Апошняе апавяданьне
Ўладзімера Сядуры-Глыбіннага

У 1982 годзе‚ незадоўга да хваробы‚ што на гады прыкавала да ложка‚ Уладзімер Сядура‚ бы прадчуваючы нядобрае‚ скончыў працу над раманам «Вялікія дарогі»*, пачатак якога друкаваўся ў часапісах «Веда» й «Беларускі сьвет»‚ а таксама напісаў некалькі апавяданьняў‚ на апрацоўку якіх ужо не ставала сілаў. Узьвязку з гэтым Уладзімер Сядура зьвярнуўся да Антона Адамовіча з просьбаю:
Шаноўны дружа!
Некалі ты даў згоду перачытаць і паправіць дзе-якія творы з-пад майго пяра. Каб не займаць твой каштоўны час‚ я ня слаў табе аповесьці пра Багдановіча‚ бо я ўлічыў усе моўныя заўвагі на тым чытаньні ў Беларускім Iнстытуце й паправіў тое‚ што змог. А вось цяпер я напісаў колькі новых апавяданьняў. Адно зь іх – «Полацкае дзіва» (пра Полацкае зацьменьне 6 сакавіка 1486 году і нараджэньне тады ж Францішка Скарыны) я ўжо паслаў у газэту і буду папраўляць яго ў карэктурным адбітку. А вось два апошнія апавяданьні – «Тэстамэнт» і «Сьвітаньне над Лахваю» – перасылаю табе зараз з разьлікам‚ што ты іх перачытаеш‚ паправіш мову‚ калі трэба‚ і тады‚ магчыма‚ параіш‚ адно ці абодвы рэдакцыі «Беларуса» для друку падваламі. У тым разе я папраўлю свой паасобнік паводле тэксту «Беларуса». Калі ж яны не падыходзяць «Беларусу» (што зусім магчыма‚ з гэтым я лічуся)‚ тады вышлі мне тыя папраўленыя тэксты. [...]
Паводле назову апавяданьня «Тэстамэнт» я думаю назваць свой новы зборнік прозы‚ куды ўвойдзе раман «Вялікія дарогі» і колькі іншых матэрыялаў**.

Апавяданьне ніколі не было апублікаванае. Машынапіс захоўваўся ў прыватным архіве Антона Адамовіча‚ а пазьней быў перададзены ў архіў БIНIМу.


Уладзiмер ГЛЫБIННЫ
СЬВIТАНАК НАД ЛАХВАЮ

І

–Гу-га-га! Но‚ ваўкарэзіна! А каб цябе воўк спляжыў! – чуліся галасы вазакоў‚ калі коні запыняліся па дарозе‚ а калёсам не было як выкаляіць з выбоіны па размытых даўгімі лістападаўскімі дажджамі дарогах. Праўда‚ цяпер ужо‚ на пачатку сьнежня‚ падмарозіла й запарушыла першым сьняжком. А ўсё адно колы‚ трапіўшы ў выбоіну‚ доўга коўзаліся й пакідалі цяжка гружаны воз на месцы‚ пакуль ён‚ падперты плячыма дарожных дзецюкоў‚ не выкотваўся на роўную паверхню гасьцінца.
Ужо цэлы тыдзень купецкі абоз зь Вільні на Магілёў павольна сунуўся на ўсход. Кожнае начы каля сотні вазоў спынялася на прыдарожных дворышчах‚ дзе падарожныя мелі харчы й страху над галавой. А на сьвітаньні зноў гаманлівы натоўп купецкіх дзецюкоў напаўняў гoласам навакольле‚ і доўгая чарада вазоў выцягвалася ўздоўж гасьцінца – насустрач ружоваму золку. Сярод прызвычаеных да такіх вандровак хлопцаў вылучаўся ціхай пакораю малады чалавек у даўгім‚ бадай што да пятаў‚ аўчынным кажуху‚ з пад якога пры хадзе выглядаў чорны гарнітур шкаляра Віленскага Калегіюму. На яго галаве цяпер была высокая – стаўбуном – мядзьведжая шапка‚ што ратавала вушы ад першага, а таму, здавалася, асабліва калючага марозу. Са шчыліны паміж шапкаю ды каўняром адно вочы сьвяціліся жывымі агеньчыкамі на збляклым за доўгую дарогу твары.
Удзень Мікола мала ехаў на возе‚ дзе яму было прызначана добрае месца на сене побач з вазаком. Ён усё больш тупаў побач і тым грэў ногі‚ – дарма што на іх былі надзетыя добрыя валёнкі‚ безь якіх купцы ніколі не падаваліся ў падарожжа. Так рабілі бадай што ўсе маладзейшыя дзецюкі – подбегам ледзь пасьпяваючы за коньмі ды безупынна галёкаючы на іх‚ ня так з патрэбы‚ як дзеля свае маладзецкае зухаватасьці.
Шкаляр ехаў да бацькі ў Гусава‚ дзе той служыў княжым палясоўшчыкам. Бацькаў выдзел шырака разьлёгся паміж Лахваю ды Дняпром – усё некранутыя пушчы‚ пракаветныя лясы й урочышчы.
Чым далей адыходзіў ад Вільні, тым усё настойлівей вяртаўся ў сталіцу думкамі. Далася яна яму ў знакі!.. Прыходзілася й удзень‚ а часам і ўначы сядзець над вялізнымі фаліянтамі‚ напісанымі на лаціне. Больш яму былі даспадобы тыя дні‚ калі мог з раньня да зьмярканьня праседжваць у мурох віленскіх манастыроў над кірылічнымі граматамі вялікіх літоўскіх князёў‚ калі мог з галавой акунуцца ў сьвет роднае даўніны. Там ён зьведаў асалоду спазнаньня мінуўшчыны краю ліцьвінаў. Найбольш варажылі ягонае ўяўленьне Вітаўтавы дзеі. Ох‚ як не любіў вялікі князь баязьліўцаў‚ і як хутка распазнаваў‚ дзе хавалася крыўда*‚ і як ён караў хлусоў! Клятваадступнікаў судзіў‚ як забойцаў. Подкупы‚ хабар‚ ліхвярства караў бязьлітасна. Таму й перавяліся былі тыя ліхасьці ў Вялікім Княстве Літоўскім. За гэта належыцца Вітаўту найвышэйшае ўвекавечаньне.
Успомніўся Міколу-шкаляру й настаўнік-канонік Эразм Цёлка. Яму Мікола абавязаны сваімі посьпехамі ў калегіюме. Пад ягоным кіраўніцтвам ён дасканала авалодаў лацінаю‚ навучыўся размаўляць на ёй‚ бліскуча дэклямаваць творы Люкрэцыя‚ Вэргілія, Гарацыя. Гэта ён некалі й параіў бацьку паслаць Міколу ў Вільню.
З айцом Цёлкам выпадкам пазнаёміліся ў пробашча катэдры сьвятога Станіслава ў Вільні. Тады канонік якраз распачынаў вучыць шкаляроў навуцы Божай у Вільні й адразу зьвярнуў увагу на дапытлівага хлапца‚ які ўжо тады выяўляў нязвычны нахіл дайсьці да сэнсу ўсялякае зьявы ў сьвеце. Затым яму прыгадаліся выпадкі‚ калі айцец Эразм браў яго з сабою на перамовы ў дзяржаўную канцылярыю й даручаў яму сакратарскія абавязкі. Цяпер неахвотна, але згадзіўся‚ каб Мікола зьезьдзіў дахаты на Каляды – ужо колькі год ня быў удома.
Пятага сьнежня апоўдні купецкі абоз пераехаў бродам Лахвіцу‚ адкуль ужо недалёка было й да Лахвы‚ на поўдзень ад якой разьлеглася вялікае сяло Гусава.
О‚ як забілася Міколава сэрца‚ калі яму здалося‚ што ён пачуў пахі роднага Гусьлішча (так завуць сваё месца народжаныя там)! На першым прыпынку Мікола расплаціўся з возьнікам‚ аддаў яму кажух‚ валёнкі‚ скураную магерку‚ а сам апрануў паверх шкалярскага ўбраньня сваю бравэрку. Здымаючы ласёвыя рукавіцы‚ ён заўважыў‚ што намуляў імі на пальцах мазалі. «Ведама‚ адвыклі рукі ад грубога‚ даўно ўжо не трымалі лука ды дзіды. Цяпер адно да гусінага перка й дакранаюцца. Колькі год прайшло з таго часу‚ як з бацькам паляваў на дзікоў і ласёў! Але нішто‚ загоіцца хутка‚ а пальцы зноў прызвычаяцца да шурпатага»‚ – падумаў ён і падаўся зь Вендараскай дарогі ў бок Гусава.
Напрасткі яму было ісьці з гадзіну. Але неўзабаве яго падабраў возьнік-гусавец‚ які на двуколцы вяртаўся дахаты пасьля гасьцяваньня ў суседняй вёсцы ў родзічаў. Быстраногі конь улегцы панёс седакоў па ўкарчэлай дарозе сярод лясных гушчароў‚ перабітых дзе-нідзе ворывам і прымёрзлай цяпер мешаньню рэдка ўзараных палёў. Дзяцюк-ірдзель*, як выявілася‚ добра ведаў Міколавага бацьку. Былі часы‚ калі яны разам выпраўляліся ў ловы. I цяпер ад піліпаўкі зноў пойдуць на промысел. Чакаюць на тую пару княжай дружыны – думаюць на зубра ісьці. Калі пан не дзяньгуб** і не пудлівец‚ дык можа далучыцца да тога лесаваньня. Мікола быў рады пачуць пра такую зацную задуму. Яму ўжо рысаваліся захапляльныя карціны ловаў: мысьлівыя на конях, зацяты сабачы брэх, гарачая нецярплівасьць сустрэчы са зьверам, – як двуколка спынілася бадай што ля самай бацькоўскай сядзібы.

