Ганна Госк
Польшча

З-пад Бярэзіны да Бэрыса

Белетрызацыя аўтабіяграфічнага матар’ялу
ў прозе Флярыяна Чарнышэвіча

Пададзены ніжэй артыкул узяты з кнігі польскай дасьледчыцы доктара Ганны Госк “А калі ўсё гэта забуду…”1, у якой зроблена спроба аналізу аўтарскай ідэнтычнасьці на прыкладах твораў польскай эмігранцкай літаратуры ХХ ст. Сярод іншых матар’ялаў аўтарка прапануе літаратуразнаўчы аналіз творчасьці ўраджэнца Бабруйску, які ў 1920-я гады зьехаў у Аргентыну, Флярыяна Чарнышэвіча. Творчасьць гэтага пісьменьніка малавядомая беларускім літаратуразнаўцам ня толькі з прычыны геаграфічнай аддаленасьці месца ягонай творчасьці, але, напэўна, і з-за ідэйнай яе накіраванасьці. Народжаны ва Ўсходняй Беларусі каталік Чарнышэвіч усьведамляе сябе палякам і менавіта з пазыцый паляка пераказвае ў сваіх творах падзеі 1920-х гг., што адбываліся на ягонай радзіме.
Мала будзе адзначыць, што гэты пункт погляду не зьяўляецца тыповым для айчыннай літаратуры. Узьнікаюць вялікія сумненьні ў рэальнасьці таго сьвету польскасьці Ўсходняй Беларусі, які ствараецца на старонках аповесьцяў Чарнышэвіча і аналізуецца ў артыкуле доктара Ганны Госк.
Гартаючы творы Чарнышэвіча, здаецца, што гаворка вядзецца пра заходнебеларускую Бярэзіну, тую, якая бярэ пачатак у сёньняшнім Маладзечанскім раёне, цячэ цераз Валожынскі і Івейскі і ўпадае ў Нёман на мяжы з Наваградзкім. У тым жа Валожынскім павеце па зьвестках перапісу на 1921 г., каталікоў пражывала 58,8%.
Аднак аповесьці Чарнышэвіча распавядаюць пра Бабруйскі павет Менскай губэрні. Якраз у 1919 г. польскі Цывільны Ўрад Усходніх Земляў правёў перапіс, каб ведаць колькасьць польскага насельніцтва і стасаваць далей сваю палітыку. Вынікі па Бабруйскім павеце былі наступныя: Беларусы і тутэйшыя складалі 76,9%, палякі — 4,9% (ці 9,2 тыс.), жыды — 14,3%, іншыя нацыянальнасьці — 3,9%, Па веравызнаньні: каталікоў было 14,2 тыс. (ці 7,5%), праваслаўных — 74,3 %, юдэяў — 16,0%. А ва ўсёй Менскай акрузе, куды ўваходзілі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі паветы (па іх працякае Бярэзіна) палякі складалі 14,6% (каталікі — 17,5%), прычым найбольшы працэнт палякаў быў у Менскім павеце — 25,3% (каталікоў — 30,7%). Відаць вынікі перапісу і падштурхнулі прагматычных палітыткаў з афіцыйнай Варшавыа адмовіцца ад Цэнтральнай Беларусі на перамовах у Рызе. З гэтай прычыны трэба вельмі крытычна ставіцца да тэзаў Чарнышэвіча.
Тым ня менш, спадзяемся, што гэты артыкул будзе цікавы чытачам як прыклад аналізу нетрадыцыйнай для нашай літаратуры польскай ідэнтычнасьці, уключанай у беларускі культурны кантэкст.
Рэдакцыя

Я прыйшоў пакорліва прасіць, каб пан нашую
забярэзінскую зямлю далучыў да Польшчы
Ф. Чарнышэвіч “Надбярэзінцы”

