З эпісталярнае спадчыны Уладзімера Самойлы

ЮРАСЬ ГАРБІНСКІ Інстытут Славістыкі Польскай Акадэміі Навук Варшава

Агульнавядома: эпісталярыі ня могуць ня мець адрасатаў. Вызначальнай рысай ліста і ў жыцьці, і ў мастацкай літаратуры была й будзе адначасовая прысутнасьць у ім аўтара й адрасата. Ня так часта акрыленая, але бадай заўсёды абцяжараная пэўным эмацыянальна-псыхалагічным станам, іх жыцьцёвая экзыстэнцыя стварае ў эпісталярыях новую якасьць тагачасных кантактаў і ўзаемасувязяў. У навуковым сьвеце яе акрэсьлілі зьяваю сіямскасьці. Асоба адрасата, яго заўсёдная маўклівая прысутнасьць шмат у чым вызначае зьмест і характар як асобнага ліста, гэтак і ліставаньня ў цэлым, уплывае на іх кампазыцыйную структуру, на танальнасьць і дынаміку.
Чалавецтва мае за сабою багаты досьвед ліставаньня – ад антычнасьці да сёньняшняга дня. Бадай самымі “эпісталярнымі” ў гісторыі Эўропы й эўрапейскай літаратуры засьведчылі сябе XVIII і XIX стагодзьдзі. Беларуская эпісталяграфічная традыцыя складалася пазьней – у XIX стагодзьдзі. Аднак лёс эпісталярных калекцыяў гэтага апошняга пэрыяду ў пераважнай большасьці аказаўся асабліва драматычным, калі не трагічным. Зрэшты, як і лёс яе аўтараў і адрасатаў.
У аддзеле рукапісаў Навуковай Бібліятэкі Акадэміі Навук Летувы ў Вільні захавалася ўнікальная эпісталярная калекцыя заходнебеларускага рэлігійнага і культурна-грамадзкага дзеяча, публіцыста, сьвятара Ўладзіслава Талочкі. Яна складаецца з дзвюх частак. Першая з іх аб'яднала лісты да сьвецкіх і духоўных асобаў, да рэдактараў заходнебеларускіх і польскіх перыядычных выданьняў, да знаёмых, сяброў і калег у сьвятарстве. Ёсьць сярод іх і фрагмент карэспандэнцыі У. Талочкі да Людвіка Абрамовіча, рэдактара віленскага часопіса Przegląd Wileński. Другую частку склалі лісты, кароткія допісы, візытоўкі, паштоўкі-віншаваньні й запрашэньні, адрасаваныя сьвятару. Часавыя рамкі ліставаньня абмяжоўваюцца пераважна міжваенным дваццацігодзьдзем (1919–1939 гг.). У сваю чаргу, уражвае геаграфія эпісталярных рэляцыяў. Гэта ня толькі Бабровічы, Друя, Вільня, Варшава, Львоў, Любешаў, Пінск і Столін, але й далёкія Маніла, Чыкага, Харбін. Заходнюю Еўропу ў гэтых рэляцыях рэпрэзэнтуюць Інсбрук, Кёльн, Мюнхэн і Рым. Не меншую цікавасьць выклікае атачэньне адрасатаў і рэспандэнтаў У. Талочкі. Знойдзем тут выдатных рэлігійных дзеячаў і ахвярных удзельнікаў беларускага хрысьціянскага й культурна-нацыянальнага руху – Ф. Абрантовіча, В. Гадлеўскага, Я. Гэрмановіча, Л. Гарошку, С. Глякоўскага, Я. Дашуту, Ю. Кашыру, К. Кулака, М. Маскаліка, К. Найловіча, А. Неманцэвіча, Я. Пазьняка, С. Паўловіча, Б. Пачопку, Я. Семашкевіча, А. Станкевіча, Я. Тарасевіча, П. Татарыновіча, В. Шутовіча, З. Шымкевіча й А. Цікоту, заходнебеларускіх пісьменьнікаў Ф. Аляхновіча, Х. Ільяшэвіча й У. Самойлу. Да гэтага пераліку рэспандэнтаў варта дадаць і прозвішчы ўкраінскіх нацыянальна-культурных дзеячаў – львоўскага мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага і Восіпа Назарука, супрацоўніка ўкраінскай часапісі «Нова Зоріа». Невыпадкова ў міжваеннае дваццацігоддзе, як, у прыватнасьці, згадваў А. Клімовіч, у віленскіх колах публіцыстаў і літаратараў менавіта Уладзіслава Талочку называлі «ўсходнім агенствам». Нічога дзіўнага. Па дынаміцы і шырыні кантактаў (культурных, літаратурных, міжканфесійных) у Вільні яму, бадай што, не было роўных. Можа толькі за выключэньнем вядомага заходнебеларускага філосафа, літаратурнага крытыка і публіцыста Ўладзімера Самойлы. На вялікі жаль, ягоная багатая калекцыя эпісталярыяў, здаецца, страчаная незваротна.
У эпісталярнай калекцыі Ўладзіслава Талочкі, на шчасьце, захаваліся чатыры лісты Ўладзімера Самойлы. Іх зьмест, аднак, пераконвае, што гэта толькі невялікі фрагмэнт з больш ёмістага ліставаньня. Паводле сьведчаньняў сына пісьменьніка – Уладзімера, у час арышту ягонага бацькі ў ноч з 8 на 9 кастрычніка 1939 г. энкавэдысты забралі з сабою шмат друкаваных матэрыялаў, а таксама рукапісы й лісты. Лёс арыштаваных застаўся невядомы. Так, як і нявысьветленымі да сёньняшняга дня застаюцца дата, месца й акалічнасьці сьмерці аўтара.
Лісты захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Навуковае Бібліятэкі Акадэміі Навук Летувы (Ф. 21). Тры першыя зь іх друкуюцца ў перакладзе з расейскае.

