УЛАДЗIМЕР ГЛЫБIННЫ


Т Э С Т А М Э Н Т

1

Увосень 1933 году агульныя камэры менскае турмы папоўніліся людзьмі з унутраных камэраў‚ што былі за ДПУ‚ ды арыштантамі з так званае “Амэрыканкі”. Гэта ўжо былі людзі‚ чыё сьледзтва было закаочанае‚ прысуды асобай нарады й тройкі ДПУ былі ўжо вынесеныя‚ і ім заставалася адно чакаць накіраваньня з этапам у Сібір. Ужо не было патрэбы трымаць іх у поўнай ізаляцыі ў каменных лёхах‚ якія ўжо чакалі на ноіых арыштантаў. Iх перакідвалі ў велізарныя‚ на колькі дзесяткаў людзёў‚ турэмныя пакоі‚ дзе ўжо былі сотні вязьняў розных гатункаў. Пасьля абавязковай дзённай працы ў майстэрнях‚ увечары камэрная прастора поўнілася суцэльным гулам людзкога натоўпу. На нарах і пад нарамі ляжалі й сядзелі людзі рознага ўзросту‚ размаітых заняткаў‚ адрознай адукацыі й прафэсыяў. Калгасьнік падкладваў пад голаў свае анучы й укладваўся побач з прафэсарам мэдыцынскага інстытуту‚ якому не было чаго падкладаць‚ бо забралі яго ў чым стаіць адразу пасьля лекцыі яшчэ ў траўні месяцы. Крымінальнікі ня мелі пры сабе нічога й адно лыпалі вачыма‚ прыглядаючыся да рэчаў‚ якія зрэдку дзе хто меў пры сабе. Доўга разлучаныя па камэрах падсьледных‚ змарнелыя па чалавечым слове‚ усьмяглыя па неабходнасьці тварыскага яднаньня‚ цяпер‚ нарэшце‚ сустрэліся зь некаторымі сябрамі па агульнай справе так званых нацдэмаў і ніяк цяпер не маглі нагаварыцца ўдосталь. Адно ўвечары яны й маглі ўпіцца віном няскончанае гаворкі. У паветры вісеў суцэльны заслон махорачнага дыму. ЁН хістаўся й яшчэ больш згушчаўся ад розгаласу мужчынскіх галасоў. Сярод іх вылучаўся басавіты голас каржакаватага рыжага чалавека‚ пасаджанага ў турму за язык. Ён і тут з натхненьнем ува весь голас апавядаў пра тых‚ хто робіць кар’еру‚ высака ўбіраецца па лесьвіцы ўгару‚ а нейкі зайздросьнік стукне па драбіне ўнізе‚ і ляціць той кар’ерысты да долу. Кажны анэкдот тога рыжага апавядальніка выклікаў гучны рогат у слухачоў: дзе каторыя можа бачылі сябе ці сваіх знаёмых у становішчы тога небаракі. На’т і тыя‚ што маўчалі‚ слухалі анэкдотчыка зь цікавасьцяй і ўдзячнасьцяй за трапны сэнс тых зьмястоўных прытчаў. Але рыжы канчаў гаворку‚ і ў розных кутох пачынала разьлягацца іншая‚ як бы спаборнічаючы зь ёю па сіле розгаласу.
Васілю Ключановічу‚ нядаўняму перабежчыку з Заходняй Беларусі‚ адкуль ён уцёк дзеля перасьледу палякаў за беларускую культурна-асьветную працу сваёй бібліятэкі ў Пінску‚ чалавеку з асаблівай замілаванасьцяй да кніжок‚ прыходзілася асабліва цяжка. Удзень яго ганялі‚ як і ўсіх на працу – рабіў у кравецкай майстэрні. Натрудзіўшы рукі за цэлы дзень страчэньня рукавоў якойсьці рабочай вопраткі‚ ён бадай што напалову жывым вяртаўся ў камэру пад вечар. Не прымаючы ўдзелу ў пустых гаворках‚ ён адразу прымаўся стоячы чытаць. Кнігі ў турэмнай бібліятэцы былі даступныя і нават менш былі адсартаваныя‚ чымся на волі. Сярод іх былі й творы Хведара Дастаеўскага. Васіль адразу станавіўся каля нараў і стоячы‚ каб сьвятло далёкай‚ на столі‚ і цьмянай лямпкі было зырчэйшым‚ каб рабіць друкаваны тэкст больш чытэльным‚ прымаўся чытаць “Братоў Карамазавых”. Тады для яго зьнікаў навакольны сьвет зь ягоным вэрхалам вакол. Ён адыходзіў з гэтага рэальнага сьвету‚ поўнага брыдкіх выразаў і галасу‚ у ідэальны сьвет уяўных гэрояў. Яго вабілі чыны богападобнага Алёшы Карамазава‚ які ўсім нёс сьвятло сваёй душы‚ якая адбівала ў сабе Хрыстовы сьвет. Ён зачытваўся тым‚ як ірасьхіманах‚ старац Засіма‚ даваў апошнія павучаньні Аляксею Карамазаву‚ каб паслаць яго з манастыра ў сьвет дапамагаць грэшным людзям сваім брацкім прыкладам. Засіма багаслаўляе Алёшу за ягонае аблічча. “Калі пшанічнае зерне ў зямлі не памрэ‚ дык застанецца адным‚ а калі памрэ‚ дык прынясе шмат плёну”.
– Шмат будзеш мець супраціўнікаў у сьвеце‚ але нават і ворагі будуць любіць цябе‚ – гаварыў Алёксу старац Засіма ў дзень свае сьмерці. – Шмат няшчасьцяў прынясе табе жыцьцё‚ але якраз імі ты й будзеш шчасьлівы‚ і жыцьцё багаславіш‚ ды інш ых багаславіць змусіш – што найбольш важна.
