Сан-Францыско ёсьць самая важная дзеля цяперашняга часу. Трэба цьвёрда дабівацца ад Амэрыкі, каб з японцамі абыходзіліся гэтак як з паўнапраўнымі грамадзянамі, што жывуць у Амэрыцы. А каб Амэрыка споўніла гэтае трэбаваньне, Японія хоча паслаць ваенныя караблі, каб яны пад'ехалі пад амэрыканскія берагі. Утэлеграмах з Вашынгтону, галоўнага амэрыканскага гораду, заметна трывога. Японскі граф Акума даў тэлеграму ў адну амэрыканскую газэту на шчот насільства проці японскіх эмігрантаў (выяхаўшых з Японіі ў Амэрыку), несправядлівага рашэньня, […] справы для японцаў. Граф Акума піша, што такая несправядлівасьць раскідае дружбу між Японіяю й Амэрыкай.

У нумары 24-м за той жа 1907 год быў зьмешчаны ананімны артыкул «Злучаныя Штаты (Амэрыка й Японія)», у якім публіцыст у далейшым характэрызаваў спэцыфіку жыцьця японскіх эмігрантаў у Амэрыцы й праявы японска-амэрыканскіх канфліктаў. Аднак канфлікт гэты беларускі аўтар называе ўсяго толькі невялікай сваркай, якая не павінна давесьці да вайны паміж гэтымі вялікімі краінамі. Хаця, як піша публіцыст, Амэрыка сканцэнтравала ў Ціхім акіяне ўвесь свай ваенны флёт. Пры гэтым публіцыст «Нашай Нівы» цікава апісаў спэцыфіку японскага нацыянальнага характару, падкрэсьліўшы выключную японскую працавітасьць:
Шмат японцаў, шукаючы заробку, выяжджаюць у Злучаныя Штаты. Японцы народ вельмі працавіты. Для жыцьця яму зусім мала трэба, дык яны й бяруць танна за работу й зьбіваюць усюды, дзе яны зьяўляюцца, цэны. Шмат японцаў жыве ў штаце Каліфорнія, там глаўны горад Сан-Францыско. Між Японіяй і Амэрыкай ляжыць мора, так званы Ціхі акіян. Калі ехаць караблём з Японіі ў Амэрыку, то бліжэй усяго Сан-Францыско. У Сан-Францыско нядаўна народ разьбіў колькі японскіх рэстаранаў. Японскае правіцельства абідзелася й патрабавала ад амэрыканскага, каб заплацілі за страты й каб болей гэтага не было. Перад гэтым яшчэ была справа аб школах. Амэрыканцы не хацелі дапусьціць, каб японскія дзеці вучыліся разам зь іхнімі дзяцьмі. Нядаўна злавілі 2 японскіх шпіёны, каторыя захапілі пляны з фартэцы.
Першы раз сьціплая інфармацыя аб беларускім эміграцыйным руху ў Амэрыцы зьявілася ў гэтым жа нумары – у артыкуле «Як жыве амэрыканскі рабочы», падпісаным крыптонімам Г. На самым пачатку публікацыі аўтар зазначыў:
Пэўна няма такіх людзей, што ня чулі аб Амэрыцы. У Амэрыку што-год то з той, то з другой вескі нехта выбіраецца шукаць сабе лепшага жыцьця; часта можна спаткаць і такіх людзей, што праз колькі гадоў жылі й працавалі [...] і сабраўшы грошы вараціліся ў родную старонку.
Публіцыст зьвярнуў увагу на тое, што беларускі эмігрант на амэрыканскай фабрыцы ці заводзе ня можа зраўняцца з работнікам амэрыканскім. Уступае яму ў асьвеце, адукацыі, ведах і выдайнасьці працы:
Праз гэта нашым перасяленцам спачатку часта вельмі дрэнна прыходзіцца, бо яны з тамтэйшымі раўнявацца ня могуць: вядома, наш народ цёмны, замораны, прыціснуты. Перасяленцы й ідуць найбольш на чорнарабочых. Толькі дзеці іх як навучацца ў дармовых амэрыканскіх школах, гдзе усіх прымушае вучыцца амэрыканскі закон, як пабудуць у даступных нам народных унівэрсытэтах ды пабываюць на ўсялякіх сходах і саюзах, толькі тады й яны ўжо змогуць працаваць роўна з амэрыканцамі й роўна зь імі зарабляць.
У 31-м нумары за 1907 год быў зьмешчаны артыкул «Аб перасяленьнях». У гэтай публікацыі ўпершыню была зьмешчаная грунтоўная інфармацыя аб прычынах беларускай эміграцыі ў Амэрыку. Аўтар несумненна меў рацыю даводзячы, што выезд беларусаў у далёкую Амэрыку выкліканы вялікай нядоляй беларусаў, безьзямельлем, бракам заработкаў, свабоды й асьветы ў Расейскай Імпэрыі.
Паводле аўтара, Расея, нягледзячы на аграмадныя запасы сыравіны, мае слабую прамысловасьць, у сувязі з чым і слабыя магчымасьці заробкаў па-за заняткамі на зямлі.
У нашых мужыкоў зямлі найчасьцей няхват, а і тая, што ёсьць, зусім неўпарадкаваная – біта на шнурочкі, параскідана на колькі вёрстаў: жывуць на ёй недаядаючы. Дзе й мае мужык зямлі досыць, там праз цемнату сваю ўсё роўна гаспадарыць дрэнна й з працы сваёй карысьці бачыць мала. [...] А тым часам з году ў год людзі нарастаюць – робіцца ўсё цясьней і цясьней. Каб пражыць на тых няшчасных шнурочках, трэба было б навучыцца гаспадарыць лепей – так як гаспадараць людзі заграніцаю, гдзе на 1,5–2 дзесяцінах умеюць жыць добра. У нас жа школ усялякіх саўсім мала – асьветы, навукі не прыбывае, зямлі таксама.
Пайшоў бы наш беларус куды-небудзь на заробкі – дык [...] няма нідзе, фабрык у нас мала; сваіх багачоў, каб адкрывалі іх у Расеі, таксама няшмат. А загранічныя багачы-капіталісты, напрыклад, амэрыканскія пры цяперашніх парадках у Расею ехаць з грашыма ды заводзіць свае фабрыкі баяцца – «Расея, – кажуць амэрыканцы, – вельмі багаты край тутака ў зямлі, у розных толькі ляжыць усякага багацтва (золата, серабра, жалеза й інш. мэталаў; каменнага вугля, газу), што мы ахвотне прыедзем сюды пастроіць свае фабрыкі, заводы, дабываць зь зямлі ўсё тое дабро й прыгатаўляць усе патрэбныя людзям рэчы. З гэтага будзе нам толькі добры даход, а вашым людзям – праца й заработак. Але-ж бяда, што ў вас ад бяды й бяспраў'я ды голаду народ бунтуецца, парадку ніякога няма. Дык мы пачакаем лепш да таго часу, калі ў Расеі настане праўдзівая свабода, новыя парадкі, калі народу жыць будзе вальней і ня трэба будзе баяцца вечных бунтаў, рэвалюцый.
Вось якія прычыны таго, што й наш беларус ня можа па-людзку пастроіць жыцьцё сваё. Ня дзіва, што ўцякае ён з роднага краю. Там негдзе, у далёкай і чужой, але свабоднай старане, думае небарака знайсьці лепшую долю.

З прыведзенай цытаты відаць, што аўтар публікацыі стварыў вельмі аб'ектыўную карціну грамадзкай, сацыяльнай і гаспадарча-эканамічнай рэчаіснасьці ў Расейскай Імпэрыі.
Імкненьне да аб'ектывізму праяўляецца таксама ў рысунку долі беларуса ў далёкай Амэрыцы. Аўтар не ідэалізуе побыту беларускіх эмігрантаў, наадварот, падкрэсьлівае ўсе тыя праблемы, зь якімі сутыкаецца беларус-эмігрант у чужой далёкай краіне.
Ня ўсе надзеі нашых бедакоў-перасяленцаў спаўняюцца. Бываюць шчасьлівыя, што ім пашанцуе, ці на зямлі ў добрым месцы завесьці гаспадарку, ці знайсьці работу за вялікую плату: але многа людзей і на новых месцах гаруе.
І тут часта вінавата цемната: па дарозе абскочуць мужыка ўсякія шэльмы, зьдзяруць зь яго цёмнага астатнюю капейку – і прыяжджае ён, прымерам кажучы, у тую Амэрыку зусім голы. Калі-ж работы адразу ня знойдзе, то хоць уцякай дахаты…
Па іншых гасударствах, гдзе народ праз сваіх выбраных дэпутатаў сам кіруе сваімі справамі, пачалі ўжо даўно апекавацца бедакамі, што выяжджаюць адтуль за хлебам. Вось і цяпер у Галіцыі (Аўстрыя) займаецца народная дума (сейм) гэтай справаю.
А ў нас што-год народу больш высяляецца, але-ж аб іх, здаецца, мала дбаюць. Гэта пазнаў на сабе, бадай, кожны перасяленец. Ігэтак людзі будуць выяжджаць у чужбіну пакуль не пераменяцца нашы парадкі, пакуль [...] чалавек ня будзе мець магчымасьці жыць па-людзку ў сваёй старонцы й знайсьці ў ёй працу й кавалак хлеба.

