Віталь ЗАЙКА
Нью Ёрк

ІНСТЫТУТ ГЭБРАЙСКІХ ДОСЬЛЕДАЎ ІВО
Ў НЬЮ ЁРКУ І МАТЭРЫЯЛЫ Ў ЯГОНЫХ ЗБОРАХ,
ЗЬВЯЗАНЫЯ ЗЬ ГІСТОРЫЯЙ БЕЛАРУСІ

Сярод культурна-асьветных установаў Новага Сьвету адной зь лічаных не-беларускіх установаў, што маюць адносіны да Беларусі й захоўваюць у сваіх калекцыях матэрыялы, зьвязаныя зь Беларусьсю, зьяўляецца Інстытут Гэбрайскіх Досьледаў ІВО (ІВО—скарот назвы “Гэбрайскі Навуковы Інстытут” на мове ідыш; па ангельску—YIVO Institute).
Гэты інстытут — цэнтр гэбрайскай культуры ў ЗША — займаецца досьледамі, навучальнай дзейнасьцю і захаваньнем рэсурсаў у галіне гісторыі й культуры ўсходнеэўрапейскіх гэбраяў, а таксама іхных нашчадкаў у ЗША. Інстытуту належыць бібліятэка, што налічвае больш за 350 тысяч тамоў кніг і пэрыёдыкаў. Сярод іх 40 тысяч тамоў складае “Віленская калекцыя” — кнігі пераважна на ідыш, а таксама па-гэбрайску, расейску, польску ды на іншых мовах, што належалі даваеннай бібліятэцы ІВО і бібліятэцы М.Страшуна пры Віленскай кэгіле (юдэйскай грамадзе). ІВО — найбуйнейшы ў сьвеце дэпазыторыем кнігаў на ідыш, а таксама па гісторыі й культуры гэбраяў Усходняй Эўропы. Другі значны рэсурс Інстытуту — Архіў, які ўлучае ў сябе больш за 1.400 калекцыяў, агульным памерам больш за 10.000 футаў матэрыялаў (па прынятай у ЗША архіўнай сыстэме падліку). У Архіве знаходзяцца дакуманты й рукапісы, а таксама карэспандэнцыя, фотаздымкі, гуказапісы, мастацкія творы, артэфакты, што робяць ІВО адным з найвялікшых у сьвеце сховішчаў арыгінальных матэрыялаў па гісторыі ўсходнеэўрапейскага гэбрайства. Пры Інстытуце ёсьць Цэнтар гэбрайскіх досьледаў імя Макса Вайнрайха, пад эгідай якога праводзіцца дасьледчыцкая дзейнасьць і ажыцьцяўляюцца выдавецкія праекты. Разам з Калюмбійскім унівэрсытэтам Інстытут фундуе летнюю Праграму вывучэньня мовы, літаратуры і культуры ідыш імя Урыэля Вайнрайха, у якой бяруць удзел аматары мовы й студэнты з цэлага сьвету. Інстытут таксама фундуе штогадовыя стыпэндыі для дасьледчыкаў; на ягонай аснове створана рэдакцыйная рада Энцыкляпэдыі “Гэбраі ва Ўсходняй Эўропе”[1].
Інстытут ІВО, зарганізаваны калісь у Вільні, мае доўгую і драматычную гісторыю. Ідэя стварэньня адмысловай установы, якая б займалася вывучэньнем, інтэрпрэтацыяй гэбрайскай культурнай спадчыны, выкарыстаньнем яе для адукацыйных ды іншых практычных мэтаў, пачала рэалізавацца напачатку 20-га стагодзьдзя. Тады назіраўся росквіт ідэалягічных канцэптаў і палітычных рухаў эўрапейскага гэбрайства. Аднымі з найбольш плённых для захаваньня й разьвіцьця гэбрайскай культуры Ўсходняй Эўропы былі ідэі Шымана (Сямёна) Дубнава пра гэбрайскія масы як фундамэнтальны дзейнік гэбрайскай гісторыі, ягоны “сацыялягічны падыход”.
Дубнаў лічыў, што рэлігія, тэрыторыя й г.д. ужо ня могуць быць падставай гэбрайскай нацыянальнай ідэі, і ўважаў, што ў Новы час асноўным элемэнтам, які вызначае іх калектыўную тоеснасьць, ёсьць гістарычная сьведамасьць, адчуваньне імі агульнасьці й адзінства іхнай гісторыі, працяг якой ён [Дубнаў] бачыў там, дзе жыла тады большасьць гэбраяў — ва Ўсходняй Эўропе. Гэты канцэпт стаў вядомы як нацыяналізм дыяспары, і зь ім быў зьвязаны іншы, крыху пазьнейшы канцэпт — ідышызм, які прадугледжваў разьвіцьцё нацыянальнай гэбрайскай культуры на падставе ідышу. Найвыбітным тэарэтыкам ідышызму быў Хаім Жытлоўскі, які сьцьвярджаў, што самая мова ідыш мусіць служыць падмуркам гэбрайскай нацыянальнай тоеснасьці. Увёўшы ідыш ва ўжытак ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця, меркавалася з аднаго боку, спрасьціць народным масам доступ да адукацыі й культуры, а з другога — падвысіць прэстыж гутарковай мовы да ўзроўню мовы літаратуры й навукі. Гэтаму спрыяла прыняцьце Бундам, найбольш масавай гэбрайскай палітычнай партыяй Расейскай імпэрыі, прынцыпу нацыянальна-культурнай аўтаноміі, які прадугледжваў падтрымку мовы ідыш. Лёсавызначальнай падзеяй ідышысцкага руху стала Чарнавіцкая Канфэрэнцыя 1908 г. з удзелам найаўтарырэтнейшых гэбрайскіх культурных дзеячоў, якая прызнала ідыш адной з нацыянальных моваў гэбраяў і выпрацавала асноўныя кірункі яе разьвіцьця — стандартызацыю мовы, ажыцьцяўленьне асьветы на ёй, выданьне кніг і г.д. Было заяўлена, што для каардынацыі й правядзеньня гэтай дзейнасьці неабходна адмысловая ўстанова[2].