– Алёксава аблічча‚ – казаў Засіма‚ – было асабліва любым‚ бо было напамінам і прароцтвам. Яно нагадвала мне майго старшага брата ў маім дзяцінстве. Хоць ён і памёр‚ калі яму было ўсяго сямнаццаць гадоў‚ а я быў усяго дзіцянём‚ але я ўсім жыцьцём сваім пераканаўся‚ што гэты брат мой быў мне як бы ўказаньнем у маім лёсе‚ наканаваньнем зь неба. Каб не было яго ў маім жыцьці‚ не зьявіся ён‚ я ніколі не прыняў бы‚ так думаю‚ манашаскага сану й не пайшоў бы гэтым каштоўным шляхам. А цяпер на сьхіле майо жыцьцёвага шляху зьявілася нібыта паўтарэньне яго: да таго ж духовае падабенства‚ што я ўжо неаднаразова лічыў Лёксу за брата майго‚ што прыйшоў быў патайна ў канцы майго шляху‚ для нейкага ўспаміну й пранікненьня‚ гэтак‚ што я нават зьдзіўляўся самому сабе й гэткай дзіўнай марай.
Ключановічавы твар быў выразам поўнае сканцэнтраванасьці на далейшым выкладзе філязофіі старца Засімы‚ гэтак‚ як яе выказваў ягоны брат-юнак.

2

А тым часам недалёка ад Васіля на нарах ляжаў малады хлапец з змарнелым тварам і таропка паводзіў сваімі вачыма то на Васілёву постаць і ягоную прыгнутую да кнігі галаву‚ то на пярэсты збор людзей вакол‚ што не спыняў свайго галасу да позьняе ночы. Платон Маланка думаў аб тым‚ што не даюць чалавеку й пачытаць спакойна. I як гэта яму яшчэ ўдаецца неяк чытаць і разумець чытанае? Гэта ж такі вэрхал стаіць‚ што‚ здаецца‚ над вухам чалавека крычы – не пачуе! ЁН прыгадаў ючановічавы размовы аб польскім тэррору ў Пінску‚ дзе слова беларускага не кажы‚ адразу жандары‚ па першаму паказу скрозь раськіданых шпікоў‚ хапаюць і кідаюць у кутузку. Ключановічу‚ як стваральніку беларуска-рускае біблтятэкі‚ пагражаў арышт і вязьніца. Прыйшлося яму ўцякаць у Савецкую Беларусь. Спадзяваўся‚ што ам будзе воля й прастора для беларускае культурна-асьветніцкай дзейнасьці. Але як толькі ступіў на мяжу запаветнай зямлі‚ адразу ДПУ запраторыла яго ў свае сутарэньні‚ прышывала нечуванае злачынства – шпіёнскую ролю на карысьць Польшчы‚ ягонага найзьлейшага ворага‚ – а затым дала пяць гадоў ссылкі ў далёкую ярэднюю Азію. Так заместа бацькаўшчыны‚ мусіць небарака трапіць на чужыну‚ аб якой ні думаў‚ ні сьніў. Але ўбачыў затое‚ што ні ён адзін тут сярод такіх жа ў камэрах перасыльнай турмы ён сустрэўся з сотнямі маладых і старых так званых нацдэмаў‚ якія былі адарваныя ад сваіх сем’яў‚ унівэрсытэту‚ а многія ад любімае працы‚ часта творчае дзейнасьці ў галіне мастацтва й прыгожага слова‚ і кінуты на той жа выгнаньніцкі лёс. Дазнаўся ён‚ што нядаўна такі ж лёс падзялілі многія дзеячы зь Беларускай Сялянска-Рабочай Грамады‚ што сваім часам‚ падобна яму‚ былі перабеглі граніцу‚ ад польскага перасьледу ратуючыся ў Савецкай Беларусі. На пачатку яны былі прынятыя з распрасьцертымі абдымкамі‚ падаставалі добрыя пасады‚ а цяпер у 1933 г. Арыштоўваліся‚ абвінавачваліся ў многіх палітычных злачынствах і цяпер высылаюцца ў далёкія мясьціны неабдымнага СССР. Гаворкі з маладымі‚ як для яго веку‚ нацдэмамі паступова прымірылі яго з сваім незайздросным лёсам. Ён паступова пачаў менш думаць пра сябе. Ведама‚ што сьведамасьць агульнае бяды зьмякчае гора асобнага чалавека. Адно‚ з чым Васіль ня мог памірыцца – гэта неабазнанасьць маладых людзей у рэлігійных справах. Тыя ня ведалі нічога зь сьвятога пісаньня‚ нават не ўяўлялі‚ якое вялікае маральнае й філязофскае значаньне маюць дзесяць запаветаў‚ і якой магутнай сілай зьяўляецца вучэньне Госпада Нашага Iсуса Хрыста. З Платонам Маланкай Васіль ужо колькі разоў гутарыў на гэтыя тэмы спрабаваў пакрысе растлумачыць яму Сьвятое Эвангельле паводле Мацьвея Лукі й Iаана. Але каб мець посьпех‚ пераканаўся‚ што тут патрэбна праца праз гады‚ каб чаго дасягнуць. Занадта ўжо сырымі й неўспрымальнымі здаліся яму гэтыя маладыя душы. У кажнай адчувалася вялікае напластаваньне бязбожніцкае прапаганды. Матар’ялістычная філязофія зрабіла сваю справу‚ атэістычнае выхаваньне відавочна пажынала плён свае шматгадовае працы праз школу‚ клюбы‚ камсамол. У гэтых адносінах лёс моладзі куды ўжо лепшы быў у Заходняй Беларусі пад польскім бізуном: прынамсі‚ не чаплялі сілком бязбожніцкіх паглядаў. Таму апошнім часам Васіль менш часу марнаваў на ідэалягічныя спрэчкі‚ а больш чытаў і думаў пра чалавечыя праблемы. А раман “Браты Карамазавы” захапіў яго нагэтулькі‚ што ён чытаў яго стоячы пасярэдзіне камары да глыбокае начы‚ калі ўжо заместа галаса чуўся адно раскацісты храп‚ які рэхам каціўся з аднаго кутка ў другі й чуўся праз вакно нават на турэмным двары. Ключановічава вуха‚ аднак‚ так прызвычаілася да аднастайнага тону яго‚ што зусім ня чула. Начны час быў найлепшым часам для Ключановіча цяпер. Дарма‚ што стомленасьць ад штодзённай працы й чалавечага гулу ўвечары сплюшчвала вочы й хіліла голаў на спачын. Васіль удала перамагаў яе‚ і‚ бывала‚ далёка за поўнач была відаць ягоная высокая постаць‚ і цень ад яе клалася шэрай зданьню па коўдрах і вопратках зваленых сном змарнелых арыштанатаў‚ што побач адзін аднаго‚ як тыя браты па няволі‚ ааддаваліся цяпер нязбытным бачаньням волі й сваіх родзічаў.

