Айцец Леў Гарошка

Пры ўсёй запаволенасьцi, маруднасьцi працэсу ўпiсваньня духовых здабыткаў эмiграцыi ў агульнабеларускi культурны працэс – дзеля прычын як натуральных, так i штучна ўтвораных – добра бачна, што найлепшая сытуацыя склалася ў дачыненьнi да пiсьменьнiкаў, iхных твораў, мастакоў, з гiстарыяграфiчнымi ды лексыкаграфiчнымi працамi. Кнiгi пакрысе знаходзяць свайго чытача, навуковыя працы – дасьледніка, слоўнiкi – спажыўца.
Зусiм iнакшая сытуацыя з тэмаю, якая можа быць умоўна акрэсьленая як беларускае сьвятарства, прычым ня толькi на эмiграцыi, але й на бацькаўшчыне. Гэтая тэма калi й не замоўчваецца цалкам, дык прынамсi амаль не распрацоўваецца: не ствараюцца жыцьцяпiсы сьвятароў, не друкуюцца iхныя творы. I нельга сказаць, каб бракавала матэрыялу. Яшчэ ў 1929 годзе была выдадзеная кнiга кс. Адама Станкевiча «Родная мова ў сьвятынях». Драматычнаму лёсу беларускiх сьвятароў а. Язэп Германовiч прысьвяцiў нямала старонак у кнiзе ўспамiнаў «Кiтай, Сiбiр, Масква», у часапiсе «Божым Шляхам» («Успамiны аб а. Андрэю Цiкоце», «Добры пастар – Вiктар Шутовiч», «Мае прыяцелi: [К. Стэповiч, З. Якуць, А. Астрамовiч, Ф. Рамэйка, А. Мiхайла, В. Аношка, К. Смулька]»), а таксама ва ўрыўках з другой, няскончанай кнiгi мэмуараў «Учора–сягодня–заўтра».
У часапiсе «Зьнiч», якi выдаваў у Рыме Пётра Татарыновiч, таксама захоўваюцца важныя згадкi, датычныя гiсторыi сьвятароў i рэлiгiйных дзеячаў: «Ўспамiны аб Станiславе Глякоўскiм» П. Дрыговiча й П. Дрыгвiча, В. Жылiнскага «Кс. Фабiян Абрантовiч. Асабiстыя ўспамiны», С. Г. «Жменька ўспамiнаў аб кс. Уладыславе Талочку», Я. С. «Жменька ўспамiнаў на адну дарагую юбiлейную магiлу. Кс. Лiсоўскi», З. «Мiтрапалiт Андрэй Шаптыцкi ў маiх успамiнах», Я. С-ка «Пасьмертны ўспамiн аб ведамым беларускiм дзеячы. Фабiян Ярэмiч», В. Карасевiча «Кс. Вiктар Шутовiч», П. Т. «Адгалоскi мiнуўшчыны», П. Татарыновiча «Др. Станiслаў Грынкевiч», «Ведамка да бiяграфii Андрэя Цiкоты», Вiленчука «Iнжынэр Адольф Клiмовiч. Жменька ўспамiнаў».
Цiкавыя зьвесткі можна знайсьці на бачынах часапiсу «Siaыbit», што выдаваў кс. Францiшак Чарняўскi: публікацыі а. Янкi Тарасевiча «У юбiлей пралата Пятра Татарыновiча», а. Я. Германовiча «Беларускiя марыяне. Артыкул iнфармацыйна-дыскусыйны» ды iншыя.
Нямала вартаснага назапашана ў газэтах «Бацькаўшчына» й «Беларус» – як у артыкулах, прысьвечаных асобным сьвятаром (М. Абрамчыка «На юбiлей айца Робэрта», Вернiка «33-iя ўгодкi сьвятарства» (пра а. Сьцяпана Войтанку), Грыбка «На 3-я ўгодкi сьмерцi Ўладыкi Васiля», Р. Жук-Грышкевiч «Памяцi Архiяпiскапа Васiля», З. «Срэбны юбiлей айца Робэрта», А. Караля «25-я ўгодкi душпастырскай працы мiтрапалiта А. Лапiцкага», а. Т. Падзявы «Айцец Язэп Гэрмановiч», А. Пякарскага «Сумная гадавiна. Да дзясятай гадавiны арышту й расстрэлу ксяндза Вiнцэнта Гадлеўскага», Ст. Станкевiча «Падвойны юбiлей пралата Пятра Татарыновiча», А. З. «Ксёндз Гадлеўскi на фоне гiстарычных падзеяў», Д. «Япiскап Сiповiч – Генэрал Ордэну Марыянаў», Я. Запруднiка «Арцыбiскуп Адвард Роп (1851–1939)», «Пралат Татарыновiч – дырэктар мiсiянэраў», Ч. Сiповiч «Годнасьць а. Ўладыслава Салаўя»), невялiкiх паведамленьнях (кшталту «Айцец Маскалiк Доктарам фiлялёгii», «На юбiлей кс. доктара П. Татарыновiча»), так i ў артыкулах шырэйшага характару (В. В. Васiлеўскi «20 гадоў БАПЦ. 1948–1968», др. Я. Ст. «Беларусы-пратэстанты», П. Т. «Зьезд беларускага каталiцкага духавенства на эмiграцыi»).