ІІ

Багдан акурат у гэты час вяртаўся са свайго дзённага абходу Цемяранскай пушчы й, ужо выходзячы на прылесьсе, заўважыў двуколку, а пры ёй дзьве постаці. Аднаго зь іх ён пазнаў адразу‚ бо ягоная двуколка была вядомая па ўсёй гусаўскай ваколіцы. Заўважыўшы палясоўшчыка, чырванашчокі Багуміл махнуў яму рукою з пугавішчам і крыкнуў:
–Прывёз табе твайго бакаляўра. Будзе добрая падмога ў нашых ловах.
З гэтым Багуміл сьцебануў каняку й неўзабаве зьнік за лясным перагонам.
Багдан не спадзяваўся ўбачыць сына тут, за сотні вёрстаў ад места Віленскага. I цяпер паддаў кроку‚ каб хутчэй абняць сваё любаснае чадзяня, павітаць пры родным парозе. Багдан нават апусьціў на землю свой мушкет‚ каб вольнымі рукамі ашчаперыць атожылка з свайго кодла.
–Чаму ж не напісаў зараней‚ што едзеш‚ я ж прыехаў бы на тую дарогу сустрэць?! – выдыхнуў нарэшце Багдан пасьля абдымкаў і пацалункаў.
–То ж не было калі пісаць. Як толькі атрымаў Цёлкаву згоду‚ дык адразу й падаўся ў дарогу. Баяўся‚ каб наш улюбёны канонік не перадумаў ды не затрымаў. А тут акурат дазнаўся‚ што купецкі абоз адыходзіць зь Вільні ў Магілёў. Ухапіў‚ што пад руку трапілася, – ды бягом у заезны двор. Ледзь пасьпеў‚ прыбег туды якраз перад тым‚ як рушылі. Дзякуй Богу‚ усё абышлося добра. Сюды дастаўся на пяты дзень. Рады бачыць цябе ў добрым стане. А як жа матулька ды Зоська зь Лявонкам?
–Ды добра‚ дзякуй Богу! Хутка пабачаш іх усіх. Ды вось і яны‚ лёгкія на памін‚ – кінуў ён у бок дому. А там на парозе прыпыніліся на момант у нерашучасьці русявая дзяўчына гадоў пятнаццаці‚ зграбная ў постаці‚ з даўгімі‚ ледзь не па пояс‚ косамі‚ побач яе – дзесяцігадовы ценькі хлопчык‚ а за іх плячыма – высокая кабета ў кашулі з вышываньнем на паліках і рукавах. З хвіліну яны былі ня пэўныя‚ хто гэта іх наведаў у такі нязручны час. Але за момант яны пазналі голас іхняга Міколкі, і ўсе разам рушылі да яго. Маці ад радасьці заплакала й нават крыху змачыла Міколаў твар‚ цалуючы яго ў шчокі й у вусны. За ёю кінулася цалаваць яго й быстравокая Зося. Адно Лявончык не сьпяшаўся выяўляць сваіх пачуцьцяў. Ён ня бачыў Міколы ўжо колькі год‚ адно чуў пра тое, што ягоны брат Мікола вучыцца ў сталіцы – далёкай і вялікай Вільні‚ што ён там стане вучоным чалавекам і што яму будуць кланяцца ўсе тутэйшыя паны й духоўнікі. Ён цяпер глядзеў на Міколаву бравэрку й‚ ня бачачы пад ёй шкалярскага адзеньня‚ думаў пра тое‚ што не такі ўжо брат і вялікі. Яму Мікола здаваўся цяпер нават меншым‚ чым быў некалі‚ нібыта ростам падаўся да зямлі. Калі чатыры гады таму Мікола ехаў у Вільню, быў ён для Лявонкі высачэзным дзецюком‚ Лявонка нават трымаўся за халявы Міколавых ботаў. А цяпер Лявонка яму ўжо да вуха дацягнуўся‚ хутка зраўняюцца. Але гэтыя развагі Лявонку перапыніла маці:
–Дык чаго ж ты‚ сынку‚ стаіш‚ вітай свайго браціка‚ каб яму не было чужа ў нас‚ пакажы сябе чуйным.
Тады й Лявонка адважыўся падысьці да Міколы бліжэй і‚ апусьціўшы вочы долу‚ прагаварыў, ледзьве раскрываючы вусны:
–Добры дзень. Як тваё здароўе? Будзь ласкаў‚ заходзь у хату.
Але тут Мікола не ўтрымаўся‚ ухапіў Лявонку пад пашкі‚ прыўзьняў яго‚ пацалаваў горача ў шчаку ды панёс на руках у хату. Лявонка адразу згубіў там сваю сарамлівасьць і пачаў ужо аж надта выяўляць сваяцтва. Ён ні на хвілінку не адыходзіўся ад брата і ўсё стараўся апавядаць яму пра іхняе жыцьцё. Расказаў пра нядаўняе ігрышча‚ ладжанае моладзьдзю на іхным прылеску‚ пра гульні. Мікола некалі быў і сьведкам і ўдзельнікам тых гульняў‚ але Лявонка гэтак смачна пра іх апавядаў‚ што Мікола нібыта зноў удзельнічаў і міжвольна падзяляў Лявонкава захапленьне. Як некалі Мікола пакідаў Гусава‚ малы Лявонка, акрамя дзіцячых «Iванкі»‚ «пастушка й ваўка»‚ «пеўняў»‚ «птушкі ляцяць»‚ «хапанкі»‚ «рэдзькі» ды «мароза», іншых гульняў ня знаў. А цяпер ён пра тыя ня згадваў. Усё вёў апавяданьне пра дарослыя гульні «була»‚ «гула»‚ «гуські»‚ «бабкі» ды «калаўрот». З захапленьнем расказаў‚ што ягоны бок заўсёды перацягвае іншых‚ калі счапляюцца загнутымі ў локцях рукамі й цягнуць у свой бок‚ каб разарваць ланцуг. А цяпер маюць намер на ільдзішчы на прыдуброўнай паляне ўбіць кол‚ начапіць на яго кола з жэрдкай‚ а да яе прымацаваць санкі:
–Будзем круціць кола‚ а санкі будуць несьціся па крузе ліхаманкава. Во сьмеху будзе‚ як пачнуць адзін па адным валіцца ў сьнег з тых санак! А я ўтрымаюся да канца. Мяне ўжо колькі разоў хлопцы ставілі выбраньнікам‚ бо я дужэйшы за іншых‚ калі гуляем у гулу. Гэта надоечы я як шпурнуў кола‚ дык яно адразу за мяжу пакацілася‚ – дадаў Лявонка не бяз гонару за свой спрыт.