3

Чытае Ключановіч пра Засімавага брата Маркела й усё больш праймаецца тым‚ як той суцяшаў сваю маці‚ каб яна не марнавала сябе думкамі пра ягоны хуткі кон ад хуткацечных сухотаў. “Маці‚ ня плач‚ – казаў Маркел‚ – жыцьцё ёсьць рай‚ і ўсе мы ў раю‚ але ня хочам таго ведаць‚ а калі б пажадалі даведацца заўтра ж зрабіўся б на ўсім сьвеце рай”. Гледзячы на служкаў‚ ён выказваў жадньне й самому паслужыць ім‚ быць слугою сваіх служкаў‚ такімі‚ якімі яны яму. Усялякі з нас‚ сьцьвярджаў ён‚ перад усіма ва ўсім вінаваты‚ а я больш усіх. А чалавеку й аднаго дня досыць‚ каб пазнаць усё шчасьце. Перастаньма сварыцца й забудзем крыўды‚ пойдзем у сад гуляць‚ будзем любіць адзін аднаго й багаслаўляць жыцьцё. А калі глядзеў на птушак‚ любаваўся імі іпрасіў дараваньня ў іх. Такая божая слава вакол нас: птушкі‚ дрэвы‚ лугі‚ нябёсы‚ а я раней не прыкмеціў такой красы й славы. Няхай я й грэшны перад Вамі‚ але затое мне ўсе даруюць за маю бязьмежную любоў да іх. Гэта й ёсьць рай. Хіба ж я цяпер не ў раю? – пытаўся Маркел. Гэта ён наказаў малому тады Зіню гуляць і жыць за яго. Маркел адышрў у лепшы сьвет‚ а Зіню паслалі ў Пецярбург у кадэцкі корпус на гвардзейца вучыцца. Але з бацькоўскага дому Засіма вынес самыя каштоўныя успаміны аб сваім дзяцінстве. Ужо ў восем гадоў ад роду ў перадвелікодны тыдзень на абедні ў царкве мяне наведала духовае пранікненьне. Там чыталі прытчу аб Iёве‚ які пасьля страты ўсіх багацьцяў‚ сям’і‚ скаціны‚ ня стаў наракаць‚ а‚ кінуўшыся на зямлю‚ зьвярнуўся да Бога з словамі: “Голым выйшаў з лона маці‚ голым і зьвярнуся ў зямлю‚ Бог даў‚ Бог і забраў. Няхай будзе багаславвенна імя Госпада цяпер і на векі”. Тут перад праўдай на зямлі адбываецца дзеяньне вечнай праўды. А Iёў‚ хвалячы Бога‚ служыць не адно яму‚ але й усяму стварэньню яго з роду ў род іна векі вякоў‚ як быў чалавек прызначаны. Што за кніга гэтае сьвяшчэннае пісаньне‚ які цуд і якія ўрокі! I якая сіла дадзена чалавеку ёю! Гэтая статуя сьвету й чалавека‚ характараў чалавечых‚ у ёй усё названае й усё паказана на векі вечныя. Пра красу сьвету Божага й пра вялікую таямніцу яго Засімавы словы лёгка клаліся на асілёву душу й пакідалі там глыбокі сьлед. “Усялякая траўка‚ усялякая казурка‚ мурашка‚ пчолка залатая‚ усе да зьдзіўленьня ведаюць свой шлях; ня маючы розуму‚ таямніцу Божую сьведчаць‚ самі безупынна яе твораць”.
Васіль перачытаў хутка апавяданьне Айца Засімы аб ягонай адмове на дуэлі ад стрэлу пасьля таго‚ як праціўнік стрэліў першым‚ і пра выхад з афіцэрскага стану. Хутка пасьля гэтага Госпад Бог удастоіў яго самавітага манашаскага шляху‚ на якім ён і ўзьняў на вышыню гэты духовы сан. I пачаў вучыць айцец Засіма‚ што насычэньне чалавечых патрэбаў вядзе адно да адасабленьня й духовага самагубства. Канчаецца тым‚ што заместа віна крывёю ўпіваюцца. Замест свабоды трапілі ў рабства‚ а заместа служэньня брацкай любові й чалавечаму яднаньню трапілі ў разьяднаньне й варажнечу. Рэчаў назапасілі больш‚ а радасьці стала менш.
Манах жа адсякае ад сябе лішнія патрэбы‚ самалюбную й гордую волю сваю ўтаймоўвае‚ бічуе паслухмянствам‚ і дасягае з божай дапамогай свабоды духу а разам з тым і духовай весялосьці. Вызвалены ад тыранства рэчаў і звычак‚ ён здольны ўнесьці вялікую думку й пайсьці ёй служыць.