У 32-м нумары за 1907 год першы раз паявілася публікацыя, прысланая «ўласным карэспандэнтам Сымонам Ях-ічам», – «ЗАмэрыкі». Гэта была першая рэляцыя відавочцы, які непасрэдна назіраў за амэрыканскім жыцьцём і дэталёва апісаў яго істотныя праявы. Карэспандэнт спасылаецца на артыкул «Як жыве амэрыканскі рабочы», апублікаваны ў 27-м нумары. У нататцы расказваецца пра штат Каліфорнія, у якім, паводле карэспандэнта, заработная плата большая, чым у іншых штатах. Газэта падае заробкі найбольш тыповых рабочых спэцыялістаў, зазначаючы, што амэрыканскі рабочы ў сярэднім працуе ўтрая больш эфэктыўна, чым рабочы ў Расеі.
Для такой працы, – піша карэспандэнт, – трэба сільных здаровых работнікаў. Людзі слабыя ў Амэрыцы ў такіх вялікіх гарадох як Чыкаго часта церпяць бяду і голад, бо зарабляюць усяго 4, 3 або і 2 рублі ў тыдзень [...] меж імі шмат людзей з Беларусі.
Карэспандэнт зьвярнуў увагу на вялікія кантрасты й розьніцу ў заробках, сярод якіх адзін зарабляе 2 рублі ў тыдзень, а другі 12–14 рублёў у тыдзень. У канцы публікацыі карэспандэнт напісаў, што на Амэрыку насоўваецца эканамічны крызіс і зьвязаная зь ім няўхільная безрабоціца, якая давядзе да галечы тысячы рабочых і перад усім ударыць па эмігрантах.
А [...] цяпер у Амэрыцы насталі дрэнныя часы. Вельмі многа багачоў збанкрутавала і работу знайсьці вельмі цяжка. На фабрыках шмат гдзе перасталі вырабляць новыя тавары: мала будуюць усялякіх будынкаў. Ад недастатку працы многа людзей кідае Амэрыку. А трэба чакаць, што далей можа быць яшчэ горш, бо зачаўся ўжо крызіс (банкруцтва) на фабрыках, заводах і ўсюды.
Апошні фрагмэнт артыкула карэспандэнт прысьвяціў практычным заўвагам, скіраваным на патэнцыяльных эмігрантаў зь Беларусі:
Беларусаў тут шмат ды ўсё прыязджаюць. Няхай жа кожны, хто хоча яшчэ ехаць у Амэрыку, раней напіша да сваякоў або знаёмых ці напэўна знойдзе там працу? Калі-ж паедзе не згаварыўшыся перш аб гэтым, то можа зусім застацца без працы і заробку. Хто гэта прачытае, няхай скажа другім, каб не ехалі наўгад [...] не трацілі дарма грошай на прыезд у Амэрыку, а вярнулі назад у хату.
Той самы карэспандэнт, Сымон Ях-іч, апублікаваў другі артыкул «З Амэрыкі» (1908. №1), прысьвечаны розным аспэктам амэрыканскай рэчаіснасьці. Аўтар зьвярнуў між іншым увагу на тое, што эмігранты-беларусы ў Амэрыцы з прычыны свае слабое адукацыі або няўменьня ні чытаць ні пісаць увогуле ня могуць карыстацца тымі магчымасьцямі й правамі, якія стварае амэрыканская дэмакратыя. А гэта таму, што яны фактычна не дарасьлі да поўнага грамадзянства ў Амэрыцы.
Прыехаў, напрыклад, цемны беларус ад сахі, што ні «бэ» ні «мэ», як кажуць. Апроч сваёй работы нічога не разумее і знаць не хоча – неграматны. Пражыве ў Амэрыцы пяць гадоў і ўжо яму даюцца ўсе правы: права выбіраць губэрнатара, судзей, паліцыю, членаў у думу і др. Вось цяпер паложым ва многіх штатах (губэрнях) народ хоча павялічыць плату за праезд на чыгунцы на 2,5 грошы зь вярсты [...] Хэўра людзей, да каторых належаць жалезныя дарогі, на гэта не прыстае і таму, не шкадуючы грошай, стараецца правесьці ў думу сваіх кандыдатаў, каб у думе не прынялі закона аб чыгунцы. Той, хто цікавіцца гасударственнымі справамі, чытае газэты, той ведае за каго на выбарах аддаць свой голас. А наш беларус нічым не цікавіцца, газет не чытае, бо і чытаць часта ня ўмее: яму ўся-роўна каго выберуць. Тут яшчэ пад'едзе да яго агент ад жалезных дарог, падпоіць півам ды чаркай і ўгаворыць падаваць голас за кандыдатаў уладальнікаў чыгункі – гэтак яны на выбарах і пяройдуць у «думу», а глядзем па-старому прыйдзецца плаціць за праезд аж да новых выбараў, што будуць праз чатыры гады. Спачатку беларусу за гэты час не раз прыйдзецца ехаць па чыгунцы і за кожную сотню верст пераплочваць па 1 руб. 25 кап. Дрэнна і яму і ўсім, дык-жа сам вінаваты.
За гэта амэрыканцы не любяць нашых перасяленцаў, глядзяць на іх як на дурных і шкодных людзей, што і сабе дабра не робяць і другім ад іх крыўдна.

Мусім прызнаць, што крытыка карэспандэнта ў адрас уласнага народу цалкам матываваная й справядлівая.
Ананімны артыкул «З Амэрыкі» (1908. №11) быў прысьвечаны нарастаньню ў ЗША эканамічнага крызісу.
Нашы амэрыканскія карэспандэнты ўжо не раз пісалі, што ў Амэрыцы для працоўнага народу насталі дрэнныя часы. Як пачаўся «крызіс», банкруцтва, шмат фабрык і заводаў пазакрываліся і вельмі многа людзей асталося без працы і без хлеба. Цяпер, як піша «Слово», у Злучаных Штатах (Амэрыкі Паўночнай) ня маюць заробку аж чатыры мільёны семсот пяцьдзесят тысяч работнікаў! Ігэткае ліха робіцца ў гасударстві, якое з усіх краёў зьбягаліся галодныя абарваныя людзі, гдзе яны мелі заўсёды работу і мелі з чаго пражыць, хаця амэрыканскія капіталісты (багачы) выцягвалі зь іх усе сокі.
Далей у публікацыі сказана, што амэрыканскае заканадаўства выразна ідзе ў антыдэмакратычны бок і што ўсё болей абмяжоўваюцца правы рабочых. Публікацыя заканчваецца зваротам да патэнцыяльных эмігрантаў.
Пакуль што яшчэ будзе ў Амэрыку нашым беларусам цяпер ехаць не варта. Лепей чакаць лепшых часоў у сваё і хоча бяда, што ад нас пачалі людзі выбірацца туды акурат у тым часі, як пачаўся крызіс.
У 17-м нумары за 1909 год ўпершыню зьявіўся верш «Зчужыны», прысьвечаны долі беларуса ў амэрыканскай эміграцыі. Яго аўтар З.Дубовік, эмігрант-беларус, праўдападобна балюча ўспрымаў свой эмігранцкі лёс. Верш мае выразны сэнтымэнтальны характар. Яго аўтар моцна экспануе эмацыйную повязь свайго сэрца з пакінутым родным краем. Прывядзем першую й тры апошнія страфы (з васьмі):
Не вясёла другі,
У чужым жыць краю!
Маё сэрца рвецца
К майму полю, гаю. [...]
Усюды мы забіты,
Голавы спусьцілі,
Што й мы ёсьць людзі,
Здаецца, забылі,
Трэба схамянуцца,
Пачуцца свабодным
І стаць чалавекам
Да жыцьця прыгодным.
Злучыцца ў грамаду
За лепшую долю,
За чужым не бегаць,
У далёкім полю.
Гор. Нью Іорк / у Амэрыцы

Наагул на старонках «Нашай Нівы» паяўляліся публікацыі, у якіх рысавалася адмоўная, нават панурая карціна амэрыканскай рэчаіснасьці. Сказанае адносілася найперш да побыту эмігрантаў у Амэрыцы. З падобнага тыпу артыкуламі маем дачыненьне ў 17-м і 18-м нумарох за 1909 год.
Гэтак у кароткай інфармацыі «Амэрыка» (1909. №17) было зазначана:
У Амэрыцы надта падаражэў хлеб, гэта затым, што аднаму купцу ўдалося скупіць усё зерне, каторае было на рынках. Ён цяпер багацее кожную мінуту, цэны назначае, якія сам хоча. Калі скора не падвязуць хлеба з другіх краёў – з палудзеннай Амэрыкі і з Індыі, то гэты купец стане мільярдэрам.
Яшчэ больш драматычны характар мелі весткі, зьмешчаныя ў нататцы, пазначанай «Амэрыка Нью Іорк» (1909. №17):
На бераг высадзілі 9 тысяч перасяленцаў, каторыя не маюць чаго есьці, а ў Амэрыцы заработкаў няма, фабрыкі не прымаюць новых работнікаў.
У даліне ракі Місіссіпі прайшла страшная бура. Пакуль што вядома, што загінула 232 чалавека; шкоды зрабіла на 20 мільёнаў рублёў; на рацэ Гудсон і на возеры Эрые бура затапіла 6 параходаў і 35 чалавек утанула (1909. №51–52).

Час ад часу на старонках «Нашай Нівы» публікаваліся цікавыя артыкулы, зьвязаныя тэматычна зь беларускай эміграцыяй у Амэрыку. Да такіх трэба залічыць артыкул «З Амэрыкі». Спэцыфічная рыса гэтай публікацыі – яна напісана ад імя аднаго зь перасяленцаў, які на ўласнай шкуры адчуў усе невыгоды, зьвязаныя з эміграцыяй у ЗША. Такі публіцыстычны ўхіл надаў артыкулу вялікую дозу аўтэнтызму й праўдзівасьці: найважнейшае ў публікацыі – дэталёвасьць апісаньня варункаў транспартаваньня праз акіян, а таксама характарыстыка стаўленьня да эмігрантаў на амэрыканскім беразе й страшэнна цяжкіх умоваў працы ў Амэрыцы. Ува ўсіх апісаньнях нямала элемэнтаў, якія мяжуюць з натуралізмам. Аднак натуралізм гэты не крытычны, але вынікае з праўды жыцьця.
Не адзін, пэўна, селянін прадаў, калі меў што прадаваць, пазбыўся апошняй худобы, кінуў родную вёску, братоў, сёстраў, таварышаў і дарагіх сваіму сэрцу; не адзін рабочы, сабраўшы свае апошнія грошы, ато гдзе пазычыўшы, кінуўшы сям'ю, падчас старых бацькоў без апекі – дзеля таго толькі, каб «за марамі» знайсьці лепшае жыцьцё, – адрэкліся, кажу, і кінуліся ў сьвет далёкі, невядомы, так зрабіў і я. З цьвёрдым пастанаўленьнем працаваць да поту, з надзеяй і верай у сэрцы, з весялосьцю на душы ступіў я на карабель, каторы са сьвістам і шумам крануўся і паімчаў нас у край свабоды і золата. Але ў скорасьці весялосьць мая пачала зьнікаць. Усе – ад вышэйшага начальства карабля да апошняга служачага – абыходзіліся з намі пасажырамі 3-яй клясы як з рабочай скацінай. Памяшчэньне для трэцякласьнікаў зроблена на дне карабля: напіхаюць там людзей як селядцоў у бочку: бруд, цесната, смурод, задуха! Кормяць гнілымі селядцамі і адпадкамі ад яды служачых, калі каторага схваціць марская хвароба ніхто і ўвагі не зьвяртае! Што зважаць на гэтае «хамство»?! Але па доўгіх цярпеньнях і ўсялякіх паняверках урэшце даваліваем да цьвёрдай зямлі – Амэрыкі, і нас высаджваюць на бераг. Тут толькі чалавек даведаецца, што агент неміласэрдна цябе ашукаў… і зьдзёр шмат лішніцы за праезд. Замест абяцаных залатых гор і лёгкай працы зь цябе выціскаюць апошнія сілы і здароўе; кідаесься ад фабрыкі да фабрыкі – спатыкаеш гэткі зьдзек і паняверку: калі і ўдаецца ўпрасіцца на якую фабрыку, дык здаецца, што ўпрасіўся ты ў катаргу, але бяз гэтай катаргі можа быць яшчэ горай: сьмерць з голаду. І вось хіліцца твая галава на збалелыя грудзі, рукі апушчаюцца… Нуда за тэй саломкай крытай хаткай, за тымі, каторыя сядзяць там галодныя (бо ты на дарогу забраў апошняе) і чакаюць амэрыканскага золата… А такіх як я шмат. У адным толькі акцябры гэтага года прыехала 75 тысячаў 608 душ, найбольш з Італіі – 10 тысяч, пасьля ідуць палякі з Расіі, Аўстрыі і Нямеччыны (Германіі) – 7 тысяч, урэшце ідуць немцы, шведы, і ірляндцы. Беларусаў, ліцьвіноў, расейцаў і іншых – шмат тысяч.
Прыведзены вышэй поўнасьцю артыкул зьяўляецца найбольш вобразнай і крытычнай публікацыяй на старонках «Нашай Нівы» аб эміграцыі ў Амэрыку. Быць можа выступае ў ім непрыхільная тэндэнцыя да справы перасяленьня ў ЗША жыхароў Беларусі, аднак нельга аўтару закінуць схільнасьць да няпраўды або маны. Мэта артыкулу – адназначная. Паўстрымаць эміграцыйны паток. Аднак, здаецца нам, што артыкул ня меў большага практычнага значэньня, бо, нягледзячы на панурую карціну эміграцыйнага лёсу, паўголад безупынна пхаў новыя масы людзей ў эміграцыю з усіх рэгіёнаў Эўропы, у тым ліку і з Расейскай Імпэрыі.
У 2-м нумары за 1910 год быў зьмешчаны наступны верш ужо згаданага З.Дубовіка «К брату па нядолі». Аўтар гэтага твора заакцэнтаваў увагу на пачуцьці самотнасьці, адзіноты эмігранта ў далёкім краі. Эмігрант, паводле паэта, гэта чужы сярод чужых, ня можа ён разьлічваць на спачуваньне, зразуменьне, а тым болей дапамогу:
Тут брат у паганьбеньні, у цяжкай няволі
І целам і духам забіт.
...
Ніхто да помачы рукі не падставіць,
І сэрца, як камень, маўчыць,
З сабою ніхто, як брата, не пасадзіць,
Гатоў затаптаці, згубіць.

