Паседжаньне Прызыдыюму Рады БНР
У суботу 19-га ліпеня ў Гайленд Парку, Нью Джэрзі, прайшло паседжаньне Прэзыдыюму Рады БНР. Пачалося яно з хвіліны маўчаньня ў памяць Васіля Быкава. Потым сябры Прэзыдыюму абмеркавалі пытаньні, зьвязаныя з працай камісіі ў справе ўшанаваньня памяці вялікага пісьменьніка.
Асноўны час быў прысьвечаны ўнутраным справам Рады, такім як сяброўства ў Радзе ды падрыхтоўцы чарговай сэсіі Рады БНР. Чарговая сэсія прызначаная на 25-26 кастрычніка сёлета. Радныя таксама абмяркоўвалі палітычную сытуацыю ў Беларусі ў сувязі з імкненьнем Лукашэнкі падоўжыць свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы праз рэфэрэндум і палітыку душэньня палітычнай апазыцыі, свабоды слова і беларускасьці. Прэзыдыюм прыняў рашэньне распаўсюдзіць зварот да ўрадаў заходніх краін у сувязі са зьнішчэньнем рэжымам Лукашэнкі беларускага школьніцтва і закрыцьцём адзінага нацыянальнага беларускага ліцэю.
Зь іншых пытаньняў Радныя таксама абмеркавалі магчымасьці далейшага ўплыву на палітыку ЗША ды іншых заходніх краінаў у дачыненьні да рэжыму ў Беларусі. Адным з наступных крокаў сябраў Рады, што ёсьць грамадзянамі ЗША, будзе сустрэча з новапрызначаным паслом ЗША ў Беларусь Джорджам Кролам перад ягоным ад'ездам у Беларусь.
Прэзыдыюм Рады вырашыў стварыць камісію, якая займецца інвэнтарызацыяй усіх архіваў Рады БНР, у тым ліку прыватных. Узначаліў камісію д-р Вітаўт Кіпель.

Заява Рады БНР у справе беларускага школьніцтва

Нядаўна стала вядома пра закрыцьцё Нацыянальнага Гуманітарнага Ліцэю імя Якуба Коласа, адзінага цалкам беларускага адукацыйнага асяродку ў Беларусі. Дзеяньні пануючага рэжыму ў адносінах да беларускага школьніцтва адлюстроўваюць усю сутнасьць анты-нацыянальных сілаў, што сёньня знаходзяцца пры ўладзе ў Беларусі.
Колькасьць беларускіх школаў складае сёньня менш за чвэрць ад агульнай колькасьці ўстановаў пачатковай і сярэдняй адукацыі, і працягвае зьніжацца. Пад прэтэкстам "аптымізацыі" рэжым плянуе радыкальна зьменшыць лік вясковых беларускіх школаў.
Зьмест беларускамоўнай адукацыі таксама вынішчаецца - многія школы застаюцца беларускімі толькі на паперы, беларуская мова выціскаецца з адукацыйнага ўжытку, выкладаньне прадметаў вядзецца пераважна па-расейску.
Вучні, што жадаюць працягваць вучыцца па-беларуску, не маюць магчымасьці рабіць гэта. Намерам бацькоў, што хочуць даць дзецям беларускамоўную асьвету, ствараюцца перашкоды. Канстытуцыйнае і чалавечае права асобы атрымліваць адукацыю ў дзяржаўнай мове цынічна парушаецца структурамі й асобамі, якія абавязаны забясьпечваць гэтае права.
Цалкам адсутнічае дзяржаўная сістэма беларускай вышэйшай адукацыі. Структуры беларускай філялёгіі пры ўстановах вышэйшай адукацыі ў Беларусі зрабіліся рэзэрватамі беларускасьці, і пры сёньняшніх умовах ня маюць пэрсьпэктывы. Незалежныя ўстановы вышэйшай адукацыі, што насьмельваюцца ўводзіць беларускамоўныя курсы, церпяць ад перасьледу.
Усё вышэйсказанае паказвае, што існуючы ў Беларусі рэжым ня проста ігнаруе патрэбу беларускамоўнай адукацыі, але адкрыта змагаецца супраць яе. Дзеяньні рэжыму ў галіне адукацыі ёсьць ня што іншае, як палітыка вынішчэньня культурных традыцыяў і гістарычнай памяці беларускага народу. Гэта ёсьць палітыка этнацыду ў дачыненьні да людзей, ад чыйго імя імкнуцца выступаць сёньняшнія ўлады ў Беларусі.
Этнацыд у Беларусі паказвае, што рэжым Лукашэнкі ня бачыць будучыні для беларускай культуры і адукацыі, што ён зрабіў стаўку на асыміляцыю беларускага грамадзтва ў расейскамоўны асяродак дзеля сваіх уласных палітычных і матар'яльных выгодаў.
Рада БНР лічыць дзеяньні ўладных структураў Рэспублікі Беларусь у галіне беларускамоўнай адукацыі злачынствам супраць беларускага народу, парушэньнем правоў чалавека і прынцыпаў гуманнасьці.
Рада БНР зьвяртаецца да беларускіх людзей з заклікам патрабаваць беларускамоўнай адукацыі для сваіх дзяцей улучна з вышэйшай адукацыяй, аддаваць дзяцей у беларускія школы, маральна падтрымліваць вучняў і настаўнікаў у існуючых беларускіх школах, супрацьстаяць спробам перапрафіляваньня або закрыцьцця беларускіх школаў.
Рада БНР заклікае усе ўрады і арганізацыі сьвету выказаць сваё стаўленьне да этнацыду ў Беларусі, аказаць ціск на сёньняшні рэжым у Беларусі дзеля спыненьня ліквідацыі беларускага школьніцтва.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла