Праблемы расейскай нацыянальнай сьвядомасьці на Беларусі канца XIX —пачатку XX ст.

Вiталь Зайка
Нью Ёрк

У канцы XIX ст. пачала фармавацца беларуская нацыя, пакліканая да жыцьця гістарычна-культурнымі зацікаўленьнямі інтэлігенцыі, нацыянальным уздымам суседніх народаў і паступовай мадэрнізацыяй традыцыйнага сялянскага грамадзтва. Найбольшую цікавасьць уяўляе сабою частка беларускага этнасу праваслаўнага веравызнаньня як лічэбна дамінантная, але менш вывучаная ў разглядбны пэрыяд. У больш сьціслым сэнсе, цікавасьць для дадзенай працы ўяўляюць прадстаўнікі вышэйназванага этнасу, якія праз адукацыю й падвышэньне свайго сацыяльнага статуту сталіся носьбітамі нацыянальнае сьвядомасьці, што акурат у гэты час пачала фармавацца ў больш-менш шырокіх групах беларускамоўнага насельнітцва. Набыцьцё нацыянальнай сьвядомасьці ўяўляла пэўнага кшталту выбар, калі суб'ект меў да дыспазыцыі формы нацыянальнага дыскурсу, якія знаходзіліся ў стане фармаваньня праз афіцыйныя дзяржаўныя колы Расеі ў кантакце з пра-расейскай інтэлігенцыяй і праваслаўным духавенствам, з аднаго боку, і празь пераважна пра-польскую інтэлігенцыю ў кантакце з часткаю каталіцкага сьвятарства – з другога. Выбар на карысьць адной ці другой формы нацыянальнай сьвядомасьці, акрамя нутраных пэрсанальных, гістарычных і псыхалягічных фактараў, быў пад уплывам таксама вонкавых фактараў пераважна палітычнага й сацыяльнага характару. Мэтай дадзенай працы ёсьць разгляд мэханізму набыцьця расейскай (западнарускай, заходнярускай) нацыянальнай тоеснасьці асобамі этнічна беларускага паходжаньня, што сьвядома зрабілі выбар і сваёй далейшай дзейнасьцю пацьвярджалі яго.

1. Агляд стану мадэрнай нацыянальнай сьвядомасьці на Беларусі на мяжы ХІХ–ХХ стст.

Беларуская этнічная тэрыторыя ў разглядбны пэрыяд была полем узаемадзеяньня шэрагу мадэляў сучаснага нацыяналізму, што разьвіваліся пераважна ў сувязі з нацыянальнымі рухамі Заходняй і Сярэдня-Ўсходняй Эўропы. Найбольш моцным, распрацаваным і ўплывовым быў польскі нацыяналізм, з багатай традыцыяй нацыянальнага змаганьня, у тым ліку збройнага, з сымпатыямі касьцёлу, з маральнай і матэрыяльнай падтрымкай адукаваных і заможных слаёў. У пэўным сэнсе структура й стратэгія польскага нацыянальнага руху (арганізацыі «Sokущ», «Macierz Polska», школьніцтва, выдавецкая справа, гістарыяграфія, карыстаньне з каталіцкае курыі* пры выбарах у Думу й г.д.) сталася ўзорам для іншых нацыянальных групаў на Беларусі. Габрайскі нацыянальны рух, выразна акрэсьлены этнічна, быў больш фрагмэнтаваны й падзелены па прыкметах выкарыстаньня нацыянальнай традыцыі й палітычнай прыналежнасьці.
Асаблівае становішча на Беларусі займаў расейскі нацыяналізм. Галоўнай ягонаю рысай, якая збольшага захавалася да сёньняшняга дня, было тое, што ў адрозьненьне ад іншых нацыянальных рухаў у Расейскай Імпэрыі й Сярэдня-Ўсходняй Эўропе, гэта быў імпэрскі, «улучальны» нацыяналізм насуперак іншым, «вылучальным» рухам, ён грунтаваўся на дзяржаўна-культурнай, неэтнічнай схеме. Яе неадрыўным, хоць і прыхаваным, элемэнтам былі (і застаюцца) крыўда на Захад і пачуцьцё спаборніцтва зь ім. Удадатак да ўсяго канцэпцыя расейскага нацыяналізму была сфармуляваная вельмі імгліста й непасьлядоўна. З афіцыйнай траістай формулы Ўварава «праваслаўе, самаўладзьдзе, народнасьць» усе тры кампанэнты былі даволі праблематычныя ва ўмовах шматнацыянальнай дзяржавы, але апошні – здавалася б, вызначальны – кампанэнт зьяўляўся найбольш цьмяным і дыскусійным. У Беларусі расейскі нацыяналізм быў перафармуляваны як трыадзінства расейскага народу, адным з трох плямёнаў якога было беларускае. Яно мела сваё «нарeчіе», адрозную гісторыю («пакуты ад польска-каталіцкага зьдзеку й уніі»), тэрыторыю («область разселенія»), але тым ня менш не магло лічыцца асобным народам, а толькі падгрупай расейскага народу.
На Беларусі нацыянальны рух знаходзіўся ў зародкавым стане, але, нягледзячы на гэта, ён ужо меў патэнцыяльнае кола прыхільнікаў, пераважна спасярод інтэлігенцыі сялянскага паходжаньня, якая не прымала ані польскае, ані расейскае нацыянальнае мадэлі. Пэўны ўскосны ўплыў на фармаваньне ідэалёгіі беларускага нацыяналізму зрабілі прыклады нацыянальных рухаў суседніх народаў – украінскага, летувіскага й у меншай ступені латыскага, а таксама фінскага й славянскіх народаў Аўстра-Вугоршчыны.

