БЕЛАРУСКIЯ СЬВЯТАРЫ
й
РЭЛIГIЙНЫЯ ДЗЕЯЧЫ БЕЛАРУСI

Айцец Мацей Магнушэўскi

Гэта самы першы беларускi рэлiгiйны дзеяч з пачатку 19 стагодзьдзя. Ён кiдаў першыя зярняты ў душы сялянскае моладзi, зь якiх узыходзiлi першыя парасткi беларускага адраджэнскага руху. На жаль, вестак аб ягоным жыцьцi захавалася вельмi мала. Зусiм няведама аб ягоным паходжаньнi й ягонай маладосьцi. А нават i тое, што можа быць ведама з дакумэнтаў аб ягоных пазьнейшых гадох, цяпер зусiм сьведама замоўчваецца.
З тых вестак, якiя ўбачылi сьвет да гэтага часу, ведама, што Мацей Магнушэўскi быў дамiнiканскiм манахам i сьвятаром, меў добрую асьвету i нават вучыў дзяцей князя Мацея Радзiвiла – Канстантына й Антанiну. Калi дзецi вырасьлi, тады князь выслаў айца Магнушэўскага ў багатую парахвiю ў мястэчка Крошын. Але як дамiнiканiн ён праўдападобна належаў да дамiнiканскага манастыра ў Вэрках, каля Вiльнi, i нават лiчыўся там супэрыёрам, але практычна супэрыёрства выконваў ягоны намесьнiк. Жыхары Крошына былi пераважна мяшчанамi й часткова дробнаю шляхтаю й сялянамi. Iм шанцавала з ксяндзамi. Ужо папярэднiк Магнушэўскага кс. Малiшэўскi там адчынiў парахвiяльную школу, у якой вучылiся сялянскiя дзецi. Калi ў Крошын прыехаў а. Магнушэўскi, дык далей вёў парахвiяльную школу, у якой навучаў толькi рэлiгiю, а iншыя прадметы выкладалi: арганiсты Арлоўскi, вiкарны ксёндз Пiюс Гарбачэўскi й касьцёльны дзед Парафiяновiч.
Наагул а. Магнушэўскi ўважна апекаваўся школаю, асаблiва найбольш здольнымi вучнямi. У 1828 г. там быў 51 вучань; зь iх 35 хлопчыкаў i 16 дзяўчынак у веку ад 7 да 13 гадоў. Там вучылi чытаць, пiсаць, лiчыць i катэхiзму. А да таго кс. Гарбачэўскi стараўся вучыць сялянскiх дзяцей усяго таго, чаго вучылi ў iншых школах панскiх дзяцей. Ён чытаў iм казкi Эзопа, вершы польскага паэта Нарушэвiча, чытаў таксама некаторыя артыкулы з газэтаў, якiя выдавалiся ў Вiльнi i ў якiх гаварылася аб дрэнным палажэньнi сялян i аб патрэбе скасаваньня паншчыны. Ён стараўся навучыць сваiх вучняў думаць самастойна. Дык ня дзiва, што з тае школы выйшаў грамадзкi дзеяч Камiнскi, якi потым баранiў крошынскiх сялянаў перад панам i перад урадам.
Са складу настаўнiкаў крошынскае школы магчыма дагадвацца, што яна стаяла вельмi высока, i гэта вымоўна даказваюць падзеi, якiя потым адбылiся ў Крошыне. Вучнi тае школы, чуючы ад настаўнiкаў шмат агульнаасьветных вестак i чытаючы ды вывучаючы на памяць вершы старажытных i тагачасных паэтаў, нават самi спрабавалi пiсаць вершы. Да гэтага iх нават заахвочваў а. Магнушэўскi. Дзякуючы ягонай спагаднай апецы там, у Крошыне, зьявiўся першы беларускi сялянскi паэт Паўлюк Багрым. Ужо першыя вершы таго юнака сьведчаць аб ягоным высокiм паэтычным таленце й аб глыбiнi думак, якiя ён стараўся выказваць.
Крошынская парахвiяльная школа мела паважны ўплыў на ўсiх крошынскiх жыхароў. Праца айца Магнушэўскага падняла iхнюю сьведамасьць i нават заможнасьць.
Але той спакойны час разьвiцьця i ўздыму мiнуўся, калi ў 1822 г. дачка Мацея Радзiвiла – Антанiна выйшла замуж за простага шляхцiца Станiслава Юрагу, i Крошын перайшоў да яго як прыданае Антанiны.
Юрага хацеў за ўсякую цану разбагацець, дык прыехаў у Крошын з мэтаю перавесьцi ўсiх жыхароў на становiшча сваiх прыгонных мужыкоў. Ён зажадаў ад усiх крошынцаў дакумэнтаў аб шляхоцтве або аб мяшчанстве. Калi ж яны паказвалi такiя дакумэнты, дык абвясьцiў iх няважнымi. Пасьля гэтага заклiкаў каморнiка перамерваць зямлю й загадаў, каб рабiлi яму паншчыну. Маючы за сабою Радзiвiлаў (ягоны швагер быў наваградзкiм маршалакам шляхты) Юрага дамогся таго, што пасьля доўгае судовае валакiты 26 лютага 1826 г. Гродненскае Губэрнскае Праўленьне крошынцаў прызнала мужыкамi. Але сяляне не паслухалi начальства. Тады Юрага данёс губэрнатару, што крошынцы бунтуюцца, i прасiў прыслаць войска. Вясною 1828 г. войска сапраўды прыйшло з самым губэрнатарам. У гэтым грозным палажэньнi спачатку нават некаторыя сяляне спалохалiся й паддалiся Юрагу, але а. Магнушэўскi шчыра падтрымоўваў усiх i нават у аблiччу войска раiў трымацца згодна разам. Тады й тыя, што спачатку спалохалiся, адышлi ад Юрагi й трымалiся разам з усiмi.
Тады Юрага зьвярнуў увагу начальства на айца Магнушэўскага й на школу. У прысутнасьцi губэрнатара Юрага дакараў айца за тое, што гэта ён прычына бунту сялянаў, бо мае ўплыў на народ, i мог бы ўгаварыць iх слухаць паноў. Юрага нават пагражаў пажалiцца бускупу за такую дзейнасьць а. Магнушэўскага. Ды й губэрнатар лiчыў айца дзiваком, зусiм непадобным да iншых ксяндзоў.
У вынiку сьледзтва, якое было зьдзекам над самымi асноўнымi вымогамi праўды, расейскi царскi ўрад зачынiў у 1828 г. крошынскую школу, айца Магнушэўскага ўзялi пад ваенны надзор, Паўлюка Багрыма аддалi ў маскалi на 25 гадоў. Такое вырашэньне справы моцна прыгнобiла айца Магнушэўскага, i ён у тым жа 1828 г. памёр перад самымi Калядамi 24 сьнежня маючы семдзесят гадоў.
Максiм Гарэцкi ў сваёй гiсторыi беларускае лiтаратуры так гаворыць аб айцу Магнушэўскiм: «Гэты ксёндз быў шчыры прыхiльнiк працоўнага народу; ён хацеў падняць людзей з голаду й цемнаты i памагаў крошынцам процiў пана судзiцца за зямлю». На жаль, у сучасных падручнiках беларускае лiтаратуры, выдадзеных у Менску, нават i не ўспамiнаецца ягонае iмя.

Магiлёўскi мэтрапалiт Эдвард дэ Роп

Для рэлiгiйнага жыцьця кожнага народу зьяўляецца вельмi важнаю справаю ўжываньне роднае мовы ў сьвятынях i ў навуцы рэлiгii. Гэтую патрэбу роднае мовы паказаў нам сам Бог, калi даў апосталам ды iхным вучням дар моваў, каб яны маглi абвяшчаць па ўсiм сьвеце сьвятое Эвангельле ў зразумелай для ўсiх мове, i такiм чынам яны пашыралi Божае Валадарства на зямлi.
Дзеля розных гiстарычных прычынаў на Беларусi беларускiя сьвятары навучалi людзей малiтваў i праўдаў веры ў чужых мовах: польскай i расейскай. Але на пачатку стагодзьдзя ўжо некаторыя беларускiя каталiцкiя сьвятары пачалi гаварыць свае казаньнi па-беларуску, i праз гэта запачаткавалi новую эпоху ў беларускiм рэлiгiйным жыцьцi.
Адным з рэлiгiйных дастойнiкаў, якi шмат зрабiў у гэтай важнай справе, быў магiлёўскi архiбiскуп Эдвард дэ Роп. Ён паходзiў з вэстфальскiх графаў фон Кiрбург. Адзiн зь ягоных далёкiх продкаў у 13 стагодзьдзi прыехаў у Лiфляндыю й асялiўся ў мясцовасьцi Роп, дзе збудаваў сабе замак.
Эдвард дэ Роп нарадзiўся ў Лiксьне каля Дзьвiнска 2 сьнежня 1851 г. Пачатковую навуку атрымаў у родным доме, а вышэйшую асьвету – на аддзеле права ў Пецярбургскiм Унiвэрсытэце. Хутка пасьля сканчэньня навукi, чуючы ў сабе Божы заклiк да духовага стану, пакiнуў сэнацкую службу i ўступiў у духоўную сэмiнарыю ў Коўне. Скончыўшы яе й атрымаўшы ў 1886 г. сьвятарскiя сьвячэньнi, выехаў на вышэйшыя багаслоўскiя студыi за гранiцу й вучыўся на тэалягiчных факультэтах у Iнсбурку й Фрайбургу, пасьля чаго нейкi час працаваў парахам у Тыролю ў Аўстрыi, а затым у Любаве ў Латвii, а потым як канонiк у Коўне.
У 1902 годзе 2 чэрвеня быў пасьвечаны на саратаўскага бiскупа, але ў Саратаве аставаўся нядоўга, бо ў наступным 1903 г. быў назначаны на чало Вiленскае дыяцэзіi, дзе першы раз спаткаўся зь беларусамi.
У Вiльнi бiскуп дэ Роп паказаў сябе з найлепшага боку. Нават шмат гадоў пасьля людзi, якiя яго памяталi, адназгодна сьведчылi, што ён быў чалавекам ня толькi высокае асьветы, але таксама й высокае ўроджанае культуры. Ён умела лагодзiў польска-летувiскае нацыянальнае змаганьне, стараючыся быць справядлiвым для ўсiх. У часе рэвалюцыi 1905 году ён успакойваў народ сваёю павагаю й не дапускаў да габрайскiх пагромаў нават тады, калi iх арганiзоўваў жандармскi палкоўнiк. I ўжо тады ўсплыла наверх справа беларускае мовы ў рэлiгiйным жыцьцi. Нягледзячы на тагачасныя палiтычныя цяжкiя абставiны, ён умеў знайсьцi справядлiвы выхад у гэтым дачыненьнi. Але затое ён рашуча супрацiвiўся ўвядзеньню расейскае мовы ў каталiцкае рэлiгiйнае жыцьцё ў вiленскай дыяцэзii. Праз гэта ён стаўся нялюбым для царскага расейскага ўраду, i за гэта быў высланы на выгнаньне ў 1907 г. Тое выгнаньне трывала ажно 10 гадоў. Вярнуўся ён у Вiльню толькi пасьля Лютаўскае рэвалюцыi ў 1917 г. i адразу пачаў укладаць шырокi плян актывiзацыi рэлiгiйнага каталiцкага жыцьця ня толькi ў Вiленскай дыяцэзii, але значна шырэй.
У тым часе ўжо беларускi адраджэнскi рух ахапiў i рэлiгiйнае жыцьцё. Бiскуп дэ Роп паставiўся вельмi прыхiльна да гэтага руху. Вось што пiсала аб iм газэта «Гоман» (1917. №101) у артыкуле «Вiленская дыяцэзiя й выклад рэлiгii ў школах па-беларуску»:
Першая расейская рэвалюцыя знайшла на пасадзе вiленскага бiскупа ... Эдварда барона дэ Роп, каторы праз увесь час свайго ўпраўленьня дыяцэзiяй цьвёрда стаяў на краёвым становiшчы, не зьвяртаючы ўвагi на незадавольства тых цi iншых кругоў... Бiскуп Роп няраз выказваў сваю прыхiльнасьць да беларусаў i не вагаўся называць фанатыкамi тых, што не хацелi прызнаць прыродных правоў беларускай мове... У 1905 годзе бiскуп дэ Роп выдаў цыркуляр, у якiм гаворыцца: «Для дзяцей, якiя ўжываюць беларускай мовы ў пачатковых школах, дапускаецца ў меры патрэбы тлумачэньне прадмету па-беларуску». Каб ацанiць, як трэба, вагу гэтага кроку, мы павiнны прыпомнiць, што тады ў нас толькi пачалi выяўляцца першыя проблескi адраджэньня беларускага народу.
Калi бiскуп дэ Роп пачаў рабiць пастырскiя вiзытацыi парахвiяў, дык беларускiя сьвятары, ведаючы ягоныя пагляды, рыхтавалiся да беларускiх казаньняў.
У лiпенi 1917 г. ён прыехаў у Дзiсну. I вось 20 лiпеня мясцовы дзекан пайшоў да бiскупа Ропа запытацца, цi можна сказаць казаньне ў роднай мове народу? I на гэта пачуў адказ: «Ня толькi можна, але й трэба».
Радасьцi беларускiх сьвятароў не было канца. Да гэтага часу, хоць i рабiлiся спробы гаварыць казаньнi па-беларуску, але тыя спробы сустракалiся зь вялiкiмi перашкодамi з боку варожага да беларусаў духавенства, бо яны такiя спробы ўважалi за здраду Каталiцкай Царкве. I вось нарэшце бiскуп дэ Роп дазволiў беларускiя казаньнi. Першае такое казаньне сказаў у той жа Дзiсьне ў прысутнасьцi самога бiскупа кс. Адам Станкевiч. Бачачы радасьць людзей, што слухалi навуку ў роднай мове, бiскуп дэ Роп загадаў гаварыць беларускiя казаньнi ўсюды, дзе людзi гэтага хочуць. Такiм чынам i на Беларусi быў прызнаны прынцып Каталiцкай Царквы, каб размаўляць да кожнага народу ў ягонай роднай мове. Пасьля гэтага дэ Роп нават сам, нягледзячы на свой паважны век, пачаў вучыцца беларускае мовы. I да ўсiх тых, што да яго гаварылi па-беларуску, ахвотна прамаўляў хоць некалькi слоў па-беларуску.
Але ў Вiленскай дыяцэзіi бiскуп дэ Роп заставаўся нядоўга. Напрыканцы 1917 г. папа Бэнэдыкт ХV назначыў яго архiбiскупам у Магiлеўскую мэтраполiю. Iнтранiзацыя адбылася ў Петраградзе, i там папская буля аб ягоным назначэньнi архiбiскупам была прачытаная ў некалькiх мовах, у тым лiку й па-беларуску. Чытаў яе кс. Хвецька. На становiшчы архiбiскупа дэ Роп прадаўжаў сваю працу ў тым самым духу, што i ў Вiленскай дыяцэзii. Але гэта ўжо быў час, калi бальшавiкi распачалi антырэлiгiйны наступ, i таму ён цярпеў шмат нападаў зь iхняга боку. 29 красавiка 1919 г. бальшавiцкая ўлада яго арыштавала. За сьвятара заступiлiся вернiкi, а так жа апостальскi нунцый Ахiлес Раттi. Пабачыўшы такую рашучую абарону й забаяўшыся выступленьняў, 5 лiпеня перавезьлi яго зь Петраграду ў Маскву, дзе некалькi месяцаў трымалi ў Лубянскай турме, потым у Бутырках, а затым перавезьлi ў Грузiю. Але паколькi пратэсты не спынялiся, дэ Роп 17 верасьня 1919 г. быў высланы за гранiцу. Ён асеў у Варшаве, дзе 9 лiпеня 1927 г. адзначыў 25 ўгодкi свайго бiскупства. У 1931 г., ужо ня маючы надзеi на паварот у сваю мэтраполiю ў Магiлёў, выдаў разьвiтальны лiст да свайго духавенства. У тым лiсьце ён яшчэ раз зьвяртаў увагу сьвятароў на патрэбу шанаваньня ўсiх народаў i прызнаньня iхных прыродных правоў.
Памёр архiбiскуп дэ Роп у Познанi 25 лiпеня 1939 г.
Iмя гэтага вялiкага пастыра беларускi народ будзе заўсёды ўспамiнаць з вялiкаю пашанаю. Ён хоць i ня быў беларускага паходжаньня, але сапраўды па-апостальску любiў беларускi народ i стараўся быць для яго духоўным правадыром. З багаславеньня архiбiскупа дэ Роп пачалася вялiкая справа ў беларускiм рэлiгiйным жыцьцi.

