Васіль Захарка

ГАЛОЎНЫЯ МОМАНТЫ БЕЛАРУСКАГА РУХУ

Праца старшыні Рады Беларускае Народнае Рэспублікі (1928–1943) Васіля Захаркі «Галоўныя моманты беларускага руху», напісаная ў Празе ў 1926 годзе, цалкам публікуецца ўпершыню (невялікія ўрыўкі зьмяшчаліся ў нью ёрскай газэце «Беларус», менскім часапісе «Спадчына» [1997. №5], частка – у перакладзе на ангельскую мову – была ўключаная ў кнізе «Byelorussian Statehood» [New York, 1988]). У І частцы аўтарам зробленая спроба выявіць асноўныя этапы ў старажытнай гісторыі Беларусі, якія былі, на ягоную думку, найбольш важнымі з пункту гледжаньня беларускае незалежнасьці. Некаторыя інтэрпрэтацыі, цьверджаньні й высновы аўтара могуць выклікаць у сучаснага чытача як найменш, пярэчаньні. Аднак варта ўлічыць, што гэтая праца – твор свайго часу, у структурных адносінах – кампіляцыя з даступных аўтару крыніцаў.
У ІІ і ІІІ частках падаецца палітычная гісторыя Беларусі з часоў пасьля Лютаўскае рэвалюцыі й да 1926 году. Аўтар быў сучасьнікам, а нярэдка й актыўным удзельнікам, творцам разгледжаных падзеяў. Таму цяжка пераацаніць значэньне гэтай часткі працы. Нягледзячы на контравэрсійнасьць і пэўны суб’ектывізм цьверджаньняў аўтара, мы вырашылі надрукаваць працу ў поўным аб’ёме, каб чытач меў магчымасьць пазнаёміцца зь ёю як з цэласным творам, які дае ўяўленьне ня толькі пра апісаныя падзеі, а таксама й перадае дух часу й выразьней абмалёўвае асобу самога аўтара.
Мова ісьніка пакінутая без істотных зьменаў.
Выказваем падзяку Беларускаму Музэю й Бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане ў асобе апостальскага візытатара для беларусаў айца Аляксандра Надсона за дазвол надрукаваць рукапіс, а працаўніку Музэю й Бібліятэкі Ігару Іванову за дзейнае спрыяньне публікацыі.
Рэдкалегія

ЧАСТКА І

Гісторыя старадаўніх асобных беларускіх княстваў: Полацкага, Смаленскага, Тураўскага й іншых, як і гісторыя былога Вялікага Княства Руска-Літоўскага, ці, правідловей сказаць, Беларуска-Літоўскага, вам больш-менш вядома, дзеля гэтага я затрымаюся толькі на найбольш важных этапах жыцьця Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага, як тагачаснай дзяржавы, у пэўным сэнсе слова аб'яднаўшай ад 1395 г. усе беларускія землі.
Аснова Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага была паложана ў 1235 г. Керноўскім князем Міндоўгам, сынам Рынгольда.
Асноўным асяродкам, каля якога складалася Беларуска-Літоўскае княства, была Чорная Русь, зь местамі: Навагрудкам, Зьдзітавам*, Слонімам і Ваўкавыскам. Больш моцнае аб'еднаньне літоўскіх і беларускіх зямель і ўзмацаваньне Беларуска-Літоўскага гаспадарства адбылося пры патомках Лютвара, сыны якога: Вітэнь (1293–1316) і Гэдымін (1316–1341), былі сапраўднымі заснавапаложнікамі магутнасьці Беларуска-Літоўскай дзяржавы.
Галоўная моц Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага складалася галоўным чынам зь беларускіх зямель, беларускага народу, беларускай культуры, з панаваньнем дзяржаўнай беларускай мовы.
Усё гэта разам узяўшы, гаворыць за тое, што Вялікае Княства Беларуска-Літоўскае зьяўляецца Беларускай дзяржаваю зь літоўскай дынастыяю.
У пэрыяд Альгерда (1345–1377) і Вітаўта (1392–1430) Вялікае Княства Беларуска-Літоўскае было мацнейшым і культурнейшым сярод сваіх суседзяў і зьяўлялася магутнейшым гаспадарствам Эўропы. Вітаўт нават імкнуўся падпарадкаваць сабе як Маскву, так і Варшаву (Турцэвіч 1892 г., Батюшков 1890 г. і В. Ратч).
Прафэсар А. Б. Антановіч у сваёй манаграфіі па гісторыі Заходняй і Поўдзень-Заходняй Расеі (том ІІІ, Кіеў, 1885), сілу Беларуска-Літоўскага Вялікага Княства падмацоўвае фактамі:
У 1325 г. Беларуска-Літоўскі вялікі князь Гедымін і кароль польскі Ўладыслаў Лакотак заключылі вайсковы саюз супраць крыжакоў і ў 1331 г. разьбіваюць іх пад Полаўцамі.
У 1362 г. вялікі князь Альгерд выганяе з Кіеўшчыны й Падольшчыны татар, панаваўшых там з 1240 году, і прылучае гэтыя землі да свайго княства.
У 1368 г. Альгердам была ўзята Масква, у якой княжыў Дзьмітры Іванавіч. Альгерд прастаяў трое сутак у Крамля й, не жадаючы браць яго, адышоў назад.
У 1370 г. Масква зноў была абложана й пасьля перамірра, застаўлена Альгердам. Вайна за Валынь паміж вялікім князем беларуска-літоўскім Альгердам і каралём польскім Казімірам цягнулася шэсьць гадоў, з 1349 г. па 1356 г., калі палякі зусім былі выгнаны з Валыні. Пасьля гэтага яшчэ два разы падымалася вайна за Валынь, аднак з 1370 г. Валынь аканчальна засталася за Беларуска-Літоўскай дзяржавай.
Вялікі князь Вітаўт (1392–1430) пашырыў і падняў яшчэ на большую вышыню Беларуска-Літоўскае Княства. Паміж іншым, неабходна адзначыць, што пад яго кіраўніцтвам была разьбіта пад Грунвальдам армія тэўтонскіх рыцараў. Зь ліку 83 тысяч арміі рыцараў 40 тыс. было забіта й 15 тысяч забрана ў палон са ўсім абозам. Як ведама ў гэтай бойцы найбольш адзначыліся адважныя беларускія палкі, асабліва ж смаленскія дружыны.
Ня меншай славы дасягнулі нашы продкі й на культурным сваім шляху. Да заняпаду, а затым да сьмерці давёў Беларуска-Літоўскае Княства Ягайла й Ягелоны – яго насьледнікі.
Па сьмерці Альгерда (1377 г.) вялікім князем беларуска-літоўскім быў абвешчаны яго сын Якуб-Ягайла, аказаўшыся надзвычайна амбітным, крывадушным і несправядлівым.
Пасьля Людвіка Вэнгерскага, памёршага ў 1382 г. без наступніка, у Польшчы настала даўгачаснае бескаралеўе, даўшае мажлівасьць прэлатам і шляхце стаць поўнымі гаспадарамі ў гаспадарстве. Нарэшце на каралеўскі стол была пасаджана недарослая дачка нябожчыка караля Людвіка Вэнгерскага Ядвіга.
Прэлаты й шляхта трымалі ў сваіх руках каралеву й, як у сваіх, так і дзяржаўных інтарэсах Польшчы, прымусілі яе адмовіцца ад шлюбу з прынцам аўстрыяцкага дому й выйсьці замуж за нялюбага ёй вялікага князя беларуска-літоўскага – Ягайлу.
Садзячы на польскі стол Ягайлу, прэлаты й шляхта ўзялі ад яго пацьверджаньне ўсіх сваіх правоў і вольнасьцяў, пасьля чаго сталі ўплываць ня толькі на польскае каралеўства, але й на Вялікае Княства Беларуска-Літоўскае.
Ужо ў 1385 г., пры заручынах зь Ядвігаю, Ягайла выдаў палякам пісьмовы забавязак аб'яднаць Беларусь і Літву з Польшчай.
Як вынік гэтага на зьезьдзе ў Ваўкавыску, Гродзенскай губэрні, у 1386 г. былі пастаўлены гэтакія варункі аб'еднаньня Беларуска-Літоўскага Княства з Польшчай: у той і другой дзяржаве будзе вярхоўны кароль Ягайла, будуць агульныя загранічныя зносіны й агульная барацьба супраць усякага ворага.
З Ваўкавыска Ягайла з блізкімі князю баярамі адбыў у Люблін, на польскі сойм, дзе й быў абраны польскім каралём.
15 лютага 1386 г. адбылася ў Кракаве яго каранацыя й пераход з праваслаўя ў каталіцтва, прычым замест праваслаўнага імені Якуб, ён быў названы Уладыславам. Разам зь ім прынялі каталіцтва й некаторыя баяры.
Ад гэтага часу пачынаецца разьдзел адзінаверра беларускага народу й рэлігійная барацьба паміж ім.
Паставіўшы Беларуска-Літоўскае Княства на шлях акаталічаньня, апалячаньня й аб'еднаньня з Польшчай, Ягайла ўзяў ад удзельных князёў прысяжныя лісты на вернасьць сабе й польскай кароне, й выехаў у Польшчу, а дзеля кіраваньня Вялікім Княствам Беларуска-Літоўскім пакінуў намесьніка, свайго брата Скіргайлу-Івана. Небясьпека захопленьня Польшчай Беларуска-Літоўскага Княства была на некаторы час адбіта Вітаўтам, сынам Кейстута, які выгнаў у 1392 г. Скіргайлу й стаў самастойным гаспадаром Княства.
Па сьмерці Вітаўта (1430 г.) на вялікакняскі стол быў абраны брат Ягайлы, Сьвідрыгайла-Леў, які таксама стаў кіраваць княствам самастойна, але не надоўга. У 1432 г., пры дапамозе палякаў, Сьвідрыгайла быў скінуты зь вялікакняскага стала малодшым братам Вітаўта, Зыгмунтам Кейстутавічам, фанатычным католікам, увёўшым пад уплывам ксяндзоў сьвяшчэнную інквізыцыю на 43 гады раней гішпанскай (Батюшков, стр. 117–120)
Само сабой разумеецца, што такога князя не магло цярпець праваслаўнае жыхарства. Будучы ня ў сілах адкрыта скінуць яго, абараняемага польскай вартай, незадаволеныя зрабілі патаемны за гавор.
У 1440 г. удзельны князь чартарыйскі, пры дапамозе свайго супрацоўніка Скабойкі, забіў Зыгмунта ў месьце Троках.
Па сьмерці Зыгмунта вялікім князем быў абраны Казімір Ягайлавіч (1440–1492), які потым (1445) быў абраны каралём польскім.
Нягледзячы на тое, што кароль Казімір забавязаўся зьберагчы гістарычныя граніцы Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага, не дарыць палякаў маёнткамі й абсаджваць службу толькі мяйсцовымі людзьмі, Беларуска-Літоўскае Княства паступова залюднялася палякамі, акаталічвалася й апалячвалася.
Аслабеўшы ў вайне з Масквой за Лівонію, пачаўшайся ў студзеню 1563 г., Вялікае Княства Беларуска-Літоўскае ўжо ня мела сілы самастойна адбівацца ад Масквы й Варшавы. Пагрозы й войны Масквы прымушаюць Вялікае Княства рабіць уступкі за ўступкамі Варшаве.
Пашыраны такім чынам польскі ўплыў даводзіць княства ў другой палове ХVI века да цэлага шэрагу велізарнейшых перамен, цяжка адбіўшыхся на ўсім жыцьцю Вялікага Княства й падарваўшых як яго самастойнасьць, так і гаспадарчую моц. У 1563 г. вялікі князь беларуска-літоўскі й кароль польскі Зыгмунт ІІ, будучы бязьдзетным, адрокся на карысьць Польшчы ад сваіх правоў на Вялікае Княства Беларуска-Літоўскае.
У 1564 г. дазволена было палякам здабываць маёмасьць у Вялікім Княстве Беларуска-Літоўскім.
Запаланіўшы княства, польскія паны, у сілу рэлігійных прывілеяў, паступова выціскаюць зь дзяржаўных устаноў праваслаўнае беларускае баярства й палянізуюць вясковае жыхарства, карыстаючыся паншчынай.
У 1565 г. былі дапушчаны ў Княства езуіты, якія, пры дапамозе польскіх і акаталічаных беларускіх і ўкраінскіх паноў, страшэнна пасілілі ўціск праваслаўнага жыхарства ў краі.
У 1569 г. на Сойме ў Любліне прымусова накідаецца Вялікаму Княству Беларуска-Літоўскаму палітычная вунія з Польшчаю, падарваўшая, а затым зусім згубіўшая Вялікае Княства разам з Польшчаю.
У 1596 г. таксама прымусова накідаецца Вялікаму Княству Берасьцейская рэлігійная вунія, аканчальна разарваўшая адзінства беларускага народу й давёўшая да страшэннай рэлігійнай барацьбы між сабою.
Да чаго даходзіў фанатызм, можна бачыць хоць бы з таго, што за сто гадоў да першага падзелу Польшчы, на выбарчым сойме 1669 г., было пастаноўлена караць сьмерцю адступнікаў ад каталіцтва (М. Гаккебуш. Об автономiи Польши. 1906 г.). Толькі ў 1766 г. дазволена праваслаўным адпраўляць свае набажэнствы й хаваць на магілках нябожчыкаў (М. Любавскiй. Исторiя западных славян. Москва, 1918 г., стр. 322 і 333).
Нарэшце, у 1697 г. адмяняеца беларуская і ўводзіцца польская мова ў судох і іншых установах Вялікага Княства.

Казацкія паўстаньні

«Шляхціч выяўляўся магутным, многааблічным баством: дзеля сялян ён быў каралём, гетманам, судзьдзёю, жыцьцядаўцам і катам. Селянін стаў рэччу, за зьнішчэньне якой валадар-шляхціч не падпадаў ніякай адказнасьці да 1768 г. Ня дзіва, што гэта выклікала беларускае і ўкраінскае жыхарства на адкрытую барацьбу зь пякельным польска-каталіцкім уціскам» (М. Гаккенбуш, тамжа). У 60-х гадох ХVI сталецьця зьявілася «Сеч запарожская», выступіўшая супраць Польшчы. Узросту казацтва значна памаглі ўкраінскія вяльможы: Вішнявецкія, Рашынскія, Збароўскія й інш. і нават сам кароль Зыгмунт ІІІ, набраўшы й вадзіўшы казакоў на Маскоўскае гаспадарства.
Узмацаваўшыся, казакі, апрача нападаў на татар і турак, выступілі супроць палякаў і асабліва шляхты.
Найбольшае спачуцьцё да казакаў выклікала на Беларусі пачаўшаяся ў 1648 г. вайна Багдана Хмяльніцкага з палякамі.
Першы, прынёсшы на Беларусь заклік да вызваленьня, быў шляхціч Галавацкі, залажыўшы беларускае апалчэньне каля Старадуба і ўзварушыўшы Беларусь. Хоць ён хутка выйшаў, але пабыт яго пакінуў глыбокі сьлед.
Паўстаньне на Беларусі пашыралася зь вялікай шпаркасьцю. Сяляне, падаграваемыя паўстаньнем Хмяльніцкага, аб'ядналіся ў многалікія атрады пад кіраўніцтвам атаманаў: Нябабы, Няпаліча, Хвеська, Міхняка, Крывашапкі й Гаркушы й агнём і мячом зьнішчылі сваіх ворагаў. Народ настолькі спрыяў гэтым паўстаньням, што на чэсьць казакоў складаў песьні, якія пяюць на Беларусі й да гэтай пары.
Багдан Хмяльніцкі многаразова біў палякаў, але на жаль у 1651 г. быў разьбіты палякамі пад Берастэчкам на Валыні.

Маскоўска-польскія войны

У 1653 г. Хмяльніцкі падпадае пад абарону маскоўскага цара. Вынікам гэтага была вайна Аляксея Міхайлавіча з Польшчаю: першая ў 1655 г., а другая – 1660–1667 гг.
У час другой вайны, пасьля сьмерці Хмяльніцкага (1657 г.) паміж маскоўскімі войскамі з аднаго боку і ўкраінскім казацтвам (палкоўнік Паклонскі) з другога, паўстаў цэлы шэраг непаразуменьняў, прымусіўшых казацтва адмовіць маскоўцам у помачы.
Беларускае жыхарства адразу стала на старану казакоў і таксама выступіла супраць Масквы, пры чым жыхарства Магілёва нават зьнішчыла ўвесь маскоўскі гарнізон (Батюшков, 1890, стр. 292).
На Беларусі ўсё часьцей і часьцей сталі паўтарацца няўдачы маскоўцаў, якія трацілі адзін за другім занятыя гарады й адыходзілі да Дняпра.
Змучаныя доўгатрываласьцю вайны, Масква й Польшча падпісалі ў 1667 годзе ў Андрусаве перамірра на 13 з палавінай гадоў. Па гэтаму перамірру Масква атрымала ваяводзтвы: Смаленскае, Чарнігаўскае й на два гады Кіеў з ваколіцамі на працягу аднае мілі.
Пасьля Андрусаўскага міру больш не было вайны паміж Масквой і Польшчай.
Фактычна Польшча ўжо й не магла ваяваць. Разбэшчанасьць, сваркі й прадажнасьць польскай шляхты давялі Каралеўства да поўнага заняпаду й анархіі.
Суседнія дзяржавы: Расея, Прусія й Аўстрыя – сталі распараджацца ў Польшчы, як у сябе дома, і нарэшце падзялілі яе паміж сабою.
У выніку трох падзелаў Польшчы: 1772, 1793 і 1795 гг. усе беларускія землі адышлі да Расеі.
Такі чынам, за руку каралеўны Ядвігі, Беларусь і Літва заплацілі рэлігійным расколам свайго народу, стратай дзяржаўнай незалежнасьці й няволяй спачатку польскай, а потым маскоўскай.

Польскія паўстаньні

Што ж здарылася пасьля падзелу Польшчы й як гэта адбілася на Беларусі?
Падзел Польшчы выклікаў тры паўстаньні: 1794, 1830 і 1863 гг., у якіх прымаў удзел і беларускі народ.
Паўстаньне 1794 г., ці «Паўстаньне Касьцюшкі» (Касьцюшка паходзіць зь беларускай шляхты Слонімскага павету, Гродз. губ.) задумана яшчэ было ў часе Гродзенскага «Маўклівага Сойму» ў 1793 годзе, «санкцыянаваўшага» другі падзел Польшчы. Пачатак гэтаму паўстаньню быў паложаны 23 сакавіка 1794 г. у Кракаве прысягай польскага войска Касьцюшцы, як найвышэйшаму начальніку ўзброеных сіл Польшчы.
4 красавіка пад Рацлавіцамі Касьцюшка разьбіў 5000 расейскага войска, атрада генэрала Дзянісава. Пабеда гэта зрабіла вялікае ўражаньне, і паўстаньне стала раптоўна распаўсюджвацца па ўсяму краю.
У ноч з 17 на 18 красавіка жыхарства Варшавы, злучыўшыся з польскім войскам, напала на расейскіх салдат. Зь ліку васьмі тысяч расейскага гарнізона – дзьве тысячы было забіта й 1500 забрана ў палон, рэшта ўцякла разам з пасланьнікам Шгельстормам.
Падобны напад праз пяць дзён адбыўся ў Вільні. Паўстаньне ў Вільні хутка было прыпынена й далейшага пашырэньня ў Беларусі не атрымала.
Паўстаньне 1830 г. паднялося з прычыны недатрыманьня канстытуцыі Царства Польскага, падпісанай імпэратарам Аляксандрам І, а таксама з прычыны адказа наступніка Аляксандра І і брата яго Мікалая І падтрымліваць у палякаў ідэю далучэньня да Польшчы Літвы й Беларусі. У лісьце да свайго брата Канстантына (намесьнік Царства Польскага) цар Мікалай ІІІ пісаў: «Я павінен быў бы перастаць быць рускім у сваіх уласных вачох, калі б уздумаў верыць, што магчыма аддзяліць Літву ад Расеі», што страшна абурыла палякаў.
Паўстаньне гэта пачалося ў ноч на 29 лістапада 1830 г. у Варшаве нападам на Бэльвэдэрскі палац, у якім жыў намесьнік, вялікі князь Канстантын Паўлавіч. Спачатку гэтае паўстаньне шырока разьлілося на Беларусі й Літве, але хутка было здушана расейскімі войскамі. У Варшаве палякі здаліся на капітуляцыю Паскевічу толькі 7 верасьня 1831 г.
Нездавальненьне й рэвалюцыйны настрой яшчэ доўга не сьціхаў і пасьля спыненьня паўстаньня, што выклікала з боку расейцаў цяжкія кары, прычым шырока практыкавалася й канфіската маёмасьці, якая раздавалася расейскім элемэнтам. Дзеля паніжэньня рэвалюцыйнага настрою ў беларуска-літоўскіх губэрнях, расейскі ўрад загадаў выслаць 45 тыс. сем’яў дробнай, г. зв. «загановай», шляхты ў чарнаморскія, бесарабскія, прыволжскія й прыкубанскія стэпы, тлумачачы гэтую высылку жаданьнем палепшаньня матэрыяльнага стану выгнанцаў. (М. Любавскiй. Исторiя западных славян, стр. 391–399).
Прычыны паўстаньня 1863 г. тыя самыя, што й паўстаньня 1830 г. З уступленьнем на царства імпэратара Аляксандра ІІ палякі чакалі ад яго рожных міласьцяў і палёгкі на карысьць польскага народу. Аднак новы імпэратар пасьпяшыў абвесьціць, што надзеі гэтыя дарэмныя. Прыехаўшы ў Варшаву ў траўні мес. 1856 г. і прымаючы ў Бэльвэдэрскім палацы польскіх дэпутатаў, цар сказаў: «Вы блізкі майму сэрцу зусім так, як фінляндцы й іншыя рускія падданыя, але я жадаю, каб парадак, заведзены маім бацькам, ня быў зьменены ні капелькі. А дзеля гэтага, панове, далоў мары. Я здолею ўстрымаць парывы тых, хто б уздумаў захапіцца марамі... Шчасьце Польшчы складаецца ў поўным яднаньні яе з народамі мае імпэрыі.»
Такая заява прычыніла польскаму грамадзянству толькі адну абразьлівую прыкрасьць.
Паўстаньне 1863 г., маючае за сабою цэлую гісторыю, пачалося на Беларусі 12 студзеня 1863 г., а ў Варшаве ў ноч з 22 на 23 студзеня.
На Беларусі яно пачалося забойствам расейцаў у некаторых паветах Гродзеншчыны. Нягледзячы на частыя стычкі й бойкі з расейскімі войскамі, у сакавіку й красавіку 1863 г. уся Беларусь была ўжо ахоплена паўстаньнем. Барацьба была гарачая й жорсткая, пры якой расейскімі войскамі нават паліліся паўстаўшыя вёскі, – так ваколіца Шчукі Гродзенскай губ. была спалена ў верасьні мес. 1863 г. дашчэнту.
Поўным кіраўніком і дыктатарам паўстаньня на Беларусі й Літве быў Кастусь Каліноўскі, 26 гадоў, па паходжаньню беларус, зь Сьвіслацкай воласьці Ваўкавыскага пав. Гродз. губ.
Адвага й надзвычайная моц волі Каліноўскага выклікала павагу да яго нават у яго ворагаў-мураўёўцаў (Виленские очерки 1863–1865 гг. «Муравьевское время», А. Н. Масолов, 1898 г.)
Каліноўскі, адмовіўшыся падпарадкавацца польскаму паўстанчаму камітэту й польскай ідэалёгіі, адразу павёў самастойную барацьбу за вызваленьне Беларусі й Літвы як ад расейцаў, так і ад палякаў.
Галоўнай апорай Каліноўскага было сялянства. Дзеля іх ён выдаваў на беларускай мове праклямацыі й газэту «Мужыцкая праўда». Паны баяліся й трасьліся перад ім. Каліноўскі быў выданы жандарскаму палкоўніку Лосеву адным маладым польскім шляхцічам.
У канцы лютага, ці ў пачатку сакавіка 1864 г. Каліноўскі быў заарыштаваны ў Вільні, на кватэры аднаго вучыцеля, у Сьвятаянскіх мурах, дзе ён жыў па пашпарту гродзенскага шляхціча Вітальда Вітажэнца.
19 сакавіка 1864 г. Каліноўскі быў павешаны. Сьмерць Каліноўскага азначала й сьмерць паўстаньня.
Пасьля сьмерці Каліноўскага паўстаньньне стала сьціхаць і нарэшце зусім было здушана Мураўёвым.
За паўстаньне Беларусь пацярпела гэткія кары:
Асоб, высланых без суда й сьледзтва па распараджэньню Мураўёва 270
Асоб высланых таксама адміністрацыйным парадкам у далёкія губэрні Расеі, але ўжо па сканчэньні суда й сьледзтва 1260
Асоб, засуджаных вайсковымі судамі карам, зьвязаным з пазбаўленьнем грамадзкіх правоў і канфіскатай маёмасьці 2000
Забіта й павешана 177+600==777
Выслана за Урал абодвых полаў 5000
(Виленские очерки 1863–1865 гг. «Муравьевское время», А. Н. Масолов, 1898, стр. 211–214.)

Рэвалюцыйная дзеяльнасьць беларусаў у агульнарасейскіх рамках

Панёсшы пры польскіх паўстаньнях страшэнныя страты, Беларусь апынулася ў ланцугох паняволеньня Мураўёва. На Беларусь былі перакінуты жандары, чыноўнікі й маскоўскія памешчыкі для абрусеньня краю. Масы былі тэрарызаваны й прыдушаны. Рэвалюцыйную працу вялі толькі адзінкі, і то ўжо не на беларускім, а на агульнарасейскім грунце. З гэтых працаўнікоў, за недахватам поўнага матэрыялу, успамянем толькі некаторых зь іх:
1.Ураджэнца Меншчыны Ігната Грынявецкага, забіўшага цара Аляксандра ІІ.
2.Ураджэнку Віцебшчыны Іваноўскую-Валашчанку, саўдзельніцу ўспамянёнага забойства.
3.А. Багдановіча, бацьку беларускага пісьменьніка, рабіўшага падкоп пад царскі Зімовы палац у 1880 г.
4.Ураджэнца Віленшчыны Язэпа Лукашэвіча, кіраваўшага тэрарыстычнаю групаю «Народнай волі» у 1886 г. у Пецярбурзе.
5.Рыгора Ісаева, загінуўшага ў Шлісербурскай крэпасьці.
6.Старшыню зьезду міравых судзьдзяў Чарнігаўскай губ., ураджэнца Магілёўшчыны, Сяргея Каваліка, сасланага ў Сібір.
7.Памешчыка маёнтку Блонь, Чэрвеньскага павету, Анатоля Бонч-Асмалоўскага й яго сям'ю, зрабіўшых свой маёнтак вогнішчам рэвалюцыі, за што былі сасланыя ў Сібір.
8.Доктара Мікалая Судзілоўскага-Руселя, ураджэнца Віцебшчыны, уцёкшага са ссылкі ў Сан-Францыска, дзе ён быў абраны прэзыдэнтам Гавайскага сэнату.
9.Галаву места Магілёва Сьцяпана Езерскага, некалькі разоў высылаўшагася ў Сібір за рэвалюцыйную працу.
10.Выхаванца Слуцкай гімназіі студэнта П. Карповіча, забіўшага міністра асьветы Багалепава.
11.Ураджэнца м. Менска, Янку Пуліхава, павешанага за пасягненьне на жыцьцё менскага губэрнатара Курлава.
12.Кацярыну Ізмайловіч, раніўшую адмірала Чухіна, за што была самасудна расстрэляна матросамі.
13.Лідыю Езерскую, сасланую на катаргу за страляніну ў магілёўскага губэрнатара Клінгенбэрга.
Асяродкам сацыяльна-рэвалюцыйнага руху на Беларусі быў Менск, як густа-люднае места, знаходзячаеся на перакрыжжу двох вялікіх чыгуначных шляхоў.
Аддзелы Менска знаходзіліся: у Беластоку, Вільні, Віцебску, Гомелі, Дзьвінску, Смаленску, Бранску, Магілёве, Бабруйску, Пінску, Барысаве, Горадні, Слоніме й інш.

