"На ніве Хрыстовай"


(Невядомыя ўспаміны архіяпіскапа Апанаса)
У беларускай гісторыі ёсьць розныя гадавіны - урачыстыя і трагічныя. Адныя сьвяткуем з гонарам ці смуткам. На іншыя забываемся або сарамліва абмінаем.
Увосені 2004-га году споўніцца 100 гадоў зь дня нараджэньня і 20 гадоў зь дня сьмерці архіяпіскапа Апанаса, аднаго з ярархаў былога япіскапату Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. У кароткай зацемцы нагадаем асноўныя даты зь ягонай жыцьцёвай ды сьвятарскай біяграфіі.
Архіяпіскап Апанас - у сьвецкім жыцьці Антон Мартас - нарадзіўся 8-га верасьня 1904-га году ў засьценку Завітая Наваградзкага павету Менскай губэрні. Паходзіў зь беларускай сялянскай сям'і. Пасьля году абавязковай службы ў польскім войску па стану здароўя быў звольнены ў запас. У 1925-м годзе закончыў нясьвіжскую гімназію і паступіў на багаслоўскі факультэт варшаўскага ўнівэрсытэту. У часе вучобы прыняў у Пачаеўскай Лаўры манаскі пострыг (1928), а праз год быў высьвечаны ў сьвятары. Пасьля пасьпяховага заканчэньня студыяў і абароны магістэрскай дысэртацыі працаваў духоўнікам і выхавацелем у інтэрнаце для праваслаўных студэнтаў багаслоўскага факультэту ў варшаўскім унівэрсытэце. У 1938-м годзе быў узьведзены ў архімандрыты й праз два гады накіраваны ў Холмшчыну.
Другая сусьветная вайна сталася пераломным момантам у ягоным далейшым жыцьці й сьвятарскай дзейнасьці. У сакавіку 1942-га году архімандрыт Апанас быў хіратанізаваны й атрымаў тытул япіскапа віцебскага і полацкага, але ў сувязі зь цяжкасьцямі ваеннага часу мусіў выконваць тымчасова абавязкі адміністратара наваградзка-баранавіцкай япархіі. У гэтым часе актыўна выступаў за ўвядзеньне беларускай мовы ў праваслаўнай царкве ў Беларусі й заахвочваў да гэтага ніжэйшае духавенства. Браў таксама чынны ўдзел ва Ўсебеларускім царкоўным саборы, які адбыўся ў жніўні-верасьні 1942-га году ў Менску і аднавіў на Бацькаўшчыне дзейнасьць Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Эвакуацыя ярархіі й духавенства БАПЦ у травені-чэрвені 1944-га году ў Нямеччыну запачаткавала апошні й найбольш драматычны разьдзел жыцьцёвай ды сьвятарскай біяграфіі япіскапа Апанаса. Ягоным кульмінацыйным момантам стаўся пераход беларускага япіскапату пад юрысдыкцыю Расейскай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы, які спрычыніўся да палітычнага і царкоўнага падзелу беларускай эміграцыі ў вольным сьвеце.
Архівы царкоўных інстытуцыяў і прыватныя эмігранцкія калекцыі перахоўваюць у сабе яшчэ сотні таямніцаў. Адна зь іх нечакана аказалася зьвязанай з архіяпіскапам Апанасам і ягонымі невядомымі ўспамінамі. Дзесьці на прыканцы 80-ых гадоў, ужо пасьля сьмерці аўтара, іх фатаграфічны асобнік трапіў у Канаду да мітрафорнага пратаярэя Паўла Вялікага. У 90-я гады з успамінаў была зробленая копія і перасланая ў Саўт Рывэр (ЗША) да сп. Віталя Цярпіцкага і гэткім чынам празь яго стала вядомая аўтару гэтых радкоў. Успаміны напісаныя ў расейскай мове і прысьвечаныя пяцідзесяцігодзьдзю пастырскага служэньня ў манаскім сане (1928-1978) і 75-ым угодкам зь дня нараджэньня архіяпіскапа Апанаса. Яны былі выдадзеныя на пачатку 80-х гадоў малым накладам з выкарыстаньнем капіравальна-фатаграфічнай тэхнікі, аб чым зазначаў ва ўступным слове іх аўтар. Тытульны ліст успамінаў выглядае наступным чынам:
Архиепископ Афанасий
НА НИВЕ ХРИСТОВОЙ
пятидесятилетний
ЮБИЛЕЙ СВЯЩЕННОСЛУЖЕНИЯ
1928 - 1978
издательство общества
преподобномуч. Афанасия
игумена брестского
1981
Кніга ўспамінаў архіяпіскапа Апанаса складаецца з васемнаццаці разьдзелаў і распавядае пра ягонае жыцьцё і сьвятарскую працу ў міжваенны перыяд у Польшчы, а таксама ў часе Другой сусьветнай вайны. Але бадай асноўная іх частка прысьвечаная душпастырскай дзейнасьці на эміграцыі. На пачатку - у Нямеччыне, а пазьней у Аўстраліі ды Аргентыне. Асобнымі фрагмэнтамі ва ўспамінах выдзелены разьдзел, прысьвечаны памяці сяброў і сьпіс апублікаваных працаў і артыкулаў архіяпіскапа Апанаса. Па рознаму ўспрыме кнігу і старэйшае пакаленьне беларускай эміграцыі й маладзейшыя. Так, зрэшты, неадназначна як успрымаў перажытае і сам аўтар: "На маю долю выпалі важныя царкоўныя ды палітычныя падзеі ва ўсім сьвеце, якія моцна ўскладнілі маё служэньне Царкве. Народжаны й ахрышчаны ў лоне Расейскай Праваслаўнай Царквы царскіх часоў, духоўна я ўсё-ж узрастаў у мацярынскіх абдымках Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Польшчы, дзе прыняў манаства і атрымаў ласку быць высьвечаным у сьвятары. У сан япіскапа мяне ўзьвялі й хіратанізавалі ў цяжкі ваенны час у роднай маёй Беларусі, дзе стваралася Беларуская Праваслаўная Царква як самастойная царкоўная адзінка, незалежная ні ад Масквы, ні ад Варшавы, ні ад Берліна. Так было на радзіме, але на эміграцыі цягам 35-ці гадоў Бог судзіў мне праходзіць сваё архіпастырскае служэньне ў лоне Расейскай Праваслаўнай Зарубежнай Царквы. Усе згаданыя Цэрквы былі для мяне як-бы марскімі маякамі, што асьвятлялі мой шлях плаваньня па бурапенных хвалях жыцьцёвага мора. Яны не былі мэтаю маёй духоўнай кар'еры дзеля зямнога дабрабыту.
