Вітаўт Тумаш як гісторык


Колькі развагаў да 90-х угодкаў навукоўца

Генадзь Сагановіч
Інстытут Гісторыі
Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі
Менск
Я ўсё ж пэўны, што мала кранутыя досьледамі слаі і глыбы нашага гістарычнага мінулага будуць з часам узь­нятыя з пад пылу старасховаў, ды “старасьвеччына”, узьведзеная на моцным фундаманце фактаў, а не на – хай сабе й найбольш патрыятычных – выдумках, знойдзе сваё заслужанае ды пачэснае месца ў нацыянальнай сьвядома­сьці будучага, думаючага пакаленьня.
Вітаўт Тумаш
Ён не сканчаў гістарычных факультэтаў і не вучыўся ў мэтраў гістарычнае навукі. Доктар Вітаўт Тумаш па адукацыі быў лекарам, а стаў адным з самых ведамых дасьледнікаў беларускае мінуўшчыны.
Шкадую, што ня быў знаёмы зь ім асабіста. Не пасьпеў нават ніводнага разу яго пабачыць. Пазнаваў гэтую асобу адно па працах, па публікацыях Вітаўта Тумаша, падпісаных таксама псэўданімамі Сымон Брага, Рыгор Максімовіч і Андрэй Багровіч. Прызнаюся, мяне заўжды ўражваў дыяпазон ягоных навуковых інтарэсаў ды ўзровень эрудыцыі. Бо абсягам досьледаў мала хто можа зь ім раўняцца, а з эмігранцкага асяродзьдзя – пагатоў ніхто.
Сапраўды, хіба можа не зьдзівіць тое, што, апрача скарыназнаўства, якое ўсьцяж было галоўнаю справаю дасьледніка, акрамя гісторыі друкарскае справы (артыкулы пра друкарні Васіля Цяпінскага й Пятра Мсьціслаўца, пра выдавецкую дзейнасьць Рыгора Хадкевіча) ды гісторыі беларускае культуры наагул, Вітаўт Тумаш займаўся й этнагенэзам беларусаў (працы пра балцкі элемэнт у паўстаньні сучаснага беларускага народу), і праблемаю праўнае культуры Вялікага Княства Літоўскага (публікацыі пра выданьні Статутаў); ён зьвяртаўся да канцэпцыі нацыянальнае гістарыяграфіі й браўся за цывілізацыйнае асэнсаваньне нашага мінулага, урэшце займаўся тэмаю “Беларусы ў нямецкіх унівэрсытэтах у ХVІ ст.” і ці не адзіны ў нашай тагачаснай гістарыяграфіі дасьледаваў нямецкія лятучыя лісткі (артыкул ““Навіны грозныя” 1563 году”). Гісторык сьмела заглыбляўся ў пытаньні этнаграфіі ды гістарычнае геаграфіі Беларусі (“Да справы беларускай паўдзённай мяжы” ды інш.) і, ведама ж, пісаў на такую блізкую для яго тэму – пра гісторыю мэдыцыны ў нашым краі. Згадваю далёка ня ўсё, бо напісанае ім у так званым “дробным жанры” (зацемкі з нагоды розных падзеяў, агляды выданьняў, біяграмкі?? й г. д.) цяжка й пералічыць.