Неацэннай крынiцай iнфармацыi зьяўляюцца надрукаваныя ў гэтых газэтах нэкралёгi: а. Хведара Данiлюка, протадыякана Палякова, протадыякана Калiстрата Савiскi, архiепiскапа Сяргея, Лявона Дзекуць-Малея, епiскапа Платона, протаерэя а. Сьцяпана Войтанкi, архiепiскапа Васiля, а. Язэпа Рэшаця, кс. Вiктара Шутовiча, а. В. Войтанкi-Васiлеўскага, а. Е. Якiменкi, а. Тодара Дземянюка, протаерэя Барыса Каменскага, а. Мiхася Ўрбановiча, а. Васiля Чычэлiса, кс. М. Маскалiка ды iнш. На Беларусi, праўда, таксама зрэдзьчасу зьяўляюцца публiкацыi ў часапiсах «Спадчына», «Наша вера», «Хрысьцiянская думка», у газэце «Царква», як перадрукi (што часьцей), гэтак i арыгiнальныя дасьледаваньнi. Iмя Вiнцука Адважнага (а. Язэпа Германовiча) нават патрапiла ў даведнiк «Беларускiя пiсьменнiкi».
Крыху iншая справа са спадчынай айца Льва Гарошкi – нягледзячы на тое, што стараньнямi Ул. Арлова была выдадзена ягоная кнiга ў сэрыi «Галасы беларускага замежжа», крыху раней была перавыдадзеная «Навука i рэлiгiя», а пра жыцьцё, дзейнасьць гэтага сьвятара, пiсьменьнiка, навукоўца ёсьць добры артыкул Часлава Сiповiча «Айцец Леў Гарошка – архiмандрыт» i адмысловы выпуск часапiса «Божым Шляхам», прысьвечаны яму, дзе апiсаны даваенны пэрыяд жыцьця сьвятара й ягоная дзейнасьць у часы Другой Сусьветнай вайны й на эмiграцыi: маленства ў Трашчычах, дзе ён нарадзiўся 26 лютага 1911 году, навучаньне ў славутай Наваградзкай Беларускай Гiмназіi й Багаслоўскай Акадэмii ў Львове, праца ў Баранавiчах – цi ня самым беларускiм горадзе ў часы вайны, праца ў мэдычнай школе, Баранавiцкiм Музэi, выкладчыкам роднай мовы на настаўнiцкiх курсах, рэдактарам «Баранавiцкай газэты», дзейнасьць у Парыжы й Лёндане.
Спадчына айца Льва Гарошкi, друкаваная й рукапiсная, надзвычай багатая. Тут можна назваць такiя працы, як «Сьв. Еўфрасiня-Прадслава Полацкая, Патронка Беларусi» (Парыж, 1950), «Беларусь у датах, лiках i фактах» (Парыж, 1953), «Своесаблiвасьцi беларускае мовы» (Парыж, 1951), «Пад знакам «Рускае i Польскае Веры» («Божым Шляхам», 1954–1955), малiтоўнiк «Божым Шляхам» (Рым, 1946), зборнiк апавяданьняў, надрукаваны пад псэўданiмам Анатоль Жменя, матэрыялы для слоўнiкаў i яшчэ дзясяткi iншых кнiгаў, артыкулаў, дакладаў на акадэмiях, выступленьняў на радыё.
Сапраўды, цяжка нават акрэсьлiць усе тэмы, якiя асьвятляў айцец Леў. I ўсё ж адна зь iх, як выглядае, была асаблiва важнай, хоць i не атрымала свайго лягiчнага завяршэньня ў выглядзе кнiгi, а засталася надрукаванай у часапiсах, запiсанай на магнiтафоннай стужцы, занатаванай у шматлiкiх накiдах аўтабiяграфii.
Нiжэй ўпершыню друкуюцца асобныя разьдзелы зь няскончаных успамiнаў а. Гарошкі «Праз навальнiцы й нягоды» ды артыкулы з сэрыi «Беларускiя сьвятары й рэлiгiйныя дзеячы Беларусi», якiя чыталiся аўтарам у беларускіх перадачах Радыё Ватыкан. Гэтыя матэрыялы, дзе аўтар працягвае распачатае кс. Адамам Станкевiчам ва ўжо згаданай кнiзе «Родная мова ў сьвятынях», аб'ядноўвае адная тэма – беларускае сьвятарства.