Беларускі нацыянальна-адраджэнскі рух

Што датычыцца беларускага адраджэнскага руху, то першыя крокі яго былі адзначаны ў 30–40 гг. ХІХ сталецьця адраджэньнем беларускага пісьменства, але сапраўдны рух пачаўся ў другой палове ХІХ сталецьця, а ўласьне ў 60 гадох ХІХ веку, калі зьявіліся першыя кадры людзей, узяўшых на сябе заданьне будзіць нацыянальную сьвядомасьць сярод беларускага народу. Зь іх стану хутка выйшлі песьняры, якія сталі пісаць на беларускай мове й распаўсюджваць свае творы ў рукапісах і праз чытаньне на сямейных і таварыскіх сходках.
У гэты час ужо адзначаліся выдатныя імёны В. Дунін-Марцінкевіча, В. Каратынскага, А. Дароўскага-Вярыгі й іншыя. Паэмы невядомых аўтараў «Тарас на Парнасе» й «Энэіда» чыталіся, перапісваліся й шырока распаўсюджваліся.
Пад уплывам гэтых першых твораў на роднай мове, сталі зьяўляцца культурныя працаўнікі, якія прысьвячалі сваю веду тым ці іншым галінам беларусазнаўства. Гэта былі Нікіфароўскі, К. Нядзьведзкі, А. Кіркор, І. Насовіч, А. Ельскі й іншыя.
Да васьмідзесятых гадоў ХІХ в. нацыянальная сьвядомасьць сягнула далёка ўперад, паглыбіўшы беларускую літаратуру талянтнымі творамі новых пісьменьнікаў, як Ф. Багушэвіч (Мацей Бурачок) і Ян Неслухоўскі, у творы якіх ужо ўліта пачуцьце доўгу перад народам, любоў да гэтага народу й пашана да яго самабытнасьці.
Затым нараджаюцца беларускія радыкальныя арганізацыі, якія ідуць шляхам творчай культурнай працы й стаяць на грунце сапраўднага дэмакратызму, без нацыянальнага шавінізму й нянавісьці да іншых народаў.
Яны будзілі беларускае народнае самапачуцьце ў масах, змагаліся з рэлігійным антаганізмам праваслаўных і каталікоў беларусаў, які быў густа пасеяны й русыфікатарамі й палянізатарамі.
Змагаючыся з пагардным стасункам да беларускае мовы, як «хамскай», яны будзілі ў народнай масе агульнае пачуцьцё людзкой годнасьці.
Дзеля характарыстыкі працаўнікоў 60 гадоў XIX сталецьця, адзначым вышэй успамяненага Кастуся Каліноўскага, які ў 1863 г. разам з Б. Урублеўскім, С. Согніным і Ружанскім, заснавалі ў Беластоку беларускую патайную друкарню, у якой друкавалі беларускія праклямацыі й часопісь «Мужыцкая праўда».
Будучы засуджаным, стоячы ўжо пад шыбельніцай, на словы прыгавору «дворянiн Калiновскiй», голасна крыкнуў: «На маёй Бацькаўшчыне няма дваран: усе роўныя». У 70 гадох на Беларусі атрымліваюцца з Жэнэвы беларускія брашуры «Пра багацтва ды беднасьць» і інш., друкаваныя там пры дапамозе ўкраінскага патрыёты П. Драгаманава.
У пазьнейшыя ж часы ў унівэрсытэцкіх гарадох (Пецярбург, Масква, Харкаў і інш.) закладаюцца беларускія студэнцкія арганізацыі. Па прыкладу іх і ў іншых гарадох паўстаюць такія самыя арганізацыі вучнёўскай моладзі. Ладзяцца беларускія выданьні, у Менску пачынае выходзіць нелегальная радыкальная беларуская газэта «Гоман».
У 1902 г. у Петраградзе засноўваецца «Круг беларускай народнай прасьветы й культуры беларускай». Ён займаецца распаўсюджаньнем друкаваных заграніцай беларускіх выданьняў і стараецца арганізаваць беларускія выдавецтвы ў Расеі. Ён надрукаваў «Вязанку» Неслухоўскага, апрача таго на гектаграфе выдана «Колядная пісанка».
Зімой 1902 г. частка моладзі сацыялістычнага напрамку засноўвае Беларускую Рэвалюцыйную партыю. Радзілася яна ў Менску, дзе працавалі студэнты пецярбургскага ўнівэрсытэту Антон і Ян Луцкевічы, селянін Казюк Кастравіцкі (Каганец), работнікі Віктар Зялязей і другія. Адначасна ўтвараюцца арганізацыі гэтай партыі ў Вільні студэнтам Францішкам Умястоўскім, гімназістам Алесем Бурбісам і інш.
У тым жа 1902 г. Беларуская Рэвалюцыйная партыя мяняе назоў на Беларускую Рэвалюцыйную грамаду й папаўняецца новымі сябрамі, зь якіх найбольш энэргічнымі працаўнікамі зьяўляюцца студэнты Ф. Станкевіч, Матусевіч і А. Уласаў. Пашырэньне партыі выклікала неабходнасьць партыйнай праграмы, якой яшчэ не было. У 1903 г. адбыўся першы зьезд Грамады, які цалкам прыняў праграму Партыі польскіх сацыялістаў і зьмяніў Беларускую Рэвалюцыйную грамаду на партыю Беларускай Сацыялістычнай грамады.
Апрача гэтага зьезд пастанавіў дабівацца краёвай аўтаноміі Беларусі з соймам у Вільні, культурна-нацыянальнай аўтаноміі для нацыянальных меншасьцяў Беларусі й наказаў распрацаваць зямельную праграму на аснове канфіскацыі бяз выкупу маёнткаў памешчыцкіх, казённых і іншых.
У 1904 г. закладаецца студэнтамі Трускоўскім, М. Фальскім і Адамам Жабам яшчэ адна партыя – Сацыялістычная партыя Белай Русі. Партыя гэта працавала галоўным чынам на Гродзеншчыне, дзе выпусьціла некалькі праклямацыяў на беларускай мове («Царская гаспадарка» й інш.). У 1906 г. гэтая партыя перастала існаваць.
Умацаваўшыся ў сваіх сілах, Беларуская Сацыялістычная грамада занялася больш шырокай як самаарганізацыйнай, так і рэвалюцыйнай працай.
Улетку 1905 г. яна закладае два краёвыя камітэты, першы камітэт у Менску й другі ў Вільні.
У тым жа годзе яна выдае па-беларуску цэлы шэраг праклямацыяў: «Царава жніва», «Да тых мужыкоў, што возяць дровы на Тальку і ў Мар'іну Горку» і шмат іншых. Заснаваўшы ў канцы таго ж 1905 г. у Менску ўласную партыйную друкарню, Беларуская Сацыялістычная грамада павяла сваю рэвалюцыйную працу яшчэ інтэнсіўней.
Апрача мнагалікіх уласных выданьняў, зь якіх асабліва ўвагу зьвяртаюць на сябе й дзясяткамі тысяч распаўсюджваюцца вершы Цёткі (А. Пашкевіч): «Мора» (народная рэвалюцыя), «Хрэст на свабоду», «Пад штандарам» і інш.
Грамада з пасьпехам пашырае яшчэ раней выданыя па-беларуску ў Лёндане кніжкі: «Хто праўдзівы прыяцель беларускага народу», «Як зрабіць, каб людзям было добра жыць на сьвеце», «Куды мужыцкія грошы ідуць».

Агульны нацыянальна-рэвалюцыйны рух на Беларусі
Паводле Жылуновіча*

У 1905 г. беларускі нацыянальна-рэвалюцыйны рух прымае ўжо характар масавага руху краю.
З канца 1906 г. Беларуская Сацыялістычная грамада ўжо шырока вядзе арганізацыйную работу сярод сялянства, галоўным чынам сярод сялянска-гаспадарчых работнікаў. У гэты самы час надзвычайна пашыраецца й паглыбляецца рэвалюцыйная праца й сярод работнікаў м. Вільні, Нова-Вялейкі й Менску. Яна першая ў краю зьвяртае ўвагу на арганізацыйную працу на вёсцы й распрацаваньне аграрнай праграмы.
У сакавіку 1905 г. партыя склікае першы сялянскі зьезд, стварыўшы Сялянскі саюз і прызнаўшы неабходным дабівацца аўтаноміі Беларусі з Соймам у Вільні.
У студзені 1906 г. адбыўся ў Менску другі зьезд Беларускай Сацыялістычнай грамады. Гэты зьезд займаўся галоўным чынам зямельным пытаньнем. Па дзяржаўнаму пытаньню зьезд пастанавіў змагацца за фэдэратыўную рэспубліку «з краёвай аўтаноміяй Беларусі, з Соймам у Вільні». Тут жа быў абраны й Цэнтральны камітэт партыі, у склад якога ўвайшлі А. Луцкевіч, І. Луцкевіч, В. Іваноўскі й А. Бурбіс.
У выніку працы партыі сярод народных вучыцеляў і вучнёўскай моладзі, у 1906 г. арганізуецца Беларускі Вучыцельскі саюз і Беларускі саюз вучыцельскіх сэмінарый і інш.
Да канца 1907 г. Беларуская Сацыялістычная грамада разраслася ў велізарную партыю, у якую ўваходзілі: сяляне, работнікі, народныя вучыцелі й наогул працоўная інтэлігенцыя.
Партыя павяла энэргічна сваю працу, але ня спаў і царскі ўрад. Арышты й высылкі ў Сібір зруйнавалі беларускія рэвалюцыйныя арганізацыі ў канец. Дзякуючы канфіскацыі, зачыняецца ў Вільні легальная беларуская газэта «Наша Доля» (з 6 нумароў канфіскована 5).
Астаткі газэтных працаўнікоў пачынаюць гуртавацца каля новай беларускай газэты ў Вільні «Наша Ніва», якая ўжо паставіла сабе мэтай выключна культурна-прасьветную працу сярод белару скага жыхарства.
У 1913 г. у Менску адчыняецца яшчэ сельскагаспадарчы штомесячнік «Саха» й дзіцячы журнал «Лучынка».
Гэтак год за годам і крок за крокам, перамагаючы страшэнныя перашкоды, прабівалася ў беларускія народныя гушчы нацыянальная сьвядомасьць.

Вайна 1914 года
(з арт. Жылуновіча)

Сусьветная вайна 1914 г. ускалыхнула сьціснутае паліцэйскай рукой жыцьцё й падгатавала новую глебу да ўзросту й пашырэньня беларускай нацыянальнай сьвядомасьці з новаю сілаю.
Гэную глебу далі масы беларускіх уцекачоў-выгнанцаў, якія запоўнілі амаль ня ўсе расейскія гарады. Пачалася справа з дапамогі бежанцам. Прыйшлося адчыняць бежанскія камітэты. Побач з камітэтамі казённымі расейскі ўрад даў некаторую мажлівасьць да існаваньня нацыянальных камітэтаў. Беларусам удалося адчыніць свае камітэты ў Пецярбурзе і ў Менску. Вакол гэтых камітэтаў, побач зь бежанскаю справаю, пачала вясьціся культурна-нацыянальная праца, якая выяўлялася ў сходках, наладжаньні спэктакляў, літаратурных вечарынках і выданьні газэт (у Пецярбургу газэты «Дзяньніца» й «Сьветач»).
Апроч адкрытай культурнай працы пры бежанскіх камітэтах ішлі няспынныя штодзённыя сэймаваньні палітычнага характару па прыватных кватэрах. На гэтыя сэймаваньні зьбіралася шмат народу, дзе абгаворваліся пытаньні наконт тактыкі беларусаў пры тых ці іншых скутках вялікай вайны. Так ішло да моманту Лютаўскай рэвалюцыі.

ЧАСТКА ІІ

Лютаўская рэвалюцыя 1917 года

Ад часу рэвалюцы 1917 г. жыцьцё й здарэньні разьвярнуліся так шырока, што нават галаўнейшых частак іх немагчыма абхапіць.
Рашучы ўдар рэвалюцыі зразу разбурыў турму прыгнечаных народаў і адчыніў шырокі шлях да нацыянальнага вызваленьня. На гэты шлях накіраваліся й беларускія масы.
Кіраўніцтва рухам узяла на сябе Беларуская Сацыялістычная Грамада.
На працягу ня больш месяца вырасьлі буйныя арганізацыі яе ў Пецярбурзе, Маскве, Менску, Саратаве, Віцебску, Бабруйску й розных гарадах Сібіры й Украіны.
Наплыў людзей у арганізацыі быў вельмі вялікі. На першых беларускіх мітынгах у сакавіку месяцы 1917 г. прыймаў удзел тысячны лік народу, што сьведчыла аб вялікай нацыянальнай сьвядомасьці беларускага народу. Адным словам, відавочна нараджалася й будавалася новая беларуская нацыя.
Беларуская Сацыялістычная Грамада ў адным Пецярбурзе ў канцы красавіка 1917 г. налічвала да тысячы сваіх сяброў. Апрача таго лік людзей гуртаваўся вакол Беларускай Вайсковай арганізацыі. Тое самае мы бачым у Маскве, гдзе адначасна зь Беларускаю Сацыялістычнаю Грамадою ўзрасла шматлікая Беларуская Народная Рада. У Менску арганізаваўся Беларускі Нацыянальны Камітэт і Хрысьціянская Дэмакратычная Злучнасьць, у Гомелі – Саюз Беларускае Дэмакратыі, у Магілёве – Беларускі Нацыянальны Камітэт, у Віцебску – Саюз Беларускага Народу, у Адэсе – Беларуская Нацыянальная Рада й таварыстава «Гай», у Туркестане – Саюз Беларускіх Аўтанамістаў. Далей ідуць Бабруйск, Калуга, Арол і шмат іншых гарадоў.
Адначасова з арганізацыяй беларускіх масаў у гарадох, нацыянальная сьвядомасьць кранула й некаторыя ўстановы Краю, як гарадзкія саветы, думы й г. д.
Само сабою разумеецца, што й пасьля рэвалюцыі беларускі народ спатыкаў на кожным кроку перашкоды ня толькі ад чужынцаў, але й сваіх русафілаў і маласьвядомых элемэнтаў.
Найбольш неспрыяючай стараной аказаліся расейцы ўсіх палітычных напрамкаў, да сацыялістаў і камуністаў уключна.
Стоячы на грунце «единой неделимой России», нават сацыялісты й камуністы спалохаліся масавага беларускага нацыянальнага руху і ўсімі сіламі стараліся перашкаджаць яму.
Забыўшы ў даным выпадку партыйны лёзунг «самаазначэньня народаў», бальшавікі павялі страшэнную барацьбу супраць нацыянальнага вызваленьня беларускага народу. Так, бальшавік Фрунзе-Міхайлаў (быўшы камісар па вайсковых справах С.С.С.Р.) не дазволіў беларусам гаварыць па-беларуску на зьезьдзе сялян Менскай губ. 20 красавіка 1917 г. пад яго старшынствам.
Аднак гістарычны закон, паставіўшы на павестку дня адраджэньне беларускага народу, ужо ня мог лічыцца з штучнымі перашкодамі ў яго разьвіцьці.
Нацыянальная сьвядомасьць і энэргія знаходзілі абходы усім загарадзям, усюды расьлі й шырыліся ўсё новыя ды новыя сілы беларускіх сялянскіх масаў.
Хутка з гарадоў і мястэчак хваля нацыянальнай сьвядомасьці перакінулася на фронт. Стыхійны ўзрост беларускіх партыяў і арганізацыяў ставіў запатрабаваньне ўтварэньня галоўнага кіраўнічага нацыянальнага асяродку-цэнтра.
З гэтаю мэтаю 8–12 ліпеня 1917 г. адбыўся ў Менску зьезд, заснаваўшы краёвы орган, Цэнтральную Раду Беларускіх Партыяў і Арганізацыяў, замяніўшую сабою менскі Нацыянальны Камітэт.
15–20 кастрычніка 1917 г. у Менску адбылася другая сэсія, якая пастанавіла перамяніць назву «Цэнтральнай Рады Беларускіх Партыяў і Арганізацыяў» на «Вялікую Беларускую Раду».
Ад гэтага часу «Вялікая Рада» зьяўляецца найвышэйшаю нацыянальнаю ўстановаю Краю й бярэ ў свае рукі прадстаўніцтва й агульную абарону нацыянальных правоў і інтарэсаў Беларусі.

Дзеяльнасьць Вялікай Беларускай Рады

Няпэўнасьць абароны Заходняга фронту, дэмаралізаванай бальшавіцкай агітацыяй, расейскай арміяй перад насоўваючайся анархіяй змушае Вялікую Раду дабівацца ад галоўнакамандуючага Керэнскага беларусізацыі старых і фармаваньня новых беларускіх вайсковых частак.
На падставе гэтага ў другой палове кастрычніка й першых чыслах лістапада 1917 г. адбываюцца на ўсіх фронтах тэатра вайны беларускія вайсковыя зьезды.
На першым такім зьезьдзе арміі Заходняга фронту, адбыўшымся 20–22 красавіка, была ўтворана Цэнтральная Беларуская Вайсковая Рада, у прэзыдыюм якой увайшлі: С. Рак-Міхайлоўскі, Адамовіч, Ерашэвіч, В. Захарка й М. Шыла.
Пазьней Вайсковая Рада была папоўненая прадстаўнікамі іншых фронтаў. У апошніх чыслах кастрычніка ўсе сябры Цэнтральнай Вайсковай Рады увайшлі паўнапраўнымі членамі ў Вялікую Раду.
Вайсковая Рада адразу прыступіла да энэргічнай беларусізацыі й фармаваньня нацыянальных вайсковых частак. За вельмі кароткі тэрмін былі беларусізаваныя 3-і армейскі корпус і 5 апалчэнскіх дружын на Заходнім фронце, 4-ы армейскі корпус і Беларускі гусарскі полк на Румынскім фронце й сфармаваны ў Менску адзін новы нацыянальны полк.

Бальшавіцкі пераварот у Расеі

25 кастрычніка адбыўся бальшавіцкі пераварот. Замест існаваўшага ў Менску франтавога камітэту Заходняга фронту, стварыўся Выканаўчы Камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласьці й фронту (Абліскамзап).
Камітэт гэны абвесьціў сябе й цывільнай уладаю на Меншчыну, Магілёўшчыну, Віцебшчыну й Віленшчыну (Гродзеншчына й частка Віленшчыны знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй).
Гэты акт і адчыніў тую барацьбу, якая разгарэлася паміж бальшавіцкім Абліскамзапам і Вялікай Беларускай Радай як вышэйшай нацыянальнай установай у краі.
27 кастрычніка Вялікая Рада, разам з Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Радай, Беларускім Выканаўчым Камітэтам Заходняга Фронту, Беларускай Сацыялістычнай Грамадой і Партыяй Народных Сацыялістаў, выдае грамату да беларускага народу з заклікам не дапусьціць, «каб віхар бязладзьдзя згубіў нашу сьвятую нацыянальную справу – абароны вольнасьцяў і правоў беларускага народу». Грамата кліча ўсіх працоўных жыхароў Беларусі адкінуць ад сябе сеючыя нязгоду поклічы й быць асьцярожнымі ў сваіх дзеях.
«Абліскамзап», у якім, да слова сказаць, знаходзіўся ўсяго на ўсяго адзін беларус, прапануе Вялікай Радзе аб'яднацца зь ім і ўжо разам кіраваць Беларусьсю. Прапазыцыя з пагардай была адкінута, пасьля чаго напружанасьць паміж Радай і Абліскамзапам яшчэ больш павялічылася. Так цягнулася да Першага Ўсебеларускага Зьезду 18 сьнежня 1917 г.

Першы Ўсебеларускі Зьезд
18.ХІІ.1917 г. і Рада Зьезду

Невыразнае й напружанае становішча, пагражаючае анархіяй у краю, і барацьба Вялікай Беларускай Рады з бальшавіцкім Абліскамзапам за ўладу, запатрабавалі голасу Беларускага народу.
Паўстае пытаньне аб скліканьні Ўсеагульнага Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Яшчэ ў сярэдзіне лістапада ад імя Вялікай Беларускай Рады, Цэнтральнай Вайсковай Беларускай Рады й Беларускага выканаўчага камітэту Заходняга Фронту выпускаецца адозва да ўсяго беларускага народу.
Адозва лічыць неабходным адразу зрабіць згоду зь Нямеччынай, аб'яднаць Беларусь, парэзаную на часткі фронтам, пабудаваць яе як дэмакратычную рэспубліку, злучыць зь (Вялікаросіяй і) іншымі суседнімі рэспублікамі на аснове Фэдэрацыі, перадаць бяз выкупу працоўнаму народу ўсе панскія, царкоўныя, касьцельныя, удзельныя й іншыя землі й безадкладна распачаць фармаваньне нацыянальнага беларускага войска.
Дзеля ажыцьцяўленьня гэтай праграмы пастаноўлена было склікаць у Менску на 5 сьнежня па старому стылю зьезд прадстаўнікоў усяго беларускага народу.

Абласны Камітэт

У час падгатоўкі да скліканьня Ўсебеларускага Кангрэсу беларускім арганізацыям стала ведама, што ў Петраградзе стварыўся так званы Беларускі абласны камітэт пры Ўсерасійскім Савеце Сялянскіх Дэпутатаў, які, у абход Вялікай Беларускай Рады й іншых беларускіх арганізацый у краі вядзе сэпаратную працу й імкнецца стаць на чале ўсяго беларускага руху.
Спраўкі пацьвердзілі, што камітэт гэты цалкам складаецца зь людзей яскрава русафільскага напрамку і ў сваіх палітычных і нацыянальных поглядах вельмі ва многім розьніцца ад сапраўдных беларускіх арганізмаў.
У той час як Вялікая Рада й іншыя нацыянальныя арганізацыі цьвёрда стаялі за ўтварэньне Беларускай Дэмакратычнай Рэспублікі (у складзе Расейскай Фэдэрацыі), Камітэт задавальняўся Беларускай вобласьцю. Апрача таго ён непрыхільна адносіўся да нацыянальнай школы, беларускай мовы ў краёвых установах і да ўсяго таго, што адрожнівала Беларусь ад Расеі.
Такая пазыцыя Камітэту мае сваё тлумачэньне ў тым, што лідэры гэтага Камітэту (нягледзячы на свае ўмераныя палітычныя погляды), былі ў зьвязку зь петраградзкімі бальшавіцкімі камісарамі й нават атрымлівалі на сваю акцыю субсыдыі ад бальшавіцкай улады.
Дзеля захопленьня кіраўніцтва беларускім рухам і скіраваньня яго на бальшавіцкі шлях Камітэту было адпушчана бальшавіцкай уладай у Петраградзе 50 тысяч рублёў. 17 лістапада 1917 г. памянёны Абласны Камітэт выдаў дэклярацыю, у якой адзначае, што «дзякуючы эканамічнаму разбурэньню, у барацьбе клясаў, партыяў і нацыянальнасьцяў, магутнасьць расейскае дзяржавы пахіснулася: паратунак гаспадарства – у цесным зьвязку нацыянальнасьцяў, складаючых яго. Беларусі пагражае падзел, бо яна парэзана фронтам на дзьве часьці. Трэба сабрацца ўсім беларусам навакола ідэі аўтаномнай вольнай Беларусі, як часткі Расейскай Рэспублікі. Дзеля гэтае мэты, каб абараніць цэласьць Беларусі, Камітэт бярэ на сябе пачын скліканьня Надзвычайнага Беларускага Зьезду».
Пазьней выясьнілася, што такі зьезд ужо быў назначаны Камітэтам на 15/28 сьнежня 1917 г. у м. Рагачове Магілёўскай губэрні й што месцам зьезду быў абраны глухі павятовы горад Рагачоў, а ня Менск, з тым, каб яму не перашкаджалі нацыянальныя беларускія арганізацыі, асяродкам якіх быў Менск.
Такім чынам беларускія арганізацыі апынуліся перад прыкрым фактам скліканьня двух раўназначных зьездаў.
Прымаючы пад увагу, што зьезд на 15/28 сьнежня ў Рагачове назначаны Камітэтам ужо пасьля таго як было ведама аб назначэньні Ўсебеларускага Зьезду на 5/18 сьнежня, беларускія нацыянальныя арганізацыі ўбачылі ў гэтым ня што іншае як правакацыю, скіраваную на разьбіцьцё беларускага нацыянальнага адраджэнскага руху.
Стоячы на грунце нацыянальнага фронту, Вялікая Беларуская Рада пачала перагаворы з прыехаўшымі ў Менск прадстаўнікамі Абласнога Камітэту, – Калядкай і Кюсэ-Тусам, – аб адказе Камітэта ад скліканьня зьезду ў Рагачове.
У выніку доўгіх спрэчак прадстаўнікі Камітэту адракліся ад зьезду ў Рагачове й пагадзіліся на агульны зьезд, скліканы Радаю на 5/18 сьнежня ў Менску, на які выгаварылі дзеля сяброў Камітэту 10 мандатаў.
Прыехаўшы на Зьезд, прадстаўнікі Камітэту, асабліва ж А. Т. Вазілла, Гольман і Караткевіч, адразу павялі страшэнную дэмагагічную агітацыю супраць нацыянальных арганізацыяў і іх правадыроў. Другая ж частка камітэтчыкаў на чале зь Юр'евай старалася заманіць дэлегатаў у асобны будынак і там, патаемна ад ініцыятараў Зьезду, прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных арганізацыяў, адчыніць Зьезд ад імя Абласнога Камітэту.
У дадатак да гэтага энэргійна вялі сярод дэпутатаў сваю правакацыйную працу афіцыяльныя бальшавікі, стараўшыяся, па загаду Абліскамзапа, разьбіць і не дапусьціць да адчыненьня Зьезду наогул.
Усё гэта, разам узяўшы, настолькі разбурыла 2-тысячную беларускую масу, што падпарадкаваць яе здавалася немагчымым. Перагаворы, угаворы й барацьба з сабатажам і правакацыяй аднялі цэлых 10 дзён. Прадстаўнікі нацыянальных арганізацыяў выбіваліся з апошніх сіл, а афіцыяльнае адчыненьне Зьезду так і не ўдавалася.
Бачачы нездавальненьне многіх дэпутатаў, расчарованых безупыннымі мітынгамі, нацыянальныя арганізацыі нарэшце вырашылі прыняць рашучыя крокі супраць сабатажнікаў.
У першую чаргу Вайсковая Рада пастанавіла заарыштаваць усіх дэпутатаў Абласнога Камітэту, найбольш баламуціўшых і перашкаджаўшых адчыненьню Зьезду. Пастанова гэта адразу настолькі напалохала абласьнікоў, што да арышту іх не дайшло. Затым былі прыняты крокі не дапускаць у дэлегацкія памешканьні і ў залі Зьезду бальшавіцкіх агітатараў Абліскамзапа. Толькі пасьля гэтага наступіла заспакаеньне дэлегатаў, даўшае магчымасьць афіцыяльна адчыніць Зьезд толькі 14/27 сьнежня 1917 г.
Вялікім яшчэ недахватам нацыянальных арганізацый было тое, што ў іх шэрагах не знайшлося чалавека, здольнага кіраваць 2-тысячнай масай людзей. Гэта адна галаўнейшая прычына, змусіўшая аж трэйчы перавыбіраць старшыню Зьезду (Дыла, Савіч, Серада).
Урачыстае адчыненьне Ўсебеларускага Зьезду адбылося 14/27 сьнежня а 8 гадзіне вечара, пад старшынствам паважанага нацыянальнага дзеяча, сябра Беларускай Сацыялістычнай Грамады Язэпа Дылы.
Гарачае прывітаньне Зьезду прынясьлі прадстаўнікі цывільных, вайсковых і партыйных арганізацыяў – украінскіх, расейскіх, польскіх, жыдоўскіх, татарскіх і іншых. Зьявіўся дзеля «прывітаньня Зьезду» й прадстаўнік бальшавіцкага Абліскамзапу, «таварыш» Разаўскі.
Атрымаўшы слова дзеля прывітаньня, Разаўскі адразу пачаў з агітацыйнай прамовы за бальшавізм. У часе прамовы ён крануў (дзергануў рукою) беларускі нацыянальны штандар, прапануючы замяніць яго чырвоным сьцягам. Такою бестактоўнасьцю Разаўскі настолькі абурыў дэпутатаў, што прэзыдыюму Зьезду ледзьве ўдалося вырваць яго з моцных рук сялян, ужо масажыраваўшых гэтага «госьця».
Усяго на зьезьдзе было 1892 дэлегаты, з якіх 1167 з правам рашаючага голасу.
Імі былі прадстаўлены ўсе беларускія губэрні – Менская, Магілёўская, Віленская, Гродзенская й беларускія паветы іншых губэрняў. Віленская й Гродзенская губэрні, занятыя немцамі, былі прадстаўлены бежанскімі арганізацыямі гэтых губэрняў.
У пераважаючай большасьці сваёй Кангрэс быў сялянскі, нягледзячы на шырокае на ім прадстаўніцтва мястэчак і гарадоў, вайсковых арганізацый, рабочых, каапэрацыйных, сацыялістычных партый і іншых арганізацый.
Ведаючы, што Зьезд у сваёй большасьці зьяўляецца нацыянальным і імкнецца стаць не на камуністычны, а на нацыянальна-дэмакратычны грунт, бальшавіцкія агенты напружылі апошнія сілы дзеля таго, каб разьбіць яго.
Быў адзін момант, калі ім блізу ўдалося ўзарваць Зьезд. Бязьмернаю дэмагогіяю Зьезд быў разарваны на дзьве, безмаль што роўныя, часткі.
Адарваная бальшавікамі частка назвалася «левым теченiем», а астаўшаяся другая частка «сацыялістычна-дэмакртатычным блёкам», (у прэзыдыюм якога увайшлі Я. Дыла, Т. Грыб і В. Захарка).
Аднак вельмі хутка бальшавіцкая дэмагогія сама сябе зьела. Паўстаўшая паміж бальшавіцкімі павадырамі грызьня давяла іх нават да ўзаемных жалаб перад Абліскамзапам.
Расчарованыя дэлегаты гуртом сталі пакідаць «левое течение» і ўлівацца ў «сацыялістычна-дэмакратычны блёк». Ад гэтага часу на старане «сацыялістычна-дэмакратычнага блёку» была відавочная большасьць.
Калі ўжо скрытныя замыслы бальшавікоў астатэчна былі разьбіты, тады Абліскамзап прыгатаваў адкрытую сілу й стаў чакаць таго ці іншага моманту дзеля разгону Зьезду ўзброенаю рукою.