Першая сусьветная вайна, наступны грамадзка-палітычны закалот у Расеі, Нямеччыне, Аўстра-Вугоршчыне й паўстаньне шэрагу новых дзяржаваў адцягнулі стварэньне цэнтру па досьледах і каардынацыі культурных працэсаў эўрапэйскага гэбрайства. Але справа стварэньня такога цэнтру не загінула; былі скарэктаваныя некаторыя пазыцыі колішняй праграмы. Пасьля пэрыяду падрыхтоўкі, ў якім найбольш актыўны ўдзел узялі лінгвіст Нохэм Штыф і гісторык Эльяс Чэрыковэр, былі праведзеныя дзьве канфэрэнцыі, на якіх канчаткова ўсталяваліся арганізацыйныя прынцыпы гэбрайскай культурнай і навуковай інстытуцыі. На канфэрэнцыі ў Бэрліне 7-20 жніўня 1925 г. гэтая структура атрымала назву “Гэбрайскі Навуковы Інстытут”, і месцам яе знаходжаньня была абраная Вільня, дзе пазьней быў пастаўлены адмысловы будынак пры вуліцы Вівульскага. У кіраўнічыя ворганы Інстытуту ўвайшлі лінгвісты Макс Вайнрайх, Зэлік Калмановіч, Эльяс Чэрыковэр, рэдактар газэты “Вілнэр Тог” філёляг і гісторык Залман Рэйзін, эканаміст і сацыёляг Якуб Ляшчынскі, лекар і грамадзкі дзеяч Цэмах Шабад. У склад Ганаровай управы ўвайшлі Шыман Дубнаў, Альбэрт Эйнштэйн, Зыгмунд Фройд, Эдвард Сапір, Хаім Жытлоўскі[3].
Мэты Інстытуту былі сфармуляваныя наступным чынам: служыць цэнтрам сыстэматычных досьледаў усіх аспэктаў гэбрайскай гісторыі й культуры; рыхтаваць уласна гэбрайскіх навукоўцаў; зьбіраць бібліятэку й архівы згодна з навуковымі задачамі Інстытуту; выпрацаваць шырокую базу падтрымкі Інстытуту сярод гэбрайскіх грамадаў па ўсім сьвеце.
Уважаючы ідыш за нацыянальную мову гэбраяў Эўропы, заснавальнікі ІВО лічылі разьвіцьцё сэкулярнай гэбрайскай навукі на гэтай мове інструмэнтам для палепшаньня культурнага і духовага стану людзей.
Навукова-дасьледчая праца праводзілася па наступных чатырох кірунках, якія былі арганізаваныя ў сэкцыі: гістарычную, філялягічную, эканомікі й статыстыкі, псыхалёгіі й адукацыі. Была створаная сетка памагатых ІВО, у выглядзе “суполак сяброў ІВО” і асобных зьбіральнікаў, празь якіх зьбіраліся публікацыі й матэрыялы, праводзіліся апытаньні, палявыя досьледы, а таксама збор фінансавых сродкаў. Праца ІВО, асабліва ягоных Этнаграфічнай і Тэрміналягічнай камісіяў, а найбольш — Архіваў, у значнай ступені залежыла ад зьбіральнікаў — замлэрс. Досьледы праводзіліся пераважна на Віленшчыне (акрамя ваколіц Вільні гэта Ашмяншчына, Браслаўшчына, Глыбоччына ды інш.), іншых беларускіх этнічных землях, дзе разам зь беларусамі здаўна жылі гэбраі-літвакі. Акрамя “суполак сяброў”, якія існавалі па цэлым сьвеце — у гарадох і мястэчках пад польскай уладай, у Нямеччыне, балтыйскіх краінах, Англіі, Францыі, Палястыне, Паўднёвай Афрыцы і іншых краінах[4]. У Нью Ёрку і Буэнас Айрэсе былі заснаваныя адпаведна Амэрыканская (1926 г.) і Аргентынская (1931 г.) філіі ІВО. Інстытут да пачатку 1930-х гг. меў навуковыя сувязі з савецкімі установамі, у тым ліку БДУ і гэбрайскім сэктарам Інбелкульту (пазьней — Беларускай Акадэміі Навук). Працы навукоўцаў з ІВО, такіх як Макс Вайнрайх і Залман Рэйзін, друкаваліся ў навуковым пэрыёдыку Інбелкульту Цайтшрыфт (“Часапісь”), а выданьні ІВО Філолоґішэ шрыфтн (“Філялягічныя запісы”), Ідышэ Экономік (“Гэбрайская эканоміка”), ІВО Блэтэр (“Аркушы ІВО”) зьмяшчалі інфармацыю пра дзейнасьць Гэбрайскага сэктару Інбелкульту, друкавалі рэцэнзіі на ягоныя публікацыі. Супрацоўніцтва было перарвана кампаніяй супраць “фашызаванага ідышызму”, як у Саветах пачалі называць ідышысцкі рух, і перасьледам навукоўцаў у часы сталінскіх чыстак. Дарэчы, калі Саветы ў 1939 г. занялі Вільню, ахвярай рэпрэсіяў стаў шэраг гэбрайскіх нацыянальных дзеячоў, у тым ліку адзін з кіраўнікоў ІВО, літаратуразнавец і лінгвіст Залман Рэйзін. Узгадаем, што такі ж лёс напаткаў тады беларускіх нацыянальных і культурных дзеячоў А.Луцкевіча, Я.Пазьняка, А.Уласава. Пасьля саветызацыі Літвы, да якой адыйшла Вільня, ІВО быў ператвораны ў Інстытут гэбрайскай культуры ў структуры АН Літоўскай ССР. Старое кіраўніцтва было адхілена ад справаў, але ў студзені 1941 г. на чале Інстытуту стаў уцякач з Варшавы Ноях Прылуцкі, выбітны лінгвіст і нацыянальны дзеяч. З пачаткам савецка-нямецкай вайны ў чэрвені 1941 г. Інстытут фактычна перастаў існаваць. Шмат ягоных супрацоўнікаў трапіла ў Віленскае гета, і частка з іх была прыцягнута Спэцштабам Розэнбэрга да разбору канфіскаваных нацыстамі гэбрайскіх бібліятэк, музэяў і архіваў. Лічаным людзям пашанцавала ўнікнуць сьмерці. Пасьля вайны ў Вільні кароткі час існаваў Гэбрайскі музэй, які пераняў частку ацалелых матэрыялаў ІВО ды іншых гэбрайскіх установаў. З закрыцьцём музэю ў 1949 г. ягоныя фонды трапілі ў Кніжную Палату і дзяржархівы Літвы.