Выснова аўтара верша: Амэрыка – гэта краіна эгаістычная, пазбаўленая пачуцьцяў і сардэчнасьці, у ёй чалавек дбае выключна пра свае інтарэсы, якія наагул супрацьстаўленыя інтарэсам іншых людзей.
Да адной з найбольш фактуальных публікацыяў, прысьвечаных эміграцыйнаму руху, трэба аднесьці артыкул «Аб эміграцыі» (1910. №4). Няма ў ім эмоцыі й патрыятычнага ляманту. Затое ёсьць шмат фактаў, зьвязаных з эміграцыйнымі працэдурамі, і канкрэтная статыстыка пра маштаб эміграцыйнага руху з Расейскай Імпэрыі. Вось найважнейшыя фрагмэнты гэтай каштоўнай публікацыі:
Вядома ўсім, як цяжка пры цяперашніх парадках выяжджаць або цалкам перасяляцца з Расіі за граніцу. Пакуль абыдзеш усе канцэлярыі, пакуль дастанеш усе патрэбныя дакумэнты і паспарт, дык і часу прыдзецца страціць і грошай, а як чалавек калі цёмны, то справа ідзе яшчэ горш. Робіцца гэта за тым, што ў нашых законах аб эміграцыі (высяленьні) бадай нічога не сказана. Вось карыстаюць з гэтага розныя эмігранцкія агенты, як мага зьбіраюць сялян, каторыя едуць у Амэрыку і не знаюць, што і як трэба зрабіць дзеля свабоднага выезду. Таксама людзі пераходзяць часта цераз расейскую граніцу саўсім без пашпарта – патайна; за тое-ж калі іх зловяць пры гэтым, суд іх чакае. Вось колькі людзей за апошнія гады перасялілася з Расеі ў Амэрыку: у 1900 гаду 91 тысяча, 1901г. – 85 тысяч, у 1902г. – 107 тысяч, у 1903 г. – 131 тысяча, у 1904г. – 146 тысяч, у 1905г. – 185 тысяч, у 1906г. – 216 тысяч, у 1907 гаду выехала ў Амэрыку 259 тысяч эмігрантаў – усяго жа разам ад 1900 да 1908 гаду перабралася за акіян блізка 1,5 мільёна людзей.
У Амэрыку найбольш перасяляюцца тыя, каму найгорш жывецца ў нашым краю. Гэтак за 10 гадоў паехала туды эмігрантаў жыдоў 666 тысяч 557 душ. Жыды ў Амэрыцы жывуць найболей у штаце Ню Іорк. У адным горадзе Нью Іорку іх лічыцца каля мільёна, а ўсіх жыхароў тамака 4 мільёны. Жыдоўскія эмігранты – гэта галоўным чынам бедната, рамесьнікі 78% ды няменей дробных гандляроў. Меж жыдамі рамесьнікамі найбольш краўцоў (каля 40%).
Многа выяжджае эмігрантаў у Амэрыку зь Літвы, Польшчы, Фінляндыі і іншых «акраін» расейскага гасударства. Фінляндцы пацягнуліся туды вялікімі грамадамі пачынаючы ад 1900 году, калі у іх старане пачалі рабіцца ўсякія перамены. Зь невялікай Фінляндыі перабралася ў Амэрыку 120 тысяч душ, таксама пасьля рэвалюцыйных разрухаў, каторыя ў прыбалтыйскіх губерніях былі вельмі вострыя, паехала на эміграцыю вельмі многа літвіноў. Палякаў ад 1900 году выехала 372 тысячы.
Цягнуцца памалу ў Амэрыку і нашы беларусы і ўкраінцы. Украінскія эмігранты добра падрыхтавалі сваё жыцьцё, яны тамака маюць, таксама як літвіны, свае нацыянальныя арганізацыі, хаўрусы, трымаюцца ўсе разам і дапамагаюць устроіцца сваім землякам, што пападаюць у Амэрыку. Тамака шмат выходзіць украінскіх і літоўскіх газэт і кніг. Толькі нашы беларусы ніяк не могуць нічога зрабіць для сябе і жывуць кожны асобна, не трымаюцца грамады, дык ім горш жывецца, чым эмігрантам іншых краін.

Цытаваны артыкул мае характар свайго роду энцыкляпэдычнай даведкі аб эміграцыі ў Амэрыку. Заканчваецца ён шэрагам практычных парадаў для тых, хто выбіраецца ў Амэрыку:
Беларус, калі не мае ў Амэрыцы сваякоў, то і не знойдзе там падмогі ў землякоў сваіх. Вось варта было бы і нашым беларускім эмігрантам парупіцца аб тым, каб залажыць у Амэрыцы фундамэнт для супольнага жыцьця. Не мала-ж там і сьвятлейшых беларусаў з навукай, дый такіх, што ўжо багацтва прыдбалі. На іх сумленьні і павінна ляжаць помач сваім землякам, але не толькі помач для цела, а і для душы. Яны павінны ўглядацца на тое, што робяць іх браты ўкраінцы або ліцьвіны, пайсьці па іх дарозе.
Цяпер праца над арганізацыяй беларускіх эмігрантаў робіцца ўсё болей канечнай, бо эміграцыя наша павялічваецца. Усе газэты зыходзяцца на тым, што трэба з кожным годам чакаць яшчэ большага высяленьня з Расеі ў Амэрыку. Цяперашняя замежная палітыка і замежныя камісіі стараюцца даць помач толькі мацнейшым гаспадарам, а слабым сялянам, што не маюць сілы палепшыць сваю гаспадарку, прыйдзецца кінуць зямлю і шукаць заробку за морам.

У 5-м нумары за 1910 год быў зьмешчаны верш Канстанцыі Буйлы «На чужыне». Твор гэты вытрыманы ў сэнтымэнтальнай інтанацыі. У ім няма элемэнтаў асуджэньня эміграцыйнай рэчаіснасьці, згадак пра цяжкую працу ці горкі выгнаньніцкі лёс. Паэтэса канцэнтруе сваю ўвагу на эмацыйным стане эмігранта, які, углядаючыся ў сьнежную даль, успамінае родную хату, матку, бацьку, усю радню й сваю каханую Ганульку.
Эмігранта агортвае рой сумных думак, выкліканых успамінамі аб родным краі, і трывога за каханую, якая, можа, «ідзе замуж за другога». Верш напісаны ў форме размовы героя са сьнежным ветрам, які, паводле ўяўленьня перасяленца, мае магчымасьць лёгка пераносіцца з краіны ў краіну. Верш гэты ня мае большых мастацкіх вартасьцяў, аднак добра адлюстроўвае настрой чалавека, вырванага з роднага асяродзьдзя, чалавека, агорнутага настальгіяй, сумам па родным краі.
Уласны карэспандэнт «Нашай Нівы» БарысШ. зьмясьціў у 24-м нумары за 1910 год артыкул «З Амэрыкі» з выразна саркастычным характарам. Публіцыст высьмейвае тыя міфы, якія жылі ў Расеі, што ўяўлялі ЗША за краіну, у якой даляры й золата валяецца на вуліцах і кожны разбагацее, калі толькі нахіліцца й падыме іх зь зямлі ды «паложыць у сваю кішэню».
Нью Іорк, жывая хваля народу з Расеі ўсё каціцца і ўзрастае. Палітычная эміграцыя блізка што ўжо замерла, але за тое эканамічная ўзрастае як ніколі. Едуць сяляне-хлебаробы па амэрыканскія даляры, каторыя тут «валяюцца на вуліцы», толькі трэба ўмець палажыць іх у сваю кішэнь. Па заходніх, паўдзенных і нават цэнтральных велікарускіх губэрніях езьдзяць важныя агенты, каторыя нагаворваюць сялян і гарадзкіх наймітаў у Амэрыку, што быццам цячэ «малаком і медам», нават лепшыя расейскія газэты мала ведаюць аб Амэрыцы, а яшчэ менш цікавяцца ёй.
Сярод безграматных расейскіх вёсак ходзяць чуткі аб тым, што ў Амэрыцы так многа золата, што яно папраўдзе валяецца на вуліцы! Колькі дзесяткаў Іванаў ды Трафімаў, каторым спаміж тысяч душ пашчасьлівіла вывесьці адтуль сотню-другую «даляраў», гэта быццам жывыя сьведкі амэрыканскага багацьця. Мужыцкія думкі раздуваюцца агентамі, каторыя абяцаюць за 200–180 рублёў давесьці да Лібавы, зрабіць пашпарт і дабрацца да самай Амэрыкі. Няграматныя сяляне чуюць пастаянна аб амэрыканскім золаце дзіўныя казкі, хочуць разбагацець, прадаюць апошнюю скаціну, закладаюць убогую хату, дзедаўскі кусочак зямлі, зьбіраюць 180 рублёў, аддаюць у рукі агентаў і падаюцца заплюшчыўшы вочы ў далёкі невядомы ім край за золатам. Для селяніна, каторы не бываў далей свайго мястэчка, паездка за граніцу, а пасьля 12–15 дзён морам праходзяць як сон і ён ачуняецца толькі на амэрыканскім бруку, калі няма нічога палажыць у губу, а кругом чужы народ зь невядомай мовай.
Большая часьць сялян едзе ў Амэрыку пры помачы агентаў, каторыя сабіраюць эмігрантаў партыямі, беручы ад іх пры сухіх харчах 180, а найменш 150 даляраў, таму часам дарога ад Масквы да Гамбурга і ад Гамбурга да Нью Іорка абыходзіцца ў другім класе ўсяго 140 рублёў, а ў трэцім класе менш 100 рублёў, з гэтага выходзіць, што эмігранты пераплочваюць агентам 60–80 рублёў з дуру праз сваю цемнату.

Вядучы паэт пэрыяду «Нашай Нівы» Янка Купала апублікаваў верш «Брату ў чужыне» (1910. №32). У творы гэтым няма ніводнага крытычнага слова аб эміграцыйным побыце ці аб амэрыканскіх палітычных, дзяржаўных або эканамічных парадках. Янка Купала заняўся выключна інтэнцыяй узбуджэньня ў сэрцы эмігрантаў эмацыйнай сувязі з пакінутым краем. Паэт стараецца даказаць, што родны край з усімі сваімі рэаліямі, не выключаючы яго ўбоства, павінен захоўвацца ў сэрцы эмігранта проста з той прычыны, што ён бацькоўскі й матчын:
Ці помніш ты, нядбалы дружа,
Усё тое, дзе радзіўся, урос?
І дзе напявала зімка стужай,
Ірдзіцца лета бліскам рос?
Аздобнасьць неба – сонца, зоры,
Спавіты месяц туманом;
Русалак ночкай разгаворы,
Шчасьлівых птушак песьні днём.
Ці помніш ты сваю матулю,
Што над калыскаю тваей
Пяяла песьню-байку «люлі»,
Снуючы ў думках рой надзей?
Сьвятую песьню родных межаў,
Няхітры мовы свойскай твор,
Зь якой зьліваецца звон вежаў,
А рэха ловіць цёмны бор?