Айцец Леў ГАРОШКА

ПРАЗ НАВАЛЬНIЦЫ
Й НЯГОДЫ*

Нашы традыцыi – наш скарб

Шмат каму можа выдаецца дзiўным: як гэта я сам i мае сябры ў Наваградку, i дырэктар Гiмназii, i беларускiя дзеячы ў Вiльнi будучы афiцыяльна, паводле мэтрыкаў праваслаўнымi, дзейнiчалi адносна Грэка-Каталiцкай Акадэмii як каталiкi. Так, сапраўды, некаторыя дзейнiчалi як каталiкi, але некаторыя й лiчылi сябе такiмi. На гэтую тэму аднойчы была ў бурсе вельмi цiкавая дыскусiя ў дзень сьвяткаваньня незалежнасьцi Беларусi. Навязваючы да слоў Трэцяе Ўстаўное Граматы, што трактаты, накiненыя Беларусi Расейскаю Iмпэрыяю Беларусь не абавязваюць, мы адназгодна прыйшлi да выснаўку, што тым больш нас не абавязвае царскi ўказ аб скасаваньнi Вунii й шматлiкiя беларускiя «упорствуючыя» вёскi сьведчаць вымоўна, што й калiсь беларускi народ ня лiчыў той акт абавязваючым. Калi ж хто прызнае насiльную касату Вунii як праўны ды абавязваючы акт, дык будучы пасьлядоўным, мусiць прызнаць i Савецкую Беларускую Рэспублiку, за якую насельнiцтва аддае галасы аж у 99,9%, i адмовiцца ад змаганьня за незалежнасьць Беларусi.
Нiводны з вучняў Наваградзкае Беларускае Гiмназii ня прызнаваў тых актаў, якiя варожыя нам дзяржавы – Расея й Польшча – накiдалi сiлаю, таму, хоць i не належалi да Вунiяцкае Царквы, але прынамсi некаторыя, у тым лiку i я, лiчылi яе сваёю Царквою. З гэтаю Царквою зьвязана больш як двухвяковая гiсторыя Беларускага Народу, зь ёю зьвязана змаганьне за захаваньне нашае самабытнасьцi супраць наступу вынарадаўленьня з боку нашых суседзяў. Што нам нясло праваслаўе – мы ведалi добра. Таму я сябе лiчыў вернiкам Усходне-Каталiцкае Царквы й мог безь нiякiх «пераходаў» студыяваць у Грэка-Каталiцкай Акадэмii, аформiўшы мэтрыкi згодна з маiм пераконаньнем. Багаслоўскiя аргумэнты адносна каталiцкае царквы было даволi часу пазнаць падчас студыяў.
Пры гэтай нагодзе варта дадаць, што ў нашай ваколiцы ў часе майго юнацтва было яшчэ шмат жывых традыцыяў аб Еднасьцi – так называў Вунiю мой дзед. Ня раз падчас Вялiкага посту, калi здаралiся прыкрыя iнцыдэнты з платаю за споведзь i за картачкi, усе старэйшыя людзi з жалем гаварылi: «Калiсь, за часоў Еднасьцi, гэтага нiколi не было». Дзед Пракоп мне некалькi разоў расказваў зь вялiкiм узрушэньнем, як аднойчы падчас паломнiцтва ў Жыровiчы ён стрэнуў каля сьвiцязянскiх лясоў старога вунiяцкага сьвятара, якi хаваўся недзе каля Сьвiцязi.

Бог клiча на сваю службу, як Сам знае

Было гэта на пачатку верасьня 1931 году. У адну прыгожую ранiцу бацька й я разьбiралi малатарню, аглядалi кожную частку, выбiраючы зношаныя штыфты й ачышчаючы ад дзёгцю шасьцернi, аж раптам бачым – да нас iдзе вучань з Наваградзкае Гiмназii й нясе ў руках нейкую паперку. Гэта была тэлеграма Антона Луцкевiча зь Вiльнi да дырэктара Наваградзкае Гiмназii Я. Цеханоўскага. Зьмест яе быў кароткi: «Няхай Гарошка прысылае дакумэнты». Пасланец ня мог толкам паясьнiць, што значыць гэтая тэлеграма. Бацькi глядзелi на мяне й на тэлеграму пытлiвым поглядам, а я глядзеў на iх i ня ведаў, што гаварыць. Адно было ясна, што для выясьненьня справы трэба было ехаць у Наваградак. Усе згадзiлiся, што ехаць трэба неадкладна.
У Наваградку дырэктар Гiмназii сустрэў мяне з радаснаю ўсьмешкаю:
– Зьбiрайся скарэй ды едзь у Вiльню!
– Чаго туды ехаць? – пытаюся паважна зьдзiўлены.
– Там Антон Луцкевiч пастараўся забясьпечыць табе месца ў Грэка-Каталiцкай Багаслоўскай Акадэмii ў Львове.
– Як жа гэта сталася? Я ня маю намеру студыяваць багаслоўства.
– Сталася вельмi проста. Мне расказалi, што ты хацеў ехаць у нейкi Багаслоўскi Iнстытут у Францыi цi нават у Люблiне, дык я падумаў, што табе было б нашмат лепей паехаць у Багаслоўскую Акадэмiю ў Львоў – гэта нашмат паважнейшая ўстанова. А ведаючы, што Антон Луцкевiч мае добрыя зьвязкi зь Львоўскiм мiтрапалiтам Андрэем Шэптыцкiм, я напiсаў яму аб табе. У адказ атрымаў тую тэлеграму, якую перадаў табе. Цяпер трэба ехаць у Вiльню ды выясьнiць справу на месцы.