Для Флярыяна Чарнышэвіча (1900-1964) час затрымаўся ў 1921 годзе, калі Рыская дамова далучыла ягоныя родныя землі да Беларускай ССР. Менавіта тады, нашчадак дробнай загоннай шляхты, удзельнік вайны 1920 г. пераехаў у Вільню й там, падчас службы ў паліцыі ўдасканальваў свае веды па літаратуры й польскай гісторыі, атрыманыя ў чатырохкласнай школе ў Бабруйску. Быў ён, відавочна, самавукам, калі пачаў складаць свае ўспаміны – успаміны чалавека з-за Бярэзіны, паляка-каталіка, які з 1924 г. жыў у Бэрыса ў Аргентыне і працаваў на мясакамбінаце.
У адным зь лістоў да Юзэфы Радзіміньскай Чарнышэвіч пісаў: “Народжаны каля 1900 2 за Бярэзінай, навукі я скончыў у гарадскім вучылішчы. За польскі правапіс (хаця так і пішу з памылкамі) дзякую дамарослым тайным настаўнікам польскіх школак” 3.
Замест запланаваных успамінаў аўтар стварыў чатыры аповесьці 4, якія, нягледзячы на пэўную розьніцу ў выбары герояў і зьместавых складнікаў іх лёсаў (імёны літаратурных постацяў, іх прыналежнасьць да загоннай шляхты або польскага каталіцкага сялянства, іх крэсовае або эміграцыйнае жыцьцё), можна лічыць амаль што аповядам пра ўласнае жыцьцё пісьменьніка і, безумоўна, творамі, пабудаванымі на матар’яле ягоных собскіх назіраньняў.
“Надбярэзінцы” й “Віцік Жывіца” – гэта гісторыі, якія ахопліваюць разам 1918-1920 гг. Іх падзеі адбываюцца на польскіх крэсах усходніх, сярод сядзібаў, вёсак і хутароў над Бярэзінай. “Лёсы пасынкаў” і “Хлопцы з Навашышак” даюць інфармацыю пра два варыянты долі жыхароў тых земляў пасля 1921 г. Адныя эмігруюць, бо не бачаць для сябе месца на тэрыторыі, падзеленай Рыскай дамовай. Другія пераяжджаюць на польскі бок, але тут ім, нягледзячы на тое, што былі добраахвотнікамі польскага войска, выдзялялі надзелы “дзесьці на выдмах або пры самай рускай мяжы, як уцекачам Чарнышэвічам, што мусілі спаць з карабінамі пад галавой і гадамі хавацца” 5.
Дзьве першыя аповесьці Чарнышэвіча маюць характар крыху набліжаны да ўтопіі, у якой эмоцыі змагаюцца з рацыямі, а цьмяныя згадкі мінулага й скаргі на неспрыяльны зьбег гістарычных абставінаў дадаюць гэтай дылёгіі элігійнага настрою. “Лёсы пасынкаў” й “Хлопцы з Навашышак” – гэта толькі двухварыянтавы эпілёг, які біяграфіі аўтара й ягоных зямлякоў дапісалі да дзеяў надбярэзінцаў. Амаль байкавыя галоўныя думкі абодвух апошніх твораў, цудоўныя выратаваньні сем’яў Дубовікаў і Лемешаў зь цяжкіх абставінаў, а таксама звужэньне пазнавальнай пэрспэктывы да сямейнай гісторыі; усё гэта паказвае, што “Лёсы пасынкаў” і “Хлопцаў з Навашышак” можна разглядаць як праявы аўтатэрапіі Чарнышэвіча, які да канца жыцьця пакутваў ад смутку па роднай старонцы й будаваў магчымыя сцэнары іншага бегу гісторыі 6.

І. Сьветапогляд.