–Ну‚ дык ты маладзец‚ але адкуль такая пыхлівасьць? – зрабіў выснаў Мікола з тае пахвальбы меншага брата. – У каго ж ты ўдаўся‚ што гэтак выхваляешся? А тварам ты ўвесь у нашую мамку‚ але ж я ня чуў‚ каб наша мамка выхвалялася.
Малы нічога не зразумеў з братавых словаў і меў намер працягваць тую гаворку далей‚ аж яго перапыніла сястра Зося. Тая таксама пачала падлабуньвацца да брата з гаворкаю пра нядаўнае ігрышча‚ дзе гусаўскія хлопцы гралі на басэтлі‚ гусьлях ды цымбалах‚ Панкрат Асташонак дзьмуў у дуду‚ Мартын Дамінікаў граў на жалейцы‚ а Ларывон Гаўрукоў біў у бубен.
–Вось фацэція была‚ калі ўсе хлапцы й дзеўкі пабраліся ў пары ды кінуліся ў скокі. Ды так давалі – бы зямля гарэла пад нагамі!
Тым апавяданьням меншых не было б і канца‚ каб маці не паклікала ўсіх за абедзены стол. Тут усіх чакалі разнастайныя посныя стравы. Дзеля паста на стале ляжалі адно праснакі‚ пірагі з грыбамі‚ з рэдкага быў кісель, ягадная кулага, у шырокай місе стаяла рыбная юшка. Збаны былі напоўненыя хлебным квасам‚ бярозавікам і мядовым зьбіценем. Праўда‚ з прычыны такой падзеі зьявіўся гляк моцнай сівухі. Багдан наліў чаркі й паднёс першую Міколу‚ загадаўшы піць да дна‚ каб усё загаданае спраўдзілася. За імі апаражнілі свае чаркі ўсе за сталом‚ жадаючы Міколу найлепшага.
Затым бацька загаварыў з сынам пра свае й сынавы турботы. Доўга распытваў пра Вільню, пра Эразма Цёлку. Яму падабалася‚ што той апякуецца Міколам‚ усюды выстаўляе яго наперад‚ бярэ з сабою да знаных людзей‚ даручае яму пісарскія й сакратарскія справы‚ нават часам радзіцца зь ім‚ да апошняга часу студэнтам калегіюму. Відаць‚ высака ацаніў Цёлка Міколавы посьпехі ў лаціне. «Дзякуй Богу‚ хоць адзін гусавец выходзіць у людзі», – думаў Багдан, а ўголас казаў:
–А тое‚ што Цёлку‚ відаць‚ хутка паставяць на біскупа‚ дык гэта‚ памагай Бог‚ і табе ўдача. У вялікакняжацкай канцылярыі пры такім біскупе заўсёды табе знойдзецца выгодная пасада.
Трымайся толькі яго‚ ня збоч‚ як сталася зь некаторымі гусаўцамі‚ што падавалі надзеі‚ а затым зь іх выйшаў адзін пшык‚ – дадаў Багдан гучна. – Наш род заўсёды быў на добрай прымеце ў вялікіх людзей. Мой бацька служыў лесьніком і ніколі не абдзяліў яго ласкаю князь. I са мною князь міласьцівы. От у сераду наступнага тыдня тут ён зьявіцца. На ловы. Хочуць зубра высачыць. Спадзяюся‚ ты прылучышся‚ каб страсянуць твой даўнейшы спрыт у гэтай справе. Мо за гады ня страціў сваё ўмельства з лукам ды дзідаю?! Ужо ж пакажы спрыт. Падтрымай гонар сына палясоўшчыка перад высокім панствам! – і счакаўшы крыху: – Сёньня ж адразу па абедзе наведай войта. Ён ужо, мусіць, чуў, што ты прыехаў. Той ірдзель ужо разьнёс‚ напэўна‚ навіну аб тваім прыезьдзе па ўсім Гусаве. Дык войт ужо напэўна чакае твае візыты. Iдзі безадкладна‚ – дадаў Багдан на заканчэньне гаворкі‚ – каб ня думаў‚ што бакаляўр зазнаўся й нос дагары дзярэ. Ледзь Мікола крануўся‚ каб устаць з-за стала й ісьці ў Гусава на пабачаньне з войтам‚ як яго затрымала маці, абняла:
–А мой жа сыночак‚ дай жа нагаварыцца з табой. Колькі гадоў ня бачыліся. Асунуўся тварам бяз матчынага догляду. Не дайду, на чым толькі трымаецца душа ў тым целе – скура ды косьці. Няма там каму дагледзець‚ каб у часе паеў і папіў. Iншыя хлопцы ў такім узросьце ўжо жанатыя‚ дзяцей маюць‚ кут і дах над галавой‚ а тут нічога няма.
Маці ад узрушаньня пусьціла ўжо была сьлязу. Але тут умяшаўся бацька:
– Не з таго худы‚ што недагледжаны. Ад навукі гэта‚ багата бярэ да галавы. Затое ў людзі выходзіць. Ня плач‚ Кася‚ тым сыну не пасобіш. I не трымай яго‚ яму канечне трэба сьпяшацца‚ каб аддаць належнае войту.
Але зноў сталася затрымка. Ледзь пасьпеў Мікола вызваліцца з матчыных абдымкаў‚ як расчыніліся дзьверы і ў хату ўвайшоў гурт дзяўчат‚ сярод якіх былі Зосіны сяброўкі‚ дзьве шаснаццацігадовыя сястрыцы-блізьняткі – Кацярына й Адора Круталевічанкі. Яны падбеглі вітаць Міколу й паведамілі што ўжо ўсё сяло ведае й толькі гаворыць пра тое, што да Багдана прыехаў ягоны «бакаляр» з самой Вільні. Тая навіна ўжо кружыць па Гусаве ад часу‚ як вярнуўся туды Багуміл Харытончык. Людзі ўжо зьбіраюцца ісьці адведваць таго «бакаляра». Мікола ледзь адкараскаўся ад тых гаварух і шпаркай хадою падаўся на Гусава.

