Белоруссия и Россия: общества и государства / Ред. Д.Е.Фурман. Москва: Права человека, 1998. 432 с. Наклад 1000.

Кніга гэтая – зборнік дакладаў, прачытаных на канфэрэнцыі ў Маскве (лістапад 1998 г.), – цікавая перш-наперш тым, што дае адказ на пытаньні: ці адбудзецца поўнае зьліцьцё Беларусі з Расеяй, ці выжыве Беларусь як нацыя й як дзяржава? Паколькі пытаньні гэтыя шмат каго цікавяць, а то й трывожаць, варта дэтальна азнаёміцца са зьместам кнігі.
Трэба зазначыць, што загаловак кнігі не зусім адпавядае ейнаму зьместу, у якім значна больш увагі прысьвечана Беларусі, чым Расеі. Яна ўтрымвае не параўнальны аналіз расейскага й беларускага грамадзтваў ды палітычных ладаў, а разгляд фактаў і прычынаў, што стаяць на перашкодзе беларуска-расейскага аб'еднаньня. Ідэю гэтага аб'еднаньня, як адзінагалосна адзначаюць аўтары, і Лукашэнка (а перад ім Кебіч), і Ельцын выкарыстоўваюць не дзеля самога аб'еднаньня, а як прыхватку ў змаганьні за ўладу.
У зборніку 17 артыкулаў. З 18-і аўтараў – 10 працуюць у Менску, 5 у Маскве, 2 у Бірмінгэме (Брытанія), 1 у ЗША. Рэдактар кнігі (ён жа й навуковы кіраўнік маскоўскае канфэрэнцыі) Дмітры Фурман называе лукашэнкаўскі час у гісторыі Беларусі пэрыядам, калі «незалежна ад намераў беларускага прэзыдэнта закладаюцца асновы будучай 'нармальнай' дэмакратычнай Беларусі». [9]* У Расеі, паводле Фурмана, таксама праходзіць працэс «станаўленьня расейскай дэмакратыі». На гэтай аснове Фурман прадбачыць у пэрспэктыве дачыненьні паміж Расеяй і Беларусьсю «накшталт тых, якія існуюць, скажам, паміж ЗША й Канадай». [10] Матэрыялы зборніка амаль адзіназгодна падмацоўваюць Фурманава цьверджаньне.
Вячаслаў Насевіч, разгледзеўшы працэс станаўленьня беларускага этнасу й нацыянальнай ідэі, робіць выснову, што хоць беларуская ідэя ўзьнікла пазьней за нацыянальныя ідэі суседніх народаў, на сучасным этапе ідэя гэтая «жыве й укараняецца». [28] Замацоўваньню беларускай нацыянальнай ідэі, кажа аўтар, спрыяе цяперашняя большая азнаёмленасьць з гісторыяй Беларусі. Георгі Галенчанка свой агляд «шляхоцкай дэмакратыі» ў Вялікім Княстве Літоўскім у ХVІ–ХVIII стст. канчае падсумаваньнем, якое падмацоўвае Насевічава назіраньне:
Калі ганарыцца ў сваёй гісторыі не заваёўніцкімі войнамі й паняволеньнем іншых, а блізінёй грамадзкага ладу мінуўшчыны да сучасных нормаў і каштоўнасьцяў, дык беларусам ёсьць чым ганарыцца. [54]
Расейскі літаратуравед Юры Сураўцаў, шматгадовы дасьледнік літаратураў народаў былога Савецкага Саюзу, у тым ліку беларускай, свой артыкул прысьвяціў пытаньню беларускай культурнай самабытнасьці. Пра беларускую культуру аўтар кажа, што яна «'нацыянальна арыентаваная' на сапраўды дэмакратычны, гуманістычны лад, адчыненая сьвету й патрэбная яму (падкрэсьленьні ў арыгінале – Я. З.). Патрэбная й каштоўная сваім гістарычным дазнаньнем (опытом), сваёй этнакультурнай самабытнасьцю». Дзеля гэтага Сураўцаў заклікае сваіх суродзічаў: «Грамадзкасьць Расеі якраз гэта павінна зразумець, – кажа ён, – Менавіта беларускую самабытнасьць, працэсы, якія мы абазначылі як 'трэцяе нацыянальнае Адраджэньне' – падтрымаць». [79]