Аповесьці Чарнышэвіча ствараліся як сьведчаньне замілаваньня радзімай, прыхільнасьці да ідэі дэмакратычнай Польшчы, а таксама вернасьці каталіцтву, што ўспрымалася як сіла, якая падтрымлівала польскасьць на крэсах. Гэтыя ідэйныя асновы прозы аўтара “Надбярэзінцаў” абгрунтаваныя цьвёрдай упэўненасьцю ў няспыннай расейскай пагрозе ды ўласна той пагрозай у бальшавіцкім камуністычным выглядзе, зь якой Чарнышэвіч сутыкнуўся й сам.
Ідэйным перакананьням пісьменьніка дадае складанасьці факт змяшаньня нацыянальнасьцей на крэсах, існаваньня беларускага руху, а таксама першыя расчараваньні, якія сустрэлі крэсавікоў у адроджанай Рэчы Паспалітай, у рэчаіснасьці досыць далёкай ад ідэалізаваных уяўленьняў на яе конт.
З вобразаў станоўчых герояў прозы Чарнышэвіча складаецца грамадзка-палітычная праграма, якую, згодна зь іх надзеямі, павінны былі ажыцьцявіць улады Польшчы. Адзін з галоўных герояў “Надбярэзінцаў”, Косьцік Васілеўскі, натхняючы прапольскія выступленьні над Бярэзінай, вызначыў наступныя элементы гэтае праграмы:
“Прызнаць у межах, якія не супярэчаць інтарэсам іншых, уласнасьць, зьнішчыць саслоўі, прыраўняць, на падставе права, клясы й народнасьці, даць свабоду мовы, веравызнаньняў, друку і прафэсій, дазволіць дваровай прыслузе і малазямельным мужыкам набываць неабходную для жыцьця зямлю, а зьбяднелым рамесьнікам ствараць ўласныя майстэрані, і зрабіць даступнымі навукі. Маёнткі, двары, фабрыкі, на якіх занятыя больш, чым супольнікі адной сям’і, капальні, банкі, камунікацыі грамадзкага значэньня, лішкі прыбытковых дамоў – нацыяналізаваць” 7.
Аднак ужо ў “Віціку Жывіцы”, дзе праз канфлікт герояў зь лютым вахмістрам паліцыі з паказальным прозьвішчам Сукіндорф, абвяшчаецца бачаньне Рэчы Паспалітай без падзелу грамадзян на горшых і лепшых, галоўны герой перажывае першае расчараваньне пры сутыкненьні з польскімі рэаліямі, якія ўвасабляе, між іншага, й гэты тупы, прадузяты паліцыянт, які распаляе нацыянальную варожасьць паміж палякамі й беларусамі.
“Польшча – шаптаў (Віцік Жывіца – Г.Г.). – Ты не такая, не! Гэта не твае жаданьні, не твае слугі. Гэта банда злачынцаў” 8.
Рэзанэр абедзьвюх аповесьцяў Чарнышэвіча, Косьцік Васілеўскі, і тут спрабуе ўлагодзіць сытуацыю, намаляваць ідэалізаваную пэрспэктыву беларуска-польскага суіснаваньня:
“Там, дзе вас большасьць – вашыя мова й жаданьні, а дзе нас – нашыя. Ва ўрадзе, школе і касьцёле. Агульны толькі будзем мець дах над галавой і памежны плот […] Агульны вартаўнік толькі будзе наглядаць, каб большасьць не рабіла крыўды меншасьці” 9.
Польшча зьяўляецца тут сымбалем справядлівасьці і абаронцам правоў слабейшых. У сваіх сьветапоглядных канцэпцыях пісьменьнік імкнецца да спрашчэньняў. Вялікія кавалкі тэксту (пр. у “Віціку Жывіцы”) пасьля ператвараюцца ў агітацыйную публіцыстыку, а сярод герояў аповесьцяў зробленыя чорна-белыя падзелы паміж прыхільнікамі й непрыяцелямі прапольскай пазыцыі. У выніку Чарнышэвіч патрапіў нават пад абвінавачваньне ў фальшаваньні гісторыі, сфармуляванае беларускім пісьменьнікам Акулам, у лісьце да якога аўтар “Надбярэзінцаў” тлумачыў свае пазыцыі, выкарыстоўваючы больш эмацыйныя аргумэнты:
“Любіў і люблю свой край таму, што жылі ў ім разам беларусы, палякі, ліцьвіны, жыды, стараверы й татары, што ў мястэчках былі касьцёлы, цэрквы, сынагогі й кірхі, што былі сяляне й шляхта, і мяшчане. Суіснаваньню нашаму перашкаджалі толькі несправядлівы падзел земляў і інтрыгі суседзяў. […] Я таксама зьяўляюся сынам Вялікага Княства Літоўскага. Мой бацька й дзед майго дзеда нарадзіліся й склалі свае косткі ў гэтай зямлі і думаю, што я маю права родны край любіць і сумаваць па ім, і думаць пра яго…” 10
У падтэксьце абвінавачваньняў, якія датычаць станоўчых герояў аповесьцяў Чарнышэвіча і сфармуляваныя іх ідэйнымі праціўнікамі, найбольш істотным зьяўляецца сьцьверджаньне аб здрадзе справе простых людзей, да якой прыйшлі, абараняючы інтарэсы “панскай Польшчы”. Цяжкасьць абвінавачваньня пісьменьнік, відавочна, адчуваў вельмі добра, бо палемізаваў зь ім ня толькі ў трох першых аповесьцях, але нават і ў эпіграфах да “Надбярэзінцаў” і “Віціка Жывіцы”: “Не за буржуяў ідзем”, “Не кіем і нажом, але хрысьціянскімі думкамі й чыстым сэрцам”.
Так сапраўды пад паверхняй яскравых пабытова-прыгодніцкіх ліній зьместу прозы Чарнышэвіча схаваныя асноўныя канфлікты ХХ ст. – сацыяльныя, нацыянальныя, палітычныя, рэлігійныя, якія гэтае стагодзьдзе да свайго схілу так і не вырашыла. Яе героі стаялі пры гэтым у адзначаных канфліктах на вельмі небясьпечных пазыцыях, як меншасьць польская і каталіцкая, складзеная ў большай частцы з загоннай шляхты, у моры беларускага праваслаўнага сялянства.

2. Ідэйна-прасторавая парадыгма.