ІІІ

На зьмярканьні Мікола ішоў Гусавам і дзівіўся на дымкі‚ якія ўздымаліся бадай што з кожнае хаты й шэрымі зданямі абтыкалі высокае блакітнае‚ без адзінае хмарынкі‚ неба. Ладне падмарожвала й пад нагамі парыпваў сьвежы сьнег. Часамі па сяле пройдзе дзе які чалавек у сьвітцы й валенай магерцы й раптоўна зьнікне за весьніцамі. Два чалавекі‚ разьмінуўшыся зь Міколам‚ прагаварылі «дзяньдобры»‚ а за тым лагодна ўсьміхнуліся. Адзін зь іх дадаў нават «бакаляра» й нізка ўгнуўся. «Чулі‚ што вучоны палясоўшчыкаў сын ужо ў Гусаве‚ а тут і пазналі яго». Міколаву ўвагу заняло паўсюднае гусінае гагатаньне. З кожнага двара чуліся гусіныя галасы‚ што адгукаліся на чалавечую мову. Відаць‚ прыйшоў час карміць. «О гагочуць – каб гаспадыня не забылася ім есьці падкінуць. Але ж колькі іх тут – безьліч‚ калі такі розгалас разносіцца па ўсім Гусаве»‚ – падумаў ён і ўспомніў‚ як у маленстве любіў гуляць зь імі. Якія яны паслухмяныя‚ калі прывыкнуць да цябе. А як улетку раніцаю выйдзеш на ганак ды паклічаш – усёю гурмаю бягуць да цябе, прывабленыя смакоткамі – зярняткамі жыта ці проса. Але з тае пары‚ як адзін гусак ладне ўкусіў яго за мяккае месца‚ надоўга было тое сяброўства разладзілася. Доўга пасьля таго Мікола яшчэ мацаў тое месца зь сіняком і ня мог забыцца на здарэньне. Аднак зь цягам часу забыўся‚ а вось успамін пра гусей – ягоных сябрукоў – жыве й да сяньня. «А ці не ад тых гусей і паходзіць назва нашага Гусава? – падумаў Мікола. – Гэта ж сапраўды‚ тут гусінае царства‚ таму можа людзі й празвалі гэтае месца Гусавам ці Гусьлішчам. Цяпер і ў Вільні дзе каторы ведае пра Гусава‚ дзе я вырас. А можа калі й далей даведаюцца пра яго‚ калі б стацца знаным»‚ – падлавіў ён сябе на той фанабэрыстай думцы і ўспомніў выхваляньні брацейкі Лявонкі. Сталася сорамна перад самім сабою. Ускінуў вочы і ўбачыў‚ што ўжо падыходзіць да войтавага дому.
На ніжнім паверсе было цёмна. Але на другім у вокнах сьвяціліся каганкі‚ ля брамы гарэў алейны ліхтар. Мікола пераступіў з нагі на нагу перад тым‚ як адважыўся ўвайсьці ў весьніцы й ціха пастукаць у дзьверы. Невысокі чалавек у даўгім сурдуце расчыніў дзьверы й запрасіў да пачакальні. За кароткі час ён зьбегаў наверх і вярнуўся з запросінамі ўзьняцца наверх‚ бо войт ужо за позьнім часам не ў канцылярыі‚ а ў сябе ў хаце.
Мікола павольнымі крокамі па начышчаных воскам усходах падняўся ўгару і ўбачыў‚ што насустрач яму ідзе высокі статны чалавек сярэдніх гадоў у шараку сіняга колеру двубортнага пакрою. Паверх жупана на ім быў суконны‚ расшпілены ўверсе яркі кунтуш‚ падшыты лёгкім футрам. Віднелася кармазынавая падкладка. Падперазаны ён быў шаўковым поясам. Аксамітны адкладны каўнер выгодна адцяняў дагледжаны твар войта зь невялікімі вусікамі. Паводле тога‚ як войт кіўнуў на павітаньне й паказаў рукою ў глыб пакою‚ можна было здагадацца‚ што гэты чалавек служыў у войску й за выслугі быў цяпер прызначаны войтам у Гусаве. Запрасіўшы сесьці, кашлянуў і адразу пачаў распытваць пра Вільню. Войт чуў пра Эразма Цёлку‚ пра ягоныя ходаньні ў канцылярыі Вялікага Княства дзеля наладжаньня сувязяў зь вялікім сьветам. Але, падобна, яму хацелася ведаць пра гэта больш падрабязна. Мікола‚ як мог‚ стараўся задаволіць войтаву дапытлівасьць.
Неўзабаве зьявілася пекная пані ў даўгой сукні‚ аблямаванай карункамі‚ у аксамітным гарсэце‚ вышытым залачонымі ніткамі. Яна падсела на хвіліну для размовы‚ а затым запрасіла за стол. Мікола пачаў быў адмаўляцца ад таго й гэтага‚ аднак прыйшлося выпіць колькі чарачак кракаўскага віна ды запіць яго салодкім мёдам смаленскага вырабу.
Калі Мікола зьбіраўся ўжо пакідаць войтаву гасподу‚ ейны гаспадар лісьліва пачаў прасіць яго‚ каб пры нагодзе закінуў за яго добрае слова ў Вільні перад вялікімі людзьмі. Мікола ніводным словам ня выказаў абяцаньня, адно дробна паківаў галавою. Ён ужо браўся за клямку‚ калі раптам у хату ўвалілася колькі дзецюкоў‚ першых пасланцоў паляўнічае дружыны‚ якая чакаецца тут за колькі дзён. Яны прыехалі‚ каб наладзіць на жаданьне магната прыстанішча ўсяму паляваньню‚ а люду можна спадзявацца не адзін тузін. Войт пасьпешліва разьвітаўся зь Міколам і заняўся размоваю з пасланцамі.
Выйшаў Мікола на панадворак пад чыстае неба‚ на якім зырка блішчэлі тысячы задумёных зорак. Час ад часу роўнядзь бяздоннага нябеснага адхону праразалася зіхотнаю зьнічкай‚ якая, каротка бліснуўшы, умомант зьнікала ў бездані. Пад нагамі прыемна хрумсьцеў сьняжок. Мікола нібыта ўпершыню адчуў сьвежыню сьвету й дайшоў дахаты ў прыўзьнятым настроі.
У хаце яго ўжо чакалі: завітала колькі чалавек‚ каб пабачыць вучонага «бакаляра» зь Вільні. Прыйшлося адказваць на іхныя зычэньні й падтрымаць гаворку колькімі сказамі-згадкамі пра жыцьцё ў сталечным месьце. Гэтак надышла й поўнач.
У нядзелю з самага раньня толькі й было клопатаў‚ што зьбіраліся ісьці ў царкву. Даўно Міколу не прыходзілася быць у «схізматыкаў»‚ ужо колькі гадоў прайшло‚ як канонік прывёў яго да касьцёлу. Ужо й забыўся як то хрысьціцца двума пальцамі.
Iдучы нядзелішняй раніцаю па Гусаве‚ Мікола адказваў кожнаму на прывітаньні‚ з усіх бакоў чуў:
–Вітаньне пану! Добрага здароўя вашай міласьці! Дзень добры! Чэсьць вашэці! Дзень добры васпану!
I кожны раз ён кланяўся ў адказ.
Драўляная, адназрубная, з пазалочаным крыжам, з шырокім алтарным прырубам‚ высокім купалам і асобнай шмат'яруснай званіцай‚ царква віднелася здалёку. На майдане перад царквою да пачатку службы ўжо было сабралася ладна народу. Сюды папрыяжджалі не адно з Гусава‚ але й з вакольных вёсак і маёнткаў. Ад каляровых андаракоў‚ саматканых спадніц‚ бела-чырвоных намітак ды абручыкаў з аздобленымі налобнікамі‚ стужак, сьватак і кажухоў, бравэрак‚ кучомак, магерак – аж стракацела ўваччу. Звычайныя ў палявой працы сялянскія лапці цяпер замяніліся ботамі‚ камашамі. Кожная шляхцянка старалася абхінуцца дарагою пярэстаю хусткай.
Раптам магутны звон агаласіў‚ што ўжо час ісьці ў царкву. Усе падаліся да дзьвярэй. Мікола зазгледзеў у натоўпе ўжо знаёмую постаць войта, вакол якога гуртаваліся колькіх ягоных памагатых. Усе старанна хрысьціліся пры кожным згадваньні імені сьвятога. Калі ў канцы службы ўсе падыходзілі цалаваць крыж у руках сьвятара‚ Мікола, хоць і чуўся каталіком, палічыў за лепшае таксама падыйсьці пад пастырскае багаславеньне. Як выйшаў на двор зь цемнаватай царквы, на душы неяк пасьвятлела, зьявілася пачуцьцё сьвята; вяртаючыся разам з усёй сямейкаю дадому, ішоў крыху ззаду – не хацелася сьпяшацца, думаў: якое гэта шчасьце дадзена народу – ягоная вера ў Божы цуд Хрыстовага народжаньня. «Як будзем верыць, жыць па-хрыстоваму – не загінем, перажывем усе нягоды».