Інстытут ІВО адрадзіўся на базе Амэрыканскай філіі ў Нью Ёрку, загадчыкам якой быў Я.Шацкі. У 1940 г. група сяброў управы ІВО (М.Вайнрайх, Э.Чэрыковэр, Я.Ляшчынскі, Ш.Нігер ды інш.), што здолела выратавацца з ахопленай вайной Эўропы, абвясьціла пра аднаўленьне дзейнасьці Інстытуту. Задачай адноўленага ІВО стала захаваньне разнастайных праяваў загінулай культуры ўсходнеэўрапейскіх гэбраяў, правядзеньне й публікацыя досьледаў пра іхную гісторыю й культуру. Былі запачаткаваныя велічныя праекты — акадэмічны слоўнік мовы ідыш і шматтомны атлас гаворак ідыш (варта адзначыць, што ўпершыню ў сьвеце над гэтымі праектамі пачаў працаваць Гэбрайскі сэктар Інбелкульту). У другой палове 20-га ст. ІВО фактычна зрабіўся асновай ідышысцкіх штудыяў у сьвеце. Пры Інстытуце выдаваўся часапіс Ідышэ шпрах (“Мова ідыш”), выйшлі нарматыўныя “Падручнік ідыш для вышэйшай школы” і “Сучасны ангельска-ідыш, ідыш-ангельскі слоўнік” Урыэля Вайнрайха, супрацоўніка ІВО, загадчыка катэдры ідыш-штудыяў пры Калюмбійскім унівэрсітэце.
Архіў ІВО быў створаны ў Вільні ў 1926 г. Асновай сталі вынікі працы Інстытуту, апытальнікі гістарычнай, эканамічнай, адукацыйнай сэкцыяў, матэрыялы Этнаграфічнай і Тэрміналягічнай камісіяў, 'па гісторыі гэбрайскага тэатру. З Бэрліну быў перададзены гістарычны архіў “Мізрах”, сабраны пераважна ва Ўкраіне ў 1918—1920 гг. Свой архіў перадаў Інстытуту Ш.Дубнаў. У савецкі перыяд у ІВО былі перададзеныя архівы Гэбрайскага гісторыка-этнаграфічнага таварыства імя Ан-скага ў Вільні й Коўне. Падчас Другой сусьветнай вайны матэрыялы ІВО былі далучаныя да іншых гэбрайскіх дакумэнтаў, якія рыхтаваліся да адпраўкі ў “Інстытут НСДАП па вывучэньні гэбрайскага пытаньня” ў Франкфурт-на-Майне. Супрацоўнікі ІВО, што працавалі па загадзе нацыстаў над разборам архіваў, здолелі вынесьці й перахаваць частку матэрыялаў на тэрыторыі гета. Пасьля вайны гэтыя матэрыялы, а таксама ацалелыя кнігі й дакуманты з тых, што немцы здалі для зьнішчэньня на макулатуру, былі зьмешчаныя ў Гэбрайскім музэі. Сёньня большасьць віленскай часткі збораў даваеннага ІВО захоўваецца ў Цэнтральным дзяржархіве Літвы[5].
Частка архіву, што была вывезеная ў Нямеччыну, пасьля вайны была знойдзеная ў сховішчы ў горадзе Афэнбаху, недалёка ад Франкфурту. У выніку надзвычайных высілкаў адноўленага ІВО, і найперш ягонага дырэктара Макса Вайнрайха, знойдзеныя матэрыялы былі перавезеныя ў Нью Ёрк, дзе яны сталі ядром сёньняшняга Архіву ІВО. Найперш Архіў адноўленага ІВО лічыў сваёй мэтай зьбіраньне дакумантаў на ідыш і з ідыш-моўнага асяродку Амэрыкі, але хутка сфэра збору пашырылася. Падчас вайны й пасьля яе Інстытут вёў зьбіраньне матэрыялаў, зьвязаных з Галакостам (у тым ліку нацысцкай дакумэнтацыі), а таксама ўспаміны амэрыканскіх жаўнераў-гэбраяў, аўтабіяграфіі гэбраяў-імігрантаў у Амэрыцы. Значна пашырылася праца па пошуку дакумэнтаў пра зьнішчаныя гэбрайскія грамады. Зьбіраліся таксама матэрыялы з гэбрайскіх Ды-Пі-лягераў у Нямеччыне, архівы амэрыканскіх гэбрайскіх арганізацыяў — зямляцтваў-ланцманшафтн, Гэбрайскага Іміграцыйнага Дапамаговага Таварыства (HIAS), Аб'яднанага Дапамаговага Камітэту “Джойнт” (JDC), Адукацыйнага Альянсу, сацыялістычнай дапамагова-культурніцкай арганізацыі “Арбэтэр Рынг” (А.R. — Workmеn’s Circle), Амэрыканскага Гэбрайскага Камітэту (AJC). У 1992 г. у Архіў ІВО былі перададзеныя Архівы Бунду і гэбрайскага работніцкага руху, сабраныя пераемнікам Бунду ў ЗША — Гэбрайскім Работніцкім Бундам (Jewish Labor Bund).
