Тыдзень Паняволеных Народаў
У нядзелю, 20-га ліпеня, прайшла першая імпрэза Тыдня Паняволеных Народаў - Марш і афіцыйнае адкрыцьцё Тыдня. Тыдзень Паняволеных Народаў праводзіцца ў 45-ты раз дзеля прыцягненьня ўвагі амэрыканскага грамадзтва да лёсу краінаў, якія пакутуюць ад камуністычных і квазі-камуністычных дыктатураў. Тыдзень арганізаваны Камітэтам Паняволеных Народаў, які быў створаны прадстаўнікамі арганізацыяў эмігрантаў з Усходняй Эўропы дзеля каардынацыі дзеяньняў і супольнага змаганьня супраць савецкай камуністычнай навалы, што апанавала іхныя краіны. Актыўны ўдзел у дзейнасьці Камітэту бяруць і беларускія арганізацыі. Правядзеньне Тыдня Паняволеных Народаў было ўсталявана адмысловым законам, прынятым Кангрэсам ЗША ў 1959-м годзе.
Сёлета да Тыдня прэзыдэнтам ЗША Дж. Бушам і мэрам Нью Ерку М. Блумбэргам былі прынятыя праклямацыі, якімі тыдзень з 20-га па 27-га ліпеня гэтага году абвешчаныя Тыднем Паняволеных Народаў ва ўсіх Злучаных Штатах Амэрыкі й у горадзе Нью Ерку. У праклямацыі прэзідэнта Дж. Буша, між іншага, гаворыцца: "Падчас Тыдня Паняволеных Народаў, упершыню прайшоўшага ў 1959-м годзе як пратэст супраць камуністычнай дамінацыі ва Ўсходняў Эўропе, Амэрыка выказала сваю адданасьць свабодзе і дэмакратыі. Цяпер, у той час, як шматлікія краіны падтрымліваюць гэтыя прынцыпы, мільёны людзей надалей жывуць пад уладаю рэжымаў, якія штодзённа парушаюць правы сваіх грамадзянаў." Прэзыдэнт Дж. Буш адмыслова ўзгадаў Беларусь, дзе "аўтарытарны ўрад перасьледуе палітычных апанэнтаў". "Але справа свабоды пашыраецца. Злучаныя Штаты заяўляюць аб працягу супрацоўніцтва з усімі, хто імкнецца дасягнуць мірных дэмакратычных зьменаў і шанаваньня правоў чалавека ў сваіх краінах".
У праклямацыі мэра М. Блумбэрга гаворыцца: "Як найбольш разнастайны горад у сьвеце, мы застаемся паходняй надзеі для людзей па ўсім сьвеце, што натхняюцца, бачачы ў дзеяньні нашыя дэмакратычныя прынцыпы ў сталіцы сьвету. Нью ёркаўцы далучаюцца да супольнасьці ўсіх людзей добрай волі ў працы дзеля таго, каб прыйшоў дзень, калі людзі ўсіх нацыяў змогуць вызначаць свой уласны лёс і зрабіць крокі да здабыцьця дэмакратычных прынцыпаў, якія так шануюць амэрыканцы".
Пасьля збору на 59-й вуліцы ля гатэлю Плаза грамада маніфэстантаў вырушыла да Катэдры Сьвятога Патрыка, дзе адбылася экумэнічная імша за паняволеныя народы, якую адправіў кардынал Іган. У казані кардынал узгадаў сьвятую справу змаганьня супраць тыраніі й таталітарызму і адзначыў, што дапамога народам, якія пакутуюць пад уціскам дыктатарскіх рэжымаў, ёсьць абавязак кожнага хрысьціяніна.
Затым па 5-й Авэню грамада прайшла маршам да 72-й вуліцы. Наперадзе ішоў аркестар, у паветры луналі сьцягі паняволеных краёў, але найбольш было беларускіх бел-чырвона-белых сьцягоў. Прадстаўнікі Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня несьлі плякаты з надпісамі "Мы хочам вольнай, незалежнай, дэмакратычнай Беларусі", "У Беларусі 2 бяды - Лукашэнка і Чарнобыль", "Спыніць этнацыд у Беларусі", "Падтрымаем Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі" ды іншыя. У Цэнтральным Парку адбылося афіцыйнае адкрыцьцё Тыдня Паняволеных Народаў, на якім выступіў старшыня Камітэту Паняволеных Народаў сп. Х. Уліх, прадстаўнікі іншых паняволеных народаў. Ад беларускіх арганізацыяў выступіў старшыня нью ёрскага аддзелу БАЗА сп. Віталь Зайка, які адзначыў змаганьне беларусаў за незалежнасьць і дэмакратыю, дапамогу амэрыканскага народу ў гэтым, і патрэбу для ўсіх народаў Усходняй Эўропы, а таксама іхных арганізацыяў у ЗША, спрычыніцца да ліквідацыі апошняй дыктатуры на эўрапейскім кантынэньце.
Віталь ЗАЙКА

На здымках: удзельнікі параду праходзяць па Цэнтральнаму Парку.