"Беларускі дзень" у Кангрэсе ЗША
Ідэя правесьці "Беларускі дзень" у Кангрэсе была выказаная кангрэсмэнам Стывенам Лятарэтам у час спатканьня зь ім беларусаў 28-га траўня, пра якое ўжо паведамлялася ў травеньскім нумары "Беларуса".
Сутнасьць мерапрыемства ў тым, што ў Кангрэс прыяжджае грамада беларусаў з розных штатаў і на працягу аднаго дня, разьмеркаваўшыся, спатыкаецца па чарзе з шэрагам ужо падрыхтаваных кангрэсмэнаў, якім выкладае свае меркаваньні й пажаданьні па пэўных пытаньнях.
Ідэя правядзеньня "Беларускага дня" нам вельмі падыходзіла і вынікала з двух задачаў. Найперш, знайсьці падтрымку (і галасы) амэрыканскіх кангрэсмэнаў для "Акту аб дэмакратыі ў Беларусі", праект якога акурат знаходзіцца ў Кангрэсе і будзе разглядацца ў верасьні-кастрычніку. Наступнае - агульнаю мэтаю: здабыць актыўнае пацьверджаньне гарантыяў незалежнасьці Беларусі з боку Амэрыкі ў сувязі з далейшым разгортваньнем расейскай палітыкі па інкарпарацыі Беларусі, падрыхтоўкаю да ліквідацыі беларускіх грошай і да чарговага антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму па фактычнай анэксіі Беларусі (прыняцьце так званага "канстытуцыйнага акту").
Тут трэба нагадаць, што ў сьнежні 1994-га году ў Будапэшце на сэсіі АБСЭ тры краіны: ЗША, Вялікабрытанія і Расея - падпісалі мэмарандум (пасьля таго, як Беларусь адмовілася ад ядзернай зброі) аб гарантыях сувэрэнітэту Беларусі й абавязаліся быць ягонымі гарантамі ў выпадку ўзьнікненьня пагрозы дзяржаўнай незалежнасьці. Гэтая пагроза якраз і павялічылася з боку аднаго з "гарантаў" - Расеі. У размовах з кангрэсмэнамі (у прыватнасьці з Рашам Голтам) мы асабліва акцэнтавалі ўвагу на тым, што Расея ня можа быць пасярэднікам у дачыненьнях зь Беларусьсю, бо яе інтарэсы вялікадзяржаўныя, накіраваныя супраць нашай незалежнасьці. Амэрыканскія палітыкі, якія спадзяюцца на Расею, ня ўлічваюць гэтага.
Каб падрыхтаваць "Беларускі дзень" у Кангрэсе як збалянсаванае мерапрыемста патрэбна мінімум два месяцы. У нас жа было максімум два тыдні, бо, фактычна, з 23-га чэрвеня кангрэсмэны пачынаюць разьяжджацца на вакацыі. Збольшага нашыя актывісты пасьпелі папрацаваць толькі ў двух штатах (Нью Ерку і Нью Джэрзі), падрыхтавалі мэмарандумы, заявы, паведамленьні, інфармацыю.
17-га чэрвеня ў Вашынгтоне адбыліся заплянаваныя сустрэчы. Восем беларускіх прадстаўнікоў абышлі восем дэпутацкіх офісаў і спаткаліся з шасьцю кангрэсмэнамі, перадалі дакумэнты й інфармацыйныя матар'ялы. (Кангрэсмэн Палён пры гэтым згадзіўся ўзяць удзел у беларускім сьвяце ў Гайленд Парку (у царкве) у сярэдзіне ліпеня.)
У Кангрэс езьдзілі Вітаўт Кіпель, Юрка Азарка, Вячка Станкевіч, Віталь Зайка, Уладзімер Кадола, Уладзімер Шчэрбацэвіч, Натальля Гаршкова, Зянон Пазьняк.
Меркаваліся таксама спатканьні з кангрэсмэнамі беларускай дэлегацыі штату Агаё. Гэтая праграма была выкананая часткова. Тут, як, зрэшты, і паўсюдна - галоўная праца яшчэ наперадзе.
Назаўтра, 18-га чэрвеня, мы са сп. В. Кіпелем мелі зьмястоўную размову ў Дзярждэпартамэнце са сп. Майклам Уяхарам, а напярэдадні з добра знаным у беларускім і ўкраінскім асяродзьдзі сп. Арэстам Дэйчакіўськім.
Падсумоўваючы ўсе праведзеныя візыты й перамовы, можна сказаць, што пакладзены добры пачатак. Усюды мы знайшлі прыхільнасьць у пытаньнях, якія ставіліся. Зразумела, што трэба працягваць працу ў гэтым кірунку. Кангрэсмэны абяцалі падтрымаць "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі". А гэта галасы ў беларускі актыў.
"Беларускі дзень" добра было-б праводзіць кожны год і арганізоўваць яго заранёў з шырокім прадстаўніцтвам.
Зянон ПАЗЬНЯК

На здымку: дэлегацыя нью ёркаўцаў у офісе кангрэсмэна Фрэнка Палёна, стаяць зьлева направа З. Пазьняк, В. Кіпель, Ю. Азарка, У. Кадола, Ф. Палён, В. Станкевіч, В. Зайка, А. Шчэрбацэвіч, Н. Гаршкова.