*

Глыбокапаважаны а. Уладзімер!

Прабачце, што адразу не адказаў на Ваш ліст. Дарэчы, – прыходзілі Вашыя ўкраінцы з “Новай Зары”, але не засталі мяне ў рэдакцыі. Абяцалі яшчэ раз зайсьці, але не зайшлі. Іх я так і не бачыў. Ці былі яны ў рэдакцыі, не ведаю – сёньня спытаю. Склярава помню вельмі добра. Як выкладчык ён быў вельмі слабы. І мой бацька, нябожчык, яго за гэта не любіў. Але, наколькі памятаю, нягледзячы на такія адносіны, паспрыяў яго пераводу ў іншую навучальную ўстанову. Мы ўсё ж такі асабіста яго любілі – быў далікатна-мяккім, добрым і сімпатычным чалавекам. Будзьце ласкавыя, перадайце яму маю ўдзячнасьць за памяць і ўзаемнае прывітаньне. Імя па бацьку маёй мамы ён, праўда, крыху перакруціў: яна – не Іванаўна, а Канстанцінаўна. Дзе яны?.. Мама два гады таму памерла ў Краснадары, дзе жыве брат Іван з сям'ёй – на савецкай пенсіі, а гэта значыць – напаўгалодныя. Брат Аляксандр, выехаўшы з Адэсы ў Растоў-на-Доне яшчэ ў 1919 годзе, прапаў без вестак. Пасьля заканчэньня прыродазнаўчага факультэта ў Маскве ён паступіў у Пятроўска-Разум. агранамічны інстытут (былую Акадэмію). Адтуль быў узяты на вайну прапаршчыкам. У апошні час заведваў радыёстанцыяй, а яшчэ раней – кіраваў гаспадарчым аддзелам у сваёй артылерыйскай часьці. Салдаты яго любілі, бо добра карміў і... не краў. Аднак пазней, як афіцэру, яму прыйшлося хавацца ад бальшавікоў. Найбольш верагодна, ад іх рук і загінуў. Некаторы час хадзілі чуткі, што ён быццам бы ў Парыжы. Я пісаў, прасіў навесьці спраўкі – на жаль, весткі аказаліся непраўдзівымі... Чаму Скляраў выкладаў лаціну? Ён жа не класік, а, здаецца, “славянарос”, як і я. Зрэшты, і я таксама залазіў не ў сваё карыта. Але гэта было тут – “... на бесптичьи”, як кажуць. Раней, пры лішку талстоўскіх выхаванцаў, гэта ўвогуле не дапускалася. Лідэрса я не ведаў. Прыпамінаецца толькі прозвішча, але вельмі невыразна.
Між іншым, хачу паінфармаваць Вас пра недаравальны “ляпсус”, а нават “гафу” (больш моцных слоў не знайду (нашых новых рэдактараў-ідыётаў са “сьвентай паменьці” прайдзісьветам Вернікоўскім. Яго прыяцель Більдзюкевіч, такі ж як і ён, толькі горшы, бо яшчэ жыве, коштам аб'яваў прапіхнуў у расейскую газэту да непрыстойнасьці лакейскі панегірык Вернікоўскаму. Той, як Вы добра ведаеце, служыў Пятровічу з усёй яго чорнай зграяй для разбурэньня праваслаўнай Царквы. Таго ж самага дня ў “К.В.” з'явілася “славословие” Більдзюкевіча, якое праслаўляла нябожчыка менавіта за гэта разбурэньне. Факт той, натуральна, схавалі ад мяне і таму цяпер пакараныя. Я прапаноўваў выправіць сытуацыю і напісаць пра нябожчыка праўду – так, як гэта адпавядае лацінскаму выразу: пра памерлага – ці нічога, ці толькі – добрае... Але, на жаль, у апошні момант адхілілі.
З найлепшымі пажаданьнямі.
[Вільня, 1936?]
Ваш Самойла