Васіля асабліва кратала думка аб тым‚ што чым ніжэй і бядней чалавек‚ тым больш у ім можна заўважыць зычлівасьці й праўды. Адно ў чалавечай духовай годнасьці ляжыць роўнасьць‚ і гэта разумеюць адно ў нас. Беражыце вобраз Хрыстоў‚ і ён зазіхаціць як найуаштоўнейшы дыямэнт усяму сьвету.
А чалавек‚ паводле думак Засімы‚ пад канец будзе знаходзіць свае радасьці адно ў чынах асьвечанасьці й літасьцівасьці‚ у евангельскім служэньні ўсім‚ а ня ў жорсткіх паганскіх радасьцях‚ як цяпер у аб’ядзеньні‚ распусьце‚ фанабэрыстасьці й зайздросным узвышэньні аднаго над другім. З Хрыстом мы гэту вялікую справу вырашым. А тыя‚ якія хочуць наладзіць жыцьцё справядліва‚ але без Хрыста‚ кончаць тым‚ што зальюць сьвет крывёю‚ бо кроў кліча кроў‚ а той‚ хто выцягне меч‚ ад мяча й загіне. I калі б не Хрыстовае вучэньне‚ гэтак і зьнішчылі б адзін аднога нават да апошніх двух чалавекаў на зямлі. Ды й гэтыя два апошнія ня здолелі б у сваёй ганарлівасьці ўтрымаць адзін другога‚ так што апошні зьнішчыў бы перадапошняга‚ а затым і самога сябе. Але збылося слова Хрыстовае‚ што дзеля пакорлівых і рахманых скараціцца тое зьнішчэньне.
Чытаючы павучэньні Засімы‚ Ключановіч і не заўважыў‚ што ён ужо ўсю ноч прастаяў на нагах‚ а за вокнамі пачало ўжо займацца на дзень. Недзе на ўсхозе пачала ўжо сьвяціць зара‚ і ейныя цененькія пасмачкі ўжо краналіся сьветлымі ўзорамі на каменнай раме шыбянічнага шкла. Васіль дайшоў да самага важнага для яго – думак Засімы пра малітву‚ любоў і дачыненьні да іншых сьветаў. “Браты‚ ня бойцеся людзкога грэху‚ – чытаў далей Ключановіч павучэньні з Жыція старца Засімы‚ – любіце чалавека й грэшнага‚ бо такая любоў падобная Божай любові й ёсьць вершалінай любові на зямлі. Любіце кожнае стварэньне Божае‚ і суцэльны сьвет‚ і кажную пясчынку. Кажны лісточак‚ кажны прамень Божы любіце. Любіце жывёлін любіце расьліны‚ любіце кажную рэч. Будзеш любіць усялякую рэч і тайну Божую пазнаш у рэчах. Пазнаеш аднойчы й ужо няспынна пачнеш пазнаваць ўсё далей і больш‚ ьусялякі дзень. I палюбіш‚ нарэшце‚ увесь сьвет ужо суцэльнай‚ сусьветнай любоўю. Жывёлін любіце: ім Бог даў пачатак думкі й радасьць ціхамірную. Не каламуцьце ж яе‚ не мучце іх‚ не забірайце ў іх радасьці‚ не праціўцесь Божай думцы. Чалавек‚ не фанабэрся перад жывёламі: яны бязгрэшныя‚ а ты сваёй вялікасьцю гнаіш зямлю сваім зьяўленьнем на ёй і сьлед свой гнойны пакідаеш пасьля сябе – нажаль‚ амаль усялякі з нас! Дзеткаў любіце асабліва‚ бо яны таксама бязгрэшныя‚ як анёлы й жывуць для замілаваньня нашага‚ для ачышчэньня сэрцаў нашых і як нейкае зазначаньне. Бяда таму‚ хто абразіць дзіцяня. А мяне айцец Анфім вучыў любіць дзеткаў: ён‚ мілы й маўчун у падарожжах‚ на жабраваныя грошыкі ім пернікаў і ледзянцу‚ бывала‚ купіць і раздасьць: такі чалавек‚ мінаць дзеткаў ня мог без усхваляваньня душэўнага...”
Васіль Лючановіч гэтак расчуліўся ад праніклівай глыбіні тых думак‚ што пачаў ад узбуджаньня чытаць голасна тое месца‚ якое было як бы й ягоным сымбалем веры‚ ягоным выпакутаваным крэда.

4

Тым часам камэра прабуджалася да новага вэрахлага дня‚ за момант усе ўжо былі на нагах‚ пачыналі гаворкі‚ іншыя чакалі камнды на выхад у емінную залю‚ дзе іх чакала міска баланды й штодзённая пайка чорнага‚ але для вязьня смачнейшая за пірог‚ хлеба. Васіль уголас прамаўляў адно словы: “Узяць сілаю ці пакорлівай любоўю?” Заўсёды вырашай: “Вазьму пакорлівай любоўю”. “Вырашыш гэтак раз назаўсёды й увесь сьвет пакарыць здолееш. Пакора любоўная – страшэнная сіла‚ з усіх мацнейшая‚ падобнай да якой няма”.
