УРАЧЫСТАЕ СЬВЯТКАВАНЬНЕ
25-га САКАВІКА Ў НЬЮ ЁРКУ
24-га сакавіка Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне праводзіла ўрачыстае сьвяткаваньне, прысьвечанае 84-м угодкам абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі - Акту 25-га Сакавіка 1918-га году. Імпрэза прайшла ў залі Ўкраінскага Дому на Мангэтане, і прысутнічалі на ёй больш за сто чалавек. Імпрэза адчынілася амэрыканскім гімнам, і вялі яе сп. Янка Запруднік і сп-ня Алеся Сёмуха. Напачатку з кароткім прывітальным словам выступіў старшыня нью ёрскага аддзелу БАЗА сп. Віталь Зайка, які заклікаў, паміж іншага, чытаць і падтрымліваць адноўленую газэту "Беларус". Затым з прывітаньнем выступіла Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі сп-ня Івонка Сурвілла. Яна павіншавала ўсіх з нацыянальным сьвятам і выказала спадзяваньне на тое, што ў хуткім часе 25-га Сакавіка будзе вольна і ўрачыста сьвяткавацца ў Беларусі.
Прамоўца таксама сказала: "Беларусь адродзіцца любоўю. Сёньня мае думкі з абаронцамі Курапатаў, з перасьледванымі беларускімі журналістымі, з ТБМ-аўцамі й змагарамі за беларускую мову, з беларускімі рокерамі, з хакейшчыкамі, дзякуючы якім сьвет загаварыў пра Беларусь. Думкі мае з усімі, хто верыць у Беларусь".
Былі зачытаныя прывітаньні ад Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі, Беларускага кангрэсовага камітэту, Фэдэрацыі беларускіх арганізацыяў у Аўстраліі, Бэльгійскага сэктару Рады БНР, Беларускага Народнага Фронту, Таварыства Беларускай Мовы ды іншых арганізацыяў ды асобаў.
Сп. Вітаўт Кіпель, старшыня Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва, прачытаў даклад "Нацыянальны Дзень", прысьвечаны 25-му Сакавіка. У ім сп. Кіпель адзначыў, што гэтую дату беларусы ў Амэрыцы пачалі адзначаць яшчэ ў 1920-м годзе ў Чыкага, Нью Ерку й штаце Мінэсота. Прамоўца спыніўся на падзеях 84-гадовай даўніны й адзначыў, што прыняцьце Акту 25-га Сакавіка было найважнейшай падзеяй для Беларусі ў 20-м стагодзьдзі. " За 15 год, з 1902-га да 1917-га году, беларускі рух вырас ад адной партыі зь некалькімі дзесяткамі сяброў, да Ўсебеларускага Кангрэсу, які дэмакратычна рэпрэзэнтаваў волю ўсяго насельніцтва Беларусі, розныя партыі й нацыянальнасьці. Рада БНР ёсьць прадаўжальнікам таго змаганьня, што пачалося 84 гады назад. Пагроза для Беларусі застаецца адтуль-жа, як і ў тыя далёкія гады. Але шэрагі змагароў мацнеюць, каляніяльны стан будзе заменены сапраўды вольнай і незалежнай беларускай дзяржавай."
Затым сп-ня Алеся Сёмуха прачытала Праклямацыю ад губэрнатара штату Нью Ерк Дж. Патакі, а сп. Коля Романо - Праклямацыю ад мэру горада Нью Ерку М. Блумбэрга.
У часе ўрачыстай акадэміі сп-ня Валя Пархоменка выканала песьні "О Беларусь, мая шыпшына" на словы Ул. Дубоўкі, "Край ты мой адзіны" на словы Ул. Карызны й верш Н. Арсеньневай "Сакавік".
Прысутныя прынялі рэзалюцыю ўрачыстага сходу адзінагалосна.
Акадэмія закончылася сьпяваньнем беларускага нацыянальнага гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" на словы Макара Краўцова й музыку Ул. Тэраўскага.
Затым прысутныя падмацаваліся смачным абедам. Пасьля ўсе з асалодай праслухалі канцэрт з удзелам Валі Пархоменкі, Алеся й Вольгі Казакоў. Падчас канцэрту людзі танчылі й падпявалі.
Сп-ня Валя Якімовіч падрыхтавала вельмі прыгожую калярытную выставу лялек у беларускіх строях. У залі можна было набыць беларускія кнігі й кружэлкі, выпіць віна ці гарэлкі.
За арганізацыю й правядзеньне імпрэзы асаблівая падзяка належыць Але Кузьміцкай-Шчэцька, Юлі й Паўлу Андрусышын, Але Орса-Романо, Валераму Дворніку, Веры й Францішу Бартулям, Анатолю Тальянскаму, Янку Запрудніку, Алесі Сёмуха, Міколу Шыдлоўскаму, Валі Якімовіч, Сяргею Капытку.
В. Зайка.

На здымку: удзельнікі сьвяткаваньня каля выставы лялек.