2. Узаемадзеяньне расейскага нацыяналізму й пра-расейскіх колаў на Беларусі

Западнарусізм, – які можна лічыць, з пэўнымі агаворкамі, кшталтам тагачаснага расейскага нацыяналізму на беларускай глебе, – канчаткова сфармаваўся на пачатку ХХ ст. Ад самага ўзьнікненьня западнарусізм меў вельмі непасьлядоўную падтрымку расейскіх урадавых колаў, якая залежала ад асабістых рысаў і пераконаньняў асобнага адказнага чыноўніка ня менш, чымся ад пэўнай вызначанай і зацьверджанай праграмы. Гэткая фрагмэнтарная палітыка карэнілася ў слабым веданьні мясцовае спэцыфікі й традыцыяў, у адсутнасьці больш-менш пасьлядоўнага погляду на гісторыю «Заходняй Русі». Вядомы расейскі манархіст Іван Саланевіч, сын западнаруса Лук'янаСаланевіча, сфармуляваў гэта наступным чынам: "Русская бюрократия [...] была, так сказать, государственно тупоумна. У нее не было ни национального чутья, ни самых элементарных познаний в области экономических отношений. Ее положение было чрезвычайно противоречивым." Адным зь першых расейскіх экспэртаў у справах «Заходняга Краю» быў Міхаіл Мураўёў-Віленскі (Вешальнік), губэрнатар на беларускіх землях, душыцель паўстаньняў 1831 і 1863 гг. Сьведамы польскай сацыяльнай і палітычнай дамінацыі ў Краі, Мураўёў бачыў у ёй асноўнага апанэнта расейскага самаўладзьдзя й доўга змагаўся за тое, каб расейскія інстытуты ва ўсёй паўнаце былі ўведзеныя ў падуладных яму губэрнях, спадзеючыся праз скасаваньне Літоўскага Статуту, выкараненьне польскамоўнай адукацыі й абмежаваньне правоў рыма-каталіцтва дамагчыся перавагі пад польскасьцю. Пры гэтым увядзеньне расейскамоўнай адукацыі, паскоранае будаўніцтва цэркаваў, абмежаваньне польскага земляўласьніцтва мела на ўвазе якраз узмацненьне пазыцыяў расейскае дзяржавы, а ня клопат аб тутэйшым праваслаўным насельніцтве, што гэтак гучна ў свой час дэкляравалася. Пры ўсёй шырыні паўнамоцтваў Мураўёў, як ён увесь час скардзіўся ў сваіх успамінах, не заўсёды меў дастатковую падтрымку сваіх дзеяньняў у Пецярбурзе. Інэрцыя, бюракратызм і некампэтэнтнасьць чынавенства зьяўляліся асноўнымі рысамі расейскай дзяржаўнай машыны на беларускіх землях, і гэта дыстанцыявала ад яе нават пра-расейскія мясцовыя колы, што ўзьніклі ў другой палове ХІХ ст. спаміж інтэлігенцыі сялянскага й сьвятарскага паходжаньня.
Русыфікатарская палітыка расейскай дзяржавы на Беларусі праяўлялася, між іншага, у «культывацыі правінцыяналізму культуры, варожасьці да ідэі свабоднага культурнага разьвіцьця». Расейскія адукатары, сьвятары й чыноўнікі, што прысылаліся на Беларусь, звычайна выяўлялі невысокі прафэсійны й маральны ўзровень. Выкараніўшы ўплывы разьвітай, трывала ўсталяванай на беларускай глебе польскай культуры, расейская бюракратыя на замену прапанавала казённую, абмежаваную й досыць прымітыўную вэрсію расейскае культуры, якая не магла задаволіць пра-расейскую інтэлігенцыю Беларусі. Да гэтай незадаволенасьці дадавалася горыч амаль поўнае адсутнасьці зьвестак і ведаў пра «Заходнюю Русь» у афіцыйным расейскім культурным дыскурсе.
Чарговы ўздым русыфікацыйнае палітыкі зьвязаны зь імем П.Сталыпіна, які быў, як і Мураўёў, губэрнатарам на беларускіх землях і нядрэнна разьбіраўся ў мясцовай спэцыфіцы. Ухваляючы «историческій подвигъ русскаго духовенства на Западe Россіи», ён плянаваў яшчэ больш падвысіць палітычны ўплыў праваслаўнай царквы праз увядзеньне выбарнага духаванства ў земскія сходы, праз узьдзеяньне на сялянаў-гласных і на расейскую курыю па выбарах у Думу. Сталыпін падтрымваў западнарусаў, у прыватнасьці выдаўца Л.Саланевіча, У.Стукаліча, які быў дзеячам партыі «Саюз 17 кастрычніка». Але супярэчнасьці афіцыйнага расейскага нацыяналізму, які распаўсюджваў Сталыпін, стрымвалі ягонае разьвіцьцё. Па словах тагачаснага расейскага палітыка П.Струвэ, нацыянальная ідэя ў афіцыйным расейскім нацыяналізьме ёсьць толькі козыр у руках дваранска-бюракратычнай рэакцыі, і гэтая ідэя зьяўляецца сродкам, а ня мэтаю.

