Апалёнiя Савёнак

У даведнiку «Беларускiя пiсьменнiкi» Апалёнii Савёнак не прысьвечана пэрсанальнага артыкулу, хоць iмя згадваецца – у прыватнасьцi, як аўтаркi рэцэнзii на кнiгу А. Дыла (псэўдонiм Язэпа Дылы) «Фабрыка “Акцябр”». Мiж тым ейная дачка Зора Кiпель зазначае ва ўспамiнах на 10-я ўгодкi сьмерцi А. Савёнак:
Дваццатыя й пачаткi трыццатых гадоў былi плённыя ў жыцьцi Апалёнii – яна шмат працавала ў пэдагагiчнай галiне, пiсала, публiкавала. Цяпер пераглядаючы «Летапiс Беларускага друку» за тыя гады натрапiла больш за паўтузiны кнiжак, якiя мама напiсала цi то сама, цi то ў супрацоўнiцтве зь iншымi пэдагогамi.
У 1946 годзе выдала першы на эмiграцыi Беларускi Лемантар, на якiм соткi дзяцей, а нават i дарослых, вывучалi беларускую мову».
Згаданыя ўспамiны З. Кiпель – дастатковы матэрыял для біяграфічнаслоўнiкавага артыкулу пра Апалёнiю Савёнак (што й засьведчыла кнiга Я. Максiмюка пра Беларускую Гiмназiю ў Заходняй Нямеччыне, у якой прыводзiцца гэтая бiяграфiя). Таму тут хацелася б зьвярнуць увагу на iншыя моманты.
Першы – творчы даробак Апалёнii Савёнак на эмiграцыi, якi хоць i не атрымаў такога кнiжнага завяршэньня, як на Беларусi цi ў лягерох ДП, але ня менш значны. Маюцца на ўвазе ўспамiны, што звычайна падпiсавалiся крыптонiмам А. С., пра даваеннае жыцьце ў Менску, пра Янку Купалу, Купалiху: «Калiсьцi ў Менску», «На Лысай Гары», «Пачаткi беларускага школьнiцтва ў Менску», а таксама пераклад малiтваў, ружанцоў на беларускую мову:
Усе сьвятыя Апосталы й Эвангелiсты, прапаведнiкi, мiсіянэры, духоўныя, усе мучанiкi за веру Хрыстову, усе, напоўненыя Духам Сьвятым, – накiруйце сiлу сваёй малiтвы на дапамогу тэй краiне, якая аддадзена духу зла, помсты, нянавiсьцi, змаганьня.
Другi – перахоўваньне спадчыны свайго мужа, Лявона Савёнка – караля беларускага фэльетону 1920-х гадоў. Апалёнii мы абавязаны й пранiкнёнымi словамi-ўспамiнамi пра яго:
Аб памерлых або добра, або нiчога – гэты афарызм вынiк не з мудраваньня якой-небудзь аднэй асобы, а з нагляданьня вякамi вялiкай тайнiцы сьмерцi. Вiдаць, калi душа чалавека вылушчваецца зь цялеснай лупсiны, распускаецца, вырастае, расьцьвiтае, скiдае зь сябе ўсё шалудзiвае, што трымала да пары да часу ў сваiх пялёнах. I нейкiм, ня ведамым нам парадкам гэтая душа дае нам пачуць сапраўдную, прыгожую, боскую сутнасьць яе. Усе жыцьцёвыя дробязi й непаразуменьнi драбнеюць, бляднеюць, зьнiкаюць перад аблiччам гэтага росквiту душы, як цемра перад аблiччам сонечных праменьняў.