Трое аўтараў – Галіна Дракахруст, Юры Дракахруст і Дмітры Фурман, – прасачыўшы «трансфармацыю партыйнай сыстэмы Беларусі», прыйшлі да гэткай фундамэнтальнай і аптымістычнай высновы:
Перш за ўсё адбываецца ўмацаваньне беларускай незалежнасьці й узьнікненьне прывычкі да гэтай незалежнасьці. Гэта адбываецца як чыста натуральным шляхам, паколькі адыходзіць найбольш 'савецкае' пакаленьне й уваходзіць у жыцьцё пакаленьне тых, хто ўжо вырас у незалежнай Беларусі, гэтак і ў выніку парадаксальных наступстваў дзейнасьці самога Лукашэнкі. Цэлая сэрыя шумлівых, але малавыніковых інтэграцыйных спробаў прадэманстравала ўсім, зь якімі рэальнымі цяжкасьцямі зьвязана інтэграцыя, і паступова аб'яднальная ліхаманка заціхае. Узьнікае звычка да асобнае беларускае гісторыі, спароджанае нутранымі прычынамі й нутранымі падзеямі, разуменьне таго, што гісторыя гэтая робіцца не ў Маскве ці Вашынґтоне, а ў Беларусі. У гэтым сэнсе шок, перажыты лідэрамі беларускага Вярхоўнага Савету, калі практычна ўся Расея – і 'дэмакратычная' ўлада ў асобе Ельцына ды Чарнамырдзіна, і апазыцыя ў асобе Зюганава – падтрымала ў імя 'вышэйшых палітычных інтарэсаў' лукашэнкаўскі пераварот ды ўсталяваньне аўтарытарнай сыстэмы, быў шокам 'ацьверажальным' і карысным. І ў нейкай меры гэтае ўсьведамленьне, што Беларусь рэальна – асобная краіна са сваймі праблемамі й са сваёй гісторыяй і нікуды яна не 'падзенецца', пераходзіць у прызнаньне таго, што беларуская незалежнасьць – норма і каштоўнасьць. [142–143]
Вынікамі цікавага дасьледаваньня падзялілася Надзея Яфімава. У артыкуле «Сродкі масавай інфармацыі й праблема нацыянальна-культурнага адраджэньня беларусаў» яна акрэсьлівае якасьці беларускага характару (калектыўнага й індывідуальнага). Апісаньне базуецца на аналізе газэтных матэрыялаў 1992 і 1998 гадоў. Зьмены за пяць гадоў у акцэнтах, хоць і нязначныя, але паказальныя, паколькі яны супадаюць з высновамі бальшыні іншых аўтараў аб паступовым умацоўваньні беларускай дзяржаўнасьці. Калі ў традыцыйным вобразе абстрактнага беларуса, адзначае Яфімава, пераважаюць «пасіўныя» рысы характару (талерантнасьць, памяркоўнасьць, сьціпласьць, дабрыня), дык у пераліку маральных адзнакаў паасобных людзей на галоўнае месца выходзяць такія якасьці, як сьмеласьць, рашучасьць, адказнасьць, энэргічнасьць, энтузіязм, і гэтыя рысы паступова пашыраюцца на апісаньне нацыі ў цэлым. Інакш кажучы, у прэсавых матэрыялах апошніх год завастраецца ўвага на асабістых якасьцях, якія паступова экстрапалююцца на характар нацыянальны. [180] Як і пяць гадоў таму, зазначае дасьледніца, «героямі» прэсы выступаюць часьцей за ўсё прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі – пісьменьнікі, дзеячы мастацтва. Зь імі зьвязваюцца спадзевы на нацыянальнае адраджэньне. [182–183] Грунтоўна разгледжаныя ў артыкуле Алега Бухаўца й Д.Фурмана «электаральныя паводзіны» беларускіх рэгіёнаў. Апісваючы беларускі «палітычны рэльеф», аўтары адзначаюць асаблівую ролю сталічнага Менску, дзе сканцэнтраваныя «адукаваныя, маладыя й багатыя» («менскі фактар»):