Архіў ІВО структурна складаецца з асобных калекцыяў (Record Groups, RG), кожная зь якіх мае асобны нумар і прыкладна адпавядае структурнай адзінцы “фонд” савецкіх і постсавецкіх архіваў. Матэрыялы ўнутры калекцыі разьмеркаваныя па пранумэраваных тэчках, дакуманты ўнутры тэчак звычайна не нумаруюцца. У 1998 г. выйшаў адмысловы апісальны даведнік пра Архіў ІВО[6].
Беларускія або зьвязаныя зь Беларусьсю матэрыялы ў Архіве ІВО можна падзяліць на некалькі катэгорыяў. Перш за ўсё гэта асобныя калекцыі, што цалкам тычацца Беларусі, або ўтрымліваюць значную долю такіх дакумантаў. Прыкладам калекцыяў з гэтай катэгорыі ёсьць Архіў Менскай гэбрайскай рэлігійнай грамады (кагалу) (RG 12; 3 футы; даты: 1825-1921). Акрамя матэрыялаў, датычных кагалу, калекцыя мае асобныя мэтрычныя кнігі пазьнейшага часу з сынагогаў менскае акругі. Другім прыкладам ёсьць частка архіву Гэбсэктару Інбелкульту/БАН з 1920—1930х гг., пераважна фальклёр. Яны былі далучаныя да дакумэнтаў ІВО ў часе нямецкай акупацыі й захоўваюцца цяпер у фондзе Этнаграфічнай камісіі ІВО (RG 1.2). Там знаходзіцца, між іншага, карэктура ненадрукаванай кнігі Майсея Берагоўскага “Фальклорныя сьпевы на ідыш”, том ІІ, Менск, 1938 г.
У “Бэрлінскай калекцыі” (RG 215) захоўваюцца паперы нацысцкіх установаў, пераважна Райхсміністэрства (цывільнай адміністрацыі) акупаваных усходніх абшараў і Райхскамісарыяту прапаганды. Сярод іх знаходзіцца частка карэспандэнцыі генеральнага камісару акругі “Беларусь” Вільгельма Кубэ, фрагмэнты карэспандэнцыі райхскамісара “Ост” Генрыха Лёзэ, Спэцштабу Райхсляйтара Розэнбэрга, гэбітскамісарыяту Баранавічаў (Дадатак 3). У склад Штабу Розэнбэрга ўваходзіла Галоўная рабочая група Цэнтар, прадстаўленая тут дакумэнтацыяй пра менскія бібліятэкі, архівы й музэі, пра вываз у Рацібор фондаў менскіх бібліятэкаў (Дадатак 4). Сярод дакумантаў пераклад па-нямецку для акупацыйных уладаў у Беларусі розных матэрыялаў (справаздачаў прапагандыстаў, савецкіх улётак, запісак як савецкіх партызанаў, так і чыноў паліцыі і г.д.).
Асобную цікавую групу складаюць архівы зямляцкіх суполак узаемадапамогі (ланцманшафтн), што былі створаныя гэбраямі-выхадцамі з пэўнага мястэчка або мясцовасьці, і служылі як таварыскія касы, культурныя клюбы, супольныя ўласьнікі могілак і г.д. Гэтыя суполкі часьцяком выдавалі мэмарыяльныя кнігі й буклеты, а таксама кнігі памяці пра свае родныя мясьціны. ІВО мае матэрыялы зямляцкіх суполак выхадцаў з наступных мясцовасьцяў Беларусі: Антопаль, Бабруйск, Барысаў, Берасьце, Бешанковічы, Бяроза, Ваўкавыск, Вялейка, Гарадзішча, Гарадок, Глыбокае, Горадня, Дзісна, Дзяляцічы, Дзятлава, Дрыса, Ігумен, Іўе, Камянец, Капыль, Кобрынь, Крывічы, Куранец, Ліда, Ляхавічы, Маладзечна, Менск, Пінск, Полацак, Пружаны, Сапоцкін, Скідзель, Слонім, Слуцак, Смалявічы, Смаргонь, Солы, Столін, Сьвіслач (Гарадзенская), Ула, Целяханы, Чачэрск, Чашнікі, Шчадрын (RG 123 ды інш.). Дзеля таго, што ў апрацоўцы знаходзіцца шэраг неразабраных матэрыялаў суполак, гэты сьпіс няпоўны. Часам цікавыя матарлы пра мястэчкі знаходзяцца ў сямейных архівах, як, напрыклад, у паперах сям’і Кантар (RG 1257)—пра Рудню ля Менску, або сям’і Палеўскіх (RG 1307) — пра Кобрынь (для больш поўнага сьпісу гэтых калекцыяў патрэбны дадатковы досьлед).
Багата матэрыялаў з часоў БНР ёсьць ў архіве Хаіма Жытлоўскага (RG 208), палітыка, філёзафа й пісьменьніка; тэарэтыка й аднаго з заснавальнікаў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Матэрыялы, датычныя БНР, знаходзяцца пераважна ў лістах да Х.Жытлоўскага ад ягонага брата Самуіла, міністра па справах нацыянальных меншасьцяў ва ўрадзе БНР. Цікавым ёсьць таксама ліставаньне Х.Жытлоўскага (родам з Гарадку) з Сямёнам Ан-скім (Рапапортам) ды іншымі выбітнымі асобамі.
Другую катэгорыю складаюць спадарожныя матэрыялы ў выглядзе асобных дакумантаў у складзе калекцыяў. Да іх належаць, скажам, перадвыбарчыя матэрыялы беларускіх палітычных партыяў, улёткі й адозвы па-беларуску польскіх левых партыяў міжваеннага часу ў Заходняй Беларусі, што знаходзяцца ў “Віленскай калекцыі” (RG 29). Цікавымі сьведкамі часу зьяўляюцца беларускія тэксты ў друкаваных на чатырох мовах абвестках і загадах нямецкіх уладаў з часу Першай сусьветнай вайны й акупацыі Вільні ў 1915—1918 гг., якія захоўваюцца ў калекцыі Рады Віленскай гэбрайскай грамады (RG 10). Трапляюцца і выпадковыя беларускія матэрыялы, як, прыкладам, блянкі сяброўскіх пасьведчаньняў Таварыства Беларускай Школы ў RG 10. У фондзе лекара і грамадзкага дзеяча Ц.Шабада (RG 19) захоўваецца частка карэспандэнцыі выдавецтва Клецкіна з некалькімі лістамі ад беларускіх дзеячоў, у т.л. К. Езавітава (гл. Дадатак 2).