На наступны дзень я ўжо быў у Вiльнi. Знайшоў Антона Луцкевiча ў Беларускiм Музэi. Ён прывiтаўся са мною быццам з даўнiм знаёмым i пачаў расхвальваць Грэка-Каталiцкую Акадэмiю, а потым зьвярнуў увагу на патрэбу беларускага духавенства. У Музэi было шмат памятак зь беларускага рэлiгiйнага мастацтва. – Глядзеце, гэта ж бадай што найпрыгажэйшыя памяткi беларускае культуры, якiя захавалiся да нашых дзён, i аграмадная большасьць зь iх зьвязаная зь беларускiм рэлiгiйным жыцьцём, – гаварыў ён з глыбокiм пераконаньнем праўдзiвасьцi сваiх словаў. – А цяпер мы маем так мала свайго духавенства.
Сапраўды, там было аб чым паважна падумаць. У адной шафе мiж рэлiгiйных экспанатаў ляжаў напрастольны крыж з рэльефным расьпяцьцем. Я глядзеў на той крыж, а з крыжа глядзела на мяне скульптура Хрыста. Цiхi, спакойны, цярпячы Хрыстос быццам клiкаў бяз слоў. Я мусiў нешта Яму адказаць. Але што? Адмовiцца ад Ягонага заклiку?
– Добра, – кажу Луцкевiчу, – пiшэце ў Львоў, што я туды прыеду ў Акадэмiю. Мы дамовiлiся з Луцкевiчам, што я ў Вiльнi пачакаю пару дзён, пакуль прыйдзе дэфiнiтыўны адказ ад львоўскага мiтрапалiта А. Шэптыцкага. На маё зьдзiўленьне, я даведаўся ад Луцкевiча, што туды ёсьць шмат больш кандыдатаў, чым магчымасьцяў прыняцьця, i выбiраюцца кандыдаты паводле конкурсу матураў.
Вольны час у чаканьнi можна было выкарыстаць, каб спазнаць сваю старую сталiцу й сучасны беларускi культурны цэнтар.

Вiльня

У 1931 годзе беларускае культурнае жыцьцё ў Вiльнi пульсавала хоць i ня так моцна, але ўсё ж адчувальна. Праўда, на вулiцах чулася пераважна польская мова, i колькасна беларускiх культурных устаноў было мала, але беручы пад увагу тыя ўмовы, у якiх тады знаходзiлася беларускае грамадзкае, рэлiгiйнае й наагул культурнае жыцьцё, а перадусiм маючы на ўвеце ўсьцяж узрастаючы польскi наступ на ўсе праявы беларускага жыцьця – беларускiх установаў у Вiльнi было нямала.
Агляданьне гэтых установаў я пачаў на наступны дзень ранiцаю зь Беларускага Музэю. Гэтым разам А. Луцкевiч паказваў мне ня толькi выстаўленыя экспанаты, але й захаваныя. Прыкра было сьцьвердзiць, што такая вялiкая скарбнiца беларускае культуры месьцiцца ў невялiкiм памешканьнi. У родным краі не было магчымасьцi мець адпаведны будынак для тых каштоўнасьцяў, якiм з кожнага гледзiшча належалася пачэснае месца. Дырэктар Музэю ня толькi паказваў мне экспанаты, але адначасна расказваў важнейшыя гiстарычныя падзеi, зьвязаныя з экспанатамі. Гэта былi цiкавыя й жывыя iлюстраваныя моманты з гiсторыi Беларусi.
Аглянуўшы Музэй, Луцкевiч павёў мяне ў Беларускую Гiмназію, якая месьцiлася ў тым жа старым базыльянскiм будынку. Дырэктар Гiмназіi й загадчык бурсы ахвотна згадзiлiся, каб я затрымаўся ў інтэрнаце, пакуль прыйдзе адказ зь Львова.
У тым самым будынку мясьцiлася Праваслаўная Духоўная Сэмiнарыя.
Разьвiтаўшыся з Луцкевiчам, я спынiўся каля ўваходных дзьвярэй, ля якiх стаяла трох матурыстаў зь Вiленскае Беларускае Гiмназіi – значыць, маiх сяброў. Пазнаёмiўся зь iмi, i гаворым аб сваiх навiнах. Аж праходзяць каля нас пару сэмiнарыстаў ды голасна гавораць па-расейску. Вось жа пытаюся ў маiх новых сяброў, цi ў Духоўнай Сэмiнарыi ёсьць беларусы? Кажуць, што ёсьць i што перш нават часткова выклады адбывалiся па-беларуску, але потым калiшнi рэктар Сэмiнарыi за паважную «ўзнагароду» згадзiўся ўвесьцi польскую мову як выкладовую. Пры тым «пацяшаюць» мяне, што ў каталiцкай Духоўнай Сэмiнарыi справы маюцца яшчэ горш: там пануе ваяўнiчы польскi дух. Там нават Багародзiцу замяшалi ў палянiзацыйную работу. Яе цудатворны вастрабрамскi абраз ўкаранавана другi раз 2 ліпеня 1927 году на «Каралеву Кароны Польскае», а з самое Вострае Брамы зьдзёрта лацiнскi напiс i заменена польскiм: Krуlowo Korony Polskiej modl siж za nami. Пагутарыўшы крыху, мы пайшлi да Вострае Брамы. Па дарозе расказалi мне, як некаторыя польскiя ксяндзы нават зь Вiленскае Капiтулы не даюць разграшэньня, калi хто спавядаецца па-беларуску.