У вэртыкальным вымярэньні прасторы аповесьцяў Чарнышэвіча над зямлёй пануе Наканаваньне. Выкананьне боскіх запаветаў, удзел у касьцёльных урачыстасьцях, малітва, вера ў міласэрнасьць і боскую справядлівасьць дазваляюць літаратурным героям вытрываць усё найгоршае, захаваць чалавечую годнасьць і нацыянальную ідэнтычнасьць.
У “Надбярэзінцах” працэсія ў дзень Божага Цела ператвараецца ў шматтысячную маніфэстацыю польскасьці, у эпілёгу “Віціка Жывіцы”, дзе згадваюцца сумныя лёсы большасьці герояў, чытаем: “Так не можа быць […] Бог бачыць сэрцы нашыя й думкі, […] сэрцам чыстым, думкамі хрысціянскімі збудуем паміж сабой вечны мір, гэта неабходна для барацьбы з ворагамі. Дык памажы нам Божа!” 11
Гераіня “Лёсаў пасынкаў”, не маючы зьвестак пра мужа, які шукае працу ў глыбі Аргентыны, акружаная ўсім чужым і асаджоная мужчынамі ў Буэнас Айрэсе, моліцца: “Божанька мой, сьвяты. Ты адзіны ў мяне цяпер застаўся. Адзіны ў гэтым краі апякун і абаронца. Пачуй мяне, памажы нам яшчэ раз” 12. А нарачоная героя “Хлопцаў з Навашышак”, якая спрабуе самастойнага жыцьця ў Вільні, пасьля малітвы да Маці Божай Вострабрамскай адчувае, што “Пад уплывам веры горад нібы зьмяніў выгляд. Нібы паясьнелі вуліцы й ажывіліся муры. Праца зрабілася лягчэйшая, а жыцьцё весялейшае” 13.
Наіўная, зь вялікім прастадушшам вызнаваная вера ня толькі дапамагае героям жыць, але таксама парадкуе рэчаіснасьць. Ва ўсіх пануе перакананьне, што Боская воля імі кіруе, і надбярэзінцы “ былі упэўненыя, што Пан Бог грэх, у які яны ўвайшлі, не пакіне непакараны” 14. Далейшыя высновы з такога меркаваньня, на якое накладаюцца дадатковыя гістарычна-культурныя акалічнасьці (праваслаўныя расейцы як акупанты, атэісты бальшавікі як захопнікі, жыды, якія ўкрыжавалі Хрыста, як супольнасьць, спрыяльная бальшавікам) ператвараюцца ў неталерацыю, вызнаньне іншаверцаў горшымі, варожымі.
У выніку, вера ўмацоўвае ўзроўні падзелу Чарнышэвічава сьвету на абшары свайго й чужога, і нават больш – абшары прыхільныя й варожыя. Умацоўвае, бо першапачаткова падзел гэты вынікаў з грамадзка-гістарычных прычынаў. У сувязі з тым, у крэсовых аповесьцях аўтара “Надбярэзінцаў” аўтабіяграфічная прастора, якую ён ўвесь час выкарыстоўвае і цэнтрам якой зьяўляецца звычайна родная хата і адыходзячыя ад яе канцэнтрычныя зоны найбліжэйшага атачэньня: гаспадаркі з полем, садам, лугам, кавалкам лесу; роднай вёскі й бліжэйшага мястэчка, складаецца зь сеткі сувязяў, што абумоўліваюць яе дадатковыя межы.
Адна з такіх межаў – рака Бярэзіна, якая падзяляе зямлю польскую й няпольскую. Бярэзіна нібыта праводзіць падзел паміж небам і пеклам, абшарам Аркадыі й Апакаліпсысу. У занятым палякамі Бабруйску “Вуліцы зьзялі ўзорнай чысьцінёй. Адчуваўся рух. […] Крамы ўсе былі адчыненыя й поўныя харчам і ўсялякім таварам […] Паўсюль гучаў польскі голас, было бачна пісанае польскае слова, польскі знак. На тварах людзей намаляваныя спакой і радасьць” 15.
Аўтар даводзіць тым самым, што вобраз горада, занятага расейцамі, быў бы зусім адваротны апісанаму, пра што могуць сьведчыць словы аднаго з герояў, Мечыка Пятроўскага, які цяжка перажывае (ужо на старонках “Віціка Жывіцы”) адыход палякаў зь Бярэзіны: “Столькі радасьці, столькі салодкіх надзей – і зноўку ночка цёмная на нашай зямлі, а нам кальварыя” 16.
Той жа Мечык у “Надбярэзінцах” перадае ў рукі генэрала Канаржэўскага, які ўвасабляе для яго магутнасьць адроджанай Польшчы, просьбу пра ўключэньне надбярэзінскай зямлі ў межы Рэчы Паспалітай. Узрушальная прастатой і наіўнасьцю аргумэнтацыя, якую ён ўжывае, дае прыклад эмацыйных рацый, фармуляваных у паэтыцы маленьняў, якія фарбуюць усю ідэйную парадыгму творчасьці Чарнышэвіча: “Пане генерале, я прыйшоў пакорліва прасіць, каб пан зрабіў ласку й нашую забярэзінскую зямлю далучыў да Польшчы. Пане генерале, старонка нашая ня горшая ад тутэйшай, ані зямлёю, ані народам. Нават яшчэ лепшая. Што праўда, ёсьць пара дзікіх балотаў і пара кавалкаў пяшчаных выдмаў таксама ёсьць, але большай часткай гэтая зямля гарыстая, чарназёмная, прыдатная для хлебу й лесу. […] на таго ангельца (Керзана – Г.Г.) зусім ня трэба зважаць, ачысьціць да Дняпра, а потым, калі каму зайздросна, няхай робіць сабе даведкі, няхай нават на галаву ўстане. Бо ж па Дняпро зямля польская” 17.
Другі варыянт падзелу на Польшчу пад апекай Бога і ня-Польшчу – асяродак злога, мае зусім іншыя межы: паміж горадам і вёскай, што адчулі на ўласнай скуры героі “Лёсаў пасынкаў” і “Хлопцаў з Навашышак”, паміж беднымі й багатымі, што адыгралі пэўную ролю ў “Віціку Жывіцы”, або таксама паміж маладымі й старымі, якія па-рознаму разумеюць свае абавязкі як адносна ўласнай айчыны, так і адносна Бога й Рэчы Паспалітай.
Флярыян Чарнышэвіч разумеў, што ідэйны аспэкт яго аповесьцяў можа выклікаць сумненьні. У лісьце да Марыі Чапскай пра “Хлопцаў з Навашышак” ён пазначаў: “калі ідэйны бок кнігі расчаруе, то застанецца хаця б такі-сякі вобраз польскага жыцьця на крэсах […] Застануцца замацаваныя звычаі тых краёў, іх мова” 18. І гэтага, без сумненьняў, яму ўдалося дасягнуць.