ІV

У сьнежаньскі панядзелак 1505 году, на шэрым досьвітку‚ бацька з сынам выбраліся ў пушчу. Мікола папрасіўся разам пайсьці ў абход, каб нагледзець тыя месцы‚ дзе за два дні прыйдзецца высочваць зубра. У пушчы дрэвы стаялі яшчэ шызымі ценямі, адно пакрысе пачалі выразьней абрысоўвацца вершаліны стромкіх соснаў: нетаропка ўставала зімовае сонца. Але ўнізе ўсё яшчэ скрозь стаяў непраглядны морак. Адно белы сьнег падбельваў бясконцы дол. Яны доўга ішлі ў глыб лесу. Сьцежкі пазасыпала, але бацькава вока упэўнена знаходзіла адно яму ведамыя адзнакі. Мікола стараўся аднавіць у памяці знаныя зь дзяцінства прыкметы‚ бацька ахвотна дапамагаў яму напамінам пра розныя здарэньні ў іхным лавецкім жыцьці.
Крыху пазьвіднела. Багдан прыгадаў‚ што вось каля гэтых карчоў пад тым таўшчэнным разлапістым дубам яны калісьці ўпершыню сустрэліся з гаспадаром тутэйшых мясьцінаў – старым зубром‚ які быў заўважыў іх і сачыў сваім зыркатым вокам‚ гатовы да нападу. Але тады яны павольна адышлі ўбок і падаліся ў гушчар‚ нібыта не заўважыўшы зьвера. Той пастаяў яшчэ колькі хвілін‚ але пераканаўшыся‚ што небясьпека мінула‚ павольным крокам пасунуўся ў процілеглым напрамку.
Тая сустрэча моцна запала Міколу ў памяць‚ бо быў ён тады яшчэ дванаццацігадовым хлапчуком і надта баяўся‚ каб той дзікун не падаўся за імі. Адчуў тады‚ як халодны пот пачаў пакрываць сьпіну‚ схапіўся за бацькаву руку й‚ калоцячыся ад страху‚ моцна сьціснуў яе. Адылі бацька супакоіў яго‚ гаворачы:
–Ня бойся‚ сынку‚ ён ня чэпіць тых‚ хто яго не чапае. Як толькі ўбачыць‚ што мы пайшлі ўпрочкі‚ пакіне нас сваёй увагай‚ пойдзе ў другі бок. Ён такі‚ я ягоны нораў добра спазнаў‚ сустракаўся зь ім неаднокраць за гады свайго палясоўства. Няма нам цяпер ужо ніякай небясьпекі.
Гэтак, прыгадваючы колішнія здарэньні, незаўважна яны падышлі да поймы Лахвы. Уздоўж ракі было ўжо досыць сьветла. Лёд са сьнегам укрывалі берагі‚ і адно пасярэдзіне дзе-нідзе відаць былі цёсаныя плямы плыні.
–На быстракох яна ня ўсюды замярзае. Пашукаем месца з павольнейшай плыньню‚ там лёд грубейшы й суцэльны цераз усю раку‚ – сказаў бацька й паказаў рукою ўверх па рацэ.
Па глыбокім сьнезе выйшлі на адхонны бераг і за заваротам ракі ўбачылі шырокае нізкае прыбярэжжа‚ якое такім жа суцэльным сьнежным прасьцягам разьлеглася й па ўсёй рачной даліне. Там яны наважыліся перайсьці на другі бок Лахвы.
Ужо і ў лесе павіднела‚ з суцэльнай сьцяны пачалі выступаць асобныя камлі дрэваў‚ гонкія сасонкі ружова заблішчэлі ўверсе‚ запарошаны бельлю хмызьняк аддзяліўся ад сьнежных гурбаў на далу. Скрозь на сьнезе можна было зразгледзець карункі заячых і вавёрчыных сьлядоў. Часам сярод іх вырозьніваліся сьляды начной паляўніцы – лісы. Па часе пачалі пракідацца й глыбокія сьляды ласёў і аленяў. А вось і адбіткі вялікіх капытоў – вядуць у бок ракі. А побач – другі ланцуг сьлядоў такіх жа капытоў‚ адно ўжо ў адваротным кірунку.
–Відаць‚ зубр ішоў да вады‚ а пасьля вяртаўся тэй жа сьцежкаю ўначы‚ – заўважыў Мікола.
–Так‚ гэта ён, адразу пазнаецца – ні з чым ня зблытаеш. Яны заўсёды ходзяць і вяртаюцца тым жа шляхам‚ часам нават ідзе капыта ў капыта па ранейшым сьледзе. У гэтым яны гультаі‚ ня любяць рабіць лішняе работы. Акурат як наш гусаўскі Харытончык, так і маракуе, каб-то ўхіліца ад дарожных работаў. А езьдзіць любіць‚ вунь як носіцца на сваёй двуколцы.
Мікола зарагатаў‚ але з удзячнасьцяй успомніў свайго возьніка.
Падышлі да Банцараўскай пусткі‚ скрозь зарослай адно лазовым хмызьняком. Дзіўна было бачыць сярод густога хваёвага лесу паляну без аніводнага дрэўца‚ адно ўкрытую кустамі‚ цяпер зь белымі засохлымі макаўкамі-галоўкамі. Раптам вандроўнікі ўбачылі заплямленае сьвежай чырваньню месца з прытаптаным сьнегам.
–Гэта воўк... Прыкончыў здабычу. Будзь асьцярожны, сынку.
Абодва мімаволі дакрануліся да мушкетаў на плячох. Далей пайшлі павольней, азіраючыся й прыглядаючыся. Багдан расказаў‚ што тут, на гэтай пустцы, увесну на досьвіцьці зьбіраюцца глушцы.
–Таксама надта прыгожа‚ калі пачынаецца ток у цецерукоў. Гэтыя вылятаюць на голыя паляны‚ калі сыдзе сьнег. Параспушчаюць свае чорна-сінія хвасты‚ балбочуць, чуфкуюць‚ скачуць адзін на аднаго – нібы адбіваюць сваю паняволеную сяброўку. Часам на гэтую забаву прыйдзе паглядзець алень ці касуля – стаіць зводдаль, косіць вокам: цікава!
Шкадаваў Мікола, што не сустрэць ім гэтай парою ні тлустага лянотніка-барсука, ні кудлача-мядзьведзя: тыя на зіму пахаваліся ў сваіх логавах і бярлогах. Адылі за колькі крокаў яны заўважылі ляснога дзіка‚ які частаваўся жалудамі‚ разрываючы сьнег пад дубам. Пачуўшы сьнежны хруст‚ ён зірнуў у бок падарожных‚ раптоўна сарваўся зь месца й падыбаў па глыбокім сьнезе ў лясны гушчар. Доўга па лесе раздаваўся трэск сухастою.
Не адразу нават спрактыкаванае вока магло заўважыць ў кашлатых ялінах вялікага майстра маскавацца – рабчыка. Птушка гэтая так спрытна хаваецца ад ястраба ці куніцы‚ што за ўсю дарогу Мікола ня бачыў ніводнага‚ хоць бацька час-часом паказваў углыб ельніку.
Зімовай парою нялёгка было бегаць і скакаць танканогім казулям. Iх вострыя капыцікі правальваліся ў глыбокім ужо сьнезе. Бацьку з сынам шкода было глядзець, як спалоханая імі чарада касуляў ледзь перасоўвалася па засьнежаным узьлесьсі – цяпер гэтыя красуні могуць стаць лёгкай спажывай для хіжакі-ваўка.
Пару разоў падарожныя патраплялі на аленяў. Тыя былі занятыя важнай справай – на вышэйшых месцах стараліся выкапаць з-пад сьнегу леташнюю траву або ласаваліся імхом ды тонкімі парастакамі. Адзін зь іх, самы вялікі, з разгалістымі рагамі‚ высака трымаючы галаву, пільна аглядаўся па бакох – вартаваў. А вось аленяя пара гарцуе праз навалы сьнегу, яны імгненна праносяцца перад вачыма‚ быццам спаборнічаючы ў хуткасьці.
Гэтак прахадзілі да паўдня. На прагалах сьляпучае сонца прабівалася скрозь кучмы выносістых хвояў і расьсейвала сіняватую цемень гушчару. Пры кожным парыве ветру вершаліны гнуліся й зьвінелі. А ўнізе панавала нязвыклая цішыня.
За сасоньнікам пачынаўся непраходны гушчар пракаветнага лесу‚ заваленага бураломам. Фантастычнымі прывідамі ляжалі пад сьнегам касьцякі памёрлых дрэваў. Направа ад змрочнага гушчару віднеліся зарасьнікі вербалозу ды вольхі. А за імі, на ўзвышшы, у задуменным пакоі моўчкі азіралі свае ўладаньні, бессэнсоўна расставіўшы голыя сукі, таўстастволыя дубы. Яшчэ далей пацягнуліся бярозавыя гаі й прасьцягі зьмешанага лесу – больш ясень і граб.