Нейкая злая сіла перасьледавала мяне на ўсіх этапах майго жыцьця і дзейнасьці. Асабліва гэта моцна і трагічна выявілася ў апошнія дзесяцігодзьдзі майго архіпастырскага служэньня на чужыне. Разважаючы пра гэты перыяд майго служэньня Царкве, мне думаецца, не зграшу, калі прывяду як параўнаньне словы сьв. апостала Паўлы: "Беды ад паганцаў, - якімі былі слугі богаборчых сілаў; беды псеўдабраціі, - якая апранала мантыю маіх судзьдзяў". У такіх выпадках я маліўся і чэрпаў сілы ў словах Хрыста: "Дабрачасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне" (Мц. 5, 11).
Нейкую фатальную ролю адыгралі ў маім жыцьці й архіпастырскім служэньні на эміграцыі тры гарады, тры сучасныя Бабілёны: Буэнас Айрэс, Сіднэй і Нью Ерк. Паводле графічнай сімболікі яны ўтвараюць кабалістычную форму трохкутніка вяршыняю ўніз. Гэтыя гарады пакінулі глыбокі сьлед у маім жыцьці асабліва на старасьці гадоў.
На змрочным фоне перажытага ўспамінаецца мне маладосьць, сьветлая і радасная, якая праімчала хутка і непрыкметна. Адклалася ў памяці служэньне царкве ў сане яраманаха і архімандрыта. Гэтыя гады былі шчасьліваю парою ў маім жыцьці. Сёньня ўспамінаю пра іх зь вялікаю тугою. (...)
Усё перажытае, зь мінулага і сёньняшняга, падштурхнула мяне напісаць гэтыя радкі й апублікаваць іх для сяброў, якія магчыма яшчэ жывуць у Буэнас Айрэсе, Сіднэі, у Паўночнай Амэрыцы і на маёй паняволенай Бацькаўшчыне".
Некалькі словаў замест эпілёгу.
Лёс не ашчаджаў архіяпіскапа Апанаса пры жыцьці, гісторыя - пасьля сьмерці. Зрэшты, як і ўвесь япіскапат Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, які ў травені 1946-га году ў Заходняй Нямеччыне пакінуў на чужыне без духовай апекі тысячы беларусаў-бежанцаў і ў поўным складзе перайшоў у Расейскую Зарубежную Праваслаўную Царкву.
У лістападзе 1984-га году, падаючы вестку пра сьмерць аднаго з былых ярархаў БАПЦ, рэдакцыя беларускага рэлігійнага часапісу "Царкоўны Сьветач", не прамінула нагадаць, што пераход япіскапа Апанаса спрычыніўся да ягонай асабістай трагедыі, "бо ён ведаў аб тым, што служачы Праваслаўю ўва ўлоньні Расейскае Царквы, рабіў шкоду Беларусі". Адыйшоўшы ад беларусаў, япіскап Апанас так ніколі й ня стаўся "сваім" для чужога расейскага духавенства. І ўсё-ж са сваёй царкоўна-гістарычнай спадчынай ён належыць да нашай, беларускай гісторыі. Ня толькі як яе творца ды трагічная ў сваіх памылках-шуканьнях постаць. Але яшчэ як і перасьцярога для іншых.
Аўтар публікацыі выказвае шчырую падзяку мітрафорнаму пратаярэю Паўлу Вялікаму і матушцы Зоф'і (Бэры, Канады), а таксама спадарам Віталю Цярпіцкаму, Міхасю Сеньку ды спадарыні Лізе Літаровіч (Саўт Рывэр, ЗША).
Алекс ЮРГ
(Нью Ерк)

P. S. Кніга ўспамінаў архіяпіскапа Апанаса рыхтуецца да друку ў Нью Ерку на беларускай мове ў 2004-ым годзе