3. Звычаі тых краёў, іх мова.

У прадмове да “Віціка Жывіцы” Мэльхіёр Ваньковіч гаворыць аб моўна-звычаёвым аспэкце прозы Чарнышэвіча, яе паходжаньні з маянткова-шляхецкай і мужыцкай сфэры, польскай і беларускай або наогул велікарускай, паганскай, праславянскай. Яму падабаецца мова аповесьцяў, якая жыве “нечаканай прыгажосьцю словаўтварэньня […] аброслая цьвільлю русізмаў, бо настойвалася ў расейскай няволі, як старое, моцнае віно” 19.
Каб адлюстраваць багацьце гэтае мовы неабходна прывесьці хаця б шэраг вызначэньняў, што ўжывае адна зь дзеючых асобаў “Надбярэзінцаў” Ганка Пятроўская, калі жадае апісаць хлопцаў з роднае вёскі, у якіх цяжка закахацца, бо “заможныя, але ўсе самі глінагрызы, душыгрошы, брыдкамовы, русахвалы, масквалізы й недаверкі” 20.
Або мова залётаў, на якой зьвяртаецца расейскі жаўнер да паненкі з польскай вёскі: “Каруська! Ты ж крашэ царевны! Ты ж архангел небесный! Ты ж русалка водная! Ты ж цветок ароматный! Канфетка найсаладзейшая!” 21
Чарнышэвіч клапатліва адчыняе падрабязнасьці вобразу зямлі надбярэзінскай у розныя поры году, уключаючы ў апісаньні нават мясцовыя назвы раслінаў. Так увесну “воды зьбіраліся ў карыты рачулак, скаваная глеба, распарылася цёплым сонцам, прасякла сьвежай дажджовай вільгацьцю […] На гняздовых купінах зьявілася крывымі крукамі папараць […] узьняліся буйна ляжаі, асок, казельнікі, […] у месцах бяздоннай багны ўзышла макрыца, капытнік, паразрасталіся рагозы й явар” 22.
Дасьледчык мясцовага фальклору, чытаючы “Надбярэзінцаў”, можа даведацца як выглядалі ў крэсовых вёсках і мястэчках заручыны, вясельлі, касьцёльныя сьвяты й кірмашы. Як апраналіся маладыя й старыя, палякі й беларусы, кожны дзень і на сьвята.
Для прыкладу можна прывесьці апісаньні сьвяточнай вопраткі маладых палякаў і старога беларуса, у якіх адлюстраваныя адначасова адносіны да традыцыі, а таксама да навінаў цывілізацыі, што дайшлі ў дваццатыя гады да адсталых крэсовых вёсак. Праз падбор вызначэньняў выяўляецца й сымпатыя аўтара да маладых, дадатных герояў аповесьці, на якіх ускладаюцца ўсе надзеі на захаваньне польскасьці крэсаў.
“Апранутыя былі […] сьвяточна й па-польску: хлопцы ў набытах у краме гарнітурах, пашытых па-местачковаму, у мацяёўках альбо ангельскіх кепках; дзяўчыны ў прыгожых цёмных спадніцах, мусьлінавых блузках і ў квяцістых хустачках, завязаных ззаду пад касой, або ў шаўковых шалях. Акрамя дарослых хлопцаў, усе йшлі босыя, абутак свой трымалі ў рукох” 23.
Такое ж значнае даецца апісаньне вопраткі старога беларускага селяніна Куніцы, што меў прапольскія сымпатыі: “Быў у белых палатняных штанах, у палатнянай, доўгай амаль да каленяў расхінутай на грудзях кашулі і ў народным зь вісюлькамі паску. Доўгія, пастрыжаныя на стараславянскі лад валасы дасягалі ззаду каўнера. На адкрытых грудзёх вісеў медны крыжык, на паску пры сьцягне сьцізорык, крэсіва й капцюх” 24 .