V

Тут і запыніліся палясоўшчык з сынам. Мікола пачаў шукаць месца для засады‚ каб адтуль зручней назіраць за зьвярамі. А Багдан стаў разглядаць сьляды‚ каб па іх вызначыць колькасьць жыўніны на гэтым адцінку пушчы. Мікола‚ седзячы пад хвояй‚ пачаў успамінаць‚ як колькі гадоў таму ён на кані гнаўся за лосем і як той быў вырваўся на лясную прастору й схаваўся там‚ Мікола нагнаў яго толькі каля Дняпра й пагнаўся за ім па вадзе. Конь‚ спрактыкаваны ў такіх гонях‚ пераплыў зь седаком глыбокую раку‚ вынес змоклага вершніка на левае ўзьбярэжжа‚ але ласю ўжо ўдалося зьнікнуць у гушчары. Прыйшлося тады Міколу праседзець каля вогнішча паўдня, каб неяк абсушыцца, а ўжо ў хаце ён апынуўся толькі пад ноч‚ змораны дазваньня.
Але ж зубр – ня лось‚ ён ня надта пабяжыць ад цябе. З маленства ён знае сваю сілу – няма мацнейшага за яго. Можа ён сьмяротна баднуць ня тое што аленя, а нават мядзьведзя. Уздыме сваю ахвяру на рог і шпурне на дрэва ці карчакаваты пень. А крыху пачакаўшы‚ падыдзе яшчэ раз‚ каб раструшчыць і парваць на шматкі тое‚ што засталося ад жывое істоты.
Праўда‚ зубр сам не шукае чалавека. Калі няма побач малога зубраняці, зубр утаропіцца позіркам у чалавека й чакае‚ што той будзе рабіць. Тут трэба спакойна, ня бразгаючы зброяй‚ павольна падацца далей ад ягоных вачэй. Той пастаіць крыху‚ пільна ўглядаючыся ў бок чалавека‚ а затым пойдзе далей сваёй дарогай. Але барані Божа‚ калі бліснуць дзідай ці бразнуць мушкетам – можа заравець‚ што аж лес закалоціцца, і імпэтна рынуцца на парушальніка яго спакою. Тады ўжо бабця гадала‚ ці ўдасца чалавеку застацца жывым. Добра‚ калі ў часе схаваешся за таўстое дрэва‚ а кудлаты магут саб'е ахвоту дужацца, ударыўшы ў ствол. Як дрэва трапіцца танчэйшае, то, бывае, ня вытрымае – рассыплецца ў шчэпкі або з коранем вывернецца й накрые сабою таго‚ хто меў злую нагоду схавацца за ім. Мікола ўсякага нагледзеўся за гады юнацтва, а яшчэ больш начуўся ад бацькі, ад княжых мысьлівых. Было й зь ім такое‚ што ўцякаў ад зубра, і толькі дзякуючы выпадку (зачапіўшыся за кашталтую ялінку, струсіў зь яе сьнег‚ якім на момант запарушыла вочы разьятранаму зьверу) выратаваўся ад – здавалася, немінучай – сьмерці. Седзячы цяпер у зацішку пад такой жа ялінкай‚ думаў пра зубра і ўспамінаў лясныя прыгоды часоў свайго дзяцінства. Ад бацькі вучыўся хадзіць асьцярожна па лесе‚ каб ня спудзіць зьвера раптоўным трэскам ламачча‚ ня шорхацець апратакаю ды рыштункам‚ ня стукнуць ненарокам па дрэве мушкетам. Вучыўся хадзіць крадучыся‚ ледзь кранаючыся долу‚ ледзь бачнай птушкай пераносіцца праз раўкі й крынічкі‚ бязгучна абмінаць завалы карчоў і каменных валуноў. Ход Міколавых развагаў перапыніла чарада аленяў‚ якія пад правадырствам старэйшага рагача перабягалі засьнежаную дарогу. Пэўна‚ вядун нешта пачуў пагрозьлівае й падаўся зноў у гушчар. За ім паслухмяна адна за аднэй паскакалі бязрогія выхаванкі. «Гэта яшчэ шчасьце‚ што не натрапілі на драпежніка – рысь. Гэты люты вораг ласёў і аленяў сваімі высокімі й дужымі лапамі ўзлазіць на дрэва ўздоўж пратаптаных казулямі ды дзікамі сьцежак і цярпліва гадзінамі сьцеражэ‚ пакуль ня зьявіцца ахвяра. На запарушаным сьнегам суку над самай сьцежкай сядзіць нагатове тая кошка й бачыць адтуль кожны адмежак унізе‚ – прыгадваў цяпер некалі назіранае ў далёкім маленстве Мікола. Як жывёліна будзе адна – каменем кінецца на ахвяру.
Раптам ён пачуў трэск гальля пад цяжкімі непароткімі крокамі. За момант Мікола ўбачыў‚ як з гушчара выйшаў калматы гарбун‚ спыніўся на краі палянкі‚ утаропіўся позіркам у даль. Нерухомы‚ ён здалёк мог нагадаць вялікі воз гною‚ вывезены рольнікам у поле. Ад галавы й шыі ды аж да ног пасярэдзіне ён быў укрыты даўгім, колеру падпаленай саломы касмыльлём. Пад пысаю тырчэла памяло зьлямчанага валосься‚ якое шчыльна ўкрывала ськівіцы й тварыла штось накшталт хвартуха паміж пярэднімі нагамі. Два каржакаватыя‚ загнутыя назад рогі былі шырака пастаўленыя над зарослай лабацінай. Пярэднімі нагамі ён стаяў гэтак упорыста‚ што здавалася, быццым яго хтосьці піхае ззаду‚ а ён не паддаецца. Пасярэдзіне жывата ўнізе тырчала зарослае поўсьцю гузавіньне. Да валасоў на сьпіне й бакох прысталі камкаватыя ледзяшы.
Калі зубр павярнуў галаву ў бок Міколы‚ сталі выразна бачныя белыя плямы ля носа й пашчы – яны тварылі ўзор у кшталце кубка са сподачкам. Зарослая шыя высокім гарбом узвышалася над рагатай галавой. Пазіркаўшы яшчэ ў другі бок‚ зубр пачаў раскопваць капытамі сьнег і выбіраць з-пад яго пажоўклую траву‚ запыняўся‚ каб пахрумстаць яе, і зноў прымаўся за пошукі. «Відаць‚ – падумаў Мікола‚ – адшуквае сабе зубровую травіцу. Яна яму‚ як катом шалфей. Вось ён і выцягвае яе з-пад сьнегу стужынамі й тым жывіцца‚ зь ёю й лютую зіму ператрываць можа. Аж пазаўтра ці ён ці ягоны суродзіч спазнаецца з чалавечай хітрасьцю‚ калі пойдуць у ход пасткі‚ калі за кожным кустом можа чакаць засада. Зубру, гэтаму пушчанскаму рыцару‚ які прызнае адно шчырую барацьбу – сілу на сілу‚ мужнасьць на мужнасьць‚ – цяжка будзе вытрываць няроўнае змаганьне».
Зьвер‚ паласаваўшыся зуброўкаю‚ зьнік у гушчары. Пачынала шарэць. Міколаў бацька, вярнуўшыся з абыходзін‚ з увагай выслухаў Міколава апавяданьне пра бачанага зубра. Калі дапалі да хаты‚ стаяла ўжо глыбокая ноч.

