Аджыўленьне часу

Лявон Юрэвіч. Камэнтары: Літаратуразнаўчыя артыкулы. Менск, 1999. ??? с.
Калі каменнаму сусьвету бракуе свае самадастатковасьці, зьяўляюцца камэнтары; і сёньня маналітныя формы мінулабыцьця прагна чакаюць беларускага голасу-ацэны, сусьвету патрэбныя бо наш жывы голас, які б дапоўніў яго, ураўнаважыў, датварыў-адрадзіў бы ягоныя забальзамаваныя формы жыўленчым зьместам; кніжка Лявона Юрэвіча вельмі выразна й ажыўча явіць гэты беларускі ўратоўны зьмест напроці каменнасьвету, – і разам з тым, камэнтуючы мёртвы каменнасьвет, яна камэнтуе-творыць жывіну: гэтая кніжка бо пра Беларусь не тую, якая адбылася й зьнікла, а тую, якая вечнавытвараецца ў сэрцах духовых дойлідаў і жывадзеіць у духатвораным сьвеце.
Кніжка гэтая – паказьнік думаньня між памёрлым часам ды вечнажывым духам; яна беларусаявіць тое духовае й сьвятавобразнае, якое тапталася процібеларускай яваю, катавалася й нішчылася; у гэтым асаблівасьць беларускага камэнтару сусьвеціцы – заўсёднае адраджэньне неўміручага духу насуперак зьмертаўленьню беларушчыны, беларускі камэнтар бо ёсьць самыя творчасьць і тварэньне, творчая рэфлексія з прычыны самой жа творчасьці, імкненне ня гэтак растлумачыць зьяву, як яе яшчэ больш ужывадзеіць. Акурат таму “Камэнтары”, кампэнсуючы каменнасьвету ягоныя хібы, жыванапаўняюць і жывапрацягваюць сакральны беларускі прасьцяг; акурат таму ў “Камэнтарох” “адсутнічае” час як матэрыяльная праява, як мінуўшчына, ці будучыня, і выяўляецца часаванне іншага кшталту – духовае і вечнае; гэткая дужабеларуская метафарыстыка часу, прахваляваная скрозь старонкі кніжкі – не толькі “метад” літаратурнага доследу, але і адмета ды аснова творчасці Лявона Юрэвіча; і думка даследчыка пра абавязковую “страчанасць” гісторыі ў беларускай літаратуры, “страчанасць”, якую нашыя мастакі спрабуюць пераадолець, “напоўніць” канкрэтнай нацыянальнай гістарычнай рэчаіснасцю, творча развіваючы міт, трапна характарызуе і самую творчасць аўтара: Лявон Юрэвіч у сваёй кніжцы следам за беларускімі мастакамі, творы якіх камантарыць, імкнецца да наўмыснага напаўнення “страты раальнасці”, да пэўнага гістарычнага пераадолення свае ўласнае “міталагізацыі” – і гэтая пакрыёмая адвольнасць (калі аўтар не ідзе ад рэчаіснасці, а прыходзіць да яе са сваех духовых глыбіняў) не хібіць, а, увадваротку, пашырае межы навуковага доследу, дае магчымасць навукоўцу спрычыніцца да мастацтвадзеі тых, каго даследуеш, дазваляе паглыбіць навуковы твор, зрабіць яго сумастацтвам. Ад пачатку і да канца кніжка напоўненая гэтым адмысловым “прыходам” у свет, дзе ява зліваецца са сном, міталогія з рэчаіснагісторыяю, мова з маўленнем; Лявон Юрэвіч піша пра час у мастацкай прозе – але ягоныя словы можна аднесці і да часу ў “Камантарах”: “Час для мастацкай прозы значыць прыкладна тое, што для жывапісу – прастора. Як мастакі згортваюць звыклую трохмернасьць рэальнай прасторы ў дзьвюхмерную, спалучаючы рознавялікія фігуры, парушаючы пэрспэктыву, сумяшчаючы пярэдні й задні пляны, дабіваючыся акцэнтуацыі рэальнасці або, наадварот, уяўнасьці прасторы, – гэтак і пісьменьнікі сумяшчаюць часавыя рамкі твораў, каб надаць ім новы, нечаканы ракурс, паказаць чалавека й ягонае акружэньне ў незвычайным асьвятленьні. У выніку спалучэньня сучаснасьці зь мінуўшчынай, гісторыі зь легендай, у выніку сумяшчэньня часавых плоскасьцяў – узьнікае эфэкт універсальнасьці, пазачасавай значнасьці.”; цікавую скмету аўтара паводле сну ў беларускай літаратуры (калі “сон становіцца завершаным мастацкім вобразам, формай літаратурнага хранатопу”) можна таксама прымеркаваць да кніжкі Лявона Юрэвіча – казачнасць, фантастычнасць ёсць тое ж часавымярэнне “Камантараў”, якім зьяўляецца сон у беларускай літаратуры, і словы даследчыка пра сон у беларускай гісторыка-міталагічнай прозе можна працытаваць як зварот да пакрыёмых, тайнічых абсягаў творчасці самаго Лявона Юрэвіча: “У сьне чалавек вызваляецца і ўваходзіць у іншы сьвет, дзе рэчы мяняюць сваю прыроду. Сон зьяўляецца пераходам з аднаго стану быцьця ў другі, мастком, які злучае дзённыя зямныя вобразы й незямныя, нясёньняшнія, несучасныя ўяўленьні […] Чалавек у сьне вызвалены. У сьне […] слабеюць дзённыя законы, чалавек