Цяпер ужо агульнапрызнана, што ў скарыназнаўстве Вітаўт Тумаш стаў адным з самых дасьведчаных спэцыялістаў міжнароднага маштабу. Пачаўшы з 1950-х, ён рэгулярна выступаў з артыкуламі, зацемкамі, аглядамі па гэтай тэматыцы ў пэрыядычных выданьнях беларускай эміграцыі, перадусім у “Запісах” БІНІМу. Беларускаму першадрукару прысьвяціў больш за сорак сваіх працаў. Менавіта ён першым узяўся за стварэньне бібліяграфічнага даведніка выданьняў Скарыны й скарыназнаўчае літаратуры. Вынікам стала ягоная кніга “Пяць Стагод??дзяў Скарыніяны”, што выйшла ў 1989 г. з друкарні Міколы Прускага. І цяпер гэтая кніга ўважаецца найгрунтоўнейшым даведнікам па выданьнях Скарыны, публікацыях дакумэнтаў з жыцьця першадрукара ды па скарыназнаўчых дасьледаваньнях. У ёй сабрана больш за дзьве з паловаю тысячы пазыцыяў! Гэта сапраўды годнае завяршэньне саракагадовай працы заслужанага скарыназнаўцы з эміграцыі. Сымбалічна, што на прэзэнтацыі выданьня ў Нью Ёрку, калі аўтара віталі шматлікія калегі й прыхільнікі ягонае творчасьці, апрача віншаваньня прадстаўнікоў Амэрыкі, Канады, Нямеччыны, Ангельшчыны ды Аўстраліі бадай упершыню прагучаў голас і з роднае Беларусі.
Упершыню, бо раней не адважваліся. У падсавецкай Беларусі імя гісторыка Тумаша старанна замоўчвалася. Нават у часы перабудовы айчынныя скарыназнаўцы рабілі выгляд, што проста ня ведаюць калегу-эмігранта. Дзіўна, але факт: у менскіх выданьнях канца 1980-х, падрыхтаваных паводле праграмы сьвяткаваньняў 500-х угодкаў Францішка Скарыны, знанага спэцыяліста з Амэрыкі, аўтара многіх працаў, безь якіх у скарыназнаўстве ўжо было не абысьціся, ані словам не згадалі. У энцыкляпэдычным даведніку “Францыск Скарына і яго час” Тумаша таксама праігнаравалі, хоць выданьне забясьпечана зьмястоўнай бібліяграфічнай часткай. Не прыведзена ніводная зь ягоных працаў і ў артыкуле пра Скарыну, зьмешчаным нават у самым дэмакратычным энцыкляпэдычным выданьні – аднатомным даведніку “Беларусь” (Мн., 1995).
У савецкія часы пра Вітаўта Тумаша пісалі хіба што толькі ў Маскве. Прынамсі яго неаднакроць згадваў расейскі скарыназнаўца Яўген Неміроўскі, падаючы, аднак, у выразна нэгатыўным сьвятле, бо адзначаў найперш “нацыяналістычныя” ды “антысавецкія” пазыцыі аўтара. Тады нават у навуцы іншая думка магла кваліфікавацца проста як шкодная ідэалягічная дывэрсія, як “паклёп”. Падобным чынам сваё стаўленьне да несавецкай гістарыяграфіі, да апанэнтаў зь іншага лягеру вызначыў і гісторык Я. Неміроўскі, які яшчэ ў 1978 г. пісаў у сваёй бібліяграфіі па Скарыне:

Мы лічылі патрэбным адмовіцца ад апісаньня паклёпніцкіх у сваёй большасьці артыкулаў і зацемак у эмігранцкім друку.

Маўляў, яны, нацыяналісты, і “імя Скарыны скарыстоўвалі для ідэалізацыі мінулага”. Тая самая славутая “ідэалізацыя мінулага”, што інкрымінавалася беларускім гісторыкам падчас разгрому нацыянальнага руху ў 1930-я…
Працуючы на чужыне, доктар Вітаўт Тумаш шмат у чым апярэджваў гістарыяграфію падсавецкае Беларусі. У ягоных публікацыях можна знайсьці нямала цікавых назіраньняў і арыгінальных меркаваньняў, пазьней толькі пацьверджаных тут, на Бацькаўшчыне. Згадайма, хіба ня ён найраней і найпасьлядоўней узьняў праблему сапраўднага імя вялікага палачаніна? Калі ў Беларусі спрабавалі сьцьвердзіць “Георгія”, дык Тумаш аргумэнтавана даводзіў, што гэта выдумка, што Скарына зваўся толькі Францішкам. Ён першы пачаў пісаць, што ў Вільні Скарына выкарыстоўваў нюрнбэрскія дрэварыты, што прататыпам Скарынавае гравюры з “Кнігі Быцьця” 1519 г. быў “Апакаліпсіс” Альбрэхта Дзюрэра. Ім першым быў апісаны выяўлены ў Любляне асобнік Скарынавай “Малой падарожнай кніжкі”. Урэшце, гэта Тумаш упершыню выступіў з вэрсіяй пра маскоўскі пэрыяд у жыцьці Скарыны.
Артыкул “Доктар Скарына ў Маскве” быў апублікаваны ў 1963 г. у 2-й кнізе “Запісаў” БІНІМу. Потым у гэтым жа пэрыёдыку зьявіўся яго допіс “Паленьне кнігаў Скарыны ў Маскве”, блізкі зьместам да першай працы. Падставай напісаньня абодвух стаў архіўны дакумэнт 1553 г., у якім згадваецца публічнае спальваньне кніг пры Васілію Іванавічу ў Маскве. Новую крыніцу яшчэ ў 1862 г. апублікаваў у Вене аўстрыйскі гісторык Ё. Фідлер, а ў 1888 г. чэскі навуковец Я. Пэрвольф ужо адназначна зьвязаў гэтую падзею са Скарынам. Але дэталёва прааналізаваў і абгрунтаваў яе толькі Вітаўт Тумаш у згаданых вышэй публікацыях. І такі знаны славіст, як праскі прафэсар А. Флароўскі, цалкам падтрымаў такую вэрсію тлумачэньня дакумэнта. А што ж на Бацькаўшчыне?
Вось жа спатрэбілася роўна 30 гадоў, каб ужо ў дэмакратычнай Беларусі першая праца крамольнага скарыназнаўцы была перавыдадзеная асобнай кніжачкай амаль дзесяцітысячным накладам (выйшла ў сэрыі “Згукі мінуўшчыны”), а праз год у часопісе “Крыніца” зьявіўся й Тумашаў артыкул “Паленьне кнігаў Скарыны ў Маскве”. Здавалася б, справа зробленая, новая старонка біяграфіі першадрукара ўпісаная.
Падобна, аднак, што ў Менску маскоўскі эпізод Скарынавага жыцьця дасюль не заакцэптаваны нават бальшынёю дасьледнікаў, ня кажучы ўжо пра шырокую чытацкую аўдыторыю. У нашай навуковай літаратуры прапанаваную Тумашам вэрсію й не аспрэчвалі, і не прызналі за агульнапрынятую. Адно ў найноўшым, згаданым ужо даведніку “Беларусь” урэшце сьціпла зазначана, што Скарына выяжджаў “магчыма і ў Маскву”. Але гэтае “магчыма” ў роўнай ступені дапускае й адваротнае.
У нас дасюль не сьціхаюць спрэчкі й наконт імя першадрукара. Усё яшчэ зьяўляюцца спэцыяльныя выданьні, у якіх цьвердзіцца, што ў сапраўднасьці Скарыну звалі Георгіем. То праваслаўны сьвятар полацкі протаэрэй Міхаіл Уляхін, то менскі філёзаф Уладзімір Агіевіч гэткім чынам зноў і зноў бяруцца “ратаваць” Скарынаву праваслаўнасьць. Апошні ў кнізе “Сімволіка гравюры Скарыны”, што літаральна летась выйшла ў Менску пад грыфам Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, так і піша: маўляў, Скарына меў першае імя Георгі – па праваслаўнаму хросту,

а другое імя Францыск (…) набыў пад час уступленьня ў эзатэрычную карпарацыю”.

Гэткую настойлівасьць згаданых аўтараў немагчыма вытлумачыць рацыянальна. Асноўныя аргумэнты многіх вучоных, у тым ліку разгорнутая Тумашам, а выказаная яшчэ да вайны здагадка Генрыха Лаўмяньскага пра тое, што слова Georgii, расчытанае ў дакумэнце 1532 г. – адзіным, дарэчы, дзе такое імя выяўлена, гэта ўсяго толькі слова egregius, памылкова напісанае перапішчыкам, адэпты Георгія ані не абвяргалі. А публікацыя доктара гістарычных навук скарыназнаўцы Георгія Галенчанкі, якая зьявілася яшчэ ў 1996 г., засталася, здаецца, зусім невядомай У. Агіевічу. Між тым, гэты артыкул пад красамоўнай назвай “Канец застарэлага міфа: новы дакумент пра Скарыну” сапраўды паставіў тлустую кропку ў даўняй спрэчцы, бо Г. Галенчанка знайшоў у Познані арыгінал дакумэнта 1532 г., зь якога здымалася тая славутая копія, што і дала падставу гаварыць пра Георгія. Дык вось, у арыгінале сапраўды напісана: egregii Francisci Scorina de Poloczko. Гэта значыць, здагадка Генрыха Лаўмяньскага й аргумэнтацыя Вітаўта Тумаша канчаткова пацьвердзіліся. Гэтак савецкая “геаргізацыя” Скарыны страціла апошні фігавы лісьцік.
Прыкметны сьлед пакінуў В. Тумаш і ў дыскусіі вакол імя нашага краю. У невялічкім допісе “Да справы паходжаньня назову “Белая Русь”” (1966) ён не пагадзіўся з думкаю Паўла Урбана, што быццам назоў “Белая Русь” “сьпярша й даўжэйшы час прымяняўся вылучна да Маскоўшчыны й прылеглых да яе земляў”. Тумаш зьвярнуў увагу на факт выкарыстаньня гэтага імя ў помніках пісьменства значна раней і менавіта ў дачыненьні да Беларусі. У якасьці прыкладаў згадаў ён і Пятра Зухэнвірта, і вугорскую кроніку ХІV ст., і Яна Чарнкоўскага, і эўрапейскія мапы 1-ае паловы ХVІ ст., а мы цяпер маглі б гэты пералік сьведчаньняў істотна дапоўніць. Дык вось жа, зыходзячы з уласных ведаў, Тумаш яшчэ тады выказаў думку, што калі ў ХІV ст. назва Белая Русь была ўжо добра вядомая, то зьявіцца яна магла яшчэ раней – “ці не ў другой палове стагоддзя ХІІІ-га”. Прычым, удакладніў вучоны, называліся так “крывіцкія землі Полаччыны ды Пскоўшчыны”. Як жа не згадаць ягоныя словы цяпер, ведаючы, што менавіта гэтым часам датуецца так званы “Дублінскі рукапіс” з храналягічна першае згадкай назвы Белая Русь, апублікаваны амэрыканскім славістам Ў. Колкерам больш чым празь дзесяць гадоў пасьля публікацыі В. Тумаша, або ўлічваючы, што дасьледаваная цяпер намі кроніка Канстанцкага сабору Ульрыха Рыхэнталя, напісаная паміж 1420 і 1430 гг., гарадамі “Белай Русі” называе акурат крывіцкія цэнтры – Смаленск, Полацак і Віцебск. Усё гэта асабліва актуальна ў зьвязку з тым, што ў апошнія часы ў папулярнай літаратуры асабліва пашыралася згаданая вышэй ідэя “негістарычнасьці” назвы Белая Русь для нашага краю, зьведзеная да прымітыўнай формулы “Мы – Літва, а імя Беларусь нам накінулі маскоўскія цары”.
Зайздросную інтуіцыю выявіў Тумаш таксама ў тлумачэньні паходжаньня назвы Белая Русь. З мноства вэрсіяў як найбольш праўдзівую ён прыняў тую, што зьвязвала зьяўленьне гэтага імя з мангольскаю навалаю ХІІІ ст.: ““Белая” азначала вольную ад татарскага ярма”, – заўважыў ён. Гэтая ідэя выказвалася яшчэ ў ХІХ ст. і паўтаралася затым шмат кім з навукоўцаў як адна з шэрагу магчымых. Цяпер жа дадзеныя навуковых досьледаў сьведчаць, што акурат яна можа атрымаць найбольш аргумэнтаў “за”. Ды й храналягічна яна найлепш стасуецца. Землі менавіта сучаснай Беларусі засталіся ў ХІІІ ст. па-за мангольскай уладаю. А вялікі князь маскоўскі Іван ІІІ стаў ужываць у сваім тытуле гэтую назву толькі тады, калі Маскоўскае Княства змагло вызваліцца ад татарскае залежнасьці.
Не займаючыся адмыслова праблемай старажытнарускай народнасьці, В. Тумаш пасьпеў сказаць сваё слова й у гэтай справе. Яшчэ ў 1974 г., калі ў нашай гуманістыцы панаваў “адзіна слушны” (бо адзіна дазволены!) погляд на Кіеўскую Русь як на “калыску трох усходнеславянскіх народаў”, эміграцыйны гісторык напісаў, анатуючы працу пецярбурскага вучонага Вадзіма Вілінбахава, што “адзіная народнасьць” – гэта выдумка, што