4. Літаратурныя клішэ
Рэаліі, дэталёва рэканструяваныя з захаваных у памяці асаблівасьцяў, дазваляюць Чарнышэвічу стварыць вобраз сьвету ўласнай маладосьці. Каб зрабіць зь іх месца дзеяньняў аповесьцяў аўтар выкарыстоўвае шэраг літаратурных прыёмаў для складаньня матар’ялу ў адну зьмястоўную лінію. Пісьменьнік ідзе сьледам за “Панам Тадэвушам”, “Трылогіяй” 25 і “Над Немнам” 26 , што ўмацоўвалі ў сваіх чытачоў пачуцьцё народнай годнасьці й разуменьне важнай місіі, якую ім належыць выканаць.
Гісторыя палякаў з-над Бярэзіны зьмешчана, як у эпапеі, на глебе пераломных для гэтага грамадства падзеяў, зьвязаных з утварэньнем усходняй мяжы адроджанай Рэчы Паспалітай. Галоўнай матывацыяй дзеяньняў станоўчых герояў з’яўляюцца каштоўнасьці, зьвязаныя з трыядай Бог – гонар – айчына. Пра ролю Наканаваньня ўжо згадвалася вышэй. Але варта яшчэ падкрэсьліць, што героі, якія давяраюць свае лёсы Богу і лічаць, што каталіцтва, як і пальшчызну, трэба бараніць да апошняй кроплі крыві, заўсёды прадстаўленыя ў творах Чарнышэвіча ў гераічных катэгорыях. Кожны з надбярэзінскіх герояў гатовы спаткацца з пераважаючымі сіламі ворага: “У нашых польскіх рукох ёсьць Ясень, Сьвіслач, Глуск, Парычы, Рагачоў і, здаецца, ўжо Жлобін. Аж да Дняпра будзем захопліваць, бо па ім польская мяжа будзе. – І вытрываеце усіх бальшавікоў […] – Вытрываем […] На аднаго нашага трэба дзесяць бальшавікоў” 27 .
Фабула “Надбярэзінцаў” і “Віціка Жывіцы” мае эпізадычны характар. Прыгоды й подзьвігі герояў, якія праводзяць на крэсах выведчую дзейнасьць на карысьць Польшчы й супраць Савецкай Расіі, складаюцца ў асобныя кампазыцыйныя часткі.
Дэміургам сьвету прозы Чарнышэвіча зьяўляецца ўсёведаючы наратар (апавядальнік), які часам увасабляе сваю прысутнасьць у прамовах, накіраваных непасрэдна да чытачоў: “Столькі ўжо часу ад тае ўрачыстасьці (візіту каталіцкага біскупа ў крэсавае мястэчка – Г.Г.) прайшло, але калі толькі чуеш дзе сьпевы літаніі, або сам яе ноты ў самотным роздуме пра родную зямельку сабе прыгадаеш, то заўсёды нібы бачыш грамаду братоў, нібы чуеш іх жаласнае маленьне й кожны раз сьлёзы ў маіх вачох зьяўляюцца” 28 .
Рэалістычны стыль дэталёвага апісаньня прадметаў, строяў, падзеяў пераплецены з патасам апавяданьня, далучаным да вагі тэмы, што асабліва выразна гучыць ў “Надбярэзінцах”, і надае твору рысы эпапеі, не чужой для насычаных дынамікай і маляўнічасьцю батальных сцэнаў.
Гістарычны момант, на якім аўтар канцэнтруе ўвагу, і які прыносіць на Бярэзіну апошнюю катастрофу, бо ў такіх катэгорыях зьяўляецца для герояў тае прозы адарваньне іх вёсак ад Польшчы; ставіць крыж на ўтапічным бачаньні ідылічнага суіснаваньня ўсіх жыхароў крэсаў. Таму аповесьці Чарнышэвіча, дзякуючы сваёй утапічна-пераканаўчай ідэйнай структуры, маюць таксама рысы ідыліі. Пра гэта сьведчаць усе іх апісальныя часткі, у якіх дасканала прадстаўлены вобраз краю, а таксама заняткі й пачуцьці герояў з асаблівым спалучэньнем рамантычных ліній. Станоўчыя постаці гэтай прозы – найлепшых з усіх “Надбярэзінцаў” – адрозьнівае пры гэтым простасьць і маральная чысьціня. Хлопцы тут мужныя, гарачыя й годныя, дзяўчыны прыгожыя, спагадлівыя й верныя.