– Так гэта вялікшая думка Хрыста нашага Спаса‚ – ад сябе дадаў Васіль‚ зьвяртаючыся да ўсіх‚ а гледзячы пераважна на
Платона аланку‚ к бы выпрабоўваючы на ім даходлівасьць тых важных словаў Хрыстовае навукі. Платон таксама пільна ўглядаўся ў збляднелы й змарнелы ад недаспаньня Васілёў твар і думаў пра тое‚ што гэты Божы чалавек‚ такі непадобны на ўсіх тут‚ надта ўжо зарваўся ў сваім няпрошаным хадайніцтве да Хрыста. I зусім не таму‚ што ён быў нязгодны з тымі добрымі словамі‚ зь якімі нельга было не згадзіцца‚ а хутчэй за ўсё з прычыны свайго маладзецтва й уласьцівасьці пярэчыць. Пры гэтым яму аж надта ўжо захацелася паказаць перад ягонымі сукамэрнікамі зецюковую сваю ўдаласьць. Ня доўга думаючы‚ ён ськіраваў да лючановіча адно слова. Ягоныя вусны‚ як бы незнарок‚ вымавілі нечакана адно брыдкаватае слова. Хаця ж яно было вымаўлена скрозь вусны‚ нібыта нячутна‚ тым ня менш Бліжэйшыя да Платона вязьні пачулі яго й адразу ўзарваліся рогатам.
– Вось праўда‚ заместа быць гатовым ісьці сьнедаць‚ ён тут нам свайго Хрыста прапагуе! – сказаў адзін зь іх‚ відаць з маладых уркаў‚ якому яшчэ больш за Плятона карцела паказаць сябе‚ што й ён ня лыкам шыты й здольны здабыць сабе аднадумцаў. Але неяк тады ніхто больш голасна не падтрымаў яго‚ і ён хутка сьцішыўся ў сваім утрапеньні. А Платону адразу сталася сорамна за свой учынак. Ключановіч адно адказаў яму жалю годным позіркам і ледзь прыкметным кіўком зьдзіўленьня. Ніводнаю рысаю твара ён ня выказаў асуды Плятонавага ўчынку. Словы‚ якія ў такім выпадку самі просяцца на вусны‚ ён пакінуў на пазьнейшы час. “Няхай адумаецца‚ ацьверазее‚ – падумаў Васіль‚ і спыніў сваё чытаньне на сяньня. – Час дасьць змогі яму зразумець і дайсьці да праўды. Ня буду яму судзьдзёю адразу па гарачых сьлядох. Маладосьці звычна памыляцца й чапляцца за гарачыя‚ неабдуманыя словы. Памажы яму‚ божа‚ дайсьці да праўды й стаць чалавекам! Аман!”
За колькі часінаў званок апавясьціў усіх‚ што трэ’ ўжо ўсім выходзіць у калідор і шарэнгаю ісьці ў сталоўку‚ аб пасьля ўсім сунуцца ў майстэрні на працу. Пачыналася шэрая штодзёншчына.
Платон Маланка адчуваў сябе блага. Яму было брыдка за сказанае тое слова ў адрас Васіля Ключановіча. “I які д’ябал пацягнуў мяне за язык тады ў тую ліхую часіну?” – бесперапынна думаў ён аб сваім учынку. Тое‚ што Мікола?? Нічога тады не сказаў на тое агіднае слова‚ яшчэ больш карабаціла Платона й рабіла ягоны ўчынак яшчэ больш нясьцерпным. Думаў ён пра яго‚ калі глытаў ранішнюю бурду ў емільні‚ не спыняў абмяркоўваць у часе працы‚ калі страчыў на машыне нейкія кашулі‚ а ўсьлед за строчкай цягнуўся думкай‚ што зрабіў тое‚ ад чаго чалавеку рэба чырванець і хоць на вочы не паказвацца. Гэта ж які сорам чалавеку‚ які прэтэндуе на гонар інтэлігента‚ а цяпер так аскандаліўся. Бываюць жа часіны-няўклюды‚ калі з вуснаў нешта нечаканае вырвецца‚ пасьля якога мала чырванець‚ хоць у проламку кідайся.
У дакорлівых разважаньнях прайшло яшчэ колькі дзён. Уначы‚ прачынаючыся‚ калі пераварочваўся на іншы бок‚ Платон заўважаў высокую постаць Ключановіча‚ які‚ па-ранейшаму стоячы‚ чатаў Карамазавых. Але сон хутка браў сваё‚ і Платон хутка пазбываўся сьведамасьці й паглынаўся начной нірванай. Ураньні ўсе хутка выправаджваліся на сьняданьне‚ а пасьля на працу. Аднак Платон часта мераў пільным поглядам Ключановічаву фігуру й думаў‚ як гэта зачапіць яго‚ каб прынесьці яму сваю споведзь і папрасіць прабачэньня. Немаведвма‚ як доўга магла цягнуцца гэтая няпэўнасьць‚ але хутка было абвешчана‚ што Платону трэ’ ўжо зьбірацца да этапу – на Заходнюю Сібір этап вывозіцца ў панядзелак. Усыботу гэта стала вядомым. Ключановічаваму этапу ў Казахстан чарга яшчэ не прыйшла. Хутка прыдзецца разьвітацца з чалавекам‚ да якога Платон чуў асаблівую павагу‚ вылучаў яго з усіх сваіх таварышаў па няшчасьці‚ а тут яшчэ зрабіўшы яму такую крыўду‚ пачуваў і зусім абавязаным. I ён наважыўся абавязкова пагаварыць зь ім ў той жа вечар. Спадзяваўся‚ што яму ўдасца змыць зь сябе ім жа зробленую віну. Але не прыйшлося яму нават праяўляць ініцыятыву.
Увечары‚ калі вярталіся ў камэру пасьля еміны‚ Ключановіч сам зачапіў Платона‚ па-сяброўску паклаўшы сваю ценькую руку на ягонае плячо‚ з лагодай зьвяртаючыся да яго‚ як быццам нічога благага паміж імі й не адбылося.