I вось у гэтым асьвятленьнi вырастае чалавек вясёлай жыцьцярадаснай душы, шырокай на дружбу, дабро й спагаду да людзей, да Бацькаўшчыны, да ўсяго добрага, чалавечага. Заўсёды вясёлы, заўсёды сяброўскi й зычлiвы. Да такой ступенi Беларус, што не было для яго падзелу на ўсходнiкаў i заходнiкаў, на крывiчоў i зарубежнiкаў, на БЦР i БНР. Нiколi мiж намi не было нязгоды ў пытаньнях веравызнаньня: актыўны ўдзельнiк утварэньня БАПЦ, гарачы й пасьлядоўны прыхiльнiк аўтакефалii, Лявон быў, як i ягоныя продкi, вунiятам. У нас у хаце было дзьве Куцьцi й два Вялiкадні. На першую Куцьцю чыталi купалаўскую «На Куцьцю», на другую – коласаўскую з «Новай зямлi» «Куцьцю». (Мы шмат чыталi ўголас, асаблiва ў апошнiя гады: чытаньне ўголас дапамагло скарацiць цяжкiя днi выпрабаваньняў – Лявон любiў слухаць i забываўся на боль, на сваю хваробу. Гэтае чытаньне ўголас з затрымкамi, разважаньнямi дало нам вельмi многа радасьцi, адпачынку й думак). Лявон быў вясёлы. Умеў сам цешыцца з жыцьця й пацешыць другiх у самыя цяжкiя часы сваiм пiсьменьнiцкiм талентам гумарыста. У савецкi час ў газэце «Савецкая Беларусь» ягоныя фэльетоны чыталiся з захапленьнем. Сам Купала, прыходзячы ў рэдакцыю, пытаўся, цi ёсьць сёньня Лявон у газэце. На жаль, у зборнiк Лявона «Чароўная iголка» ўвайшлi па зразумелых прычынах толькi самыя бяскрыўдныя фэльетоны. А й то цiкавы зборнiк атрымаўся. Рэшта так i разгубiлася з арыштам i высылкай у Сыбiр. Здавалася б, гэты жартаўлiвы чалавек ня дужа моцны, але гэта быў чалавек, ператрываўшы шэсьць год савецкай турмы й ссылкi, нiкога ня выдаў, ня здрадзiў i нават там пры допытах сваiм гумарам i жартам патрапiў адвесьцi небясьпеку ад прыяцеляў.
У цяжкi час нямецкай акупацыi ягоныя фэльетоны ў «Беларускай газэце» зьяўлялiся аддушынай, подыхам сьвежага паветра, выклiкалi сьмех на змучаных тварах. Iх чакалi й чыталi, хоць крыху бачачы сьмешнасьць i мiзэрнасьць тэй рэчаiснасьцi, якая была сапраўды чорнай – так цiснула, што, здавалася, канца краю ёй ня будзе. I з напiсанага ў тыя часы амаль усё загiнула: эвакуацыя, лягеры ДП. Але нешта засталося. I гэта абавязкова трэба выдаць».
Кнiга Лявона Савёнка «Беларусiзацыя пад №» выйшла ў 1998 г. За вяртаньне гэтага пiсьменьнiцкага імя ў беларускую лiтаратуру мусiм быць удзячнымi й А. Савёнак. I было б цалкам лягiчна, каб з часам пабачыла сьвет кнiга ўспамiнаў самой Апалёнii, а ейная пэдагагiчная дзейнасьць сталася прадметам досьледаў i перайманьня.

Апалёнiя САВЁНАК

ПРЫПАМIНАЮ

У 1917 годзе ў Менску сярод беларускай грамадзкасьцi зьявiлася новая постаць. Гарун вярнуўся. Алесь Гарун вярнуўся з расейскай турмы. – Хворы, сухотнiк, – шапнула сяму-таму Ванда Лявiцкая.
Высокi, але сутулiўся, цi то ад болю ў грудзях, цi ад высокага росту. Нейкi ясны: сьветлыя валасы, у белай кужэльнай кашулi, падпаясанай звыклым беларускiм паяском, бледнае аблiчча, такая ж бледная ледзь значная усьмешка ды.. зоры ў вачох. Ня ведаю, цi захавалася ў каго ягонае фота: ён быў вельмi сьцiплы й не любiў даваць сваiх картак. Тварам неяк нагадваў партрэт Дастаеўскага пасьля турмы, толькi Алесь быў маладзейшы, прыгажэйшы ды нейкi наскрозь сьвятляны.
Вось i разьбярыся тут: хворы-сухотнiк, у цяжкiм, зусiм цяжкiм матэрыяльным стане, а з вачэй праменiцца сiла й нейкая высотнасьць. I псэўданiм сабе выбраў зусiм адпаведны – Гарун. З аднаго боку, глынуўшы гора аж досыць, з другога боку – гарыць-палымнее любоўю да людзей, да бацькаўшчыны, трэцяе – думкамi лунае па-над гарамi, у паднябесьсi. Гэтыя праменнасьць, высотнасьць i патрыятызм ягонае душы iскрыцца ў кожным ягоным вершы. Бяры як хочаш – Гарун.