Шмат матэрыялаў пра гэбрайскі сацыялістычны рух на беларускіх землях можна знайсьці ў калекцыі Замежнага Камітэту Бунду (RG 1401) дарэвалюцыйнага часу. З уласна беларускіх у ёй на гэты час выяўлены толькі адзін ліст па-расейску ад “Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Р.У.П. [Рэвалюцыйнай Украінскай Партыі] на Чарнігаўшчыне” да Бунду (гл. Дадатак 1). Розныя матаялы, зьвязаныя з гэбрайскім сацыялістычным рухам у Заходняй Беларусі можна знайсьці ў Архіве Бунду (RG 1400).
Да гісторыі культуры Беларусі належаць матэрыялы архіваў гэбрайскіх пісьменьнікаў, грамадзкіх і культурніцкіх дзеячоў, што нарадзіліся й дзеілі ў Беларусі. Сярод такіх можна назваць калекцыі гісторыка і палітыка родам з Мсьціслава Шымана Дубнава (RG 87); паэта і празаіка са Шклова Залмана Шнеўра (RG 764); паэта з Койданава Аўрома Рэйзіна (RG 232); пісьменьніка з Ігумена Гальперна Лейвіка (RG 315); братоў Чарных з Дукоры, гісторыка і крытыка Шмуэла Нігера (RG 360), журналіста Даніэля Чарнага і грамадзкага дзеяча Баруха Ўладэка (абодва— RG 421); паэта й журналіста Аўрома Лесіна зь Менску (RG 201); драматурга Лявона Кобрына зь Віцебску (RG 376); гісторыка Саўла Гінзбурга зь Менску (RG 1121); пісьменьніка й бібліёграфа Аляксандра Памяранца з Горадні (RG 500); фалькларыста зь Менску А.Літвіна (Шмуэла Гурвіча, RG 206), ды шмат іншых.
Каштоўную інфармацыю пра Беларусь зьмяшчаюць у сабе калекцыі сьведчаньняў пра Галакост (RG 104), аўтабіяграфіяў эмігрантаў з Эўропы ў ЗША (RG 102); аўтабіяграфіі гэбрайскай моладзі ў Польшчы (RG 4). Гэтыя калекцыі маюць паказальнікі мясцовасьцяў, адкуль паходзяць інфарманты, а RG 102—яшчэ і кароткі пераказ зьместу аўтабіяграфіі з пазначэньнем месца народзінаў, занятку бацькоў, рэлігійнасьці, прычыны эміграваньня ды інш. Гэбрайскія рэлігійныя справы можна знайсьці ў калекцыі Вааду Ешываў (RG 25; Польшча і Заходняя Беларусь, даты: 1924-1940 гг.), Фонду “Эзрас Тойрэ” (RG 237; міжваенныя Польшча і савецкая Беларусь, даты: 1926-1936 гг.).
У калекцыі мапаў (RG 109) ёсьць расейскія, нямецкія мапы беларускіх земляў (у т.л. нямецкая мапа этнічнага складу Ўсходняй Эўропы з 1941 г.).
Значную каштоўнасьць уяўляюць калекцыі фотаздымкаў, сярод якіх ёсьць выявы мясьцінаў Беларусі. Гэта, між іншага, калекцыя Рафаіла Абрамовіча (RG 390, сабраная пры падрыхтоўцы альбому “Загінуўшы сьвет”, 1947 г.); Тэрытарыяльная фотакалекцыя (RG 120)—у разьдзелах “Польшча” і “Расея і Савецкі Саюз” (у канцы кожнага разьдзелу асобна зьмешчаныя здымкі з перыяду Галакосту — пераважна з трафэйных нямецкіх фондаў). Шэраг фотаздымкаў, у прыватнасьці з Менскага гета, захоўваюцца ў калекцыі “Інстытут НСДАП па вывучэньні гэбрайскага пытаньня” (RG 222).
Віды заходнебеларускіх мястэчкаў міжваеннага часу ды іхных насельнікаў можна знайсьці ў калекцыях прафэсыйных фатографаў Алтэра Кацызнэ (RG 1270; пісьменьнік, сябар С. Ан-скага), і Рамана Вішняка (RG 1223)[7]. Пэўную цікавасьць уяўляюць фатаздымкі і з пазьнейшага часу — сінагогаў і сцэнаў рэлігійнага жыцьця гэбраяў у Савецкім Саюзе (у т.л. Менск, Віцебск, 1978-1979 гг.) з калекцыі Надара Джынджыкашвілі (RG 1218) і Джэйкаба Рота (RG 328; здымкі менскіх гэбрайскіх могілак (брама, надмагільныя помнікі) падчас іх зьнішчэньня ў канцы 1960-х гг.).
У Архіве ІВО ёсьць таксама шэраг мастацкіх твораў з выявамі мясьцінаў Беларусі, напрыклад у калекцыі Лаянэла Рэйса (RG 1160) — некалькі малюнкаў і акварэляў Менску 1920-х гг, а ў калекцыі мастацкіх твораў (RG 101) — некалькі працаў Абрама Маневіча, Гэрмана Штрука, Шлоймэ (Салямона) Юдовіна.
Гэты артыкул ня можа служыць вычарпальным інвэнтаром беларускіх матэрыялаў у ІВО, ягоная мэта перш за ўсё давесьці да беларускай навуковай грамады й усіх зацікаўленых беларускай гісторыяй пра існаваньне тут, у ЗША, выдатнай і амаль не дасьледаванай крыніцы дакумантаў, зьвязаных зь Беларусьсю.