– Ну вось і надыходзіць расставаньне‚ нядоўгім было нашае знаёмства‚ – сказаў ён і неяк асабліва спагадна зірнуў Плятону ў вочы. – Не пасьпелі добра запазнацца‚ як ужо лёс і разлучае нас. Немаведама‚ што нас чакае ўперадзе. Аднак‚ я спадзяюся‚ будзем ліставацца‚ абменьвацца думкамі ды ўражаньнямі з тога жыцьця. Вам будзе горш у канцлягеры??‚ чымся нам‚ якія едуць на выгнаньне адно ў вольную ссылку. Мы хоць будзем самі над сабою гаспадарамі ў вольны ад працы час. А Вам прыдзецца заўсёды пад наглядніцкім вокам быць‚ канваеры з Вас вачэй ня будуць спушчаць‚ за калючым дротам прыдзецца Вам жыць колькі гадоў‚ на нарах прыдзецца запазнацца й з рознымі уркамі‚ пабачыць розны чалавечы зброд‚ вынесьці й зьнявагу й абразу. Але калі не загінеце‚ выйдзеце з тога пекла сапраўдным чалавекам. I там знойдзеце добрых людзей ды й самі старайцеся быць прыкладам для іншых...
Пры гэткіх словах усё нутро Платонава раптам налілося пачуцьцём спагады да свайго калегі‚ сталася так добра на сэрцы‚ што здавалася з душы звалілася цяжкая ношка‚ што апошнія дні гняла яго з раньня да вечара. Асьвятлелымі вачыма ён зірнуў у Васілёвы зрэнкі й ціхама прамовіў:
– Прабачце мне‚ я перад Вамі вінаваты за тое нялюдзкае слова. Даруйце‚ грэшнаму.
– Я ўжо дараваў Вам тады ж адразу. Усе мы вінаватыя... – спакойна лагодным голасам адказаў Васіль. – I я ня толькі вінаваты‚ але магчыма вінаваты ў першую чаргу й перад Вамі мушу прасіць дараваньня мае віны.
– Шчырае дзякуй за дараваньне‚ – праказаў Платон і ўхапіўся за Васілёву руку й пачаў яе трэсьці. – Мне цяпер куды лягчэй‚ чымся было перад гэтым. Аднаго я не магу ўцяміць‚ чаму ж гэта й Вы вінаватыя ды яшчэ нават больш‚ чымся іншыя‚ бо ў першую чаргу.
– Вось аб гэтым я й маю жаданьне гаварыць з Вамі‚ – праказаў Васіль. Аб гэтым якраз я й чытаў‚ калі Вы сказалі тое брыдкое слова. Вялікі старац Засіма вучыў не бянтэжыцца‚ калі бачыце грэх людзей‚ не саромецца яго й не баяцца‚ што ён затрэ Вашую справу‚ ня дасьць ёй споўніцца. Найлепшым ратункам будзе зрабіць сябе адказчыкам за ўвесь грэх людзкі. Як толькі зробіш сябе адказчыкам за ўсіх й за ўсё сумленна‚ дык адразу й убачыш‚ што яно так і ёсьць на самай справе й што ты гэта й ёсьць за ўсіх і за ўсё вінаваты. Калі ж будзеш ськідаць сваё гультайства й сваю нядужасьць на людзей‚ скончыш тым‚ што далучышся да д’ябальскай гордасьці й пачнеш наракаць на Бога. Цяжка ахапіць розумам д’ябальскую сутнасьць гардыні. Лепш не спакушацца ёю... Адно ясна‚ што ніхто ня можа нічыім судзьдзёю быць. Ня можа судзьдзя судзіць злачынца‚ калі перад тым не пазнае‚ што й ён такі ж самы злачынца‚ як і той‚ што стаіць перад ім‚ і што ён-та за злачынства стаячага перад ім‚ магчыма‚ раней за ўсё й вінаваты. Бо быў бы я праведны‚ дык магчыма й злачынццы таго не было б. Калі ты ў стане прыняць на сябе злачынства стаячага перад табою й судзімага тваім сэрцам‚ дык неадкладна прымі й папакутуй за яго сам‚ яго ж без папрока адпусьці. I калі б самы закон паставіў цябе яго судзьдзёю‚ то наколькі магчыма‚ зрабі гэтак‚ бо адыйдзе злачынца й асудзіць сябе сам яшчэ горш твайго суда. Калі ж адыдзе з тваім пацалункам бяздушны‚ сьмяючыся над табою ж‚ дык не спакушайся й тым: гэта значыць‚ не прыйшоў ягоны час‚ але ён прыдзе некалі; а ня прыдзе‚ усё адно: ні ён‚ так другі за яго пазнае‚ і будзе пакутаваць‚ і асудзіць і абвінаваціць сябе самога‚ і тым праўда будзе папоўнена. У гэтым і палягае ўся вера сьвятых і іх спадзяваньні.
– Гэта мусіць таму Вы маўчалі ўсе тыя дні пасьля майго ўчынку‚ ня браліся судзіць яго‚ – выказаўся тут Платон і тым выявіў пачатак добрага зразуменьня свайго субяседніка.
– Праз усё жыцьцё я не сьпяшаўся судзіць іншага‚ а цяпер асабліва‚ кашлі праняўся думкамі Засімы‚ – адказаў Васіль Платону й працягваў бяседу.
