СЬВ. ПАМЯЦІ МІТРАПАЛІТ МІКАЛАЙ
ПЕРШЫ ЯРАРХ БЕЛАРУСКАЙ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ЦАРКВЫ
25.05.1917 - 20.06.2002
Сёлета ў Таронта, у Канадзе, 26-га чэрвеня пасьля Сьв. Літургіі ў сьвятыні Сьв. Кірылы Тураўскага ўрачыста адзначалі 85-я ўгодкі нараджэньня архіяпіскапа Мікалая. Вялікая радасьць, пашана, гумар і наш дарагі Пастыр, з удзячнасьцю да парафіянаў і гасьцей, крыху пра сябе - доўгі шлях служэньня "сьвятой Беларусі".
Энтузыястычныя галасы сьпявалі "многая лета".
Яму, хто натхняў без матэрыяльнай узнагароды, служыў, маліўся, выхоўваў, верыў у дабрыню суродзічаў, цягнуў грэшнікаў у сьвет любові, пакаяньня, дабрачыннасьці, сьціпласьці й міласэрднасьці дый бязьмежнай любові да чужынцамі паняволенай Радзімы, да аднаўленьня зганьбаваных сатаною сьвятыняў...
Многая лета! Ці-ж каму з нас, прысутных, зьявіўся нейкі намёк, што аставаліся адно дні?
Дні да адыходу... на чужыне...
Нарадзіўся падчас вайны ў "бежанстве" ў Расеі. Шэсьць месяцаў пасьля Бог забраў матку. Родны Моталь у Янаўскім павеце Берасьцейшчыны, недалёка ад Дастоева, радзімы сусьветнаведамага Дастаеўскага.апынуўся пад польскай акупацыяй.
Калі ў 1951-м годзе ў Таронта завітаў да мяне сьціплы, ветлівы й зь віду надта памяркоўны чалавек, Міхась Мацукевіч, аказалася, што ў 1946-м годзе вясною мы былі ў ваенным абозе Тэрсо на поўначы Шатландыі. Зразумела, ніхто-ж не пазнаёміў там паляшука з глыбачанінам.
Скончыўшы навуку ва Ўкраінскай Праваслаўнай Духоўнай Сэмінарыі ў Вініпэгу, наш будучы мітрапаліт Міхась Мацукевіч на нашую просьбу пачаў служыць Госпаду сьвятаром у нашай новай царкве ў Таронта. Архіяпіскап Васіль прысутнічаў пры адкрыцьці таронцкай сьвятыні.
Хіратанізацыя некалькі часу пасьля дала нашаму Уладыку запраўды пажаданы ім шлях.
Чужынцы-акупанты не далі яму магчымасьці навучыцца роднае мовы, давялося здабываць яе ў Канадзе. Архіяпіскап Мікалай на працягу гадоў перакладаў на беларускую мову ўсё царкоўна-славянскае, неабходнае; гэткім чынам БАПЦ уводзіла беларускую мову ўва ўсіх сваіх парафіях. На сваё ўтрыманьне наш дарагі Ўладыка ўвесь час зарабляў працай на прадпрыемствах. Ён ніколі ня браў грошай за службу як сьвятар.
Памёр архіяпіскап Мікалай (меў інфаркт) 20-га чэрвеня. Пры ўдзеле каля сотні вернікаў ў суботу ў сьвятыні Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта айцец Зьміцер Беленькі адправіў паніхіду. Мы ўдзячныя яму за прыезд з Кліўленду й помач нам.
На паніхідзе прысутнічалі нават тыя, каго сустракаеш, як прыказка кажа : рады ў гады. А тым часам забываешся, што такія во "вернікі" побач недзе жывуць і існуюць. Яны прыйшлі аддаць пашану нашаму ахвярнаму, наскрозь добраму й рупліваму, усімі паважанаму Слугу Божаму.
На апошні адпачынак адправілі Яго ў Гайленд Парк, ЗША, на клады між нашых суродзічаў-выгнаньнікаў у Нью Брансвіку.
Ад нас - спачуваньні родным Уладыкі. Яму - пашана й любоў у Хрысьце ды Вечная Памяць!

К. Акула