Бiскуп Сьцяпан Данiсевіч

Гаворачы аб беларускiх рэлiгiйных дзеячох, якiя былi ведамыя сваёю працаю на беларускай рэлiгiйнай адраджэнскай нiве, звычайна называюцца iмёны толькi беларускiх каталiцкiх сьвятароў. Але трэба таксама памятаць, што мiж беларускiх рэлiгiйных дзеячаў ёсьць i бiскупы. Такiм быў бiскуп Сьцяпан Данiсевiч. Ён нарадзiўся ў набожнай каталiцкай сялянскай сям'i ў 1836 г. ў Чарэйскай парахвii Магiлёўскае губэрнi. Духоўную асьвету атрымаў у каталiцкай Духоўнай Сэмiнарыi ў Менску й далей у 1859 г. яшчэ студыяваў у Каталiцкай Духоўнай Акадэмii ў Пецярбурзе. Закончыўшы яе ў 1863 г. i атрымаўшы сьвятарскiя сьвячэньнi, працаваў у розных парахвiях у Воршы, Смаленску, Магiлёве. Там ён атрымаў годнасьць пралата. I калi ў 1903 г. памёр магiлёўскi архiбiскуп Клапаткоўскi, ён быў абраны генэральным вiкарыем да часу назначэньня бiскупа Слупаў-Шэмбэка ў 1904 г. Але гэты бiскуп памёр у наступным годзе, i тады зноў пралат Данiсевiч стаўся генэральным вiкарыем i гэтым разам ён кiраваў магiлёўскаю архiдыяцэзіяю аж да 1908 г., калi бiскупам быў назначаны Ўнукоўскi.
Бiскуп Данiсевiч часта карыстаўся ў сваёй душпастарскай працы беларускаю моваю й дзе толькi мог уводзiў беларускiя казаньнi й навуку рэлiгii ў беларускай мове. Сам выдаў дзьве беларускiя катэхiзiмоўкi ў 1906 i 1907 гг. Ён заахвочваў iншых ксяндзоў карыстацца беларускаю моваю ў душпастырскай дзейнасьцi.
Памёр бiскуп Данiсевiч у 1913 г. Сьляды ягонае працы былi доўга адчувальнымi ў некаторых парахвiях.

Ксёндз Аляксандар Астрамовiч

Жыцьцёвы шлях ксяндза Астрамовiча быў цяжкiм i цярнiстым, але ён прайшоў яго цьвёрдым i ўпэўненым крокам, не адступаючы перад нiякiмi перашкодамi. На жаль, пра ягонае жыцьцё захавалiся няпэўныя весткi.
Аляксандар Астрамовiч нарадзiўся 26 лiстапада 1878 г. у вёсцы Навасяды Гальшанскае гмiны Ашмянскага павету ў сялянскай набожнай каталiцкая сям'i. Скончыўшы гарадзкое вучылiшча ў Ашмяне, ён рабiў паважныя стараньнi вучыцца далей. Чуючы ў сабе моцнае паклiканьне да духоўнага стану, стараўся дапоўнiць сваю асьвету, каб паступiць у духоўную сэмiнарыю ў Вiльнi й дзеля гэтага зьвярнуўся да аднаго ксяндза ў Вiльнi. Але той, пабачыўшы перад сабою пераконанага беларуса, толькi бессаромна выкарыстаў яго. Потым родны брат Аляксандра пiсаў да кс. Адама Станкевiча, што апека таго ксяндза над ягоным братам была «скацiнаю апекаю». Каб спраўдзiць тыя словы, кс. Станкевiч зьвярнуўся да гэтага ксяндза беспасрэдна, i той адказаў яму: «Тak, Astramowicz byl u mnie, to duren jakis».
Праз тую апеку несумленнага ксяндза Астрамовiч страцiў шмат часу й мусiў яшчэ адслужыць вайсковую службу, але не пакiнуў думкi стацца сьвятаром. Пасьля вайсковае службы ён хоць i зь вялiкiмi клопатамi, але здолеў дапоўнiць сваю асьвету i ў 1905 г. здаў iспыты ды, маючы 27 гадоў, паступiў у Петраградзкую Духоўную Сэмiнарыю, бо там не было такое варожасьцi да беларусаў, як у Вiленскай Сэмiнарыi: дух тут быў больш каталiцкi. Там вучылiся летувiсы, латышы, немцы, палякi, спольшчаныя беларусы й сьвядомыя беларусы, таму было вальней вучыцца й працаваць без баязьнi насiльству шавiнiзму.
Праўда, i там некаторыя духоўныя дакаралi Астрамовiча й нават пацiху спрабавалi перасьледваць яго, але гэткi нацiск ён мог лёгка пераносiць, маючы моцны характар i вайсковую вытрымку.
Ужо ў сэмiнарыi Астрамовiч выявiў свае арганiзацыйныя здольнасьцi, аратарскi талент i прыязны падыход да сяброў. Дзякуючы ягоным стараньням каля яго трымалiся сэмiнарысты-беларусы, была афiцыйна заснаваная беларуская сэкцыя ў казнадзейскiм гуртку. Ужо ў сэмiнарыi Астрамовiч пачаў пiсаць вершы, але зь iмi доўгi час хаваўся ад усiх. Аднойчы, убачыўшы на старонках газэты «Наша Нiва» вершы пачынаючых паэтаў, даслаў у рэдакцыю й свае творы, падпiсаўшы iх псэўдонiмам Андрэй Зязюля. Праз колькi дзён вершы былi надрукаваныя.
Уся гэтая дзейнасьць энэргiчнага беларуса вельмi не падабалася польскiм дзеячам у Сэмiнарыi й архiбiскупскай канцылярыi, яны рабiлi розныя iнтрыгi, каб не дапусьцiць яго да сьвятарства, але нiчога зрабiць не змаглi, толькi апазьнiлi на адзiн год.
Атрымаў Астрамовiч духоўныя сьвячэньнi ў 1910 г. Iнтрыганты ўсё ж дамаглiся, каб Астрамовiча выслалi як надалей ад Беларусi – ажно на Камчатку. На шчасьце, i там ён не зьняверыўся. Дзякуючы энэргiчным стараньням ужо ў лютым 1911 г. быў на бацькаўшчыне, дзе атрымаў працу ў парахвii Абольцы. Калiсьцi Абольцы былi паважным местам: там у 1387 г. Ягайла сваiм коштам збудаваў першы каталiцкi касьцёл на Беларусi. Але потым Абольцы заняпалi, касьцёл састарэўся. На ягоным месцы ў 1709 г. выбудавалi невялiчкi драўляны касьцёл, якi нiчым асаблiвым не вызначаўся, але там кс. Астрамовiч разгарнуў шчырую душпастарскую дзейнасьць: гаварыў беларускiя казаньнi, а касьцёльны хор сьпяваў беларускiя рэлiгiйныя песьнi. За гэта духоўныя ўлады пераносiлi Астрамовiча ў iншыя парахвii. Калi выбухнула Кастрычнiцкая рэвалюцыя, ён меў шмат прыкрасьцяў ад камунiстычнае ўлады. Касьцёльная ўлада перанесла яго ў Сянно, дзе ён 17 студзеня 1921 г. раптоўна памёр, маючы ўсяго 43 гады. Абставiны й прычыны ягонае прадчаснае сьмерцi да гэтага часу няведамыя й зьяўляюцца загадкавымi, бо меў Астрамовiч добрае здароўе. Так у кароткiх рысах выглядае жыцьцёвы шлях ксяндза Аляксандра Астрамовiча. Алё ён быў ня толькi сьвятаром, але й беларускiм паэтам. Ягоныя вершы азначаюцца шчыраю рэлiгiйнасьцю й такою ж шчыраю любоўю да беларускага народу.
Асобнымi кнiжкамi выйшла толькi частка ягоных твораў: вiленскi зборнiк вершаў «З роднага загону» у 1914 г., зборнiк «Слова праўды» – у 1917-м ды апавяданьне вершам «Аленчына вясельле», якое было надрукавана пасьля сьмерцi аўтара ў 1922 г. Шмат ягоных вершаў друкавалася на старонках газэтаў «Беларус», «Сьветач», «Вольная Беларусь», «Крынiца». Але яшчэ больш твораў засталося ў рукапiсах – яны перахоўваюцца ў некаторых рэлiгiйных дзеячоў.
У паэзіi Зязюлi асабiстых перажываньняў ёсьць мала, але паважнае месца займае бязьмежная любоў да роднага краю, выказваньне непахiснае веры ў лепшую будучыню. Беларусь ён называе ласкальнымi словамi:
Старонка родная, ты многiмi забыта,
Шмат сьпiць сыноў тваiх адвечным сном!
Зямелька родная, сьлязьмi й потам зьлiтая –
Мы да жыцьця з табой уваскрасём.
Хоць знойдзецца ў табе выродны валакiта,
Катораму твая не да спадобы сьвiта,
I не адзiн прадасьць цябе Iскарыёт,
Але табе яшчэ ўсё мацi семянiта,
Сяляне верныя, што сеюць жыта,
А зь iх паўстане твой народ.
Падобную непахiсную веру аб лепшай будучынi ён выказвае ў шмат iншых вершах:
Веру моцна, што зь вясной
Сонца праўды ўстане
I прабудзiцца край мой
Зь векавога спаньня.
Веру моцна – слова ў чын
Зьменiцца паволi
I убачыць селянiн
Луч шчасьнейшай долi.
Гэткую моцную веру яму дыктавала моцная любоў да роднага краю, якому ён прысягае на абсалютную вернасьць:
Над гонар i славу, над чары каханьня
Народную справу i перакананьне,
Што розум дыктуе, заўсёды я волю –
Ня здраджу нiколi.
Хай срэбра, дукаты мне сыплюць пад ногi
I скажуць: багаты будзь, кiнь род убогi,
Я плюну з пагардай, народу ж i волi –
Ня здраджу нiколi.
Да самага скону, усякiм прымусам
I сiле прыгону скажу: Беларусам
Ня здраджу нiколi!
Сваю непахiсную веру кс. Астрамовiч мацаваў шчыраю малiтваю. Адзін з такiх ягоных пабожных вершаў стаўся беларускiм гiмнам аж да часу Другое Сусьветнае вайны:
Божа, што калiсь народы
На асобкi падзялiў
I хацеў, каб народ кожны
Мовай роднай гаварыў,
Узглянь жа на народ бяздольны
Беларускi, што к Табе
Голас цiхi, паднявольны
У пакорнай шле мальбе.
Асьвяцi наш розум верай,
I надзею ў сэрца ўлi,
Ды агонь любовi шчырай
Ў сэрцах нашых запалi!
Памажы ж нам, Божа мiлы,
Прабудзiцца да жыцьця,
Удзялi парады, сiлы,
Каб ня зьбiлiся з пуцьця.
Ксёндз Астрамовiч датрымаў свае прысягi й Богу, i беларускаму народу, ахвярна выконваючы душпастарскiя абавязкi. Той палкi жар любовi да роднага краю й непахiсная шчырая вера, якую ён пакiнуў у сваёй лiтаратурнай спадчыне, зьяўляюцца каштоўным скарбам для грамадзкага й рэлiгiйнага жыцьця Беларусi.