– Не губляйся‚ калі нават вакол цябе зласьлівыя людзі‚ бяздушныя й ня хочуць цябе слухаць. Тады ўкленчы перад імі й прасі ў іх прабачэньня‚ бо сапраўды ты вінаваты ў тым‚ што ня хочуць цябе слухаць. А калі ты ня ў стане гаварыць з узлаванымі‚ ык служы ім моўчкі й у уніжальнасьці‚ ніколі не губляючы надзеі. Калі ж усе пакінуць цябе й выганяць сілаю‚ дык застаўшыся адзін‚ укленчы зямлі й цалуй яе‚ абмачы яе сваім сьлёзамі‚ і дасьць плён ад сьлёзаў тваіх зямля‚ хоць бы ніхто й ня бачыў і ня чуў цябе ў тваёй самоце. Не губляй веры да канца‚ дарма‚ што здарылася й усе зьбіліся з правільнага шляху. Калі ты адзіным застаўся верным‚ прынясі й тады ахвяру й ухвалі Бога. А калі вас дваіх будзе сыйдзецца такіх‚ дык вось ужо й цэлы сьвет‚ сьвет жывой любові. Абдыміце адзін аднаго ў замілаваньні й увасхваліце Госпада‚ бо ў вас дваіх папоўнілася праўда яго. А калі сам зробіш грэх і ім будзеш мучыцца‚ дык усьцешся за праведніка‚ узрадуйся за яго‚ што калі ты саграшыў‚ дык ён праведнік і не саграшыў.
– О якая гэта вялікая праўда‚ – выгукнуў уражаны Платон. – Як гэта важна ўмець радавацца за іншага‚ калі бачыш добрыя справы зь яго боку. Як нам усім бракуе гэтага ўмельства‚ здольнасьці шчыра‚ ад усяе душы радавацца за другіх. Заместа гэтага культывуецца выведніцтва й падседжваньне. Вынікам такіх паводзінаў – поўныя турмы кандыдатаў на выгнаньне‚ такіх‚ як мы тут з Вамі. Калі ж будзе канец гэтай пякельні й калі людзі прыдуць да розуму?
– Гэта станецца не раней‚ чым людзі вернуць у сваю душу вобраз Хрыста‚ зноў пасеюць у ёй зерні непераможнай сілы – пакорлівую ціхмяную любоў да людзей і ўсяго сьвету‚ да ўсяго жывога й нежывога вакол нас. Пры гэтых умовах магчымая й духовая радасьць‚ і якую заўсёды адчувае праведнік. Тады й зьявіцца здольнасьць пераадольваць абурэньне й гнеў‚ жаданьне помсты зладзеям‚ можна будзе заспакойваць сэрца прыняцьцем віны на сябе. Кажны зможа сьвяціць сваім сьветам іншым‚ асьвятляць шлях другім‚ і тыя‚ што маглі б пры іншых варунках зрабіць злачынства‚ ня зробяць яго пры сьвятле кожнага. Трэба моцна верыць‚ што пры сьвятле Хрыстовым, каб кажны вылучаў яго, многія й многія выратоўваліся-б, а калі не яны, дык сыны іхнія, а сьвет твой будзе жыць і пасьля тваёй сьмерці. Праведнік адыходзіць, а сьвятло яго застаецца. Кожны працуе для прышласьці, а нагароды на гэтым сьвеце не шукай: няхай ёю будзе духовая радасьць, якую набывае праведнік. Будзь мудрым і заўсёды дабразычлівым. Знай меру, знай тэрмін усялякай зьяве. Любі ўвесь сьвет з захапленьнем да непрытомнасьці. Памятай, што гэта ёсьць дар Божы й вялікі, які на сяньня даецца адно абраным, каб некалі стаць агульным. Памагай, Госпад наш Ісус Хрыстос! Яго насіце заўсёды ў сэрцы сваім і яму насьледуйце штодзённа й шточасна.
Калі Васіль Ключановіч скончыў сваю мову, Платон Маланка адчуў вялікую ўдзячнасьць да яго за тое, што той церпяліва ўсё растлумачыў яму й не зрабіў ніякага дакору за тое глупства, якое колькі дзён мучыла й дапякала Платона. Ён адчуваў, што нарэшце ён сустрэўся з тым наканаваным яму лёсам чалавекам, які будзе шмат значыць у ягоным далейшым жыцьці. Дарма, што Васіль адно пераказваў павучэньні айца Засімы з рамана, але ён быў нагэтулькі прасякнуўся імі наскрозь, што яны цяпер сталіся як бы яго другой натурай, выказвалі ягоныя собскія пераконаньні й былі выявамі ягонага крэда. «І як такога чалавека я змог, ня хістаючыся, гэтак абразіць! О, ганьба мне, сорам!» – дакараў сябе ўпотай Платон, калі кожны зь іх падаўся да свайго на нарах мейсца. Ноч прайшла ў дакорах свайму сумленьню. А раніцай наступнага дня было раптам абвешчана, што вялікі этап, у тым ліку й Платон, мусіць быць гатовым да адпраўкі на вакзал.

5

Прайшло багата часу з дня разлукі нашых пабрацімаў. Васіль Ключановіч жыў у маленькім казахскім горадзе на выгнаньні. Прыладаваўся працаваць у бібліятэцы, пазнаўся з некатарымі такімі-ж, як і сам, выгнанцамі. Сустрэў нават сваіх суродзічаў і разам зь імі дзяліўся сумам па далёкай бацькаўшчыне. Усялякае гора куды лягчэйшае, калі ты не адзін і маеш каля сябе такіх жа гаруноў, якія дзеляць пароўнаму тваё няшчасьце. Часам у вольны час яны зьбіраліся, каб пагаварыць аб веры, сваім народзе й спадзяваньнях.