Верш «Ты, мой брат, каго зваць беларусам» на тую пару нацыянальнага прабуджэньня i ўсьведамленьня быў проста праграмным, як купалаўскi «Ворагам Беларушчыны», ды дэклямаваўся на сцэне Аматарскага Тэатру, у гуртках моладзi – i заўсёды зь вялiкiм уздымам выканаўцаў i слухачоў.
На зборках моладзi Аркадзь Смолiч любiў дэклямаваць – i рабiў гэта сапраўды мастацка, – Гаруновы «Часам я ноччу сны дзiўныя бачу» й «Як надорыцца мiнута». У беларускiх школах, толькi што тады адчыненых (1918 год) вершы Гаруна поруч з купалаўскiмi, коласаўскiмi ды багдановiчаўскімi былi праўдзiвым скарбам для настаўнiкаў, бо мы ня мелi тады яшчэ школьных падручнiкаў, апрача коласаўскага «Другога чытаньня», i то абмежаванай колькасьцi. Некаторыя з твораў Алеся сьпявалi на вечарынах i ў школах, саматугам падбiраючы мэлёдыi, на што асаблiва былi майстрамi Паўлiнка Мядзёлка й Ванда Лявiцкая.
Найбольш скандэнсавана выказаў Гарун сваю, ня гэтага сьвету, душу ў вершы «Заручыўся ўжо з трыма». На шчырыя прыхiльныя адносiны аднэй агульнашанаванай у беларускай грамадзкасьцi паненкi Гарун адказаў вершам, што ён навек заручыўся з трыма.
Першая – Беларусь. Гарун ёй аддае ўсё жыцьцё, усе здольнасьцi. Уся ягоная лiрычна-патрыятычная творчасьць выражае гарачае замiлаваньне да гэтай першай. Другая – Матка. Матка была для яго самае сьвятое, што было ў гэтай Беларусi. Свой першы зборнiк Гарун прысьвячае ёй ды называе «Матчын дар». Матка праз усё ягонае кароткае жыцьцё была для яго й сонечным шчасьцем i глыбокiм мучэньнем, бо ён так i ня змог, хоць усёй душой iмкнуўся, даць ёй спакойную старасьць – яго забрала трэцяя, зь якой ён заручыўся – магiла, сырая зямелька. Будучы цяжка, а на той час невылечна, хворым на сухоты (Антон Адамовiч неяк сказаў, што сухоты– гэта прывiлей нашых паэтаў), Гарун ведаў, што канец блiзка, i гэтай трэцяй не мiнеш.
Алесь Гарун як сябра Беларускай Вайсковай Рады мусiў пакiнуць Менск пры наступе бальшавiкоў. Разлучаны зь першымi дзьвюма, ён навякi паяднаўся з трэцяй, там, дзесь на чужыне.
Але галоўнае тое, што ён, нягледзячы на вельмi цяжкi матэрыяльны стан ды на сьмяротную хваробу, пакiнуў нам у сваiх творах праменную радасьць жыцьця, любоў да Бацькаўшчыны, заклiк да адбудовы нашай дзяржаўнасьцi. Адкуль узялiся ў яго, сына беднай удавы, што зарабляла на хлеб мыцьцём бялiзны, гэткiя то пяшчотныя, то велiчныя словы, якiмi ён перадаў свае думкi-летуценьнi ды патрапiў закрануць у чытачоў лепшыя пачуцьцi, звонкiя струны душы: «Думкi-дыямэнты, краскi жыцьця, песьнi – вас гэтак люблю»...
Больш як вершы Алеся Гаруна я любiла дэклямаваць хiба толькi вершы Янкi Купалы. З творчасьцю Янкi Купалы я пазнаёмiлася чатырнаццацiгадовай дзяўчынкай праз Ванду Лявiцкую, якая давала мне чытаць «Шляхам жыцьця». З гэтай кнiгi я дэклямавала на вечарынах моладзi, «суботнiках», у «Беларускай хатцы», якая мясьцiлася на Захараўскай вулiцы. Пасьлей, калi браты Ждановiчы зарганiзавалi Беларускi Аматарскi Тэатар, названы потым Таварыствам Беларускай Драмы й Камэдыi, мы, моладзь зборак-суботнiкаў, улiлiся ў яе як хор i танцавальная група. У рэпэртуары тэатру нязьменна й заўсёды на першым месцы была «Паўлiнка».