Да несумненна найбольш вартасных у цыкле эміграцыйнай публіцыстыкі трэба залічыць артыкул галоўнага рэдактара й выдаўца «Нашай Нівы» Аляксандра Ўласава «Эміграцыя ў ЗША» (1911).
У адваротнасьці амаль да ўсіх ужо ахарактарызаваных «эміграцыйных» публікацыяў на старонках «Нашай Нівы», аўтары якіх імкнуліся зьнеахвоціць беларусаў да эміграцыі, падаючы лёс беларускіх эмігрантаў у адмоўным асьвятленьні, Аляксандар Уласаў, хаця як галоўны рэдактар і публікаваў гэтыя артыкулы, праўдападобна, не падзяляў поглядаў публіцыстаў на амэрыканскую рэчаіснасьць. У сваім артыкуле ён заняўся выключна фактамі й зьвярнуў галоўную ўвагу на тое, што эмігранты ў большасьці добра ўладкаваліся ў Амэрыцы, зарабляюць немалыя грошы й вялікую частку сваіх заробкаў прысылаюць сваім родным, узбагачаючы такім чынам пакінутую айчыну:
Ад нас выязджае шмат рабочай людзкой сілы ў Злучаныя Штаты Амэрыкі дзеля заработка 4,5–10 разоў большага ад нашага. Там нашы беларусы не прывыкшыя да раскошнага жыцьця за 2–3 гады ўжо ўкладаюць капітал і вяртаюцца да сваіх родных вёсак «з амэрыканскімі грашыма». Можна сказаць, што найменш тры чвэрці тых мужыцкіх капіталаў з Амэрыкі.
Колькі амэрыканскіх грошай у Беларусі падлічыць акуратна цяжка. У зьберагальных касах на почтах Беларусі разам з Ковенскай губерніяй у 1909 годзе ляжала 57 мільёнаў рублёў ды яшчэ ў банках 32 мільёны рублёў, разам 90 мільёнаў рублёў.
Колькі грошай што-год прыходзіць з Амэрыкі да нас? [...] Беларусь разам з Ковенскай губэрніяй дастае грошай почтай на 20 мільёнаў рублёў.
Сколькі беларусаў выехала і выязджае ў Амэрыку? Міністэрства праз земскіх начальнікаў зьбірала нядаўна аб гэтым матэрыялы, але гэтыя матэрыялы так сабраныя, што даведацца зь іх нічога акуратна нельга. І ня дзіва. У нас найчасьцей едуць у Амэрыку без загранічных пашпартоў, але некаторыя выбіраюць з воласьці ўнутраны пашпарт, каб даехаць без перашкод да граніцы, а там пераскочыць як небудзь граніцу і з Гамбурга выязджаюць параходам у Амэрыку.
Мы налічылі, што з адной Радашковіцкай воласьці зь январа 1911 года выехала ў Амэрыку:
– зь вёсак мужчын і кабет 126 душ;
– мужчын хрысьціян з г. Радашковічы 52 душы;
– мужчын жыдоў 488 душ.
У горадзе Радашковічы жыхароў 2411 душ, воласьці – 7300, разам – 9711 душ.
Як відзім справа выязду ў Амэрыку беларусаў мае вялікае значэньне для эканамічнага жыцьця нашага краю. Бяда толькі ў тым, што амэрыканскія грошы не могуць зрабіць таго, каб і ў нашым краю завяліся фабрыкі і заводы, каб сельская гаспадарка так паднялася, што больш народу магло б пракарміцца тут на месцы. А то цяпер дык найлепшыя найбайчэйшыя сілы ўцякаюць ад нас шукаць шчасьця на край сьвету. Адны зь іх зарабляюць, другія церпяць муку ў Амэрыцы, але толькі шчасьлівейшыя папраўдзе знаходзяць там долю. Бяда яшчэ і ў тым, што ніхто не зьвяртае ўвагі, ні адміністрацыя, ні дэпутаты ад нашага краю на варункі, у якіх адбываецца эміграцыя. Варункі выхаду ў Амэрыку вельмі цяжкія. Першае гэта тое, што дастаць загранічны пашпарт вельмі дорага каштуе, 15 руб. на паўгода, а каб яго дастаць для гэтага патрэбны доўгія фармальнасьці, шмат цеганіны і часу. Дзеля таго ў нас едуць найбольш без пашпарту, як кажуць, незаконным спасабам. Гэтым займаюцца асобныя агенты, і ёсць цэлая арганізацыя. Пераход праз граніцу кожнаму чалавеку абыходзіцца 50–70 рублёў, рублёў 20 каштуе дарога да Гамбурга, а рэшта 40–50 рублёў ідзе на пашпарт загранічны. Першай рэформай эміграцыі павінна быць тое, каб загранічныя пашпарты выдаваліся ў воласьці, як у Царстве польскім з гмін і дарма, і каб эмігрант у Амэрыку з самога свайго дому аж да Амэрыкі быў пад апекай гасударства і земскага самаўпраўленьня, бо ён дабывае грошы для свайго краю. А ў Амэрыцы павінны быць хаўрусы беларусаў, як гэта робяць напрыклад галіцкія русіны. Потым трэба завесьці па мястэчках курсы ангельскай мовы для тых людзей, хто зьбіраецца выехаць у Амэрыку. Пры такіх парадках цэлыя хмары розных крукаў не абшчыпвалі-бы эмігрантаў у Эўропе і Амэрыцы.

З прыведзенага тэксту вынікае некалькі істотных высноваў.
Па-першае, Аляксандар Уласаў быў першым публіцыстам «Нашай Нівы», які зьвярнуў увагу на тое, што шмат каму зь беларускіх эмігрантаў у Амэрыцы ўдалося добра ўладкавацца й знайсьці прыбытковую працу.
Па-другое, што заробленыя эмігрантамі грошы ў значных колькасьцях трапляюць у Беларусь.
Па-трэцяе, што шмат хто з эмігрантаў з заробленымі грашовымі сродкамі вяртаецца на радзіму.
Па-чацьвёртае, у сувязі з тым, што эміграцыя прыносіць вялікую карысьць краіне, расейская дзяржава павінна аблегчыць эміграцыйную практыку й агарнуць апекай усіх эмігрантаў.
Па-пятае, беларускія эмігранты павінны яднацца ў Амэрыцы ў нацыянальныя структуры, якія могуць аблегчыць іх жыцьцё й захаваць нацыянальны характар.
У нумары 50-м за 1911 год быў зьмешчаны артыкул «ЗАмэрыкі», які сваім настроем моцна аддаляўся ад публікацыі Аляксандра Уласава. Аўтар Г.П. у сваім артыкуле дэталёва апісаў працу шахтароў, зьвяртаючы ўвагу на небясьпечны характар гэтай прафэсіі.
Прыехаўшы ў Амэрыку, куды мяне загнала доля, пачаў я разглядацца шукаючы на чужыне сваіх землякоў-беларусаў. У самым горадзе Нью Іорку знайсьці іх не так лёгка, бо найбольш трапляюць яны ў Пэнсыльванію на работы ў шахтах, падземны лёхах, каторымі людзі дабіваюцца да вялікага багацьця захаванага ў зямлі – каменнага вугля, тамака яго чакае непамерная праца, на каторай зыходзіць увесь іх час, трацяцца ўсе іх сілы. Гэтак устаюць яны досьвітку, вяртаюцца дамоў толькі нанач, сонца над зямлёй ня бачаць цэлымі тыднямі, працуючы ў шахтах па 12 гадзін у дзень.
Агулам кажучы тут цяпер рабочым прыходзіцца дужа дрэнна. Скора будуць у Амэрыцы выбары новага прэзыдэнта, але каго выбяруць няма ведама. З гэтай прычыны на фабрыках застой, бо баяцца, каб новы прэзыдэнт не пачаў ваяваць з хаўрусамі фабрыкантаў (трэстамі), каторыя маюць вялікую сілу ў гасударстве і робяць, што хочуць.
Эмігрантаў з Эўропы цяпер прыязджае сюды шмат меней, бо ім робяць перашкоды пры ўездзе на Эліс Айлянд. Кожнага эмігранта садзяць як бы ў астрог. Там робяць у яго обыск і часта назьдзекваўшыся над чалавекам гоняць назад на параход, каб ехаў дамоў. У Амэрыцы маюць волю толькі тамтэйшыя жыцялі, а для чужынцаў волі няма.
За апошнія гады гэтулькі наехала ў Амэрыку рабочага народу, што лішніх рук безліку. І наймаюцца такія бедакі на ўсялякую работу і за ўсялякія грошы, каб толькі з голаду не памерці, бо на гэта ёсьць у іх поўная воля, закон аб іх не клапоціцца.

Артыкул Аляксандра Ўласава быў несумненна найкаштоўнейшай «эміграцыйнай» публікацыяй на старонках «Нашай Нівы» й напэўна мог прычыніцца да павышэньня эміграцыйнага руху беларусаў у Амэрыку.
У 4-м нумары за 1912 год зьявіўся верш «З чужыны» аўтарства Цішкі Гартнага (Зьміцер Жылуновіч), які амаль усё дарослае жыцьцё правёў па-за межамі Беларусі. Праўда, ня быў ён ніколі ў Амэрыцы, аднак з прычыны шматгадовага адрыву ад Беларусі балюча перажываў лёс людзей, якія знаходзіліся ў эміграцыі.
У сваім творы паэт выявіў вострую тугу чалавека пазбаўленага роднага краю:
Без цябе мой родны край
на чужой старонцы
нудна вельмі мне жыць,
нудна так бес конца.
Сэрца быццам не стучыць,
зоры не міргаюць.
Ветры буйныя ўсё дзьмуць.
Песень не сьпяваюць.

Мілы краю, родны мой
жду я не даждуся,
таго часу калі зноў
Я к табе вярнуся,
калі буду зноў магчы
разам з табой жыці.
І за шчасьце за тваё
жыцьцё палажыці.

Лёс хацеў, каб дэклярацыя паэта аб гатоўнасьці аддаць жыцьцё за родны край сталася фактам. Цішка Гартны, вялікі энтузіяст Кастрычніцкай рэвалюцыі, стаў стваральнікам і першым прэм'ерам БССР. У час сталінскага тэрору быў арыштаваны й закатаваны ў засьценках НКВД.
Магчыма, імкненьне да аб'ектывізму, што выявілася ў артыкуле Аляксандра Ўласава, паўплывала на ананімную публікацыю «Апошнія амэрыканскія законы для эмігрантаў» (1912. №8), у якой аўтар заняўся аналізам новых прынцыпаў, якія ўвялі ў практыку амэрыканцы пры эміграцыйных працэдурах. Новая публікацыя мела практычны характар і, напэўна, ставіла на мэце дапамагчы тым, хто вырашыў эміграваць у Амэрыку.
Паводле апошняга амэрыканскага закону, – пісаў ананімны аўтар, – у Злучаных Штатах дзеці, каторыя едуць да сваіх бацькоў у Амэрыку, не дастаюць пазваленьня высесьці на амэрыканскі бераг, калі перад выяздам з Эўропы не выберуць так званы Affidavit, гэта такі дакумэнт, каторы выдаецца амэрыканскім урадам па натарыяльнай заяве бацькі, які абавязваецца выхаваць дзіця і мае на гэта грошы. Гэты апошні закон датыча дзяцей, каторыя маюць меней 11 гадоў, дык калі б хто пасылаў дзіця ў Амэрыку да бацькоў, то перш павінен дастаць гэты дакумэнт, яго можа выбраць ад амэрыканскага ўраду бацька або маці дзіцяці. Дзеля таго, што тайныя агенты ашукваюць часта эмігрантаў прадаючы ім карабельныя білеты «шыпкарты» даем тут цяпер сьпісак карабельных білетаў да Паўночнай Амэрыкі ІІІ-яй клясай.
– з Гамбургу да Нью Іорку – 91 рубель,
– з Гамбургу да Філадэльфіі – 86 рублёў,
– з Брэмы да Філадэльфіі – 86 рублёў,
– з Брэмы да Гальвестон – 86 рублёў,
– з Брэмы да Нью Іорку – 91 рубель,
– з Ротэрдаму да Нью Іорку – 90 рублёў,
– з Антфэрпіі да Нью Іорку – 90 рублёў,
Тут пададзены цэны разам з пагалоўным амэрыканскім падаткам ад эмігрантаў.
Цэны на праезд праз мора час ад часу перамяняюцца. Караблі, каторыя забіраюць эмігрантаў у Паўночную Амэрыку, адыходзяць штосуботы.