Сіла антысаветызму й заходніцтва штурхае менчукоў, жыхароў найменш беларускага гораду, да ідэі незалежнай Беларусі, да нацыянальнае дзяржавы паводле заходняе мадэлі, і гэтая сіла аказваецца куды важнейшай, чымся, прыкладам, факт няведаньня беларускае мовы. Відавочна, гэта ў некаторай ступені нават важней, чым фактар нацыянальнасьці, бо, як мы ведаем па шмат якіх выніках галасаваньняў і апытаньняў, расейцы ў 'заходніх' рэспубліках (прыбалтыйскіх і на Ўкраіне) вельмі часта выказваліся й галасавалі за незалежнасьць, г. зн. за тое, каб самым апынуцца не ў Расеі, а 'за мяжой'. [205–206]
Тут трэба зазначыць, што гэтае параўнаньне Беларусі з Прыбалтыкай і Ўкраінай ня ўлічвае асаблівасьці беларускіх расейцаў, больш імпэрыялістычных і агрэсіўных у дачыненьні да «памяркоўнае» беларушчыны, якую яны лічаць не дарослай да дзяржаўнасьці. І так, як камуністычныя партыі ў Прыбалтыцы й на Ўкраіне (у Прыбалтыцы больш, на Ўкраіне менш) адзначаліся нацыянальна сьведамым элемэнтам, гэтак і расейцы там больш прыміраныя з нацыянальна-дзяржаўніцкімі асьпірацыямі тытульных народаў. УБеларусі ж і камуністы, і расейцы, і маса «тоже-белорусов» заражаныя мацнейшым імпэрскім вірусам і спараліжаваныя няздольнасьцяй уявіць сабе існаваньне Беларусі асобна ад Расеі.
Бухавец з Фурманам робяць асьцярожную спробу прадказаць будучыню. Яны пішуць:
І ў Беларусі, і ў Расеі, і на Ўкраіне сацыяльная база дэмакратыяў няўхільна будзе пашырацца, і дэмакратычныя інстытуты ў канчальным выніку – разьвівацца ды ўмацоўвацца, нават нягледзячы на адступленьні дэмакратыі накшталт таго, што адбылося ў Беларусі пры Лукашэнку, якія ў канчальным падліку – толькі эпізоды на шляху да дэмакратыі. Але разьвіцьцё дэмакратыі ў нашых трох краінах будзе ісьці па розных рэчышчах, якія будуць вызначаныя іхнымі рознымі 'палітычнымі рэльефамі'. [221]
Дасьледнікі прадказваюць новыя палітычныя крызісы ўва ўсіх трох дзяржавах. Што да Беларусі, дык ейны крызіс яны прадбачаць «хутчэй за ўсё ў вострай і хвараблівай форме». [222] Тым ня менш, кажуць Бухавец і Фурман,
зьмены, бясспрэчна, адбываюцца, хоць і павольна, і адбываюцца ў дэмакратычным кірунку. Самыя дынамічныя й пэрспэктыўныя сілы Беларусі, перш за ўсё адукаваная моладзь, – у апазыцыі да Лукашэнкі, а ягоная сацыяльная база – неадукаваныя й старыя людзі – натуральна звужаецца. [222]
Два матэрыялы ў зборніку прысьвечаныя Лукашэнку. Валеры Караблевіч разглядае «шлях Лукашэнкі да ўлады». Аўтар зазначае, між іншага, што выбаршчыкі, галасуючы за Лукашэнку, галасавалі ня гэтулькі за аб'еднаньне з Расеяй, колькі за рэстаўрацыю Савецкага Саюзу.
Аляксандар Фядута дае «штрыхі да псыхалягічнага партрэту» беларускага аўтакрата. З абодвух артыкулаў паўстае перад чытачом вобраз апантанага фанатыка ўлады, таленавітага імправізатара, валявога, энэргічнага дэмагога, які адзначаецца выдатнай інтуіцыяй і разуменьнем настрояў свайго электарату. Абодва аўтары даюць падставу меркаваць, што Лукашэнка прыйшоў да ўлады сапраўды «ўсур'ёз і надоўга». Адсюль напрошваецца выснова: зводзіць крытыку на адрас Лукашэнкі да лаянкі й кпінаў, а таксама тлумачыць цяжкасьці й няўдачы беларускага адраджэньня галоўна інтрыгамі расейскіх спэцслужбаў – гэта толькі перашкаджаць разуменьню патрэбы карпатлівай палітычна-адукацыйнай працы сярод насельніцтва ў маштабах малых групаў, на мясцовым узроўні, асабліва з маладзейшымі выбаршчыкамі.