У вандроўках па Беларусi (Тэатар пабываў тады ў Магiлёве, Слуцку, Бабруйску, Радашковiчах) спэктаклi складалiся з драматычнай пастаноўкi й дывэртысмэнту. З драматычных твораў, акрамя «Паўлiнкi», ставiлi «Моднага шляхцюка» Каганца, «У зiмовы вечар» Элiзы Арэшкi, «Пашылiся ў дурнi». А абавязковы дывэртысмэнт – сьпевы, танцы, дэклямацыя, музыка. Гэта была вельмi важная частка спэктаклю, бо ў ёй мела месца народная песьня й танцы ды шырылася нацыянальная сьведамасьць праз дэклямацыi твораў нашых пiсьменьнiкаў. Найчасьцей я дэклямавала з твораў Алеся Гаруна й Янкi Купалы.
Так i расла, вучачыся ў рускай школе, а выхоўваючыся ў беларускай грамадзе. Калi ў 1918 годзе адчынiлiся беларускiя школы, я была якраз скончыўшы кароткатэрмiновыя настаўнiцкiя курсы (мiж iншага, гэтыя курсы з красавiка па верасень 1918 годзе скончыла Ванда Лёсiк, Стэфа Шыманская, Вера Каралецкая). I была далучаная да групы першых беларускiх настаўнiкаў, хоць мела тады толькi сямнаццаць гадоў. Неспрактыкаванай маладой настаўнiцай (некаторыя вучнi былi ад мяне большыя ростам), без падручнiкаў. У нашай пачатковай школе №22 на рагу Аляксандраўскай i Старажоўскай працавалi, акрамя мяне, Макар Краўцоў, Апалёнiя Гiркант. Яны мне вельмi памагалi ў працы, а таксама даў знаць мой удзел у Тэатры. Скончыўшы, як магла, урокi арытмэтыкi, я расказвала вучням, што сама любiла й ведала, сьпявала беларускiя песьнi – у дадатак да тых школьных, што саматугам ператлумачвала на беларускую мову, на лекцыях спорту вучыла танцаваць нашыя танцы.
Восень 1920 году. Мая група ў школе 3-я, мае больш урокаў, i пасьля таго, як малодшыя клясы скончылi заняткi, я маю яшчэ лекцыю сьпеваў. Адна кляса на ўсю школу – радасьць, прастор, свабода. Надвор'е цудоўнае, вокны адчынены, i вучнi, а мо найбольш я сама, цешымся з магчымасьцi пасьпяваць на поўны голас. Раптам дзьверы прыадчыняюцца – i ўваходзiць Купалiха.
– О, выбачайце, я праходзiла мiма, тут поруч дзiцячы садок. Новы, зусiм блiзка. Я iнструктар. Чую беларускiя песьнi – i вось заскочыла паглядзець. Можна?
Пэўна ж, можна! Я падышла да яе, прывiталася, папрасiла сесьцi. Яшчэ прасьпявалi дзьве-тры песьнi, i ўрок скончыўся. Дзецi разьбеглiся.
– Ну, вось i добра, – кажа Купалiха. – А мне трэба ў садок. Можа пройдземся? Гэта зусiм блiзка.
Садок быў праз два дамы, на Старажоўскай вулiцы. Але Купалiха не адразу ўвайшла ў яго. Яна пачала жалiцца, што беларускiя садкi ўсе амаль карыстаюцца расейскаю мовай, выхавальнiцы ня ведаюць беларускай, ня ведаюць нашых песьняў, гульняў.
– Што магу, памагаю, але што тут можна зрабiць, калi ў самiм садку няма на каго абаперцiся. Вось у гэтым садку якраз ёсьць такi чалавек – Марыя Францаўна Бурвель. Але ёй патрэбна ў дапамогу сьведамая беларуска. Ведаеце, школы маюць ужо шмат беларускiх настаўнiкаў. Перайдзiце ў дашкольнае выхаваньне, памажыце беларусiзаваць дзiцячыя садкi.
– Але ж я люблю сваю школу, сваю клясу асаблiва.
– Неяк пагодзiмся. А садок i дашкольнiкаў Вы палюбiце яшчэ болей. Гэта такая цiкавая галiна працы!