Ксёндз Кастусь Стэповiч

Мiж беларускiмi рэлiгiйнымi дзеячамi кс. Стэповiч займае апрычонае месца, бо ягоная рэлiгiйная дзейнасьць была непадзельна спалучана з грамадзкаю й лiтаратурнаю дзейнасьцю, у якой паважнае месца займалi фiлязафiчныя разважаньнi.
Нарадзiўся Кастусь Стэповiч у вёсцы Баранi Сьвянцянскага павету 19 лютага 1890 г. у сялянскай сям'i. Ягоныя бацькi мелi толькi паўвалокi пяшчанае зямлi, таму пэўны час яны арандавалi кавалак зямлi ў недалёкiм глухiм засьценку. Там Кастусь да дзесяцi гадоў праходзiў праз усе беды й журбы жыцьця вясковага юнака. Найбольш далося яму ў знакi быць падпасьвiчам у пастуха Марцiна. Пазьней Кастусь называй яго сваiм першым «настаўнiкам» i «тыранам». Марцiн ведаў шмат казак, прыпевак, розных апавяданьняў, мiж якiмi побач нявiнных i сьмешных прыпевак было нямала найбольш брудных i агiдных. Тыя апавяданьнi пужалi чулую дзiцячую ўяву Кастуся. Выпас кароў на арандаванай зямлi аплацiўся добра. Бацькi Кастуся зарабiлi на сырах i масьле й пастанавiлi гэты даход выкарыстаць на асьвету сына. Яны паслалi яго ў гарадзкую школу ў Сьвянцяны. Кастусь закончыў яе ў 1905 г., калi расейская рэвалюцыя прынесла нямала розных пераацэнак грамадзкiх вартасьцяў.
Па сканчэньнi гарадзкое школы перад Кастусём паўстала пытаньне: куды ісьцi далей? Ягоныя бацькi вельмi хацелi бачыць сына ў духоўным стане, ды й сам ён мроiў пра гэта. Але на тое, каб паступiць у духоўную сэмiнарыю, трэба было яшчэ дапаўняць асьвету да ўзроўня чацьвёртае клясы гiмназii. Гэтае дапаўненьне ён зрабiў прыватна, здаў iспыты ў 1907 г. у Пецярбургу ды адразу запiсаўся ў Вiленскую Каталiцкую Духоўную Сэмiнарыю, куды яго прынялi як асьпiранта: гэта значыла, што ў сэмiнарыю Кастусь хадзiў адно на выклады, але жыў на прыватнай кватэры, а вечарамi мусiў працаваць, каб зарабiць на пражыцьцё.
Працуючы вечарамi, ён меў нагоду пазнаёмiцца зь беларускаю адраджэнскаю працаю пры рэдакцыi «Нашае Нiвы». Праз тры гады цяжкое працы Кастусь моцна падарваў сваё здароўе й захварэў на сухоты, а таму мусiў пакiнуць навуку ды ехаць у горы, у Закапанае, каб ратаваць здароўе. Перад выездам зь Вiльнi ён аддаў у рэдакцыю газэты свой першы верш «Прад Богам».
У Закапаным ён прабыў больш за год i вярнуўся толькi напрыканцы 1913 г. Пасьля гэтага закончыў курс сэмiнарыi й атрымаў сьвятарскiя сьвячаньнi вясною 1915 г. у Петраградзе з рук бiскупа Цэпляка.
Адразу пасьля высьвячэньня ксяндза Кастуся Стэповiча выслалi на вiкарыя ў парахвiю Камаi Сьвянцянскага павету. Але там ён прабыў толькi адзiн месяц, бо пачалася нямецкая акупацыя. Кс. Стэповiч вярнуўся да бацькоў, памагаў працаваць у роднай парахвii Клюшчаны, дзе моцна здружыўся з моладзьдзю.
У Клюшчанах ён працаваў адзiн год, а ў наступным 1916 г. Стэповiча назначылi вiкарыем у Карыцiн. Там былi вельмi цяжкiя ўмовы жыцьця й працы, то ня дзiва, што ў яго адазвалася старая хвароба, здароўе хутка руйнавалася й вясною 1918 г. у яго ўжо паказалася кроў зь лёгкiх. Праляжаўшы тры гады ў ложку, Стэповiч зноў выехаў у Закапанае, дзе прабыў да 1920 г. Вярнуўся дамоў вясною, незадоўга перад прыходам бальшавiкоў, некаторы час працаваў у роднай парахвii ў Клюшчаны, але ў тым жа годзе на некаторы час быў назначаны ў Буйвiды над Вiльляю заступiць параха, якi ўцёк ад бальшавiкоў. Увосень таго ж 1920 г. быў назначаны парахам у Засьвiр, дзе працаваў да восенi 1925 г., калi ў трэцi раз быў змушаны ехаць у Закапанае. Паратунку, аднак, не было, i кс. Стэповiч, ясна гэта бачачы, не захацеў памiраць на чужыне. Ён прыехаў у Вiльню, дзе 6 траўня 1926 г. памёр i быў пахаваны на могiлках Роса.
Для беларускага рэлiгiйнага жыцьця кс. Стэповiч зрабiў вельмi вялiкую прыслугу, улажыўшы й выдаўшы незадоўга перад сьмерцю малiтоўнiк «Голас душы». Яшчэ ў 1914 г. зарганiзаваў у Клюшчанах касьцёльны хор, якi акрамя рэлiгiйных песень выконваў таксама й беларускiя народныя песьнi. У часе нямецкае акупацыi паўстала пытаньне тварэньня беларускага школьнiцтва, але для гэтага былi патрэбныя беларускiя настаўнiкi. I вось кс. Стэповiч напрыканцы 1915 г. адчынiў у Сьвянцянах такiя курсы, а ў наступным годзе, дзякуючы ягоным стараньням, у ваколiцы Сьвянцянаў ужо працавала сем беларускiх народных школаў.
Для вядзеньня грамадзкае працы згодна з рэлiгiйнаю навукаю ён заснаваў маладняцкую арганiзацыю «Хаўрус Сваякоў», якая пачала хутка разьвiвацца, ладзiла шматлiкiя канцэрты, рабiла iмпрэзы. У гэтым кiрунку ён працаваў i ў часе польскае акупацыi, нягледзячы на нiякiя перашкоды, хоць польская палiцыя накладала на яго хатнi арышт, рабiла рэвiзii, забiрала рукапiсы.
Кс. Стэповiч пакiнуў па сабе трывалы сьлед i ў беларускай лiтаратуры. Свае творы ён падпiсваў псэўданiмам Казiмiр Сваяк. З надрукаваных твораў ведамыя зборнiк вершаў «Мая лiра» (1924), фiлёзафа-этычнае апавяданьне вершам у рэлiгiйным духу «Чарку дай, браце», драма «Янка Канцавы», мiстэрыя «Купальле», нарыс «Алкаголь». Пасьля ягонае сьмерцi кс. Адам Станкевiч у 1932 г. выдаў «Дзеi мае мысьлi, сэрца i волi», дзе сабраны паэтычныя творы, проза, афарызмы, разважаньнi. Але да таго яшчэ засталiся нявыданымi творы кс. Стэповiча «Аб рэлiгiйнай Вунii на Беларусi», фiлязафiчныя разважаньнi, вершы.
Форма й зьмест паэзіi Казiмiра Сваяка даволi рознаякiя, толькi некаторыя вершы недаапрацаваныя, што тлумачыцца ягонаю цяжкою хваробаю. Тэматыка вершаў мае перадусiм рэлiгiйны й нацыянальны характар. Некаторыя вершы маюць форму размовы з Богам:
Радасьць мне сэрца агнём запаляе,
Што не пазбыўся Тваей я апекi –
Твой Дух адвечны мяне атуляе,
Цябе я прагу, Божа мой, навекi!
У вершах нацыянальнага характару ён апiсваў прыгнобленьне народу праз чужацкую няволю, праклiнае захопнiкаў ды клiча народ да вытрываласьцi, а так-жа выказвае непахiсную веру ў тое, што настане час, калi з радасьцю заклiчам: Iдзе вось ясная пара,
Правiду сьвецiць нам зара,
Айчына, мацi Беларусь,
Гарой жыва!
Пэўна ж за сваё кароткае й хваравiтае жыцьцё кс. Стэповiч напiсаў ня шмат, але ягоная творчасьць мае на сабе азнаку ягонага характару: ён нi перад кiм ня гнуўся, быў незалежнiк ува ўсiм сваiм думаньнi й творчасьцi. Ягоным iдэалам была незалежная Беларусь.
Аб значэньнi кс. Стэповiча як грамадзкага дзеяча й як паэта на 10-я ўгодкi ягонай сьмерцi так напiсаў Мiхась Машара:
Я прыйшоў табе пакланiцца,
Рана змоўклы, наш слаўны паэт.
Ад ваколiцаў роднай зямлiцы
Прынашу табе цiхi прывет.
Хоць ты змоўк i хоць лiра разьбiта,
I хоць новыя страты баляць –
Над краiнай туманам спавiтай
Тваiх песьняў акорды зьвiняць.

Ксёндз Францiшак Будзька

Беларускi адраджэнскi рух на рэлiгiйнай нiве распачаўся ўжо ў палавiне мiнулага стагодзьдзя, але жорсткая рэакцыя царскага рэжыму пасьля паўстаньня 1863 г. той рух паважна спаралiжавала. Аднак нiякi тэрор ня мог поўнасьцю спынiць разьвiцьцё народнага жыцьця. Яно хоць паволi, але няспынна ішло ўперад i разьвiвалася ўва ўсiх сваiх галiнах. I так ужо напрыканцы мiнулага стагодзьдзя пачаў ажываць беларускi адраджэнскi рух на рэлiгiйнай нiве. Паважны ўклад у гэты рух зрабiў ксёндз Францiшак Будзька.
Ён нарадзiўся ў вёсцы Вознаўшчына Пархвенаўскае парахвii Вялейскага павету ў 1884 г. у пабожнай сялянскай сям'i. Асьвету атрымаў у пачатковай школе ў Будславе, а потым у паветавай гарадзкой школе ў Вiлейцы. Чуючы нахiл да сьвятарства, уступiў у каталiцкую Духоўную Сэмiнарыю ў Вiльнi. Скончыўшы яе ў 1905 г. i атрымаўшы дыяканскiя сьвячэньнi, уступiў у Каталiцкую Духоўную Акадэмiю ў Пецярбургу, дзе вучыўся на свой кошт. Там ён зышоўся з беларускiмi дзеячамi й быў нават у блiзкiх адносiнах з прафэсарам Бранiславам Эпiмахам-Шыпiлаю, якi выкладаў грэцкую мову ў Акадэмii й быў бiблiятэкарам акадэмiчнае бiблiятэкi. У тым часе беларускiя студэнты ў Акадэмii яшчэ не былi зарганiзаваныя, але ўжо старалiся трымацца разам i часта сходзiлiся на кватэры дыякана Будзькi. Тыя сходкi потым далi пачатак Беларускаму Гуртку ў Акадэмii. За год навукi вычарпалiся ўсе ягоныя ашчаднасьцi, дык, ня маючы магчымасьцi прадаўжаць навуку ў Акадэмii, ён вярнуўся ў Духоўную Сэмiнарыю ў Вiльню, каб атрымаць сьвятарскiя сьвячаньнi. Але ў тым часе сэмiнарыйнае кiраўнiцтва да яго паставiлася непрыхiльна за беларускую дзейнасьць ды загадала чакаць. Бо ён падчас навукi ў сэмiнарыi ўжо пiсаў беларускiя артыкулы й тлумачыў на беларускую мову папулярныя рэлiгiйныя кнiгi. Пабачыўшы, што тое чаканьне працягваецца без анiякае прычыны, ён зьвярнуўся да пралата Данiсевiча, якi прызнаваўся ў беларускасьцi й якi ў 1905–1908 гг. быў генэральным вiкарыем у Магiлёўскай архiдыяцэзіi, i з ягонаю дапамогаю атрымаў сьвятарскiя сьвячаньнi ў 1907 г. ды быў накiраваны ў Полацак на вiкарыя. Тут трэба заўважыць, што за сваю беларускую дзейнасьць ён увесь час аставаўся вiкарыем, але гэтым не пераймаўся й шчыра выконваў свае душпастырскiя абавязкi. Казаньнi ён гаварыў па-беларуску й гаварыў красамоўна, да таго ж стараўся гаварыць i ў суседнiх парахвiях у тых касьцёлах, што ня мелi сваiх сталых ксяндзоў. З Полацку ён часта езьдзiў у Вулы, і туды заўсёды схадзiлася багата вернiкаў, каб паслухаць казаньне ў роднай мове й пасьпяваць беларускiя рэлiгiйныя песьнi. Езьдзiў таксама на фэсты ў тыя парахвii, дзе мог гаварыць па-беларуску казаньнi. Яго часта запрашаў да сябе ў Фашчоўку кс. Сак на ўрачыстыя працэсіi.
Калi ж у Магiлёўскай архiдыяцэзыяльнай курыi ня стала пралата Данiсевiча, дык кс. Будзьку перанесьлi з Полацку ў Пецярбург на вiкарыя ў касьцёле сьв. Станiслава. Тут ён ня меў магчымасьцi гаварыць беларускiя казаньнi, але затое матэрыяльна дапамагаў беларускiм выдавецтвам, асаблiва першай беларускай каталiцкай газэце «Беларус», якая выходзiла ў Вiльнi, пачынаючы ад 1913 г. да 1915, пад рэдакцыяй Бранiслава Пачопкi. У выдавецтве гэтае рэдакцыi выйшлi ў Вiльнi Будзькавы кнiжкi «Мятавыя лiсточкi» (1913), «Некалькi слоў аб пакуце» (1914), пераклад кнiгi кс. Банчкоўскага «Выясьненьне абрадаў Рыма-Каталiцкага касьцёла» (1914). Аднак сталiчнае жыцьцё ў Петраградзе не задавальняла кс. Будзьку – яго цягнула да народнае гушчы. Дзеля гэтага ў 1917 г. пасьля Лютаўскае рэвалюцыi ён купiў у пазыку невялiкi маёнтак, у якiм была драўляная каплiца. Там ён завёў сталыя багаслужэньнi зь беларускiмi казаньнямi й беларускiмi рэлiгiйнымi песьнямi. У тым жа годзе ён убраў дзел напрыканцы траўня на зьезьдзе беларускага каталiцкага духавенства ў Менску.
Зiмою 1920 г. кс. Будзька ў часе падарожжа захварэў на запаленьне лёгкiх. Здарылася гэта ў Янотрудзе каля станцыi Глушанiна, што знаходзiцца памiж Вiцебскам i Полацкам. Ня маючы лекарскай апекi, ён там аддаў Богу сваю душу ў сам дзень Грамнiцаў 2 лютага 1920 г., маючы ўсяго 36 гадоў. Вестка аб ягонай сьмерцi дайшла да родных у Заходняй Беларусi толькi праз пару месяцаў.