3. «Адзінства й барацьба супярэчнасьцяў» у западнарусізьме

Пачынаючы ад М.Каяловіча й да А.Сапунова, навукоўцы-западнарусы лічылі «Заходнюю Русь» найважнейшаю часткаю «Русі»; менавіта з «Заходняе Русі», на іх думку, і выводзіцца «Вялікарусь». Гэта «Заходняя Русь» дала Расеі столькі асьветнікаў і захавала «славянскую чысьціню». Прызнаючы беларускія землі неад'емнаю часткай Расеі, а беларусаў – «племем трыадзінага расейскага народу», западнарусы падкрэсьлівалі, з другога боку, адмысловасьць лёсаў і гісторыі Беларусі й беларусаў. У наш час якраз адмысловасьць лёсу й гісторыі лічыцца шэрагам навукоўцаў (Э.Сьміт, Р.Шпарлюк, Б.Андэрсан) вызначальнай прыкметаю асобнай нацыі. Адмысловасьць беларусаў усьведамлялася ня толькі навукоўцамі, але й палітыкамі з западнарускага лягеру, якія на пачатку ХХст. сталі накіроўваць западнарускую грамадзка-культурную плынь у арганізаванае палітычнае рэчышча. Гэтак, між іншага, Л.Саланевіч пісаў у газэце «Бeлорусская жизнь» (1909. №1): "Мы, беларусы, перажылі трохі іншыя гістарычныя лёсы, чым вялікаруская народнасьць, што жадае панаваць над астатнімі плямёнамі. Мы ня ўдзельнічалі ў стварэньні Маскоўскага Крамля й воды Масквы-ракі для нас ня сьвятасныя, як ня сьвятасныя воды Віслы." Да яго далучаецца Ў.Стукаліч: "Як толькі беларусы атрымалі свабоду ад польскае няволі, [...] выявіўся выключны рост дабрабыту краю, і Беларусь ва ўсіх адносінах пакінула за сабою ўсход, цэнтар і поўдзень Расеі."
Пры ўсё згодлівасьці западнарусаў з манархізмам і палітыкай расейскага ўраду на Беларусі, існаваў таксама шэраг пунктаў супярэчаньня. Перш за ўсё гэта датычыла стаўленьня да буйных земляўласьнікаў-каталікоў і габрайскіх гандлёва-прадпрымальніцкіх колаў. Западнарусы лічылі, што ўлады залішне лібэральныя да вышэйзгаданых катэгорыяў грамадзтва, і патрабавалі больш жорсткага стаўленьня да іх. Палёнафобія, а часта й антысэмітызм былі адным з наймацнейшых лякаматываў западнарускай плыні, спалучаючы ў сабе этнічныя й сацыяльныя фактары. І.Саланевіч пісаў: "Нужно было доказать [белорусской интеллигенции], что только в борьбе с еврейством и полонизацией, только в опоре на империю она может отстоять свое политическое, экономическое и всякое иное бытие. Борьба была очень трудна." Варожасьць да польскамоўнага абшарніка, да польскіх культурных уплываў і польскага рыма-каталіцтва была, пасьля падтрымкі праваслаўя, бадай што адзіным момантам, зь якім пагаджаліся абсалютна ўсе прадстаўнікі ўсіх адценьняў западнарусізму. Існавалі таксама супярэчнасьці ў сацыяльнай сфэры: большасьць западнарускіх дзеячоў выступала за зямельную рэформу й права сялянаў мець сваю зямлю. Гэтак, І.Петрачэнка, адзін з дэпутатаў Другой Думы ад Віцебскай губэрні, прыхільнік западнарусізму, заявіў у Думе, што ён да сьмерці будзе бараніць цара й айчыну, але разам з тым ён будзе змагацца за тое, каб абшарнікі аддалі сялянам сваю зямлю.

4. Пошукі саматоеснасьці.