Разгон зьезду
ў ноч з 17/30 на 18/31 сьнежня 1917 г.

Скончыўшы самаарганізацыйную працу 17 сьнежня, Зьезд ужо больш спакойна прыступіў да павесткі дня.
Першым і самым галоўным заданьнем Зьезду было ўсталіць форму ўлады на Беларусі.
Прымаючы пад увагу тагачасныя абставіны й адчуваючы над сабою ўзброеную руку бальшавікоў, Зьезд прыняў па гэтаму пытаньню наступную рэзалюцыю: «Замацоўваючы свае правы на самавызначэньне, абвешчанае расейскай рэвалюцыяй і прымаючы рэспубліканскі дэмакратычны строй на абшары Беларускай Зямлі, дзеля паратунку Роднага Краю й дзеля забясьпечаньня яго ад разьдзелу й адлучэньня ад Расейскай дэмакратычнай фэдэратыўнай рэспублікі, Першы Усебеларускі Зьезд УХВАЛЯЕ: безадкладна ўтварыць са сваяго складу орган Краёвай улады, у асобе Ўсебеларускай Рады сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які часова становіцца начале кіраваньня краем, уступаючы ў дзелавыя зносіны з цэнтральнаю ўладаю, адпаведнай перад саветамі рабочых, сялянскіх i салдацкіх дэпутатаў».
Яшчэ не пасьпеў Зьезд перайсьці да другога чытаньня гэнае рэзалюцыі, як будынак паседжаньня Зьезду быў акружаны браневікамі й кулямётамі. У залю паседжаньня раптоўна ўваходзяць, у 12 гадзін ночы, з стрэльбамі у руках, чырвонаармейцы, на чале з камэндантам места Менска Крывашэіным.
Настае надзвычайна адказны й гістарычны момант. Усімі дэлегатамі адчуваецца пагроза грубага насільства над народнаю воляю.
П'яны Крывашэін, акружаны ўзброенымі салдатамі, становіцца за плячыма прэзыдыюму Зьезду.
Паднімаецца страшэнны пратэст супраць насільства. Абраза выклікае раптоўны патрыятычны ўздым інстынктыўна аб'яднаўшыхся дэлегатаў. Усе патрабуюць галасаваньня рэзалюцыі ў цэлым – адразу.
Не пасьпеў Крывашэін сказаць слова, як узмахнулася ўгару паўтары тысячы рук. Рэзалюцыя прынята аднагалосна. Страціўшыся Крывашэін стаіць як слуп і ня ведае, што рабіць. Нарэшце, апамятаўшыся, заяўляе: «Абвяшчаю Зьезд зачыненым і прэзыдыюм яго арыштаваным». Падымаецца страшэнная барацьба ў абарону прэзыдыюму. Дэлегатка Юр'ева за непрыстойны жарт б'е Крывашэіна па твары й зьбівае зь яго папаху.
Прэзыдыюм арыштоўваецца. Выбіраецца новы прэзыдыюм. Акружаны дэлегатамі новы прэзыдыюм ставіць на галасаваньне рэзалюцыю за рэзалюцыяй з пратэстам на гвалт бальшавікоў. Арыштоўваецца й другі прэзыдыюм. Выбіраецца трэці, але ў гэты момант пачынаецца барацьба ў залі паміж дэлегатамі Зьезду й чырвонаармейцамі, якая скончылася толькі ў 6 гадзін раніцы 18/31 сьнежня, калі былі акружаны й выціснуты з залі апошнія 30 дэлегатаў.
Заарыштаваныя былі адведзены ў Менскі Саўдэп, адкуль хутка былі выпушчаны. А 10 гадзіне раніцы 18 сьнежня Зьезд нелегальна сабраўся ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі й вынес наступную рэзалюцыю:
1.Лічыць, што Першы Ўсебеларускі Зьезд разагнаны сілаю.
2.Раду Зьезду прызнаць выканаўчым органам Зьезду.
3.Лічыць Раду Зьезду найвышэйшай установай Краю й даручыць ёй усю паўнату ўлады на Беларусі.
4.Папоўніць Раду дэлегатамі зямляцтваў.
5.Лічыць распушчанымі ўсе беларускія арганізацыі, існаваўшыя дагэтуль, апрача Цэнтральнай Вайсковай Рады, якая існуе як орган, падуладны Радзе Зьезду.
6.Склікаць Другі Ўсебеларускі Кангрэс у як найкарацейшы тэрмін і
7.Дзеля павелічэньня аўтарытэту Рады, Прэзыдыюмам Рады зрабіць Прэзыдыюм Зьезду, павялічыўшы яго адным намесьнікам старшыні й двума сакратарамі. Пасьля гэтага сходу дэлегаты пакінулі Менск.
Весткі аб гвалтоўным разгоне Зьезду страшэнна абурылі ўсё беларускае жыхарства супраць бальшавікоў. Яшчэ невядома ва што вылілася б нянавісьць беларускага народу, каб бальшавікі не ўцяклі зь Менску перад прыходам немцаў у лютым 1918 г. Бальшавіцкая «прэса» разгон Зьезду тлумачыла яго памешчыцкім складам і контррэвалюцыйнасьцю. Рэагаваць на гэтую брахню нават ня трэба было, бо беларускі народ і так добра ведаў, хто там быў і што рабіў.
Цяпер у гэтым прызнаюцца й самі бальшавікі. Так у журнале «Беларусь» (выданьне Цэнтральнага выканаўчага камітэту Беларускай Савецкай Рэспублікі. Менск, 1924 г.) камісар асьветы гэтай Рэспублікі, камуніст Ігнатоўскі, гаворачы аб Зьезьдзе, кажа: «Тут былі прадстаўленыя ўсе беларускія губэрні. У большасьці сваёй Кангрэс быў сялянскі, хоць было тут і шмат рабочых, прадстаўнікоў каапэрацыі, гарадоў, сацыялістычных партыяў і г. д.»
Дзе ж тут памешчыкі й контррэвалюцыянеры?..
Закранаючы вынікі разгону Зьезду, гр. Ігнатоўскі кажа: «Пасьля роспуску Зьезду Абліскамзап павінен быў пачаць рашучую барацьбу зь беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі, прымаўшымі ўдзел у Зьезьдзе. Яны, абараняючы пазіцыю адзінага нацыянальнага фронту, хаваліся ў падпольле й зрабіліся яўна варожымі да мясцовай Савецкай улады. Вырашэньне нацыянальнага пытаньня на Беларусі адрываецца ад сацыяльнай рэвалюцыі. Сацыяльная рэвалюцыя, з свайго боку, губіць свой уплыў на тыя масы рабочых і сялян, якія стаялі за плячыма беларускіх нацыянальных арганізацыяў».
Выходзіць, што бальшавікам запатрэбавалася цэлых сем гадоў толькі дзеля таго, каб убачыць «масы» рабочых і сялян, якія стаялі за плячыма беларускіх нацыянальных арганізацыяў. Раней яны гаварылі, што ўвесь народ толькі за імі, бальшавікамі; беларускія ж нацыянальныя арганізацыі – толькі кучка інтэлігенцыі, нічога ня маючая за сабой.
Далей гр. Ігнатоўскі кажа: «Высунуты да ўлады фронтам Абліскамзап пасьля роспуску фронту ня мог мець папулярнасьці сярод мясцовага беларускага сялянства й рабочых слаёў. Рэўкомы губэрнскіх гарадоў, Саветы сялянскіх і рабочых дэпутатаў павятовых гарадоў і вёсак кіравалі зусім незалежна ад Абліскамзапу й яго камісараў. Абліскамзап у ноч на 19 лютага 1918 г. пакінуў Менск дзеля таго, што становішча яго стала небясьпечным, дзякуючы ня столькі немцам, сколькі мяйсцовай апазыцыі». Ландэр, старшыня Савету Камісараў Заходняй Вобласьці, у сваіх успамінах («Вперед», 1922. №1) так малюе падзеі таго часу: «У горадзе пачаўся рух беларусаў, гатаваўшых выступ проці нас. На вуліцах пачаліся дробныя сутычкі, раздаваліся стрэлы. Калі т. Пятроў, камэндант Савету, увечары выводзіў мяне з Савету чорным ходам, з параднага ўжо ўварваліся ўзброеныя банды, шукаючы мяне й таварышаў. На станцыі нас усякімі спосабамі стараліся затрымаць, нацкоўваючы на нас рабочых чыгуншчыкаў і ўрэшце ўтварылі крушэньне нашага цягніка – два вагоны перавярнуліся, мой сышоў з рэек».
Гаворачы далей аб бегстве бальшавіцкай улады зь Менску, камісар Ігнатоўскі кажа: «Пасьля ўдару, нанесенага Абліскамзапу ў Менску, ён на працягу некалькіх месяцаў ня можа аправіцца й зусім не вызывае свайго ўплыву на губэрні Віцебскую й Магілёўскую, якія засталіся пад яго загадам. Дзякуючы гэтаму, у вышэй паказаных губэрнях пачынаецца дэцэнтралізацыя ўлады. Губэрнскія й павятовыя саветы сялянскіх дэпутатаў не хацелі прызнаць улады Абліскамзапу».
Так цяпер асьвятляюць тагачасныя падзеі на Беларусі самі бальшавікі, выводзячы на сьвет сваю брахню, што ўвесь народ быў за імі, а не за беларускімі арганізацыямі. Калі горача й цяжка было бальшавіцкай уладзе (падпякаемай беларускімі арганізацыямі), то не лягчэй, а куды цяжэй было беларускаму народу ад іх панаваньня.
Дабрабыт краю ламаўся, марнаваўся і йшоў уніз з кожным днём. Менск з прылягаючымі да яго ваколіцамі нішчылі камісары Абліскамзапу. Іншыя прыфрантовыя месты й вёскі рабаваліся ўцякаўшымі з фронту расейскімі салдатамі. Магілёўская і ўсходняя частка Менскай губэрні цяжка стагнала ад польскага корпусу генэрала Доўбар-Мусьніцкага, бязьлітасна рабаваўшага й секшага беларускае сялянства, карміўшае яго.
У дадатак да гэтага ў Берасьці ўжо пісалася запрадажная Беларусі немцам. Меры самаабароны краю разьбіваліся бальшавікамі, а яе ініцыятары й народная інтэлігенцыя арыштоўваліся й заганяліся ў падпольле.
Ствараліся два варожыя лягеры: з аданаго боку абязброены беларускі народ, а з другога чужынцы-бальшавікі, трымаўшыяся выключна на штыхах і кулямётах разбэшчаных франтавікоў.
Цяжкую атмасфэру магло разагнаць толькі паўстаньне супраць панявольнікаў. Беларускія сацыялістычныя й нацыянальныя арганізацыі, нягледзячы на адсутнасьць усякіх матэрыяльных сродкаў, пачалі гатавацца да яго. У цэнтры загавора становіцца Цэнтральная Беларуская Вайсковая Рада, сябры якой вядуць пасьпешную антыбальшавіцкую агітацыю сярод чырвонаармейцаў Менскага гарнізону. Здабываюць аружжа і ўзбройваюць ім нацыянальна-рэвалюцыйныя масы. Перад бальшавікамі паўстае пытаньне астатэчнай ліквідацыі Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады. У другой палове студзеня 1918 г. галоўнакамандуючым Крыленкай камандзіруецца з Магілёва цэлы атрад чэкістаў-матросаў, якія разганяюць Вайсковую Раду, арыштаваўшы пры гэтым некаторых сяброў яе (В. Захарку, К. Езавітава, Я. Мамоньку, Нямкевіча й яшчэ двух, прозьвішчаў якіх не памятаю).
Разгонам Вайсковай Рады бальшавікам удалося толькі ўстрымаць, але не прыпыніць рэвалюцыйнай дзейнасьці беларускіх арганізацыяў. Калі б і як адбылася генэральная бойка з бальшавікамі – трудна сказаць. Ахопленыя страхам перад толькі што пачаўшымся паўстаньнем, бальшавікі самі ўцяклі зь Менска, у ноч з 18 на 19 лютага 1918 г., роўна за тыдзень да прыходу ў Менск немцаў.

Пераход улады на Беларусі
да Рады Ўсебеларускага Зьезду

Уся ноч на 19 лютага 1918 г. прайшла ў стычках з бальшавікамі. Да раніцы Менск і яго ваколіцы зусім былі ачышчаны ад бальшавікоў. Пасьля гэтага на падставе 3 пунк. пастановы Першага Ўсебеларускага Зьезду ад 18/31 сьнежня 1917 г. уладу ў краі бярэ ў свае рукі Рада Ўсебеларускага Зьезду. 21 лютага Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Зьезду выдае першую Ўстаўную Грамату да народаў Беларусі наступнага зьместу: «Былая на Беларусі ўлада выйшла. Каб ажыцявіць правы нацыі на самавызначэньне, трэба склікаць, на дэмакратычных асновах, Устаноўчы Сойм. Выканаўчы Камітэт Зьезду да гэтага часу абвяшчае сябе часоваю ўладаю Беларусі й выканаўчую частку сваёй улады аддае ўтворанаму Камітэтам Народнаму Сакратарыяту Беларусі».
Ад гэтага моманту Народны Сакратарыят і прыступіў да выконваньня сваіх абавязкаў, у наступным складзе:

1.Старшыня і сакратар загранічных спраўВаронка
2. Сакратар унутраных спраў Макрэеў
3. " асьветы Смоліч
4. " юстыцыі Бялевіч
5. " народнай гаспадаркі Серада
6. " шляхоў Рэдзька
7. " фінансаў Белкінд
8. " апекі Бадунова
9. " поштаў і тэлеграфу Карач
10. " кантролю Крэчэўскі
11. " земляробства Грыб
12. " вайсковых спраў Езавітаў
13. " па вялікарускім справам Злобін
14. " " жыдоўскім " Гутман
15. Кіраўнік канцылярыі Сакратарыяту Заяц
16. Скарбнік Захарка

Створаны ў надзвычайна цяжкую пару, у час зьнішчэньня краю вайной і бальшавіцкім гаспадараваньнем, першы беларускі ўрад адчуваў недахват буквальна ва ўсём і асабліва ў адсутнасьці сталага войска.
Найбольшую небяспеку прынесьлі з сабою ўланы польскага корпуса генэрала Доўбар-Мусьніцкага, самачынна варваўшыяся ў Менск. Гэтыя ваякі адразу падпарадкаваліся Беларускаму ўраду й беларускаму камэнданту места Менска, але затым вельмі хутка здрадзілі гэтай умове й пачалі самавольнічаць. Атрымаўшы падмацаваньне большымі сіламі, яны зусім перасталі лічыцца зь Беларускай Камэндантурай і пазволілі сабе нават грабежства, спачатку дзяржаўных устаноў – пошты й іншых, – а затым і прыватных кватэр. Беларускаму ўраду прыйшлося патраціць шмат энэргіі й часу, каб спыніць рабункі.
Не пасьпеў урад наладзіць яшчэ нават сваіх цэнтральных устаноў, як з-за нямецкіх акопаў высунулася новая цёмная хмара. Нямецкая армія насоўвалася на Менск.

Нямецкая акупацыя
25 лютага – 12 сьнежня 1918 г.

Бальшавіцкі лёзунг «Мір без анэксій і кантрыбуцый на падставе самаазначэньня народаў» астатэчна разваліў расейскі фронт. Гэта змусіла главароў бальшавізму ехаць у стан нямецка-аўстрыйскіх і турэцкіх «ханаў» у Берасьце, нізка кланяцца й прасіць ярлык на спакойнае княжаньне ў расейскай зямлі.
На іх няшчасьце генэрал Гофман, начальнік штабу Гіндэнбурга, аказаўся куды больш незгаворчывым, чым генэрал Людэндорф, у свой час адправіўшы бальшавікоў у плямбаваным вагоне ў Расею. Генэрал Гофман, не зьвяртаючы ўвагі на бальшавіцкі лёзунг, запатрабаваў і анэксіі, і кантрыбуцыі, ды яшчэ такой, на якую нават Троцкі ня мог пагадзіцца. Перагаворы былі пярэрваныя і ўзнавіліся толькі тады, калі немцы паходным маршам занялі Беларусь па рэчку Бярэзіну.
25 лютага немцы былі ўжо ў Менску. Тут неспадзявана для сябе яны знайшлі Беларускі ўрад і нават беларускія й польскія войскі, якія празь некаторы час былі імі абязброены й расфармаваны.
Спачатку немцы аднясьліся як да Беларускага ўраду, так і да беларускіх арганізацыяў ляяльна й не перашкаджалі працы. Так прадаўжалася да падпісаньня бальшавікамі Берасьцейскай «умовы» 3 сакавіка 1918 г.
Пасьля Берасьцейскай умовы немцы сталі разглядаць занятую імі заакопную частку Ўсходняй Беларусі часткай Расеі, законна імі акупаванай. На падставе гэтага яны адмовіліся вызнаць Беларускі ўрад і ўсю ўладу ў краі ўзялі ў свае рукі. Беларускаму ўраду яны пазволілі займацца выключна толькі нацыянальна-культурнай працай. Стаўшы фактычным гаспадаром краю, немцы адразу аблажылі жыхарства вялізарнымі падаткамі й пачалі вывозіць зь Беларусі ўсё, што толькі пападалася ім на вочы й пад рукі: друкарскія, фабрычныя й жалезнадарожныя машыны, аўтамабілі й іншую маёмасьць дзяржаўных устаноў, лясныя матэрыялы й гаспадарчыя прылады, збожжа, быдла й коні. Апошніх вывезена ў Германію дзесяткі тысяч штук, найбольш франтавых, кінутых бальшавікамі.
Вось чаго каштаваў Беларусі бальшавіцкі мір «без анэксіі й кантрыбуцыі».
Яшчэ цяжэй цяпер абдзіраюцца й стогнуць запраданыя бальшавікамі беларускія землі й беларускі народ пад Польшчаю, але затое цаной Беларусі бальшавікі купілі права на ўласнае існаваньне.
Адсутнасьць матэрыяльных сродкаў не дала магчымасьці Беларускай Радзе й Ураду разьвярнуць працу так, як таго хацелася. Аднак і пры такіх варунках патрыятызм і ахвярнасьць новай і маладой народнай інтэлігенцыі зрабілі надзвычайна многа. За час нямецкай акупацыі ўдалося падняць і пашырыць на нечаканую вышыню прачнуўшуюся нацыянальную сьвядомасьць; палажыць пачатак новым і ўзмацніць старыя беларускія школы, беларускія гурткі, арганізацыі, клюбы, хор, тэатр і выдавецтва; адчыніць ва ўсіх павятовых местах нацыянальныя беларускія рады, якія ўжо беспасрэдна праводзілі тую самую працу ў паветах; адчыніць у Воршы й іншых мяйсцох камітэты па прыёму варочаўшыхся з Расеі ўцекачоў; паслаць у гарады Расеі й Украіны беларускіх прадстаўнікоў дзеля абароны беларускіх інтарэсаў.
Усё гэта рабілася ад імя Беларускага ўраду, што прывівала й ўмацоўвала ідэю беларускай дзяржаўнасьці.
Ідучы па шляху нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі, Рада Ўсебеларускага Зьезду, дзеля пашырэньня свайго аўтарытэту напоўніла свой склад прадстаўнікамі земстваў і гарадоў Беларусі.
На падставе пастановы Ўсебеларускага Зьезду, 9 сакавіка 1918 году Беларусь абвешчана Народнаю Рэспублікаю, аб чым выдана ІІ Устаўная Грамата. На падставе гэтай Граматы «Беларусь, у рубяжох расьсяленьня й лічэбнай перавагі беларускага народу, абвяшчаецца Народнай Рэспублікай. Асноўныя законы яе зацьвердзіць будучы Беларускі Сойм. Да яго заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Ўсебеларускага Зьезду, перайменаванай на Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Выканаўчая й адміністратыўная ўлада ў Беларусі, як і раней, належыць да Народнага Сакратарыяту, які назначаецца Радай Беларускай Народнай Рэспублікі й перад ёю трымае адказ. Усе мовы на Беларусі раўнапраўны. Права прыватнай уласнасьці на зямлю касуецца. Зямля пераходзіць бяз выкупу да тых, хто сам на ёй працуе».
Прымаючы пад увагу, што, пачынаючы ад разгону Ўсебеларускага Зьезду, бальшавікі толькі зьдзекуюцца над беларускім народам і яго нацыянальнымі правамі й што сама Беларусь абернута бальшавікамі ў аб'ект куплі й прадажы, перад Радай Рэспублікі паўстала пытаньне аб самастойнай абароне інтарэсаў Беларусі.
Нягледзячы на надзвычай цяжкія абставіны як палітычнага, так і матэрыяльнага зьместу, Рада Рэспублікі вырашыла абвесьціць незалежнасьць Беларусі.
На гістарычным паседжаньні Рады Рэспублікі, у ноч на 25 сакавіка 1918 г., Беларусь абвяшчаецца незалежнай дзяржавай, аб чым выдана Радаю ІІІ Устаўная Грамата наступнага зьместу:
«Рада Беларускай Народнай Рэспублікі скідае з Вольнага Краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны й незалежны край; ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай вольнай дзяржавай. Усе пастановы старых трактатаў аб Беларусі Расейскага ўраду трацяць сілу, у тым ліку й Берасьцейскі трактат, падзяліўшы Беларусь. У тэрыторыю Беларусі ўваходзяць землі зь беларускай большасьцю. Пацьвярджаюцца правы й вольнасьці, дадзеныя народу Беларусі Ўстаўною Граматаю ад 9 сакавіка».
Абвешчаньне незалежнасьці праведзена выключна галасамі дэпутатаў-беларусаў супраць галасоў дэпутатаў расейскай і жыдоўскай нацыянальнасьцяў, зьяўляўшыхся разам з тым прадстаўнікамі земстваў і гарадоў.
Прадстаўнікі земстваў і гарадоў зьяўляліся разам з тым і членамі расейскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў і жыдоўскай партыі «Бунд». Будучы ўзгадованымі на прынцыпу адзінай недзялімай Расеі, яны не змаглі пагадзіцца зь незалежнасьцю Беларусі. Іх ідэалам была недзялімая Расейская дэмакратычная рэспубліка. На абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі яны рэагавалі сваім выхадам з Рады Рэспублікі. Адмовіўшыся ад мандатаў, яны павялі безупынную барацьбу супраць беларускага руху наогул, чым страшэнна перашкаджалі справе.
Надзвычайна варожа адняслася да акту абвешчаньня незалежнасьці Беларусі й нямецкая акупацыйная ўлада. Немцам надта не спадабалася непрызнаньне Берасьцейскага трактату. Разасланы ж па радыё Беларускім урадам пратэст супраць гэнага трактату безмаль што ня выклікаў разгрому немцамі Рады Рэспублікі і ўраду. Сабатаж і байкот беларускай справы чужынцамі выклікаў яшчэ большую патрэбу аб'яднаньня каля Рады Рэспублікі ўсіх беларускіх сілаў. Няўдалым прыкладам гэтага аб'яднаньня было паразуменьне Рады Рэспублікі з так званым «Менскім Беларускім Прадстаўніцтвам» з буйным абшарнікам Раманам Скірмунтам на чале.
Прадстаўніцтва ў цэлым было досыць правых палітычных поглядаў і моцна трымалася нямецкай арыентацыі. Яно выдавала беларускую газэту «Шлях», вёўшы палеміку з Радай Рэспублікі, і змагалася за адмену артыкулаў Устаўных Грамат аб аддачы бяз выкупу зямлі сялянству.
Увайшоўшы 12 красавіка 1918 г. у Раду Рэспублікі, у ліку 15–18 чалавек, фракцыя Скірмунта адразу пачала кіраваць на германафільскі лад і іншых дэпутатаў.
Абставіны, што Беларусь – частка Расеі, 25 красавіка змусілі Раду Рэспублікі на пасылку наступнай тэлеграмы кайзэру Вільгельму: «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, як абранае прадстаўніцтва Беларускага Народу, зьвяртаецца да вашай імпэратарскай Вялікасьці аб абароне ў яе кіраваньнях, дзеля ўзмацаваньня дзяржаўнай незалежнасьці й непадзельнасьці Краю, у зьвязку з Германскай імпэрыяй. Толькі пад абаронаю Германскай імпэрыі бачыць Край сваю добрую долю ў будучыні».
Трэба адзначыць, што найбольшы ўплыў на пасылку гэтае тэлеграмы зрабіла вызнаньне Гераманіяй незалежнасьці Ўкраіны й Літвы, а асабліва апошняй. Аднак становішча падзеленай Беларусі разглядалася немцамі зусім інакш, чым становішча Ўкраіны й Літвы. Заваёваная Германіяй яшчэ ў 1915 г. заходняя частка Беларусі, Віленская й Гродзенская губэрні, далучыліся Германіяй да Літвы, а акупаваная ў лютым 1918 г. усходняя частка Беларусі, па Берасьцейскай умове паміж немцамі й бальшавікамі лічылася часткай Расеі.
Выходзячы з гэтых поглядаў, Германія адмовілася вызнаць незалежнасьць Беларусі. Крыху пазьней, у траўні месяцы 1918 г., правая частка Рады, карыстаючыся адсутнасьцю некаторых дэпутатаў левага крыла, даручыла Скірмунту фармаваньне кабінэту, які й зацьвердзіла ў такім складзе: абшарнік Скірмунт, генэрал ад інфантэрыі Кандратовіч, шляхцюк Аляксюк, былы менскі гарадзкі галава Хржанстоўскі й дырэктар гімназіі Астроўскі.
Гэта выклікала інцыдэнт паміж старым кабінэтам Варонкі й новым Скірмунта й страшна абурыла левую частку Рады, якая, не здаючы спраў Скірмунту, незабаўна склікала новы чарговы сход Рады, на якім быў зложаны зусім новы часовы ўрад з ліку чатырох асоб: Я. Серады, В. Захаркі, Т. Бернікоўскага й Л. Зайца.
Само сабой разумеецца, што й пры гэтых крызісах і непаразуменьнях нацыянальна-культурная справа ішла й разьвівалася сваім чарадом, наколькі гэта было магчыма пры тагачасных цяжкіх абставінах.
У канцы верасьня 1918 г. у склад Рады Рэспублікі ўвайшлі выбраныя прадстаўнікі ад праваслаўнага духавенства м. Менска й Менскага праваслаўнага брацтва ў ліку 10 асоб, польскай нацыянальнай меншасьці ў ліку 4 асоб і кадэцкай партыі на Беларусі ў ліку 2 ас. Толькі расейскія сацыялісты й жыдоўская партыя «Бунд» прадаўжалі змагацца зь ёю.
На паседжаньні 11 кастрычніка 1918 г. Рада Рэспублікі зацьвердзіла часовую Канстытуцыю Народнай Рэспублікі й перайменавала Народны Сакратарыят у Раду Народных Міністраў. У другой палове лістапада быў абраны новы, чацьверты па ліку, кабінэт, у склад якога ўвайшлі:

Старшыня і міністр загранічных спраўА. Луцкевіч
Міністрпрасьветы А. Смоліч
" юстыцыі А. Цьвікевіч
" фінансаў В. Захарка
" унутраных спраў Я. Варонка
"кантролю Л. Заяц

Гэты ўрад быў прыгатаваны дзеля эміграваньня заграніцу, і яму вельмі хутка прыйшлося выехаць зь Менска.
Ужо на эміграцыі старшынёю ўраду А. Луцкевічам былі прыняты ў кабінэт: на месца выбыўшага з кабінэту Я. Варонкі – Кузьма Тэрэшчанка, і на становішча міністра вайсковых спраў – А. Ладноў.
Не задавальняючыся толькі нацыянальна-культурнай працаю, якая за адсутнасьцю сродкаў вялася з надзвычайна вялікімі высілкамі, Рада Рэспублікі й Урад праз увесь час напружывалі ўсю сваю энэргію да таго, каб ня толькі пашырыць рамкі свае працы, але каб наогул зьмяніць цяжкае становішча Беларусі.
Прадбачачы перамогу Антанты над Германіяй, а за ёю прымусовы выхад германскіх армій зь беларускіх тэрыторый, Рада й Урад не пераставалі патрабаваць ад немцаў дазволу на ўтварэньне нацыянальнай аружнай сілы. Немцы аказаліся вернымі хаўрусьнікамі бальшавікоў ад пачатку да канца. Яны давалі абяцанкі й спадзяванкі на ўсё – уключна да перадачы Беларускаму ўраду ўлады ў краі, але далей абяцанак не пайшлі.
Перамога Антанты закончылася германскай рэвалюцыяй 8 лістапада 1918 года, калі і ў германскай арміі зьявіліся «салдатанраты».
Цяпер стала ясным, што абрабаванай і зьнішчанай Беларусі пагражае бальшавіцка-польская навала. Каб пазбацвіцца яе, беларускі ўрад тэлеграфна зьвярнуўся з просьбаю да дзяржаў Антанты аб замене нямецкіх войск на Беларусі міжнарадовымі. Падзеі ішлі сваёй чаргою, а адказу Антанты так і не было.
У другой палове лістапада нямецкая армія пачала паступова адыходзіць, а бальшавіцкая наступаць, прымаючы ад немцаў уладу ў краі.
Каб ня даць загінуць ідэі нацыянальнага адроджаньня й нацыя-нальна-дзяражаўнай незалежнасьці Беларусі, Рада Рэспублікі на апошнім сваім паседжаньні 28 лістапада пастанавіла: «Захаваць Прэзыдыюм Рады й Урад і выехаць заграніцу».
На падставе гэтай пастановы, Прэзыдыюм Рады й Урад пакінулі Менск 3 сьнежня 1918 г. Ад'язджаючы заграніцу, яны вывезьлі з сабой поўнае перакананьне ў тым, што абуджаная нацыянальная сьвядомасьць беларускага народу ўжо ніколі не памрэ. Адходзячая нямецкая армія затрымалася на подступах у Вільні й Горадні. Дзякуючы гэтаму Беларускі Ўрад, ня хочучы мяняць родную Бацькаўшчыну на чужыну, спачатку затрымаўся ў Вільні, а калі яна была занятая бальшавікамі, пераехаў у Горадню, якую немцы трымалі да красавіка 1919 г.
За гэты час Урад вельмі многа дапамог у нацыянальнай працы як Віленскай Беларускай Радзе, так і гродзенскім нацыянальным арганізацыям, вёўшым непасільную барацьбу з польскімі ксяндзамі й польскімі панамі.
За тры гады 1915–1918 панаваньня тут немцаў касьцёл стаў моцным фартом пальшчызны, а польскія ксяндзы – паўнаўласнымі камэндантамі, зьбіраўшымі ад сваіх парафіян падпіскі на далучэньне да Польшчы.
Наогул палякі фабрыкавалі рожныя дакумэнты аб «жаданьні» Беларусі далучыцца да Польшчы. Паміж іншым у Горадні быў арыштаваны прадстаўніком Беларускага Ўраду В. Захаркай выдаваўшы сябе за беларуса польскі шляхцюк Цьвірка-Гадыцкі, сфальшаваўшы па загаду палякаў рэзалюцыю ад імя ніколі не адбыўшагася ўсебеларускага зьезду ў Навагрудку аб далучэньні Беларусі да Польшчы. Рэзалюцыя гэта была прадстаўлена Польшчаю дзяржавам Антанты й Вэрсальскай мірнай канфэрэнцыі. Фальш была раскрыта дэлегатамі Ураду Б.Н.Р. Аказалася, што такіх фальшывых дакумэнтаў і рэзалюцый Канфэрэнцыяй атрымана ад Польшчы надзвычайна многа.
У апошніх чыслах сакавіка Ўрад выехаў у Бэрлін, дзе ўжо раней была заложана Беларуская місія. Урад астаўся ў Бэрліне, а старшыня яго, А. Луцкевіч, выехаў у Парыж і склаў беларускую дэлегацыю дзеля абароны беларускіх інтарэсаў пры мірнай канфэрэнцыі.

Абвешчаньне незалежнай
Савецкай Сацыялістычнай Рэспублкі

Бальшавікі надзвычайна варожа адносіліся да беларускага нацыянальнага пытаньня й беларускага руху наогул. Будучы ў Менску ў 1917 г., яны яго ня бачылі й не хацелі бачыць. Нават разагнаны імі 2-тысячны Беларускі Кангрэс як быццам ні аб чым ня сьведчыў і нічога не гаварыў.
Седзячы ў Смаленску, яны стараюцца вытлумачыць, чаму так здарылася. Толькі тут, усхамянуўшыся, мяняюць тактыку датычна беларускага нацыянальнага пытаньня. Камуніст В. Кнорын кажа («Беларусь», 1924 г.): «Партыя не прыняла пад увагу тае акалічнасьці, што ўмовы жыцьця сялянства Беларусі хавалі ў сабе магчымасьць разьвіцьця нацыянальнага настрою. І адсутнасьць выразна выяўленых нацыянальных інтарэсаў сярод сялянства партыя тлумачыла як банкруцтва нацыянальна-згодніцкае палітыкі беларускіх нацыянальна-сацыялістычных партый. Але калі нацыянальна-сацыялістычныя арганізацыі не карысталіся вялікім уплывам на сялян, дык яны мелі значны ўплыў на інтэлігенцыю. Усюды ўтвараліся беларускія гурткі й арганізацыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады. У арміі закладалася сетка буйных беларускіх арганізацыяў. Гэтыя арганізацыі нацыяналістычнай дробнабуржуазнай інтэлігенцыі й былі прадстаўлены ў вялікай колькасьці на скліканым у сьнежні 1917 г. першым Усебеларускім Зьезьдзе. Нягледзячы на тое, што Зьезд быў створаны рукамі права-сацыялістычных беларускіх элемэнтаў, на ім была досыць моцная левая фракцыя, і пры ўмелым партыйным кіраўніцтве магчыма, што ўдалося б Зьезд раскалоць і яго рэвалюцыйную частку аб'яднаць пад савецкім сьцягам».
Так на погляд камуніста Кнорына стаяла справа да бегства бальшавікоў зь Менску й да прыходу туды немцаў.
Будучы выгнанымі зь Менску й не пакідаючы надзеі вярнуцца, бальшавікі пільна сочаць і прыглядаюцца, што там, пад нямецкай акупацыяй, робіцца. Кнорын кажа: «Але пэрыяд нямецкай акупацыі зьяўляецца й пэрыядам успрыманьня масамі ідэі беларускае незалежнасьці, на што партыя павінна была зьвярнуць увагу. Пытаньне незалежнасьці, пытаньне арганізацыі Беларускай Рэспублікі з гэтых часоў пачынаюць граць упартую, усё большую ролю. Пад уплывам гэтага амаль што адначасна партыйныя арганізацыі ў Маскве й Смаленску пачынаюць схіляцца да думкі аб патрэбе ўтварэньня Беларускай Рэспублікі. Зьезд беларускіх сэкцыяў у палове сьнежня ў Маскве ўхваляе пастанову аб патрэбе аглашэньня Беларускае Рэспублікі. Пасьля некаторага часу, у канцы сьнежня 1918 г. паўночна-заходні краявы зьезд РКП гэтаксама прыняў аналягічныя пастановы й зьмяніў сваю назву на «Першы Кангрэс Камуністычнае партыі Беларусі». На падставе гэтых пастаноў, першага студзеня 1919 г. і было дэкляравана ўтварэньне Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі».
Прыведзеныя цытаты камуніста латыша Кнорына зьяўляюцца сьведчаньнем таго, што вынікі цяжкой, пры надзвычайна трудных варунках, працы беларускіх арганізацыяў і беларускіх нацыянальных дзяржаўных устаноў, ня меўшых нават фактычнай улады, не прапалі дарма й прымусілі нават заклятых ворагаў беларускага нацыянальнага дзяржаўнага руху – бальшавікоў – прызнаць моц гэтага руху й пайсьці на ўступкі яму.
Гэта яшчэ больш пацьвярджаецца другім камуністам, Ігнатоўскім, які, успамінаючы дэбаты па беларускаму пытаньню перад прыходам бальшавікоў на Беларусь пасьля нямецкай акупацыі, кажа: «Сярод разгляду пытаньня выявілася, што беларускае нацыянальнае адраджэньне значна шагнула ўперад за часы рэвалюцыі й нямецкай акупацыі. Трэба ў далейшай працы партыі гэтага не забываць, лічыць патрэбным выявіць нацыянальнае беларускае пытаньне, утварыць грунт для Беларускай Савецкай Рэспублікі й такім спосабам выбіць глебу з-пад ног Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і ўзяць беларускае нацыянальнае пытаньне ў рукі Кампартыі». Вось больш-менш той новы погляд, з якім бальшавікі пасунуліся са Смаленска ў глыбіню Беларусі пасьля адыходу немцаў у лістападзе й сьнежні 1918 г. 12 сьнежня 1918 г. яны занялі Менск, а першага студзеня 1919 г. урачыста абвесьцілі ў Смаленску незалежнасьць Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі з 5 губэрняў: Гродзенскай, Менскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай (Віленскую, як відаць, пакінулі на развод літоўскім камуністам).
Пасьля гэтага быў утвораны й першы часовы ўрад Беларускай Радавай Рэспублікі, які быў зложаны з прадстаўнікоў Белнацкому й Абліскамзапу.
Ад беларускага Нацыянальнага Камітэту:

1. Жылуновіч старшыня ўраду
2. Дыла камісар працы
3. Чарнушэвіч " сацыяльнай забясьпекі
4. Шантыр " нацыянальных спраў
5. Пузыроў " аховы здароўя
6. Квачанюк " юстыцыі

Ад Абласнога Камітэту Заходняй Вобласьці й Фронту:

1. Мясьнікоў камісар вайсковых спраў
2. Рэйнгольд " фінансаў
3. Калмановіч " харчовых спраў
4. Пікель " савету народнай гаспадаркі
5. Андрэеў " земляробства
6. Іваноў " унутраных спраў
7. Савіцкі " шляхоў
8. Розэнталь " пошты і тэлеграфу
9. Яркін " Надзвычайнай Камісіі
10. Бэрсон " Дзяржаўнага кантролю
11. Надзёнкаў " па справах палонных і бежанцаў

Як бачым, перавага была па старане чужынцаў, прадстаўнікоў Абліскамзапу, якую яны вельмі хутка выкарысталі па свойму, арыштаваўшы камісараў беларусаў і адсунуўшы наогул беларусаў ад усякіх кіраўнічых роляў.
2 студзеня часовым ўрадам Беларусі быў выданы наступны «маніфэст» аб утварэньні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі: «Вялікая кастрычнікаўская рэвалюцыя ў Расеі вызваліла рабочых і сялян, гэтых праўдзівых гаспадароў жыцьця. Ідзе шчасная пара й для працоўных масаў Беларусі, якая разам з народамі Расеі, Літвы, Украіны й Латвіі ад сягоньняшняга дня становяцца вольнымі й поўнавартаснымі гаспадарамі вольнай і незалежнай Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. Ад сягоньняшняга дня Беларусь – Савецкая рэспубліка, – становіцца рэспублікай працоўнага народу, сялянскай беднаты й чырвонаармейцаў Беларусі. Уставайце ўсе на абарону яе. Да змогі з чорнымі грамадамі польскіх легіянэраў. Улада акупантаў ад гэтага часу лічыцца скасованай, яе забіраюць у свае рукі Саветы. Беларуская Рада зь яе народнымі міністрамі абвяшчаецца безабароннай законамі. Працоўныя ўсіх нацыянальнасьцяў карыстаюцца роўнымі правамі. Уся зямля памешчыкаў, манастыроў, цэркваў, касьцёлаў, духоўнікаў з усім жывым і мёртвым багацьцем, а таксама ўсе лясы, воды й нутра зямлі становяцца дастаткам працоўнага народу Беларусі. Уводзяцца восем гадзін працы ў дзень без зьверхурочных гадзін. Урад даручае чырвонай арміі, рабочым і сялянскай беднаце Беларусі абарону заваёваў сацыяльнай рэвалюцыі».
Віленская губэрня, нягледзячы на лічэбную перавагу ў ёй беларускага жыхарства, была аддана Масквою літоўскім камуністам, каторыя 8 сьнежня 1918 г. злажылі часовы ўрад Літвы, а 11 сьнежня гэтым урадам быў выданы «маніфэст» – праклямацыя аб утварэньні Савецкай Сацыялістычнай Літоўскай Рэспублікі. Дзякуючы таму, што гэны літоўскі ўрад фактычна ня меў ні літоўскай тэрыторыі, ні літоўскага народу, у пачатку лютага 1919 г. Масква прыказала аб'яднаць Беларускую й Літоўскую Рэспублікі ў адно – Літоўска-Беларускую Рэспубліку.
На падставе гэтага распараджэньня, выканаўчыя камітэты «саветаў» Беларусі й Літвы зьехаліся 27 лютага ў Вільню й абвесьцілі Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Літвы й Беларусі. Тут жа быў выбраны агульны Выканаўчы камітэт і Рада народных камісараў.
Утварыўшы фактычна з чыста беларускіх зямель не адну, а дзьве рэспублікі, Масква пры гэтым адабрала ад Беларусі й зноў далучыла да Расеі беларускія губэрні Віцебскую, Магілёўскую й Смаленскую.
Гэты факт як нельга больш сьведчыць аб няшырасьці Масквы. Ён гучна нам гаворыць і засьцерагае на будучыню аб тым, якую каштоўнасьць і моц маюць урачыстыя камуністычныя «маніфэсты» аб незалежнасьцях рэспублік. Тут нявольна прыходзіцца затрымацца й над тым, чым зьяўляюцца ў руках РКП зьезды саветаў і іх пастановы. Хто з нас хоць на адну хвіліну можа дапусьціць, каб свабодны зьезд саветаў Беларусі санкцыянаваў адход трох беларускіх губэрняў да Масквы і аднае да Літвы!
На гэты раз такога насільства не маглі ператравіць нават прызвычаеныя да рожных маскоўска-бальшавіцкіх гвалтаў людзі, як беларускія камуністы, якія ўрэшце запратэставалі супраць падзелу.
Кончылася тым, што Мясьнікоў пратэстантаў – камісараў-беларусаў – пасадзіў у астрог, а двуадзінай беларускай рэспублікай, да таго часу ўжо ў межах аднае Менскае губэрні, стаў кіраваць сам.
Пакончыўшы з пратэстантамі, расейскія вялікадзяржаўнікі ізноў павялі барацьбу супраць усяго беларускага. Тут прыйшлося ўцякаць і тым сацыялістам, членам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (Грыб, Бадунова, Мамонька), якія адчынілі бальшавікам чырвоныя вароты Менска й якія, няведама дзеля чаго, казалі, што яны знаходзіліся ў «буржуазна-памешчыцкай» Беларускай Радзе толькі дзеля таго, каб узрываць яе.
Чым кончылася б панаваньне Мясьніковых, немаведама, але на гэты раз бальшавікам прыйшлося уцякаць зь Менска ўжо ад палякаў. 8 жніўня 1919 г. Менск быў заняты польскім войскам – арміяй генэрала Шэптыцкага.
Агулам кажучы, гэны т. зв. першы Ўрад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, а фактычна Мясьніковых, зьвёўся да адной толькі кампрамітацыі ня толькі сябе, але й бальшавізму наогул. Камуніст Кнорын («Беларусь», 1924 г., стар. 220) так характарызуе яе: «Гэтая вялікадзяржаўная тактыка кіруючай групы працаўнікоў першага беларускага савецкага ўраду адпіхнула частку беларускіх камуністых і зрабіла перашкоду далейшаму разьвіцьцю й замацаваньню зьвязку партыі з масамі працоўных сялян».
Уцёкшы зь Менску ў беларускі Смаленск, бальшавікі зноў паставілі крыжык на ўсім беларускім, расфармаваўшы нават урад Літоўска-Беларускай Рэспублікі.

Польская акупацыя
8.VII.1919 г. – 11.VII.1920 г.

Вайна паміж бальшавікамі й палякамі пачалася зараз жа пасьля таго, як нямецкія палкі пакінулі Віленскую, а затым і Гродзенскую губ.
Першыя невялічкія бойкі пачаліся ў першых чыслах студзеня 1919 г. Добра ўзброеная і ўзмацаваная пры дапамозе французаў польская армія праз паўгода пайшла ў рашучае наступленьне на бальшавікоў і 8 жніўня 1919 г. ужо захапіла Менск, адсунуўшы праз кароткі тэрмін бальшавікоў аж за рэчку Бярэзіну.
Посьпехі польскай арміі радасна былі вітаны ня толькі палякамі, але й некаторымі беларусамі, пераважна каталікамі, мест і мястэчак Беларусі, паверыўшымі ў салодкія словы маршалка Язэпа Пілсудскага.
Захапіўшы Вільню, начальнік дзяржавы Язэп Пілсудскі 22 красавіка 1919 г. выдаў пашыраную па ўсяму краю адозву да жыхарства былога Вялікага Княства Літоўска-Беларускага такога зьместу: «Беларусь шмат гадоў ня ведае свабоды. Яна ўвесь час знаходзілася пад гвалтам – расейскім, нямецкім і ўрэшце бальшавіцкім. Гэтая безупынная няволя, добра вядома й мне самому, як радзіўшамуся на гэтай нешчасьлівай зямельцы, павінна быць нарэшце спынена. Хачу вам даць магчымасьць разьвязаць унутраныя, нацыянальныя і рэлігійныя справы так, як самі захочаце, безь якога-небудзь гвалту з боку Польшчы. На Беларусі яшчэ грымяць гарматы, але ўлада з вашых рук перададзена ў цывільны загад, у каторы будуць запрошаны мяйсцовыя людзі».
Мэты ўраду такія: «1. Даць магчымасьць жыхарам пагутарыць аб сваіх патрэбах праз абраных імі прадстаўнікоў. 2. Памагчы, каму трэба, жыўнасьцю, памагчы ў працы вытворчай, забясьпечыць лад і супакой. 3. Апекавацца ўсімі, бяз рожніцы веры і нацыянальнасьці». Канчаецца адозва заклікам зьвяртацца да пастаўленых уладай адкрыта й шчыра ў кожнай патрэбе і ў справах, каторыя ляжаць вам на сэрцы й цікавяць вас.
Як бачым, тут сьлёзы аб нядолі й няволі нешчасьлівай старонкі й зямелькі, тут свабода, сэрца, шчырасьць, апека, дапамога, права пасылаць у ўстановы прадстаўнікоў і права вырашэньня ўнутраных, нацыянальных і рэлігійных спраў і г. д., адным словам – усё й разам з тым нічога. Аб незалежнасьці Беларусі няма нават успаміну, а гаворыцца толькі аб унутраных справах, кіраваць якімі будуць запрошаны мясцовыя людзі.
Гэтыя «мясцовыя» людзі, а фактычна польская шляхта, сапраўды былі пакліканы да ўлады, і беларускае жыхарства добра памятае іх валадарства.
Каб задаволіць нацыянальнае пытаньне, 20 жніўня 1919 г. выдаецца загад №2 аб карыстаньні беларускай моваю. Загад абвяшчае: «Ст. 1. На абшарах, занятых польскімі войскамі, урадавай моваю лічыцца мова польская. Урадавыя загады будуць выдавацца ў польскай мове побач зь перакладам іх на мову беларускую. Першае месца займае аснова польскай мовы. Ст. 2. У сваіх адносінах з уладай насяленьне можа ўжываць, побач з польскай, і мову беларускую».
Загад гэты вельмі двухсмысловы з фармальна юрыдычнага боку. Мова польская – урадовая, а мова беларуская? – у кожным выпадку не ўрадовая. Фактычна беларуская мова ў жыцьцё дапушчана не была.
Захапіўшы Менск, Пілсудскі выдаў яшчэ адну адозву да беларускага жыхарства. У гэтай адозве ўспамінаецца й малюецца ружовымі фарбамі доўгае сужыцьцё беларускага народу з польскім народам. Гаворыцца, што польскія войскі, заняўшы Менск і прагнаўшы бальшавікоў, адчынілі для Беларусі магчымасьць далейшага сужыцьця двох братніх народаў. Пілсудскі заяўляе, што ён «хацеў бы бачыць гэты край вольным між вольнымі народамі»; што ж датычыцца да ўзаемаадносін з Польшчаю, то Беларусь будзе гутарыць зь ёю «як роўны з роўным і вольны з вольным».
Як ужо вышэй было сказана, адозвы Пілсудскага ачаравалі некаторых беларусаў і выклікалі ў іх добрую надзею на «новую Польшчу». Паверыўшы адозвам, яны ня бачылі ўсіх няяснасьцей і адмоўных бакоў гэтых адозваў. Ім здавалася, што «новая Польшча», кіруемая папаэсам Пілсудскім, ня пойдзе шляхам старой Польшчы, загубіўшай Беларусь.
Зараз жа пасьля прыходу палякаў быў утвораны ў Менску Беларускі Нацыянальны Камітэт (Прушынскі, Тэрэшчанка, Смоліч, Рак-Міхайлоўскі й Лёсік), які адразу ўходзіць у кантакт з акупантамі і ўрэшце рэшт цалкам падпадае пад уплыў даверанага Пілсудскага, паляка Ваявудзкага, давёўшага Камітэт, а затым і Найвышэйшую Раду да досыць сумнага канца.
Выйшаўшыя беларускія газэты «Звон» (Алексюка) і «Беларусь» (Лёсіка) таксама пайшлі шляхам надзей на польскую «дэмакратыю». Так «Звон» 25.VIII.1919 г. №1 піша: «Мы зьвяртаемся да польскай дэмакратыі з гэткімі словамі: Калісь за часоў быўшага Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага нашы продкі памагалі вашым продкам збавіцца ад нямецкай крыжацкай навалы; калісь супольна мы бараніліся ад нашых ворагаў і былі дужыя й культурныя, але калі Польшча перастала паважаць нашы дзяржаўныя й культурна-нацыянальныя патрэбы, то гэта прывяло да згубы й даўгалетняга палону й нас і вас».
У №2 ад 27.VIII.1919 г. тая ж газэта «Звон», выказваючы сваю надзею на дапамогу Беларусі з боку Польшчы, якая павінна была пасунуць свае войскі яшчэ на ўсход і такім чынам аб'яднаць Беларусь, піша: «Беларусь мае права спадзявацца, што Польшча не забыла свайго даўнейшага саюзьніка й кумпана. Стары друг – лепш новых двух. Няўжо ж дзеля таго, што Беларусь так заняпала, абяднела й не без гістарычнай віны з боку Польшчы, – то яна ня мае права на братэрскую помач ад свайго вінавайцы ў гэты рашучы й адпаведны момант? Не! Разам мы заняпалі, разам нам трэба й вясьці сваё адбудаваньне. Трэба рабіць да канца».
17 верасьня 1919 г. газэта «Звон» кажа: «Гэтымі днямі прыяжджае да Менску Начальнік польскай дзяржавы, Язэп Пілсудскі. Гэта дзякуючы яму наш змучаны, абяднелы край збаўляецца ад крывавага панаваньня маскоўцаў. Гэта ён зьвяртаўся да насяленьня Беларусі з адозваю, у якой абвяшчаў, што нясе нам волю й збаўленьне ад вяковай крыўды й няволі. Прывет табе, Начальніку польскай дзяржавы, на тваёй роднай зямельцы Беларусі».
Далейшыя падзеі паказалі, што Пілсудскі й сапраўды стаў лічыць Беларусь роднай зямелькай Польшчы й нават да гэтае пары ня хоча адмовіцца ад яе.
На другі дзень, 18 верасьня 1919 г. Пілсудскі прыехаў у Менск. Урачыстае спатканьне яго было назначана ў будынку Дваранскага сабраньня. Тут прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Камітэту выступіў з такім прывітаньнем: «Ужо шосты тыдзень як мы жывем спакойным жыцьцём. Разьвеяўся чырвоны туман, разьвеялася відмо галоднай сьмерці. Гэты цуд ёсьць дзелам гераічнага польскага войска, якога вы ёсьць начальнікам. Вітаю вас ад імя беларускіх дэлегацыяў, прадстаўляючых тутака беларускае насяленьне, выслаўляю гарачую падзяку за вызваленьне Менску й Меншчыны ад новага цяжкога нападу маскоўскага імпэрыялізму, які на гэты раз прыбраўся ў бальшавіцкую вопратку. Але плачуць яшчэ маткі ў Віцебску, стогнуць людзі ў Магілёве, маўчыць, бо забаронен, хаўтурны голас з'імшэлых званіцаў Смаленску. Мы ім нічым памагчы ня можам; аднак жа мы пэўны, што страшная мара разьвеецца й над імі. Мы верым і спадзяемся, што разам з вольным Менскам, Вільняй і сівой Гародняй, вольнымі й шчасьлівымі будуць у вольнай і незалежнай Беларускай Рэспубліцы нашыя адвечныя атрогі на рубяжох Масквы – Віцебск, Магілёў і стары Смаленск. Гэтага мы спадзяемся, у гэта мы верым, а гэтай верай і надзеяй абдараваў нас братні народ, якога прадстаўніку гатовы мы сказаць на Меншчыне ня толькі нашыя сягоньняшнія «Дзякуй», але й заўсюды: «Здароў будзь, прыходзь да нас, наш госьцю мілы, суседзе дарагі». Словы гэтыя належаць патрыёту беларускага адраджэньня, нябожчыку Алесю Прушынскаму. Як шкада яго гарачых слоў і яго моцнай надзеі на «новую» Польшчу. Мы, перажыўшыя яго, бачым, чаго каштуюць адозвы й абяцанкі як Пілсудскага, так і Леніна, і якую яны далі свабоду й незалежнасьць нашаму народу й нашай Бацькаўшчыне.
Калі Прушынскі памыляўся ў сваіх надзеях у 1919 г., то немагчыма памыляцца нам цяперака – у 1926 г.
Варшава застаецца Варшавай, а Масква Масквой. Як раней, так і цяперака, яны рвуць і разрываюць нас.
Наша свабода залежыць выключна ад працы самога беларускага народу. Дзеля гэтага ўсякія надзеі на суседзяў трэба кінуць раз назаўсёды, яны толькі аслабляюць энэргію барацьбы з гвалтаўнікамі.
Панадзеяўся й паверыў «новай» Польшчы й старшыня Беларускага Ўраду А. Луцкевіч. 28 жніўня 1919 года, па запросінах старшыні польскага ўраду Падарэўскага, пан Луцкевіч прыехаў у Варшаву дзеля перагавораў аб беларуска-польскіх узаемаадносінах і магчымай перадачы ўлады на Беларусі беларускаму ўраду.
Па прыезьдзе ў Варшаву пан Луцкевіч зараз жа паведаміў аб тым знаходзіўшыхся ў Бэрліне свайго часовага намесьніка В. Захарку й сакратара Прэзыдыюму Рады Рэспублікі П. Крэчэўскага, якіх заклікаў безадкладна выехаць у Менск дзеля прыняцьця ўдзелу ў працы адчыняемай сэсіі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Абсалютна ня верачы Польшчы й разглядаючы запросіны й абяцанкі пана Падарэўскага як правакацыю, успомненыя асобы такі свой погляд давялі да ведама пана Луцкевіча й тут жа прапанавалі яму як мага хутчэй пакінуць Варшаву й ехаць у Рыгу, дзе ў той час засядала канфэрэнцыя новаствораных балтыцкіх дзяржаў, досыць прыхільна адносіўшыхся да нацыянальна-дзяржаўнага адроджаньня Беларусі.
У адказ на гэта пан Луцкевіч напісаў В. Захарцы вельмі вострага й нават абразьлівага ліста й адсунуў яго ад абавязкаў намесьніка старшыні ўраду. Што датычыцца да сакратара Рады Рэспублікі П. Крэчэўскага, то пан Луцкевіч адмовіўся слухаць яго на той падставе, што ён, Луцкевіч, знаходзіцца ў беспасрэдных зносінах з самым Старшынёю Рады Рэспублікі, п. Лёсікам.
Пад уплывам Тэрэшчанкі, Смоліча, Дубейкаўскага, Тарашкевіча й іншых, поўнымі грудзьмі дыхаўшымі адозвай Пілсудскага, пан Луцкевіч на ўсё глядзеў іх вачыма й, канешне, ня бачыў, ці не хацеў бачыць таго, што дзеецца на Беларусі пад польскай акупацыяй.
Захапіліся вераю ў «новую» Польшчу, «дэмакратыю» й галоўным чынам у польскіх папаэсаў і павадыры Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (Бадунова, Мамонька й Тэрэшчанка), якія лістом, прысланым у Бэрлін на імя гр. Крэчэўскага, Захаркі й Зайца, цалкам згаджаліся й падтрымлівалі варшаўскую палітыку пана Луцкевіча й прапанавалі слухацца пана Луцкевіча й ехаць у Менск на паседжаньне Рады Рэспублікі. Гаворачы аб тым, што партыя польскіх сацыялістаў надзвычайна спрыяе адраджэньню Беларусі й імкнецца іх, с.-р., прыняць у інтэрнацыянал, а ўладу на Беларусі перадаць Беларускаму ўраду, яны закончылі свой ліст так: «што, калі вы паслухаецеся пана Луцкевіча й зараз жа прыедзеце ў Менск і прывезяце з сабою грошы, то матка Беларусь усё даруе вам».
24 лістапада 1919 года грамадзяне Крэчэўскі, Захарка й Бялевіч выехалі з Бэрліна, цераз Прагу й Варшаву, у Менск, нягледзячы на свае пераконаньні ў тым, што палякі вядуць фальшывую ігру з мэтаю вылавіць усіх беларускіх дзеячоў з-за граніцы, каб потым інтэрнаваць іх у краі. К гэтаму часу пан Луцкевіч ужо тры месяцы прасядзеў у Варшаве, не дачакаўшыся ня толькі тых ці іншых вынікаў, але нават і перагавораў з польскім урадам.
30 лістапада 1919 г. пан Луцкевіч з грамадзянамі Крэчэўскім, Захаркай і Бялевічам выехаў з Варшавы й 1 сьнежня быў у Менску, куды ўжо сабраліся блізу ўсе сябры Рады Рэспублікі.
Да гэтага часу адозвы Пілсудскага цалкам выветрыліся. Польская заборчая палітыка была вачавістай. Усюды йшла самая шалёная палянізацыя. Цэлая хмара ксяндзоў і рожных агітатараў вяла прапаганду за далучэньне Беларусі да Польшчы. Нарэшце польскі ўрад самачынна абесьціў плебісцыт на Беларусі, які потым прымушан быў адмяніць. Назова «беларус» была для акупантаў пострахам. Хто не хацеў называцца палякам, залічаўся акупантамі ў бальшавікі.
Вайсковыя, асабліва афіцэрства, зьдзекаваліся над жыдамі, а паны й жандары – над сялянамі. Загулялі шомпалы й бізуны. Усюды толькі й чулася «даць ему двадзесьця пенць».
Агульнае становішча было надзвычайна цяжкое й прыгнечанае. Сярод дэпутатаў Рады Беларускай Рэспублікі вызначыўся рэзкі падзел на дзьве часткі. Сацыялісты-фэдэралісты й сацыялісты-рэвалюцыянэры, прыслухоўваючыся да агульнага голасу народу, паставіліся супраць якога бы ні было згодніцтва з Польшчай; група ж Менскага Нацыянальнага Камітэту, зложанага ўжо пад польскай акупацыяй, на чале з Тэрэшчанкай, а таксама старшыня Рады Рэспублікі Лёсік, яго намесьнік Смоліч і старшыня ўраду Луцкевіч зь іншымі, потым злажыўшымі злой памяці «Найвышэйшую Раду», сталі на грунт угод з акупантамі й нават імкнуліся правесьці ад імя Рады Рэспублікі прывітаньне Пілсудскаму, Падарэўскаму й польскаму сойму. Пагадзіць гэныя два погляды да адчыненьня Рады не ўдалося. Воляй-няволяй усе спрэчкі пераносіліся на агульнае паседжаньне Рады Рэспублікі. Назначанае старшынёю Рады п. Лёсікам паседжаньне Рады Рэспублікі павінна было пачацца а 6 гадзіне вечара 13 сьнежня 1919 г. К гэтаму часу ўвесь будынак Рады быў перапоўнены народам, зь нецярплівасьцю чакаўшым як паседжаньня, так і пастаноў Рады Рэспублікі.
Палянафільствуючая група на чале са старшынёй Рады Лёсікам, бачачы сябе ў меншасьці (37 чал.) і баючыся незадаволенага імі народу, на сход не зьявілася, хоць і была ў гэты момант у поўным зборы на прыватнай кватэры намесьніка старшыні Рады Рэспублікі гр. Уласава. Нічога не памаглі й асабістыя запросіны іх. Калі сабатаж з боку палянафілаў астатэчна выявіўся, тады большасьць радных (50 чал.), сацыялісты-фэдэралісты, сацыялісты-рэвалюцыянэры й спачуваючыя ім, адчынілі сход Рады рэвалюцыйным шляхам пад старшынствам сакратара Рады П. Крэчэўскага, пры гучных воплесках публікі, цалкам спачуваўшай антыпольскаму настрою Рады.
Па адчыненьні схода першым чынам быў абраны новы прэзыдыюм Рады Рэспублікі, у які ўвайшлі сябры Ўсебеларускага Зьезду: старшынёю – П. Крэчэўскі, намесьнікамі старшыні – В. Захарка й П. Бадунова, сакратарамі – Н. Козіч і Я. Мамонька.
Другім пунктам быў абраны новы ўрад, у які ўвайшлі:
Старшыня Рады міністраў В. Ластоўскі
Міністр юстыцыі А. Цьвікевіч
Міністр загр. спраў Ё. Ладноў
Міністр фінансаў Е. Бялевіч
Міністр унутр. спраў Т. Грыб
Дзяржаўны кантралёр Л. Заяц
Дзяржаўны пісар К. Душэўскі
Увесь урад быў зложаны з сяброў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, ад чаго, у прыватным жыцьці, называўся эсэраўскім урадам. Супраць выбару гр. Ластоўскага на становішча старшыні ўраду пратэставалі прадстаўнікі партыі сацыялістаў-фэдэралістаў, гр.гр. Крэчэўскі й Захарка, але партыя сацыялісытаў-рэвалюцыянэраў правяла яго, як і іншых сяброў свае партыі, на сваю адказнасьць.
Па трэцяму пункту павесткі вынесена пастанова аб перадачы ўсёй сувэрэннай паўнаты ўлады на Беларусі новаабранаму прэзыдыюму Рады разам з Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі.
Нарэшце вынесены пастановы-пратэсты: 1) супраць польскай акупацыі Беларусі; 2) супраць незаконнага абвешчаньня Польшчай плебісцыту на Беларусі й 3) супраць гвалтаў і зьдзекаў акупантаў над беларускім народам.
Само сабой разумеецца, што такія пастановы не маглі спадабацца польскай акупацыйнай уладзе, якая, па загаду Варшавы, пачала адкрытую барацьбу з новаабранымі прадстаўнікамі Рады Рэспублікі й яе Ўраду.
Пры дапамозе й спачуцьці палянафільствуючай меншасьці, адкалоўшайся ад Рады Рэспублікі і ўтварыўшай так. зв. «Найвышэйшую Раду», палякі прыняліся за арышты й рожныя прасьледаваньні сябраў Прэзыдыюму Рады й Ураду.
Даведаўшыся аб пастановах Рады Рэспублікі й аб выбары новага Прэзыдыюма Рады й Ураду, палянафільская група (37 чал.) абвесьціла сябе «Найвышэйшай Радай», у прэзыдыюм якое ўвайшлі: Я. Лёсік, А. Смоліч, С. Рак-Міхайлоўскі, Я. Серада й К. Тэрэшчанка. Урадам Беларусі яны прызналі стары кабінэт А. Луцкевіча, якога фактычна ўжо не існавала, бо былы міністр фінансаў В. Захарка, не падзяляючы апошняй палянафільскай акцыі Луцкевіча, адразу разышоўся зь ім і, як мы вышэй бачылі, прымаў чынны ўдзел у працы па баку антыпольскай групы, а рэшта міністраў кабінэту Луцкевіча, за выключэньнем Смоліча й Тэрэшчанкі, пакінула кабінэт Луцкевіча, калі ўбачыла вачавідны правал палянафільскай акцыі.
Такім чынам, на жаль, утварыўся раскол старой Рады Рэспублікі на дзьве часткі. Гэта быў першы, надзвычайна шкодны, раскол адзінага беларускага нацыянальнага фронту, адказнасьць за які павінны ўзяць на сябе сябры так зван. «Найвышэйшай Рады» з гр. Луцкевічам на чале.
Само сабой разумеецца, што такі раскол быў толькі на руку акупантам-палякам. Разьбіўшы беларускія сілы на два лагеры, прадстаўнікі Пілсудскага, пп. Ваявудзкі й начальнік Менскага павету п. Рачкевіч, сталі як быццам больш прыемней адносіцца й мацней падтрымліваць палянафільскую групу й яе «Найвышэйшую Раду», якую праклінаў увесь беларускі народ.
Цераз тры дні пасьля сходу Рады пайшлі вобыскі й арышты сяброў новага Прэзыдыюма Рады й Ураду: Намесьнік старшыні Рады Рэспублікі П. Бадунова, сакратар Рады Я. Мамонька й старшыня Ўраду В. Ластоўскі былі арыштаваны й засуджаны на вастрог на 2–3 мес. за «незаконны» сход Рады Рэспублікі.
Старшыня Рады Рэспублікі П. Крэчэўскі й яго намесьнік В. Захарка здолелі схавацца й зь вялікімі труднасьцямі ўцячы пад чужымі імёнамі заграніцу ў Нямеччыну. Вось з большага тыя вынікі й тая каштоўнасьць вышэй прыведзеных адозваў Пілсудскага ад 22 красавіка й 8 жніўня 1919 г. да беларускага народу, у якіх літаральна гаварылася: «Хачу даць вам магчымасьць разьвязаць унутраныя, нацыянальныя й рэлігійныя справы так, як самі захочаце, без якога-небудзь гвалту або націску з боку Польшчы, і Беларусь будзе гаварыць з Польшчаю, як роўны з роўным і вольны з вольным».
Адным словам тут прыходзіцца прызнаць поўную аналёгію й па зьместу й па выніках зь ленінскімі дэкрэтамі аб праве народаў на «самоопределенiе вплоть до отделенiя».
Як у 1917 г. бальшавікі, так цяперака палякі, раскалоўшы й разьбіўшы беларускія арганізацыі, яшчэ з большым запалам павялі палянізацыю, давёўшы ўціск, зьдзек і катаваньне беларускага народу да цяперашняга яго стану, ад каторага балюча стогне ня толькі народ, але нават сама зямля.
Цяперака пяройдзем да таго, чаго ўдалося дасягнуць палянафільскай «Найвышэйшай Радзе» й п. Луцкевічу, зрабіўшы стаўку на пана Пілсудскага, «новую Польшчу» й польскую «дэмакратыю».
Сябры «Найвышэйшай Рады» разам з п. Луцкевічам доўгі час бадзяліся па Бэльвэдэру, польскіх міністэрствах, партыйных арганізацыях П.П.С.; пісалі й падавалі рожныя даклады й праекты, падпісвалі нават культурна-нацыянальную аўтаномію Беларусі (В. Іваноўскі з Л. Васілеўскім) і ўсё чакалі той «рэальнай» працы, якая зацягнула іх у Варшаву, аднак нічога не дабіліся.
Кончылася, як і трэба было чакаць, правакацыяй: гр. Луцкевіч быў інтэрнаваны й ня выпушчаны заграніцу, а «Найвышэйшая Рада» змушана была сама расфармавацца й свае «мандаты» перадаць Прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. За час свайго існаваньня «Найвышэйшай Радзе» ўдалося ўтрымаць толькі дзьве ўстановы: Беларускую Вайсковую Камісію й Школьную Раду. Вайсковая Камісія, галоўным кіраўніком якой быў гр. Аляксюк, створана была палякамі зараз жа па захапленьні Менска з мэтаю ашуканства беларусаў. Гэтым Польшча імкнулася паказаць сваю прыязьнь, даходзячую нават да ўтварэньня беларускай нацыянальнай арміі. Якраз тое самае, што цяперака прарабляе ў Менску Масква.
Былі ўтвораны вэрбунковыя аддзелы, але яны нікога не завэрбавалі па дзьвюх прычынах: першая – сялянства ў гэтую, па істоце польскую, армію не ішло; па-другое – польская ўлада ва ўсім перашкаджала й не давала эканамічных сродкаў. Камісія здолела толькі правясьці курсы беларусазнаўства й апрацаваць невялікую частку вайсковай тэрміналёгіі.
Школьная Рада захавала астаткі Пэдагагічнага інстытуту Народнай Асьветы й правяла двое курсаў беларусазнаўства для настаўнікаў пачатковых школ. Некалькі пачатковых беларускіх школ і дзьве гімназіі (у Вільні й Менску) – вось увесь здабытак Школьнай Рады. Аднак і гэтыя ўстановы не маглі нармальна разьвівацца й працаваць як па недахопу грашовых сродкаў, так і па прычыне той шырокай палянізацыі, якая ставіла рожныя перашкоды й не давала магчымасьці Школьнай Радзе весьці сваю працу.
Дайшоўшы да банкруцтва, «Найвышэйшая Рада» змушана была самым жыцьцём вызнаць Раду Рэспублікі й здаць ёй свае «мандаты», якія прывёз у Рыгу ў кастрычніку мес. 1920 г. Тэрэшчанка.
Палітычна-сацыяльны й нацыянальны ўціск акупантаў узварушыў горад і вёску. Пачынаецца рэвалюцыйны рух, які пераходзіць у паўстаньне 1920 году. Крывёю паноў і паўстаўшых пакрываецца змучаная Беларусь. Расстрэлы, турмы, шомпалы, бізуны ўжо ня могуць задушыць паўстаньня, тым больш, што ў польскай арміі пачынаецца развал. Ужо ёсьць выпадкі адказу страляніны ў народ.
Скарыстаўшыся гэтым, бальшавікі захапляюць Менск 11 ліпеня 1920 года. Польская армія, пры поўным распадзе й адсутнасьці дысцыпліны, уцякае ў Польшчу. Афіцэры й паны зганялі сваю злосьць на тым, што бязьлітасна палілі на сваім шляху беларускія вёскі, мястэчкі й гарады.
Чырвоная армія ў сваю чаргу, даганяючы палякаў, страціла зьвязь са штабамі й абозамі. У кароткім часе яна дасягнула ваколіц Варшавы, дзе яе спаткалі згуртаваныя новыя сілы польскае арміі пад камандаю францускіх генэралаў.
Змучаная безупыннымі паходамі, парваўшая паміж сабою сувязь, бальшавіцкая армія была разьбіта ў першай жа бойцы. Частка папала ў палон, частка, каля 75 000, уцякла на нямецкую тэрыторыю Ўсходняй Прусіі, дзе была інтэрнавана немцамі. Рэшта, страціўшы артылерыю й абоз, кінулася назад, апамятаўшыся толькі каля Менску.

Слуцкае паўстаньне

Перанёсшы бальшавіцкую навалу й добра пазнаўшы, што такое бальшавікі, зрабаваны й змучаны беларускі народ ня мог далей цярпець маскоўскіх наезьнікаў і задумаў тым ці іншым чынам пазбавіцца ад іх. Случчакі зарганізавалі сваімі ўласнымі сялянскімі сіламі беларускія аградныя палкі і, выкінуўшы лёзунг «За вызваленьне Беларускай Народнай Рэспублікі», пачалі ваўсю біць гэтых «свабадзіцелей» працоўнага народу.
Аднак, будучы моцна сьціснутымі на многа большымі сіламі бальшавікоў і ня маючы, пасьля Рыжскай умовы, плацдарма дзеля адступленьня, героі не маглі ўтрымацца й змушаны былі адысьці за Рыжскую лінію, дзе былі інтэрнаваны палякамі.
Паўстаньне гэта, нягледзячы на яго непасьпешнасьць, высока падняла патрыятызм беларускага народу й паслужыла прыкладам барацьбы з гвалтаўнікамі-акупантамі, аб чым сьведчыць і наступная рэзалюцыя беларускай нацыянальна-палітычнай нарады ў Празе Чэскай, адбыўшайся 26–29 верасьня 1921 г.
Рэзалюцыя аб Слуцкім Паўстаньні
Сялянская Беларусь, прачнуўшаяся ад летаргічнага сну вяковай няволі, распачала змаганьне за сваё вольнае й роўнае жыцьцё сярод іншых вольных народаў. Чацьверты ўжо год змагаецца Беларусь з насільствам рожных акупантаў. У гэтым змаганьні беларускі народ добра сабе ўсьведаміў, што справа вызваленьня й адраджэньня яго Бацькаўшчыны ёсьць справа яго ўласных рук. Беларускі народ пераканаўся, што ні ад Масквы, ні ад Варшавы яму няма чаго чакаць для палепшаньня сваёй долі.
Цэлым радам паўстаньняў у працягу чатырох гадоў беларускі народ ясна паказаў, куды ён імкнецца й на каго пакладае ён усе свае надзеі.
Найяскраўшым момантам у гэтым гістарычным змаганьні, апрача паўстаньняў: у Віцебшчыне, Віленшчыне, Ашмяншчыне й г. д., зьяўляецца паўстаньне ў Случчыне, калі сам сярмяжны народ, стыхійна паўстаўшы з аружжам у руках за непадзельнасьць і незалежнасьць сваёй Бацькаўшчыны, напісаў на сваім штандары: Ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камісараў.
Беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў Празе канстатуе, што гэтае паўстаньне было здушана пераважнымі сіламі з абодвух бакоў. Слава паўстаўшым змагальнікам.
Беларуская нацыянальна-палітычная нарада перасьцерагае беларускі народ, каб не было непатрэбнага праліцьця крыві, устрымацца ад неарганізаваных выступленьняў, але моцна аб'яднаць свае сілы к таму моманту, калі праб'е час агульнанароднага рэвалюцыйнага змаганьня за права кожнага народу быць гаспадаром у сваім краі. (–) Старшыня нарады А. Цьвікевіч, Віцэ-старшыня В. Захарка, Сакратар С. Баран. – Прага Чэская, 28 верасьня 1921 г.

Савенкаўшчына

Дзеля адпору чырвонай арміі з-пад Варшавы, паміж іншым, на загад начальніка польскай дзяржавы п. Пілсудскага, былі сфармаваны два расейскія корпусы, якія сьледам за чырвонай арміяй дакаціліся да Менска й Мазыра. Вярхоўным кіраўніком гэнай арміі быў назначаны Барыс Савенкаў, а галоўнакамандуючым Балаховіч.
Апыніўшыся на беларускай тэрыторыі, варожай як да бальшавікоў, так і да палякаў, Савенкаў і Балаховіч, каб здабыць сабе прыхільнасьць беларускага сялянства, армію сваю назвалі «беларускай» і вызналі беларускую дзяржаўнасьць – Беларускую Народную Рэспубліку, – а затым, пры дапамозе заўсёды на ўсё гатовых беларусаў Алексюка й Адамовіча сфармавалі ў м. Мазыру якісьці беларускі ўрад. Аднак, нягледзячы на гэта, адразу першую варожасьць да іх паказалі слуцкія паўстанцы, зь якімі ў іх выйшлі вялікія непразуменьні, а затым і ўвесь беларускі народ, бачачы ў іх прадпрыемстве чыстай вады авантуру.
Мэтаю Савенкава было падняць на барацьбу з бальшавікамі беларускі народ з тым, каб пры дапамозе яго зрабіць расейска-польскае дзела. Інакш кажучы, заваяваную Беларусь падарыць п. Пілсудскаму, а самому ісьці ратаваць ад бальшавікоў матушку Маскву.
Авантура гэта не прыняла шырокіх разьмераў галоўным чынам дзякуючы таму, што Рыжскі мір паміж Расеяй і Польшчай прымусіў Польшчу адмовіцца ад акцыі Савенкава й расфармаваць армію Балаховіча.
Погляд беларускага народу на акцыю Савенкава й Балаховіча адбіўся й на Беларускай нацыянальна-палітычнай нарадзе ў Празе Чэскай 26–29 верасьня 1921 г. Рэзалюцыя аб чыннасьці Савенкава
Прымаючы пад увагу, што Савенкаў выступае заграніцай ад імені Беларусі й беларускім нацыянальным штандарам прыкрывае авантуры польскай і расейскай рэакцыі, арганізуючай на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі жыдоўскія пагромы й правакацыйныя выступленьні, а ў Заходняй Беларусі кіруючай абрусіцельнай працай, Беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў Празе зазначае, што Савенкаў ня мае ніякай зьвязі зь беларускімі палітычнымі й нацыянальнымі арганізацыямі й зьяўляецца правакатарам беларускай дзяржаўнасьці й ворагам беларускага народу. (–) Старшыня нарады А. Цьвікевіч, Віцэ-старшыня В. Захарка, сакратар С. Баран. Прага Чэская, 28 верасьня 1921 г.
Рэзалюцыя аб чыннасьці Балаховіча
Беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў Празе, абмеркаваўшы выступленьні Балаховіча пад нацыянальным беларускім штандарам, пастанаўляе, што:
1.Балаховіч ня мае ніякага падтрыманьня з боку беларускіх нацыянальных арганізацыяў;
2.Зьвязаўшы сваё імя зь беларускім асвабадзіцельным рухам, ён дагэтуль не ачысьціў сябе ад пазоручых беларускае імя абвінавачаньняў у жыдоўскіх пагромах і грабежствах;
3.Ён самавольна абвесьціў сябе галоўнакамандуючым беларускіх вайсковых сіл і
4.дазволіў сабе выдаваць акты дзяржаўнага значэньня.
Дзеля гэтага Беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў Празе лічыць Балаховіча да таго часу, пакуль ён не апраўдае сябе перад беларускім грамадзянствам, узурпатарам і авантурнікам. (–) Старшыня нарады А. Цьвікевіч, Віцэ-старшыня В. Захарка, сакратар С. Баран.