Ксёндз Францiшак Грынкевiч

Гэта адзiн зь беларускiх дзеячоў, якi вёў плённую беларускую рэлiгiйную й нацыянальную працу мiж моладзi ў Гародзеншчыне й перадусiм у самой Гораднi.
Францiшак Грынкевiч нарадзiўся ў 1884 г. у пабожнай каталiцкай сялянскай сям'i ў Новым Двары Сакольскага павету ў Беласточчыне. Пачатковую асьвету ён атрымаў у сваёй вёсцы й далей вучыўся ў гiмназii ў Гораднi. Там ўся навука, за выняткам каталiцкае рэлiгii, адбывалася па-расейску. Закончыўшы гiмназiю ў 1901 г., ён уступiў у каталiцкую Духоўную Сэмiнарыю ў Вiльнi, а пасьля яе сканчэньня ў 1905 г. вучыўся далей у Каталiцкай Духоўнай Акадэмii ў Пецярбурзе. Там ён разам з навуковымi студыямi распачаў сваю дзейнасьць на беларускай адраджэнскай рэлiгiйнай нiве. Да гэтага спрыяла сябраваньне зь сьведамымi беларускiмi ксяндзамi Адамам Лiсоўскiм i Гэнрыкам Бэто, якiя ў тым часе студыявалi ў той жа Акадэмii. Ужо ў першы год сваiх студыяў у Пецярбургу Грынкевiч чытаў 18 сьнежня 1905 г. рэфэрат аб беларусах. Гэта была настолькi памятная падзея для студэнтаў Акадэмii, што аб ёй шмат гадоў потым згадваў летувiскi бiскуп Рэйнiс.
Закончыўшы студыi ў Акадэмii, ён яшчэ студыяваў за мяжой: у 1907–1908 акадэмiчным годзе ў Iнсбруку, а ў наступным 1908–1909 г. у Мюнхэне. Сьвятарскiя сьвячаньнi атрымаў у 1907 г.
За мяжою кс. Грынкевiч таксама не пакiдаў беларускае нацыянальнае працы. У Iнсбруку ён быў не адзiны беларус. На той час там быў кс. Адам Лiсоўскi, студэнтка з Гораднi Салянка, зь якiмi стварыў беларускi гурток для пашырэньня беларускае думкi на чужыне. Меў сталае лiставаньне зь Iванам Луцкевiчам, якi ў сваю чаргу меў блiзкiя зьвязкi з львоўскiм мiтрапалiтам Шэптыцкiм.
Вярнуўшыся на бацькаўшчыну ў 1909 г., кс. Грынкевiч быў назначаны настаўнiкам рэлiгii ў гiмназiю ў Гораднi. У тым часе ў Гораднi былi яшчэ сьведамыя беларускiя ксяндзы Родзька й Бароўка, якiя рабiлi захады, каб беларусы атрымоўвалi асьвету ў роднай мове. I ў гэтых стараньнях iх падтрымоўваў горадзенскi дзекан кс. Эльлерт. Як настаўнiк гiмназii, кс. Грынкевiч меў магчымасьць зблiзiцца з школьнаю моладзьдзю, якая была пераважна беларуская. Гэта стварала спрыяючыя абставiны для разгортваньня беларускай нацыянальнай i рэлiгiйнай працы.
Паступова адраджэнскi рух сярод моладзi набываў арганiзацыйныя формы. У 1909 г. група вучняў сярэднiх школаў у Гораднi зарганiзавала беларускi гурток, якi назвалi «Хатка» й якi меў на мэце самаасьвету й нацыянальнае самаўсьведамленьне. Гэтая арганiзацыя ўтварылася без анiякага афiцыйнага дазволу. Сябрамi яе былi выключна дзецi беларускiх сялян-католiкаў. Яны пачувалiся чужымi ў падобных польскiх арганiзацыях, дзе гуртавалiся дзецi паноў i падпанкаў, а яшчэ больш чужымi чулiся ў праваслаўных гуртках, дзе зьбiралiся дзецi расейскiх чыноўнiкаў i зрусыфiкаванага праваслаўнага духавенства.
У такiх абставiнах кс. Грынкевiч быў адзiным чалавекам, якi адважыўся гаварыць да школьнае моладзi па-беларуску й пра Беларусь. Практычна гурток стварыўся вакол ягонае асобы.
У 1913 г. гурток выдаў часапiс «Колас нашае нiвы», адбiты на шапiрографе. Усе артыкулы – а iх было 16 – напiсаны вучнямi. Мова артыкулаў чыстая, прыгожая, з выразнымi азнакамi горадзенскага дыялекту. Некаторыя дасьледчыкi таго зборнiка слушна заўважаюць, што распачаты кс. Грынкевiчам рух нават перарос яго самога, бо ў далейшым моладзь зь беларускага гуртка, якая мела магчымасьць працягваць свае студыi ў Пецярбурскiм Унiвэрсытэце, паважна спрычынiлася да стварэньня Беларускага Навукова-Лiтаратурнага Кружка ў Пецярбурзе ў 1912 г. Адным з закладчыкаў Кружка быў Адам Бычкоўскi, колiшнi заступнiк старшынi горадзенскай «Хаткi».
Зборкi адбывалiся штотыдня ў памешканьнi кс. Грынкевiча або кс. Родзькi, а часам i ў доме Салянкаў. Праца ў «Хатцы» праводзiлася праз самаўзгадаваўчыя зборкi, культурна-асьветныя лекцыi, дыскусіi, сьпевы. У часе зборкі чыталiся творы беларускiх пiсьменьнiкаў, рабiлiся даклады аб гiсторыi й геаграфii Беларусi. Часам нават ладзiлiся беларускiя спэктаклi ў Гораднi й блiжэйшых вёсках. Ладзiлiся яны без анiякiх дазволаў пад прыкрыцьцём звычайных сялянскiх вечарынак.
«Хатка» мела сваю невялiчкую бiблiятэку й архiў. У бiблiятэцы знаходзiлiся ўсе тагачасныя беларускiя кнiжкi й газэты.
Найбольш дзейная праца «Хаткi» адбывалася ў 1910–1913 г. Дзейнасьць «Хаткi» спынiлi ў 1914 г. падзеi Першай Сусьветнай вайны. Кс. Грынкевiч адышоў ад актыўнага беларускага жыцьця, але не пераставаў дапамагаць газэце «Беларус», нямала намаганьняў прыклаў i да выданьня беларускага каталiцкага малiтоўнiка «Бог з намi».
Памёр кс. Грынкевiч 26 лiпеня 1933 г.
Кс. Грынкевiч быў цэнтральнаю асобаю, каля якое ў 1909–1914 гг. абуджаўся й рос беларускi рух у Гародзеншчыне. Ягонае значэньне ня зьменшваецца праз тое, што ён ня ўдзельнiчаў у беларускай арганiзацыйнай працы пасьля вайны: нямала ягоных вучняў прадаўжалi больш дзейна пачатую iм працу Богу на славу й бацькаўшчыне Беларусi на карысьць.

Ксёндз Лук'ян Хвецька

Аб маладосьцi Лук'яна Хвецькi захавалася вельмi мала зьвестак. Ён нарадзiўся на Вiленшчыне 22 лiстапада 1889 г. Чуючы ў сабе паклiканьне да сьвятарства, уступiў у Вiленскую Духоўную Сэмiнарыю. Закончыў яе выдатна й быў высланы на далейшыя студыi ў Каталiцкую Духоўную Акадэмiю ў Петраградзе.
У тым часе ў Акадэмii ўжо было некалькi сьведамых беларускiх студэнтаў, i мiж iмi ён стаўся першым пашыральнiкам беларускага каталiцкага арганiзацыйнага жыцьця. Дзякуючы Хвецьку паўстаў у 1912 г. у Акадэмii Беларускi Акадэмiчны Гурток у складзе: старшыня – Лук'ян Хвецька, сябры – Андрэй Цiкота, Павал Пякарскi, Станiслаў Шырокi, Янка Францук, Уладыслаў Жаўняровiч, Вiнцэсь Гадлеўскi, Адам Станкевiч.
У Петраградзе Л. Хвецька атрымаў сьвятарскiя сьвячаньнi ў 1914 г. i закончыў Акадэмiю з тытулам магiстра тэалёгii ды застаўся там працаваць.
Пасьля Лютаўскае рэвалюцыi зьявiлася магчымасьць свабадней арганiзаваць рэлiгiйнае жыцьцё. З гэтага кс. Хвецька скарыстаў, калi разам з групаю аднадумцаў склiкаў першы зьезд беларускага каталiцкага духавенства ў Менску. Там ён чытаў 25 траўня рэфэрат аб выдавецкай акцыi.
Напрыканцы 1917 г. магiлёўскiм архiбiскупам быў вызначаны Эдвард дэ Роп. Ягоная iнтранiзацыя адбылася ў Петраградзе, і першы раз у гiсторыi Каталiцкае Царквы на Беларусi папская буля аб назначэньнi архiбiскупа мiж iншымi мовамi была адчытана таксама па-беларуску. Ператлумачыў яе на беларускую мову й чытаў кс. Хвецька. Пасьля таго, карыстаючы з дазволу архiбiскупа Ропа, ён там жа прынагодна гаварыў беларускiя казаньнi падчас богаслужэньня для беларусаў.
Яшчэ перад рэвалюцыяй у Расеi былi стараньнi з боку беларускiх рэлiгiйных i сьвецкiх дзеячоў стварыць магчымасьць узгадоўваць кадры беларускага каталiцкага духавенства па-за межамi Расеi. Тымi стараньнямi зацiкавiлася княгiня Мадлена Радзiвiл i ахвяравала кс. Францiшку Будзьку ў 1916 г. каштоўны дыямэнтавы нашыйнiк, каб за яго пабудаваць або купiць у Рыме дом для ўсходне-каталiцкае калегii. У часе рэвалюцыi кс. Будзька перадаў той дарунак ксяндзам Хвецьку й Абрантовiчу. Але яны не змаглi выкарыстаць той дарунак, дык часова схавалi яго, а потым а. Абрантовiч ужыў яго на iншую мэту.
У тым самым 1917 г. адчувалася патрэба масавае беларускае каталiцкае арганiзацыi. З гэтаю мэтаю Хвецька й Абрантовiч заснавалi ў Петраградзе Беларускую Хрысьцiянскую Злучнасьць, якая адразу пачала пашырацца на Беларусi й потым ператварылася ў Беларускую Хрысьцiянскую Дэмакратыю. З пачыну Беларускай Хрысьцiянскай Злучнасьцi з 8 верасьня 1917 г. пачала выходзiць у Петраградзе каталiцкая газэта «Крынiца». Яе рэдактарам быў кс. Хвецька, але ў наступным годзе рэдакцыю перанесьлi ў Вiльню, дзе рэдактарам стаўся кс. Станкевiч.
У 1923 г. кс. Хвецька разам з магiлёўскiм архiбiскупам Цэпляком i трынаццацьцю iншымi сьвятарамi быў арыштаваны й знаходзiўся ў лiку падсудных у Маскве на судзе, якi адбываўся з 21 да 26 сакавiка. Архiбiскупа Цэпляка й пралата Буткевiча засудзiлi на сьмерць, а iншых сьвятароў – на кары ад 3 да 10 гадоў турмы. Супраць прысуду ўзьнялася вострая хваля пратэстаў у Заходняй Эўропе i ў Амэрыцы, якая набыла яшчэ больш вострыя формы пасьля 30 сакавiка, калi быў расстраляны пралат Буткевiч. У вынiку тых пратэстаў засуджаных сьвятароў выслалi ў Польшчу ў форме вымены на арыштаваных там камунiстаў.
У Варшаве кс. Хвецька сустрэўся з былым магiлёўскiм архiбiскупам дэ Ропам, заснаваўшым у Люблiне Мiсійны Інстытут для падрыхтоўкi духавенства. Кс. Хвецька ахвотна згадзiўся на прапанову дэ Ропа прыняць пасаду рэктара Iнстытуту й выкладчыка этыкi, бiблiйнае археалёгii, лiтургii, габрайскае мовы. Выкладчыцкая праца ды яшчэ дадатковая праца ў касьцёле сьв. Язафата i ў школе сясьцёр уршулянак паглыналi поўнасьцю ягоны час. Але гэта была ня тая праца, да якой ён iмкнуўся. Таму ў 1931 г. кс. Хвецька пераяжджае ў Пiнск, дзе ў мясцовай Каталiцкай Духоўнай Сэмiнарыi выкладалася беларуская мова, а мiж прафэсарамi былi сьведамыя беларускiя ксяндзы Кулак, Абрантовiч, Юневiч.
На жаль, i ў Пiнску на наступны год па сьмерцi бiскупа Лазiнскага (1932) i назначэньні на ягонае месца бiскупа Букрабы распачалася моцная палянiзацыя сэмiнарыi. Замест беларускай мовы была ўведзеная расейская, якую даручылi выкладаць кс. Хвецьку.
Калi пачалася Другая Сусьветная вайна, кс. Хвецька пакiнуў Пiнск i працаваў парахам у Хотаве Стаўпецкага раёну. Там ён ад 1942 г. гаварыў казаньнi па-беларуску. Гэта моцна не падабалася партызанам. У 1944 г. зiмою яны напалi на яго й моцна зьбiлi. У пакалечаным стане Хвецька ледзь дабраўся да Стоўпцаў, дзе пасьля прыняцьця сакрамэнтаў ад нямецкага ваеннага капэляна памёр у мясцовай бальнiцы. Пахаваны кс. Хвецька на стаўпецкiм магiльнiку.