Зайшлi ў садок. Прыемна, утульна, чыста. Асаблiва спадабалася загадчыца Марыя Францаўна. Гаварылi, жартавалi, а маё сэрца хiлiлася да гэтай новай незнанай мне працы. Вiдаць, i я зрабiла ўражаньне не найгоршае, бо абедзьве Францаўны пачалi мяне ўгаворваць. Нарэшце дамовiлiся наступным чынам: Купалiха дагаворыцца ў аддзеле асьветы, каб маю клясу перавесьцi на другую зьмену. У садочку буду працаваць зраньня, i мяне будуць адпускаць на гадзiну раней, каб пасьпець у школу. У аддзеле асьветы Купалiха ўсё залагодзiла, i я пачала працаваць – ранiцай ад 8-й да другой гадзiны ў садку, а з другой да 6-й у школе.
Так прайшоў канец 20-га году й пачатак 21-га да канца навучальнага году. На першых парах было так, што, прыйшоўшы ў школу пасьля дзiцячага саду, я адпачывала душою з старэйшымi дзецьмi. Але ў той час школа часта была зачыненая – то з прычыны халадоў, то эпiдэмii, а дзiцячы садок працаваў бесьперабойна. I тады я поўнасьцю магла аддаваць час садку.
Наш садок стаўся першым сапраўдным беларускiм садком. Песенькi сьпявалiся толькi па-беларуску – найчасьцей Коласавы, але былi й Купалавы. Купалiха й я перакладалi з польскай i расейскай моў; потым тыя песьні ўвайшлi ў зборнiк для дашкольнiкаў, што мы ўклалi. Перакладала й апавяданьнi, якiя потым таксама ўвайшлi ў зборнiк апавяданьняў.
Новы 1922 год. Ялiнка – яшчэ не забароненая – у садку на Старажоўскай. Калi бацькi забралi дзетак, у залi засталася групка запрошаных гасьцей – Купалiха з Купалам, Бурвель з мужам, яшчэ некалькi чалавек – кiраўнiкi з аддзелу асьветы. Марыя Францаўна шапнула мне:
– Покуль я буду накрываць на стол да чаю, займайце гасьцей – i шмыгнула ў суседнi пакой. Лёгка было сказаць, займайце. А як?!
Купала зь Лявонам, маiм мужам (якраз восеньню мы ажанiлiся) стаяць каля акна, абапершыся на шырокi падваконьнiк, гутараць, сьмяюцца. Групка гасьцей, акружыўшы Купалiху, сядзяць на маленькiх дзiцячых крэсьлiцах i абмяркоўваюць дзiцячыя сьпевы. I тады я кажу:
– А я таксама хачу засьпяваць песеньку, але не дзiцячую, – i, каб ушанаваць Купалу, пачынаю:
Ня чурайся, дзяўчынка-галубка, мяне!
Пажалей, прыгарнi бедака-сiрату.
Збудзi сэрца, збудзi, хай на век не засьне,
Дабудзь песьню з душы, разганi, разганi цемнату.
Не было мне пацех ад людзей, ад жыцьця;
Не заглянула сонца ў хату маю;
Вiхры гналi-гулi без канца, без жыцьця,
Ажно долю паганую кляў я сваю.
Прасьпявала песьню, а яна доўгая – апошнi радок амаль шэптам дацягнула. Бяз музыкi, седзячы на дзiцячым зэдлiку. Ну, думаю, зараз воплескi будуць, перадыхну. Але тут цiшыня, поўная, мучыцельная цiшыня! Купалiха ратуе сытуацыю: робiць наiўную мiну й пытае:
– А каму ж гэта Купала напiсаў такую прыгожую песьню?
– Як-то каму? Ведама ж, Вам! – радая, што нехта загаварыў, крыху больш чым трэба павышаным голасам адказала я.
– Ой, а я ня ведала. Думала, усiм дзяўчатам.
Зноў змоўклi ўсе. I я чую ад вакна голас Лявона:
– Ну, браток Купала* i ўдзёр жа! За ўсiх закаханых нашых хлапцоў сказаў. Ды як!
– Я й сам дзiўлюся, – шырокая дзiцячая ўсьмешка зацьвiла на Купалавым твары, а ямка на баку падбародка (Купала меў ямку ня ў цэнтры падбародку, як усе, а збоку) заскокала ад цiхага сьмеху (нiколi ня чула, каб Купала сьмяяўся ў голас). Я паклiкала iх да кампанii:
– Хадзеце да нас. Вось цётка Ўладзя ня верыць, што гэты верш быў напiсаны для яе.