Аб тэматычным і праблемным сваяцтве з артыкулам Аляксандра Ўласава можам гаварыць таксама ў выпадку публікацыі «Эміграцыя» (1912. №10), падпісаным крыптонімам Л. Яе аўтар аб'ектыўна рэпрэзэнтаваў некаторыя пытаньні й праблемы, зьвязаныя з эміграцыйным рухам.
Эміграцыя (выезд) беларусаў у Амэрыку гэта не новая справа: ужо болей дзесятка гадоў як беларусы выязджаюць у Амэрыку на заработкі, але апошнімі гадамі беларускі эміграцыйны рух у Амэрыку пачаў вельмі шпарка разрастацца. На жаль і ў гэтай справе беларусам судзілася быць апошнімі. Амэрыка як палудзенная, так і паўночная да гэтага году ўжо выкарыстана мала не ўсімі народамі Эўропы.
І колькі дзесят гадоў таму Амэрыка была праўдзівай абяцанай зямлёй для чужаземных работнікаў, каторыя прыязджалі туды шукаць працы, то за апошнія гады яна стала для прыезджых работнікаў праўдзівай мачахай. Аб гэтым сьведчаць тыя строгія законы для эмігрантаў, якія штогод выдае амэрыканскі ўрад.
Ці выезд у Амэрыку нашых сялян карысная для краю справа ці не – аб гэтым розныя людзі розна гавораць. На нашу думку выезд у Амэрыку на кароткі час, на тое толькі, каб там зарабіўшы грошы вярнуцца назад – справа карысная. А карысна таму, што наш селянін пабыўшы ў Амэрыцы вяртаецца дамоў ня толькі багацейшым, але і сьвятлейшым. Але як-бы яно там не было, нам трэба лічыцца з тым, што шмат людзей выязджае, і выезд гэты адбываецца ў вельмі дрэнных варунках, па большай часьці эмігранты едуць у Амэрыку без пашпартоў, цішком праходзяць граніцу, пад апекай розных агентаў, каторыя высмоктваюць зь іх апошні грош, а там кідаюць на Божую волю. Абдзертыя і безрадныя пападаюць яны на амэрыканскі бераг, адкуль бывае часта вяртаюцца назад. А калі эмігрантаў і выпускаюць на вольную амэрыканскую зямлю, то іх у сваю чаргу пачынае высмоктваць амэрыканскі капітал. Часьць эмігрантаў прападае ў абоймах амэрыканскага капіталу або вяртаецца няздольнымі ўжо зусім да працы. Часьць дастае працу і зьбірае крывавымі мазалямі і потам запрацаваныя даляры.
Якая прычына таго, што нашы беларусы едуць у далёкую заморскую старонку шукаць шчасьця і лепшай долі? Прычына крыецца ў той страшнай беднасьці, якая іх акружае. Зямлі не хватае, заробкаў няма. І гоніць бяда беларусаў усюды, дзе толькі ёсць надзея здабыць крыху грошай. Скрозь па ўсёй зямлі можна спаткаць беларускіх эмігрантаў. Цэлымі грамадамі едуць яны ў чужыя краі. Ікалі мы чытаем у газэтах, што на моры патануў карабель з эмігрантамі, калі чытаем, што ў Амэрыцы ў падземных капальнях газ задушыў сотні работнікаў, то прачуваем у душах, што там гінуць беларусы.

У 19–20-м нумары за 1912 год быў апублікаваны артыкул «Новы амэрыканскі закон аб перасяленцах». Невядомы аўтар зьвярнуў увагу на ўсё болей вострыя перашкоды, якія ставілі амэрыканскія ўлады перад эмігрантамі ў Амэрыку.
Усё цяжэй і цяжэй робіцца нашым перасяленцам папасьць на амэрыканскую зямлю. Часта даводзіцца нам пісаць, як востра глядзяць амэрыканскія чыноўнікі, каб не высядалі на іх бераг людзі хворыя, слабыя ды без грошай. Цяпер заводзіцца яшчэ адно агранічэньне для перасяленцаў: амэрыканскі сэнат пастанавіў завесьці закон, каб у Амэрыку не прымалі перасяленцаў, каторыя не ўмеюць чытаць і пісаць у якой-колечы мове.
Хаця новы закон агранічвае перасяленьне ў Амэрыку, усё-ж такі нельга не прызнацца, што ён нашым перасяленцам крыху прыслужыцца. Мы ня раз пісалі, як абдзіраюць перасяленцаў у Амэрыцы розныя ашуканцы, калі ім у рукі пападзецца цёмны няграматны чалавек. Цяпер гэтага не будзе: хочаш ехаць у Амэрыку – навучыся граматы: не навучышся – не паедзеш. І так Амэрыка як бы памагае пашырэньню граматнасьці ў нашай старане.
Усё-ж такі эміграцыя ў Амэрыку крыху ўстрымаецца, хаця высяленьне лепшых, байчэйшых работнікаў для нашага краю не вельмі карыснае, але калі няма чаго есці ў вёсцы, прыходзіцца хоч-не-хоч выбірацца ўпрочкі. Дык куды паткнуцца тым грамадам няграматных эмігрантаў, каторым зачыніцца ўезд у Амэрыку?
Апрача высяленьня на даўжэйшы час, напрыклад, некалькі гадоў, ёсьць яшчэ высяленьне зь вёскі на карацейшы час, некалькі месяцаў. Гэтак з Галіччыны (у Аўстрыі) сяляне-украінцы, каторым цесна ў сваёй гаспадарцы, едуць на работы ў палі ў Прусію (у Нямеччыне), дзе на вёсках страшэнна не хапае рабочых рук. Плацяць ім таксама добра, і яны ўжо з грашыма вяртаюцца дахаты. Гэтаксама робяць і польскія сяляне з пагранічных павятаў, паводлуг закону маюць яны права ісьці на работу за граніцай няболей чым на 10 месяцаў без пашпартоў. [...]
Калі закон аб недапушчэньні няграматных перасяленцаў у Амэрыку ўвойдзе ў жыцьцё, дык няграматным толькі і застаецца адна дарога: на дзесяцімесячныя заробкі ў Прусію. Ці гэта будзе для нашага краю карысным ці не, пакажа само жыцьцё.

У 34-м нумары за 1912 год у рубрыцы «Зь Беларусі і Літвы» аўтар, які выступіў пад псэўданімам Дзед Міхась, ахарактарызаваў розныя праявы жыцьця беларусаў на Гарадзеншчыне. Між іншым крануў ён праблему эміграцыі, выказаўшы пры гэтай нагодзе багата небанальных думак і меркаваньняў. Прывядзем той фрагмэнт гэтага цікавага артыкула, які датычыць паводзінаў некаторых беларусаў-эмігрантаў, якія вярнуліся з Амэрыкі на радзіму.
Многа маладых і здаровых беларусаў паехала ў Амэрыку. Праўду сказаць, хто не ленаваўся ў сваім сяле, не піў, бярог грошы, не гультаіў, той і там зарабляе грошы і высылае жонцы і дзецям, а хто прывык цягнуць гарэлку, то і ў Амэрыцы ў таго грошы не трымаюцца. Дзеці, жонкі і гаспадаркі марнеюць, бо за даўгі агентчык прадае апошнюю карову. Як наш беларус зьбіраецца ў Амэрыку, ён заклікае да сябе суседзяў на пачастунак, і гэтыя частункі часта цягнуцца па тры-чатыры дні, і на іх траціцца 10–15 рублёў. Вярнуўшыся з Амэрыкі, калі што прынясе, стараецца даказываць сабе, што ён грашавіты, і давай піць і паіць другіх. Паглядзіш, за тры-чатыры месяца ад паўтысячы не асталося ні паўшэляга, ізноў пакідае сям'ю і выязджае ў Амэрыку, жонка і дзеці астаюцца галадаць. Вось як наш брат ьеларус жыве ў сваёй няшчаснай долі.
У 39-м нумары за 1912 год сустракаемся з артыкулам «Кніжка для эмігрантаў». Арыгінальнасьць гэтай публікацыі заключаецца ў тым, што яна прысьвечаная кніжцы на беларускай мове, якая была своеасаблівым даведнікам, прызначаным для тых беларусаў, якія намерыліся пакінуць родны край і падацца ў Амэрыку. Названая публікацыя па сутнасьці зьяўляецца рэцэнзіяй на кніжку. Аўтар публікацыі даў уласную крытычную ацэнку расейскага заканадаўства ў галіне эміграцыі й шырока прааналізаваў тыя заўвагі й парады, пададзеныя ў рэцэнзаванай кніжцы.
Выезд у Амэрыку на заработкі з году ў год узрастае і хоць гэта сумная праява ў нашым жыцьці, але зь ёю трэба лічыцца і людзям, што едуць у чужую старану за мора шукаць заработку патрэбна рада і апека. Немцы, англійцы і другія дзяржавы робяць гэта самі: маюць свае правіцельственныя агентуры, эмігрантам даецца помач на шырокую руку. У нас гэтага няма. У нас павінна знайсьціся нейкая грамадзкая помач на шырокую руку. І вось з гэтай помаччу прыходзіць да беларусаў нядаўна адкрытае ў Вільні Таварыства апекі над эмігрантамі выдаючы кнігу «Рады для эмігрантаў», каторыя едуць у Амэрыку, а таксама размовы беларуска-англійскія. Кніжку гэту трэба прачытаць кожнаму, хто выбіраецца ехаць у Амэрыку. Калі чалавек апыніцца на чужой зямлі, паміж чужых людзей, каторых ні мовы ні абычаяў не ведае, паміж розных агентаў, што цікуюць на яго мазоль і пот, тады чалавеку патрэбна звычайная рада і помач. Гэткую раду знайдзе эмігрант у выдадзенай Таварыствам апекі над эмігрантамі кніжцы. Зноўдзе там і адрасы людзей і таварыствы, каторыя даюць помач. Кніжка не намаўляе людзей на выезд, а перасьцярагае, каб лёгка людзі не зрываліся з мейсц. «Ехаць за мора не павінен ніхто з тых, хто мае ў сваёй старонцы спосаб да жыцьця, не павінен у заморскую падарожжу выбірацца і той, хто баіцца ўсякай працы і хоча мець лёгкі хлеб», – піша таварыства ў сваёй кніжцы. «За морам можна дайсьці да чагось толькі пры вельмі цяжкай працы. Кожны грош, які там адкладаецца, купляецца вялікай працай, хрэсьціцца крывавым потам.
У кніжцы ёсць вось такія аддзелы:
1.Актуальныя рады і перасьцярогі. 2.Выезд дапамога. 3.Прыезд у Амэрыку, першыя крокі. 4.Размоўкі беларуска-англійскія.
Кніжка каштуе 25 капеек (64 старонкі). Радзім для ўсіх тых, хто выбіраецца ў Амэрыку, ўважна прачытаць гэтую кніжку.