VI

Наступнага дня панаехала ў Гусава шмат паноў і падпанкаў з сваімі лоўчымі ды падлоўчымі‚ сабачарамі ды заганятымі. Сам князь Друцкі-Беласельскі прыехаў з дружынаю з маёнтку пад Міхалёвым. З Баркулабава зьявіўся зь людзьмі магнат Сьвяцілавіч‚ зь Семукачыва прыехалі дворныя пана Заячкоўскага. Людзі спыняліся наноч у навакольных маёнтках‚ а сам князь стаў у войта. Праз увесь дзень было пацехі гусаўцам назіраць за людзьмі ў рэдка бачаных тут жупанах і кунташах поверху. Некаторыя насілі магеркі на чатыры куты. Трапляліся і аўчынныя кучмы, і заячыя аблавухі. Нагледзеліся людзі на каляровыя картузы ды футровыя бэрэты з залатым ды срэбным вышываньнем. Дзе каторыя былі ў вільчурах, чым адразу выдавалі свае ўдачы ў паляваньні на ваўка. Гусаўскія хлапцы найбольш заняліся разгляданьнем коп'яў‚ лукаў і стрэлаў‚ цікавіліся бліскучымі мячамі‚ баявымі сякерамі‚ шаблямі й мушкетамі. Маладыя шляхцюкі з гонарам несьлі на сабе тыя мушкеты й надта фанабэрыліся тым‚ што здабыліся на такую нежартоўную зброю. Толькі ў піліпаўку выпадала Гусаву бачыць столькі паважнага люду. Вуліцы Гусава аж гулі ад галасоў і конскага ржаньня. Скрозь чуўся малады сьмех. Гусаўскія дзяўчаты бегалі як апантаныя й шчабяталі адна аднэй свае спасьцярогі адносна дзецюкоў‚ якія нібыта пачыналі заляцацца да туташніх шляхцянак. Да вечару не пераставаў разносіцца па ваколіцы розгалас дзявочых песень і хлапецкіх жартаў. Аднак з надыходам ночы ўсё сьціхла – заўтра ловы.
Перад раньнем‚ калі яшчэ не патухлі ночныя зоры‚ пачуўся першы працяжны кліч паляўнічага рога. Ён зваў усіх на колішнюю пашу скарбовай жывёлы. Каля запаленага ліхтара князь, а затым княжы лоўчы далі апошнія загады і ўсе ўрачыста скіраваліся ў бок пушчы. Наперадзе ехаў князь і вышэйшыя паны‚ за імі увесь почт; замыкалі паляваньне колькі вазоў‚ гружаных паходным спратам. Сабакі вішчэлі й брахалі ад узбуджаньня‚ чакаючы знаных ім забаваў.
Мікола бачыў бацьку каля самога князя: Багдан даваў парады й‚ відаць‚ апавядаў пра бачанага пазаўчора зубра. Хутка князь паклікаў Міколу й прасіў расказаць яму падрабязьней. Паляваньне скіравалася на тое месца. Міколаў расказ‚ відаць‚ паддаў князю ахвоты, узмацаваўшы надзею на ўдалыя ловы. Усю дарогу ён ажыўлена пытаўся ў Багдана пра зьверыну, пра пушчу. Калі ўехалі ў гушчар‚ пачынала днець. Паляваньне падзялілася на колькі гуртоў‚ і кожны зь іх асьцярожна пасуваўся да тога месца іншым шляхам‚ пушчаючы перад сабою прыціхлых – зналі сваю справу – сабак. Спыніліся гаворкі‚ яшчэ нейкі час чулася навокал шорганьне ног і мяккі поступ капытоў‚ але неўзабаве й гэтыя шумы сьціхлі. Гэтак за пару гадзінаў падышлі да зубровішча. Там усе й заселі на ловы.
Як заварожаная ляжала перад людзьмі Цемяранская пушча.
Чакалі. Сонца ўжо падкаціла пад поўдзень. Прабягалі‚ спуджана азіраючыся на людзей‚ чародкі аленяў. Неспадзявана зьявіўся лось з паламаным рогам і так жа неспадзявана зьнік. Вось паказаўся ланцужок дзікоў – трусілі адзін за адным – і раптам зарохкалі й павярнулі назад, што ёсьць сілы пабеглі. Блізу ўвесь час перад вачыма лаўцоў мітусіліся палахлівыя зайцы – не пасьпявалі адныя схавацца ў гушчар, як замест іх зьяўляліся другія.
Недзе далёка чуўся поклік лясное птушкі. Рэхам адгукаліся іншыя птушкі. Чым даўжэй прыходзілася чакаць, тым цяжэй было стрымліваць сабак‚ яны усё парываліся бегчы‚ аднак сьведамасьць абавязку‚ засвоеная гадамі навука змушалі слухацца й іх. Не брахалі, адылі павізгвалі зь нецяплівасьці, углядаючыся ў лясны прадол. Адтуль, чутны толькі ім‚ але незаўважны для людзкога вуха‚ нёсься таемны шорах. Iм маляваўся поўны гукаў і пахаў сьвет. Для іх гэты нябачны сьвет жыў і чакаў на свой выяў.
Людзей пачала ўжо апаноўваць стома й расчараваньне: гэта ж дарэмна былі прапушчаная нагода пальнуць у лася ці аленя. Але загад княжы быў не страляць‚ пакуль ня стрэліць сам князь. Адно княжы стрэл можа разьвязаць усім паляўнічым рукі.
Сонца ўжо пераваліла далёка за палову свайго шляху. На тым лужку‚ дзе заўчора цікавалі зубра Мікола з бацькам‚ іскрыўся пад касымі касьнікамі промняў разварочаны сьнег‚ з-пад яго выглядалі жаўтлявыя травінкі‚ раскіданыя зубром. Вецярок разьдзьмухаў іх вакол‚ і яны сіратліва трымцелі на сьнезе. Сотня вачэй была прыкавана да таго лужка. Усе глядзелі на адно месца кожны са свае засады. I раптам усе сабакі затурбаваліся й тузануліся ўперад. Шворкі напяліся. Усе выжлы ўпёрліся лапамі ў дол‚ каб быць гатовымі ў любы момант кінуцца на зьвера. Сярод людзей запанавала мёртвая цішыня.