Платон Маланка трапіў у канцэнтрацыйны лягер у Марыінску за Навасібірскам, жыў пад прымусам цяжкой працы, штодня з брыгадай раніцай на сьвітаньні валачыўся на земляныя працы, капаў канавы, а пасьля вячэрняй баланды ды пераклічуі звальваўся на нары й ледзь ні забітым засынаў пасьля працоўнай стомы. Вакол яго былі ўсе чужыя людзі розных заінттэрасаваньняў, найбольш жа сялянаў, узятых за супраціўленьне калгасам. Не было з кім перакінуцца словам аб тым, чым смылела душа. Калі й трапляліся суродзічы дык далёкія ад ягоных ідэяў змаганьня за родныя загоны. Нікому не раскажаш, каб з цікавасьцяй слухаў, пра свае намеры служыць роднай культуры, за якія й прыходзіцца цяпер плаціць няволяй. Ды ў лягеры ня надта пагаворыш й пра Хрыста запаведзі. Скрозь і тут снуюць выведнікі, якія за лішнюю міску баланды гатовыя прадаць і матку родную, а ні то што чужага яму якогасьці “нацдэма”. Пэўна ж – інтэлігэнта, да якога яны часам пылаюць беспадстаўнай нянавісьцяй.
Аднойчы на працы, калі капаў ямы для электрычных слупоў на вуліцах сібірскага гораду й стаяў з радлёўкай на глыбокім дне, выкідваючы адтуль на паверхню лапата за лапатай зямлю, падыйшла маладая дзяўчына да краю тае яміны й заглядаючыся ў Платонаў твар, пачала гаварыць:
– От бачыце, як нядобра рабіць благое. І такія харошыя хлопцы, прыгажуны, а займаліся мокрымі справамі. Цяпер і пажынаеце за свае дзеі. А не рабілі-б гэтага, гулялі-б цяпер на волі, смакавалі-б жыцьцё ўва ўсю губу.
Што было адказаць ёй? Усё адно не паверыць, што мокрых справаў не было. У народным уяўленьні адно за крымінал і садзяць. Ці ж ёй было тлумачыць пра нейкіх нячутых ёю “нацдэмаў” і што сядзяць яны не за справы, а за словы ў лепшым выпадку. Прышлося змоўчыць, хаця ж і надта хацелася ўсё й усім растлумачыць. Вось жа прыходзілася тапіць сваё гора ў собскай душы ды глынаць часам пралітую ад сьведамасьці свайго становішча горкую сьлязу. Але гэта на адзіноце. На людзях прыходзілася нічым не выдаваць сваю бяду й адно ўхмыляцца кожнаму.
Напісаў аднойчы Платон ліст да беларусаў у Казахстане на выгнаньні. Нейкім чынам дайшоў да яго іхны адрас. І неўзабаве атрымаў іхні адказ. Ужо з першых радкоў Платон адчуў Ключановічаву руку, прыкладзеную да зьместа таго ліста. Вялікай уцехай і радасьцяй павеяла на яго ад тых словаў, поўных спагады, сяброўскай дабразычлівасьці й запраўднага суцяшэньня.
“Дарагі Платон! Мы атрымалі тваё пасланьне й з вялікай радасьцяй прачыталі яго. Мы чыталі яго па-аднаму, і чыталі яго ў голас усе разам. І кажны раз янр рабіла на нас усё большае ўражаньне. Мы цалкам разумеем Вашую самастойнасьць. Немагчымасьць абмяняцца родным словам зь людзьмі прыгнятае Вас. Мы ведаем таксама, як дзее на Вас той табарны прыгон. Але мы рады за Вас, што не зламаліся й не разгубілі ў душы сваёй сьветлыя мары маладосьці. З Вашага ліста гаворыць ідэалісты, якога не зламала бяда краю, ні ліха Вашага асабістага лёсу. Вашае паведамленьне аб тым, як Вы ўначы чытаеце той жа твор, і як Вы цяпер ужо па-іншаму разумееце тыя ж мясьціны, з-за якіх Вы мелі сутычку ў менскай турме з Васілём Ключановічам, апошняга сярод нас асабліва ўзрадавала. Васіль нават выпісаў тое месца Вашага ліста ў сваю кніжыцу, як узор магчымага ўзыходу на дарогу праўды пасьля блудных сьцежак. Тым брыдкім словам ён ня толькі не абразіўся, а нават быў рады, што яно дало Вам змогу зыліць зь сябе ўсё тое напластаваньне гнойных нацёкаў, якія глушылі высокія духовыя парываньні Вашае душы. Ён ужо быў пэўны ў тым пасьля Вашае апошняе размовы зь ім перад этапам. Цяпер Вы лішні раз пацьвердзілі ягоную веру ў Вас, Вашыя здольнасьці выратавацца з прыгнобленьня нашага часу, ўзьняцца да высокага неба чыстага Хрыстовага запавету. Ён цяпер у душы моліцца разам з Вамі за Вашую вытрываласьць, каб Бог даў Вам сілы вытрываць нягоды часу і выйсьці зь іх яшчэ больш загартаваным для нялёгкага, поўнага неспадзяваных выпрабаваньняў, жыцьця.
Ад сябе скажам яшчэ, што трэба прыглядацца да людзей, яны ёсьць усюды, і сярод зьняволеных знойдуцца такія, якія й разумеюць Вас і чым-небудзь узбагацяць Вас у сваіх дачыненьнях. Для Госпада ўсе роўныя, а блазнаватыя нават карыстаюцца асаблівай раскошай у сьвятога духа й заўсёды шчасныя. І ніколі не пераставайце рабіць добры ўплыў і на самых сатанінскіх, бо й у іх недзе на сподзе душы цепліцца сьветлая іскрынка дабра. Не гасіце яе, а раздувайце яе ў вялікае полымя Хрыстовай пакорлівай любові. З Вамі ўсемагутная сіла яе. З найлепшымі зычэньнямі добрага здароўя. Вашы беларусы ў Казахстане.”
Платон некалькі разоў перачытаў той ліст, затым склаў яго й паклаў пад куртку бліжэй да сэрца. Ён не разлучаўся зь ім ні ўдзень, ні ўначы, і насіў яго як тэстамэнт шчырай прыязьні і духовае еднасьці з суродзічамі ў сьвеце.
Студзень 1982 году
Трой, штат Нью Ёрк