*

Глыбокапаважаны а. Уладзімір!

Найперш – “мерсі” за марку. У мяне з гэтай серыі – толькі адна. А цяпер вернемся да спраў. Лекцыя спадарыні Ліхаравай была вельмі цікавай, таму ўгаварылі яе застацца яшчэ на адну. Адна з нашых дам (вельмі інтэлігентны і сшмпатычны чалавек) запрапанавала ёй начлегі і сваю кватэру. Спадзяюся, што і Вы, як ініцыятар лекцыі, прыйдзеце таксама... Быў тут, але толькі пару хвілін, адзін ксёндз. Не ведаю яго. Ды і той вельмі хутка пайшоў. Публікі было мала. Зрэшты, так як заўсёды ў нас “па срэдах”. Вельмі зьдзівіў у Вашым лісьце той фрагмэнт, дзе пішаце, быццам “Бохан саступіў Ліхаравай сваю (?!) сераду”... Пасьля таго, што я напісаў Вам пра ролю Бохана ва ўсёй гэтай справе, напісаць так – тое самае... што не прачытаць майго “мілага ліста”. Бохан адказаў ёй, што “з прыемнасьцю аддае чацьвер... – 7 красавіка, паколькі ўвесь сакавік заняты”. Так ён піша і мне. Я напісаў яму такі адказ, на які той заслужыў. Шкада, што не пакінуў сабе копіі гэтага ліста. Таму Вам пасылаю толькі яго адказ-ліст да мяне, з якога Вы ўбачыце ўсё “благародства яго душы”. Па самой інтанацыі яго ліста адчуеце, як зачапіў Бохана мой ліст. Адказ Бохана быў адмовай, паколькі спадарыня Ліхарава не магла ні сядзець тут яшчэ цэлы месяц, чакаючы ў чарзе на “боханаўскі чацьвер”, ні прыехаць за свой кошт у Вільню яшчэ раз у красавіку. Усё гэта я растлумачыў Бохану. Хацеў дамагчыся ад Бохана “чацьвярга” для спадарыні Ліхаравай. Бо, як Вам вядома, у “чацьвяргі” больш народу, а таму з лекцыі было б больш даходу. Я пісаў Бохану, што звычайна для прыезджых гастралёраў мясцовыя знакамітасьці, пры ўмове ўзаемнай дамоўленасьці з арганізатарам лекцыі, як правіла саступаюць сваё месца з увагі на цікавасьць тэматыкі лекцыі. У сувязі з гэтым чарга дакладаў перасоўваецца толькі на тыдзень. У выніку, як я і пісаў, і лектары і прысутныя толькі выйграюць. Першыя атрымліваюць магчымасьць лепш падрыхтавацца з дакладамі, а публіка таксама мае сваё – і ў менш скандалічным настроі. Як рэагаваў Бохан на гэтую маю прапанову саступіць чарговы “чацьвер” спадарыні Ліхаравай, Вы ўбачыце з яго ліста, які Вам перасылаю.
У выніку яго адмовы ратаваць стан рэчаў давялося Багдановічу і мне. Мы саступілі спадарыні Ліхаравай “сераду”, як вымушаны эрзац “чацьвяргам”. Зноў жа такі, саступілі “посную” сераду, за якую дакладчыца атрымала толькі некалькі злотых... Да таго ж, Бохан не мае ніякага дачыненьня да рэлігійна-філасофскіх рэфератаў па срэдах. Не распараджаецца імі. Нават не прысутнічае на іх. І на гэты раз таксама не быў. Але, думаецца, не таму, што не цікавіўся тэматыкай. Хутчэй проста зрабіўшы чарговае “сьвінства”, зноў жа, як заўсёды, уцёк ад публічнай “нашлёпкі”. Звярніце ўвагу, што ў сваёй “аргументацыі” Бохан гаворыць толькі пра першы “чацьвер” – 3-га сакавіка, як пра заняты дабрачынным дакладам на карысьць (асабістую!) для спадарыні Сакаловай. Але яму было прапанавана саступіць наступны чацьвер – г.зн. сёньняшні. Вось пра гэты чацьвер ён і маўчыць. Абвінавачвае мяне ў “недакладнасьці”. Але ж спадарыня Ліхарава прыехала ўсё-ткі не “4 сакавіка”, а “3-га”. Гэта значыць, перад 4-м, так, як я і пісаў яму. Акрамя таго, паслаў і сам ліст спадарыні Л., у якім і сапраўды напісана, што – “4-га сакавіка”.