За момант сапраўды пачулася шорганьне й трэск крохкага шарпака. Людзі й сабакі наструніліся. Лавілі ў абсягу свайго зроку кожны рух на лужку. Здавалася, бясконца доўга цягнулася тая хвіліна‚ пакуль зусім зьнячэўку з-за дрэваў высунулася шырокая зь белымі плямамі пыска‚ за ёю вынырнула ўся бурая галава. Зубр выйшаў зь лесу й, стаўшы, пачаў аглядвацца па бакох. Гэта быў той самы зьвер. Мікола абліўся халодным потам – яму здалося, што зьвер глядзіць проста на яго. Хлопец замёр‚ стараючыся стрымаць шалёны дых. Зубр пастаяў хвіліну‚ акінуў блішчастымі вачыма навакольле тога гала й скіраваўся на ўчорашняе месца. Спыніўся‚ яшчэ раз паглядзеў убакі‚ затым пачаў сваім звычаем раскідаць сьнег пад нагамі й пысаю глыбака залазіць пад сьнег. У гэты момант Багдан падаў знак князю‚ і той прыклаў да пляча свой мушкет. Пачуўся аглушальны стрэл‚ запахла гарэлым кнотам. Зубр ледзь скрануўся зь месца‚ зрабіў крок убок і пачаў назіркам цікаваць ўва ўсе бакі‚ як бы гадаючы‚ адкуль яго раптам гэтак укалола.
Апрытомнеўшы ад неўзразумелага здранцьвеньня людзі замітусіліся, з усіх бакоў пачалі ляцець у зьвера бязьлітасныя стрэлы. Як восы, зазьвінелі ў паветры дробныя кулькі. Зьвер пачаў круціцца на адным месцы, шукаючы памутнелым позіркам ворага.
Тут далёка наперадзе выбеглі двое лоўчых, каб нанесьці яму сьмяротныя ўдары. Вочы зьвера наліліся чырвоным гневам‚ і ён з рыкам‚ нібыта навальнічная хмара‚ кінуўся на неабачлівых сьмелякоў. Гэты скок стаў нібы сыгналам – з усіх бакоў на зубра кінуліся людзі зь сякерамі. Двое лоўчых зьніклі за дрэвамі. Не дабегшы да іх, зубр раптам павярнуў на чараду коньнікаў і пасьпеў аднаму каню ўвагнаць свае рогі пад чэрава ды гэтак высака падкінуў яго‚ што коньнік павіс на дубовым вецьці. Конь рунуў вобземлю з растрыбушанымі вантробамі. Тут з бакоў да зубра падбеглі трое зь сякерамі‚ аднаму ўдалося з размаху ўвагнаць вострае зялезіва ў валасяную тушу зьвера. Але другі нязграбна пакаўзнуўся й трапіў пад зубровы капыты. Зубр на хвілю адступіўся, якбы прыцэльваючыся‚ а затым зь сілаю ўбіў рогі ў абмяклае чалавечае цела, высака ўзьняў яго на рагатай галаве‚ зноў скінуў на зямлю й, не зважаючы на наступ лаўцоў і ўкусы сабак, нанова кінуўся да забітага й пачаў таптаць мёртвае цела. Па хвілі чалавека немагчыма было пазнаць – ён ператварыўся ў акрываўлены кусок мяса.
Тым часам зьвер таксама сьцякаў крывёю й відавочна слабеў. Нясьцерпны боль і страта крыві рабілі сваю справу. Вочы яшчэ больш памутнелі й, здавалася, ужо нічога ня бачылі вакол. Зьвер пачаў прыпадаць пярэднімі нагамі на дол. Унурыўшыся ў зямлю‚ ён запыніўся ў нерашучасьці‚ нібы ня чуючы‚ што яму ў азадак учапіліся разьятраныя сабакі‚ а ў бок глыбака між рэбраў увайшоў меч. Сабраўшыся з апошнімі сіламі‚ ён яшчэ раз кінуўся на людзкі натоўп і падбіў пад сябе бліжэйшага дзецюка. Той пасьпеў адно крэкнуць і замёр. Але зубр ужо ня мог весьці няроўнае змаганьне‚ апусьціўся на зямлю. Мікола падбег да зьвера й, ашчаперыўшы аберуч дзіду, удалым рухам ўсадзіў зброю аж на траціну даўжыні паміж лапаткамі. Зьвер апошні раз зацяжна ўдыхнуў носам і зваліўся.
Зараз жа падбеглі людзі. Князь усьміхнуўся Міколу: ты сапраўдны лавец – прачыталася ў княжым позірку. Неўзабаве паляўнічы рог паклікаў вазы. На адзін, запрэжаны двойкаю, пачалі ладаваць здабычу‚ каб везьці ў Гусава. На два другія паклалі забітых.
Пад вечар‚ на сконе дня‚ усё паляваньне на чале з князям увайшло ў Гусава.
–Вязуць‚ вязуць‚ зубра вязуць‚ – крычэлі на ўсё горла гусаўскія хлапцы й дзецюкі. З крыкам і галёканьнем яны беглі побач‚ не спушчаючы вачэй з акалелага ўжо й цяпер зусім ня страшнага зьвера. I бадай што нікога не дзівіла й не цікавіла‚ што на двух другіх вазох везьлі дзьве грудкі чалавечага мяса‚ двух нябожчыкаў‚ якія яшчэ колькі часу таму былі жывымі людзьмі й гэтак жа‚ як і іншыя‚ калаціліся ад жаданьня сустрэцца з магутным гарбуном і даказаць усім сваю сілу й адвагу. Накрытыя дзяружкамі‚ тыя два вазы праехалі незаўважанымі. Гусаўцы згрудзіліся каля воза са зьверам і заглядалі яму ў рот‚ разважаючы пра ўзрост паводле велічыні й стану зубоў. Зь Міколавых рук выпала акрываўленая дзіда. Не зірнуўшы пад ногі, ён пераступіў яе й падаўся прэч. Туды – дзе Лахва, над якою зноў узыдзе сонца.

Публікацыя Л. Юрэвіча й Зьм. Саўкі