Алег Манаеў у артыкуле пра Лукашэнкаў электарат дае дэтальны аналіз апытаньня грамадзкае думкі й робіць выснову, што ў гэтым электараце пераважаюць неадукаваныя сельскія людзі ды жыхары ўсходніх вобласьцяў рэспублікі зь некаторай перавагай жанчын. Манаеў адзначае адну з парадаксальных характарыстык Лукашэнкавага электарату. Парадокс у тым, што электарат гэты «хутчэй беларускамоўны, чым расейскамоўны». [280] На «сацыяльнай фатаграфіі», паводле Манаева, пераважае Лукашэнкаў «клясычны» выбаршчык:
Магілеўскі ці гомельскі калгасьнік-пэнсіянэр (часьцей нават жанчына-калгасьніца), з асьветай да 8 клясаў, які гаворыць па-беларуску ці на 'трасянцы', паўбеларуска-паўрасейскай, вельмі бедны, які ледзь зводзіць канцы з канцамі, з настальгіяй прыгадвае савецкія парадкі, баіцца рынкавых рэформаў і ня любіць новых бізнэсмэнаў, спадзяецца на інтэграцыю з Расеяй і мае цьмяныя страхі перад Захадам ды ўсялякага роду вонкавымі й нутранымі ворагамі. [289]
Антыподам гэтаму «клясычнаму» лукашэнкаўцу, «амаль несумненна супраціўны прэзыдэнту» – «малады адукаваны мянчук, які актыўна ўдзельнічае ў прадпрымальніцтве, гаворыць па-расейску, прыхільнік незалежнасьці Беларусі й арыентаваны на Захад». [289]
Гэтыя два супрацьлеглыя тыпы выбаршчыка, адзначае дасьледнік, не вычэрпваюць «сацыяльнага партрэту беларускага электарату». Паміж імі ёсьць цімала прамежкавых тыпаў. Гэтак, за Лукашэнку гатовая аддаць свае галасы чвэрць людзей з вышэйшай адукацыяй, больш за траціну з высокім матэрыяльным дабрабытам, амаль пятая частка прыхільнікаў рынкавай эканомікі й больш за 40% прыхільнікаў незалежнасьці Беларусі. [289]
Былы судзьдзя Канстытуцыйнага Суда РБ Міхаіл Пастухоў у артыкуле аб прававой сыстэме Беларусі паказвае, наколькі палітыка прэзыдэнта Лукашэнкі й ягоныя рэфэрэндумы, дэкрэты ды ўказы ў сфэры грамадзянскіх правоў і свабоды чалавека пярэчаць і Канстытуцыі краіны, і міжнародным актам.