Мяне моцна карцiла пабачыць, як выглядае беларускае рэлiгiйнае жыцьцё ў Вiльнi. Здаецца, на другi цi трэцi дзень майго там прабываньня была нядзеля. Я ведаў, што для вучняў Беларускае Гiмназіi правяцца дзьве Службы Божае зь беларускiмi казаньнямi: для праваслаўных у Пятнiцкай царкве, а для каталiкоў у касьцёле сьв. Мiкалая. Хоць яны правiлiся амаль адначасна, але я здужаў пабыць на абедзьвюх службах. Абедзьве гэтыя сьвятынi невялiкiя, але колькi стараньняў мусiлi праявiць беларусы, каб iх займець! Беларускае рэлiгiйнае жыцьцё знаходзiлася ў вельмi цяжкiх умовах, але яно iснавала! Апiралася яно на нямногiх слупох, але на слупох моцных i беззасьцярожна адданых Божай i беларускай справе. Зразумела, што мне было вельмi цiкава адведаць беларускiх рэлiгiйных дзеячоў.
Каля гадзiны 10 ранiцы я зайшоў да а. Адама Станкевiча. Ён ужо ведаў ад А. Луцкевiча аба мне, дык прыняў мяне як багаслова. Калi ж у гутарцы даведаўся, што мая пастанова адносна багаслоўскiх студыяў яшчэ стаiць на хiсткiх нагах, дык моцным нацiскам казаў:
– Няма чаго хiстацца; трэба ісьцi ўпярод цьвёрда. У нас духавенства мала, а працы дык i не пералiчыш.
I сапраўды: дзе як дзе, але ў пакоi а. Адама, дзе сыходзiлiся ўсе нiткi беларускага духовага й грамадзкага жыцьця, было аж да болю ясна, як шмат можа й мусiць зрабiць беларускае сьвятарства ўва ўсiх галiнах беларускага жыцьця. Праўда, прычына малое колькасьцi беларускага каталiцкага духавенства ляжала выключна на сумленьнi польскiх бiскупаў, i яны нясуць за яе страшэнную адказнасьць перад Богам.
У часе гутаркi з а. Адамам зайшоў у пакой iнжынер Адольф Клiмовiч, ягоны блiзкi супрацоўнiк. Новае знаёмства. Крыху жартуюць зь мяне абодва, што я яшчэ як той дзядзька ў Вiльнi, i, каб «асьмелiць» мяне, iнжынер Клiмовiч падраджваецца паказаць мне цiкавейшыя вiленскiя помнiкi й перадусiм тое, што ёсьць беларускае.
У ягонай кампанii я накiраваўся ў рэдакцыю «Беларускае Крынiцы». У рэдакцыйным пакоi засьпелi толькi самога рэдактара Янку Пазьняка. Спакойны, маламоўны чалавек, ён быў шчыра адданы сваёй справе й не баяўся нiякiх цяжкасьцяў анi нiякiх пагрозаў з боку польскае адмiнiстрацыi.
Пасьля кароткае гутаркi мы пайшлi аглядаць друкарню – адзiную беларускую друкарню ў Заходняй Беларусi. Каля касы ўвiхаўся студэнт-наборшчык, а каля друкарскае машыны прыладжваў гранкi машынiст.
Пры рэдакцыi ў адным пакоi адбывалася зборка беларускiх студэнтаў Вiленскага Ўнiвэрсытэту. Гэта былi пераважна тыя студэнты, якiя з розных прычынаў прыехалi ў Вiльню перад пачаткам акадэмiчнага году. Клiмовч пазнёмiў мяне зь iмi на студэнцкi лад.
Ранiцою наступнага дня, калi я зайшоў у Беларускi Музэй, каб даведацца ад Луцкевiча навiнаў зь Львову, пачуў, што мяне хоча бачыць а. Уладыслаў Талочка. Да гэтага часу я нiчога ня чуў аб iм, таму хацеў даведацца ад Луцкевiча, але той збыў маю цiкавасьць адным сказам:
– О, гэта цiкавы чалавек i вельмi вартасны сьвятар. Пагаварыце зь iм, дык пазнаеце самi.
У назначанай гадзiне я ўжо быў каля касьцёлу сьв. Ганны, недалёка ад якога жыў а. Талочка. Архiтэктурным мастацтвам гатычнага касьцёлу сьв. Ганны нельга было не захапляцца. I я так заглядзеўся, што крыху спазьнiўся зь вiзытам. Памешканьне а. Талочкi было невялiкае i ўсё заваленае кнiгамi, так што за iмi нават гублялася асоба гаспадара. Ён сустрэў мяне вельмi радасна. Перапрасiў, што слаба гаворыць па-беларуску й тут жа дадаў:
– Хоць мая «мутэшпраха»* польская, але я не паляк.
Калi я ў папярэднiх вiзытах больш слухаў, чым гаварыў, дык цяпер мне трэба было больш гаварыць, бо а. Талочка распытваў аб усiм. Мы разьвiталiся як шчырыя прыяцелi, i ад таго часу аж да 1939 году былi ў блiзкай лiстоўнай лучнасьцi.
