З ДУМКАЮ ПРА РАДЗІМУ
На сустрэчы беларускага зямляцтва ў Чыкага
Пяць гадоў таму эмігранты, якія прыехалі з краінаў былога СССР ў Чыкага і ягоныя ваколіцы прыкладна ў апошнія два дзесяцігодзьдзі, заклалі грамадскую арганізацыю - Асацыяцыю "Землякі". Побач зь іншымі ўтварылася і беларускае зямляцтва. Сталася добрай традыцыяй у тых, хто прыехаў зь Беларусі, штогод зьбірацца, дзяліцца ўспамінамі, прыгадваць маладосьць…
Чарговая такая сустрэча адбылася ў залі чыкагскага ОРТ-інстытуту 14-га ліпеня. Яна была прысьвечаная гадавіне вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і дзьвум знамянальным юбілеям: 120-годзьдзю зь дня народжаньня вялікага беларускага паэты Янкі Купалы й 115-годзьдзю выдатнейшага мастака, ураджэнца зямлі беларускай Марка Шагала.
Яшчэ зусім нядаўна жыцьцё тых, хто прыйшоў на сустрэчу (а іх было каля 150 чалавек), было цесна звязанае зь Беларусьсю, зь лёсам яе шматпакутнага народу. На сымбалічнай пераклічцы ў пачатку сустрэчы - хто і адкуль - гучалі назвы ня толькі вялікіх і ведамых гарадоў Менска, Берасьця, Горадні, Віцебска, Магілёва, Гомля, Слуцака, Барысава, Слоніма, Маладэчна, але й былых мястэчак Камарына, Парычаў… Вайна і антысеміцкая палітыка афіцыйных уладаў апалілі лёс амаль кожнага, хто быў у гэтай залі; таму, пэўна, такімі ўсхваляванымі былі ў той вечар сустрэчы, прамовы, успаміны…
Адкрыў урачыстасць прэзыдэнт беларускага зямляцтва Іосіф Кацман. У сваім лірычным вершы, які ён напісаў да гэтай сустрэчы, ён заклікаў "адкінуць слова "настальгія" і проста ўспомніць Беларусь". Усіх вітаў гасьцінны гаспадар, дырэктар ОРТ-інстытуту Артур Элдар. А потым быў паказаны слайд-фільм, падрыхтаваны кіраўніцтвам беларускага зямляцтва. Прысутныя ўбачылі краявіды гарадоў і сёлаў Беларусі, цікавыя архітэктурныя помнікі, непаўторныя лірычныя пейзажы. Дэманстраваліся і рэпрадукцыі карцінаў Марка Шагала. Міра Рапапорт, якая раней працавала настаўніцай беларускай мовы й літаратуры на Слонімшчыне, суправаджала гэты паказ слайдаў чытаньнем славутай "Спадчыны" Янкі Купалы, урыўкаў з "Новай зямлі" Якуба Коласа, вершаў беларускіх паэтаў Міколы Аўрамчыка, Адама Русака, Ніла Гілевіча, Сяргея Панізьніка.
Ад імя ветэранаў Другой сусьветнай вайны выступіў Ільля Мац, які падзяліўся ўспамінамі пра той час, а потым выканаў песьню "Враги сожгли родную хату…" Вялікай цікавасьцю карысталася выстава карцін і графічных працаў мастачкі Ады Бярковіч, якая прыехала ў Чыкага зь Беларусі 13 гадоў таму. Выстава была разгорнутая на спэцыяльных стэндах у залі. Прысутныя цёпла віталі мастачку, якая расказала пра свой лёс і свае карціны.
Канцэртную праграму гэтай сустрэчы распачаў Іосіф Гусараў. Папулярныя ў розныя часы песьні сьпявала Валянціна Марчанка. У выкананьні Эсфір Рэхтман прагучалі вершы й рамансы вядомага чыкагскага паэты й кампазытара Міхася Клейнера. У праграме ансамблю ў складзе Ноаха Марсэла, Галіны Паповай і Льва Зарыцкага прагучала спэцыяльна напісаная да сустрэчы песьня Ноаха Марсэла "Ты - мой сум, мая радзіма Беларусь". Узрадаваў і пацешыў усіх дзіцячы танцавальны гурт у складзе Улады й Маі Машковіч, Пола Ўльянава і Яраслава Вароніна.
Часта гучала на вечары й паэтычнае слова. Свае вершы й творы іншых паэтаў чыталі Эсфір Гланцман і Іда Аўруцкая. Аўтар гэтай інфармацыі сказаў слова пра Янку Купалу, а таксама пазнаёміў усіх з забароненым да публікацыі на радзіме пры савецкай уладзе славутым вершам песьняра "Жыдам Беларусі".
Міра Рапапорт была сваеасаблівай гаспадыняй на гэтым вечары. Музычную праграму пасьпяхова вёў Аркадзь Пеўны. Часта гучала музыка, і танчылі ўсе - і маладыя, і тыя, каму хутка дзевяноста. Адмысловымі прызамі былі ўзнагароджаныя ўдзельнікі ўсіх пяці папярэдніх сустрэчаў беларускага зямляцтва.
Мяркую, што гэта цікавая сустрэча надоўга застанецца ў памяці тых, хто прыняў у ёй удзел.

Ванкарэм НІКІФАРОВІЧ