ЧАСТКА ІІІ

Рыжскі мір

У кастрычніку 1920 г. паміж Расеяй і Польшчай пачаліся мірныя перагаворы ў Рызе.
У перагаворах гэтых, як самастойная старана, імкнуўся прыняць удзел і Ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі, дэлегацыя якога падала 8 кастрычніка 1920 г. Мірнай Канфэрэнцыі ў Рызе наступную заяву:
«У момант, калі ваенная барацьба паміж Расейскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай й Польскай Рэспублікай прыпынілася й калі ваяваўшыя стораны прыступаюць да ўсталяваньня міра, да якога імкнуцца ўсе народы Эўропы й найперш змучаны шасьцілетнім крывапраліцьцем беларускі народ, паўнамоцная дэлегацыя Беларускай Народнай Рэспублікі на мірную канфэрэнцыю ўпаўнаважана сваім урадам заявіць наступнае:
1.Сталы й справядлівы мір паміж Р.С.Ф.С.Р. і Польшчай можа быць дасягнут толькі пасьля таго, як абедзьве стараны адкажуцца ад захопленьня неналежачых ім частак этнаграфічнай беларускай тэрыторыі й дадуць мажлівасьць беларускаму народу вольнага дзяржаўнага разьвіцьця й будаўніцтва.
2.Недзялімасьць этнаграфічных беларускіх зямель і забясьпечаньне беларускаму народу вольнага разьвіцьця павінна выявіцца ў фармальным вызнаньні абедзьвюмі старанамі незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі на чале зь яе законным урадам і ачышчэньні тэрыторыі Рэспублікі ад расейскіх і польскіх акупацыйных войск. Такое вызнаньне дзеля абедзьвюх старон тым больш неабходна, што Р.С.Ф.С.Р. і Польшча пры ўстанаўленьні перамір’я ўжо заявілі аб фактычным вызнаньні незалежнасьці Беларусі.
3.Расейская Сацыялістычная Фэдэратыўная Савецкая Рэспубліка й Польшча ня маюць супольных граніц: іх дзеліць тэрыторыя Беларускай Народнай Рэспублікі. Польшча аб паўночна-усходніх і Р.С.Ф.С.Р. аб заходніх сваіх граніцах павінны дагаварвацца з Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі.
На падставе вышэй зьмешчанага Ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі патрабуе свайго ўдзелу ў расейска-ўкраінска-польскіх мірных перагаворах у якасьці самастойнай стараны й заяўляе, што мір, рашаючы долю Беларусі й зложаны без удзелу прадстаўнікоў яе законнага ўраду, беларускі народ не прызнае дзеля сябе абавязковым і будзе зь ім бароцца ўсімі даступнымі яму спосабамі.
(–) Старшыня паўнамоцнай дэлегацыі на мірныя перагаворы В. Ластоўскі, сябра А. Цьвікевіч, сакратар В. Пігулеўскі."
Нягледзячы на такую заяву й іншыя захады ўраду БНР, дэлегацыя яго на канфэрэцыю дапушчана не была.
Будучы ў надзвычай нявыгадным становішчы, бальшавікі гатовы былі пайсьці на велізарныя ўступкі Польшчы, да аддачы ёй беларускай тэрыторыі па рэчку Бярэзіну. Калі гэтага ня сталася, то толькі дзякуючы таму, што ў самых палякаў не было па гэтаму пытаньню акрэсьленага погляду. У той час як Пілсудскі хацеў захапіць як мага большы абшар беларускае зямлі і ўтварыць зь яе, відзіма пад сваім пратэктаратам, незалежную беларускую дзяржаву, эндэкі наадварот адмовіліся нават ад Менску, як асяродку беларускай нацыянальнай дзяржаўнай думкі, і згаджаліся толькі на забор той часткі Беларусі, якую, па іх пераконаньню, лёгка й хутка можна будзе спалянізаваць.
Перамог апошні погляд. Палякі пакінулі сабе толькі Віленскую, Гродзенскую й частку Менскай губ.
Падпісаная 18 сакавіка 1921 г. Расеяй і Ўкраінай з аднаго боку, й Польшчай з другога, Рыжская ўмова першым сваім артыкулам вызнала незалежнасьць Беларусі й Украіны, аднак, як вядома, вызнаньне гэтае засталося толькі на паперы без рэалізацыі яго ў жыцьці.
Расея ў сваіх камбінацыях стварыла хоць міф беларускай дзяржаўнасьці – Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку з шасьці паветаў Менскай губ.; Польшча ж нават і на гэта не пайшла.
Як раней у 1917 г. у Берасьці, так цяпер у Рызе Беларусь зноў была разарвана на кавалкі. Такім чынам бальшавікі палажылі ў свой партфель чацьверты дакумэнт прадажы Беларусі й беларускага народу.
Беларускаму народу й беларускаму ўраду нічога другога не заставалася, як толькі пратэставаць супраць гвалту адвечных ворагаў-суседзяў.
Урад Беларускай Народнай Рэспублікі зьвярнуўся да ўсяго культурнага сьвету з гэтакім пратэстам:
«У Рызе 18 сакавіка 1921 г. учынен цяжкі праступак урадамі Польскай і Савецка-Расейскай рэспублік супраць 16 мільёнаў насяленьня Беларусі. Гэты ганебны праступак носіць названьне міравой умовы паміж Польскай Дэмакратычнай Рэспублікай і Расейскай Савецкай Рэспублікай. Польшча й Расея, ня маючы між сабою супольных граніц, тры гады ваявалі на тэрыторыі Беларускай Рэспублікі: палілі, руйнавалі, грабілі й мучылі насяленьне, а ўрэшце, завяршаючы бесканечны рад свайго бяспраўя, разьдзерлі жывое цела Беларускага народу на двое. Польшча заграбіла заходнія, а Расея ўсходнія беларускія землі.
Рыжскі польска-бальшавіцкі мір – гэта кашмарная насьмешка над дэмакратыяй і яе ідэаламі. Імя яму – насільле й грабеж.
Урад Беларускай Народнай Рэспублікі іменем Беларускага народу заносіць самы гарачы пратэст перад усімі культурнымі дзяржавамі й народамі сьвету, шукаючы заступніцтва й справядлівасьці, і заяўляе:
1.Мір, разрываючы на часьці жывы арганізм Беларусі, ніколі ня будзе прызнаны Беларускім народам.
2.Супраць гвалту й паняволеньня беларускі народ бароўся й будзе бароцца да канца за сваю незалежнасьць і непадзельнасьць.
(Подпісь – Урад Беларускай Народнай Рэспублікі). 25 сакав. 1921 г.»

Не прамінула пратэставаць супраць Рыжскага Трактату й Беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў Празе Чэшскай, якая вынесла наступную рэзалюцыю:
Рэзалюцыя аб Рыжскім Трактаце
Стоячы на грунце граматы Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 г., апавесьціўшай незалежнасьць Беларусі ў межах лічэбнай перавагі беларускага народу, Беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў Празе, зложаная з прадстаўнікоў беларускіх палітычных партыяў і нацыянальных арганізацый з-пад усіх цяперашніх акупацый Беларусі, сабраўшыся ў Прагу, аднагалосна заяўляе:
1.Беларускі народ вёў, вядзе й будзе весьці барацьбу за незалежнасьць і непадзельнасьць Беларусі.
2.Што ўсе ранейшыя пратэсты беларускіх палітычных і нацыянальных арганізацый, у свой час заяўленыя супраць Рыжскага Трактату, дзеля чаго Беларусь паміж Расеяй і Польшчай, нарадай аднагалосна пацьвярджаюцца.
3.Беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў Празе заклікае ўсе актыўныя беларускія сілы да самай рашучай рэвалюцыйнай барацьбы ўсякімі, маючыміся ў іх распараджэньні спосабамі супраць падзелу Беларусі й заклікае лічыць ворагамі беларускага народу кожнага таго, хто згадзіўся б прызнаць Рыжскі мірны трактат. (Падпісалі: Старшыня нарады А. Цьвікевіч, Віцэ-старшыня В. Захарка й сакратар С. Баран).
Далей пяройдзем да падзей, якія адбыліся на беларускіх землях, гвалтоўна захопленых бальшавікамі й палякамі, ясьней кажучы, пад бальшавіцкай акупацыяй на Ўсходняй Беларусі й пад польскай акупацыяй у Заходняй Беларусі.

Другая бальшавіцкая акупацыя
Ўсходняй Беларусі 1920 г.

Прагнаўшы палякаў і захапіўшы Менск у 1920 г., бальшавікі пад прымусам вонаквых абставін і націску прадстаўніка Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі В. Захаркі, знаходзіўшагася ў той час у Маскве й падаўшага Народнаму Камісару Загранічных Спраў Чычэрыну 17 ліпеня 1920 г. за №8 ноту, 1 жніўня паўторна абвесьцілі незалежнасьць Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, ужо не гаворачы аб яе межах.
З гэтае прычыны імі была выдана дэклярацыя наступнага зьместу: «Змучаная Беларусь, пры дапамозе Чырвонай Арміі, завяршае справу свайго вызваленьня. Цяпер рабоча-сялянскі народ Беларусі можа выявіць сваю волю. Арганізацыйная рабочая кляса й працоўнае сялянства Беларусі – Камуністычная партыя Літвы й Беларусі, Беларуская камуністычная арганізацыя, агульны жыдоўскі рабочы саюз Бунд і Цэнтральнае бюро прафэсіянальных саюзаў г. Менску й Менскай губ., – грунтуючыся на волі працоўных масаў, выяўленай на першым Зьезьдзе саветаў Беларусі ў лютым 1919 г. у шэразе рэзалюцый, у поўнай згодзе з Чырвонай Арміяй, рэвалюцыйным Ваенным Саветам Заходняга фронту, іменем паўстаўшых рабочых і сялян правазглашаюць незалежную сацыялістычную савецкую рэспубліку Беларусі. Яшчэ раз пацьвярджаецца, што права прыватнай уласнасьці на зямлю касуеццца назаўсёды».
Само сабой разумеецца, што Рада й Урад Беларускай Народнай Рэспублікі й на гэты раз абвешчаны пазбаўленымі закону, нягледзячы на тое, што Надзвычайная Дыпляматычная Місія Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі, па запрошаньню пана Чычэрына, вяла ў Маскве афіцыяльныя перагаворы з камісарыятам загранічных спраў Р.С.Ф.С.Р. аб вызнаньні Беларускай Народнай Рэспублікі.
Перагаворы гэтыя былі прыпынены толькі дзякуючы вялікім пасьпехам Чырвонай Арміі ў вайне з Польшчаю.
Бачачы пасьля гэтага далейшы гандаль савецкай улады беларускай тэрыторыяй, старшыня дэлегацыі В. Захарка занёс супраць гэтага пратэст, зьмешчаны ў ноце ад 17 ліпеня 1920 г, за №8:
«Вялікая Расейская рэвалюцыя 1917 г., скінуўшая аковы царызму й імпэрыялізму, голасна абвесьціла права ўсіх народаў расейскага гасударства на самавызначэньне, уключна да аддзяленьня.
Справядлівым запатрабаваньням прыгнечаных народаў на вольнае самаазначэньне была абяцаная моцная падтрымка з боку Расейскай камуністычнай партыі бальшавікоў, цяпер кіруючай дзяржаўным жыцьцём Расеі.
Дзеля дасягненьня нацыянальна-палітычнага адроджаньня, вякамі прыгнечаны беларускі народ пайшоў на адкрытую барацьбу са ўсімі гвалтаўнікамі працоўнага народу. Ён глыбока верыў, што ў гэтай барацьбе за зьніштажэньне ненавіснага ўціску парабаціцеляў і эксплёататараў і свае законнае адроджаньне ён знойдзе моцную падтрымку ва ўсім расейскім пралетарыяце й, перш усяго, у камуністычнай партыі.
К жалю прыходзіцца канстатаваць, што гэтыя надзеі зусім ня зьдзейсьніліся. Калі сумленна прааналізаваць адношаньні Расеі да Беларусі, то нявольна прыходзіцца прыйсьці да досыць сумных вынікаў. Усе яны былі такога зьместу, што ў канцы канцоў толькі адпіхала, але не прыбліжала да сябе Беларускі народ. Тут я дазволю затрымацца толькі на некаторых з іх:
1. Будучы акружанай суседзямі, якія пры дапамозе той ці іншай староннай капіталістычнай сілы імкнуліся да захопленьня й новага парабашчэньня Беларускага народу, Беларусія, пры дапамозе сваіх сацыялістычных партыяў, стала пасьпешна арганізавацца. Пасьля цэлага шэрагу розных зьездаў, 5 сьнежня 1917 года па старому стылю быў скліканы ў Менску Вялікі Ўсебеларускі Зьезд працоўнага беларускага народу.
Гэты паўнамоцны зьезд, прадстаўлены 1872 дэпутатамі ад усёй этнаграфічнай Беларусі, абвесьціў рэспубліканскі лад на Беларусі, дзе ўся паўната ўлады павінна належаць працоўнаму беларускаму народу ў абліччы абранай зьездам Рады сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Нягледзячы на гэта, што зьезд акрэсьлена стаў на платформу радавай улады, ён усё ж такі чамусьці быў разагнаны сілаю штыкоў.
Гэта быў першы акт насільства з боку расейскай радавай улады, глыбока абурыўшы ўвесь беларускі народ.
Неправідловае ж асьвятленьне прычыны разгому зьезду, якая незразумела й да гэтае пары, яшчэ больш насіліла гэтае абурэньне.
2. Усьлед за разгонам зьезду было паведзена бязьлітаснае руйнаваньне беларускіх арганізацыяў і арышты палітычных і сацыялістычных дзеячоў.
Такім чынам самадзеяльнасьць прызванага рэвалюцыяю да жыцьця найбольш прыгнечанага трудавога беларускага народу была прыпынена. Ён як паднадзорны павінен быў з больлю ў сэрцы пасіўна глядзець на падходзячыя сумныя здарэньні. Прыфрантовы пас руйнаваўся дэмаралізаванымі войскамі былога Заходняга фронту, Магілёўская й Менская губ. стагналі ад грабежства, пабояў і іншых рожных зьдзекаў польскіх легіянэраў корпуса генэрала Доўбар-Мусьніцкага, сфармаванага, прыгожа ўзброенага й адзетага на сродкі расейскага скарбу й многамільённыя ахвяры польскіх памешчыкаў. У далейшым корпус гэты паслужыў кадрам той польскай арміі, зь якою цяпер прыходзіцца весьці Расеі й Беларускаму народу такую цяжкую барацьбу.
3. Адбыўшыяся ў той час мірныя перагаворы ў Берасьці таксама нямала непакоілі Беларускі народ і, як аказалася, не дарма. Нягледзячы на славесныя запэўненьні, дадзеныя старшыні Ўсебеларускага Зьезду, сябру Савічу, прадстаўніком Расейскай Цэнтральнай Радавай улады, што інтарэсы Беларусі будуць забясьпечаныя ў поўнай меры й што ні адна пядзь беларускай зямлі ня будзе аддана ворагу, Германія ўсё ж такі атрымала ў сваё валадарства дзьве культурнейшыя беларускіх губ., Віленскую й Гродзенскую, і ў дадатак да іх акупавала Менскую, Віцебскую й Магілёскую губ., зь якіх выкачала ўсё, што толькі змагла.
4. Прыйшоўшы другі раз у Менск, ужо пасьля германскай рэвалюцыі й адыходу германскай арміі, савецкая ўлада, здавалася, як быццам зразумела запатрабаваньні Беларускага народу і пайшла на спатканьне ім абвяшчэньнем незалежнасьці Беларускай Рэспублікі з арганізаваньнем у Менску беларускага ўраду.
Па апублікаваньні такога акту Беларускі народ спадзяваўся, што нарэшце настаў шчасьлівы момант, калі ён слабодна зможа прыступіць да сваяго адроджаньня й замацаваньня дзяржаўнай улады працоўнага народу. К жалю, і гэты настолькі спрыяючы народны настрой ня быў выкарыстаны, а наадварот быў вельмі хутка разьбіты: а) аддзяленьнем ад Беларусі й далучэньнем да Расеі Магілёўскай, Віцебскай і Смаленсклай губ. з прылягаючымі да іх ваколіцамі; б) спаяньнем Менскай, Гродзенскай і Віленскай губ. зь Літвою; в) пазбаўленьнем затым усіх беларусаў займаемых імі становішчаў у беларускім урадзе й заменаю іх нікому няведамымі людзьмі, ня меўшымі нічога агульнага з краем.
Як трэба было чакаць, з гэтага моманту ў краю закіпела апазыцыйна-нацыянальная праца, у выніку даўшая раздвойнасьць сілаў, шкодную як дзеля аднае, так і дзеля другое стараны, чым не прамінуў скарыстацца агульны вораг – панская Польшча. Сказанае сьведыць аб тым, што двухразовы пабыт радавай улады на Беларусі абсалютна ня даў нічога добрага. Прычынаю гэтаму паслужыла зусім незразумелае расходжаньне радавай улады з працоўным Беларускім Народам на грунце яго законных імкненьняў да адраджэньня й палітычна-нацыянальнага аб'еднаньня. Падыходзячы да трэцяга прыходу радавае ўлады ў м. Менск і актыўна памагаючы ёй у барацьбе з Польшчаю, кіруючая працоўным беларускім народам большая частка сацыялістычных партыяў мела глыбокае пераконаньне ў тым, што на гэты раз радавая ўлада не дапусьціць папярэдніх абмылак і шчыра стане на новы шлях братэрскага адношаньня да працоўнага беларускага народу. Пры такім адношаньні радавай улады працоўны беларускі народ ахвотна пайшоў бы на верную й чэсную сувязь зь ёю.
Задавальненьне законных імкненьняў беларускага народу дало б радавай уладзе таксама падтрымку й з боку палітычных групаваньняў, стоячых за палітычную незалежнасьць Беларусі й нацыянальна-культурнае адроджаньне яе.
Гэтае новай эры чакаў зь нецярплівасьцю ўвесь беларускі народ, які нават не дапушчаў думкі, што радавая ўлада, аслабаніўшы Беларусь з-пад уціску Польшчы, можа аддаць хаця б частку яе ў карыстаньне другога суседа. Аднак падпісаная мірная ўмова зь Літвою вышэй успамянутыя надзеі яшчэ раз разьбіла, і беларускі народ мае няшчасьце быць сьведкаю таго акту, які яму здаваўся зусім недапусьцімым і немажлівым.
Успамянёнай умовай адданы Расеяй пад уціск клерыкальна-буржуазнай Літвы культурнейшыя паветы Гродзенскай, Віленскай і іншых губэрній, заселеныя пераважна беларусамі, якіх у сярэднім налічваецца 67% пры 8% літоўцаў.
Настолькі несправядлівае й незаслужанае адношаньне да беларускага народу нанесла новы ўдар трэцяму моманту збліжэньня Беларусі з радаваю Расеяю, і разам з тым яно кладзе пачатак новаму падзелу Беларусі й аддае беларускую рэвалюцыйную дэмакратыю на аслабленьне яе сілаў, шкоднае інтарэсам сацыяльнае рэвалюцыі. Зьяўляючыся паўнамоцным прадстаўніком Беларускай Народнай Рэспублікі, я ад імя майго Ўраду, складаючагася ў большасьці зь левых беларускіх сацыялістаў, уступіўшых у рэвалюцыйную барацьбу за вызваленьне Беларусі з-пад усіх акупацыяў, лічу сваім абавязкам заявіць перад Урадам Расейскай Сацыялістычнай Фэдэратыўнай Рэспублікі рашучы пратэст супраць уступкі клерыкальна-буржуазнай Літве беларускай тэрыторыі.
Хачу верыць, што такі несправядлівы ў адносінах да беларускага народу акт не атрымае аканчальнага зацьверджаньня й што з аканчальнай пабедаю чырвонай арміі Радавай Расеі над панскай Польшчай вызваленаму працоўнаму беларускаму народу будзе дадзена незалежнасьць дзеля рэальнай мажлівасьці зьдзейсьненьня нацыянальна-палітычнага й сацыяльнага адроджаньня. Старшыня Надзвычайнай Дыпляматычнай Місіі, намесьнік старшыні Рады Бел. Народ. Рэспуб. В. Захарка». Да скліканьння зьезду саветаў усю паўнату ўлады на Беларусі ўзяў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, у які ўвайшлі: ад кампартыі Літвы й Беларусі тры прадстаўнікі – Чарвякоў, Кнорын і Адамовіч; ад «Бунда» адзін прадстаўнік – Вайнштэйн; і ад камуністычнай арганізацыі Беларусі адзін прадстаўнік – Ігнатоўскі. Ад гэтага часу гэны камітэт і стаў кіраваць Беларускай Рэспублікай, утворанай з 6-ці паветаў Менскай губ. Рэшта беларускіх тэрыторый, як ужо было сказана, на ўсходзе засталася пад Расеяй, а на захадзе перадана бальшавікамі Польшчы.
У сьнежні 1920 г. быў скліканы ў Менск т. зв. другі Зьезд Саветаў Беларусі, фактычна ж не Беларусі й нават не губэрні, а толькі 6-ці паветаў Менскай губ., каторы па загаду Р.К.П. змушаны быў задаволіцца Беларускай Рэспублікаю толькі з 6-ці паветаў, а гаварыць і пастановы выносіць ад імя ўсёй Беларусі, т. е. 74 паветаў. Такія пастановы бальшавікі ўсюды абвяшчалі як поўнае выяўленьне волі працоўных масаў Беларусі.
Гэты шасьціпавятовы зьезд, названы Другім зьездам Саветаў Беларусі, зьвярнуўся да працоўнага народу Беларусі з адозвай, у якой кажа, што зьезд «сабраўся за тым, каб замацаваць незалежнасьць нашае старонкі. Мы, упаўнаважаныя вамі ажыцьцявіць уладу ў Рэспубліцы, кажам, што працоўны народ на Беларусі згодны яшчэ на ахвяры й мукі, каб толькі жыла й існавала незалежная Сацыялістычная Савецкая Беларусь». Ім жа была вынесена пастанова аб утварэньні цэнтральных органаў савецкай улады С.С.Р.Б.
16 студзеня 1921 г. афармляюцца адносіны паміж С.С.Р.Б. і Р.С.Ф.С.Р. зробленай імі ўмоваю; мэта гэтае ўмовы наступная:
«Урад С.С.Р.Б. з аднаго боку і ўрад Р.С.Ф.С.Р. з другога боку, выходзячы з агалошанага Вялікай пралетарскай рэвалюцыяй права народаў на самаазначэньне, прызнаючы незалежнасьць і сувэрэннасьць кожнай з робячых гэтую ўмову краінаў і разумеючы патрэбу згуртаваць свае сілы з мэтаю аховы, а гэтаксама дзеля інтарэсаў іх гаспадарчага будаўніцтва, парашылі заключыць наступную рабоча-сялянскую ўмову:
І. Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі й Расейская Сацыялістычная Фэдэратыўная Рэспубліка закладаюць вайсковы й гаспадарчы саюз.
ІІ. Абодвы гасударствы лічаць патрэбным абвесьціць, што ўсе агульныя абавязкі, якія яны надалей будуць прымаць на сябе ў адносінах да іншых гасударстваў, могуць грунтавацца толькі на агульнасьці інтарэсаў рабочых і сялян, робячых гэтую ўмову рэспублік, і за тым тое, што тэрыторыя Сацялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі належала некалі да Расейскай імпэрыі, не накладае на С.С.Р.Б. ніякіх абавязкаў у адносінах да каго б там было.
ІІІ. Дзеля лепшага зьдзяйсьненьня зазначанай у артыкуле І мэты, абодва ўрады абвяшчаюць аб’еднанымі наступныя камісарыяты: 1) вайсковых і марскіх спраў; 2) вышэйшую раду народнай гаспадаркі; 3) надворнага гандлю; 4) грашовых спраў; 5) працы; 6) шляхоў зносінаў і 7) пошт і тэкеграфу»
. Загранічныя справы былі аб'еднаны асобаю пастановаю. Артыкулы IV, V, VI, VII гавораць аб упаўнаважаньнях злучаных камісарыятаў, іх унутраным распарадку й кантролю.
Такім чынам па-за гэтаю ўмоваю застаюцца, як быццам, самастойнымі гэткія камісарыяты: 1) асьветы; 2) сацыяльнае забясьпекі; 3) аховы здароўя; 4) юстыцыі; 5) земляробства й 6) унутраных спраў.
Такія ўмовы, зробленаыя са ўсімі так званымі «незалежнымі рэспублікамі», не задавальнялі старон. Гэта паслужыла адною з прычын стварэньня агульнага саюзу пад назваю «Саюз Сацыялістычных Савецкіх Рэспублік», з больш поўным афармленьнем узаемаадносін іх паміж сабою й іх абавязкаў да ўсяго савецкага дзяржаўнага арганізму ў цэлым.
Саюз злажылі 4 «незалежныя» рэспублікі: Расейская Фэдэрацыйная, Беларуская, Украінская й Каўкаская Фэдэрацыйная Рэспубліка.
Як па ўмове, так затым і па канстытуцыі Саюзу кожная з дагаварыўшыхся рэспублік – сувэрэнна-незалежная, з правам вольнага выйсьця з саюзу. Але гэта толькі так прыгожа пішацца, а ў жыцьці якраз наадварот. Фактычна гэныя «незалежныя» рэспублікі так скуты й зьвязаны Масквою, што аб вольным выхадзе іх з гэтага «саюзу» ня можа быць ня толькі гутаркі, але нават думкі.
Сувэрэнітэт гэны «незалежных» рэспублік абмежаваны Масквою ва ўсіх галінах жыцьця, і ня толькі дзяржаўнага, якога фактычна няма й аб якім не прыходзіцца гутарыць, але нават грамадзкага.
Калі толькі заглянуць у канстытуцыю Саюзу 1923 г., не датыкаючыся рожных дэкрэтаў, то й тамака мы знойдзем цэлую главу ІІ, складаючуюся выключна з гэных абмежаваньняў.
Па вышэй успамянутай канстытуцыі, Саюз Савецкіх Рэспублік зьяўляеццца адзінай саюзнай дзяржавай з адзіным падданствам дзеля ўсяго жыхарства «Саюзу».
Уступка зроблена толькі ў сэнсе мовы, дзякуючы чаму лічацца дзяржаўнымі не адна, а шэсьць моваў: расейская, беларуская, украінская, грузінская, армянская й татарская. Ясьней кажучы, незалежнасьці пад бальшавікамі ніхто ня меў і, мусіць, ніколі й мець ня будзе.
Бальшавіцкія «незалежныя» рэспублікі далёка ня маюць нават правоў аўтаномных рэспублік у сэнсе разуменьня дзяржаўнага права.
Да сакавіка месяца 1921 года, т. е. да Х зьезду Р.К.П., нават нацыянальна-культурная праца залічалася бальшавікамі да контррэвалюцыйнага сэпаратызму.
Толькі вышэй памянёны Х зьезд Р.К.П. пад напорам жыцьця ў нацыянальных вобласьцях дазволіў, у пажаданым яму напрамку, нацыянальна-культурную працу. Ад гэтага часу мы бачым і на Беларусі тыя ці іншыя, падчас нават каштоўныя, вынікі нацыянальна-культурнай працы, але ж і гэтыя дасягненьні належаць выключна энэргіі, сродкам і ахвярам самога адраджаючагася беларускага народу, а не Маскве. Наадварот, Масква, моцна трымаючыся погляду вялікадзяржаўя, чым толькі можа, устрымлівае гэную працу.
Дзякуючы ўсебаковым дамаганьням і націскам, у лютым месяцы 1924 года Ўсерасейскі Цэнтральнуы Выканаўчы Камітэт «міласьціва» пагадзіўся пашырыць «незалежную» шасьціпавятовую Беларускую Рэспубліку, заставіўшы й пасьля гэтага за Масквою 26 беларускіх паветаў. На аснове яго пастановы да Беларусі былі далучаны: 1) са складу Віцебскай губэрні паветы Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі, Аршанскі, Полацкі, Сененскі, Сурскі; 2) са складу Гомельскай – былой Магілёўскай – губ. паветы Магілёўскі, Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі, Гарэцкі й воласьці Рэчыцкага павету: Дзернавіцкая, Мухаедаўская, Нараўлянская, Дудзіцкая са станцыяю Калінкавічы, Крупавіцкая, Даманавіцкая, Карпавіцкая й часьць валасьцёў Аўцюцэвіцкай і Якіма-Слабодзкай па межах вёсак Баравікі, Шапэйка, Какуевічы, Аляксандраўка, малыя Аўцюцэвічы й вёска Дамарка; воласьці Мсьціслаўскага павету Шамоўская, Старасельская, Казімірава-Слабодзкая й часткі Баханскай, Асьлянскай і Соенскай.
Гэта быў апошні акт «міласьці» Масквы да «незалежнай» Беларусі. Але па той жа «міласьці» Масквы Беларусь застаецца па сягоньняшні дзень падзеленай на пяць частак: 21 павет складаюць т. зв. «незалежную» Беларускую Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку, 28 паветаў знаходзяцца пад Расеяй, 20 пав. пад Польшчай, 4 паветы пад Латвіяй і 1 пав. пад Літвою.
Пры такіх варунках аб нацыянальна-дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі ня можа быць ніякай гутаркі па той простай прычыне, што гэтай незалежнасьці нідзе няма. Немагчыма сур'ёзна гутарыць і аб т. зв. беларусізацыі ў Радавай Беларусі. Каб ня быць галаслоўным, абапруся на афіцыёз Радавай Беларусі, газэту «Савецкая Беларусь» ад 22 кастрычніка 1925 г. №240, дзе гаворыцца даслоўна: «14-га кастрычніка адбылася праверка ведаў беларускае мовы супрацоўнікаў Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту. Нягледзячы на тое, што апарат Ц.В.К. перайшоў на беларускую мову зь лістапада 1924 г., большая частка супрацоўнікаў і да гэтага часу несур'ёзна адносілася да вывучэньня беларускай мовы. З 37 працаўнікоў ведаюць мову толькі 4 асобы (10%), трохі ведае 18 асоб і зусім слаба 15».
Вось вам і беларусізацыя. І гэта ў самай найвышэйшай установе рэспублікі. Чаго ж пасьля гэтага можна чакаць ад ніжэйшых і правінцыяльных устаноў. Гэта паказвае, што Беларусьсю як кіравалі, так і кіруюць чужынцы, варожа адносячыяся да беларускага народу й яго роднай мовы. Што гэта так, пацьвярджаецца й савецкаю статыстыкаю. На ІХ зьезьдзе прадстаўнікоў камуністычнай партыі Беларусі ў сьнежні 1925 г. нацыянальны склад дэлегатаў, у ліку 247 чал., абазначыўся так: беларусаў 83 (33,5%), вялікаросаў 64, жыдоў 53, палякаў 23, латышоў 14, іншых 10. Усе гэтыя дэлегаты зьяўляюцца ня чым іншым як савецкімі чыноўнікамі, за выключэньнем 10 рабочых ад варстату і 2 сялян ад сахі. (Савецкая Беларусь, 15 сьнежня 1925 г., №284).