Дадатак 1.

ЛІСТ ДА КІРАЎНІЦТВА БУНДУ АД ПРАДСТАЎНІКОЎ
БЕЛАРУСКАЙ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ГРАМАДЫ
ЧАРНІГАЎШЧЫНЫ, каля 1905 г.
(рукапіс; RG 1401, Folder 574)

Посылаем листок “Белорусской соц. дем. Громады Р.У.П. на Черниговщине”, организации, возникшей в самое последнее время. Соц.[иал]-дем.[ократическая] агитация среди белорусск.[их] рабочих и раньше велась нашей Партией, но эта агитация носила случайный и поэтому крайне непрочный характер. Таким образом, возникшая организация поставит своей задачей агитацию и организацию белорусск.[ого] пролетариата уже более прочно. Отсутствие соц.[иал]-дем.[ократической] белорусской литературы сильно даёт себя чувствовать, а белорусские прокламации, издаваемые нами, не могут удовлетворить более развитые слои белорусского пролетариата. Белорусских изданий P.P.S. (Польскай Партыі Сацыялістычнай — В.З.), к сожалению, мы не имеем и были бы весьма удовлетворены получить их, хотя бы в небольшом количестве экземпляров. Надеемся, что Вы не откажете в товарищеской помощи и потрудитесь снестись с P.P.S. относительно литературы на белорусск.[ом] языке, издаваемой ею, а также и “Белорусской Рев.[олюционной] Громадой”. Особенно ощутительно отсутствие белорусской литературы в настоящие революционные дни, когда темные силы умирающего самодержавия направляют рев.[олюционную] энергию белорусск.[ого] пролетариата против евреев. Мы будем глубоко благодарны если наша просьба будет удовлетворена товарищами. Относительно самой “Громады” можем сообщить, что она состоит из двух городских групп (Остёр и Новгород-Северск) и трех сельских (Бырин, Оставушки, Сверж). В продолжении месяца она выпустила до 1000 листков и 200 брошюр. Листки сл.: “До селян” (300 экз.), “Як цар ваюе проти народу” (200 экз.), “Куды мы глядзим?” (100 экз.), “К интеллигенции” №1, №2, №3 (300 экз.). Брошюры: “Гуторка об том, куды мужицкие грошы идуць” (100 экз.), “Песни” (100 экз.).
В агитационной и организационной работе главным препятствием для нас служит крайняя безграмотность населения и отсуствие интеллигентных сил.
Надеемся на исполнение просьбы и с товарищеским приветом остаёмся Осип, Наднемонец, Сымон.
Адрес для посылок литературы: г. Глухов Черн.[иговской] Губ.[ернии] Уездная Земская Управа
Закоркину для Феди.
Для писем: г. Глухов Черн.[иговской] Губ., Дмитрию Михайловичу Колониусу.
На этот же адрес можно выслать и “П. И.”.

Дадатак 2.

ЛІСТ ІНСПЭКТАРА БЕЛАРУСКІХ ШКОЛАЎ ЛАТВІІ
К. ЕЗАВІТАВА ВЫДАЎЦУ Б. КЛЕЦКІНУ
(машынапіс; RG 19, WINS-9)
М.П.[штамп установы па латыску і беларуску]
Дэпартамэнт Нацыян. Меншасьцяў
Беларускі аддзел
ІНСПЕКТАР
Беларускіх школ

14 студзеня 1923 г. № 86.
Daugavpilī.
Беларускаму Выдавецкаму Таварыству Клецкіна у Вільні.