Аўтар, які выступаў пад ініцыяламі Г.Б., зьмясьціў артыкул «Змаганьне з чужаземнымі эмігрантам» (1913. №3). Аўтар публікацыі як бы вяртаецца да тэндэнцыі, што панавала на старонках «Нашай Нівы» у 1907–1910 гадох, – страшыць тых беларусаў, якія намерыліся кіравацца ў эміграцыю. Сьледам за артыкуламі таго пэрыяду публіцыст малюе горшы сцэнарый амэрыканскай эканомікі палохаючы чытачоў нечуваным разьмахам крызісу й банкруцтваў.
Пару гадоў таму назад, – піша публіцыст, – усё эканамічнае жыцьцё ў Амэрыцы неяк задзяржалася. Пачаліся банкруцтвы. Зруйнавалася багата банкаў. Пазакрывалася шмат фабрык. Чорныя дні тады прыйшлі для амэрыканскіх рабочых, тысячы рук засталіся без работы і хлеба. Яшчэ рабочыя-амэрыканцы сяк-так дзяржаліся. У іх ёсць свае хаўрусы, свае касы, каторыя ім у безрабоцьці памагалі. Але тыя сотні тысяч рабочых эмігрантаў з Эўропы, што не прывыклі да хаўрусаў, да ўзаемнай падмогі і жывуць кожны сам па сабе, дык яны проста галадавалі.
Тады амэрыканскі ўрад зьвярнуў асаблівую ўвагу на прыезд у Амэрыку чужых рабочых – эмігрантаў. Кангрэс у Вашынгтоне выбраў камісію, каторай загадаў выдумаць спосабы, каб задзяржаць наплыў чужынцаў. Чатыры гады працавала камісія, насылала сваіх людзей у Аўстрыю, Італію. Цяпер Кангрэс зацьвердзіў закон, паводле каторага ў Амэрыку будуць пускаць толькі тых эмігрантаў, што ўмеюць чытаць у сваёй роднай мове. Умець пісаць не канечне трэба. Гэтак сама неграматнымі могуць быць, хто едзе да блізкага сваяка ў Амэрыку, і хто ўцякае з роднай старонкі ад кары за палітычныя справы ці ад уціску рэлігіі.
Хаця ў Амэрыку едуць найбольш эмігранты-жыды, але-ж для іх закон гэты ня страшны: на сто жыдоў можа толькі адзін знойдзецца такі, што па свойму чытаць не ўмее. За тае-ж нашым беларусам, між каторымі страшэнна многа яшчэ неграматных, дарога ў Амэрыку будзе як бы зачынена. Як тлумачаць амэрыканцы свой паступак? А вось гэтак. Кожны год прыязджае ў Амэрыку каля мільёна эмігрантаў. Гэтыя людзі прывучаныя ў сябе дома жыць абы як і на амэрыканскай зямлі жывуць і працуюць за цэнты там, дзе амэрыканец мае даляры. Граматнаму культурнаму рабочаму ў Амэрыцы для жыцьця трэба шмат болей чым неграматнаму чалавеку вясковаму хлопцу-беларусу. Так як мы ён ужо жыць не можа, бо не толькі зьесьці і напіцца хоча, але і патрэбы душы павінен здаволіць. Дык не дзіва, што эмігранты зьбіваюць цану на рабочыя рукі, псуюць жыцьцё сваім амэрыканскім таварышам: ім менш пачынаюць плаціць, яны бяднеюць, а поруч з гэтым паніжаецца агульная культура, бо няма за што ні вучыцца, ні кніжку ці газэту купіць. [...]
Калі б наш беларус быў не менш культурны як амэрыканец, яго-б прынялі ў Амэрыку вельмі ахвотна. Дык мо той новы закон проці эмігрантаў падасьць і нам ахвоты да навукі.

Аўтар зьвярнуў увагу яшчэ й на тое, што тады, калі карэнны амэрыканец не ўяўляе сабе жыцьця ў будцы, зьбітай са скрынак, то часта эмігрант зь Беларусі жыве ў такой «кватэры» і лічыць гэта чамусьці зусім нармальным.
Відаць, разгледжаны намі артыкул ня меў уплыву на імкненьне беларусаў да эміграцыі ў Амэрыку. Пацьвярджае такую думку артыкул «Эміграцыя ў Амэрыку» (1913. №11), зьмешчаны ў «Нашай Ніве» некалькі месяцаў пазьней, у якім ананімны аўтар гаворыць аб радыкальным павялічэньні колькасьці беларускіх эмігрантаў у ЗША.
У апошнія часы эміграцыя ў Амэрыку страшэнна разрастаецца. Паводле статыстыкі ў 1911 годзе праз Лібаву выехала за граніцу 57215 душ (38769 мужчын і 18446 жанчын). З гэтага відаць, што эміграцыя шпарка павялічваецца. Але гэты год перавышыць чыслом эмігрантаў усе папярэднія. За адзін прошлы тыдзень у Лібаву прыбыло не болей не меней як 6000 эмігрантаў. Усе паязды Лібава-Роменскай дарогі прост бітком набітыя. Цяпер штодзень у Лібаву прыбывае 500–600 душ эмігрантаў. Аграмадны эмігранцкі дом перапоўнены так, што прост недзе яблыку зваліцца. Каля двух тысяч душ прышлося памясьціць на версе марскога парахода. Гарадзкія казармы, прыстасаваныя для эмігрантаў, гэтак сама перапоўнены. Для тых, хто прыязджае, не хапае месца на начлег. Па горадзе ходзяць грамады эмігрантаў. Паміж эмігрантаў найбольш беларусаў, ліцьвінаў і палякаў. Едуць яны ў Паўночную Амэрыку, не мала ёсць і каўказцаў-асецінаў, каторыя едуць у Канаду на будову чыгункі. Едзе шмат людзей слабы, хворых, каторых напэўна не пусьцяць на амэрыканскі бераг. Дзеля гэтага і чысло вяртаючыхся эмігрантаў у апошнія часы вельмі ўзрасло. Кожны карабель, вяртаючыся з Амэрыкі, прывозіць назад 300–400 душ эмігрантаў. Ня гледзячы на гэта эмігранцкая хваля разрастаецца.
Гэты разрост эміграцыі трэба прыпісаць розным агентам, каторыя раз'язджаюць па вёсках і сёлах і ўсялякімі спосабамі, апавяданьнямі нагаворваюць легкаверных людзей на выезд. Агенты раздаюць розныя адозвы і кніжкі з апісаньнем «багатага амэрыканскага жыцьця», іншыя агенты іграюць на слабой сялянскай струнцы – на зямельнай справе і рысуюць небывалыя рэчы аб тамашняй зямлі абы толькі заманіць на выезд.

Ведама, гэтая рэалістычная характарыстыка амэрыканскага жыцьця ня мела заўважнага ўплыву на беларусаў, якія знаходзіліся ў гэтым часе пад чарам эміграцыйнага міту й наяве рваліся ў Амэрыку, кіруючыся, як гэта падкрэсьліў цытаваны публіцыст, абяцанкамі агентаў і, верагодна, лістамі ад тых людзей, якія ўжо некалькі гадоў жылі ў Амэрыцы й пасьпяхова ўладкавалі там сваё жыцьцё.
Ужо вядомы нам публіцыст Дзед Міхась, які востра атакаваў тых беларускіх эмігрантаў, што, вярнуўшыся на радзіму, марнатравяць грошы й займаюцца лайдацтвам, – у новым артыкуле «Гродна» (1913. №16–17) зноў востра заатакаваў беларускіх эмігрантаў і ўвесь эміграцыйны рух, лічачы, што ён маральна раскладае беларусаў.
З кожным крокам надта нашых беларусаў выязджае ў Амэрыку. Туды іх маняць добрыя заробкі і вольнае жыцьцё і, праўда сказаць, хто шануецца, той многа грошай зарабляе. Едуць туды хлопцы і жанатыя, самыя здаровыя людзі, дзякуючы чаму, плата рабочаму парабкаві ці наймітцы страшэнна ў нас паднялася.
Лет 15–20 назад наймітка брала за рок 20–25 рублёў, парабкаві 80–90 і свае харчы, найці слугу вельмі трудна.
За мужыкамі едуць жонкі і дзяўчаты, і толькі астаюцца старыя, хворыя ды ў каго зямлі многа. На ўсё жыцьцё не астаюцца яны ў чужой старане, а варочаюцца да сваёй роднай хаты, і хто грошы зарабіў, той аддае на паляпшэньне гаспадаркі, але такіх мала. Дзевяць дзесятых прапіваюць свае грошы і зноў уцякаюць у Амэрыку. У Амэрыцы яны вольныя нікога не саромяцца, як хочуць так жывуць, уцякаюць ад гаспадаркі, ад жонак, ад дзяцей. Грошам не даражаць і не знаюць на што іх упатрабіць. А ўсё гэта ад таго, што яны цёмныя, не ведаюць, які абарот даць грашам, як зь іх атрымаць карысьць. Бывала селянін меў у кішэні рубля на сваю патрэбу. А цяпер бывае прывязе з Амэрыкі тысячу, куды іх дзець? Ну давай іх прапіваць. Глядзіш за паўроку ні аднаго гроша няма. Гэтыя часы, як ён быў у Амэрыцы, гаспадарка абсунулася і зьбяднела. Гаспадар-амэрыканец зрабіўся хуліганам, гультаём, лежабокам, п'яніцаю.
Недарам гавораць, што з амэрыканца няма гаспадара-селяніна. Цяпер мяне спытаюць, што трэба зрабіць, каб наш беларус быў чалавекам, каб ён умеў шанаваць сябе, сваё дабро і каб з усяго ўмеў разумна карыстаці, на гэта я скажу вось што: навука. У навуцы ўся сіла, яна дае багацтва, самапазнаньне, наш край не так бедзен, каб мы за гарамі, у чужой старане шукалі шчасьця. Калісьці тамтэйшыя амэрыканцы былі бедныя, пакуль не прыехалі да іх вучоныя эўрапейцы і паадкрылі багацтва. У нас ёсьціка не мала багацтва, але мала навукі, грамадзянскай сьвядомасьці, ініцыятывы, без чаго ўсё сьпіць. Загляньце ў хату, на падвор'е, хлеў, клуню беларуса, зайдзіце на яго поле, усюды вас спаткае некультурнасьць, бедната, хата цёмная смярдзючая чорная, цесная, гразная, на двары гной, балота, нечыстата, скаціна мізэрная, дробная, маламолочная, у полі жыта благое, дзіці яго абарваны, бедны, каўтунястыя, з баязьлівым поглядам, яда яго чорны хлеб і бульба. Вечны ў яго пост і сьвят многа.
Заканчваючы сваю скромную стацьцю мы не трацім надзеі, што і ў наша аконца зыйдзе сонца, як гаворыць пагаворка, што і наш беларус прасьвятлее, скіне з сябе аковы цемнаты і скажа: я – чалавек беларус.