Над сьветам эпапеі й ідыліі вісіць у бярэзінскай дылогіі катастрофа. Героі аповесьцяў гінуць або мусяць сысьці са сваёй зямлі. Аўтар апавядае пра падзеі паразы найбольш выразна ў эпілогу “Віціка Жывіцы”. Як Міцкевіч у “Пане Тадэвушы”, творца імкнецца затрымаць бег падзеяў сваіх твораў непасрэдна перад трагічнай развязкай, якую мела распавесьці гісторыя. “Надбярэзінцы” сканчваюцца ў 1920 г., перад падпісаньнем Рыскіх дамоўленасьцяў. У “Віціку” маем таксама 1920 г. Але момант перад самым апошнім вырашэньнем, што паказвае, як ідэалагічны аспэкт разрывае структуру аповесьці. “Лёсы пасынкаў” і “Хлопцы з Навашышак” заканчваюцца хэпі-эндам толькі дзякуючы цудоўнаму лёсу і тое шчасьлівае заканчэньне датычыць выключна жыцьцярысаў асобных герояў. Бо пэрспэктыва агульнаграмадская й агульнанацыянальная не малюецца аўтарам ў відавочных рысах.
Уся проза Флярыяна Чарнышэвіча адлюстроўвае бачаньне спрошчанай рэчаіснасьці, укладзенай у межы адвечных парадкаў, якія ўласна й парушае гісторыя. У “Надбярэзінцах” і “Віціку”, якія зьяўляюцца вяршыняй творчасьці пісьменьніка (дзьве наступныя аповесьці ўжо толькі дапаўненьні), знаходзім мы крэсовую польскую супольнасьць – адмысловага героя Чарнышэвічавых аповесьцяў – у хвіліны папярэднія канцу яе сьвету: “незвычайнае было тое лета у нашым жыцьці – гаворыць старэйшына тае супольнасьці Мечык Пятроўскі – лета патоку неспадзяванага шчасьця й надзвычай цяжкіх пакутаў” 29 .
Непаўтаральны клімат аповяду аўтара “Надбярэзінцаў” ствараецца з дапамогай канцэнтрацыі ўвагі менавіта на гэтым моманце і зборнага польска-каталіцкага героя, зьмешчанага на мяжы двух часоў і двух прастораў (мінулага й сучаснага, Польшчы й Расеі, старога й новага), а таксама з дапамогай апавядальніка, з рысамі барда, які прагне хоць у аповесьці захаваць непаўторныя рысы сьвету, якому наканавана пагібель і да якога сам належыў. Ёсьць яшчэ комплекс простых праўд выключна важных для аўтара і асьвячаючых дзеяньні герояў ягоных твораў. Яны паходзяць з трох крыніцаў: права божага, запісанага ў дзесяці запаведзях, традыцыяў і звычаяў, якія пераказваліся з пакаленьня ў пакаленьне і паўплывалі на захаваньне нацыянальнай сьвядомасьці, а таксама кананічных твораў пісьменьнікаў дзевятнаццатага стагодзьдзя, што паказалі майстру пяра, як у літаратурным выглядзе перадаць квінтэсэнцыю ўласных ідэйных перакананьняў.
Па прачытаньні “Надбярэзінцаў” Юзаф Чапскі так пісаў да Ежага Стэмпоўскага: “Ці ведаеш, што дзесяць гадоў таму выйшла кніжка па-польску ў Аргентыне, пра якую баюся табе напісаць у залішне высокіх словах, бо так моцна яе палюбіў. Створаная загонным шляхціцам з-над Бярэзіны. Мова словатворная, гучная, паўбеларуская. Канкрэтнасьць бачаньня, любоў да зямлі, дрэваў, аблокаў, побач зь якой Рэймонт – штучны й халодны, побач зь якой думаць магчыма толькі пра “Пана Тадэвуша”. Любоў да Польшчы, невядомай, далёкай, расчараваныя і разбураныя надзеі, і вялікая ўвага да кожнай падзеі, ад вялікодных сьпеваў да забойстваў ці каханьня, ці акопваньня бульбы. Вер мне, гэтая кніжка, над якою з Марысяй (сястра Ю.Чапскага – Г.Г.) як старыя аслы плачам, застанецца й будзе сьведчыць пра тую Атлантыду” 30 .
Пераклад Натальлі Гардзіенкі