Вядома, прадстаўнікі западнарусізму здавалі сабе справу ў тым, што іхныя погляды ў дачыненьні да беларускіх земляў і «беларускага мужыка» супярэчлівыя й непасьлядоўныя. Пошукі саматоеснасьці, вызначэньня этнасу, зь якога яны паходзяць, выяўляюцца ў працах западнарускіх навукоўцаў і палітыкаў. Падобныя зьявы мелі месца сярод украінскай інтэлігенцыі, асабліва ў колах галіцкіх «маскафілаў».
Няпростым было й паўставаньне такога, здавалася б, разьвітага й уплывовага руху як польскі нацыяналізм. Ня ўсім і не адразу незалежнасьць бачылася адзінапрымальным і адзінамагчымым шляхам. Аўтанамізм меў шмат прыхільнікаў у польскім грамадзтве Расейскай Імпэрыі: каго прывабліваў бляск Пецярбургу й імпэратарскага двара, каго разьвіцьцё расейскага мастацтва й літаратуры пачатку ХХст. Нацыянальная культура не-расейцаў характарызавалася тады словам «мелкость» і асацыявалася зь недасканалымі, саматужнымі спробамі імітаваць дасягненьні расейскае й сусьветнае культуры. Тым самым прызнаецца, што пэўныя колы польскага грамадзтва мелі комплекс культурнай непаўнавартаснасьці. Таму будзе справядліва казаць пра комплекс непаўнавартаснасьці западнарусаў, калі пры ўхваленьні гістарычных заслугаў «Заходняй Русі» мова й культура «заходнярускага» селяніна ўважалася за нешта ніжэйшае («варварскій жаргонъ») і састарэлае, што трэба «адкінуць, як старыя лапці». "Для белорусского и украинского мужика русский язык есть билет на вход в культуру – он этого билета ни за какие самостийности никаким петлюрам не продаст." Нацыянальныя рухі беларусаў і ўкраінцаў уважаліся за нешта жахлівае й бязглуздае. У гэтым сэнсе паказальным будзе выказваньне Мікалая Лоскага, расейскага філёзафа беларускага паходжаньня: "[В]стреча [...] с сепаратистами, ненавидящими Россию, изумляет русского человека и глубоко ранит сердце его. Представляется непонятным их искаженное понимание начала русской истории; чувствуется как нечто нравственно предосудительное, предпочтение ими провинциальных обособленных ценностей совместному творчеству всех трех ветвей русского народа, создавшего великую державу с мировой культурой." Пад гэтымі словамі мог бы падпісацца любы западнарус.