Другая польская акупацыя
Заходняй Беларусі 1920 г.

Перамогшы бальшавікоў, Польшча аслабаніла ня толькі свае землі, але й захапіла землі Заходняй Беларусі – Віленскую, Гродзенскую й частку Менскай губ. На гэты раз, на падставе Рыжскай умовы, занятыя беларускія землі Польшча стала лічыць сваімі й гаспадараваць у іх, як у сябе дома, да набору рэкрутаў у сваю армію ўключна. Тое самае рабілі й камуністы. У выпадку вайны паміж гэтымі гвалтаўнікамі прымусова ўзятыя як у тую, так і ў другую армію, сыны беларускага народу змушаны будуць страляць брат у брата.
Жыцьцё падзеленага народу як пад Расеяй, так і пад Польшчай добра вядома кожнаму. Катаргі й астрогі перапоўнены беларускім народам як у бальшавікоў, так і ў палякаў. Агулам кажучы, дантаўскае пекла зь яго фантастычнымі мукамі бляднее й здаецца дзіцячаю забаўкаю ў параўнаньні з тым акіянам мук, якія пераносіць беларускі народ пад той і другой акупацыяй.
Як ведама, апрача Польшчы, на беларускія землі, асабліва ж на Віленшчыну, зь местам Вільняй прэтэндуе й Літва. Прэтэнзіі свае Літва грунтуе галоўным чынам на падставе таго, што ў гістарычныя часы Вільня была стольным местам Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага. Прысвоіўшы сабе беларускі дзяржаўны герб (Пагоню) Княства, Літва імкнулася й імкнецца прысвоіць і яго стольнае места Вільню, не прымаючы пад увагу таго, што літоўскае жыхарства ў Вільні складае 2% і што навокал Вільні вясковае жыхарства пераважна беларускае.
За адсутнасьцю на Беларусі законнага яе гаспадара – нацыянальнай беларускай дзяржавы, – Літва ў 1918 г. атрымлівае мандат на Вільню й Гродзеншчыну ад заваёўнікаў-немцаў. Аднак пасьля перамогі Нямеччыны ў сусьветнай вайне мандат гэты быў скасаваны Вэрсальскай умовай, а землі Віленшчыны й Гродзеншчыны падпалі спачатку пад бальшавіцкі, а пасьля пад польскі ўціск.
Пасьля гэтага дамаганьне на землі Віленшчыны й Гродзеншчыны Літва высунула перад расейскімі бальшавікамі. Умоваю Расеі й Літвы ад 12 ліпеня 1920 г.
Віленшчыну з м. Вільняй і большую частку Гродзеншчыны з м. Горадняй бальшавікі ўступілі Літве.
Карыстаючыся узьнікшай улетку 1920 г. вайною паміж Расеяй і Польшчай, Літва нарэшце выцясьняе палякаў зь Вільні й займае яе, але не надоўга.
Польшча не магла мірыцца з панаваньнем Літвы ў Вільні й Віленшчыне.
Каб абмінуць фармальнае абвешчаньне вайны Літве, Польшча, з дазволу Францыі, прыказала генэралу Жэлігоўскаму збунтавацца. «Узбунтаваўшыся» корпус генэрала Жэлігоўскага выціснуў у лістападзе 1920 г. літоўцаў зь Вільні й Віленшчыны й прылучыў да Польшчы. Праз 4 месяцы Варшава загадвае «бунтару» Жэлігоўскаму склікаць Віленскі сойм і правясьці выбары так, каб гэты Сойм «Сярэдняй Літвы» зараз жа вынес пастанову аб далучэньні «Сярэдняй Літвы» да Польшчы.
«Выбары» ў сойм беларускае й літоўскае жыхарства байкатавала. На карысьць Польшчы працаваў на выбарах у гэты сойм толькі адзін беларус, Аляксюк, пастаянны застрэльшчык польскага авантурызма на Беларусі.
«Абраная» палякамі й польскай арміяй жменька паноў зьехалася ў Вільню й адразу абвесьціла прылучэньне «Сярэдняй Літвы» да Польшчы, пасьля чаго «Сярэдняя Літва» стала Польшчай.

Выбары ў польскі сойм 5 лістапада 1922 г.

Устаноўчы Сойм Польшчы закончыў сваю працу й зачыніўся. На 5 лістапада 1922 г. былі абвешчаны выбары ў Першы Польскі Сойм. Выбары павінны былі адбыцца ня толькі ў этнаграфічнай Польшчы, але й на ўсіх захопленых Польшчай абшарах беларускай і ўкраінскай зямлі.
Беларусы, украінцы, немцы, жыды й іншыя ня ведалі, як аднесьціся да выбараў – байкатаваць ці прымаць удзел. Вырашна было прыняць удзел, хоць дзеля таго, каб з соймавай трыбуны апавяшчаць сьвет аб зьдзеках і ўціску беларускага народу пад Польшчай.
Нягледзячы на надзвычайныя перашкоды й рэпрэсіі з боку польскіх агентаў, беларусам усё ж такі ўдалося правесьці ў сойм 11 дэпутатаў і ў сэнат 3 дэпутаты. Дэпутаты вядуць энэргійную барацьбу за правы свайго народу, аднак іх голас не памагае. Беларускае жыхарства як было, так і застаецца ў поўным бяспраўі, запаўняючы што раз гусьцей польскія катаргі й астрогі. Не мінавала гэтая горкая доля нават некаторых і дэпутатаў сойму: адзін зь іх, гр. Каліноўскі, высланы ў Савецкую Беларусь, другі, гр. Баран, пасаджан на 4 гады ў катаргу, а трэці, гр. Яканюк, каб пазбавіцца таго самага, уцёк у Літву.

Праца Віленскай Беларускай Рады
пад нямецкай акупацыяй
і беларуска-літоўскія адносіны 1915–1925 гг.

У канцы лета 1915 г. Віленская, Гродзенская й частка Менскай губ. да Баранавіч уключна была захоплена нямецкай арміяй.
Малалічэбная беларуская інтэлігенцыя Віленшчыны й Гродзеншчыны перажывала надзвычайна цяжкія часы: ёй перш-наперш прышлося разьбіваць неправідловы погляд заваёўнікаў на нацыянальны склад жыхарства, а затым весьці няроўную барацьбу з ксяндзоўска-польскаю акцыяй.
Немцы, азнаёміўшыся з сапраўдным складам жыхарства, далі мажлівасьць нацыянальна-адраджэнскай працы беларусам і літоўцам.
Ад гэтага часу беларуская інтэлігенцыя пачынае выдаваць у Вільні беларускую газэту «Гоман», выпушчаць беларускія кніжкі й адчыняць пачатковыя школы й вучыцельскія сэмінарыі.
25–26 студзеня 1918 году быў скліканы ў Вільні зьезд прадстаўнікоў ад беларускага жыхарства Віленшчыны, які выбраў Віленскую Беларускую Раду, стаўшую асяродкам і кіраўніком беларускай справы пад нямецкай акупацыяй.
Занятыя аружжам польскія, беларускія, літоўскія й латышскія землі Гераманія думала абярнуць у нямецкія калёніі.
Расейская рэвалюцыя 1917 г. і развал расейскіх армій прывёў бальшавікоў да Берасьця, дзе Германія, не зьвяртаючы ўвагі на бальшавіцкі лёзунг «Мір без анэксій і кантрыбуцый», прадыктавала бальшавікам свае варункі міра так, як яна таго пажадала.
На Берсьцейскім кангрэсе Гераманія паміж іншым пагадзілася на ўтварэньне літоўскай дзяржавы.
Нягледзячы, аднак, на гэта, Германія да самага канца вайны з Антантай нават і ня думала выпускаць уладу з сваіх рук ня толькі на літоўскіх, але на ўсіх іншых занятых ёю землях. Толькі пасьля пройгрышу вайны й нямецкай рэвалюцыі Германія, прымушана Антантаю, ачысьціла заваёваныя ёю чужыя землі.
У гэты момант немцы пасьпешна перадаюць Літоўскай Тарыбе (нацыянальнай радзе) ня толькі літоўскія, але й беларускія землі Віленскай і Гродзенскай губ. Атрымаўшы беларускія землі й бачачы, што сваімі сіламі яна ня здолее справіцца ў беларускіх вобласьцях, Літва пачала шукаць дапамогі ў беларусаў. Перагаворы зь Віленскай Беларускай Радай скончыліся тым, што беларусы атрымалі шэсьць мейсц у Тарыбе, міністэрства па беларускіх справах, а таксама маюць права на фармаваньне беларускіх вайсковых частак і службу ў беларускіх вобласьцях. Нягледзячы, аднак, на гэтую ўмову, шчырага адношаньня Літвы да беларусаў не было. Літоўскі ўрад увайшоў у сьціслыя адносіны з так званаю Гродзенскаю Беларускаю Ўправаю, складаўшаюся зь яскрава русафільскага чыноўніцкага элемэнту, калі ня ўмеўшага, а калі проста не хацеўшага бараніць нацыянальных беларускіх інтарэсаў па прычыне незразуменьня іх.
Ад часу захопленьня, пасьля немцаў, беларускіх абшараў Віленшчыны й Гродзеншчыны палякамі, беларуская праца пайшла яшчэ цяжэй. Пераехаўшы зь Вільні ў Коўну, літоўскі ўрад аддаўся выключна чыста літоўскім справам. Міністэрства па беларускіх справах і беларускія часткі літоўскай арміі былі ледзьве цярпімы.
Прэтэндуючы на беларускія землі й разам з тым ня лічачыся зь беларусамі, літоўскі ўрад ня мог не сустрэць незадавальненьня зь беларускага боку, асабліва з боку ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі, што нарэшце й выклікала непаразуменьні паміж беларускай і літоўскай дэлегацыямі на мірнай канфэрэнцыі ў Парыжу. У пасьледку чаго літоўскі ўрад заняў відавочна варожую пазыцыю ў адносінах ня толькі да беларускага ўраду, кур'еры якога арыштоўваліся на літоўскай тэрыторыі з канфіскатаю дакумэнтаў, але наогул да ўсяго нацыянальна-дзяржаўнага адроджаньня Беларусі.
Прэм'ер і міністр загранічных спраў Літвы, прафэсар Вальдэмарас, западозрыўшы грамадзяніна Я. Варонку, займаўшага ў яго кабінэце становішча міністра па беларускіх справах, у сымпатыі агульнадзяржаўнаму адроджаньню Беларусі, не пасаромеўся нават зрабіць вобыск у гэтым міністэрстве.
Пасьля грамадзяніна Варонкі становішча міністра па беларускіх справах замяшчалася не выбранымі беларускім грамадзтвам асобамі, а па назначэньню літоўскага ўраду. Наступнік грамадзяніна Варонкі, пан Дамінік Сямашка, кіруючыся духам літоўскага ўраду, нават казаў нішчыць брашуру прафэсара Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі», выданую міністэрствам беларускіх спраў у Літве. Вось дакумэнт:
«Копія. Міністэрства беларускіх спраў. №262, 20 чэрвеня 1921 г. Пану міністру ўнутраных спраў. У віду антылітоўскага характара зьместу брашуры «Основы государственности Белоруссии» й «Podstawy panstwowosci Bialorusi», а таксама прымаючы пад увагу выданьне іх на незразумелых беларусам чужых – расейскай і польскай – мовах, становячых гэтыя брашуры абсалютна непрыгоднымі да карыстаньня, Міністэрства беларускіх спраў просіць дадаваемыя да гэтага 450 экз. памянёных брашур прадаць зьніштажэньню. (Падпісалі) Міністр Семашка, упраўляючы справамі Шэпф».
Адным словам, нягледзячы на добрыя ўспаміны й гутаркі літоўскіх дзеячоў аб добрым супольным гістарычна-дзяржаўным жыцьці беларускага й літоўскага народаў і жаданьні будаваць па гэтаму ўзору новае жыцьцё, адбудаваньне гэтага жыцьця ня толькі не ішло наперад, а наадварот, самадзеяльнасьць беларусаў затрымлівалася літоўскім урадам на кожным кроку. Нават больш, кожнае ўзмацаваньне беларускага руху як быццам пужала літоўскі ўрад, асабліва кабінэт пана Гальванаўскаса.
Наступленьне ў лістападзе 1920 г. польскага корпуса генэрала Жэлігоўскага на Віленшчыну й выцясьненьне з м. Вільні асеўшага там у час расейска-польскай вайны 1920 г. літоўскага ўраду, зноў прымусіла літоўцаў шукаць паразуменьня зь беларусамі. На гэты раз літоўскі ўрад зьвярнуўся за паразуменьнем нават да Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі, зь якім і падпісаў 11 лістапада 1920 г. дзяржаўную ўмову аб узаемным вызнаньні беларускай і літоўскай рэспублік, аб узаемнай дапамозе ў працы і ўзаемнай барацьбе па вызваленьню беларускіх і літоўскіх зямель Віленшчыны й Гродзеншчыны з-пад польскай акупацыі.
Пераехаўшаму з Рыгі ў Коўну беларускаму ўраду ўдалося на вельмі многа паправіць беларуска-літоўскую справу й больш-менш узмацніць беларускія арганізацыі як у Літве, так і на Віленшчыне й Гродзеншчыне. Аднак карысная для абедзьвюх старон праца ня доўга трывала. Варта было толькі генэралу Жэлігоўскаму застанавіцца на мейсцы й адпасьці пагрозе плебісцыту на Віленшчыне, як літоўскі ўрад зараз жа пайшоў назад.
Зьмяніўшы пана Грынюса на становішчы прэм'ера, а пана Пурыцкіса на становішчы міністра загранічных спраў, пан Гальванаўскас аканчальна расфармаваў беларускія вайсковыя часткі, прымусіў расфармавацца беларускіх стральцоў, зачыніў міністэрства беларускіх спраў у Літве й прыпыніў жыцьцё ўсіх іншых беларускіх арганізацый у Літве.
Давёўшы беларуска-літоўскія адносіны да аканчальнага разрыву, пан Гальванаўскас стаў старацца па прыкладу Польшчы нішчыць тым ці іншым спосабам і нацыянальна-дзяржаўныя ўстановы Беларускай Народнай Рэспублікі – Прэзыдыюм Рады й Урад, – не зьвяртаючы ўвагі на тое, што гэтыя ўстановы знаходзіліся ў Коўне на падставе ўмовы зь літоўскім урадам ад 11 лістапада 1920 года.
Ня маючы ніякай магчымасьці зьмяніць варожае адношаньне літоўскага ўраду да беларускай справы, грамадзкія й палітычныя дзеячы беларускай калёніі ў Літве змушаны былі зафіксаваць некаторыя факты недатрыманьня літоўскім урадам існуючых умоў наступнаю пастановаю: «Агульны сход грамадзкіх і палітычных дзеячоў беларускай калёніі ў Літве, сабраўшыся ў Коўне 22 жніўня 1923 г. і абмеркаваўшы прадаўжаючаеся ўжо трэці год узаемна шкоднае палажэньне беларускай справы ў Літве, вызнае, што:
1. Адбыўшыяся ў лістападзе й сьнежні 1918 г. у Вільні згоды паміж кіруючымі беларускімі й літоўскімі цэнтрамі, па віне літоўцаў утрацілі сваю моц.
2. Законныя правы беларускага жыхарства ў Літве, правы, вызнаныя культурным сьветам на сваю мову, школу й культуру, патаптаныя.
3. Міністэрства па беларускіх справах, якое па духу адпаведных умоў павінна было быць нацыянальна-палітычнай установай, літоўскім урадам, бяз згоды беларускай стараны абернута ў службовага характару выдавецтва; асобныя беларускія вайсковыя часткі ў Літве зьліквідаваны, усе іншыя ўстановы, якія павінны былі б існаваць згодна віленскіх умоў, нават не адчыняліся; усе заявы прадстаўнікоў беларускага жыхарства ў Літоўскі сойм і іншыя ўстановы аб ненармальных літоўска-беларускіх адносінах (мэмарандум ад 12 студзеня 1923 г. пану Прэзыдэнту Літоўскай Рэспублікі й заява лідэрам Сойму ад 20 чэрвеня 1923 г.), як бы ў пацьверджаньне характару злажыўшыхся адносінаў застаюцца зусім без адпаведзі.
4. Разам з тым робяцца нягодныя дзеля кіраўнікоў цяперашняй літоўскай палітыкі спробы ўнесьці разлад у рады беларусаў і гэтым разьбіць арганізаваную беларускую працу.
Прымаючы пад увагу ўсё вышэй адзначанае, сход рашуча пратэстуе супраць апісаных адношаньняў зь літоўскага боку й лічыць, што гэтыя адношаньні здымаюць зь беларускага жыхарства Віленшчыны й Гродзеншчыны забавязаньні маральнай салідарнасьці зь Літвою.
Гэтае сваё рашэньне сход пастанаўляе давесьці да ведама беларускага й літоўскага жыхарства, ускладаючы пры гэтым на апошняе (літоўскае) ўсю адказнасьць за стварыўшаеся становішча».
Парваўшы ўсякія ўзаемаадносіны з арганізаваным беларускім грамадзянствам, літоўскі ўрад стаў праводзіць «беларускую» палітыку, апіраючыся выключна на грамадзян В. Ластоўскага й К. Душэўскага, якія ў лепшыя матэрыяльныя часы, знаходзячыся ў складзе беларускага ўраду, былі ў першых радох апазыцыянэраў і крытыкаў літоўскай палітыкі ў адносінах да беларусаў.
Ад таго часу да гэтае пары адношаньне Літвы да беларусаў безмаль нічым ня рожніцца ад непрыглядных беларуска-польскіх адносін.

Кабінэт В. Ластоўскага
і яго праца на эміграцыі

Як ужо вышэй было сказана, Урад Б.Н.Р. кабінэта Ластоўскага быў рэвалюцыйна ўтворан 13 сьнежня 1919 г., калі, дзякуючы падзужываньню польскіх агентаў, палянафільская група радных на чале з старшынёю Рады Рэспублікі Я. Лёсікам і старшынёю Ўраду А. Луцкевічам адкалолася ад Рады Рэспублікі і ўтварыла сваю, злой памяці, «Найвышэйшую Раду», стаўшую маткаю разрыва адзінства беларускага нацыянальнага фронту і ўнутранае барацьбы паміж беларускімі партыямі, арганізацыямі й дзеячамі.
Нягледзячы на аднародны, эсэраўскі, склад кабінэту Ластоўскага, належнай гармоніі й ладу ў ім не было. Хвараблівая амбітнасьць і недахват рэвалюцыянізму й глыбокага нацыянальнага пачуцьця, патрабуючага ахвярнасьці на карысьць адраджаючайся Бацькаўшчыны, былі мо найвялікшымі мінусамі некаторых сяброў яго. Гэта ў рэшце рэшт і прывяло сяброў гэтага кабінэта Ладнова, Ластоўскага й Цьвікевіча на той сумны, з нацыянальнага погляду, шлях, па якому яны пайшлі. Да часу выхаду старшыні Ўраду, грамадзяніна Ластоўскага, з польскага астрогу ў Менску й яго прыбыцьця ў Рыгу (травень 1920 г.) усімі нацыянальна-дзяржаўнымі справамі кіравалі ўцёкшыя ад палякаў зь Менска ў Бэрлін старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі П. Крэчэўскі й яго намесьнік В. Захарка.
Дабраўшыся 2 лютага 1920 г. у Бэрлін, ім перш-наперш прыйшлося разьбіваць шырока распаўсюджаныя грамадзянінам А. Луцкевічам неправідловыя інфармацыі аб прычынах, выклікаўшых раскол Рады Беларускай Народнай Рэспублікі 13 сьнежня 1919 г. у Менску.
Затым не бяз труднасьцяў прыйшлося ўгаворваць і падпарадкоўваць новаабранаму Прэзыдыюму Рады й Ураду кабінэта Ластоўскага знаходзіўшыхся ў час перавароту заграніцаю перавыбраных у кабінэт Ластоўскага грамадзян Ладнова, А. Цьвікевіча й Л. Зайца, меўшых моцны нахіл у бок А. Луцкевіча й яго палянафільскай «Найвышэйшай Рады».
Да моманту прыезду грамадзяніна В. Ластоўскага ў Рыгу ўсё ўжо было падпарадкавана Прэзыдыюму Рады й яго кабінэту, адзін толькі дзяржаўны сакратар К. Душэўскі хістаўся паміж Ластоўскім і Луцкевічам, але нарэшце (верасень 1920 г.) і ён заняў сваё становішча ў кабінэце Ластоўскага.
Найбольш памагло замацаваньню пазыцыяў Прэзыдыюму Рады Рэспублікі й Ураду кабінэта Ластоўскага відавочнае к таму часу нават сьляпым банкруцтва «Найвышэйшай Рады» й інтэрнаваньне палякамі ў Варшаве А. Луцкевіча, старшыні ўраду «Найвышэйшай Рады».
Будучы на эміграцыі, урад кабінэта Ластоўскага, агульна кажучы, вёў тую самую працу, што й папярэдні ўрад кабінэта Луцкевіча. Ён па магчымасьці кіраваў нацыянальнаю працаю на Бацькаўшчыне й абараняў інтарэсы Беларусі й яе грамадзян заграніцаю.
Зрабіўшы зусім бясьсільнаю й паслушнаю сабе «Найвышэйшую Раду», Польшча не магла прымірыцца зь неспадабалаю ёй працаю Прэзыдыюма Рады й Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі, знаходзіўшыхся заграніцаю. Асабліва яна занепакоілася пасьля дзяржаўнай умовы беларускага ўраду зь Літоўскай Рэспублікаю, падпісанай у Коўні 11 лістапада 1920 году. Ёю былі прыняты крокі да таго, каб тым ці іншым чынам скампрамітаваць і падарваць давер да гэтых устаноў як на акупаванай Беларусі, так і заграніцай.
Гэта паміж іншым паслужыла адною з галаўнейшых прычын да скліканьня Беларускай Нацыянальнай Сувязьзю беларускай нацыянальна-палітычнай нарады ў Празе Чэшскай, адбыўшайся 26–30 верасьня 1921 г., якая высказалася за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі й аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі.

