Беларускае жыцьцё ў Аўстраліі
На паседжаньні ВК Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў Аўстраліі, рыхтуючыся да 85-х угодкаў 25-га Сакавіка, вырашылі пайсьці на дапамогу кандыдатцы гістарычных навук Натальлі Гардзіенка зь Менску, якая піша кнігу пра беларускіх жанчын на эміграцыі. Было пастаноўлена выслаць ёй запрашэньне і пакрыць усе выдаткі на падарожжа і побыт у Аўстраліі. На гэта пагадзіліся беларусы Сыднэю й Адэляйды.
І вось 14-га сакавіка спн. Гардзіенка прыехала ў Мэльбурн, дзе яе спаткалі зь беларускім бел-чырвона-белым сьцягам. Гэта было рана раніцою, і яе адвезьлі на кватэру айца Аляксандра Грыцука, які заапекаваўся ёю.
У суботу А. Груша вазіў яе да беларускіх жанчынаў, якія бралі й бяруць удзел у грамадзкім жыцьці. У нядзелю, 16-га сакавіка, пасьля Багаслужбы ў мясцовай аўтакефальнай праваслаўнай царкве ў грамадзкай залі зрабілі прыняцьце з уручэньнем падарункаў ад Беларускага Цэнтральнага Камітэту, як нашай госьці зь Менску, так і сьпявачкам хору "Каліна". Падарункі ўручаў сп. А. Шнэк.
Падчас прыняцьця адбылося шырэйшае знаёмства спн. Гардзіенка зь беларускаю грамадою, пасьля якога госьця сказала: "Я вельмі ўражаная, што беларусы Аўстраліі шчыра зацікавіліся маёю ідэяю дасьледаваньня лёсу жанчын беларускай эміграцыі. На такую актыўнасьць я нават не разьлічвала. А вось беларусы ЗША амаль праігнаравалі мае лісты. Падтрымка Вашая вельмі важная, бо дае стымул для далейшае працы, і за гэта я Вам вельмі ўдзячная."
Нашыя дзяўчаты з хору "Каліна", усе апранутыя ў нацыянальныя строі выканалі некалькі ведамых беларускія народныя песьняў. І гэта, трэба дадаць, ім надта добра ўдалося.
У панядзелак, 17-га сакавіка, наладзілі маёўку для лепшага знаёмства зь людзьмі. У аўторак спн. Гардзіенка пазнаёмілі з горадам Мэльбурнам. У сераду разьвіталіся з госьцяю ў рэзыдэнцыі сп. А. Грушы. У пятніцу ўрачыста сьвяткавалі 25-годзьдзя Беларускага Аб'еднаньня ў Адэляйдзе і 85-годзьдзе абвешчаньне незалежнасьці БНР, дзе спн. Гардзіенка пазнаёмілася з жанчынамі. Праз некалькі дзён яна паехала ў Сыднэй і ўжо адтуль дамоў у Беларусь.
Багаславі яе Бог на працу на дабро нашага народу і роднай Беларусі.

Паўлюк ГУЗ, Старшыня Беларускага Цэнтральнага Камітэту

Госьця зь Менску Н. Гардзіенка

Выступае хор “Каліна”.