СЬВЯТКАВАНЬНЕ 25 САКАВІКА Ў ЗША


Нью Ёрк

У нядзелю 16-га сакавіка на Мангэтане ва Ўкраінскім Доме прайшло ўрачыстае сьвяткаваньне 85-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР, якое ладзіў нью ёрскі аддзел БАЗА.
Сьвяткаваньнее пачалося акадэміяй, якую вёў сп. Янка Запруднік. Напачатку прагучаў амэрыканскі гімн у выкананьні спч. Вольгі Казак, пасьля чаго з уступным словам выступіў Старшыня нью ёрскага аддзелу БАЗА сп. Віталь Зайка. Затым было прачытанае прывітаньне Старшыні Рады БНР спн. Івонкі Сурвілы. Праклямацыю мэра Нью Ерку Майкла Блумбэрга прачытаў сп. Коля Романо.
Затым з прывітаньнямі выступілі: Старшыня Галоўнай Управы БАЗА сп. Антон Шукелойць, загадчык беларускага аддзелу Дзярждэпартаманту ЗША сп. Майкл Уегара, прадстаўнік Міжнароднай Лігі Правоў Чалавека, рэдактар бюлетэня Belarus Update сп. Віктар Коўл, Старшыня аддзелу БАЗА ў Нью Джэрзы сп. Юрка Азарка. Былі зачытаныя лісты з прывітаньнямі ад іншых беларускіх арганізацыяў, што паступілі на адрас БАЗА. Спн. Ліна Сагановіч прачытала верш Генадзя Бураўкіна "Малітва". З музычнымі кампазыцыямі на цымбалах выступіла счн. Інга Ліпай.

Спч. Інга Ліпай падчас выступленьня.

Затым з дакладам "Не - інтэграцыі з Расеяй" выступіў сп. Вітаўт Кіпель, які адзначыў, што вось ўжо 85 гадоў ідэя незалежнасьці Беларусі натхняе новыя і новыя пакаленьні змагароў. Сп. Кіпель узгадаў, што быў знаёмы шмат з кім зь дзеячоў - заснавальнікаў БНР і змагароў за беларушчыну, у тым ліку Антонам і Язэпам Лёсікамі, Міколам Азбукіным, Кастусём Езавітавым, Міколам Шылам, Эдвардам Будзькам ды іншымі. Акт 25-га Сакавіка даўся нялёгка. У Беларусі ў 1918-м годзе дзейнічала каля 50 палітычных партыяў, але большасьць палітычных дзеячоў знайшлі супольную палітычную плятформу, што складалася з падтрымкі незалежнасьці Беларусі ў ейных этнічных межах Прыняцьце Акту 25-га Сакавіка адбывалася ў складаных абставінах. Краіна была зьнясіленая гадамі Першай Сусьветнаю вайною, аточаная войскамі замежных дзяржаваў, у катастрафічным стане была ейная эканоміка. Але воля людзей здабыць лепшую долю для свайго краю, скінуць кайданы векавога прыгнёту перамагла боязь і засьцярогі. Тысячы беларусаў страцілі жыцьцё ў змаганьні, беларускія этнічныя землі былі адкроеныя ад цела Беларусі, стагодзьдзі чужаземнага панаваньня высмоктвалі зь Беларусі, акрамя іншага, найкаштоўнейшы рэсурс - здольную моладзь, што мусіла шукаць лепшага жыцьця на службе польскай ды маскоўскай. Акт 25-га Сакавіка паказаў, што забраны край мае волю да незалежнасьці й годнага жыцьця, мае таленавітых і ахвярных людзей. І таму, ня гледзячы на страты й паразы, на Курапаты й Хатынь, беларускі народ прыйшоў да незалежнасьці. Сёньня ганебны лукашэнкаўскі рэжым, які ўсяляк падтрымоўваюць імпэрскія колы Расеі, пануе ў Беларусі. Ужо 9 гадоў цягнецца над назовам "інтэграцыі" гнюсны гандаль незалежнасьцю Беларусі. І таму мы заяўляем: Не - інтэграцыі з Расеяй! Не - зьнішчэньню беларускай незалежнасьці! Не - этнацыду беларускага народу! Жыве Беларусь, і тысячы змагароў ёсьць зарука таго, што яна будзе жыць!
Затым усе адсьпявалі нацыянальны гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".
Пасьля урачыстай акадэміі й банкету адбыўся канцэрт, на якім выступіла трыё сям'і Казакоў - Валянціна Пархоменка, Алесь Казак і Вольга Казак. Прысутныя маглі набыць беларускія кнігі й гуказапісы, агледзець выставу беларускай народнай творчасьці.

Ньюёркаўцы заўсёды радыя бачыць трыо Казакоў на сваіх імпрэзах.