культурнага, як і моўна-этнічнага “старарускага адзінства” й у пануючых сацыяльных верхавінах тады ня было, як ня было яго й у народных нізох.

Асаблівае значэньне для Тумаша мела мова нашае гісторыі, беларуская гістарычная тэрміналёгія наагул. Сьведчаць пра гэта ня столькі артыкулы пра юрыдычную лексыку старабеларускае мовы, пра назвы беларускіх гарадоў ды інш., колькі ягоная нязьменная ўвага да слова, няўпынны пошук нацыянальнага эквівалента для азначэньня кожнае зьявы й падзеі. Мяне, у прыватнасьці, кранула ягоная заўвага, што імя Гаштольд – лацінізацыя беларускай формы Гаштаўт і што трэба карыстацца апошняй (аналягічна як пішам Вітаўт, а не Вітольд). Кранула таму, што, яшчэ нічога ня ведаючы пра заўвагу Тумаша, напрыканцы 1980-х дакладна тое ж узяліся пісаць мы ў Менску.
Як і належыць сапраўднаму дасьледніку, Вітаўт Тумаш жыў навуковаю літаратурай, “паглынаньнем” навінак гістарычнага друку. Пра гэта сьведчыць прынамсі рубрыка “Кнігапіс” нью ёркскіх “Запісаў”, дзе спрэс спатыкаем ягоныя рэцэнзіі на новыя выданьні. То ён востра палемізуе зь менскім калегам А. Коршунавым, то спрачаецца з амэрыканскім вучоным Н. Вакарам, а вось адзначае здаровыя пазыцыі польскіх эміграцыйных гісторыкаў на чале зь Вяльгорскім – аўтараў зборніка “Alma Mater Vilnensis”. Цяпер разумею, адкуль у Тумаша такая эрудыцыя. Наўрад ці хто іншы мог прыкмеціць, напрыклад, што галоўная ідэя вядомае працы Генрыха Пашкевіча “The Origin of Russia” (пра рэлігійнае значэньне слова Русь, рускі як важнага фактару ў пашырэньні гэтае назвы з Кіева на іншыя землі) запазычаная з публікацыяў Вацлава Ластоўскага – у гэтым прызнаваўся й сам Пашкевіч (гл. артыкул В. Тумаша “Гістарычная канцэпцыя Вацлава Ластоўскага” дзе??).
Да развалу Савецкага Саюзу ў Беларусі публічна называць імя Вітаўта Тумаша было забаронена. Але гэта ня значыць, быццам яго тут зусім не чыталі. Баюся, мае рацыю згаданы вышэй У. Агіевіч, які кажа, што “плёнам яго (В. Тумаша – Г. С.) працы карысталіся многія без спасылак”.
Прачытаўшы дзясяткі Тумашавых артыкулаў, зацемак і лістоў, цяпер выразна бачу ў ім сапраўднага вучонага, захопленага сваёй справай і шчырым імкненьнем зрабіць як найболей для Беларусі. Запомнілася прызнаньне шасьцідзесяцігадовага гісторыка, прачытанае ў ягоным лісьце да Юркі Віцьбіча:

чым далей унікацца ў навуковую працу, тым раскрываюцца шырэйшыя яе гарызонты, магчымасьці й патрэбы, а гадоў на яе выкананьне меншае.

Наколькі знаёмае пачуцьцё!
Пры такой захопленасьці навукаю жыцьцё Вітаўта Тумаша азмрочвалі бясконцыя непрыемнасьці, што вынікалі найперш з нутранага жыцьця беларускае грамады на чужыне. Непаразуменьні, звадкі, нараканьні на тое, што “зашмат” піша пра Скарыну (?!). У адным зь лістоў у 1968 г. ён з горыччу разважаў пра абыякавасьць і бязьдзейнасьць суродзічаў:

больш за сто тых, што па сваёй адукацыі й здольнасьцях дастаткова азброеныя, каб весьці тую ці іншую дасьледную працу ў галіне беларусаведы. Іх напэўна дастаткова, каб ахапіць усю нашую гісторыю, усе яе галіны ды эпохі… Тым часам, сумна прызнацца, але нешта робяць толькі адзінкі. Вялізная ж бальшыня – татальна нічога. (адкуль??)

Вось дзе сапраўдная скруха, боль таго, хто кладзе свае сілы дарэшты на ахвярнік сьвятла, але і плёну ня бачыць, і разуменьня не знаходзіць...
Цяпер бачна, што доктар Вітаўт Тумаш прыклаўся да беларускае гістарычнае навукі ў эміграцыі болей, чымся хто іншы. Ён увайшоў у склад БІНІМу на самым пачатку 1952 г., калі Інстытут толькі ствараўся, ды зь першага ж нумару браў самы актыўны ўдзел у публікацыях “Запісаў”. Апошні раз публікацыя вучонага была зьмешчана ў 19-м нумары. І калі стаў галоўным рэдактарам адноўленых у Нью Ёрку “Запісаў”, то ачаляў выданьне з 1974 да 1978 г. На мой погляд, менавіта рэдагаваныя ім нумары (з 12 да 16) можна лічыць бадай самымі зьмястоўнымі й цікавымі. Але найбольш пераканаўча пра ўнёсак гэтай асобы сьведчаць лічбы. Згодна з маімі падлікамі, калі агулам у 19 выпусках “Запісаў” (зь 1-га да 19-га – пакуль Тумаш пісаў) былі зьмешчаныя 253 публікацыі, дык 107 зь іх належаць аднаму аўтару – Вітаўту Тумашу. Больш за 42 адсоткі! Папросту непараўнальны зь нічым подзьвіг! І зроблена гэта, паводле шчырага прызнаньня вучонага, “прыхапкамі ў вольныя ад заняткаў “на хлеб штодзённы” часіны”... адкуль??

*

Парадокс із Скарынам той, што й за свайго жыцьця, і цяпер ён большую ўвагу й пашану меў і мае сярод чужых, як сярод сваіх,

– напісаў неяк Тумаш у лісьце да Віцьбіча. Перафразаваўшы яго, хочацца сказаць: гіронія беларускіх лёсаў у тым, што й славуты дасьледнік Скарыны шануецца хіба болей сярод чужых, бо свае пра яго нават мала што чулі...

У публікацыі скарыстанае ліставаньне В. Тумаша. Аўтар выказвае шчырую падзяку Лявону Юрэвічу за магчымасьць выкарыстаньня гэтае карэспандэнцыі.