У чым маё “штукарства”, гэта – сакрэт Бохана. Справа, аднак, больш простая. Ведаючы, што Бохан са спадаром Рассэтам (вельмі прыстойны чалавек) вядуць “чацьвяргі”, я зьвярнуўся да іх. Спачатку да Рассэта. Двойчы наведваў памяшканьне “Русского Общества”, але там Бохана не сустрэў. Аднаго разу застаў толькі сп. Рассэта. Яму ж і перадаў ліст спадарыні Ліхаравай з просьбаю – даць яму ход, г.зн. перадаць Бохану. Сам жа Рассэт заявіў, што ён – хворы і нічым цяпер не займаецца. Заходзіў я і на кватэру да Бохана, але і там яго не засьпеў. Пакінуў яму запіску, у якой папрасіў зрабіць усё магчымае для даклада спадарыні Ліхаравай. Распараджацца “чацьвяргамі” я не мог, таму толькі прасіў. Прасіў “чацьвер”, бо ён “жирнее”, чым нашыя “постные” (у сэнсе даходаў) “срэды”. Ні на кога нічога звальваць не меў права. Як не мў ніякіх магчымасьцяў што-кольвек зрабіць сам. Я не з'яўляюся сябрам “Русского Общества” і не выконваю ніякіх адміністрацыйных функцыяў. Увогуле, не маю нават ніякіх адносінаў да “чацьвяргоў”. Толькі тады, калі дзякуючы Бохану, правалілася канцэпцыя “чацьвярга”, мы з Багдановічам вырашылі выкарыстаць “сераду”. Уласна кажучы, а пра гэта ў свой час Вам пісалася, хоць я і выбраны сябрам “віцэ-старшыні” гуртка, але ніякай істотнай ролі ў ім не адыгрываю. Калі не лічыць той або іншай “трёпки”, якую час ад часу спраўляю дакладчыкам, калі прысутнічаю на “срэдах” і ўдзельнічаю ў дыскусіях, як правіла, вельмі і вельмі нізкага ўзроўню...
Такім чынам, “сераду” спадарыні Ліхаравай фактычна аддаў Багдановіч, а зусім не Бохан, як гэта пішаце Вы. Дарэчы, як і да мяне, да Багдановіча спадарыня Л. напісала непасрэдна...
Дзіўлюся – адкуль у Вас такія звесткі?! Падазраю – ці не ад самога Бохана. У такім разе, з усёй увагаю прачытайце яго “мілае пісьмо”. Толькі больш уважліва, чым маё...
З [неразб. – заўвага наша] да вайны я не быў знаёмы. Я ж – не вільнюк, а мінчук. Сустракаўся з ім тут, калі быў выкладчыкам, але пазней “раззнаёміўся”. Часамі сустракаемся на вуліцы, але адрэсу яго не ведаю. Калі даведаюся, абавязкова Вас паінфармую.
Спадарыня Ліхарава наведала сёньня Музэй і зрабіла мне шмат цікавых уваг наконт нашых ікон. Яшчэ раз будзе ў панядзелак, тады ж прыйдзе і А.Ів.Л. [маецца на ўвазе Антон Луцкевіч – заўвага наша]. Ён цяпер хварэе і таму сёньня не быў на сустрэчы. Прыходзьце, калі ў Вас будзе магчымасьць. Пачатак, здаецца, а 10-й гадзіне раніцы ці апалове 10-й.
З каментарыямі і заўвагамі па дакладу, як спецыяліст у праваслаўных справах, выступіць Багдановіч. Я, магчыма, толькі дапоўню, калі ён што-небудзь істотнае і важнае прапусьціць. Мы з Ліхаравай у час папярэдняга яе дакладу крыху пасварыліся. Але ўсё было на ўзроўні дыскусіі і таму скончылася прыстойна. Я, натуральна, падыйшоў да разгляду праблемы не столькі з пазіцыі спецыяльна-іканаграфічнай, і нават не містычна-рэлігійнай, а сацыялагіснай, нацыянальна-рускай. На мае пытанні дакладчыца адказвала кепска: гэта не яе галіна ведаў. Кірунак маіх пытаньняў падхапіў Багдановіч. Але з-за позьняга часу развіць шырэй дыскусію не атрымалася. Магчыма, сам падрыхтуюся і выступлю з дакладам па гэтай праблеме. Яна – “страшна” цікавая. Часткова мы з Багдановічам яе сфармулявалі наступным чынам: «Чаму ў Ноўгарадзе ды і па ўсёй Русі “софианские храмы” замяняліся “успенскими”...» А я яшчэ і ўдакладніў: “южное”, светлое христианство жизни – мрачным, “темноликим” христианством смерти (успения)...
“Бохан саступіў...”?! Ат і трэба ж так напісаць...
[Вільня, сакавік-красавік 1937?]
Ваш Ул. Самойла