Крапатлiвая працавiтасьць а. Уладыслава, ягоная цiхая й ахвярная праца для беларускага рэлiгiйнага жыцьця й глыбокая набожнасьць былi сапраўды ўзорнымi. Блiзка ад ягонага памешканьня мясьцiўся Беларускi Банк i рэдакцыя «Беларускага Летапiсу», дык я зайшоў туды, купiў пару гадавiкоў часапiсу й з сумам аглянуў iхнае сьцiплае ўладжаньне. Праўда, суцяшаючым быў факт, што людзi, хоць i ў вельмi цяжкiх абставiнах, але працуюць вытрывала, не здаюцца.
Далей, нельга было абмiнуць руiны вiленскага замку, гару Трох Крыжоў, i адтуль накiраваўся пехатою аж да Лукiскага пляцу, дзе скончыў свой жыцьцёвы шлях Кастусь Калiноўскi.
Ад 1925 г. iснавала ў Вiльнi усходне-каталiцкая царква ў быўшым пааўгустынскiм касьцёле. Адведаў яе зь вялiкай цiкавасьцю й з прыкрасьцю сьцьвердзiў, што там панавала расейскасьць больш яшчэ, чым у расейскiх цэрквах. Парахам быў езуiт а. Мацэвiч.

Пехатою па Беларусi

Мне ня раз даводзiлася выслухоўваць папрокi сваiх аднавяскоўцаў пад адрасам мясцовага духавенства. Слухаючы розныя дакоры, мне прыйшла думка прыглянуцца да жыцьця й працы духавенства ня толькi ў сваёй ваколiцы, але так жа крыху далей, пры гэтай нагодзе пазнаць лепш свой край i, будучы ў Вiльнi, паспрабаваць iнкардынавацца ў Вiленскую Архiдыяцэзію, бо я ня быў прыпiсаны да нiякае эпархii.
Як толькi кончылася жнiво, я выбраўся пехатою на прошчу ў Вiльню. Першы дзень я ішоў хутка па добра вядомых дарогах, але самая мэта падарожжа падказвала мне глядзець на ваколiцу больш пiльным вокам. Перад Карэлiчамi абапал дарогi расьселiся польскiя калянiсты. Тут яны жылi ўжо больш дзясятка гадоў, але iхныя хаты й нешматлiкiя гаспадарскiя будынкi выглядалi быццам злабуданыя дачасу. Вiдаць, што iхныя гаспадары ў падсьвядомасьцi былi перакананыя, што яны тут затрымалiся толькi часова. Але мiж Карэлiчамi й Нягневiчамi было калянiстаў шмат больш. Было цiкава параўнаць, як тыя жывуць.
Праз пару гадзiнаў ўжо быў каля асаднiкаў. Тут некаторыя зь iх мелi дамы зусiм добрыя й больш гаспадарскiх будынкаў, але некаторыя жылi ў «хатах на курыных ножках». Дык як магло быць iначай!? Там нядаўна правiлi дарогу й чамусьцi не абдзернавалi адкосаў. Дык вось на гэтых гладка зрэзаных адкосах зьявiлася цэлая лiтаратура. Хоць напiсана яна была рознымi рукамi (дакладней, каламi), але ўся ў адным духу: «Прэч, польская навалач!», «Беларуская зямля сялянам» i да таго розныя «Хай жыве!» Некаторыя старэйшыя напiсы былi пазадрапаныя, але каля iх зьяўлялiся сьвежыя.
Далятычы. Затрымацца тут было чаго. Гэта была адна з старэйшых i большых усходне-каталiцкiх парахвiяў на Беларусi. Мяне вельмi карцiла пазнаць яе блiжэй. Думка аб утварэньнi ўсходне-каталiцкае (вунiяцкае) парахвii зьявiлася там у людзей без анiякай прапаганды з боку каталiкоў. Хутка пасьля польска-бальшавiцкае вайны праваслаўнага параха з Далятыч перанесена ў iншую парахвiю. Тады праваслаўны парах зь Любча, маючы моцныя плечы ў кансысторыi, пастараўся, каб далятыцкую парахвiю скасована, а зямлю й царкву прылучана да Любча. Стараньнi вернiкаў атрымаць свайго параха аставалiся без адказу. Тады вясною 1925 г. яны зьвярнулiся да пiнскага каталiцкага бiскупа Лазiньскага, i той iм хутка прыслаў а. М. Кнурэнку, якi нядаўна перайшоў у каталiцтва. На вялiкi жаль, ягоныя паводзiны сеялi згоршаньне. У 1929 г. яго мусiлi забраць i прыслалi а. Iвана Панько, якi перайшоў у каталiцызм 5 сакавіка 1928 г. разам з усёю сям'ёю. Рэлiгiйнае жыцьцё значна паправiлася. Вернiкаў было 1638 чалавек.