– Лявон цьвердзiць, – кажа падыходзячы Купала, – што гэта сказана за ўсiх закаханых беларускiх хлапцоў.
– Ага, значыць, мая праўда. – жыва падхапiла Купалiха. – Верш напiсаны да ўсiх мiлых беларускiх дзяўчатак.
– Але толькi адна можа «дабыць песьню з душы», – паважна адказаў Лявон. I пачалася ажыўленая гутарка аб вечнай праблеме – каханьню, адзiнай iстоце ў жыцьцi кожнага чалавека. I калi Марыя паклiкала ў суседнi пакой на шклянку гарбаты, усе неяк разам паднялiся й не спыняючы гутаркi перайшлi да стала, селi, не зважаючы, дзе хто, думаю, не зьвярнулi нават увагi, шту на тым стале было (сухарыкi, што мы самi сьпяклi, ды цукеркi, таксама намi зробленыя з цукру й какавы). Усе былi захопленыя размоваю, кожны меў што сказаць.
Назаўтра Марыя Францаўна падышла да мяне, пацалавала й кажа:
– Лепей нiхто не патрапiў бы ўшанаваць Купалу.
«Я й сам дзiўлюся» – згадалiся мне Купалавы словы.
Пасьля 1923 году як 8-ы дзiцячы садок стаўся вопытна-паказальным, Купалiха пакiнула iнструктарскую пасаду й перайшла працаваць у садок. Мяне перавялi туды ж, i з гэтай пары мы працавалi разам i часьцей сустракалiся па-за працаю.
Купалаў дом быў самы гасьцiнны сярод беларускае элiты. Часта запрашалiся госьцi, а то й самi прыяцелi-знаёмыя забягалi, хто пажалiцца, хто пахвалiцца, i знаходзiлi ў Купалаў цёплы прыём i чулы ўдзел у сваiх праблемах. Купалiха вельмi любiла садок, сваiх дзетак, але ўсё ж сьпяшалася дадому: «а можа хто заскоча».
Успамiнаецца багата прыемных i значымых вечароў за Купалавым сталом, але адзiн хачу падаць асаблiва.
Пасьля Новага 1926 году. Зiма. Купалы жылi ў сваiм доме на Садовай процi лазьнi. Тым разам сабралiся якраз маладыя. Купалiха рэдка калi сядзела на сваiм месцы, тупала за крэсламi вакол гасьцей: таму падкладала, таму падлiвала, а часам i стрымлiвала. Яна была ўсюды.
Мы нiколi не заўважалi, шту было на стале, чым частавалi. Аснова быць у Купалаў – гэта была гутарка, паважная й жартаўлiвая, ды песьня. Сьпявалi заўсёды: «Ой, расьцьвiла ружа», «Дзеўка ад вады, хлопец да вады», «Баразёнку». Вось пра гэтую «Баразёнку» й хачу расказаць, калi патраплю.
Прасьпявалi мы аднаго разу «Ой, расьцьвiла ружа». Канец яе такi сумны:
Вярнулася жонка дадому,
Вярнулася жонка дадому,
Лыжкi ня мыты, мiскi ўсе пабiты,
А дзецi плачуць на печы.
Стала сумна.. Купала й прапанаваў засьпяваць «Баразёнку»:
Як паслала мяне мацi, як паслала мяне мацi,
Як паслала мяне мацi ядранае жыта жацi.
А я жыта ня жала, а я жыта ня жала,
А я жыта ня жала, у баразёнцы ляжала.
Адкуль узяўся Цiмох, адкуль узяўся Цiмох,
Адкуль узяўся Цiмох ды са мною побач лёг.
Баразёнка вузенька, баразёнка вузенька,
Баразёнка вузенька, не памесьцiлiся.
Летня ноч караценька, летня ноч караценька,
Летня ноч караценька – не нацешылiся.
– А чаго гэта дзядзька Янка ўсьмiхаецца? – крыху кусьлiва выскачыў Ажгiрэй.
Дударок яшчэ шырэй адчынiў свае шырокiя вочы.
– Цешуся! Заўсёды цешуся на гэтую песьню. Як гэта народ патрапiў так далiкатна пажартаваць над сваiмi слабасьцямi. Так лоўка – i сказаў, i не сказаў.
