Постаці

Забытае імя:
АЛЯКСАНДАР СТАГАНОВІЧ

На эміграцыі па вайне апынулася значна больш выбітных заслужаных дзеячаў, як мы сабе тое ўяўляем. Пра аднаго зь іх, чыё імя па-сёньня няведамае энцыкляпэдыям, але пра каго некалі абавязкова будзе напісаная кніга, тут пойдзе гаворка.
Аляксандар Стагановіч нарадзіўся 25-га студзеня 1890-га году на Наваградчыне ў сялянскай сям'і. Бацька памёр, калі малому было толькі тры гады. Маці, наколькі давала рады, спрыяла сыну ў здабываньні адукацыі, што ў сялянскай сям'і было няпроста. Якраз тады пад уплывам чытаньня "Нашай Нівы" - гэта быў 1906-ы год - абудзілася ягоная нацыянальная сьведамасьць. У сваіх успамінах "Шэсьцьдзесят год таму. У Вадзначэньне нашаніўскага году" ("Беларус", 1966) ён пісаў: "Ня будзь "Нашай Нівы" - ня было-б Першай, Другой і Трэцяй Устаўных Граматаў, ня было-б БНР. Ня было-б 14-ёх беларускіх прадстаўнікоў у Польскім Сойме й Сэнаце з выбараў 1922 г. Ня было-б Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады".
З пачаткам І-й Сусьветнай вайны Стагановіч быў змабілізаваны ў расейскую армію. Рэвалюцыя ў Расеі й заканчэньне вайны засьпелі яго ў Экспэдыцыйным корпусе ў Францыі.
На родную Наваградчыну А. Стагановіч змог вярнуцца адно ў 1920-м годзе пад час польска-савецкай вайны, але ўжо праз тры тыдні па вяртаньні, сьпякотным ліпенем быў змабілізаваны бальшавікамі на працу ў валасны "рэўкам", дзе змушаны быў заняць пасаду скарбніка і ўпаўнаважанага для правядзеньня "зямельнай рэформы". Верасьнем таго-ж году вярнуліся палякі ды арыштавалі Стагановіча ў ліку першых, закідаючы яму "няпраўную перадачу валасной касы бальшавікам". Пасьля некалькіх тыдняў допытаў ён быў вызвалены, але ізноў арыштаваны ў 1921-м годзе - і вызвалены зноў.
Напрыканцы 1925-га году Стагановіч уступіў ў Грамаду, у 1927-м быў абраны войтам, але польскія ўлады яго на пасадзе не зацьвердзілі, замяніўшы на паслухмянага паляка.
У 1928-м годзе Аляксандар Стагановіч быў вылучаны кандыдатам на пасла ў Польскі Сойм па сьпісе працоўна-сялянскага камітэту "Змаганьне". Выбары мелі адбыцца 4-га сакавіка, але 2-га сакавіка ён быў арыштаваны, што зрэшты не перашкодзіла набраць неабходную колькасьць галасоў ды быць абраным. За кратамі новы пасол прасядзеў да 26-га сакавіка і быў адпушчаны адно на патрабаваньні маршалака Сойму.
У чэрвені таго-ж году, калі Стагановіч вяртаўся з Варшавы ў Наваградак, быў арыштаваны чарговы раз і адпраўлены ў турму ў Горадні. Суд мусіў апраўдаць ды адпусьціць беларускага незалежніка.
Па вяртаньні ў Сойм ён засьпеў няпростую сытуацыю. Ягоныя былыя паплечнікі па "Змаганьні" бачылі адзінае выйсьце ў шчыльным супрацоўніцтве з Камуністычнай Партыяй Заходняй Беларусі ды ўсяляк імкнуліся схіліць на свой бок Стагановіча. Той адмовіўся - і фактычна застаўся ізаляваным. Ня могучы далей трываць у падобнай атмасфэры, ён вырашыў зрачыся пасольскага мандату. Але-ж разам з мандатам ён выракся і пасольскай недатыкальнасьці: акружны пракурор склаў апэляцыю на скасаваньне прысуду акруговага суду ў Наваградку ад 3-га сьнежня 1928-га году. На разглядзе сваёй справы ў Вільне Стагановіч быў засуджаны на 6 гадоў няволі. Дома засталіся жонка, малыя дзеці ды рахункі ад адвакатаў.
Зьняволеньне Стагановіч адбываў у Наваградку, Горадні, на Лукішках, Віленскіх турмах і быў адпушчаны па амністыі раней тэрміну.
Якія-б новыя ўлады ні прыходзілі - у 1939-м. ці ў 1941-м - вызваленьня не было, як не было і палёгкі.
Дзейнасьць А. Стагановіча на эміграцыі была шматбаковаю: сумесна з А. Адамовічам, Ф. Кушалем, А. Каханоўскім, Ст. Станкевічам ды іншымі ён браў удзел у зьезьдзе ў 1947-м годзе ў Остэргофэне і выбарах Беларускага Нацыянальнага Камітэту, увайшоў ва Ўправу БНК, стаўся адным з закладнікаў аддзелу Згуртаваньня Беларускіх Ветэранаў у Шляйсгайме ў 1952-м годзе, уваходзіў у Япархіяльную Ўправу, абраную на ІІ япархіяльным зьезьде духавенства і вернікаў БАПЦ у 1963-м годзе, быў актыўным сябрам БАЗА. У 1957-м годзе, калі Прэзыдыум Рады БНР аб'ядналі з Радаю БНР, Аляксандар Стагановіч працаваў заступнікам прэзыдэнта М. Абрамчыка ды кіраўніком сэктару. Пражыў ён даўгое, плённае і, пэўна, нялёгкае, але шчасьлівае жыцьцё. Адышоў ад нас 28-га сьнежня 1988-га году.
Л. Ю.