Алег Гардзіенка
Менск

БЭРЛІН ЯК АСЯРОДАК БЕЛАРУСКАГА ЖЫЦЬЦЯ
ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ 40-Х ГГ. ХХ СТАГОДЗЬДЗЯ1

І

У 20-30-я гг. спадзяваньні беларускіх дзеячоў на вырашэньне “беларускага пытаньня” з дапамогай Масквы ці Варшавы ня спраўдзіліся. Ні Польшча, ні СССР не былі зацікаўленыя ў стварэньні самастойнай беларускай дзяржавы, а заходнія дэмакратыі не праяўлялі належнага інтарэсу да беларускай нацыі. Гэта было абумоўлена некалькімі фактарамі, але найперш слабасьцю нацыянальнага руху.
З 1936 г. на арэну эўрапейскай палітыкі выйшла нацысцкая Нямеччына. Гітлераўскія дэклярацыі пра перадзел сьвету і Новую Эўропу, у якой знойдуць сваё месца пакрыўджаныя эўрапейскія народы, абудзілі ў нацыянальных дзеячоў спадзяваньні на паскоранае вырашэньне “беларускага пытаньня”. Безумоўна, большасьць дэмакратычных палітыкаў спачатку вельмі крытычна паставілася да гітлераўскіх дэклярацый і прапаганды фашызму. Аднак калі пад канец 30-х гг. стала відавочна, што Новая Нямеччына ўзяла адкрыты кірунак на перадзел сьвету і вайны не пазьбегнуць, то нават дэмакратычная “Хрысьціянская думка” пісала ў артыкуле “Нямецкія імкненьні і беларусы”: “Апошнімі часамі Нямеччына вельмі цікавіцца Ўсходняй Эўропай — СССР, дзе разьмешчаныя Ўкраіна і Беларусь…Не дзеля таго, што хоча дапамагчы ўкраінцам і беларусам збудаваць сваю дзяржаву, але дзеля таго, што гэтым спадзяецца разваліць СССР, адчыніць для свайго промыслу вялікі рынак збыту і дабрацца да хлебнага багацьця Ўкраіны ды ляснога багацьця Беларусі…Гэта аднак не значыць, што беларусы павінны ўжо цяпер баяцца нямецкіх плянаў і ўжо цяпер зь імі змагацца. Не! Трэба толькі ведаць, што нікому ня будзе бескарыснай помачы і што найкарыснейшая толькі ўласная сіла…2
Тое ж тычыцца і “Беларускага фронту”, пэрыядычнага выданьня, заснаванага зь ініцыятывы ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Калі ў яго першых нумарах (1937-1938) журналісты за ворагаў Беларусі лічылі як камунізм, так і фашызм, то пачынаючы з канца 1938 г. у газэце прасочваецца тэндэнцыя арыентацыі на Нямеччыну ня толькі як гаранта перадзелу сьвету, але і дзяржаву — узор новага парадку. Яскравым сьведчаньнем гэтага быў “Ідэалягічны статут Беларускага Нацыянальнага Фронту”, вытрыманы ў духу ідэй Новай Нямеччыны.
Што тычыць інтарэсаў Трэцяга Райху ў адносінах да Беларусі, то ў будучай вайне Нямеччына не разьлічвала на падтрымку беларускага чыньніка, бо беларускія незалежніцкія сілы былі слабыя. Па вызначэньні гісторыка Юрыя Туронка, кіруючыся прагматызмам, бэрлінскія ўлады не зьбіраліся выступаць у ролі акушэра беларускага нацыяналізму, настолькі велізарная была пасыўнасьць беларусаў3. Мясцовым палітыкам заставалася толькі здагадвацца пра сапраўдныя нямецкія пляны.