Рэзалюцыя аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі

Беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў Празе, абмеркаваўшы пытаньне аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі, у поўнай сьвядомасьці надзвычайнай вагі гэтага пытаньня, зазначае:
а) Беларусь зьяўляецца краем працоўнага беларускага сялянства, рабочых і працоўнай інтэлігенцыі, дзеля чаго Беларусь павінна быць дзяржавай працоўнага народу;
б) Беларусь павінна быць дзяржавай непадзельнай і ні ад каго не залежнай. Нарада зазначае, што ніякія гэтак званыя арыентацыі ня могуць быць падставай дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі. Адзінай асновай дзяржавы, адзінай сілай, якая збудуе Беларусь і забясьпечыць ёй нармальнае разьвіцьцё, зьяўляецца сам працоўны беларускі народ;
в) Пасьля здзейсьненьня беларускай дзяржаўнасьці, пасьля таго, як на беларускай зямлі запануе ўласная, ні ад каго не залежная, улада, Беларусь працягне руку згоды дзеля вольнага саюзу ўсім народам, зь якімі беларускі народ жыве побач і якіх ён лічыць за роўных братоў сваіх. Першай мэтай гэтага саюзу павінна быць узаемная абарона народных вольнасьцяў, якія здабудуць народы сваёй барацьбой.
Прымаючы пад увагу сучасны стан Беларусі, беларуская нацыянальна-палітычная нарада зазначае:
а) што адзіным заканадаўчым органам Беларусі зьяўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, маючая пераемственнасьць улады ад Усебеларускага Кангрэсу 1917 г.;
б) што адзінай законнай уладай Беларусі зьяўляецца Ўрад Б.Н.Р., маючы мандат ад Рады Б.Н.Р.
Прымаючы пад увагу, што праца Ўраду Б.Н.Р. зьяўляецца адпавядаючай тым мэтам, якія прыняты нарадай, і што ў першую чаргу яна кіруецца да абароны непадзельнасьці й незалежнасьці Беларусі, Беларуская нацыянальна-палітычная нарада пастанаўляе аб'яднаць каля Ўраду Б.Н.Р. сілы ўсіх беларускіх партый, арганізацый і груп дзеля дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі.
(Падпісалі) Старшыня нарады А. Цьвікевіч, Віцэ-старшыня В. Захарка й сакратар С. Баран».
Трошкі пазьней пытаньне аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі й беларускай нацыянальна-палітычнай справе разглядалася й прадстаўнікамі рожных напрамкаў беларускай палітычнай думкі, якія па гэтаму пытаньню вынесьлі гэтакую пастанову: «Пастанова сходу прадстаўнікоў рожных напрамкаў беларускай палітычнай думкі ў Празе Чэшскай 3 кастрычніка 1921 г.
Былі прысутныя: сябры Рады Б.Н.Р. гр.гр. Ластоўскі, Цьвікевіч, Грыб, Заяц, Крэчэўскі, Мамонька, Захарка, Шыла й Душэўскі; сябра Рады Рэспублікі й дэлегат Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі Тарашкевіч; старшыня Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Варшаве Л. Дубейкаўскі; прадстаўнік Віленскага Нацыянальнага Камітэту Карабач; прадстаўнік Гродзенскага Нацыянальнага Камітэту Баран; сябра Рады Б.Н.Р. і прадстаўнік у Латвіі Езавітаў.
Разгледзеўшы й абсудзіўшы становішча, у якім апынулася дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі й беларуская нацыянальна-палітычная справа наогул, калі пасьля расколу Рады Б.Н.Р. 13 сьнежня 1919 г. зьявіліся рожныя, варагуючыя між сабою, урады, функцыянуючыя ня толькі ад імені Рады Б.Н.Р., але й авантурыстычна-самавольна, ня маючыя часам нічога супольнага з адраджэнскім беларускім рухам, – мы, ніжэй падпісаныя, стоячы перад пагрозай разьбіцьця й развалу ўсёй беларускай справы ў партыйных спорах і асабістай калатні, прыйшлі да пераконаньня ў патрэбе аб'яднаць усе праўдзівыя беларускія сілы на грунце ніжэй паданых пастаноў:
1. Адзінай законнай правадаўчай уладай на Беларусі зьяўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі як вышэйшы орган беларускага народу, беручы свой пачатак ад Усебеларускага Кангрэсу 1917 г.
2. Праўна выканаўчым органам зьяўляецца толькі ўрад, выбраны Радай Беларускай Народнай Рэспублікі.
3. Усе другія «ўрады» й арганізацыі, прэтэндуючыя на дзяржаўна-ўрадовы характар, якія ня маюць і ня могуць мець мандатаў ад Рады Б.Н.Р., уважаюцца авантурамі, шкоднымі для беларускага народу, і дзеля гэтага зь імі павінна весьціся рашучая барацьба.
Пастанова ўложана ў двух экзэмплярах, зь якіх адзін захоўваецца ў справах Ураду Б.Н.Р., а другі ў справах Віленскага Нацыянальнага Камітэту».
Арыгінал падпісалі: Л. Заяц, Браніслаў Тарашкевіч, А. Карабач.
На падставе пастаноў, Прэзыдыюм Беларускай нацыянальна-палітычнай канфэрэнцыі ў Празе выдаў яшчэ асобную адозву такога зьместу:
«Прэзыдыюм Беларускай нацыянальна-палітычнай канфэрэнцыі ў Празе на аснове рэзалюцый, выявіўшых волю ўсіх беларускіх партыяў і арганізацыяў, абвяшчае, што адзіным правамоцным заканадаўчым органам на тэрыторыі Беларусі зьяўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі й яе Прэзыдыюм на чале з П. Крэчэўскім. Законна абраным беларускім урадам зьяўляецца Рада Міністраў на чале з В. Ластоўскім».
Яшчэ больш узмацованыя вышэйуспамянутаю Пражскаю канфэрэнцыяю, Прэзыдыюм Рады й Урад спакойна прадаўжалі сваю працу як агульнавызнаныя аўтарытэтныя ўстановы, да часу паседжаньня міжнарадовай канфэрэнцыі ў Генуі (травень месяц 1922 г.), т. е. да таго моманту, пакуль старшыня ўраду В. Ластоўскі й міністр загранічных спраў А. Цьвікевіч не зышлі з грунту незалежнасьці й непадзельнасьці Беларусі.
Падпаўшы ў Генуі пад уплыў міністра загранічных спраў Літвы пана Гальванаўскаса грамадзяне Ластоўскі й Цьвікевіч, наперакор атрыманых ад ураду паўнамоцтваў, падалі 3 траўня 1922 г. за №18 старшыні канфэрэнцыі Фахта ноту, у якой паміж іншым заявілі:
«Вымаганьні Польшчы ня маюць ніякай моцнай астоі, і дзеля гэтага беларускае населяньне спадзяваецца, што міжнарадовая канфэрэнцыя ў Генуі не падтрымае агрэсіўную палітыку Польшчы.
Што датычыцца Літвы, то беларускае насяленьне годзіцца з тым, каб Вільня стала тым, чым яна заўсёды была – стольным местам Літоўскай дзяржавы. Прызнаньне Вільні за Літвою адпавядала б эканамічным і нацыянальным інтарэсам гэтага краю. Мы сьведчым перад міжнарадовай канфэрэнцыяй, што гэта ёсьць погляд насяленьня Віленскай тэрыторыі й што беларусы й літоўцы ўжо сталецьці аб'яднаны супольнасьцю інтарэсаў і шчырай дружбай.
Будучыня гэтага краю павінна быць аснована на літоўска-беларускім аб'яднаньні, а не на нясталых адносінах з Польшчаю, якая жыве імпэрыялістычнымі тэндэнцыямі з ваінственнымі зьнешнімі праяўленьнямі.
Вось прычына, дзеля якой беларускае насяленьне, сьвядома неадкладнай неабходнасьці прылучэньня Вільні да Літоўскай Рэспублікі, уважліва просіць канфэрэнцыю зьвярнуць сваю ўвагу на карысьць двух ніжэй паданых мер:
1. Віленская тэрыторыя пасьля далучэньня да Літоўскай дзяржавы будзе карыстацца самай шырокай аўтаноміяй – і будзе мець уласны парлямэнт, – якая зьявіцца гарантыяй правоў ня толькі большасьці насяленьня – беларусаў, – але й меншасьцяў жыдоўскай і польскай названай тэрыторыі.
2. Аўтаномная тэрыторыя Вільні ня будзе агранічана межамі даўнейшых губэрній таго ж імені, але ў яе ўвойдзе ўся тэрыторыя эканамічна залежная ад Вільні й знаходзячаяся на захад ад лініі Кэрзана».
Само сабой разумеецца, што такая нечаканая самавольная згода старшыні ўраду Ластоўскага й міністра загранічных спраў Цьвікевіча на прылучэньне Віленшчыны й Гродзеншчыны да Літвы на правах якой та аўтаноміі, нідзе нікім не забясьпечанай, не магла не выклікаць незадавальненьня з боку Прэзыдыюму Рады Рэспублікі й рэшты сяброў ураду.
Незадавальненьне гэта хутка абярнулася ў непаразуменьне, асабліва пасьля таго, як грамадзяне Ластоўскі й Цьвікевіч, не жадаючы прызнаць свае віны, паставіліся супраць рэзалюцыі, унесенай па гэтаму пытаньню намесьнікам старшыні Рады Рэспублікі, В. Захаркай, у якой паміж іншым гаварылася:
«Адносіны да Літвы павінны й надалей цьвёрда апірацца на беларуска-літоўскую ўмову ад 11 лістапада 1920 г. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі й надалей ва ўсёй сваёй дзеяльнасьці павінен моцна й безупынна імкнуцца да зьдзяйсьненьня незалежнасьці ў яе этнаграфічных граніцах». (Пратакол сходу ўраду ад 30 траўня 1922 г.)
Ня згадзіўшыся з прынятаю большасьцю рэзалюцыяю, старшыня Ўраду Ластоўскі й міністр загранічных спраў А. Цьвікевіч заявілі аб сваёй адстаўцы, якая тут жа была прынята часова выконваючым абавязкі старшыні Рады Рэспублікі, намесьнікам В. Захаркай, прасіўшым грамадзян Ластоўскага й Цьвікевіча выконваць ляжаўшыя на іх абавязкі да прыезду ў Прагу старшыні Рады Рэспублікі П. Крэчэўскага.
Бачачы ва ўсім тым, што здарылася, кіруючую руку літоўскага міністра загранічных спраў пана Гальванаўскаса, падпінаўшага нашых аўтанамістаў на ліквідацыю беларускага ўраду й пераход іх на літоўскую службу, дзеля санкцыянаваньня гэтага грамадзяне Ластоўскі й Цьвікевіч праектавалі склікаць у Дзьвінску нацыянальную нараду, старшыня Рады Рэспублікі П. Крэчэўскі далажыў усіх высілкаў, каб не дапусьціць гэтага.
У працягу даўгачасных перагавораў удалося стварыць пад старшынствам старшыні Рады Рэспублікі П. Крэчэўскага Дзяржаўную Калегію зь сяброў Прэзыдыюма Рады Рэспублікі й сяброў Ураду: Ластоўскага, Цьвікевіча, Жытлоўскага й Зайца, і такім чынам захаваць нацыянальна-дзяржаўныя ўстановы. (Пратакол паседжаньня Калегіі ад 11 кастрычніка 1922 г.)
Аднак гэты крок ужо ня мог аб'яднаць па-рожнаму думаючых сяброў Калегіі. Вялікаю перашкодаю такому аб'яднаньню паслужыла надзвычайна цяжкае матэрыяльнае становішча Ўраду, пераносіць якое ня ўсе былі згодны. Так ужо 20 красавіка 1923 г. грамадзянін Ластоўскі падаў Старшыні Рады Рэспублікі такую заяву: «Яго дастойнасьці пану Маршалку Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Высокапаважаны Пётр Антонавіч. Пры існуючых узаемаадносінах далейшую працу лічу для сябе немагчымай, а дзеля таго прашу Вас ад сягоньняшняй даты лічыць мяне выбыўшым са складу Дзяржаўнай Калегіі. Прыміце запэўненьне ў належнай да вас пашане й прыхільнасьці. В. Ластоўскі».
Пасьля адстаўкі грамадзяне Ластоўскі й Душэўскі перайшлі на акрэсьленую пэнсію да літоўскага ўраду, у міністэрства па беларускіх справах у Літве, зь якога былі звольненыя ліквідатарамі Гальванаўскасам і Енінасам усе адказныя беларусы. Такое паводжаньне грамадзян Ластоўскага й Душэўскага не магло не выклікаць незадавальненьня імі беларускага грамадзянства ў Літве. Яно ж, паміж іншым, выклікала й наступную пастанову агульнага сходу грамадзкіх і палітычных дзеячоў Беларускай калёніі ў Літве, адбыўшымся 23.VIII.1923 г.:
«Прымаючы пад увагу, што грамадзяне Душэўскі й Ластоўскі ў адношаньні да цяперашняга становішча беларуска-літоўскіх узаемаадносін сваім паводжаньнем рвуць агульны беларускі палітычны фронт і зьяўляюцца штрэйкбрэхерамі у ўрон беларускім інтарэсам, што выяўляецца, паміж іншым, у факце іх супрацоўніцтва зь міністэрствам па беларускіх справах, знаходзячымся пад байкотам, сход абвяшчае грамадзян Душэўскага й Ластоўскага пад маральным байкотам беларускага грамадзянства».
Ад гэтага часу грамадзяне Ластоўскі й Душэўскі становяцца ўжо адкрытымі чыньнікамі літоўскай палітыкі па кампрамітацыі, разладу й раскладу беларускіх арганізацыяў, нацыянальна-дзяржаўных устаноў і іх павадыроў як у Літве, так і заграніцаю, вэрбуючы пры дапамозе Літвы агентаў сабе. (Бюлетень Рады Б.Н.Р., 19 студзеня 1926 г., №1, стар. 7, 8, 9, 13)
Тут мы адзначым толькі некаторыя сумныя зьявішчы, так ці інакш зьвязаныя з апошняю дзейнасьцю Ластоўскага й Душэўскага:
а) падняты ў Коўні гр. Ластоўскім судовы працэс аб высяленьні Ковенскай Беларускай Місіі зь займаемага ёю памешканьня, перайшоўшага затым у карыстаньне гр. Ластоўскага;
б) распаўсюджаньне «Извещения» беларускіх эсэраў – Грыба, Бадуновай і Мамонькі, – выпушчанага ў сьнежні 1923 г. з мэтаю кампрамітацыі беларускіх нацыянальна-дзяржаўных устаноў і іх сяброў;
в) уласнае абвешчаньне грамадзян Ластоўскага й Душэўскага з той жа мэтаю, надрукаванае ў літоўскім афіцыёзе «Летува», ад 24. ІХ.1925 г., №215;
г) «Пастанова», падпісаная й пасланая з Прагі ў Жэнэву ад імя «Сялянскага Саюзу» студэнтамі Я. Станкевічам, Ермачэнкай і Клаўсуцем;
д) пэрыядычныя артыкулы ў газэце «Крыніца» (орган ксяндза Адама Станкевіча ў Вільні) у падтрымку дзеяльнасьці Ластоўскага й ва ўрон гонару нацыянальна-дзяржаўных дзеячоў.
Такім чынам гр. Ластоўскі, к жалю, абярнуўся з старога беларускага нацыянальнага дзеяча й прэм'ера беларускага нацыянальнага ўраду ў літоўскага чыноўніка, служачага там да гэтае пары.

Кабінэт грамадзяніна А. Цьвікевіча

Цьвікевіч, як і Ластоўскі, вярнуўся з Генуі задаволеным сваёю палітыкаю і міністрам згранічных спраў Літвы, панам Гальванаўскасам.
Ніякіх довадаў незаконнасьці й шкоднасьці сваіх крокаў не хацелі прызнаваць ні Цьвікевіч, ні Ластоўскі.
Зусім ня так выявіла сябе другая, літоўская, старана. Пан Гальванаўскас, атрымаўшы ад дэлегатаў беларускага ўраду ноту аб тым, што «беларускае насяленьне годзіцца з тым, каб Вільня стала тым, чым яна заўсёды была – стольным местам Літоўскай дзяржавы» й што «беларускае насяленьне, сьвядома безадкладнай неабходнасьці прылучэньня Вільні да Літоўскай дзяржавы», вырашыў, што пры «згодзе» беларускага жыхарства Віленшчыны на аўтаномію ў складзе Літоўскай Рэспублікі, беларускаму ўраду ня можа ўжо быць мейсца пры літоўска-польскіх спрэчках за Вільню й Віленшчыну.
Даведаўшыся, што нота не зацьверджана Прэзыдыюмам Рады Рэспублікі, ён павёў сваю працу да зьнішчэньня як Прэзыдыюма Рады, так і ўраду.
Пан Гальванаўскас хутка выбіў з галавы Цьвікевіча яго аўтанамічнае захопленьне. Прызнаўшы сваю памылку, гр. Цьвікевіч зноў стаў на абарону самастойнасьці нацыянальна-дзяржаўных устаноў Беларусі й іх дагаворных правоў, аканчальна разышоўшыся пры гэтым з гр. Ластоўскім, як літоўскім дагадоўцам.
Такая перамена пазыцыі Цьвікевічам пазволіла спачатку ўзлажыць на яго як намесьніка старшыні Ўраду выконваньне абавязкаў старшыні Ўраду, а затым даручыць яму й фармаваньне новага кабінэту. Гэта выклікалася яшчэ й тым, што літоўскі ўрад стараўся стварыць з адстаўкі Ластоўскага прэцэдэнт дзеля адказу ад далейшага вызнаньня беларускага ўраду й існуючай паміж Літвой і Беларусьсю дзяржаўнай умовы ад 11 лістапада 1920 года.
Новы, па ліку шосты, урад кабінэта Цьвікевіча быў утворан 23.VIII.1923 г. у такім складзе:
А. Цьвікевіч – старшыня ўраду й міністр загранічных спраў
Я. Варонка – міністр асьветы
В. Захарка – вык. аб. міністра фінансаў
У. Пракулевіч – дзяржаўны пісар
Л. Заяц – дзяржаўны кантралёр
Пры зацьверджаньні гэтага ўраду таго ж 23.VIII.1923 г. была вынесена пастанова:
«Новы склад Ураду прыняць да ведама. Пацьвердзіць, што ўся праца Ўраду вядзецца згодна пастановы Рады Рэспублікі ад 13 сьнежня 1919 г. Прэзыдыюмам Рады й Радаю Народных Міністраў супольна пад кіраўніцтвам старшыні Рады Рэспублікі П. Крэчэўскага».
Аднак і такая абмяжоўваючая пастанова не магла ўстрымаць Цьвікевіча ад надзвычайна непрыгожых крокаў, як у адносінах да Прэзыдыюма Рады, так і ў адносінах да самой нацыянальнай справы (Бюлетэнь Рады Б.Н.Р., 19 студзеня 1926 г., №1).
Пры існаваўшых тагачасных варунках Прэзыдыюм Рады й Урад мусілі пакінуць Літву й выехаць з Коўны ў Прагу Чэшскую 1 лістапада 1923 г. Адмовіўся ад пераезду ў Прагу толькі грамадзянін Цьвікевіч.
Празь некаторы час Цьвікевіч даў зразумець пражскаму цэнтру аб сваім жаданьні ехаць у Савецкую Беларусь.
Супраць ад'езду Цьвікевіча як грамадзяніна, а не старшыні Ўраду, ніхто нічога ня меў. Чакалі толькі адстаўкі. Аднак, як цяпер, пасьля Бэрлінскай нарады, выявілася, гр. Цьвікевіч знайшоў такі крок невыгодным дзеля сябе.
Адкінуўшы думку аб пераезьдзе ў Менск, як быццам, у старану, ён застаючыся бескантрольна ў Коўне, павёў падвойную ігру. У Прагу Цьвікевіч пасылаў інфармацыі аб сваёй працы ў чыста нацыянальна-незалежніцкім духу, а ў Коўне і ў Бэрліне увайшоў у згоду з савецкімі агентамі з мэтай прымусіць да пераезду Прэзыдыюм Рады Рэспублікі й Урад у Менск і здачы савецкай уладзе сваіх мандатаў. Добра ведаючы адмоўны погляд на гэтую справу Прэзыдыюма Рады, гр. Цьвікевіч, пры энэргічнай дапамозе гр. Галавінскага, пайшоў па задуманаму шляху скрытымі крокамі.
Дабіўшыся з працягам часу спачуцьця свайму пляну па ліквідацыі нацыянальна-дзяржаўных устаноў ад некаторых дзеячоў у краі, заграніцаю й ва Ўрадзе, гр. Цьвікевіч высунуў перад пражскім цэнтрам пытаньне аб скліканьні вясною 1925 г. нацыянальнай канфэрэнцыі на манер Пражскай 1921 г. дзеля замацаваньня й аб'еднаньня каля Прэзыдыюма Рады й Ураду ўсяго беларускага нацыянальнага фронту.
Атрымаўшы належную згоду, гр. Цьвікевіч так заблутаў сваё паводжаньне перагаворамі з прадстаўнікамі Вільні, Менска, Рыгі, Коўны й літоўскага ўраду, што разабрацца ў ім за адсутнасьцю інфармацыяў было немагчыма.
Нягледзячы на запатрабаваньні пражскага цэнтру падробных інфармацыяў і адкладзе канфэрэнцыі да Каляд 1925 г., гр. Цьвікевіч самавольна назначае канфэрэнцыю ў Бэрліне на 10 кастрычніка 1925 г., на якой па яго інфармацыі будзе шырокае прадстаўніцтва ад Усходняй і Заходняй Беларусі, Літвы й Латвіі.
Воляй-няволяй прыйшлося ехаць і прадстаўнікам пражскай калёніі.
Па прыезьдзе ў Бэрлін аказалася, што замесца шырокага нацыянальнага прадстаўніцтва ў Бэрлін прыехала ўсяго-на-ўсяго сямнаццаць чалавек, у ліку якіх не было ніводнага чалавека ні з Усходняй, ні з Заходняй Беларусі.
Такі эмігранцкі зьезд назваў сябе «2-ю Беларускаю нацыянальнаю нарадаю», на якой гр. Цьвікевіч дзевяцьцю галасамі аднадумцаў (у тым ліку два расейцы й два падданых Латвіі) правёў, нягледзячы на пратэсты другой часткі сходу, пажаданую бальшавікамі рэзалюцыю аб вызнаньні «нарадаю» савецкай улады на Беларусі:
Рэзалюцыя аб агульным палітычным становішчы Беларусі. Заслухаўшы даклад палітычнай сэкцыі аб агульным палітычным становішчы Беларусі, нарада канстатуе: падзел, замацаваны Рыжскім трактатам, да сягоньня рэжа жывое цела адзінага беларускага народу. Нарада сьведчыць, што яна, як і ўвесь народ, ня лічыцца з гэтым падзелам як з актам міжнародна-праўным і заклікае ўсе сьвядомыя беларускія сілы далей змагацца за аб'еднаньне ўсёй Беларусі ў адзінае дзяржаўнае цела. Нарада канстатуе, што валаданьне Польшчай над Заходняй Беларусьсю ёсьць акт гвалтоўнай акупацыі. Дзяржаўных правоў Польшчы на захопленыя абшары Нарада не вызнае. Нарада рашуча пратэстуе супраць нечуваных зьдзекаў, якія творыць польская ўлада над безбаронным беларускім жыхарствам. Разам з тым Нарада вызнае, што на ўсходніх абшарах Беларусі створана Беларуская дзяржава ў форме Беларускай Радавай Рэспублікі. Нарада вызнае справядлівым, каб да гэтай Рэспублікі былі далучаны, згодна волі мясцовага жыхарства, беларускія часткі, як прыкладам Гомель і інш. усходнія паветы. Нарада вызнае усю надзвычайную важнасьць імкненьняў Радавай Беларусі да зьдзейсьненьня нацыянальна-дзяржаўнага ідэалу беларускага народу й, вызначаючы Менск як цэнтр беларускага адраджэньня, лічыць усялякія спробы актыўнай барацьбы супраць яго здрадай справе вызваленчага беларускага руху».
Аднак не ўдалося грамадзяніну Цьвікевічу й яго таварышам завязьці ў Менск мандаты. Хаця пахваліцца здачаю мандатаў грамадзянін Цьвікевіч усё ж такі здолеў у газэце «Савецкая Беларусь» на камуністычную радасьць Ігнатоўскага й Жылуновіча. Вышэйуспамянёнаю разалюцыяю й іншымі «дакумэнтамі» (Бюлетень Рады Б.Н.Р., 19 студзеня 1926 г, №1) гр. Цьвікевіч усё ж такі адчыніў сабе й сваім таварышам вароты ў той савецкі «рай», які цяперака гр. Цьвікевіч так старанна хваліць на старонках менскай бальшавіцкай прэсы.
З выхадам у адстаўку й ліквідацыяю кабінэта Цьвікевіча ўсе ўрадовыя функцыі прыняў на сябе Прэзыдыюм Рады, ад якога залежыць стварэньне новага ўраду, калі гэта будзе патрэба.

Вось кароткі нарыс таго шляху, па катораму прайшоў Беларускі Народ.
Цяжкое й цёмнае, як восенская ноч, было жыцьцё страціўшага сваю незалежнасьць Беларускага Народу.
Прыгнечаны палітычна, зьнішчаны эканамічна й зьняслаўлены культурна, ён стагодзьдзі стагнаў у ланцугох няволі.
Надышоўшая пара вызваленьня прыгнечаных народаў падняла на барацьбу й Беларускі Народ за лепшую будучыню.
Набываючы з кожным днём усё больш і больш сілы, ён з кожным крокам упарта пасоўваецца наперад у сваёй вызвольнай барацьбе.
Заваяваныя ім да гэтага часу пазыцыі гавораць аб тым, што ўжо хутка праб'е шчасьлівая гадзіна, калі Беларускі Народ стопча на шляху незалежнасьці сваіх і чужых здраднікаў і стане самастойным гаспадаром на сваёй зямельцы.