КВЕТКА ВІТАН

ЗАЦЕМКI
АБ БУДАЎЛЯНЫМ МАСТАЦТВЕ
ГОРАДУ ВIЛЬНI

Вільня, колiшняя сталіца Вялікага Княства Літоўскага, нягледзячы на ваенныя зьнішчэньні й пажарышчы, гэтак і адумысловага нішчэньня яе гістарычных помнікаў усё ж такі, пачынаючы ад ранняга сярэднявечча, захавала да нашых дзён у сваіх шматлікіх старых сьвятынях пэрлы архітэктурнага мастацтва розных стыляў. Жыхары [Вільні] іх любілі й ганарыліся імі, чужынцы падзіўлялі <захапляліся>*, а часовыя валадары стараліся надаць гораду свой характар, нішчылі тое, што казала аб старой велічы гэтага гораду.
Гэтак расейскі ўрад у 1800–1801 гг., нягледзячы на пратэсты мясцовага жыхарства, разбурыў і зраўняў зь зямлёй стары замак вялікіх князёў каля катэдры, як і старыя абаронныя муры гораду зь яго 9 брамамі й многімі байніцамі. Пакінулі толькі Вострую Браму, яе абараніў абраз Маці Божай. Перарабляючы касьцёлы на царквы й будуючы новыя царквы й дамы ў маскоўскім стылю, расейцы стараліся гэтаму гораду заходняй архітэктуры надаць выгляд расейскага.
У часе першае сусьветнае вайны.ю у 1915 г. расейцы, пасьля 120-гадовага панаваньня, пакінулі Вільню. Увайшлі немцы. Іхная акупацыя трывала да канца 1918 г. Разам зь нямецкімі войскамі прыйшлі й нямецкія вучоныя, якія вельмі зацікавіліся старой Вільняй і культурна захаваліся <паставiлiся> да яе старой архітэктуры й мастацтва. Гэтак др. Альбэрт Іпэль??, як і праф. Паўль Вэбэр (аўтар працы “Wilna, eine vergessene Kunststa:fte”), у сваіх артыкулах рачова й аб’ектыўна пісалі аб стылях і мастацкай вартасьці гэтых помнікаў заходнеэўрапейскай культуры. Аднак, як нямецкія вучоныя, яны асабліва падкрэсьлiлі ўплывы нямецкай готыкі й [нямецкiх] майстроў. Яны, [у тым лiку др. Іппель], каротка кажуць, што выяўленьне й знаходжаньне собскіх самабытных формаў, якія асабліва выступаюць у старым беларарускiм малярстве <выяўленчым мастацтве>, удзячнае заданьне для мастацтваведаў. 1 студзеня 1919 г. Вільню займае бальшавіцкая арда, але ўжо ў красавіку бальшавікоў выбіваюць легіёны новай Польшчы (да якой далучаюць і Вільню), і пад яе панаваньнем Вільня застаецца да восені 1939 г., калі зноў войскі СССР [занялі] Заходнюю Беларусь і яе старую сталіцу – Вільню.
Трэба прызнаць, што польскі ўрад апекаваўся старымі помнікамі мастацтва й пры ваяводзтве быў асобы аддзел апекі над забыткамі <старажытнасьцямi>, на чале якога стаяў кансэрватар. Пад ягоным кіраўніцтвам вывучалі гэтыя старыя будоўлі, рабілі паперы й фотаздымкі, але ўсе гэтыя касьцёлы, кляштары й мастацкія памяткі разглядаліся як помнікі польскага мастацтва, аб самабытных формах не было мовы.
…???
У сваім малым артыкуле я хачу зьвярнуць увагу толькі на каменныя агарожы, якія знаходзім вылучна ў Вільні.
На фота №1 мы бачым агарожу Эвангеліцкага магільніку на Пагулянцы ў Вільні (супраць Раманаўскай царквы) .
Паміж высокімі масiўнымі каменнымі стаўпамі на невысокім фундамэнце-цокалi ў рад пастаўленыя паасобна на рабро (кант) з пралётам 11 стаўпінаў, злучаных паверсе агульным архетравам, пакрытым дахоўкай. Гэткая частка агарожы паўтараецца далей і цягнецца побач масiўнай мураванай брамы. Прапарцыянальныя суадносіны вымераў пры ўсёй масыўнасьці матар’ялу кажуць аб гарманійнасьці гэтай агарожы і вока з прыемнасьцяй адпачывае на гэтых формах.