Падзяка за арганізацыю праграмы, падрыхтоўку банкету і афармленьне залі належыцца спн.сп. Юлі й Паўлу Андрусышыным, Але Кузьміцкай, Але Орса-Романо, Валеру Дворніку, Сяргею Пятровічу, Уладзімеру Цяліцу.

Віталь ЗАЙКА

ПРАМОВА сп. Майкла ЎЯГАРЫ
(друкуецца ў невялікім скароце)

Спадарыні й спадары, шаноўныя госьці, я вельмі рады ўдзельнічаць у гэтай імпрэзе, якая ўшаноўвае 85-ю гадавіну зьяўленьня Беларусі як самастойнай нацыі. У той далёкі час Беларусь ненадоўга здабыла незалежнасьць, і гэта нагадвае пра тое, што свабоду і незалежнасьць трэба стала пацьвярджаць і няспынна ахоўваць.
Мы ведаем, што пагроза свабодзе нацыі незаўсёды паходзіць звонку. Часамі грамадзяне губляюць свабоду дзеля ўнутраных прычынаў. Іхныя ўласныя лідары могуць скрасьці фундамэнтальныя правы людзей - свабоду слова, ставарэньня арганізацыяў, права свабодных выбараў свайго кіраўніцтва.
Беларусь адыграла важную ролю ў разбурэньні СССР. Яна зрабіла гістарычны ўнёсак, пазбавіўшыся ядзернай зброі. Беларусь тады зрабіла значныя крокі да ўсталяваньня дэмакратыі й узмацненьня сваёй нацыянальнай і культурнай тоеснасьці. Гэтым дасягненьням, аднак, не дазволена было працягвацца.
Існуюць сябры Беларусі, якія хочуць, каб яна вярнулася на шлях свабоды й незалежнасьці. Гэты асяродак уключае Злучаныя Штаты, Эўразьвяз і ягоныя краіны-сябры, міжнародныя арганізацыі, такія, як АБСЭ, і краіны-суседзі Беларусі.
13-га сакавіка сёлета газэта "Вашынгтон Таймс" надрукавала інтэрв'ю зь міністрам замежных справаў Эстоніі. Спн міністар параўнала сытуацыю ў ейнай краіне цяпер і ў савецкі час. Яна прыгадала між іншага, што ніколі ня ела ананасаў да 22 гадоў, бо такіх люксусаў у той час не было. Свабода таксама была такім люксусам. Пра Беларусь яна сказала: "Шмат у якіх адносінах я бачу Беларусь як краіну, якая патрабуе такой дапамогі, якую атрымалі мы. Гэтая краіна і яе народ мусяць з такою дапамогаю здабыць пачуцьцё ўпэненасьці ў сваіх сілах і пераканацца, што і яны могуць жыць вольна. Але цяпер, на жаль, такой падтрымкі пакуль няма".
Мы ўсьведамляем, аднак, што толькі самыя беларусы могуць вярнуць Беларусь да незалежнасьці й свабоды. Урад ня можа супрацьстаяць народу, аб'яднанаму ў змаганьні за сваю чалавечую годнасьць. Разам з тым, людзі ня змогуць аб'яднацца, не пабачыўшы магчымасьці зьменаў і не паверыўшы, што зьмены прынясуць паляпшэньне жыцьця.
У гэтым сэнсе беларуская дыяспара можа адыграць ключавую ролю. Асабістыя кантакты могуць даць надзею, пераканаць, што існуе выбар, існуе альтэрнатыва сёнешняму жыцьцю ў нядолі.
Урад ЗША гатовы дапамагчы Беларусі, ён ужо выдаткавалі на дапамогу Беларусі каля 600 мільёнаў даляраў, пачынаючы з 1992-га году. Мы працягваем падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, незалежныя медыі й палітычную апазыцыю. Найбольш значнаю дапамогаю зьяўляюцца праграмы абмену досьведам, якія даюць беларусам магчымасьць пабачыць, як жывуць па-за межамі Беларусі, зразумець перавагі, якія дае людзям вольнае грамадзтва. У 2002-м годзе ўрад ЗША запрасіў на кароткатэрміновае прафэсыйнае навучаньне й на навуковыя праграмы 173-х беларускіх грамадзянаў.
Урад ЗША прапанаваў крокі для паляпшэньня аносінаў зь Беларусьсю ў адказ на адпаведныя крокі беларускага ўраду ў чатырох ключавых сфэра, якія ўзмоцняць электаральны працэс, павялічаць свабоду медыяў улучна з доступам апазыцыі да дзяржаўных медыяў, вернуць сапраўдную заканадаўчую ўладу парляманту і спыняць клімат рэпрэсыяў.
Кангрэс ЗША заклапочаны сытуацыяй у Беларусі. 13-га лютага сёлета кангрэсмэн Сміт ініцыяваў законапраект “Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі-2003”. Сэнатар Кэмбэл плянуе выставіць аналягічны законапраект у Сэнаце. Акт аб Дэмакратыі прадугледжвае павелічэньне фінансавай падтрымкі й увядзеньне санкцыяў да той пары, пакуль Беларусь ня зрабіць значнага прагрэсу на шляху рэформаў.
Дзякую вам за тое, што запрасілі мяне на гэтую імпрэзу. Я спадзяюся, што хутка мы адсьвяткуем яшчэ адзін Дзень Незалежнасьці. Гэты дзень, верагодна, будзе не 25-га сакавіка, але гэта будзе дзень, калі вы зможаце адсьвяткаваць вяртаньне свабоды ў Беларусь.