Калi ў Далятычах заснавалася ўсходне-каталiцкая парахвiя, дык праваслаўная кансысторыя прыслала праваслаўнага сьвятара, але яму ўжо не было чаго рабiць у Далятычах, нягледзячы на згоршаньне, якое было зь першым парахам. Таму праваслаўны сьвятар асялiўся ў суседняй вёсцы, а служыў у царкве пад Лiпкаю. У самых Далятычах да вунii належалi ўсе жыхары за выняткам двох сямей, да таго было яшчэ нямала вернiкаў у далятыцкiх хутарох, Еўсевiчах, Воўкаразi, Хадасох, Чарэшлi й Падзагор'i.
Тагачасны парах а. Iван прыняў мяне вельмi гасьцiнна. Дочкi а. Iвана (а iх было тры) дыскрэтна цiкавiлiся, цi я буду жанатым, цi бязжэнным сьвятаром, ведаючы, што ў Галiцыi сьвятары пераважна жанатыя, але што цяпер робяць нацiск, каб было больш бязжэнных. Я дыпляматычна ўхiлiўся ад адказу на iхнае пытаньне.
Вечарам была проба царкоўнага хору. Хорам кiраваў вельмi ўмела, бадай па-мастацку, дзяк Якаў Сямяшка. Харысты былi дабраныя з чыстымi й моцнымi галасамi, пры тым добра вырабленымi. Уканцы пробы на зьмену царкоўных напеваў запяялi некалькi беларускiх народных песень, якiх я яшчэ ня чуў, хоць чуў добры хор Наваградзкай Гiмназіi пад кiраўнiцтвам здольнага кампазытара А. Валынчыка.
На наступны дзень пасьля Службы Божае й сытнага сьнеданьня я вырушыў далей. Цяпер мой шлях быў на Iўе. Парахам i дзеканам у Iўi быў ад 1930 г. кс. др. Iльдэфонс Бобiч. Ягонае прозьвiшча я чуў ня раз i меў нават зборнiк ягоных беларускiх казаньняў, толькi ня ведаў, дзеля якiх прычынаў ад некаторага часу ён адышоў ад беларускага рэлiгiйнага руху й дзеля гэтага хацелася пагутарыць зь iм.
Ужо вечарэла, калi я зайшоў да кс. Бобiча. Прыняў мяне ветлiва й ахвотна згадзiўся, каб я пераначаваў у яго, аднак гаварыў толькi па-польску i ў гутарцы старанна ўнiкаў усякiх намёкаў на беларускiя тэмы. Толькi неяк прыпадкам прагаварыўся, што меў нейкiя нелады зь iншымi беларускiмi сьвятарамi. Гледзячы на яго, я меў уражаньне, што гэта зламаны дуб. Затое ягоная цётка гаварыла са мною па-беларуску, але так жа вельмi паўстрымана. Падчас вячэры спачатку гаварыў выключна кс. Бобiч аб сваiх выдавецкiх справах, а потым пераняў гутарку вiкарны ксёндз, i ён мiж iншым закрануў справу калiшняе беларускае дзейнасьцi кс. Бобiча, але той адразу перавёў гутарку на iншую тэму.
Толькi ў часе нямецкае акупацыi, калi, дзякуючы стараньням беларускiх дзеячоў, ён быў вызвалены з турмы, дык зноў вярнуўся да беларускага руху i меў улажыць цэлы зборнiк беларускiх казаньняў.
Назаўтра я выйшаў зь Iўя даволi рана й хутка быў у Лiпнiшках. Ужо здалёк прыцягваў да сябе ўвагу прыгожы лiпнiскi мураваны з гранiту касьцёл, выбудаваны ў 1890 г. Зблiзку ён выглядаў прыгажэй i выклiкаў захапленьне будаўнiчым майстэрствам.
Аглянуўшы касьцёл, цiкава было пазнаёмiцца з парахам. На жаль, кс. Войдаг быў страшэнным кантрастам да касьцёлу. У перадпакою ягонае канцылярыi было поўна розных афiшаў i абвестак, быццам у якой падарожнай агэнцыi.
Далей я накiраваўся ў Геранёны, спадзеючыся зноў стрэнуць штосьцi цiкавае. Невялiкi мураваны касьцёл у Геранёнах з 1771 г. нiчым не вызначаўся, але прэзьбiтэрыя была драўляная, старая й брудная. Ганак напоўгнiлы й брудны – трэба было ўваходзiць асьцярожна. I неяк дзiўна было бачыць на ўваходных дзьвярах вiзытную картачку. Чытаю яе: Кс. парах Хлявiнскi. Ну, думаю, i дабралi ж прозьвiшча, быццам для жарту.
Але гэтым разам я памылiўся ў сваiх меркаваньнях. Парах быў ветлiвы й талковы. Ягоная канцылярыя была зусiм непадобная да вонкавага выгляду прэзьбiтэрыi. Калi з гутаркi даведаўся, што я беларус, дык адразу загаварыў ажыўлена:
– Ведаеце, я вам раю адведаць кс. Шалкевiча ў Тракелях. Ён шчыры беларус i напэўна будзе задаволены, калi зойдзеце да яго.
Як жа не адведаць такога сьвятара «на правiнцыi», якога суседзi-палякi называюць шчырым беларусам!