Варта заўважыць, што яшчэ ад часоў Беларускай Народнай Рэспублікі ў Бэрліне знаходзілася Беларускае Консульства, якое ўзначальваў Андрэй Бароўскі. Зь лістапада 1933 г. у Вільні на нямецкія грошы выйшаў першы нумар часопісу “Новы шлях”, выдаванага нацыянал-сацыялістычнай групай Фабіяна Акінчыца і Ўладыслава Казлоўскага. У 1937 г. пры Нямецкім Інстытуце вывучэньня замежных праблемаў Бэрлінскага Ўнівэрсітэту быў створаны беларускі сэктар, які пачаў займацца вывучэньнем беларускага пытаньня (кір. Гергард фон Мэндэ). Але гэтая дзейнасьць была выклікана прагматычнымі меркаваньнямі, згодна зь якімі нямецкія чыноўнікі напярэдадні вайсковага канфлікту праяўлялі цікавасьць да ўсіх без выключэньня ўсходніх земляў. Аднак інтарэсы вялікай міжнароднай палітыкі мелі прыярытэт для Трэцяга Райху. Так 25 жніўня 1939 г., праз два дні пасьля заключэньня пакту Молатава—Рыбентропа, пасты нямецкае паліцыі на тэрыторыі Нямеччыны атрымалі дырэктыву, якая забараняла эмігранцкім арганізацыям рускіх, беларусаў, украінцаў, мусульманаў вусна ці пісьмова выказваць варожае стаўленьне да СССР, а таксама ладзіць публічныя мерапрыемствы і карыстацца нацыянальнымі адзнакамі4.
Аднак беларускія дзеячы працягвалі супрацоўніцтва з афіцыйным Бэрлінам. Спадзяваньні актывізаваліся пасьля чацьвертага падзелу Рэчы Паспалітай, калі беларускія землі нарэшце былі аб’яднаныя ў адно цэлае, хоць і ў межах СССР. Палітыкі, якія ня мелі ніякіх ілюзіяў наконт Саветаў, перабіраліся ці ў на той час яшчэ незалежную Літву, ці ў акупаванае немцамі Генэрал-губэрнатарства, або выяжджалі ў Нямеччыну.
Група беларускіх дзеячоў — Мікола Шкялёнак, Анатоль Шкутка, Вітаўт Тумаш, Вінцэнт Гадлеўскі, Часлаў Ханяўка і інш. — заснавала 19 чэрвеня 1941 г. Беларускі Нацыянальны Цэнтр (старшыня Мікола Шчорс). Меркавалася, што па заняцьці Беларусі нямецкімі войскамі БНЦ мусіў узяць на сябе функцыі нацыянальнага ўраду. Аднак і гэтым надзеям не было наканавана спраўдзіцца. У ліпені частка сябраў Цэнтру выехала ў Беларусь, дзе сутыкнулася зь нежаданьнем немцаў дзяліцца якой-кольвечы ўладай.
Нягледзячы на такія неспрыяльныя абставіны, Бэрлін першай паловы 40-х гг. быў побач зь Менскам асяродкам беларускага руху. Тут — у сталіцы Райху — прымаліся пастановы, якія рэглямэнтавалі беларускае жыцьцё ў мэтраполіі. У Міністэрства Акупаваных Усходніх Абшараў у Бэрліне прыяжджалі нацыянальныя палітыкі. Менавіта тут канчаткова вырашаліся пытаньні пра стварэньне розных арганізацый: Беларускай Народнай Самапомачы, Саюзу Беларускай Моладзі, Беларускай Рады Даверу, Беларускай Цэнтральнай Рады. Пад Бэрлінам дзейнічала школа прапагандыстаў, слухачы-беларусы якой потым перакідваліся на Бацькаўшчыну, а некаторыя зь іх спрычыніліся да стварэньня тут беларускіх арганізацый. Той Бэрлін быў паўнавартасным палітычным асяродкам беларускага жыцьця на чужыне, своеасаблівай Прагай 30-х і Нью Ёркам другой паловы 20 ст.