*

Сэрэніссімэ Патэр!

Пасылаю Вам адрас А.І.Луцкевіча. Між іншым, гэта ён – адрас, а не Л-ч павінен быў трапіць да Вас яшчэ ўчора. Але мой сын, спяшаючыся на споведзь, забыў захапіць з сабою ліст. Сам я “загрыпіўся” і ў Музэі не быў. Што датычыць майго артыкула,то я вельмі хацеў бы што-кольвек даць. Толькі напісаць так, як хацеў бы, – і нельга, і не хапае часу. А так, абы з рук, як цяпер даю ў расейскую газэту, – не задаволіць ані мяне, ані часопіс. Зрэшты, магчыма што-небудзь і атрымаецца...
Моцна цісну руку.
Вільня. 24/9-37
Шчыра адданы Ул. Самойла
P.S. Адрас А.І.Луцкевіча
Czarny Brod
kolo Turmont
folwark Gora Sloneczna
P. Osmolowskiego
(dla A.L.)

*

Вялебны Ойчэ!

Вялікую і прыемную неспадзеўку зрабілі Вы мне “гістарычнымі” літоўскімі маркамі. Я ўжо так сумаваў, што, захварэўшы апошнімі днямі, прапусьціў аказыю набыць гэтыя маркі. А тут раптам такі мілы “супрыз”. Я меўся пісаць да Душэўскага якраз у дзень 9 мая, каб мець і польскія маркі з датай 10, але і гэта “празеваў”... Так часам забівае тэрміновая праца ў газэце, што нават справы такой першараднай важнасьці, як філятэлістычныя, адыходзяць з памяці ў цень... Таму асабліва шчыра дзякую Вам за памяць аб нашай калекцыі, якая так значна абагацілася Вашым прысылам...
Яшчэ – папрашу Вас напісаць адрэс С.В.Ліхаравай (ці яна Васільеўна, я няпэўны...). Справа ў тым, што я закінуў яе лісты сярод маіх папераў і газэт, і не магу знайсьці яе адрэсу. Яна прыслала адкрытку, вельмі мілую, з “Хр. В.” і бібліографіяй іконаведы, а я так запозьніўся ей адказаць. Пішу ей, што... на нейкі час выяжджаў на адпачынак з Вільні, каб неяк ачысьціцца хаця перад ей, калі не перад уласным сумленьнем, ад слушнага дакору ў “сьвінстве”... Усё віна – гэтая забіваючая праца ўначы, адбіраючая памяць у дзень...
[Вільня.] 15/V-38
Ул. Самойла

Падрыхтавалі да друку
Уладзімер Самойла-малодшы
й Юрась Гарбінскі