Яшчэ да вечара я быў у Тракелях. Кс. Мiхась Шалкевiч якраз канчаў працу ў пчальнiку, калi я зьявiўся ў ягоным садзе. Ён шчыра ўцешыўся, што я завiтаў да яго. Гаварылi мы з кс. Шалкевiчам да позьняе начы аб усiх нашых радасных i сумных справах. Там у ягонай парахвii больш чым дзе можна было назiраць, у якой атмасфэры жывуць беларускiя сьвятары й беларусы-вернiкi на Вiленшчыне. На абшырным дворышчы каля прэзьбiтэрыi працавала некалькi чалавек. Здалёк чуваць было, што мiж сабою яны гаварылi па-беларуску, але як толькi пабачылi, што я, незнаёмы для iх чалавек, праходжу каля iх, адразу сьцiхалi й працавалi моўчкi. Назаўтра я быў у Беняконях. У гэтым мястэчку на рынку стаяў мураваны касьцёл (выбудаваны ў 1902 г.), а недалёка ад яго была драўляная, але ўтульная прэзьбiтэрыя. Праходзячы каля агарожы, я ўбачыў, што ў агародзе ксёндз адмаўляе брэвiярый. Варта зайсьцi пазнёмiцца. Прывiтаўся зь iм па-польску. Ён адказаў i, уважна на мяне гледзячы, запытаўся, хто я й адкуль. Адказаў коратка: беларускi студэнт багасловiя.
– Кажаш, багаслоў i беларус, дык чаму ж гаворыш па-польску?
– Выбачайце, але я ня ведаў, з кiм гавару. Хiба Вы таксама беларус?
– Не, я летувiс, называюся Язэп Дубецiс, тутэйшы парах i дзекан.
Бязь лiшняе гутаркi дзекан запрасiў мяне ў пакоi, крыху распытаўся аб Львове, а потым паклiкаў сваю сястру й загадаў рыхтаваць сытны абед. Гаварыў зь ёю па-летувiску, i хоць я першы раз чуў гэтую мову, але таму, што дзекан час ад часу паказваў на мяне ды пераплятаў сваю гутарку беларускiмi словамi, дык было лёгка здагадацца, аб чым яны гутарылi. Таму што я меў намер хутчэй дабрацца да Вiльнi, дык спрабаваў адмовiцца ад пачастунку, прадбачаючы, што ён можа зацягнуцца.
– Нават i ня думай адмаўляцца. Госьць у дом – Бог у дом. Ведаеш такую беларускую прыказку?
Ён сапраўды справiў банкет, а да таго ж яшчэ даў грошы на квiток да Вiльнi. Так неспадзявана яшчэ таго ж вечара я ішоў па знаёмых вiленскiх вулiцах.
Назаўтра я выбраўся да вiленскага каталiцкага мэтрапалiта Рамуальда Ялбжыкоўскага. У пачакальнi не было нiкога, дык прыняў мяне хутка. Я коратка расказаў яму, як знайшоўся у Багаслоўскай Акадэмii й чаму да гэтага часу не iнкардынаваўся ды прасiў яго прыняць мяне ў сваю архiдыяцэзію.
– Я ўжо маю двух клерыкаў усходняга абраду ў Дубенскай Сэмiнарыi; больш мне не патрэбна, – адказаў ён каротка.
– Усяго двох на такую вялiкую архiдыяцэзію? – зьдзiвiўся я.
– Для нас даволi, – адказаў ён суха.
Было ясна, што гэты высокi гіерарх меў за нiшто ўсе iнструкцыi з Рыму адносна вунiйнае акцыi, гледзячы на сваю дзейнасьць праз шавiнiстычныя польскiя акуляры. Нашто яму былi ўсходне-каталiцкiя багасловы, калi ягоныя пралаты, такiя хоць, як Кароль Любянец, засноўвалi «школы польскасьцi». Шырокаведамаю была такая школа ў маёнтку Мiнойты, дзе за пераход у каталiцызм лацiнскага абраду плацiлi 20 злотых, давалi двухтыднёвы курс катэхiзму ды, запiсаўшы каталiком i палякам, адсылалi на нейкую платную працу ў дзяржаўных цi адмiнiстрацыйных установах. Пралат В. Мэйштовiч кажа ў сваёй кнiзе, што да 1939 г. у Вiленскай архiдыяцэзіi 60.000 праваслаўных перайшло ў каталiцызм лацiнскага абраду.
Потым я даведаўся ад а. В. Гапановiча, што гэты каталiцкi гіерарх адкiнуў ажно 22 заявы беларускiх праваслаўных сьвятароў, якiя праз пасрэднiцтва таго ж айца прасiлi прыняць iх разам з iхнымi парахвiямi ў лона Каталiцкае Царквы. Лiст а. Гапановiча ў гэтай справе знаходзiцца ў архiве Беларускага Ўсходне-Каталiцкага Экзархату.
Прабыў я ў Вiльнi амаль тыдзень i вяртаўся дамоў зь вялiкiмi пачкамi беларускiх кнiгаў – для пабольшаньня свае вясковае беларускае бiблiятэкi: ахвотна згадзiлiся дапамагчы дапоўнiць бiблiятэчку Беларускае Каталiцкае Выдавецтва ды А. Луцкевiч.