ІІ

У выніку маланкавай “польскай кампаніі” на тэрыторыі Нямеччыны апынуліся каля 70 тыс. ваеннапалонных беларусаў. Дзеля іх аб’яднаньня, наладжваньня над імі апекі і дапамогі пры ўладкаваньні на працу (у хуткім часе ваеннапалонныя былі вызваленыя і ўладкоўваліся на працу на прадпрыемствы) у лістападзе 1939 г. у Бэрліне было створана “Беларускае Прадстаўніцтва”5, якое ўзначаліў Анатоль Шкутка, пазьней яго зьмяніў Бэрнард Букатка6. Але арганізацыя не задавальняла нацыянальных патрабаваньняў беларусаў, бо яе функцыі былі скіраваныя выключна на апеку над ваеннапалоннымі. Увесну 1940 г. там жа зь ініцыятывы юрыста Міколы Шкялёнка быў заснаваны Беларускі Камітэт Самапомачы (БКС). Зь нешматлікіх зьвестак пра яго найбольш каштоўнымі зьяўляюцца ўспаміны Янкі Сурвіллы:
Гэта быў адзін вялікі пакой, зь непасрэдным уваходам адразу з вуліцы, які служыў і для працы, і для спатканьняў вечарамі. Другі, меншы пакой перад тым займаў старшыня, а пасьля ў ім працавалі сакратар і скарбнік. Да гэтага даходзіў маленькі складзік, дзе трымалі запасы літаратуры, паперу, і знаходзілі месца, каб паставіць рататар…Камітэт наймаў залю для большых зборак і спатканьняў, якая знаходзілася непадалёку, на Турмштрасэ 65… У пачатку 1944 г. удалося знайсьці абшырнейшае памяшканьне для Бэрлінскага Аддзелу, на Штормштрасэ. Тут мелі вялікую залю, дзе маглі зьбірацца людзі, канцылярыю і вялікі сухі падвал. Усё гэта надта добра паслужыла, як прыбылі Беларусы з Бацькаўшчыны7.
Паводле статуту, Камітэт мусіў мець выключна дапаможны характар. Першым старшынём БКС быў Андрэй Бароўскі, а ў склад управы ўвайшлі Базыль Камароўскі (паэт Антось Вярбіна), Аляксандар Крыт (будучы мітрапаліт БАПЦ а. Андрэй), Баляслаў Барткевіч і інш. Першапачаткова плянавалася, што арганізацыя будзе мець назву Беларускі Нацыянальны Камітэт8, і у такім выпадку стане галоўнай беларускай інстытуцыяй на чужыне. Аднак нямецкія ўлады адмовілі, бо гэта не было прадугледжана патрабаваньнямі пакту Молатава—Рыбентропа. Беларуская арганізацыя з назвай нацыянальны магла кваліфікавацца як палітычная.
Улетку 1940 г. склад управы БКС істотна зьмяніўся. На зьездзе прадстаўнікоў Самапомачы старшынём арганізацыі быў абраны Мікола Абрамчык, які пераехаў у Бэрлін з Парыжу, віцэ-старшынём –—Аляксандар Калоша; сакратаром — Станіслаў Грынкевіч (малодшы). На пачатак 1944 г. БКС у Нямеччыне налічваў 13 тыс. чалавек9. Філіялы БКС былі заснаваныя ў Празе, Лодзі (Ліцманштаце), Познані, Торуні, Гамбургу, Данцыгу, Мюнхене, Вене. Найбольшы быў Бэрлінскі філіял, яго ўзначальваў Станіслаў Грынкевіч (потым Пётра Бакач).