Ірына Селіванава, разглядаючы расейска-беларускую эканамічную інтэграцыю ды ейны ўплыў на разьвіцьцё эканомікі Беларусі, кажа, што для Расеі інтэграцыя мае перш-наперш «геапалітычнае» значэньне. [317] І, трэба дадаць, геастратэгічнае. Бо толькі гэтым можа тлумачыцца расейскае эканамічнае донарства, пра якое піша аўтарка. [324, 335] Рэч у тым, што 42% расейскага гандлёвага абароту прыпадае на Захад, а з гэтага абароту 70–80% ідзе транзытам празь Беларусь. Гэты эканамічны фактар спалучаны, бясспрэчна, з ваенна-абаронным значэньнем Беларусі для Крамля. Гэтая акалічнасьць надае нездаровы характар эканамічнаму разьвіцьцю Беларусі, на што зьвяртае ўвагу дасьледніца. Залежнасьць беларускае эканомікі ад расейскага рынку непамерна вялікая: калі ў замежным гандлі Беларусі на долю Расеі прыпадае 55%, дык для Расеі Беларусь – невялікі партнэр, бо ў расeйскім гандлёвым абароце на Беларусь прыпадае ўсяго 4%. [319]
Гаворачы пра павольныя тэмпы прыватызацыі ў Беларусі, Селіванава адзначае цікавы факт. Беларускія ўлады, кажа яна, з мэтай захаваньня кантролю над сытуацыяй, «адсеклі расейскі капітал ад удзелу ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў» [330] (за выняткам прадпрыемстваў нафтапрамысловасьці). Дасьледніца зазначае аднак, што ў Беларусі «аб'ектыўна ўсё ж адбываецца рух да рынку». [337] У сувязі з празьмернай арыентацыяй беларускага экспарту на Расею, Селіванава кажа, што расeйскі рынак не бясконцы, і з гэтага робіць выснову: Беларусі для пасьпяховага разьвіцьця трэба арыентавацца на Захад. Інтэграцыя ж у сусьветную эканоміку вымагае мадэрнізацыі, якое нельга правесьці без удзелу замежнага капіталу й заходніх тэхналёгіяў. Што ж да цяперашняга курсу на інтэграцыю з Расеяй, дык гэта, на думку дасьледніцы, «часовы й пераходны пэрыяд». [334] Ненатуральнасьць дасюлешняй беларуска-расeйскай інтэграцыі відавочная з таго, што, прыкладам, з 1300 падпісаных прававых актаў 90% ня дзейнічаюць. [335]
Найцікавейшы ў кнізе артыкул выйшаў з-пад пяра Ю.Дракахруста й Д. Фурмана – «Пэрыпэтыі інтэграцыі (Разьвіцьцё працэсу беларуска-расейскага аб'еднаньня)». Аўтары робяць экскурс у масавую сьведамасьць расейцаў (для якіх Беларусь ня ў цэнтры ўвагі) і беларусаў (увага якіх сканцэнтраваная на Расеі). Тым ня менш, за гады савецкае ўлады ў беларускай масавай сьведамасьці замацаваўся факт існаваньня беларускай дзяржавы:
Беларуская масавая сьведамасьць проста хоча саюзу з Расеяй пры захаваньні сувэрэнітэту й пры непашырэньні на Беларусь расейскіх парадкаў. [360]
Беларускі сувэрэнітэт ня толькі найвышэйшая каштоўнасьць для апазыцыйнае меншыні, але й поўнасьцю рэальная каштоўнасьць для бальшыні беларусаў, у тым ліку прыхільнікаў Лукашэнкі й аб'еднаньня. [358]

Аўтары спасылаюцца пры гэтым на грамадзкую думку, выказаную ў 1997 годзе. На пытаньне «Ці лічыце Вы, што Беларусь павінна быць незалежнай сувэрэннай дзяржавай?» адказалі «так» 85,4%. Пры гэтым 45,4% зь іх падтрымваюць Лукашэнку і гатовыя галасаваць за яго. [358] У артыкуле пададзеныя некалькі выказваньняў самога Лукашэнкі пра ягоны намер захаваць сувэрэнітэт і незалежнасьць рэспублікі. [344, 348, 349, 351]
Лукашэнка, кажуць аўтары, імкнецца спалучыць неспалучальнае – нацыянальную незалежнасьць і падпарадкаванасьць Маскве. Адсюль ідзе й палітычны гратэск, у якім галоўную ролю выконвае беларускі прэзыдэнт. Як Селіванава пра эканамічную інтэграцыю, Дракахруст і Фурман кажуць, што палітычная інтэграцыя падыходзіць да канца, бо яна вычарпала сябе. Паколькі, аднак, яна выгадная для абодвух прэзыдэнтаў, яна будзе працягвацца, «але, відавочна ўсё-ткі, больш вяла». [365] Хоць на далейшую пэрспэктыву аб'eднаньне Беларусі з Расеяй бачыцца ім як «нерэальнае», [367] паколькі на чале дзьвюх дзяржаваў стаяць аўтарытарныя прэзыдэнты, а «аўтарытарная ўлада немагчымая без сувэрэнітэту». [366] «Адмовіцца ад свае дзяржаўнасьці, ад самых сябе, – кажуць аўтары, – беларусы ня хочуць і цяпер, і тым больш ня будуць хацець праз 20 гадоў». [367] А варыянт будучыні, пры якім Лукашэнка мог бы стацца прэзыдэнтам аб'еднанай беларуска-расейскай дзяржавы, дасьледнікі называюць «паўфантастычным». [365]
Дасьледнікі зь Бірмінгэмскага Ўнівэрсытэту, Марк Нордбэрґ і Тарас Кузё, правялі параўнальны аналіз нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва на Ўкраіне й у Беларусі. Украіна ў іх выглядае далёка паперадзе свае паўночнае суседкі. Беларусь, зазначаюць аўтары (пярэчачы пры гэтым апытаньню беларускае грамадзкае думкі, на якое спасылаюцца вышэй Дракахруст і Фурман), «ня вельмі зацікаўленая ў незалежным статусе». [390] Са спасылак Нордбэрґа й Кузё відаць, што іхная азнаёмленасьць зь беларусаведнымі публікацыямі абмежаная, чым тлумачыцца супярэчнасьць паміж, з аднаго боку, іхнымі меркаваньнямі ды, з другога боку, зь некаторымі фактамі ды высновамі іншых аўтараў зборніка.