Ксёндз Станiслаў Глякоўскi

Хоць кс. Станiслаў Глякоўскi належыць да новае генэрацыi беларускага духавенства, хоць яшчэ жыве шмат людзей, якiя ведалi яго асабiста, але весткi аб ягоным жыцьцi захавалiся вельмi няпоўныя.
С. Глякоўскi нарадзiўся ў 1896 г. у Ваўкавыскiм павеце ў сялянскай сям'i. Духоўную асьвету атрымаў у Вiленскай Каталiцкай Духоўнай Сэмiнарыi. Пасьля яе сканчэньня ў 1921 г. атрымаў сьвятарскiя сьвячаньнi. Папрацаваўшы некалькi гадоў вiкарыем, выехаў у Рым на далейшыя студыi. Студыяваў ён тэалёгiю ва Ўсходнiм Iнстытуце. Там жа й абаранiў доктарскую працу на тэму «Характэрныя рысы духовасьцi Яна Кранштацкага».
Вярнуўшыся з Рыму, кс. Глякоўскi затрымаўся ў Вiльнi, дзе быў назначаны вiкарыем пры касьцёле сьв. Яна, што знаходзіўся каля ўнiвэрсытэту. Гэта спрыяла таму, што ён з галавою кiнуўся ў вiр душпастырскае працы мiж моладзьдзю. Да таго ж кс. Глякоўскi дадаткова быў назначаны прэфэктам у Вiленскай Беларускай Гiмназii й неафiцыяльным капэлянам беларускiх студэнтаў-католiкаў.
Кс. Глякоўскi актыўна працаваў у «Лiзе маральнага адраджэньня» й нават на працягу некалькiх гадоў быў старшынёю гэтай арганiзацыi. Зь ягонага пачыну ў 1939 г. Лiгаю быў зарганiзаваны «Тыдзень барацьбы з парнаграфiяю» й быў праведзены так удала, што ў вiленскiх кiёсках зьнiклi ўсе часапiсы з бессаромнымi iлюстрацыямi. Калi ў Вiленскай Беларускай Гiмназii зарганiзаваўся беларускi скаўтынг, кс. Глякоўскi быў ягоным першым капэлянам.
Усе беларускiя паломнiцтвы ў Кальварыю, якiя ладзiлiся перад Другою Сусьветнаю вайною, не абышлiся безь ягонага ўдзелу, а ў 1939 г., калi ўжо былi выселены зь Вiльнi ксяндзы Станкевiч i Талочка, кс. Глякоўскi ачольваў беларускае паломнiцтва. Маючы на сэрцы справу рэлiгiйнага жыцьця моладзi, ён заснаваў першы беларускi рэлiгiйны часапiс для дзетак «Пралескi» i выдаваў яго да 1939 г.
Для беларускiх студэнтаў ён зарганiзаваў у часе Вялiкага Посту рэкалекцыi; толькi ў 1939 г. ня сам кiраваў рэкалекцыямi, а папрасiў дапамогi беларускага езуiта айца Шнiпа, якi быў прэфэктам малое езуiцкае духоўнае сэмiнарыi ў Вiльнi. А для самога сябе ён браў духовую ежу ў малiтве перад Вострабрамскiм вобразам Мацi Божае. Агулам дзейнасьць ксяндза Глякоўскага была тою душпастырскаю дзейнасьцю, якой найбольш патрэбна ў парахвiях i моладзi ў школе.
З момантам выбуху Другое Сусьветнае вайны вярнуўся ў Вiльню кс. Станкевiч, але ў iншых гарадох i парахвiях зусiм не было беларускiх духоўных, дык туды часова накiраваўся кс. Глякоўскi.
У 1941 г., калi Менск занялi немцы, кс. Глякоўскi разам з кс. Мальцам паехалi ў Менск. Там жа хутка знайшоўся й кс. Гадлеўскi, але напачатку ён быў моцна заняты арганiзацыяй беларускага школьнiцтва. Супольнымi сiламi яны ўзялiся аднаўляць закрытыя й спрафанаваныя сьвятынi й адведваць вёскi з каталiцкiм насельнiцтвам. Там яны ўбачылi надзвычайны духовы голад у людзей. Таму кс. Глякоўскi ня толькi сам поўнасьцю аддаўся душпастырскай працы, але яшчэ заклiкаў каго толькi мог прыехаць: «Бо ж там людзi спрагненыя Божае праўды», – казаў ён.
На жаль, кс. Глякоўскi ня змоўг доўга працаваць у Менску. Вясною 1942 г. ён разам з кс. Мальцам былi на зборцы, дзе прамаўляў галоўны камiсар Беларусi Кубэ i ў сваёй прамове востра нападаў на каталiкоў. Дык уканцы зборкi, калi немцы пяялi нацыстоўскi гiмн, абодва ксяндзы ня ўсталi на знак пратэсту. За гэта iх абодвух арыштавалi й доўгi час не было нiчога ведама аб iхнай долi.
Толькi пасьля заканчэньня вайны адвакат Алесь Калодка падаў да ведама тыя весткi, якiя меў аб ксяндзох Глякоўскiм i Мальцу, будучы сам у канцэнтрацыйным лягеры ў Турынгii. Там ён пазнаёмiўся й нават запрыязьнiўся з польскiм капiтанам Пшыбароўскiм, якi летам 1942 г. быў у канцэнтрацыйным лягеры Аўшвiц i жыў у адным блёку з кс. Глякоўскiм.
У Аўшвiцы кс. Глякоўскi працаваў у каморы, дзе выдавалася вопратка заключаным, а кс. Малец працаваў у кухнi. Там абодва беларускiя духоўнiкi ня мелi анi пачак, анi лiстоў, але абодва былi ў бадзёрым настроi.
Вясною 1944 г. абодва ксяндзы былi пераведзеныя ў канцэнтрацыйны лягер Ваймар-Бухэнвальд, працавалi на фабрыцы амунiцыi Густлёф Вэркэ. Iх бачыў там капiтан Пшыбароўскi. Ведама таксама, што ў жнiўнi 1944 г. тую фабрыку моцна збамбардавалi амэрыканскiя самалёты, загiнула каля 500 вязьняў, што там працавалi. Так загiнуў кс. Глякоўскi – як i беларускiя ксяндзы Гадлеўскi, Рыбальтоўскi, Немацэвiч, Кашыра, Ляшэвiч. Яны прайшлi крыжовую дарогу сьледам за Хрыстом. Дык можна спадзявацца, што Бог прыме iхную ахвяру, каб хутчэй паслаць беларускаму народу Дзень Сьветлага Ўваскрасеньня.

Ксёндз Вiктар Шутовiч

Вiктар Шутовiч нарадзiўся 27 кастрычнiка 1890 г. у вёсцы Шутавiчы Смаргонскае воласьцi Ашмянскага павету. Асьвету атрымаў сьпярша ў Ашмяне, а потым у Вiленскай Каталiцкай Духоўнай Сэмiнарыi, дзе стаўся актыўным сябрам беларускага гуртка.
Скончыўшы сэмiнарыю, 28 чэрвеня 1913 г. ён атрымаў сьвятарскiя сьвячаньнi й быў назначаны вiкарыем у вiленскую катэдру. Гэтая праца яму падказвала патрэбу вышэйшай тэалягiчнай асьветы, дзеля чаго ў 1914 г. ён уступiў у Каталiцкую Духоўную Акадэмiю ў Пецярбургу. Але там ён змог студыяваць усяго два гады, бо ў 1917 г. Акадэмiя была зачыненая.
Вярнуўшыся, кс. Шутовiч атрымаў ад вiленскага бiскупа Эдварда дэ Ропа назначэньне на параха ў Барадзенiчы Браслаўскага павету. У тым часе дэ Роп дазволiў ужываць беларускую мову ў рэлiгiйным жыцьцi. Карыстаючыся з гэтага дазволу, кс. Шутовiч разгарнуў вельмi актыўную дзейнасьць у сваёй парахвii: увёў беларускiя казаньнi, малiтвы, рэлiгiйныя сьпевы, а так жа зарганiзаваў беларускiя школы, пашыраў беларускiя газэты.
Калi ж у 1919 г. бальшавiкi на некаторы час занялi ўсю Беларусь, шматлiкiя польскiя ксяндзы пакiдалi свае парахвii i ўцяклi ў Польшчу. Кс. Шутовiч застаўся ў сваёй парахвii, абслугоўваючы да таго ж апусьцеўшыя суседнiя парахвii, i паўсюль уводзiў беларускую мову ў рэлiгiйнае жыцьцё.
Пасьля Рыскае ўгоды ў 1921 г., калi польскi ўрад лiчыў, што ён настала замацаваўся ў Заходняй Беларусi, польская шавiнiстычная прэса пачала атакаваць кс. Шутовiча. Пачатак дала «Gazeta Wileсska», а затым узьняўся супраць яго камэндант палiцыi, абвiнавачваючы ў шавiнiзьме. Тады вiленскi бiскуп Юры Матулевiч вызначыў сьледзтва й даручыў правесьцi яго мёрскаму дзекану кс. Асьцiловiчу, якi адносiўся варожа да ўсяго беларускага. Але, як i можна было спадзявацца, большасьць насельнiцтва прагаласавала за беларускую мову.
У 1926 г. вiленскiм архiбiскупам замест Матулевiча быў прызначаны Ялбжыкоўскi, якi распачаў рашучы паход супраць беларускага каталiцкага жыцьця. У 1927 г. ён перанёс кс. Шутовiча з Барадзенiчаў у вёску Трысьцену каля мазурскага памежжа. Але й тут палiцаi настолькi перашкаджалi нармальнай працы, што кс. Шутовiч рашыў выехаць у ЗША. У гэтым ёму дапамог а. Янка Тарасевiч. У красавiку 1929 г. кс. Вiктар Шутовiч пакiнуў родны край.
Праўда, у Амэрыцы ён доўга не затрымаўся. Сум па родным краi быў такi, што ў 1932 г. ён вярнуўся назад i быў назначаны вiкарыем у Харошчу.
Там яму давялося цярпець сапраўдны перасьлед. Адмiнiстрацыя, палiцыя, настаўнiкi зь мясцовай школы так нацкавалi на яго насельнiцтва, што выкананьнi сьвятарскiх абавязкаў сталася немагчымым. Аднак i ў такiм становiшчы ён знаходзiў у сабе сiлы вытрываць. У адным зь лiстоў да сябрука ў Вiльнi ён пiсаў: «Прысьледуюць мяне, але я з мае дарогi ня ўступлю i ў жыцьцi не заламлюся».
У гэты ж час кс. Шутовiч заняўся пiсьменствам: часта дасылаў артыкулы ў «Хрысьцiянскую думку», нават пачаў пiсаць драматычныя творы й апавяданьнi. На жаль, нiводная ягоная драма не была надрукаваная.
У чэрвенi 1938 г. кс. Шутовiч урачыста адсьвяткаваў 25-я ўгодкi свайго сьвятарства. Урачыстасьць адбылася ў Вiльнi ў касьцёле сьв. Мiкалая й была спалучаная з такiм самым юбiлеем а. Язэпа Германовiча. Пасьля ўрачыстае сьв. Лiтургii кс. Шутовiч разам зь iншымi беларускiмi сьвятарамi ўдзельнiчаў у паломнiцтве ў Кальварыю. Перад вайной кс. Шутовiч у паразуменьнi з айцамi Тарасевiчам i Рэшацем, якiя жылi ў Амэрыцы, павёў актыўную працу па ўтварэньнi беларускай групы бэнэдыктынаў, зьбiраў для iх кандыдатаў у навiцыят i рыхтаваў месца пад манастыр.
Падчас вайны кс. Шутовiч працаваў у Харошчы й пераехаў у Менск толькi ў траўнi 1944 г., калi нямецкая армiя адступала, i пачаў богаслужэньнi ў катэдральным касьцёле. Ехаць на Захад ён катэгарычна адмовiўся, кажучы: «Калi бальшавiкi мяне заб'юць, дык зробяць мучанiкам – i за гэта дзякуй Богу; калi ж не, дык буду працаваць на Божую славу – i за гэта буду дзякаваць Богу».
Заняўшы Менск, бальшавiкi некаторы час яго не чапалi. Але адразу па заканчэньнi вайны, перад калядамi 1945 г. яго арыштавалi. Пяць год кс. Шутовiч быў у Сiбiры. Вярнуўся ў Менск пасьля сьмерцi Сталiна ў 1953 г. i адразу ўзяўся за душпастырскую працу. Але ў 1956 г. менскi выканкам даў яму загад пакiнуць сталiцу. Тады Шутовiч пераехаў у Барысаў. Там на могiльнiку была яшчэ каплiца, а каля могiльнiку – домiк. Гэта сталася ягоная новая парахвiя. Пасьля туды прыехаў iнжынер Клiмовiч як арганiст.
Зьняможанае здароўе, сталы век i перамучаньне аднак не спынялi ягонай дзейнасьцi. Нават калi быў ужо зусiм змучаны, не зьвяртаўся да лекара, а прасiў, каб пабудзiлi яго а 4-й гадзiне ранiцы. Так было й 1 сакавiка 1960 г. Але той ноччу ён заснуў на вякi. На пахаваньне прыехаў толькi адзiн сьвятар з Ракава, але народу за дамавiнаю iшло шмат. Пахавалi кс. Шутовiча на барысаўскiм магiльнiку, на тым месцы, якое ён перш выбраў сабе сам. Неўзабаве над магiлаю вернiкi паставiлi прыгожы помнiк, на якiм унiзе выпiсаны ягоны жыцьцёвы клiч на лацiне й па-беларуску: «Божа, на Цябе спадзеючыся, няхай не загiну!»