Падобную агарожу (паркан) мы знаходзім і каля касьцёла Сьв. Кацярыны на Віленскай вуліцы . Там на больш высокім цокалі стаяць стоўбікі па рабро, пралёт меншы, а дзеля таго, што гэта была агарожа кляштару, то трэба было зусім закрыць прлёты паміж стоўбікамі і майстар, як бы з таго боку, ад саду, прылатаў мураваную дашчэчку. Хоць ён мусіў закрыць пралёты, то не адступіўся ад пачатковай формы, і тутака стоўбікі, стоя па рабро, вытвараюць гарманічную хвалявую лінію.
Вельмі міла паўтараецца гэты матыў як агарожа аднаго старога дворыка, які нажаль збудаваны ў высокіх дамах. Каб яго знайсьці, трэба зайсьці ў браму 3 ці 4х этажнага дому пры Вастрабрамскай выліцы. (Калі ад Каляёвай вул. Завярнуць на Вострабрамскую, гэта будуць па левай руцэ 4ыя або 5ыя вароты). Гэтая агарожа (паркан) ня гэтак высокая, прлёт між стоўбікамі большы, самі стоўбікі тонкія і ўся агарожа мае штосьці ігрывага, лёгкага ў сваіх прапорцыях.
Стоўбікі на рабро мы знаходзім яшчэ на каменнай агарожы супраць Прачысьценскага Сабору, што стаіць супраць Зарэчнага мосту. Але тут стоўбікі не становяць асноўнай (галоўнай) часткі агарожы і яны ўзяты толькі як аздоба (украшэньне), бо на версе саліднага муру сярод іншых аздобаў цягнуцца фрызам?? адзін пры адным невысокія стоўбікі, пастаўленыя на рабро і бакавымі рабрамі (кантамі) прытыкаюцца адзін да аднаго. Гэтая агарожа якаясь цяжкая, ня цешыць вока і можна дапусьціць, што яна ўжо зроблена ў другой палове ХІХ стаг., калі падхоплівалі розныя матывы і паўтаралі старыя стылі, але не тварылі новых формаў.
Паўстае пытаньне, да якога часу можна аднесьці №№1,2,3 апісаных агарожаў. Па стылю яны падыходзяць да класычнага, які прышоў на зьмену рококо і бароку. У гэтым стылю была праф. Гуцэвічам перабудавана Катэдра (1789–1891) і пабудован Палац Біскупі, і шмат іншых будоўлі паўсталі ў стылю ампір, як потым называлі гэты класыцызм.
Паданыя агарожы сваім родам стаўбоў, злучаных наверсе, архітравам, адпавядаюць галоўным вымогам класыч. стылю ды інш ыя могуць дапусьціць, што гэта была прост асаблівая адмена класычнага стылю.
Але ж тут можна адказаць, чаму нідзе, толькі ў Вільні гэтая адмена спатыкаецца і чаму тут 4-х гранныя стоўбікі, ды яшчэ пастаўленыя на рабро, а не круглыя калоны, якія зьяўляюцца падставай класічнага стылю.
Дзеля іх вылучна меснага характару трэба шукаць іхні першаўзор у формах, як і будаўляным матар’яле гэтага краю.
У пошуках каменных агарожаў, якімі мой муж, архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі вельмі цікавіўся, мы занйшлі на Мастовай вуліцы вельмі стары падгнілы дзеравянны паркан (агарожу), які можа служыць як першаўзор нашым мураваным. Там на досыць высокім дзеравянным плоце ляжала папярок доска, упушчаная ў галоўныя, цёсаныя на 4 бакі, стаўбы. У гэтую доску былі ўпушчаны ножкай стоўбікі на рабро пралёта, досьць шырокі, і наверсе ізноў ножкі былі апушчаны ў доску, якая сваім парадкам была ўпушчана ў снаўныя стаўбы агарожы. Гэтак тутака мы баым вельмі стары спосаб апрацоўкі дрэва, дзе ўсьпелі абыйсьціся і без гвазьдзей. Можна дапусьціць, што гэткі спосаб ставіць агарожы быў у Вільні былых часоў звыклай зьявай і адказваў адчуваньню прыгожасьці ягоных жыхароў. Што гэтая традыцыя глыбака сядзела ў прадстаўленьні мясцовага жыхарства, сьведчыць тое, што зьвяртаючы ўвагу і на старыя дзеравянныя агарожы на прадмесьцях, мы знаходзілі гдзе-нігдзе на паплавах, Зарэччы, Антокалі вельмі старыя агарожы са стоўбікамі, упушчанымі ў папярэчныя доскі на рабро, яны мусі былі з тых часоў, гдзе яшчэ і гвозьдзі былі дарагія, і часу было больш, ну і галоўнае, хацелася, каб і прыгожа выглядала. Затым яшчэ знаходзіліся агарожы са стоўбінамі, але ўжо прыбітыя гвозьдзямі проста, а не на рабро, да папярэчнай доскі, а самыя новыя агарожы на прадмесцях былі танныя аполкі з пад машыны тартаку, прыбітыя гвозьдзямі. Гэтак і тут тэхнічная практычнасьць нашых дзён выцясьніла любоў да старых прыгожых формаў.