На пачатку 1942 г. БКС атрымаў дазвол на адкрыцьцё настаўніцкіх курсаў у Бэрліне. Плянавалася, што настаўнікі, скончыўшы курсы, паедуць працаваць у Беларусь. Курсы скончылі каля 30 чалавек, аднак нямецкія ўлады забаранілі ім выезд на радзіму.
Статут БКС прадугледжваў і іншыя напрамкі дзейнасьці: “Фінансавай базай Беларускага Камітэту Самапомачы ў Нямеччыне былі сяброўскія складкі і даходы з продажу літаратуры. Ніякіх фондаў не атрымоўвалася. Камітэт выдаваў сяброўскія легітымацыі для сяброў, дзе ўклейваліся маркі БКС, выдаваныя за аплату сяброўскіх складкаў. Маркі былі выдадзеныя ў некалькіх дэнамінацыях і колерах…Цэнтральныя нямецкія газэты Фелькішэр Бэобахтэр і Бэрлінэр Анцайгер апублікавалі тэксты Жэнеўскіх пагадненьняў адносна ваеннапалонных. Там было сказана пра правы ваеннапалонных і як іх трэба трактаваць. Вось-жа, калі сябры арганізацыі наракалі, што да іх гаспадары-немцы нядобра ставяцца, ім высылаўся адпаведны тэкст Жэнеўскіх пагадненьняў, апублікаваны ў нямецкай прэсе. І гэта памагала. І памагала так добра, што немцы неўзабаве забаранілі Камітэту гэта рабіць10.
Супрацоўнікі камітэту актыўна займаліся культурніцкай дзейнасьцю, у прыватнасьці, было наладжана выданьне беларускай літаратуры. Улетку 1942 г. былі выдрукаваныя “Сымон-Музыка” Якуба Коласа і зборнік вершаў Ларысы Геніюш “Ад родных ніў”. Стараньнямі Міколы і Ніны Абрамчыкаў выйшлі “Гісторыя Беларусі ў картах”, “25 сакавіка”, Ніна Абрамчык уклала некалькі зборнікаў песень: “Пад гоман вясёлы”, “Калядныя песьні”, “Беларусь у песьнях”. Быў надрукаваны “Падручнік нямецкага языка для беларусаў” Пятра Бакача11. Апрача таго, БКС ладзіў у Бэрліне вечарыны, сьвяты, рэфэраты і інш.
Фінансавыя справы ішлі нядрэнна — улетку 1943 г. на рахунку арганізацыі было 50 тыс. райхсмарак. Аднак увосень 1943 г. Мікола Абрамчык і Станіслаў Грынкевіч былі зьмешчаныя са сваіх пасадаў і на нейкі час затрыманыя. Афіцыйнай падставай для арышту сталася “пазазаконная дзейнасьць у арганізацыі” — прыняцьце ў склад БКС т. зв. “усходнікаў”, жыхароў зь Беларусі, што было катэгарычна забаронена. Апроч таго, Мікола Абрамчык зрабіў падарожжа на радзіму, што нямецкія ўлады таксама ўспрынялі адмоўна. Ён быў “вернуты” ў Парыж, пад хатні арышт, а Станіслаў Грынкевіч выключаны з Цэнтралі БКС12, які цяпер узначаліў Баляслаў Барткевіч.
З восені 1943 г. у Нямеччыне знаходзілася Працоўная група СБМ, якой кіраваў Генрык Барановіч. Яна налічвала каля 3.500 чалавек (сам Генрык Барановіч ацэньваў групу ў 5.000 чалавек), а з канца траўня 1944 г. ва ўсходніх акупаваных абласьцях пачаўся добраахвотны набор у дапаможную службу Люфтвафэ (сюды трапіла каля 2.600 беларусаў), а значыць, працы для БКС пабольшала.

ІІІ

У развагах пра беларускае жыцьцё на чужыне ў першай палове 40-х гг. і тагачасную Нямеччыну нельга абмінуць увагай і газэту “Раніца”. Напачатку яна задумвалася як выданьне для ваеннапалонных беларусаў і мусіла выдавацца паводле ўзору газэтаў для іншых народаў Усходняй Эўропы.
“Раніца” была заснаваная, дзякуючы ініцыятыве Фабіяна Акінчыца і Анатоля Шкуткі. Акінчыц і стаў першым яе рэдактарам. Пазьней рэдактарамі былі Вітаўт Тумаш, Мікола Шкялёнак, Станіслаў Грынкевіч (мал.), Мікола Абрамчык, Антон Адамовіч, Станіслаў Станкевіч. Напачатку газэта субсыдавалася нямецкімі ўладамі, аднак потым стала выдавацца за кошт падпіскі.
На пачатку 1943 г. наклад газэты сягаў 12 тыс. асобнікаў13. Першая-другая старонкі адводзіліся пад справаздачы з франтоў і афіцыйную нямецкую хроніку, безь якой нельга было абысьціся, і наяўнасьць якой была абавязковай умовай функцыянаваньня любой прэсы падчас акупацыі. Аднак вялікае значэньне маюць рубрыкі, прысьвечаныя гісторыі Беларусі, грамадзка-культурным падзеям на радзіме і эміграцыі, а таксама ўспаміны. Вялікую ўвагу газэта надавала літаратурнаму працэсу. Тут была адмысловая рубрыка “Трыбуна маладога аўтара”, дзе зьмяшчаліся творы перш за ўсё беларусаў, што знаходзіліся ў той час за межамі радзімы. Найчасьцей яны належылі тром аўтарам — Ларысы Геніюш, Янкі Палоннага, Юльляна Сергіевіча14. За шэсьць няпоўных гадоў выйшла 233 нумары газэты, апошні — у сакавіку 1945 г.
Акрамя “Раніцы” з чэрвеня 1943 г. да лістапада 1944 г. у Бэрліне выдавалася газэта “Беларускі работнік”, адрасаваная остарбайтарам.
У ліпені 1944 г. у Бэрлін прыехала значная частка беларускіх літаратараў і мовазнаўцаў зь Менску: Натальля Арсеньнева, Мікола Байкоў, Часлаў Будзька, Юрка Віцьбіч, Язэп Гладкі, Уладзімер Сядура-Глыбінны, Алесь Грыцук, Кастусь Езавітаў, Янка Золак, Хведар Ільляшэвіч, Міхась Кавыль, Яўхім Кіпель, Уладзімер Клішэвіч, Рыгор Крушына, Тодар Лебяда, Антон Лёсік, Янка Ліманоўскі, Язэп Найдзюк, Мікола Панькоў, Вацлаў Пануцэвіч, Мікола Равенскі, Алесь Салавей, Апалонія і Лявон Савёнкі, Станіслаў Станкевіч, Янка Станкевіч, Масей Сяднёў, Сяргей Хмара, Мікола Цэлеш, Мікола Шчаглоў і інш. Крыху раней выехаў у Бэрлін Антон Адамовіч, і вярнуўся ў Нямеччыну Вітаўт Тумаш. Паводле Юрыя Туронка, гэты былі інтэлектуалы, “якія маглі аддаць свой талент і сілы беларускай культуры на Бацькаўшчыне, а не ля чужых берагоў”15.
На эміграцыі апынулася Беларуская Цэнтральная Рада, кіраўніцтва Беларускай Самапомачы, штаб СБМ і яго шараговыя сябры, жаўнеры БКА, сьвятары і мастакі, настаўнікі і журналісты, паліцэйскія.
Новыя эмігранты актыўна ўдзельнічалі ў беларускім культурніцкім жыцьці на чужыне. Хведар Ільляшэвіч наладзіў выданьне “Народнай бібліятэчкі”, у межах якой было выпушчана некалькі кніжак — “Нацыянальныя сьвятыні” і “Вяліжскія паўстанцы. Геньдзікаўскія змагары” Юркі Віцьбіча, “Прыгоды Панаса і Тараса” Арцёма Музыкі (Вацлава Ластоўскага), “Адам і Ева” Лявона Радзіміча, “Беларускае народнае мастацтва” Міколы Шчаглова, “Смаленшчына — адвечная беларуская зямля” Уладзімера Глыбіннага і інш16. У перадкапітуляцыйным Бэрліне стараньнямі Сяргея Хмары, Базыля Камароўскага (Антося Вярбіны), Андрэя Чэмера, Лявона Луня была заснаваная Літаратурная Сустань “Баявая Ўскалось”.
У пачатку 1945 г. стала зразумела, што Ўсходняя Нямеччына трапіць у савецкую зону акупацыі. Частка беларускіх дзеячоў перабіралася ў адносна больш бясьпечныя зоны акупацыі саюзьнікаў. За некалькі тыдняў Бэрлін з асяродка беларушчыны ператварыўся ў пустэльню.
Бэрлін першай паловы 40-х гг. адыграў значную ролю ў жыцьці беларускай эміграцыі. З аднаго боку, тут палітыкі імкнуліся наладзіць палітычнае жыцьцё, паколькі ўсе важныя рашэньні прымаліся ў Бэрлінскіх міністэрствах. З другога, Бэрлін на пэўны час стаў асяродкам беларускай культуры. Сярод асобаў, якія жылі і працавалі ў ім, былі і ўжо вядомыя прадстаўнікі старэйшага пакаленьня нацыянальнага руху (Фабіян Акінчыц, Радаслаў Астроўскі, Андрэй Бароўскі, Вінцэнт Гадлеўскі, Мікола Шкялёнак), і маладыя, будучыя актыўныя дзеячы беларускай эміграцыі (Мікола Абрамчык, Антон Адамовіч, Станіслаў Грынкевіч, Станіслаў Станкевіч, Янка Сурвілла, Вітаўт Тумаш, Часлаў Ханяўка, Мікола Шчорс і інш.).


1 Даклад, чытаны на міжнароднай канфэрэнцыі “Шлях да ўзаемнасьці” (Белавежа, Польшча, 22-23 чэрвеня 2002 г.)

2 Хрысьціянская думка. 1938. 10 сьнежня.

3 Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). Мінск, 2002. С. 109.

4 Тамсама. С. 13-14.

5 Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мн., 1993. С. 31

6 Ліст а. Аляксандра Крыта да Аляксея Вініцкага ад 21.08.1967 г.

7 Бэрлін, Янка Сурвілла (Успаміны). // Беларус, 2000. Люты. №467.

8 Ліст Вітаўта Тумаша (“Заўвагі (з памяці) пра беларускія ўстановы й арганізацыі ў Нямеччыне ў гады Другое Сусьветнае Вайны”) да Аляксея Вініцкага ад 5 жніўня 1968 г.

9 Бэрлін, Янка Сурвілла (Успаміны). // Беларус. Люты, 2000 г. №467.

10 Тамсама.

11 Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем…С. 62-64.

12 Ліст Вітаўта Тумаша… да Аляксея Вініцкага ад 5 жніўня 1968 г.

13 Тамсама.

14 Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. Мн., 2002. С.16-17.

15 Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем…С. 113

16 Тамсама.