Грамадзянін Кляцкін,
няудалыя лісты даверанага Вашага, пісаныя ім на мае імя, зрабілі тое, што я зусім не хацеу Вам нічога адказваць аж да таго часу, пакуль не змагу распрадаць усе Вашыя кнігі і выслаць грошы, і толькі просьба Паважанага Пасла, Рака-Міхайлоўскага, есць прычына таго, што я знайшоу магчымым напісаць Вам гэтага ліста.
Ведайце-ж, што справа стаіць гэтак:
1, летам мінулага году, за тыдзень да пачатку месячных вучыцельскіх летніх курсаў, зьвярнууся я да Вас с просьбай срочна выслаць мне для гэтых курсаў па 100 экзэмпляраў некаторых кніжок, і каб не было затрымкі, паслау Вам са сваіх коштау 1000 руб задатку;
2, Ваш паверанный толькі праз які месяц выслаў мне гэтыя кнігі і калі я іх атрымау у Дзьвінску, дык курсы у Люцыну ужо канчаліся і кнігі туды не пасьпелі;
3, мала таго, былі высланы ня ўсе кнігі, а толькі “Гісторыя літэратуры” – Гр.[амадзяніна] Гарэцкага, на якую удадатак да усяго кошт быу накінуты на 25% супраць таго, як мы умауляліся;
4, такім парадкам я заплаціушы свае уласныя грошы, маю у сябе Вашы кнігі /некаторыя навэт у нераспакаваных пачках/ і чакаю будучага лета, каб распрадаць іх; з вялікай ахвотай павярнуу бы іх Вам назад, але ня ведаю хто павярне мне мой выдатак і перасылачныя выдаткі, хоць уся віна за здарэньне гэтага падае падае цалкам на даверанага Вашага;
5, хоць я і быў на яго дужа злы, але не пісау яму ніякіх лаянак і наагул не увайходзіу ні у якую перапіску; але, раптам, атрымліваю я ад яго ліста за лістом, у якіх ен патрабуе зараз-жа выплаціць яму усе грошы, пагражаючы у праціуным выпадку судом; ну гэта ужо было верхам неучцівасьці, і я пастанавіу сабе ніякіх болей спрау з такой нэрвовай фірмай ня мець і чакаць суда, калі ен гэтак пажаданы.
Цяперака, адказваючы Вам, прапаную: або чакаць на рэшту грошэй да лета, бо я не магу, па віне давераннага Вашага, цяперака распрадаць усіх кніжок, або павярнуць мне задатак і атрымаць назад Вашы кнігі.
З давераным Вашым, да належных выбачэньняу яго, ні у якую перапіску я уваходзіць не жадаю.

[Подпіс: К. Езавітаў]

[Штамп]
Baltkrievu Skolu Jnspektors
Інспектар Беларускіх Школ

Дадатак 3

ЛІСТ ПРАДСТАЎНІКА БЕЛАРУСКАЙ САМАПОМАЧЫ
КІРАЎНІКУ ПРАПАГАНДОВАГА АДДЗЕЛУ БАРАНАВІЦКАЙ
АКРУГІ (рукапіс; RG 215, OccE 3a—Bar 22)

Кіраўніку прапагандовага аддзела Баранавіцкай акругі сп. Бедрыцкаму.

12-ХІІ-43 г. я быў запрошан у гарадзкую управу на паседжаньне лепшага актыва беларусаў г. Баранавіч, дзе прысутнічала да 30 асоб. Адчыняў гэта паседжаньне сп. Русак як старшыня горада і намеціў у парадку дня 2 пытаньні:
1. Вынікі тэрора у Менску, уход у “партызаны” у Слонімскім і другіх Акругах.
2. Меры прыняцьця супроць такіх вынікаў і прапановы.

Як заўсёды высказваліся Акруговыя Кіраўнікі; БСП, школьніцтва і іншыя, якія адзначылі аб неабходнасьці моцнага згуртаваньня саміх сябе, уздзеяньня на паліцыю, якая не слухае нікога з іх, давер адзін другому, астарожнасьць у працы і жыцьці, барацьба з хлусьлівымі чуткамі, назначалі прапановы да нямецкіх улад аб лепшай дапамозе ім і абароне. Вельмі зьдзіўленым паказаўся мне даклад якога-то Астроўскага[8], які моцным аратарскім голасам крэчэў на ўсю залю, што: “усё сказанае вышэй ёсьць пустое, нам неабходна будаваць сваю дзяржаву цэнтралізаванае кіраўніцтва, што мы усе працуем і не маем ніякай ідэі, а ўсё чакаем ад немцаў якойсьці аўтаноміі ці рэспублікі, даволі ўжо гэтага чаканьня!
Мы павінны ўсе сьмела і рашуча выступіць да немцаў выпрацаваўшы мімарандум, каб на нашай бацькаўшчыне Беларусі былі кіраўнікі самі беларусы, даволі ўжо прасіцца ў немцаў ды падкупліваць салам, водкай ці бабамі ўладу і тады ніякі з нас беларус не можа знайсьці праўды. Мы павінны паставіць у мімарандум моцна пытаньне перадачы ўлады нам, беларусам, усюды і ў паліцыі і установах, а асабліва павінны выгнаць усіх зондарфюрараў, якія як удзельныя князькі таргуюць уладай, абставіўшы сябе польскімі паненкамі, п’янствуюць і разлагаюць сваім прыкладам масы. У іншым выпадку мы павінны паўстаць самі, толькі хто-ж нам дасьць права, бо мала трэбуем ад немцаў, якія назначаюць усюды людзей не пытаючыся ў нас. Мяне цікавіць пытаньне, хто выбіраў М. Ганько кіраўніком моладзі, каго яны (немцы) пыталі, дзе ён быў заслужан, ды і многія другія ў нашай акрузе.
Трэба раз і назаўсёды пакончыць з гэтымі нямецкімі назначэньнямі ў прапагандзе, паліцыі, загадчыкамі маёнткаў і г.д. У іншым выпадку мы не маючы сваёй рэспублікі і свайго ці то прэзыдэнта ці то фюрэра будзем зьнішчаны...”
Далей з пахвалай яго выступіў адзін з медыцынскіх працаўнікоў нейкі [Dr. Smartschok] які сказаў што: “ідэя яго ёсьць найлепшай і я як яго выхаванец адной з гімназій, дзе ён (Астроўскі) быў кіраўніком стаю на гэтым грунце і прапаную паставіць у аснову вышэй сказанае пытаньне аб самастойнасьці і пазваць на прачытаньне нашага мімарандума нашага даражэнькага “бацьку” Сабалеўскага, які мог-бы прама ад нас гэты мімарандум пераслаць да А.Гітлера, так як права на самастойнасьць можа даць толькі ён”.
Я не мог далей слухаць і вымушан быў перарваць гэтую размову, сказаўшы: “Пакуль будзе ў нашым грамадзянстве панаваць безідэйнасьць, не згуртаванасьць, слабае нацыянальнае пачуцьцё, малая актыўнасьць саміх кіраўнікоў у напрамку разьвіцьця ідэі Н.[овай] Эўропы, то не аб якой самастойнасьці не можа быць гутаркі, бо зараз нашае сялянства, (як ведаю я з практыкі, 1,5 года працы), не бачыць у вас сваіх кіраўнікоў і ва ўсіх пытаньнях, нават маленькіх пытаюцца узгадніць толькі з немцамі. Кіраўнікі не маючыя даверу ў народзе не могуць быць правадырамі гэтага народу”.
Пасьля 3-х гадзінных спораў на гэтым паседжаньні пастанавілі распрацаваць мімарандум старшыні гораду сп. Русаку і выбранымі для гэтага асобамі і прачытаць яго ў другі раз сярод большае колькасьці людзей.
Безумоўна гэта быў польска-нацыяналістычны сход за падзел міністэрскіх партфеляў і атрыманьня маёнткаў і каб я меў права то гэтага прамоўца і яго падхалімаў пасадзіў бы ў цяжкія ўмовы фізычнай працы, або проста зьнішчыў.
У канцы схода была заўвага аб моцнай тайне ўсяго сказанага. З Вашага боку прашу таксама захаваць гэта.