На мяжы ХІХ і ХХстст. адбывалася мадэрнізацыя традыцыйнага грамадзтва, новыя сацыяльныя й эканамічныя тэндэнцыі прыйшлі й на беларускія землі. І натуральна, што парадыгма мадэрнізацыі была расейская, культурны дыскурс мадэрнізацыі быў расейскі, і мова гэтага дыскурсу таксама была расейская. Жалю годнай была толькі недывэрсыфікаванасьць* культурніцкага працэсу на Беларусі, дзе даволі моцныя польская й габрайская культурныя плыні прыгняталіся расейскай плыньню ды існавалі ізалявана, без дыялёгу адна з адною пры мінімальным узаемадзеяньні з расейскай культурай. А беларускай культурнай плыні нават адмаўлялася ў праве на існаваньне. Ня дзівіць у гэткіх умовах і відавочная абмежаванасьць поглядаў западнарусаў на культуру й – шырэй – на будучыню й пэрспэктывы свайго краю. Частка западнарусаў нават праклямавала сябе ратаўнікамі беларускіх сялянаў і сялянскай інтэлігенцыі ад габраяў і палякаў.
Фундамэнтальнай і невырашальнай супярэчнасьцю западнарусізму было, з аднаго боку, прызнаньне адмысловасьці заходніх земляў усходняга славянства, а з другога – імкненьне стаць паўнавартаснымі расейцамі. Пушкінская формула пра «зьліцьцё ў расейскім моры» западнарусамі між тым абміналася. Цікавасьць да спадчыны «Заходняе Русі», заглыбленьне ў архівы ды зьбіраньне этнаграфічных матэрыялаў усё больш і ясьней адкрывалі самакаштоўнасьць і не-расейскасьць Беларусі, і гэта цяжка было ігнараваць нават самым палкім русафілам.
Беларускае нацыянальнае адраджэньне, ачоленае пераважна інтэлігенцыяй каталіцкага паходжаньня, найперш на паўночным захадзе Беларусі, выклікала натуральную падазронасьць западнарусаў, боязь «польскай інтрыгі» ды непрыняцьце беларускага адраджэнства як кшталту «мазэпінства» – нацыянальна-культурнай ізаляванасьці на службе зьнешнім варожым сілам. На жаль, палітычныя пераконаньні й комплексы не дазволілі западнарусам памкнуцца да паразуменьня зь беларускімі нацыянальнымі сіламі, хоць патэнцыйна такое паразуменьне для часткі западнарусаў, асабліва непалітычнага, а культурніцкага кшталту, не было выключанае. Пра гэта сьведчыць пэўная эвалюцыя поглядаў некаторых прадстаўнікоў западнарусізму ў пазьнейшы пэрыяд.

* * *

У 1918 годзе западнарус Уладзімер Стукаліч, улюбёны ў беларускую мінуўшчыну, але адначасова палкі прыхільнік адзінства з Расеяй, разам з групаю іншых мясцовых дзячоў быў расстраляны ў віцебскай ЧК за «імкненьне цалкам адарваць Беларусь ад Расейскай Савецкай Рэспублікі». Ёсьць пэўны трагічны сымбалізм у тым, што патрыёт-западнарус загінуў за незалежнасьць краю, будучыню якога ён бачыў толькі ў залежнасьці.