Беларусы з Агаё ў Вашынгтоне
На працягу 18-19 чэрвеня, у Кангрэсе і Сэнаце ЗША гаварылі пра беларускія справы. Дзякуючы падтрымцы кангрэсмэна Лятарэта і намаганьням кіраўніка агаеўскага аддзелу БАЗА Паўла Васілеўскага група маладых людзей з Кліўленду правяла сустрэчы ў 14 офісах кангрэсмэнаў і 2 сэнатараў ад штату Агаё.
Былі праведзеныя размовы пра сытуацыю ў Беларусі, пра жыцьцё беларускай грамады ў Агаё, пра надзеі й спадзяваньні амэрыканскіх беларусаў. Кангрэсмэнам былі перададзеныя рэзалюцыі канфэрэнцыі, праведзенай БАЗА 3-4-га траўня ў Кліўлендзе, аб падтрымцы незалежнасьці й дэмакратыі ў Беларусі, аб беларускіх палітычных эмігрантах, мэмарандум БАЗА, інфармацыя аб беларускай дыяспары ў Агаё.
Сустрэчы ў офісах законатворцаў былі пленнымі ў сэнсе адукацыі законатворцаў і іхных дарадчыкаў, бо інфармаванасьць іх аб Беларусі была не на вельмі высокім узроўні. Пасьля сустрэчаў у кожным офісе зьявілася папка ці кампутарны фолдэр з інфармацыяй пра нашую Бацькаўшчыну.
Асабліва цёпла сустрэлі дэлегацыю ў офісе сэнатара Вайновіча, які многія гады зьяўляецца прыхільнікам беларусаў. Сэнатар паабяцаў прыкласьці ўсе свае намаганьні, каб Беларусь не заставалася ўбаку ад дэмакратычных працэсаў, якія праходзяць у паст-сацыялістычных краінах Усходняй Эўропы. Вельмі прыхільна паставіліся да беларусаў і ў офісе сэнатара Дэвайна.
Зь вялікаю ўвагаю выстухалі беларускую дэлегацыю кангрэсмэн Джон Бонэр, кангрэсвумэн Стэфані Тубс Джонс. Але найбольшая неспадзяванка чакала ад кангрэсвумэн Марсі Каптур, якая адразу далучылася да групы суспонсараў Акту аб дэмакратыі ў Беларусі.
За два дні, праведзеныя ў Кангрэсе і Сэнаце, маладыя людзі атрымалі добрую практыку лабіраваньня. Акрамя таго атрымалі добрыя парады й адчулі падтрымку і разуменьне ад дарадцы Камісіі па Бясьпецы й Супрацоўніцтву ў Эўропе сп. Арэста Дайчакіўскага.
Добрыя спадзяваньні выклікала сустрэча ў Дзяржаўным дэпартамэнце з кіраўніком беларускага "стала" сп. Майклам Уягарам, які нядаўна вярнуўся зь Беларусі, дзе быў уражаны гасьціннасьцю беларусаў і прыгажасьцю прыроды. Шмат спадзяваньняў зьвязваецца з новым амбасадарам ЗША ў Беларусі, якога ў гэты дзень слухалі ў Кангрэсе. Сп. Уягара паабяцаў арганізаваць сустрэчу з новым амбасадарам.
Шмат чаго цікавага яшчэ распавядуць яшчэ ўдзельнікі агаеўскай дэлегацыі пра сваю паездку, скарыстаўшы нагоду сьвяткаваньня Купальля ў цэнтры "Полацак" ў Стронгсвіле.
Сяргей ВАСІЛЕЎ

На здымку: агаеўцы размаўляюць з Майклам Уягарам (другі зьлева).