Можна казаць, што дзеля ўпрыгожаньня жыхары старой Вільні абцёсывалі роўна на чатыры бакі колья для свае агарожы i ўпускалi iх у доску на рабро, бо хвалiстая лiнiя больш адказвала iхняму пачуцьцю ў даным выпадку, чым роўная. Гэты тып агарожы мусе паўтараўся часта, калi ў канцы ХVIII стаг. якiсь архiтэктар цi майстар, маючы за заданьне паставiць манумэнтальную каменную агароджу, ня доўга думаючы, паўтарыў у камнi формы дзеравяннай агароджы, надаючы ёй манумэнтальны характар, але i гарманiчнасьць праз прапарцыянальны падзел вертыкальных i гарызантальных лiнiяў.
Зьява, што формы дзеравяннага будаўнiцтва лягдi ў выснову каменнага – ня новая; мы яе знаходзiм у розных народаў i культураў. Як клясычны прыклад у гiсторыi мастацтва прыводзяць каменную дарычэскую сьвятыню,якая са сваiмi круглымi калонамi, архiтравам, мэтопамi i франтонам паўстае, як паўтарэньне формаў дзеравяннага будаўнiцтва. Беларусь, гэтак багатая ў лясы, будавала ў старыя часы амаль вылучна з дрэва i было бы цiкава дасьледваць дачыненьнi мiж дзеравяннай i каменнай архiтэктурай. Тут можна было бы знайсьцi шмат аналёгii, як у нашых агарожах, гдзе ад плецьня i частаколу дашлi да прыгожай агарожы, формы якой пераняло каменнае будаўнiцтва.
I можна сьмела казаць. што гэтыя каменныя агарожы Вiльнi паўсталi з духа гэтага краю spiritus loci i таму мы iх можам залiчыць да самабытных самастойных формаў мастацкага адчуваньня беларускага народу, бо ў Вiльнi былых вякоў беларусы станавiлi аснову насельнiцтва.
Што i вялiкiя мастакi ня могуць зусiм адысьцi ад мастацкiх формаў роднага краю i часта iх твораць, можна бачыць i ў гэткага архiтэктара, мастака, як Гуцэвiч. Ён вучыўся ў Францыi i адтуль прывёз сваё захапленьне да ўходзячага ў моду клясычнага стылю, у якi i перабудоўвае Катэдру ў Вiльнi. Калi мы прыгледзiмся да паўдзённай (рыс. №2) фасады, то паўстае пэўная аналёгiя са скромнымi дзеравяннымi сьвiронкамi нашага краю (рыс. №3), гдзе мы бачым калонны ў сярэдзiне памiж двух роўных плоскасьцяў. Падобны вельмi стары сьвiронак я бачыла памiж Вiльняй i Новавiлейкай. Сьвiронкi падобнага тыпу часта спатыкалiся на Беларусi. Др. Альб. Iппель у сваiм артыкуле “Zur weissruthenische Kunst (Weissruthenien von Walt er Jöger. Berlin, 1919. Бач. 94) кажа, што формы стара-грэчаскага будаўнiцтва i мастацтваа былi праз водныя пуцi Дняпразанесены ў абшары Беларусi i тамчасткова захавалiся, адтуль i антычныя формы адтуль i антычныя формы беларускiх сьвiронкаў.