Айцец Адам Станкевiч

Адам Станкевiч нарадзiўся 24 сьнежня 1891 г. у в. Арляняты Крэўскае воласьцi Ашмянскага павету. Як кожны хлопчык на Беларусi, малы Адам пачаў праходзiць сваю першую жыцьцёвую школу, пасучы каровы. Грамаце Адам навучыўся перад школаю з польскае кнiжкi ды набажэнства й з расейскага буквара так, што мог чытаць «паважныя» кнiжкi свайго старэйшага брата Валентына, якi вучыўся ў недалёкiх Барунах.
Да навукi малы Адась гарнуўся вельмi ахвотна, але ў iх вёсцы не было школы. Калi яму было дзесяць гадоў, бацькi пастанавiлi аддаць яго ў царкоўна-прыхадзкую школу ў Барунах, хоць з рэлiгiйнага гледзiшча для каталiкоў яна была вельмi няспрыятлiваю, але да другое школы – народнага вучылiшча, што было ў Крэве за 7 км ад Арлянятаў – была вельмi благая дарога. Выбiраючы школу, бацька Адася – Вiнцэнт ня ведаў як сьлед аб яе ўзгадаваўчых мэтадах, таму й завёз сына ў Баруны й там знайшоў яму кватэру ў мешчанiна Юрэвiча, дзе квартаравалiся работнiкi, што рамантавалi калiшнi базыльянскi манастыр. Гэтыя работнiкi надоўга засталiся ў памяцi Адася. Яны былi расейцы-стараверы, вечарамi заўсёды пiлi гарэлку ды сьпявалi паганыя песьнi. Цяжка было вучыцца ў такiм асяродзьдзi, а ў школе было яшчэ цяжэй, дзе толькi за тое, што хрысьцiўся пяцьцю пальцамi, Адась атрымаў аплявуху ад настаўнiка. У школе не прызнавалася абсалютна нiякага iншага веравызнаньня акрамя праваслаўнага, i Адась, не зважаючы на тое, што быў каталiк, мусiў выконваць усе прыпiсы праваслаўнае царквы i сьпяваць у клiрасе.
Баруны належалi да Гальшанскае парахвii. I вось калi гальшанскi вiкарны ксёндз у 1901 г. езьдзiў па калядзе ў Барунах i, зайшоўшы да Юрэвiча, даведаўся ад Адася пра адносiны ў школе, дык казаў яму, каб пераяжджаў у Гальшаны. У сярэдзiне школьнага году зьмянiць школу было нязручна, дык прыйшлося пабыць у Барунах да вясны. На наступны школьны год Адась быў ужо ў Гальшанах. Там ён прабыў ад 1902 да 1904 г. У Гальшанскай Народнай Школе вучняў-каталiкоў вучыў рэлiгii мясцовы ксёндз. Кватэру ў Гальшанах Адась меў так жа шмат лепшую як у Барунах. Тут ён кватараваўся ў пабожнага й працавiтага шаўца Тармасэвiча й хутка зжыўся зь сям'ёю гаспадара, быццам з раднёю.
Навука ў гальшанскай школе Адаму ішла лёгка. Але больш чым школаю ён цяпер цiкавiўся касьцёлам i рэлiгiйным жыцьцём. Усе вучнi-каталiкi старалiся прыслужваць да iмшы й трэба было мець шмат вытрываласьцi й стойкасьцi, каб ранiцою першым дастаць у захрыстыяна комжу ды выйсьцi з ксяндзом да аўтара. Няраз у сьвяты Адам быў у касьцёле ад цямна да цямна, каб магчы прыслугоўваць ува ўсiх набажэнствах. Па сканчэньнi гальшанскае школы адбыўся экзамэн у суседняй Мiхалоўшчыне. Прайшоў ён памысна.
Восеньню 1904 г. бацькi выправiлi Адама на далейшую навуку ў гарадзкое вучылiшча ў Ашмяне. Уступны экзамэн прайшоў добра, i добрым быў увесь далейшы курс у вучылiшчы. Праўда, не да ўсiх прадметаў Адам меў аднолькавае зацiкаўленьне: з матэматыкi часам накульгваў, затое вызначаўся ў гуманiстычных прадметах. Якраз у тым часе адбылася ў Расеi рэвалюцыя 1905 г., якая сталася для Адама важным дзейнiкам паглыбленьня рэлiгiйных, нацыянальных, сацыяльных і палiтычных паглядаў. У ашмянскай школе так жа адбылася забастоўка з частковым посьпехам i няўдачамi: быў перанесены кудысь нялюбы ўсiм iнспэктар, але пры гэтым былi арыштаваныя два найбольш любiмыя настаўнiкi. У тым часе стала перад Адамам ува ўсёй сваёй вастрынi рэлiгiйная праблема. Будучы каталiком лацiнскага абраду, таго абраду, якi папулярна называўся «польскаю вераю», ён сябе не пачуваў палякам, больш таго – лiчыў сябе беларусам, але ў школе ўвесь час настаўнiкi паўтаралi, што «рускiя дзеляцца на Вялiкарусаў, Маларусаў i Беларусаў», i гэта стварала для Адама праблему рускасьцi, якую канчаткова вырашыў толькi ў сэмiнарыi.
Для ўмацаваньня беларускае нацыянальнае сьведамасьцi шмат прычынiлася «Наша Нiва», зь якою Адам стрэнуўся ў 1908 г., а ў наступным годзе стаўся яе карэспандэнтам. Немалы ўплыў на яго меў так жа айцец Адам Лiсоўскi, якi будучы студэнтам Каталiцкае Духоўнае Акадэмii ў Пецярбурзе пiсаў лiсты да бацькоў па-беларуску й падчас канiкулаў у роднай вёсцы гаварыў зь сялянамi па-беларуску, даваў iм чытаць беларускiя кнiжкi. Ад яго ў рукi Адама трапiлi «Дудка беларуская» й «Смык беларускi» Францiшка Багушэвiча.
Па сканчэньнi гарадзкога вучылiшча трэба было думаць, што рабiць далей. Каб уступiць у гiмназію й потым на ўнiвэрсытэт, не дазвалялi матэрыяльныя магчымасьцi бацькоў Адама. Некаторыя ягоныя школьныя сябры пайшлi ў юнкерскую школу ў Вiльнi з намерам стацца афiцэрамi царскае армii й заахвочвалi яго пайсьцi сьледам за iмi, але пазнаёмiўшыся блiжэй з жыцьцём ваеннае моладзi тае школы, рашуча адкiнуў думку аб вайсковай кар'еры. З маленства Адам меў вялiкае зацiкаўленьне да касьцёла й нахiл да духоўнага стану. I вось цяпер, калi паважна думаў аб далейшым выбары свае жыцьцёвае дарогi, летам 1908 г. стрэўся з айцом А. Лiсоўскiм у ягонай роднай вёсцы Каранды, што была недалёка ад Арлянятаў. Гутарка зь iм i асаблiва зь ягоным бацькам канчаткова ўмацавала жаданьне стацца сьвятаром. Але з ашмянскага гарадзкога вучылiшча нельга было ўступiць у Сэмiнарыю – трэба было дапоўнiць некаторыя прадметы: лацiна, матэматыка, гiсторыя й замежная мова. Вялiкую дапамогу ў перамозе гэтых недахопаў зрабiў стары Лiсоўскi. Ён завёз Адама ў Вiльню, там знайшоў для яго настаўнiка й кватэру ў Новай Вялейцы.
Вясною 1910 г. Адам паехаў у Маскву здаваць экзамэн за 4 клясу гiмназii пры Вучэбным Вокрузе. Гэты экзамэн можна было здаваць i ў Вiльнi, але тут пры падобных экзамэнах шмат «рэзалi», а ў Маскве было лягчэй, вось жа для большае пэўнасьцi экзамэну давялося пазнаць старую Маскву. Экзамэн прайшоў памысна, i восеньню таго ж году адбыўся так жа памысны ўступны экзамэн у Вiленскую Каталiцкую Духоўную Сэмiнарыю.
У Сэмiнарыi адначасна з навукаю Адам шмат чытаў кнiгаў з галiны фiлязофii, агульнае гiсторыi й гiсторыi Беларусi. Ягоныя сябры сэмiнарысты былi пераважна апалячаныя беларусы. Вось жа ўвайшоўшы ў курс сэмiнарыйнага жыцьця, паволi пачаў весьцi сыстэматычную ўсьведамляючую працу мiж сяброў, спачатку аднакурсьнiкаў, а потым i ў старэйшых курсах. Адны зь iх нясьмела прызнавалiся да беларускасьцi, iншыя не. У сэмiнарыi было нямала летувiсаў, якiя наагул да беларусаў адносiлiся спагадна.
У 1911 г., калi Адам быў ужо на другiм курсе, каля яго згуртавалася больш дзясятка сьведамых беларусаў. Цяпер можна было падумаць аб залегалiзаваньнi беларускага гуртка перад сэмiнарыйнымi ўладамi. Душою арганiзацыi быў Адам, i ён зьвярнуўся да рэктара ў гэтай справе. Рэктар спачатку меў некаторыя засьцярогi да гуртка, баючыся, каб беларускi рух ня прынёс шкоды каталiцкай царкве, але калi пачуў ад Адама, што беларусы iмкнуцца да таго, каб зь беларускага адраджэньня была так жа карысьць i для каталiцызму, дык дазволiў на iснаваньне гуртка й беларускае бiблiятэчкi пры iм, але з умоваю, што кнiжкi, якiя будуць прыходзiць у бiблiятэчку, ён мусiць перш сам пераглянуць.
Праца беларускага гуртка ў Сэмiнарыi хутка дала добрыя вынiкi. У штогоднiх вечарох перад запускамi зьявiлiся ў праграме беларускiя нумары; лiк сьведамых беларусаў мiж сэмiнарыстаў паволi ўзрастаў.
Па сканчэньнi Сэмiнарыi Адам пастанавiў вучыцца далей. Восеньню 1914 г., не зважаючы на ваенны час, ён ужо быў у Пецярбурскай Каталiцкай Духоўнай Акадэмii i там 28 сьнежня (па старому стылю) атрымаў сьвятарскае сьвячаньне.
У Акадэмii й для навукi, i для рэлiгiйнае, i для нацыянальнае працы было вельмi шырокае поле. Тут ужо iснаваў беларускi гурток з багатаю бiблiятэкаю. Да таго была аграмадная акадэмiчная бiблiятэка. У Пецярбурскiм Унiвэрсытэце быў беларускi студэнцкi гурток. Наагул беларуская калёнiя ў Пецярбурзе была даволi актыўная. Там паўстала першая легальная беларуская арганiзацыя ў 1902 г. «Круг беларускае народнае прасьветы й культуры», там у 1906 г. зарганiзавалася першая беларуская выдавецкая супалка «Загляне сонца ў наша аконца». З усiмi гэтымi арганiзацыямi айцец Адам быў у вельмi блiзкай лучнасьцi i ў першыю чаргу зь пiянэрам беларускага адраджэнскага руху праф. Бранiславам Эпiмахам-Шыпiлам.
У акадэмiчным беларускiм гуртку а. Адам адразу быў выбраны сакратаром, а ў 1916 г. старшынёю й займаў гэтае становiшча аж да сканчэньня Акадэмii ў 1918 г. – апошняга году яе iснаваньня.
У Акадэмii было два факультэты: дагматычна-бiблiйны й маральна-праўны. Айцец Адам студыяваў на другiм. Перад канцом студыяў, здаўшы ўсе экзамэны й залiкi, ён атрымаў ступень кандыдата кананiчнага права i быў узяўся за магiстарскую працу на тэму «Навука сьв. Тамаша Аквiната аб сям'i ў параўнаньнi з сучаснай тэорыяй аб вольнай любовi», але калi ўжо зрабiў самае важнае ў падрыхтоўчай навуковай працы, закiнуў зусiм далейшыя студыi свае магiстарскае працы й заняўся студыямi моваў i фiлязафiчных ды грамадзкiх праблемаў.
Ужо ў 1916 г. а. Адам напiсаў колькi артыкулаў у газэты «Сьветач», «Дзяньнiца», а калi ў 1917 г. зьявiлася «Крынiца», ён навязаў зь яе рэдакцыяю блiзкае супрацоўнiцтва.
У траўнi 1917 г. заснавалася ў Петраградзе Беларуская Хрысьцiянская Дэмакратычная Злучнасьць, i а. Адам адразу стаўся яе актыўным сябрам, а потым i фактычным кiраўнiком яе.
Год 1917 наагул вызначаецца вялiкiмi пераменамi. Пасьля Лютаўскае рэвалюцыi на ўсiм абшары былое Расейскае Iмпэрыi адбывалiся паважныя нацыянальныя й рэлiгiйныя рухi. Не зважаючы на тое, што ў тым часе празь Беларусь праходзiў ваенны фронт i цяжыла ваеннае становiшча, беларускi вызвольны нацыянальны й рэлiгiйны рух мацнеў з дня на дзень. У Менску 24–25 траўня 1917 г. адбыўся першы зьезд беларускага каталiцкага духавенства, на якiм абмяркоўвалiся найбольш актуальныя пытаньнi беларускага рэлiгiйнага жыцьця. На гэтым зьездзе а. Адам чытаў рэфэрат аб беларускiм руху й ягоных адносiнах да рэлiгiйнага жыцьця. Некаторыя жаданьнi, выказаныя на зьездзе, часткова пачалi ажыцьцяўляцца ў тым жа годзе. Магiлёўскi архiбiскуп дэ Роп у 1917 г. афiцыяльна дазволiў беларускiя казаньнi, i 21 ліпеня ў прысутнасьцi архiбiскупа а. Адам меў першае казаньне па-беларуску ў Дзiсьне.
Вясною 1918 г. айцец Адам скончыў акадэмiчныя студыi й зь вялiкiмi клопатамi прабраўся на Беларусь, але, не дайшоўшы да Вiльнi, праз усю вясну й лета жыў у айца Шутовiча ў Барадзенiчах, гаворачы беларускiя казаньнi ў ваколiчных касьцёлах. Толькi восеньню 1918 г. зь вялiкiмi цяжкасьцямi яму ўдалося атрымаць ад нямецкiх акупацыйных уладаў дазвол прыехаць у Вiльню. У Вiленскiм бiскупстве тагачасныя польскiя кiраўнiкi стрэнулi яго няпрыхiльна й хутка адправiлi ў польскую парахвiю (Драгiчын над Бугам). На шчасьце ў тым жа 1918 г. прыбыў у Вiльню Яго Эксцэленцыя Юры Матулевiч, якi дазволiў а. Адаму вярнуцца ў Вiльню й заняцца грамадзкаю працаю.
Якраз калi а. Адам зьявiўся ў Вiльнi, там адчынiўся ўнiвэрсытэт, i гэта выклiкала жаданьне дапоўнiць свае студыi. Ён прыватна яшчэ два гады наведваў праўны факультэт. Але на студыi яму аставалася вельмi мала часу, бо трэба было рэдагаваць «Крынiцу», удзельнiчаць у Камiтэце Помачы Ахвярам Вайны, выкладаць каталiцкую рэлiгiю ў Беларускай Гiмназii. Восеньню 1921 г. распачалiся ў Вiльнi рэгулярныя набажэнствы для беларусаў-каталiкоў, i а. Адам штонядзелi гаварыў беларускiя казаньнi. У далейшым на ягоныя плечы ўзвальвалiся ўсё новыя й новыя абавязкi. Падчас першых выбараў у першы польскi сойм 1922 г. а. Адам быў выбраны беларускiм паслом. Тады баранiў беларускую справу ня толькi на соймавай трыбуне, але так жа i ў кругох замежных дыпляматаў.
Праз сваю кiпучую дзейнасьць ужо ў той час а. Адам здабыў такi вялiкi аўтарытэт, што калi ў 1924 г. менскiя беларусы распачалi стараньнi аб беларускiм каталiцкiм бiскупе, дык адразу зьвярнулiся да яго, каб згадзiўся быць кандыдатам на гэтае становiшча, але дзеля шматлiкiх прычынаў праект ня быў ажыцьцяўлёны.
Па сканчэньнi пасольскае кадэнцыi ў 1926 г. а. Адам прысьвяцiў шмат увагi навукова-выдавецкай дзейнасьцi. Заснаваў у Вiльнi беларускую друкарню iмя Ф. Скарыны, якая сталася найбольш плодным цэнтрам беларускага друкаванага слова ў Заходняй Беларусi. Адтуль штогод выходзiла некалькi беларускiх кнiжак i там друкавалася некалькi беларускiх пэрыёдыкаў: «Хрысьцiянская думка» пад рэдакцыяй самога а. Адама, «Шлях моладзi» ад 1932 г., «Самапомач» ад 1935 г., «Калосьсе» ад 1937 г. Для матэрыяльнага забясьпечаньня беларускае рэлiгiйнае прэсы ў 1928 г. ён заснаваў Беларускае Каталiцкае Выдавецтва.
За сваю працу на беларускай нiве а. Адам меў шмат прыкрасьцяў ад польскiх духоўных уладаў. У 1926 г. вiленскi архiбiскупскi пасад заняў Я. Э. Ялбжыкоўскi, ведамы з крайняга польскага шавiнiзму й варожасьцi да ўсяго беларускага. Ён часта заклiкаў да сябе а. Адама ды рабiў дакоры й пагрозы за ягоную дзейнасьць. Калi ж нiякiя пагрозы не зьмяншалi кiпучае працы а. Адама, тады 10 сьнежня 1928 г. архiбiскуп Ялбжыкоўскi забаранiў вернiкам свае дыяцэзіi належаць да Беларускае Хрысьцiянскае Дэмакратыi (БХД), чытаць «Беларускую Крынiцу» й асобным загадам забаранiў а. Адаму супрацоўнiчаць у «Беларускай Крынiцы» й, ведама ж, належаць да БХД. Гэтая забарона мела на мэце скампрамэтаваць беларускi каталiцкi рух, але ў сапраўднасьцi скампрамэтавала самога архiбiскупа.
Калi польскi наступ на беларускi рух гвалтам зьменшваў поле беларускае культурнае й рэлiгiйнае дзейнасьцi, а. Адам пачаў больш прысьвячаць часу навукова-публiцыстычная дзейнасьцi. З-пад ягонага пяра выйшла каля дзьвюх тысяч артыкулаў у розных газэтах i часапiсах; ён напiсаў больш дзясятка ўступных разьдзелаў да розных кнiжак, якiя падрыхтаваў да выданьня, і выдаў 17 уласных кнiжак: «Беларуская мова ў школах Беларусi 17 i 18 стст.» (1928), «Родная мова ў сьвятынях» (1929), «Францiшак Багушэвiч, яго жыцьцё й творчасьць» (1930), «Вiтаўт Вялiкi й Беларусы» (1930), «Казiмер Сваяк; нарыс аб ягонай iдэалёгii» (1931), «Кастусь Калiноўскi, «Мужыцкая праўда» i iдэя незалежнасьцi Беларусi» (1937), «Праф. Бранiслаў Эпiмах-Шыпiла. З яго жыцьця i працы» (1935), «Да гiсторыi беларускага палiтычнага вызваленьня» (1935), «З жыцьця i дзейнасьцi Казiмера Сваяка» (1936), «Магнушэўскi, Паўлюк Багрым, Баброўскi» (1937), «Божае слова на нядзелi i сьвяты» (1938), «Лекцыi i Эванэлii на нядзелi i сьвяты» (1938), «Мiхал Забэйда-Сумiцкi i беларуская народная песьня» (1938), «У чэсьць 950-годзьдзя хрышчэньня Беларусi» (1938), «Хрысьцiянства i Беларускi Народ» (1940), «Вучыся i малiся. Малiтаўнiчак» (1944).
У сваёй разнаякай працы а. Адам зьвяртаў асаблiвую ўвагу на кантакты з прадстаўнiкамi тых народаў, якiя спрыялi беларусам.
З момантам, калi польскi супрацьбеларускi наступ прыняў формы вострага адмiнiстрацыйнага тэрору, дня 28 лістапада 1938 г. зьявiўся загад вiленскага ваяводы аб высяленьнi а. Адама Станкевiча разам з а. Талочкам i iнжынерам А. Клiмовiчам з прыгранiчнае паласы. Стаўшыся выгнанцам з роднага абшару, ён не пакiдае зусiм бацькаўшчыны, асяляецца ў Слонiме й, не зважаючы на востры палiцыйны надзор, прадаўжае сваю навуковую працу. Самое высяленьне толькi спачатку прыгнобiла а. Адама, але хутка яно сталася штуршком да больш упорыстае працы, бо й так папулярная ягоная асоба праз высяленьне сталася паўсюдна ведамаю й дарагою кожнаму сьведамаму беларусу; такое прызнаньне было яму вялiкаю маральнаю падтрымкаю. Таму ў процiвагу акту высяленьня беларусы ў Вiльнi заснавалi ў 1939 г. камiтэт для падрыхтоўкi ўрачыстага ўшанаваньня 25-годзьдзя ягонага сьвятарства. Ваенныя падзеi на некаторы час былi затрымалi працу камiтэту, але калi праз два тыднi ў верасьнi 1939 г. ад польскае ганарыстае ўлады не засталося й чэпалаху, а. Адам вярнуўся ў кастрычнiку 1939 г. у Вiльню й там 14 студзеня 1940 г. беларускiя жанчыны падарылi яму вышыты арнат i альбу, у якiх сам юбiляр адправiў урачыстую iмшу падзякi ў перапоўненым касьцёле сьв. Мiкалая. Таго ж дня адбылася акадэмiя на яго чэсьць з шматлiкiмi прамовамi беларускiх i iншанацыянальных прадстаўнiкоў. Вiленская беларуская, летувiская i польская прэса прысьвяцiлi яму спэцыяльныя артыкулы.
За кароткi час летувiскае ўлады ў Вiльнi а. Адам зарганiзаваў беларускую дзяржаўную прагiмназiю й беларускую пачатковую школу. Беларускi арганiзацыйны рух на кароткi час быў аформiўся як Беларускi Цэнтар ў Летуве, на старшыню выбралi а. Адама.
Калi 15 траўня 1940 г. бальшавiкi канчаткова апанавалi Вiльню, а. Адам мусiў спынiць сваю грамадзкую працу, але калi ў наступным годзе Вiльню занялi немцы, ён зь неслабеючаю энэргiяю бярэцца аднаўляць разбураныя бальшавiкамi беларускiя iнстытуцыi, хоць i ў тых невялiкiх рамках, на якiя дазваляла акупацыйная ўлада. Дзякуючы ягоным стараньням была адноўленая ў Вiльнi Беларуская Гiмназiя й на пачатку 1944 г. ён змог яшчэ выдаць невялiкi малiтаўнiк для вучняў-каталiкоў. У лiпенi 1944 г. бальшавiкi зноў занялi Вiльню. Цяпер беларуская праца як у самой Вiльнi, так i ў Вiленшчыне была строга забароненая. Чырвоны тэрор пад прэтэкстам ваеннае навальнiцы пачаў вынiшчаць усё беларускае, у першую чаргу iнтэлiгенцыю, якая адважылася застацца на бацькаўшчыне. Як звычайна робяць злачынцы, усе свае крывавыя ўчынкi бальшавiкi прыкрывалi жуткаю моўчанкаю. Весткi, якiя ў тым часе пранiкалi з бацькаўшчыны, былi няпэўныя й часам супярэчныя. Раз даходзiлi чуткi, што а. Адам быў арыштаваны ў канцы лета 1944 г. i загiнуў у турме НКВД. Iншы раз паведамлялi, што ён працуе на парахвii ў Беласточчыне. Тады аўтар гэтых радкоў лiстоўна зьвярнуўся ў канцылярыю вiленскае мэтраполii, якая мясьцiлася ў Беластоку, з запытаньнем аб долi а. Адама Станкевiча. На лiст прыйшоў кароткi адказ ад 25 лютага 1948 г., што «а. Адам Станкевiч далей прабывае ў Вiльнi». Як прабывае й што робiць – аб гэтым не казалася нi слова. Толькi нядаўна амаль адначасна зьявiлiся дзьве весткi, што а. Адам два гады таму быў арыштаваны й высланы ў канцэнтрацыйны лягер, а другая вестка, больш сумная (хоць i не зусiм пэўная), што ён памёр на Салавецкiх абтоках у канцы 1955 г.
Сьмерць айца Адама Станкевiча ёсьць вельмi вялiкаю стратаю для беларускага народу i ў сёньняшнiх умовах тым больш балючая, што нават немагчыма хоць у дробнай часьцi злажыць яму тую пашану, на якую ён заслужыў. Праўда, праз усё сваё жыцьцё ён не шукаў сабе анi славы, анi почасьцяў; аддаўшы раз i назаўсёды ўсяго сябе на ахвярную службу для збаўленьня людзкiх душ, ён у першую чаргу ахвяроўваў сябе штодня ў сьвятой Службе Божай за родны беларускi народ, а ў сваёй неўсыпушчай дзейнасьцi рабiў усё, што толькi было ў яго сiлах i магчымасьцях, каб прычынiцца да лепшае будучынi свайго народу.