– Пра што не сказаў? – азвалася з другога канца стала Ксенечка, нашая маладзенькая сяброўка.
– Брава! – гаркнуў Кудзелька. – Вось гэта ды мастацтва! Паэт бачыць красу слова, Ажгiрэй сваё, а Ксенiчка пытаецца: што здагадацца?
– Вось гэта дык народны гумар, – падтрымаў размову Лявон сярод агульнага сьмеху, – вучыцца трэба: трапны, дасьцiпны, далiкатны.
Так, тады мы шмат сьмяялiся. А потым былi iншыя часы.

У часе нямецкай акупацыi Менску летам, недзе пад канец чэрвеня 1942 году зусiм нечакана, на ледзь значнай сярод руiн вулiцы, што вяла ад Верхняй Ляхаўкi на вакзальную плошчу, спатыкаю Ганну Луцэвiч, малодшую сястру Янкi Купалы. Нiдзе нi душы. Яна блукала як няпрытомная. У роспачы кiнулася да мяне:
– Сам Бог паслаў мне сустрэць Вас, – ледзь вымавiла ў сьлязах.
Хоць такая роспач была на тую пару звыклай зьявай, аднак у спакойнай Ганны гэта было нешта надзвычайнае.
– Што сталася? – пытаю, моцна абнiмаючы яе й стараючыся супакоiць.
– Мама памёрла. Я ня ведаю, што рабiць, – выцiснула яна, ледзь дыхаючы.
Божа мой! Купалава мацi памерла, а мы ня ведалi нават, што яна жыве тут, у Менску, ня ведалi, як жыве. А Ганна тым часам жалiлася:
– Ня ведаю, як дабыць дамавiну, выкапаць дол. Нiчога ня ведаю! I сёстрам як пераказаць – ня ведаю.
– Супакойцеся, пачакайце, падумаем, можа, як-небудзь зарадзiм, – і павяла яе ў рэдакцыю «Беларускай газэты».
Па дарозе Ганна расказала, што жылi з маткай на Грушаўскiм пасёлку, што пераказаць сёстрам яна ня мае нiякай магчымасьцi, што матэрыяльна яны маюцца вельмi слаба.
У рэдакцыi, як даведалiся аб сьмерцi Купалавай маткi, узялiся зрабiць самае неабходнае, што можна было ў тых варунках: зрабiць дамавiну, раздабыць транспарт, дастаць дазвол на пахаваньне, на месца на могiлках, выкапаць дол. На тую пару гэта былi ня лёгкiя справы. Хто й якiм спосабам заняўся гэтым, ня ведаю, бо мы з Ганнай пайшлi да яе на кватэру.
Мы самi ўдзьвёх абмылi, як маглi, нябожчыцу, апранулi ў чыстае. Сукенка была прыгатаваная – бронзавая, у сьветлыя крапiнкi. Злажылi на прыгатаваны ўслон. Ня мелi нi абразка, ні сьвечкi.
Назаўтра была дастаўлена дамавiна. На трэцi дзень на грузавiку, звыклым рабочым грузавiку прыехалi ўстоячкi людзi з рэдакцыi й кс. Гадлеўскi. Зьявiлiся сьвечкi й крыжык. Сьвятар адправiў панiхiду.
На час вынасу цела сабралася ладная грамадка суседзяў. На грузавiк вынесьлi труну, а вакол пасталi ўсе, хто меў праводзiць на могiлкi.
Пахавалi Матку Янкi Купалы на Ваенных могiлках. Нiякiх прамоваў. Толькi кс. Гадлеўскi, асьвяцiўшы адкрытую могiлку, сказаў некалькi словаў. Апошнiя словы былi: «Дзе сын Твой, гаротная беларуская мацi?»
Ганна заплакала, выцiраючы сьлёзы канцамi белай хусткi, што была завязана пад бараду. Усё ж у глыбокай роспачы не забылася дзякаваць прысутным, казала, што не спадзявалася такой дапамогi, што як зь неба спусьцiлася да яе. Прасiла прабачэньня, што ня можа, як належала б прыняць удзельнiкаў пахаваньня.
Але каб i магла, гэта было непатрэбна, бо нiхто не затрымлiваўся, усе разышлiся. У тую пару ўсе ўсяго баялiся. Страх i тэрор.