Паданныя мной самабытныя па сваiм формам агарожы ў Вiльнi, наколькi мне ведама, не прыводзiлiся, як арыгiнальныя творы, на iх якасьцi не зьвярнулi ўвангi, аб iх не пiсалi i iх нiдзе няма на здымках Вiльнi. Але вось аднаму польскаму мастаку, якi ўжо пасьля Iае сусьветнае вайны наведваў Вiльню, яны ўпалi ў вока i ён падхапiў гэты матыў, стоўб на рабро, i стварыў зть яго цэлую кампазыцыю для польскага павiльёна на Парыжскай высiтаўцы, першай пасьля Iае сусьветнае вайны. (Дакладна год ня памятаю, якая мела пiрамiдальнную форму з безьлiкам стоўбiкаў на рабро.)
Ведама, гэта была праца польскага мастака, хоць ягоны матыў i быў запазычаны; можа i сам мастак гэтага ня ведаў, бо ў зразуменьнi польскага грамадзтва ўсе мастацкiя формы ў Вiльнi былi з польскага духу. Перад беларускiмi мастацтваведамi i далей стаiць паважнае заданьне: церпялiва саскрэсьцi ўсе чужынскiя наляцеласьцi, каб знайсьцi аснаўныя формы мастацкай творчасьцi свайго народу i выявiць, якiя былi пераняты цi занесены будзь то з далёкага ўсходу, цi з поўдня ад грэкаў, цi ад варагаў, цi з агульнаэўрапейскай скарбнiцы мастацтва Захаду; як гэтыя формы былi перапрацаваны ў душах беларускага народу i якiя самабытныя формы былi iм самiм унесены i створаны.
P.S. Успамiнаючы родны край i гэтак любую мне Вiльню, мяне ахоплiвае сум iп жах, што памятнiкi ягонага будаўнiцтва i мастацтва пазасталiся ня толькi без апекi, але што iх сьвядома, або i несьвядома нiшчаць, бо там цяпер пануюць людзi, якiя для гэтага краю ня маюць нi зразуменьня.ю нi любасьцi.
Нажаль, трэба казаць, што зьнiшчаньнi, выклiканыя ваеннымi падзеямi 1941–1944 там яшчэ павялiчваюць адумыслова. Гэтак, як я чула, у 1945 цi 1946 г., замест направiць, зьнесеныф былi Вострабрамскiя вароты., апошнiя, што не адважылiся зьнiшчыць у пачатку ХIХ стаг. царскiя ўлады дзеля вобразу Мацi Божай, якi адтуль сьвяцiў усяму краю. Цяпер гэтых скурпулоў не было, вароты разабралi, а Вобраз Мацi Божай адаслалi ў Польшчу, бо мусi там, у Вiльнi, нельга больш малiцца да яе, як Апякунцы гораду i краю. Як выглядаюць шматлiкiя сьвятынi Вiльнi i ўсяго родннага краю, якiя захававлiся, якiя зьнiшчаны – няведама.
Але як падае Heimatstimme №4 за 1954 г. бач. 11 (Metteilungsbluff fu:r die Deutschen aus Zifanen??) эвангелiцкая кiрха пры Нямецкай вулiцы ў Вiльнi разбурана, а гэта быў барок у мастацкiм выкананьнi, асаблiва прыгожы быў аўтар i амбона з Добрым Пастырам. Далей гэтая ж Heimatstimme падае, што i эвангелiцкi магiльнiк на Пагулянцы скасаваны i там цяперн народны парк. А там было шмат цiкавых старых помнiкаў i магiлаў заслужаных жыхароў краю i многiх прафэсараў старога Вiленскага ўнiвэрсiтэту пачатку ХIХ ст.
(У часе апошняй вайны, у 1943 г. там зь беларусаў пахаваны артысты i лiтарат Пран. Аляхновiч). Затым да мяне дайшлi чуткi, якiя трудна спраўдзiць, быццам i стары каталiцкi магiльнiк, яшчэ больш багаты ў помнiкi i магiлы заслужаных сыноў краю, мяноўна Роса, зраўняны зь зямлёй i на iм паўстаў пляц дзеля абучэньня вайсковых-танкiстых.
Усё гэта магчыма, бо там няма каму баранiць гэтыя сьвятынi.
Дык вельмi важна, каб тутака на эмiграцыi ў архiвах Бел. Навук. Тавар. апынулiся ўсялякiя здымкi i працы аб мастацкiх памятнiках Бацькаўшчыны, каб яны жылi далей у памяцi.

Пiсана ў Каляды 1954 г. у Нюрнбэрзе

Публiкацыя Iлоны Ўрбановiч