1 Gosk H. A gdy to wszystko zapomnie… Szkice o polskim pisarstwie emigracyjnym XX wieku. Izabelin, 1995.

2 Іншыя крыніцы падаюць 1895 год. Гл.: Zieliński J. Leksykon literatury emigracyjnej. Lublin, 1989. S. 31; Klimaszewski B., Nowakowska E., Wyskiel W. Słownik pisarzy polskich na obczyźnie 1939-1980. Warszawa, 1992. S. 68.

3 Цыт. паводле: Radzimińska J. Pisarz robotnik // Książki i przyjaźnie. Warszawa, 1984. S. 90-91.

4 Nadberezyńcy. Buenos Aires, 1942; Wicik Żywica. Buenos Aires, 1953; Losy pasierbów. Paryż, 1958; Chłopcy z Nowoszyszek (першая назва – Prymy). Londyn, 1963.

5 Czarnyszewicz F. Chłopcy z Nowoszyszek. Londyn, 1963. S. 229.

6 У “Надбярэзінцах” пра гэта сьведчыць наступны фрагмэнт: “Калі б Доўбар-Мусьніцкі прадбачыў ашукальныя намеры немцаў, лёс польскага войска і ўсёй справы, падзеі пайшлі б іншым чынам. Магчыма было (падкр. – Г.Г.) пасьля канцэнтрацыі Корпусу на надбярэзінскіх землях набраць мясцовых палякаў, рэквізаваць рэестравых коней, забраць назапашанае ў Бабруйску ваеннае ўзбраеньне і перайсьці Дняпро, а адтуль накіравацца на Ўкраіну да рэшты польскіх аддзелаў, або чакаць іх прыбыцьця […] Рашучая падтрымка Саюзьнікаў і наяўнасьць магутнай арміі падчас паразы Нямеччыны мелі б вялікую вагу пры ўсталяваньні межаў Рэчы Паспалітай.” (S. 344)

7 Czarnyszewicz F. Nadberezyńcy. Buenos Aires, 1942. S. 402.

8 Czarnyszewicz F. Wicik Żywica. Buenos Aires, 1953. S. 81.

9 Тамсама. S. 199.

10 Цыт. па Czapska M. Florjan Czarnyszewicz 1895-1964 // Kultura. 1965. № 1-2.

11 Czarnyszewicz F. Nadberezyńcy … S. 305-306.

12 Czarnyszewicz F. Losy pasierbów. Paryż, 1958. S. 200.

13 Czarnyszewicz F. Chłopcy z Nowoszyszek… S. 105-106.

14 Czarnyszewicz F. Nadberezyńcy … S. 26.

15 Тамсама. S. 484.

16 Czarnyszewicz F. Wicik Żywica … S. 304.

17 Czarnyszewicz F. Nadberezyńcy … S. 490-491.

18 Czapska M. Op. cit.

19 Wańkowicz M. Przedmowa // Czarnyszewicz F. Wicik Żywica … S. 5.

20 Czarnyszewicz F. Nadberezyńcy … S. 560.

21 Тамсама. S. 117.

22 Тамсама. S. 310.

23 Czarnyszewicz F. Nadberezyńcy … S.83.

24 Czarnyszewicz F. Wicik Żywica … S.244.

25 Маюцца на ўвазе раманы Генрыка Сянкевіча “Агнём і мячом”, “Патоп” і “Пан Валадыеўскі”

26 Раман Алаізы Ажэшкі

27 Czarnyszewicz F. Nadberezyńcy … S.219.

28 Czarnyszewicz F. Nadberezyńcy … S.355.

29 Czarnyszewicz F. Wicik żywica … S.231.

30 Цыт. паводле “Nienawiść moja do miłoszyzmu i gombrowiczyzmu”, ліст Юзафа Чапскага ад 23/24.05.1953, надрукаваны Янам Станіславам Віткевічам у “Wiadomościach Kulturalnych”, 1994. № 5.