[Подпіс: Ф. Шпак (кіраўнік СБМ у акрузе Баранавічы)]

13.ХІІ.43.

Дадатак 4.

СПРАВАЗДАЧА ГРУПЫ “ЦЭНТАР” СПЭЦШТАБУ
РОЗЭНБЭРГА З 31 СТУДЗЕНЯ ПА 7 ЛЮТАГА 1944 г.
АБ АДСЫЛЦЫ МАТЭРЫЯЛАЎ БЕЛАРУСКІХ БІБЛІЯТЭК
У ЗБОР КНІГ У РАЦІБОРЫ
(машынапіс з праўкамі; RG 215, OccE 3a—24)

Minsk, 8.2.44.

Abtransport in der Zeit vom 31.1 bis 5.2.1944.[sic]

Aus Bibliothek der Akademie der Wissenschaften:

1 Waggon Radziwill-Bibliothek
nach Ratibor

am 1.2.1944

2 Waggon aus den 2 Bibliotheks-Keller-Räumen, Sachgebiete:
Philosophie, Marxismus-Leninismus, Religion und antireligiöse Literatur, Soziologische
[пазначана und politische Literatur, Rechtswissenschaft, Sprach- und Literaturwissenschaft,
алоўкам:[Riga] Geschichte, Ethnographie. Dazu einige Schränke mit gemischtem, hauptsächlich
historisch-politischem Inhalt.

am 3. und 4.2.1944

[Рукапісная ўстаўка: Jüdisch: 1 W.[aggon] am 31.1. 44 ]

Aus der Lenin-Bibliothek:

1 Waggon Restliche Zeitschriften und schon gebündelt liegendes Weißruthenien-Material
(nach Auslese des wichtigsten Materials für die Minsker Dienststelle)
nach Bialystok

am 29.1.1944

1 Waggon Politische und soziologisch-ideologische Literatur aus Stockwerk 2, Gestell 24, 25,
63,64, 65,66 und einige Stapel (gemäß eigens aufgestellten Lageplan)
nach Ratibor

am 2.2.1944

1 Waggon Vermischter Inhalt, hauptsächlich politische, marxistisch-ideologische, literatur-
wissenschaftliche, pädagogische, Sowjetverwaltungs- und etwas mathematisch-
technische Literatur. Stockwerk 2, Gestell 1-7, 19-22
nach Ratibor

am 5.2.1944

1 Waggon 6 Gestelle Forsetzung der Ladung vom 5.2 aus der Lenin-Bibliothek. Außerdem
historische (teilweise nichrussische) Literatur, sowie politische, sprach- und literatur-
wissenscheftliche und sowjetverwaltungstechnische Broschüren. Stockwerk 2, Gestell
23, 40-44 (halb), 59,60
Stockwerk 1, Gestell 37, 38, sowie die Stapel zwischen letzterem.
nach Ratibor

am 7.2.1944

[Подпіс]
(Dr. A. Richel)


[1] Больш падрабязную інфармацыю пра Інстытут IBO можна знайсьці на ягонай Інтэрнэт-старонцы www.yivo.org

[2] Kuznitz C. E. The Origins of Yiddish Scholarship and the YIVO Institute for Jewish Research. A Dissertation submitted to the Department of History and the Committee on Graduate Studies of Stanford University, 2000. P. 11-12.

[3] Ibid, pp. 23-25.

[4] Цвэй ёр арбэт фар дэм Ідышн Вісншафтлэхн Інстытут. А барыхт фар дэр цайт фун мэрц 1925 біз мэрц 1927. [Два гады працы ІВО. Справаздача за перыяд з сакавіка 1925 г. да сакавіка 1927 г.] Вільня, 1927.

[5] Fishman D.E. Embers Plucked From the Fire: The Rescue of Jewish Cultural Treasures in Vilna. New York, 1996.

[6] Guide to the YIVO Archives. Compiled and edited by Fruma Mohrer and Marek Web. Armonk, NY—London, 1998.

[7] Значная колькасьць здымкаў з гэтых калекцыяў выкарыстана ў кнігах: Kacyzne A. Poyln: Jewish Life in the Old Country. Ed. by Marek Web. New York, 1999; Vishniac R. Polish Jews. A Pictorial Record. New York, 1947.

[8] Відаць, маецца на ўвазе Радаслаў Астроўскі, будучы прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады, які ў сярэдзіне сьнежня і знаходзіўся ў Баранавічах