Празь месяц той жа «Стары Дзед Міхась» ізноў апублікаваў артыкул «З нашага жыцьця (Эміграцыя ў Амэрыку)» (1913. №21), у якім досыць дэталёва разгледзеў розныя аспэкты эміграцыйных працэсаў. Са зьместу публікацыі адназначна вынікае, што аўтар зьяўляецца рашучым праціўнікам выезду беларусаў у Амэрыку. Паводле гэтага публіцыста, у Амэрыку выяжджае найбольш дынамічная й актыўная частка беларускай грамадзкасьці. Часта эмігрантам выпадае прайсьці празь зьнявагі, прыніжэньне. Амэрыканская рэчаіснасьць часам так дэмаралізуе асобу чалавека, што па пэўным часе на бацькаўшчыну вяртаюцца не паўнавартасныя людзі, а чалавечыя руіны. З гэтае прычыны Дзед Міхась у эміграцыйным руху бачыць болей адмоўнага, чым пазытыўнага. Прывядзем найбольш істотныя вытрымкі з гэтай публікацыі:
Осе цяперака нашы беларусы хваляй хлынулі ў Амэрыку. Адзін сьвяшчэньнік мне гаварыў, што з аднаго прыходу, у каторым было нарахавана 8000 цяпер засталося 6300 душ. Уся маладзёж, нават дзяўчаты выязджаюць у заморскую старонку – Амэрыку. Цяпер я раскажу, як яны туды едуць. У кожным мястэчку ёсціка патэнтаваныя і тайныя агенты, што адпраўляюць людзей у Амэрыку. Осе да іх хто хочэ да іх зьвяртаецца. Патэнтаваны агент за 200 рублёў сагалашаецца па загранічнаму пашпарту даставіць чалавека ў Амэрыку. Ён ужо і паспарт выстараецца, а калі няма грошай, то пазычыць на вексель за 36 працэнтаў. Прыехаўшы ў Амэрыку, канешне, трэба мець на першы пачатак 50 рублёў і каго небудзь знаёмага, чалавека хто бы заручыўся і прыняў да сябе. Але гэта яшчэ не ўсё, на прыстані дактары шчыра рэвідуюць эмігранта, каб ён быў здаровы і моцны да работы, а то з карабля яго не выпусьцяць.
[…] Перад морам, як маюць садзіцца на карабель, на прыстані эмігрантаў аглядаюць загранічныя дактары і, калі знойдуць у чалавека якую-колечы хваробу, то яго не пускаюць у Амэрыку, небарака страціць нямала пазычаных грошай, з пустою кішэняй этапам варочаецца дахаты. Бывае яшчэ і так, што патэнтаваны агент, даведаўшыся, што эмігранты з валаснымі пашпартамі паехалі ў Амэрыку, дае знаць аб гэтым паліцыі і на граніцы не пускаюць і вернуць дахаты іх. І так здараецца, што тайны агент, узяўшы грошы за перавоз эмігранта ў Амэрыку, прывезшы яго за граніцу сам ад яго ўцякае, і бедны чалавек, не знаючы чужой мовы, праблукаўшы колькі тыдняў на прыстані прыязджае дадому. Чэша сабе патыліцу, што доўга не можа аддаць пазычаныя грошы на дарогу. Расказваюць, што, хто едзе па валасному пашпарту, не мала нацерпіцца бяды ў дарозе. Рускую граніцу ён пераходзіць ноччу, балотам, паўзком, пераплывае раку і прастуджваецца. Страшэнна падумаць, колькі наш беларус перажывае бяды, пакуль да Амэрыкі даедзе. Ехаць яму да Амэрыкі з загранічным пашпартам няма вылічэньня, бо з яго за кожны рок прастрочанага пашпарта, калі ён вернецца дахаты, бярэ казна па 30 рублёў, бо бачыце, выдаюць пашпарт усяго на паўгода: «як ні кінь, усюды клін» – гаворыць пагаворка. Жыць дома цяжка і не ехаць за граніцу, каб зарабіць грошай, не можна. Прыходзіцца паміраць доўгаю сьмерцю. Грошы шлюць да нас з Амэрыкі многа і памяшчаюць у зьберагацельныя касы. Значыць, для нашага царства эміграцыя ў Амэрыку карысна. Нам здаецца, што тых эмігрантаў, каторыя пасылаюць шмат грошай дадому, варта было б узнагароджваць чым-колечы і пазваляць туды ехаць без пашпартоў, як у другіх царствах. Гэткім спосабам павялічыўся бы паток грошай у Расію, народ прывучыўся б к эканамічнаму жыцьцю і ашчаднасьці.

У 23-м нумары за 1913 год быў апублікаваны артыкул «Аб амэрыканскіх заробка» за подпісам Лішняга. Тут, як і раней у публікацыях Дзеда Міхася, дэманструецца непрыхільнае стаўленьне да зьявы эміграцыі; аўтар стараецца знайсьці ў эміграцыйным руху больш шкоднага, чым карыснага, шукае такіх прыкладаў, якія сьведчаць пра тое, што выезды ў далёкую Амэрыку прыносяць беларусам многа адмоўнага.
З ваколіц Зэмбліна ўсё больш і больш сяляне едуць у Амэрыку, быццам бацяны тыя ўвосень ляцяць у вырай, не гледзячы на ніякія перашкоды. З нашай стараны паехаў яшчэ летась каваль у Амэрыку, то ўсё яшчэ дагэтуль блукаецца без службы, а ў нас ён дабра зарабляў, усяго толькі, што быў п'яніца, то грошы ў яго не трымаліся. Ён цяпер у Амэрыцы без ніякага заработку целяпаецца, а жонка тут пражывае грошы, каторыя бацькі далі ёй «пасагу» як выходзіла замуж, ды ўсё бегае на пошту пытае, ці няма з Амэрыкі даляраў. А то зноў каторыя зьбіраюцца ў Амэрыку ехаць дык гаспадарку сваю рашаць, месяцы тры да ад'езду з выручаных грошай рублёў 150 адложа на дарогу, а рэшту прагуляе, бо, вядома, у Амэрыку едзе – там грошы набярэ жменяй, а жонка пакуль што хай пацерпіць. Але ад'ехаўшы да мора аказваецца павінен вяртацца назад, бо дактары знайшлі нейкую хваробу і не пазваляюць сесьці на карабель, едзе назад. Прыязджае дамоў і кажа жонцы: «Ведаеш, баба, не пусцілі ў Амэрыку, доктар прызнаў нейкую хваробу.» «Ашто ж мы будзем рабіць цяпер, дзецям няма чаго есьці?» – адкажа жонка. І зьвесіць селянін сумна галаву і папляцецца шукаць якой-небудзь работы ў наймітах, праклінаючы Амэрыку. А то зноў другі дабярэцца ў Амэрыку, пашчасьлівіцца яму, дарвецца да таляраў і з заработкамі вяртаецца за колькі год дамоў. «Макарыха, што гэта твой Самусь такі бледны быццам палатно і задуманы ходзіць?» – пытае суседка ў жонкі «амэрыканца». «Э, мая Дамініська, ён па Амэрыцы маркоціцца або думае, якую «камэрцыю» адкрыць за гэтыя грошы, што з Амэрыкі прывёз.» «Не, мая кабецінка, мыляешся ў гэтым, твой чалавек не па Амэрыцы маркоціцца і не камэрцыю думае адкрыць. Ён думае пра тое, што шкада без пары кінуць гэты сьвет і маленькіх дзетак. Бо ён нездаровы, ён у сухотах.»
Быў у Амэрыцы, працаваў на нейкай фабрыцы, а гэтым часам усялякі дух фабрычны ды духата рабілі сваю работу, труцілі сэрца і лёгкія яго.
Вярнуўся з Амэрыкі прывезшы грошы, але з грашыма гэтымі і сваю сьмерць. Дык вось, мае даражэнькія, да чаго Амэрыка даводзіць.
А як падумаецца добра, дык і ў нашай старонцы працавітаму чалавеку ды не п'яніцы можна жыць. У нас і праца лягчэйшая як у Амэрыцы, у нас і паветра здаравейшае і рубельчык спарнейшы як амэрыканскі таляр.

Прыведзены артыкул быў адной з найбольш рэзкіх антыэміграцыйных публікацыяў. Яго аўтар не знайшоў ніводнага пазытыву ў эміграцыйнай рэчаіснасьці й зьвярнуў увагу выключна на нэгатыўныя зьявы ў жыцьці тых, хто эміграваў у Амэрыку.
У 43-м нумары за 1913 год была зьмешчаная кароткая інфармацыя «Эміграцыя ў Амэрыку» са статыстычнымі зьвесткамі аб эмігрантах зь Беларусі ў Амэрыку. Аўтар між іншым пісаў:
За 1912 год праз Лібаву выехала 58507 душ у Амэрыку. Згэтага чысла зь Беларусі выехала: зь Мінскай губэрніі 8380 душ, з Гродзенскай 7018 душ, зь Вітэбскай 1322 душы. Усяго 21791 душа.
Прыведзеная інфармацыя сьведчыць аб тым, што адмоўныя публікацыі аб эміграціі не давалі па сутнасьці ніякага выніку й не былі ў стане паўстрымаць эміграцыйнага руху, які агарнуў усе беларускія рэгіёны й захапіў сваім уплывам вялікія групы людзей розных прафэсіяў, але перадусім агарнуў беларускае сялянства, якое душылася на радзіме ад безьзямельля.
У 9-м нумары за 1914 год быў апублікаваны адзін з апошніх артыкулаў, прысьвечаных эмігранцкаму руху «Асьцярога эмігрантам», падпісаны В.Л. Зусім магчыма, што пад гэтымі ініцыяламі схаваўся знакаміты публіцыст і дасьледнік нашаніўскае пары, гісторык, этнограф і мовазнаўца Вацлаў Ластоўскі – пазьнейшая ахвяра бальшавіцкага тэрору.
Публікацыя В.Л. мела рэзкі антыэміграцыйны характар. Галоўная ідэя артыкула заключалася ў думцы аб тым, што шчасьце беларусы павінны шукаць у родным краі, а не ў далёкай Амэрыцы. Быў гэта пастулят у аднолькавай ступені слушны й нерэальны. Аўтар як бы ня браў пад увагу такіх фактаў як беларускае малазямельле, поўная адсутнасьць агратэхнікі, параўнаўча вялікія сельскія падаткі, састарэлая тэхналёгія апрацоўкі зямлі, цераспалосіца ды інш. У сувязі з тым, што артыкул В.Л. быў зьмешчаны на першай старонцы тыднёвіка, можам лічыць, што рэдакцыя бачыла ў ім праграмныя пастуляты й падзяляла погляды публіцыста. Варта зазначыць, што ідэі гэтай публікацыі ішлі насуперак меркаваньням, выказаным раней у артыкуле галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Аляксандра Ўласава, які ўхваляў эміграцыю, бачачы ў ёй крыніцу ўзбагачэньня Беларусі. Становіцца незразумелым, чаму артыкул В.Л. – адкрытая контравэрсія ў адносінах да публікацыі Аляксандра Ўласава – апынуўся на месцы перадавіцы. Пры гэтай нагодзе варта сказаць, што на пачатку 1914 году становішча Аляксандра Ўласава як рэдактара «Нашай Нівы» моцна пахіснулася, а ў красавіку 1914 году быў ён зьняты з пасады рэдактара й на яго месца пакліканы Янка Купала, які, магчыма, інакш, чым яго, папярэднік глядзеў на эміграцыю. Янка Купала быў блізкім прыяцелем Вацлава Ластоўскага, і гэта магло стацца адной з прычынаў вынясеньня артыкула Ластоўскага на першую паласу тыднёвіка.
Даўным-даўно разумныя людзі казалі, – піша В. Л., – што з эміграцыйнай гарачкі, якая была агарнула наш край, нічога добрага не выйдзе. Тыя-ж самыя людзі казалі, што нам трэба не ў Амэрыку ўцякаці са сваёй старонкі на выслугі амэрыканскаму капіталу, а на мейсцы ў сябе ствараць Амэрыку. Працай разумовай і трывалай вытварыць багацьце на мейсцы ў сябе, то і карысьць будзе з гэтага, бо ў сваім краю, у саёй хаце – свая воля і сіла.
Выезд на чужыну – выдумка няўдалая для працавітых людзей, і па выяздзе ў Амэрыку мала хто з працавітых людзей разжываўся, апрача розных агентаў, каторыя прадаюць людзей як скаціну на капіталістычную бойню, нішто сабе маюцца, але яны выпхнуўшы тысячы людзей у Амэрыку, усё ж такі самі не паехалі туды, а асталіся ў нашым краю. Гандаль людзьмі, як відаць, рэч вельмі карысная, бо ў апошнія гады ў нашым краю, як раз на паграніччы паадкрывалася без ліку кантор перапраўляючых людзей у Амэрыку. Тысячы агентаў – загоншчыкі – жывуць сабе сыта з гэтага промыслу. І так справа стаіць у нас на месцы, ды іначай там, куды адураныя агентамі людзі пайшлі шукаць золата і шчасьця. Як вядома, у Паўночнай Амэрыцы нарастае цяпер востры эканамічны крызіс. Тавару на фабрыках болей чым купцоў на яго, і фабрыкі зачыняюцца і выкідаюць сотні тысяч работнікаў на гарадзкія вуліцы, на галодную сьмерць. А таксама крызіс у жалезнадарожных кампаніях. Жалезнадарожныя кампаніі прыцягнулі вялікія капіталы на будоўлю чыгунак у надзеі, што пустыя землі заселяць эмігрантамі і чыгункі будуць даваць вялікі даход. Тым часам знайшлося дужа мала ахвотнікаў гнаіць сваімі касьцямі амэрыканскія пустыні, і ў рэзультаце аказалася, што дарог болей як ездакоў і замест даходу ў будучыне на затрачаныя капіталы капіталістам астаецца адно бесканечна доўгія гады даплочваць мільёны на ўтрыманьне дарог. Гэтак прыпынілася будаваньне дарог і зноў паляцелі тысячы людзей зь мейсц з правам памерці галоднай сьмерцю на кішучых жыцьцём вуліцах амэрыканскіх гарадоў. А тым часам распушчаныя ад розных кантор загранічныя агенты заганяюць народ у Амэрыку, і людзі едуць маючы ў думках надзею знайсьці за морам шчасьце. Тым часам выкінутыя на амэрыканскі бераг эмігранты сутыкаюцца вока ў вока з голадам, холадам і безрабоціцай. Якое цяпер палажэньне эмігрантаў у Амэрыцы? Тых, хто даўно туды паехаў, відаць хоць бы з таго, што ў Чыкага налічваецца больш 300000 безработных; з гэтага ліку больш 100000 без страхі над галавой і якога небудзь прыпынку. А работы ў горадзе ўсё меншае і меншае, і фабрыкі закрываюцца. У Нью Іорку безработных яшчэ болей як у Чыкага. У Філадэльфіі 80000. У Бастане, Піцбургу, Балтыморы – сотні тысяч.
Работнікі з Расеі ахвотна ідуць на работу за адны харчы, ды не бяруць. Тысячы работнікаў хочуць вярнуцца назад – няма грошы!
А народ усе прыбывае, праз кожныя дзесяць дзён зь Лібавы адыходзяць караблі нагружаныя людзьмі, каторых нагаварылі агенты.
А што будзе з эмігрантамі, аб гэтым ні параходства, ні агенты не бядуюць, іх дзела ўзяць грошы за «пляц карту», адлічыць у свае кішэні працэнты і выкінуць груз на амэрыканскі бераг.