Айцец Антонi Неманцэвiч

Нарадзiўся Антон Неманцэвiч 8 лютага 1893 г. у Сакольскiм павеце на Беласточчыне. Атрымаўшы першую асьвету ў Саколцы, а потым у Вiленскай Каталiцкай Духоўнай Сэмiнарыi, ён уступiў у 1914 г. у Пецярбурскую Духоўную Каталiцкую Акадэмiю. Яшчэ студэнтам атрымаў ён сьвятарскiя сьвячаньнi ў 1915 г. Адначасна з абавязваючаю навукаю ў акадэмii ён цiкавiўся гiсторыяй Беларусi й асаблiва гiсторыяй вунiяцкай царквы. Аб вынiках сваiх досьледаў ён чытаў рэфэрат для сяброў беларускага гуртка й гуртка беларускай народнай асьветы, якiм кiраваў Б. Эпiмах-Шыпiла.
Акадэмiчныя студыi а. Антонi закончыў у апошнi год iснаваньня Акадэмii – у 1918 г. і адразу распачаў душпастырскую працу ў Петраградзе як вiкары парахвii сьв. Кацярыны, але неўзабаве быў назначаны парахам у Кольпiно каля Петраграду. 23 красавiка 1919 г. а. Антонi першы раз трапiў у савецкую турму. Тады каталiкi зь Петраграду зрабiлi аграмадную манiфэстацыю каля касьцёлу сьв. Кацярыны, дамагаючыся вызваленьня нядаўна арыштаванага магiлёўскага архiбiскупа Цэпляка. Пасьля манiфэстацыi вернiкi пайшлi ў касьцёл на вячэрню, а чэкiсты, якiя прыглядалiся да манiфэстантаў з вулiцы, уварвалiся ў касьцёл i намагалiся спынiць богаслужэньне. Гэтая спроба не ўдалася, i яны мусiлi выйсьцi з касьцёлу й чакаць на вулiцы. Калi служба скончылася й вернiкi пачалi выходзiць, чэкiсты пры выхадзе кантралявалi пашпарты й арыштоўвалi ўсiх тых, хто iм падаваўся больш дзейным. Мiж арыштаванымi быў i а. Неманцэвiч. Прысуд яму быў 6 месяцаў турмы, якiя ён адбываў спачатку ў петраградзкай турме, а потым у маскоўскай.
Падчас свайго кароткага прабываньня ў Маскве а. Антонi быў назначаны вiкарыем мiжнароднае каталiцкае парахвii апосталаў Пятра й Паўла. Там жа ў Маскве ён зьбiраў беларусаў i гаварыў да iх казаньнi па-беларуску. На адным з такiх казаньняў прысутнiчала жонка расейскага ўсходне-каталiцкага сьвятара а. Абрыкосава й потым пiсала ў Рым да Валконскае, што ён гаварыў «на ломаном русском языке». Дзеля сваёй актыўнасьцi ў Маскве а. Неманцэвiч быў пад заўсёдным наглядам савецкiх агэнтаў. Летам 1923 г. ён быў зноў арыштаваны й прабыў за кратамi ажно да пачатку 1925 г., калi быў вывезены ў Польшчу ў форме вымены на палiтычных вязьняў. Але ў гэтай краiне ён затрымаўся ненадоўга, бо ў тым самым 1925 г. выехаў у Рым для студый ва Ўсходнiм Iнстытуце, дзе здабыў тытул доктара тэалёгii. Навуковую дысэртацыю напiсаў на тэму «Бальшавiцкае заканадаўства адносна рэлiгiйнага й маральнага ўзгадаваньня дзяцей у параўнаньнi да Божага, натуральнага й аб'яўленага права». Абарона дысэртацыi адбылася 2 лiпеня 1927 г.
Падчас сваiх студый у Рыме а. Неманцэвiч пазнаёмiўся блiжэй з айцамi езуiтамi, якiя кiравалi Ўсходнiм Iнстытутам. Якраз тады ў Iнстытуце былi частыя гутаркi аб Беларусi, бо ад 1924 г. езуiты мелi ў Альбэртыне ўсходне-каталiцкую пляцоўку й навiцыят. Вярнуўшыся з Рыму, а. Неманцэвiч актыўна ўключаецца ў вунiйную працу й 13 верасьня 1929 г. уступае ў езуiцкi навiцыят у Альбэртыне ўва ўсходнiм абрадзе.
Ужо ў навiцыяце а. Неманцэвiч вучыць чужанецкiх сьвятароў беларускае мовы. Пасьля адбыцьця навiцыяту ён назначаны парахам усходне-каталiцкае парахвii ў Альбэртыне й рэдактарам беларускага рэлiгiйнага часапiсу «Да злучэньня», першы нумар якога выйшаў у студзенi 1932 г.
Дзеля актыўнага ўдзелу ў вунiйнай працы а. Неманцэвiча запрасiлi прачытаць рэфэрат на Трэцяй Вунiйнай Канфэрэнцыi ў Пiнску ў 1932 г., але пару дзён перад адкрыцьцём канфэрэнцыi яму было загадана ператлумачыць рэфэрат зь беларускае мовы на польскую. Абураны гэтым фактам, а. Нэманцэвiч адмаўляецца ад удзелу ў наступных канфэрэнцыях. Як пакараньне за беларускасьць, у 1933 г. яго пераносяць з Альбэртына ў недалёкiя Сынкавiчы на становiшча параха, а на наступны год – у Дубно, на пасаду прафэсара пастырскае тэалёгii ў тамтэйшай Папскай Сэмiнарыi. Тым часам умовы вунiйнае працы ставалiся ўсё цяжэйшымi. Ад 1932 г. на абшары Заходняе Беларусi не адчынена нiводнае новае вунiйнае пляцоўкi, некаторыя нават былi зачыненыя, у 1938 г. быў спынены друк часапiсу «Да злучэньня». Нацiск польскае адмiнiстрацыi быў такi моцны, што аднойчы апостальскi нунцый заявiў: «На абшарах усходнiх крэсаў пануе стан рэлiгiйнага перасьледу».
А. Неманцэвiч пераносiць сваю дзейнасьць у тыя месцы, дзе яна яшчэ была не зусiм абмежаваная. На пачатку 1939 г. ён арганiзуе ў Варшаве выданьне новага часапiсу «Злучэньне». У гэтай працы яму дапамагалi беларускiя студэнты – трэба заўважыць, што па веравызнаньню яны былi амаль усе праваслаўныя. Выхад часапiсу спынiла Другая Сусьветная вайна.
I так цяжкая праца на рэлiгiйнай нiве сталася яшчэ цяжэйшаю пачынаючы ад верасьня 1939 г., калi Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. Але i ў гэтых цяжкiх умовах а. Неманцэвiч не спыняў сваёй дзейнасьцi. У тым часе, карыстаючыся зь зьмены ўлады львоўскi грэка-каталiцкi мэтрапалiт Андрэй Шэптыцкi скарыстаў з сваiх паўнамоцтваў, якiя меў яшчэ з 18 лютага 1908 г. ад папы Пiя Х, і ўтварыў 9 кастрычнiка 1939 г. чатыры ўсходне-каталiцкiя экзархаты на абшары былое Расейскае Iмпэрыi, у тым лiку Беларускi экзархат, назначаючы а. Антона Неманцэвiча экзархам.
Гэтае новае становiшча было спалучанае ня толькi зь вялiкiмi цяжкасьцямi, але вымагала так жа заўсёднае гатоўнасьцi да найбольшых ахвяраў, бо экзархаты тварылiся ў вялiкiм сакрэце. Дзеля гэтага на ўсякi выпадак а. Неманцэвiч назначыў сабе двух намесьнiкаў i адбыў зь iмi кароткую нараду. Адбылося гэта 20 чэрвеня 1940 г. у адной з усходне-каталiцкiх парахвiяў.
Падчас першых крокаў свае працы ўсе нованазначаныя экзархi пераканалiся ў неабходнасьцi неадкладнага вырашэньня шматлiкiх кананiчных i практычных пытаньняў. З гэтаю мэтаю ў Львове адбылiся два саборы экзархаў: першы ў верасьнi 1940 г., а другi ў чэрвенi 1941 г. На другiм саборы а. Неманцэвiч быў ужо не адзiн, а са сваiмi намесьнiкамi. Пастановы тых сабораў папа Пiй ХII зацьвердзiў 22 кастрычнiка 1942 г.
Калi ж у чэрвенi 1941 г. Беларусь i Ўкраiну занялi немцы, украiнскi й валынскi экзархi выйшлi з укрыцьця й пачалi разгортваць сваю дзейнасьць. Даведаўшыся аб гэтым, а. Неманцэвiч таксама распачаў стараньнi перад нямецкiмi акупацыйнымi ўладамi аб легалiзацыi Беларускага Экзархату. Ён выслаў лiст у Менск 3 студзеня 1942 г. Генэральны камiсар Беларусi, хоць i неахвотна, але ў сакавiку таго ж году выдаў дазвол экзарху на легальную дзейнасьць. Тады а. Неманцэвiч зьвярнуўся да Вiленскага, Палескага й Падляскага бiскупаў у справе пераняцьця кiраўнiцтва над усходне-каталiцкiмi парахвiямi; зь Вiльнi й Пiнску хутка атрымаў прыхiльныя адказы, а ў Падляскай дыяцэзіi ад 1939 г. бiскупа не было, таму справа тамтэйшых парахвiяў засталася нявырашанай.
На парадку дня дзейнасьцi экзархату стаялi такiя важныя пытаньнi, як арганiзацыя духоўнае сэмiнарыi, духоўнае кансысторыi, друкаваньне богаслужэбных кнiгаў i рэлiгiйнае лiтаратуры. Але для вырашэньня гэтых пытаньняў не хапала адпаведных кадраў.
Аб iснаваньнi Беларускага Усходне-Каталiцкага Экзархату падаў да агульнага ведама а. Неманцэвiч сваiм пастырскiм лiстом на Вялiкдзень 5 красавiка 1942 г. У гэтым лiсьце ён зьвяртаўся да ўсяго беларускага народу. Вестку аб утварэньнi Экзархату падала да агульнага ведама таксама «Баранавiцкая газэта», а зь яе перадрукавала нават бэрлiнская беларуская газэта «Ранiца», падаючы кароткiя весткi аб асобе а. Неманцэвiча й аб тым, што ў Экзархаце ўрадаваю моваю ёсьць беларуская мова. Дзеля нястачы духавенства ўсю арганiзацыйную працу выконваў сам а. Неманцэвiч. Гэта змушала яго да частых падарожжаў, але якраз перамяшчэньне для неваенных асобаў было вельмi абмежаванае, таму прыходзiлася карыстацца толькi прынагоднымi магчымасьцямi выездаў.
У 1942 г. у Слонiме пачалiся расстрэлы каталiцкага духавенства. На жаль, i супраць а. Неманцэвiча распачалiся iнтрыгi й даносы з боку польскiх i расейскiх сьвятароў, а таксама некаторых беларускiх праваслаўных дзеячоў. Гэтая акалiчнасьць змушала быць больш асьцярожным у сваёй дзейнасьцi, але а. Неманцэвiч не спыняў сваёй працы. Ён заснаваў Апостальства Малiтвы за Беларусь, да якога спачатку належалi толькi сьвятары, а потым далучылiся й сьвецкiя. А. Неманцэвiч зьбiраў сясьцёр скрытак, якiя жадалi б працаваць у беларускiх сiрацiнцах.
У чэрвенi 1942 г. а. Неманцэвiч па справах экзархату мусiў зьезьдзiць у Львоў да мiтрапалiта Шэптыцкага. Падарожжа трывала два тыднi, але не прынесла нiчога суцяшальнага, бо ў Львова кантакт з Рымам быў толькi прынагодны й толькi аднабочны, бо на лiсты, што дасылалiся ў Рым, не было адказаў. Зь iншых экзархатаў таксама былi адно сумныя весткi: украiнскi экзарх быў вымушаны пакiнуць Кiеў, а дзейнасьць мiтрапалiта была моцна абмежаваная.
4 лiпеня 1942 г. перад брамаю Альбэртынскага манастыра спынiлася аўта з гестапаўцамi. Яны «прасiлi» а. Неманцэвiча паехаць зь iмi ў Слонiм, пры тым яму не дазволена было ўзяць з сабою нiякiх рэчаў: маўляў, яго клiчуць толькi для некаторых выясьненьняў. З Слонiму экзарха адразу перавезьлi ў Баранавiчы. Але й тут ён пабыў толькi адзiн дзень i быў адпраўлены ў Менск, дзе таксама заставаўся непрацяглы час (толькi аднойчы ў турме ўзялi пасылку на ягонае iмя).
З боку сьвецкiх i рэлiгiйных дзеячоў рабiлася шмат стараньняў вызвалiць а. Немацэвiча. Нават некаторыя высокапастаўленыя нямецкiя афiцэры ўзялiся дапамагчы: у верасьнi 1942 г. адзiн палкоўнiк зь нямецкае Галоўнае Ваеннае Кватэры, будучы ў Баранавiчах, запэўнiваў намесьнiка экзарха, што а. Неманцэвiч будзе хутка вызвалены.
Але замест абяцанага вызваленьня экзарха гестапа прысьпешаным тэмпам праводзiла поўную лiквiдацыю Экзархату. Калi напрыканцы верасьня таго ж году зьявiўся ў Альбэртыне другi намесьнiк экзарха, каб прынамсi часова абслугоўваць тамтэйшую парахвiю, у слонiмскiм гэбiтскамiсарыяце яму было загадана неадкладна вярнуцца, а за невыкананьне загаду недвухсэнсоўна пагражалi пакараньнем. Празь некалькi тыдняў значная частка альбэртынскiх парахвiянаў была вывезеная ў Нямеччыну, а сьвятыня зачыненая.
Дзе й як загiнуў а. Неманцэвiч, да гэтага часу не ўдалося атрымаць пэўных зьвестак, хоць у гэтым кiрунку было зроблена нямала. У 1943 г. мiтрапалiт Шэптыцкi афiцыйна зьвяртаўся да кампэтэнтных установаў з запытаньнем аб лёсе экзарха. У лiстападзе 1943 г. атрымаў афiцыяльны адказ з Галоўнае Кватэры Бясьпекi ў Бэрлiне, што а. Неманцэвiч памёр на плямiсты тыф у пачатку 1943 г., а нямецкi бiскуп Гэнрык Вiнкэн, якi быў пасрэднiкам мiж нямецкiмi бiскупамi i ўрадам, з тае ж установы атрымаў адказ на некалькi месяцаў пазьней, што а. Неманцэвiч памёр на тыф напрыканцы 1942 г.
Ад часу беларускага адраджэнскага рэлiгiйнага жыцьця а. Неманцэвiч быў першым беларускiм сьвятаром, якi ўвайшоў у шэрагi каталiцкае гіерархii й на гэтым становiшчы выявiў сваю велiч i бязьмежную любоў да беларускага народу й да канца выканаў свой абавязак ды завяршыў сваё жыцьцё найбольшым выявам любовi, бо аддаў сваё жыцьцё за сваiх вернiкаў i за беларускi народ.