вызваляецца ад прычыннай залежнасьці, сьціраюцца межы мінулага й сучаснага, сапраўднага і ўяўнага, магчымага й жаданага. Жыцьцё пашыраецца, падвойваецца, паглынаючы дзённую й начную рэальнасьць. Так нараджаецца сьвет, не абмежаваны трохмернасьцю. Так сон становіцца завершаным мастацкім вобразам, формай літаратурнага хранатопу. Той мясцінай, дзе скрыжоўваюцца прасторавыя й часавыя пэрспэктывы. Час брыняе, робіцца амаль бачным, а прастора зьнікае ў часе, гісторыі, фабуле. Пры гэтым прыкметы часу раскрываюцца ў прасторы, і яна асансоўваецца й вымяраецца часам.”, – і гэтае ўсё пра “Камантары”, якія, зьяўлючыся навуковым доследам, казканапаўняюць беларускі быт, мастацтвавытвараюць яго. Гэткія раздзе лы кніжкі як “Да гісторыі станаўленьня жанру гісторыка-міталягічнае прозы”, “Лябірынты” Вацлава Ластоўскага: спроба разгорнутага камэнтара выбраных месцаў”, “На шляху з варагаў у грэкі”: праблемы гісторыі – праблемы сучаснасьці”, “Русальчына баляда”: міталёгія й дэманалёгія ў паданьнях Сьвятаслава Каўша”, “Апостал каханьня: Рыгор Крушына”, “Чорт, Янка Юхнавец ды беларуская літаратура”, “Паэзія і праўда жыцьця: Янка Юхнавец” увачавідкі кажуць незвычайны, “душэўны” ўнёсак у беларускае літаратуразнаўства, унёсак, у якім спалучыліся логіка навуковага аналізу і агонь мастацкага гарэння, веданне міталогіі і ўласнае мітатварэньне, дослед “мовы ва ўтопіі” Янкі Юхнаўца і сваё асабістае маўленьне; гэткая асабістая чынная прысутнасць даследчыка ў матарыяле, які ён даследуе (навуковае сумастацтва з літаратураю замест навуковага апераваньня літаратурнае паддоследнасці) дужа надзённая ў беларускім літаратуразнаўстве другой паловы ХХ стагоддзя, у якім часцяком пераважалі каляктыўныя падыходы і агульнаманалітныя ідэі, – і “Камантары” ацаляюць традыцыю навуковага знаўства, распачатую Вацлавам Ластоўскім ды Максімам Гарэцкім, знаўства асобы, творцы, а не канстатара, статыста з казённага інстытуту. Пры ўсім тым багатыя “Камантары” на матарыялы невядомыя, малавядомыя і недаследваныя: творчасць Рыгора Крушыны, Алеся Салаўя, літаратурная і культурніцкая дзейнасць тавізаўцаў, айцоў марыянаў, літаратурнай сустані “Баявая ускалось”; падаюцца і камантарацца рэдкія лісты з-пад рукі Юркі Віцьбіча, Пётры Татарыновіча, Міхася Міцкевіча, Ларысы Геніюш; разглядаецца беларускія таатральнае мастацтва, драматургія за мяжою, развіцьцё лексікі.
Зразумела, “душэўнасць” навуковага твору абавязкова будзе выклікаць нязгоду ў навукоўца-аб’яктыўшчыка, але ці варта спрачацца з душою: камяні ж таксама спрэчуць небу, хаця яны – усяго толькі ніжэйшая частка яго бясконцасці; скрозь усё ХХ стагоддзе беларусам кваліфікавана, аўтарытэтна і лагічна даводзіцца штось процідуховае-процібеларускае – але якія довады і аўтарытэты могуць пераканаць жывую душу ў тым, што яна не мае свайго ўласнага сусвету; свой уласны сусвет ёсць і ў Лявона Юрэвіча, і гэтае яскрава кажа ягонае літаратуразнаўства і ягонае беларусатварэнне; урэшце хараство ісціны, праўды ў душатаемнасці гэтых зьяваў, спасціжэнне якіх, у тым ліку і навуковае, найперш ёсць лірычнае хваляванне, а ўжо стопотым – карпатлівае меранне сантыметраў штанговым цыркулем; урэшце, каб не душа і не ейная ўсхваляванасць, не было б ніколі ні жывачаснай Беларусі, ні аб’яктыўнай навукі пра беларускую літаратуру… ні верша Юлія Таўбіна “Лірычнае хваляванне”, які цытуе Лявон Юрэвіч у “Камантарах” і які сугучыць з вышэйпрамоўленымі гукамі :

Так вецер праходзіць лірычнаю зданню
Баладным гяроем – спявакам старым.
Лірычнае хваляванне
Праходзіць, як вецер, па сэрцы маім.
Ўрачыстыя воды скандуючы, вербы
Схіляюцца каля варот
І шэпчуць: “Пішы без хлуслівых гіпербал,
Пішы без узвышаных троп.
Паперу на зэдлік… Пяро на канапе…
Душа разагрэта вячэрнім агнём…
Трамвай праляцеў, як двухстопны анапест,
І іскры дрыжаць за акном.
Я з вершам праходжу жыццёвыя тракты,
Я з вершам і ў крозах, і ў сне…
Харэі, і ямбы, і пруткія дактылі
Заўсёды на варце ў мяне.
Мы пойдзем супольна і будзем змагацца,
Супольна збіваючы кожны рыф –
І стромкія сцены алітарацый,
І ўзгоркі класічных рыфм.
Так вечар прыходзіць, так сунецца ранне,
Змываючы з Захаду грым, –
Лірычнае хваляванне
Заўсёды, як вецер, на сэрцы маім.

Лявон Вашко