Прыведзены тэкст артыкула В.Л. зьяўляецца найбольш вострым антыэміграцыйным публіцыстычным дакумэнтам. Аўтар параўнаў эміграцыю з прадажам скаціны, а амэрыканскую рэчаіснасьць з бойняй, тэндэнцыйна падабраў адмоўныя факты з амэрыканскага жыцьця й стварыў нэгатыўную карціну жыцьця за акіянам.
Цяжка сказаць, які быў практычны эфэкт гэтай публікацыі. Варта, аднак, памятаць, што хуткімі крокамі набліжаўся пачатак Першае Сусьветнае вайны, якая на гады спыніла эміграцыю з Расейскае Імпэрыі.
Свае разважаньні пра беларускі эміграцыйны рух у Амэрыку варта закончыць знакамітым вершам Максіма Багдановіча «Эмігранцкая песня», зьмешчаным у 17-м нумары за 1914 год. Быў ён па сутнасьці апошняй эміграцыйнай публікацыяй на старонках «Нашай Нівы». Можна сказаць, што ніводзін з публіцыстаў ці паэтаў, якія шмат разоў пісалі ў тыднёвіку аб эміграцыі, ня здолелі так глыбока й арыгінальна зразумець істоту беларускага эміграцыйнага руху, як зрабіў Максім Багдановіч у сваім вершы:
Ёсьць на сьвеце такія бадзягі,
Што не вераць ні ў Бога, ні ў чорта,
Ім прыемны стракатыя сьцягі
Караблёў акіянскага порта.
І няма ім каго тут пакінуць,
Бо нікога на сьвеце не маюць
Усё ім роўна ці жыць ці загінуць,
Аднаго яны моцна жадаюць:
Пабываць у краёх незнаёмых,
Ды зазнаць там і шчасьця і гора.
І загінуць у хвалях салёных
Бурапеннага сіняга мора.
Але ж мы – не таго мы шукаем,
Не таго на чужыне нам трэба,
Не рассталіся б мы з нашым краем,
Каб было дзеля нас у ім хлеба.
І на вулцы пад грукат, пад гоман,
Дзе натоўп закруціўся рухавы,
Нам маячацца вёсачка, Нёман
І агні партавыя Лібавы.

У гэтым кранальным творы паэт дасканала адлюстраваў тыя прычыны, якія прымушалі дзясяткі тысяч беларусаў кідаць родныя сялібы, сем'і й штурхалі іх у далёкі нязнаны край, у якім, можа, не знаходзілі вялікага шчасьця, аднак большасьць радыкальна палепшалі свой побыт.
Вяртаючыся да ўсіх ужо ахарактарызаваных артыкулаў і вершаў, зьмешчаных на старонках «Нашай Нівы» й зьвязаных тэматычна з эміграцыйным рухам у Амэрыку, варта падкрэсьліць, што іх аўтары ў большасьці выпадкаў стараліся паўстрымаць эміграцыйную хвалю, лічачы, што беларусы ў роднай краіне павінны імкнуцца да паляпшэньня якасьці свайго жыцьця. Аднак шмат якія публікацыі мелі аб'ектыўны характар, і іх аўтары выразна падкрэсьлівалі, што эміграцыя, нягледзячы на адмоўныя бакі, можа прычыніцца ня толькі да паляпшэньня жыцьця тых беларусаў, якія падаліся ў Амэрыку, але таксама ў стане ўплываць на ўзьняцьцё матэрыяльнага ўзроўню жыцьця на Беларусі, куды шмату хто з эмігрантаў пасылаў значныя сумы грошай.
Для паўнаты карціны эміграцыйнай праблематыкі на старонках «Нашай Нівы» варта дадаць, што ў гэтым тыднёвіку быў апублікаваны артыкул Н.Чарноцкага «З Канады» (1912. №25), прысьвечаны эміграцыі ў Канаду:
Не скора пройдзе той час, каб у нашай Беларусі кожны меў пад рукой такі заробак, каб жыць па людзку ды каб рукі былі развязаныя. Чэсьць і слава тым, хто на месцы ў родным краю шукаюць раду на нашу бяду ды знаходзяць. Але і тое добра, што наш народ не хоча злажыўшы рукі прычакаць голаду для цэлых губэрняў як у Вялікарасеі, што ён як мага шукае паратунку хоць за морам. […] Ды трапіўшы проста зь вёскі ад гаспадарскай работы ў хвабрычнае пекла, беларус не робіць таго, што найлепш умее, а круціцца каля машыны, грошы можа і заробіць, але розуму не вельмі набярэцца. А тыя грошы не вельмі людзям нашым на пажытак ідуць, як у «Нашай Ніве» пісало. З малымі грашмі ўжо ў Амэрыцы за зямлю не ўзяцца, добрую вольную зямлю да чыста разабралі, па зямлю ўсё больш у Канаду ідуць. Гэта пэўна ведаеце, што тут яшчэ ўсякі можа дастаць скарбовай зямлі на выбар чатыры валокі за малыя грошы, праўда, далёка ад гораду, у глушы. Але ж аднаму паміж чужых людзей ды з голымі рукамі цяжка за яе ўзяцца і гаспадарскія машыны можна браць на выплату, але яны даражэйшыя чым у нас, а коні і надта дарагія.
Найлепш нашым эмігрантам садзіцца на зямлю гурткамі з аднаго народу, адной нацыі. Паравая малатарня, вядома, можа служыць у хаўрусе і беларусу, і ўкраінцу, і ліцьвіну, і паляку, але песьня, школа, бібліятэка кожнаму народу патрэбна свая.

Апошняй эміграцыязнаўчай публікацыяй на старонках «Нашай Нівы», на якую хацелася б зьвярнуць увагу, зьяўляецца артыкул «Эміграцыя работнікаў у Нямеччыну» (1913. №13).
Нашы карэспандэнты пішуць нам, што ў розных часьцях Беларусі паяўляюцца агенты, каторыя нагаворваюць работнікаў на летнія работы ў Нямеччыну. Гэтымі днямі Таргова-прамышленная газета надрукавала як раз стацьцю аб эміграцыі палескіх работнікаў на летнія работы ў Нямеччыну. Са стацьці гэтай відаць, што рабочых рук на работу каля зямлі ў Нямеччыне страшэнны недахват, бо мясцовыя нямецкія сяляне ідуць на фабрыкі, дзе маюць шмат лепшы заробак, а на работу каля зямлі штогоду нямецкія памешчыкі наймаюць сотні тысяч работнікаў, найбольш польскіх і ўкраінскіх. Прыезджаму работніку плацяць, як на тамтэйшыя варункі, дужа мала. Работнікі дастаюць кватэру з ацяпленьнем, харчамі, пасьцеляй. Работнікам плацяць за пераезд у адзін бок, калі не датрымаюць кантракту і ў абодва бакі (туды і назад), калі работнік дажыве да восені. Рабочы дзень 12 гадзін; за работу пасьля 12 гадзін плацяць асобна. Наогул чысты заробак польскіх і ўкраінскіх наймітаў перавышае 300 марак (каля 150 рублёў) за лета. Выезд у Нямеччыну на летнія сельскагаспадарчыя работы можа быць шмат карыснейшы, чым выезд у Амэрыку – работа для нашых наймітаў прывычная, бо пры сельскай гаспадарцы і, што найважнейшае, не адрывае людзей на заўсёды ад роднай старонкі.
Найбольш выязджае палякаў у Нямеччыну з Расеі. У 1912 годзе выехала іх 281913 душ. Пасьля палякаў найбольш даюць Нямеччыне работнікаў украінцы з Галіччыны, або 77911 работнікаў, ды палякі з Заходняй Галіччыны 75851. Работнікаў немцаў з Аўстрыі было летась у Нямеччыне 54353 і венграў 23025. Адным словам, штогод на сельскагаспадарчае лета ў Нямеччыну трэба больш паўмільёна душ.