Тамаш Трызна

Мiж малаведамых, але вельмi ахвярных беларускiх сьвецкiх рэлiгiйных дзячоў ёсьць ўся сям'я Тамаша Трызны з Жодзiшкаў Смаргонскага павету. Тамаш Трызна паходзiў з старое беларускае шляхоцкае сям'i. Ягоныя прадзеды бралi актыўны ўдзел у дзяржаўным жыцьці Вялiкага Княства Лiтоўскага. Ужо з маладых гадоў Тамаш стаўся актыўным беларускiм дзеячам i належаў да Беларускае Хрысьцiянскае Дэмакратыi.
Калi ў 1924 г. у Жодзiшкi быў назначаны парахам кс. Гадлеўскi, дык для яго Тамаш Трызна быў добрым арганiстам, супрацоўнiкам i нават шчырым прыяцелем. Пад ягоным кiраўнiцтвам хор выконваў ня толькi лiтургiчныя, але й беларускiя рэлiгiйныя песьнi. Калi потым на месца кс. Гадлеўскага вiленская духоўная ўлада прыслала ксяндза-паляка, Тамаш разам з большасьцю жыхароў застаўся верным сваiм нацыянальным iдэалам. Такую ж паставу ён цьвёрда захоўваў i ў часе Другое Сусьветнае вайны.
У 1943 г. на Жодзiшкi напаў партызанскi аддзел пад кiраўнiцтвам Дубаневiча, якi вымардаваў усю сям'ю Трызны, хоць яны нiколi супраць партызанаў не выступалi, не вялi анiякай антысавецкай дзейнасьцi. Вiдаць, для партызанаў было злачынствам ужо тое, што Тамаш Трызна быў сьведамым беларусам-каталiкам.

Адольф Клiмовiч

На беларускай рэлiгiйнай нiве значны сьлед сваёю ахвярнаю працаю пакiнулi ня толькi сьвятары, але й сьвецкiя дзеячы. Перад Другою Сусьветнаю вайною ў Заходняй Беларусi было шырока ведамае iмя iнжынера Адольфа Клiмовiча.
Нарадзiўся Адольф Клiмовiч 5 траўня 1900 г. у сялянскай сям'i каля Сьвянцянаў. Па сканчэньнi сярэдняе школы ў Вiльнi ён паехаў у Прагу-Чэскую, бо якраз у тым часе чэскi ўрад прызнаў вялiкую колькасьць стыпэндыяў для беларусаў i ўкраiнцаў. Тут ён студыяваў земляробства ў Сельскагаспадарчай Акадэмii ў Падэбрадах. Ужо будучы студэнтам ён актыўна супрацоўнiчаў зь беларускiмi незалежнiцкiмi й рэлiгiйнымi арганiзацыямi, дасылаў матэрыялы ў беларускiя газэты й часапiсы, трымаў лучнасьць зь беларускiмi незалежнiцкiмi дзеячамi. Ён быў таксама актыўным сябрам Беларускага Студэнцкага Згуртаваньня ў Чэхаславаччыне й належаў да iнiцыятараў стварэньня цэнтральнае беларускае студэнцкае арганiзацыi – Аб'еднаньня Беларускiх Студэнцкiх арганiзацыяў (АБСА), у склад якое ўвайшлi студэнты зь Вiльнi, Варшавы, Прагi. А. Клiмовiч быў першым старшынём гэтае арганiзацыi; ён жа па-француску выдаў бюлетэнь АБСА для iнфармацыi Мiжнароднага Студэнцкага Кангрэсу.
Закончыўшы студыi ў Сельскагаспадарчай Акадэмii з тытулам iнжынера-агранома, А. Клiмовiч вярнуўся ў Вiльню каля 1926 г. і далучыўся да працы беларускiх арганiзацыяў: стаўся сябрам Беларускае Хрысьцiянскае Дэмакратыi. Ён стаецца правай рукою кс. Адама Станкевiча, належыць да ўправы Беларускага Iнстытуту Гаспадаркi й Культуры й да ўправы Беларускага Нацыянальнага Камiтэту ў Вiльнi, пачынае выдаваць сельскагаспадарчы й каапэратыўны месячны часапiс «Самапомач», пiша артыкулы ў «Беларускую крынiцу», у «Хрысьцiянскую думку», якую ад 1928 г. рэдагаваў кс. Станкевiч. Пасьля сьмерцi арганiста пры касьцёле сьв. Мiкалая Альбiна Стэповiча пераймае кiраўнiцтва беларускага касьцёльнага хору. Наагул у тым часе не было нiводнае беларускае культурнае й рэлiгiйнае дзейнасьцi ў Заходняй Беларусi, у якой бы ня браў удзел Клiмовiч.
У апошнiя пару перадваенных гадоў акупацыйная польская ўлада ўзьняла востры паход супраць усяго беларускага. На падставе абвiнавачваньня ў супрацоўнiцтве з камунiстамi 28 лiстапада 1938 г. польскія ўлады выслалi зь Вiльнi ксяндзоў Адама Станкевiча, Уладыслава Талочку, а зь iмi А. Клiмовiча. Але й на гэтым улады не спынiлiся: перад самаю вайною яго выслалi ў канцэнтрацыйны лягер у Картускую Бярозу. На шчасьце, гэта трывала нядоўга.
Калi нямецкiя войскi акупавалi Беларусь, Клiмовiч вярнуўся ў Вiльню, але падобна як кс. Станкевiч, не ішоў у нiякае супрацоўнiцтва зь нямецкаю ўладаю. Але ў Вiленшчыне й асаблiва ў Лiдчыне адразу пайшлi на супрацоўнiцтва зь немцамi былыя польскiя ўрадоўцы, якiя пры дапамозе акупацыйных войскаў пачалi вынiшчаць сьведамых беларусаў. Становiшча было трагiчнае. Каб ратаваць ад вынiшчэньня беларускi актыў, вiленскiя беларусы зарганiзавалi Беларускi Камiтэт. На просьбу Камiтэту Клiмовiч згадзiўся паехаць у Лiду працаваць перакладчыкам, бо добра ведаў нямецкую мову. I сапраўды, ён шмат каго выратаваў, але за гэта з прыходам савецкiх войскаў быў асуджаны на 25 гадоў катаржных работ. Пасьля звальненьня зь лягеру ён працаваў арганiстам у кс. Вiктара Шутовiча ў Барысаве. А па сьмерцi кс. Шутовiча прыехаў у Вiльню да свае сям'i й працаваў тут да самай сьмерцi арганiстам пры касьцёле на Зьвярынцы.
Летувiскiя ксяндзы, якiя адпраўлялi хаўтуры, казалi: Адольф Клiмовiч адышоў з гэтага сьвету ў стане Божае ласкi.

Станiслаў Грынкевiч

Доктар мэдыцыны Станiслаў Грынкевiч (старэйшы) нарадзiўся ў 1901 г. у Сакольшчыне ў сялянскай сям'i, зь якое выйшаў ведамы беларускi рэлiгiйны дзеяч кс. Францiшак Грынкевiч (1884–1933), дзядзька Станiслава. Праўдападобна, пад уплывам дзядзькi Станiслаў, скончыўшы гiмназію, уступiў у Вiленскую Каталiцкую Духоўную Сэмiнарыю. Закончыў яе вельмi добра, але на ксяндза ня высьвяцiўся. Аб прычынах, чаму так сталася, у яго нiколi не пыталiся нават ягоныя прыяцелi, але яны здагадвалiся, што прычынаю была няпрыязная для беларускасьцi атмасфэра клеру й прафэсараў сэмiнарыi.
Зрокшыся сьвятарства, Станiслаў уступiў на мэдыцынскi факультэт Вiленскага Ўнiвэрсытэту, а пасьля спэцыялiзаваўся ў галiне псыхiятрыi й нэўралёгii. У сваёй фаховай практыцы ён паказаў сябе вельмi здольным лекарам. Працаваў спачатку ў прыходнi, а пасьля ў шпiталю для псыхiчна хворых у Харошчы каля Беластоку. Сваю лекарскую працу ён спалучаў зь беларускаю рэлiгiйнаю й грамадзкаю працаю, часта пiсаў на рэлiгiйныя тэмы, рабiў пераклады ведамых рэлiгiйных твораў, сярод якiх асаблiва заслугоўвае на ўвагу пераклад твору сусьветнае славы Тамаша Кэмпiйскага «Сьледам за Хрыстом».
На трэцi дзень пасьля заняцьця Вiльнi савецкiмi войскамi да Грынкевiчаў зьявiлася ўзброеная контрразьведка й арыштавала Станiслава ды завезла яго ў Менск.
Далейшы ягоны лёс невядомы. Неафiцыйна кружылi пагалоскi, што нiбыта памёр ён ад дызынтэрыi. Але нават ягоная жонка ня ведала даты сьмерцi мужа.