Чыкага

Беларусы Чыкага і прыгарадаў урачыста адзначалі Дзень Волі 30-га сакавіка. У Беларускай праваслаўнай царкве Сьв. Юрыя пасьля набажэнства і сьпяваньня рэлігійнага гімну "Магутны Божа" з казаньнем, прысьвечаным 85-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, зьвярнуўся настаяцель царквы айцец Дзьмітры Бажко. Потым прагучала маленьне за Беларусь, за яе народ, які варты лепшае долі й лепшага лёсу.
Перад сьвяточным абедам з рэфэратам "Значэньне Дня 25-га Сакавіка для беларусаў Бацькаўшчыны й усяго сьвету" выступіў журналіст Ванкарэм Нікіфаровіч. У канцы імпрэзы адбылося падпісаньне лістоў да сэнатара Рычарда Дурбіна і кангрэсмэна Рахма Эмануэла з просьбамі падтрымаць унесены на разгляд Сэнату і Кангрэсу ЗША "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі-2003".

Ванкарэм НІКІФАРОВІЧ

У кожную нядзелю ў царкве Хрыста-Збаўцы ў Чыкага на вуліцы Фулертон зьбіраюцца беларусы-каталікі ўсходняга абраду на Багаслужбы. І 30-га сакавіка сёлета таксама. У гэты дзень настрой ва ўсіх быў асаблівы, і гэта падкрэсьлівалі нацыянальныя строі, у якія былі апранутыя многія, бо сябры Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў штату Ілінойс сьвяткавалі 85-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Старшыня Камітэту др. Вітаўт Рамук па-беларуску сказаў прамову на тэму дня, яркую ў апісаньні беларускага дзяржаўнага будаўніцтва пасьля 1917-га году. Ен падкрэсьліў значнасьць і сілу Акту 25-га Сакавіка і ягонага сьвяткаваньня на Бацькаўшчыне і на эміграцыі, дзе ёсьць беларускія арганізацыі. Затым др. Рамук зачытаў зварот Старшыні Рады БНР спн. Івонкі Сурвілла да беларусаў. Спн. Вера Рамук расказала аб падзеях па-ангельску. А потым усе адсьпявалі гімн "Магутны Божа".
Хвілінаю маўчаньня ўшанавалі памяць памершых сяброў Камітэту і ўсіх змагароў на Бацькаўшчыне. Пасьля афіцыйнае часткі быў абед, падрыхтаваны спн. Вераю Рамук. Як аказалася, яна ня толькі шчыры руплівец на ніве беларускага адраджэньня ў Чыкага, але і цудоўная гаспадыня.

К. ПАНУЦЭВІЧ

Кліўленд

Нядзельная раніца 23-га сакавіка ў Кліўлендзе была ўрачыстаю. Беларуская грамада адзначала 85-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці БНР. Пасьля Багаслужбы ў царкве Сьв. Божае Маці Жыровіцкае, што ў Стронгсвіле, агаёўскі аддзел Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня і культурна-рэлігійны цэнтар "Полацак" праводзілі сьвята.
Урачыста падняліся амэрыканскі й беларускі сьцягі над будынкам "Полацаку". Гледзячы на іх і на крыжы нашае сьвятыні людзі сьпявалі нацыянальны гімн. Пасьля супольнае малітвы старшыня агаёўскага аддзелу БАЗА Пол Васілеўскі адкрыў урачыстасьць. Былі зачытаныя прывітаньні й грамадзкасьць атрымала інфармацыю аб выніках перапіскі з агаёўскімі кангрэсмэнамі ў справе падтрымкі Акта аб дэмакратыі ў Беларусі. Кіраўнік БАЗА ў Агаё заклікаў гасьцей працягваць зварочвацца да сваіх прадстаўнікоў і падкрэсьліў надзвычайную важнасьць гэтае справы.
Выдатны даклад на тэму 25-га Сакавіка зрабіў акадэмік Сямён Шарэцкі. Заля была ўзрушаная ягонаю кранальнаю прамоваю.
З кароткім паведамленьнем аб падзеях у Беларусі выступіў сябра ўправы аддзелу БАЗА сп. Бахціяр Бахціяраў, які, як вопытны журналіст, паабяцаў рэгулярна інфармаваць грамаду аб жыцьці на Бацькаўшчыне. Да рэчы, дзякуючы газэце, якую ён выдае ў Кліўлендзе, на нашае сьвята прыйшлі прадстаўнікі гэбрайскай эміграцыі, якія паходзяць зь Беларусі, а таксама беларускія ўкраінцы.
Спадабаліся гасьцям беларускія песьні ў выкананьні кліўлендзкага хору пад кіраўніцтвам Аляксандра Яноўскага. Цудоўныя галасы Гелены Радзюк, Мані Патапенка, Анатоля Лук'янчыка ды іншых загойвалі тугу па Бацькаўшчыне і падымалі настрой. 5-гадовы Алеська, які прачытаў верш "А хто там ідзе", выклікаў авацыі прысутных.
Да сьвята быў падрыхтаваны добры пачастунак і напоі, якія зь сяброўскімі размовамі ў дабразычлівай атмасфэры, аб'ядналі ўсіх прысутных. Удзельнікі сьвяткаваньня маглі набыць гістарычна-рэлігійны альманах, які выдае і рэдагуе ведамы кліўлендзкі беларускі дзеяч Міхась Белямук.
Прыемна было бачыць на сьвяткаваньні й іншых "патрыярхаў" беларускай справы, якія аддалі столькі шмат адражэнскай дзейнасьці. Гэта сп. Васіль Радзюк, адданы будаўнік Беларускай Аўтакефаліі; шматгадовы кіраўнік кліўлендзкага аддзелу БАЗА сп. Раковіч; адзін зь лепшых экспэртаў па сучаснай беларускай гісторыі сп. Васіль Мельяновіч, які неаднаразова наведваў Беларусь у першыя гады незалежнасьці й дэмакратыі. Добра, што гэтым заслужаным людзям ёсьць каму перадаваць свае веды й вопыт, якія яшчэ добра паслужаць на карысьць беларускага народу.

Сяргей ВАСІЛЬЕЎ

Старшыня аддзелу БАЗА ў Агаё Пол Васілеўскі вітае удзельнікаў імпрэзы.

Саўт Рывэр

Традыцыйнае ўшанаваньне ўгодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларусі адбылося ў Саўт Рывэры ў нядзелю 23-га сакавіка. У царкве Сьв. Еўфрасіньні Полацкай а. Стаўрас адслужыў малебен за дабрабыт беларускага народу, а ў пропаведзі заклікаў малельнікаў быць вернымі сваім духовым і культурным традыцыям. Дзень перад гэтым у цэнтры гораду быў вывешаны побач з амэрыканскім беларускі нацыянальны сьцяг. Кіраўнікі Беларускага Кангрэсавага Камітэту Амэрыкі, Беларуска-Амэрыканскага Грамадзкага Цэнтру ды царкоўнай рады прыходу Сьв. Еўфрасіньні Полацкай наладзілі прыняцьце мэру гораду Робэрту Шэгеты й сябром гарадзкое рады.
У нядзелю пасьля Багаслужбы адбылася акадэмія, на якой прысутнічалі мэр Саўт Рывэру й гарадзкія радныя. Мэр Шэгеты зачытаў падпісаную ім праклямацыю Дня Беларускай Незалежнасьці. У праклямацыі, між іншага, сказана, што беларуса-амэрыканцы гораду ўдзячныя Прэзыдэнту Джорджу Бушу-старэйшаму за прызнаньне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь 25-га сьнежня 1991-га году. Старшыня царкоўнае рады сп. Робэрт Цупрык выступіў з дакладам на ангельскай мове пра інтэграцыйную палітыку А. Лушкашэнкі, а сп. Міхась Сенька, па-беларуску, гаварыў пра Акт 25-га Сакавіка. Было зачытаная таксама праклямацыя губэрнатара штату Нью Джэрзі Джэймса МакГрыві, якая абвяшчае дзень 25-га сакавіка Днём Беларускай Незалежнасьці ў Нью-Джэрзі. У дакумэнце адзначаецца вялікі ўклад беларусаў Нью Джэрзі ў грамадзкае, культурнае й эканамічнае жыцьцё штату.
У мастацкай частцы сьвяткаваньня сп-ня Віла Саўчанка выступіла са сваім вершам патрыятычнага характару, а Валянтын Дзямешчык і Аляксандар Балотнікаў прапяялі дуэтам пад акампанімэнт музыкі лірычную песьню "Ня шуміце, бярозы".

(Я.З.)