У артыкуле «Камуністычныя партыі Расеі, Украіны й Беларусі (Марныя пошукі адзінства ў разнастайнасьці)» Джоан Барт Урбан паказвае ідэйны й арганізацыйны разлад сярод камуністаў трох дзяржаваў ды робіць выснову: «вельмі малапраўдападобна, што постсавецкія камуністычныя рухі ў Расеі, на Ўкраіне й у Беларусі калі-небудзь аб'яднаюцца ў згуртаваную маналітную арганізацыю тыпу КПСС». [411]
І ў апошнім матэрыяле зборніка, «Надзеі й страхі расейскіх палітыкаў (Дыскусія аб расейска-беларускім саюзе)» Валеры Салавей, экспэрт маскоўскага Гарбачоў-фонду, адцеміўшы, што ніводная значная палітычная партыя Расеі не выступала публічна супраць расейска-беларускага збліжэньня – гутарка вялася толькі аб непажаданым аб'еднаньні зь Беларусьсю лукашэнкаўскай, [417] канстатуе каньюнктурна-палітычны характар «аб'яднальных» мерапрыемстваў:
[Прэзыдэнт Ельцын] выцягнуў зь ініцыятывы з саюзам амаль усё, што мог, як у вонкавапалітычнай сфэры, гэтак і ў нутраной палітыцы; больш гэты саюз станавіўся яму непатрэбны й, мяркуючы паводле далейшага разьвіцьця падзеяў, нават назаляў. [...] У ідэі саюзу было й ёсьць цімала прыхільнікаў і спагаднікаў у расейскай палітычнай клясе, як сярод тае ейнае часткі, якая традыцыйна імкнулася да ўлады, гэтак і сярод апазыцыі, аднак эфэктыўнага й дзеяздольнага суб'екту інтэграцыі ў Расеі ня выявілася. Без апошняе ўмовы, якая носіць абавязкавы характар, тэма беларуска-расейскага збліжэньня, бясспрэчна, застанецца ў арсэнале расейскай палітыкі й будзе яшчэ няраз выкарыстоўвацца, але баржджэй як цар-гармата, якую паказваюць, але якая не страляе. [428–429]
Галоўнае ўражаньне, якое застаецца па прачытаньні кнігі – гэта рост шанцаў Рэспублікі Беларусь выйсьці са спачатнага стану разгубленасьці ды хістаньня адносна свайго дзяржаўнага будаўніцтва й упэўнена стаць на шлях дэмакратыі й незалежнасьці. У працэсе гэтага росту й умацаваньня нацыянальная мова застанецца вельмі важным фактарам, але не адзіным. Істотную ролю будуць адыгрываць эканамічныя інтарэсы рэспублікі, гістарычная памяць ды арыентацыя на дэмакратычныя вартасьці й шырэйшыя кантакты з заходнім сьветам, дзе ў фармаваньні палітычнага ладу ўсё большае значэньне надаецца палітычным ідэалам, а ня толькі этнічным пачаткам.

др.Янка Запруднік