Н. АРСЕНЬНЕВА
ў Беларускай рэдакцыі Радыё "Свабода" ў Нью-Ёрку (1964-67 гг.)
Калі я перабраўся зь Мюнхэну ў Нью Ерк у сакавіку 1957-га году, радыёстанцыя "Вызваленьне" (перайменаваная ў "Свабоду" ў травені 1959-га году) толькі пачынала шукаць у Нью Ерку вольных супрацоўнікаў для Беларускай рэдакцыі ў Мюнхэне. На трэці дзень па прыезьдзе я такім супрацоўнікам стаўся - даволі неспадзявана: трэба было некаму напісаць рэпартаж пра сьвяткаваньне ў Нью Ерку ўгодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Амэрыканскі Камітэт Вызваленьня ад Бальшавізму, пад эгідаю якога працавала радыёстанцыя, зьвярнуўся быў да Пётры Конюха, які жыў тады ў Нью Ерку, з прапановаю напісаць такі рэпартаж. Конюх-жа, мой знаёмы яшчэ з часоў майго студэнцтва ў Бэльгіі, зь вялікаю ахвотаю перадаў гэтую справу мне. Рэпартаж той стаўся першым крокам да майго вольнага супрацоўніцтва з той самай радыёстанцыяй, зь якой я расквітаўся пасьля двух з паловаю гадоў працы ў Мюнхэне. Да канца 1963-га году я быў адзіным штатным працаўніком Беларускай рэдакцыі "Вызваленьня\Свабоды" ў Нью Ёрку. У Амэрыканскім Камітэце Вызваленьня працаваў на штаце, прыйшоўшы крыху пазьней за мяне, таксама Антон Адамовіч, але як супрацоўнік выдаванае Камітэтам газэты "Наше общее дело". Адамовіч рэдагаваў адначасна, наколькі яму дазваляў час у "Нашем общем деле", скрыпты расейскіх і беларускіх радыёперадачаў.
Другою штатнаю адзінкаю ў нью ёркаўскай беларускай рэдакцыі РС сталася на самым пачатку 1964-га году Натальля Арсеньнева. Тады я ўжо быў намесьнікам загадчыка Беларускага, Украінскага й Турка-Каўказскага Аддзелу РС у Нью Ерку; прыбыло крыху абавязкаў, і Камітэт згадзіўся ўзяць яе на працу. Яшчэ да пачатку свае сталае працы Арсеньнева брала ўдзел у свабодаўскіх радыёперадачах - выступіла першаю ў сэрыі "Беларускія эміграцыйныя пісьменьнікі перад мікрафонам" (эфір 7-га чэрвеня 1963-га году).
Арсеньнева прабыла ў штаце РС да жнівеня 1967-га году. Займалася рознымі справамі, зьвязанымі з рыхтаваньнем радыёперадачаў. Гэта была часткава журнал істычная й рэдактарская, а часткава сакратарская праца.
З РС супрацоўнічалі тады ў Нью Ерку ў якасьці вольных аўтараў Вітаўт Кіпель, Ізыдар Гуткоўскі, Станіслаў Станкевіч, Архіяпіскап Васіль; начытвалі матэрыялы перад мікрафонам Тамара Стагановіч-Кольба, Антон Адамовіч, Зора Кіпель. Коратка затрымаўся ў якасьці сталага працаўніка РС, Уладзімер Дудзіцкі (1960-62 гады) пасьля свайго рэдактарства ў Беларускай сэкцыі РС у Мюнхэне.
Частымі гасьцямі ў Беларускай рэдакцыі былі Вітаўт Тумаш, Антон Шукелойць, Янка Юхнавец, Гіпаліт Паланевіч ды наведнікі здалёк - беларусы з Канады, Аўстраліі, Аргентыны, Англіі й іншых краінаў. РС мела тымі гадамі свой офіс на 42-й вуліцы каля 5-й авэню паўкварталу ад Нью Еркаўскай Публічнай Бібліятэкі.
З прыходам на працу Натальлі Арсеньневай удзел ньюёркаўскай рэдакцыі ў беларускіх радыёперадачах РС узрос. У сваім лісьце да кіраўніцтва РС (27.ІУ.1964) я пісаў: "Спадарыня Натальля Кушаль... выявілася вельмі вартаснай супрацоўніцай у нашых праграмах зь ейнымі шматбаковымі здольнасьцямі пісаньня. Як вынік укладу сп-ні Кушаль, рыхтаваньне беларускіх праграмаў у Нью Ёрку значна паскорылася ды забясьпечыла шырэйшы тэматычны абсяг".
Арсеньнева выконвала на месцы працы й грамадзкія патрэбы: набівала на машынцы паведамленьні пра паседжаньні й рэфэраты Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва, мэмарандумы Рады БНР, запросіны на мерапрыёмствы Беларуска-Амэрыканскага Задіночаньня, матэрыялы да друку ў газэце "Беларус", часапісах "Беларуская Моладзь", "Голас Царквы". Беларуская рэдакцыя РС была ня толькі месцам сустрэчаў, але й свайго роду "бюро заказаў". І Арсеньнева, і Адамовіч, і я - штатныя працаўнікі Амэрыканскага Камітэту й РС - былі сябрамі ўправаў беларускіх арганізацыяў у Нью Ерку, а таксама сябрамі Рады БНР.
Калі ўвесну 1967-га году, у выніку некаторых непаразуменьняў паміж г. зв. Парыжскім Блёкам і Амэрыканскім Камітэтам Вызваленьня ад Бальшавізму была выказаная пагроза з боку Рады БНР адклікаць з РС сваіх працаўнікоў, я пісаў у лісьце да Старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка (7.ІУ.67): "Вы мусіце ведаць, аднак, што пры нашым адыходзе спыніцца ня толькі радыёвая наша работа тут. Гэта пацягне за сабою шмат больш. Бо пры Камітэце робіцца куды больш, чымся беларускія радыёвыя праграмы. Мы выкарыстоўваем тут - неафіцыйна - і час, і некаторыя матэрыяльныя магчымасьц і дзеля шырэйшае беларускае працы - выдаваньня газэты "Беларус", друкаваньня розных мэмарандумаў і камуніката ў, інстытуцкага 'Абежніка', рэзалюцыяў, пашырэньня інфармацыі пра Беларусь у палітычных колах ЗША, нават рассыланьня магнітафонных істужак на розныя сьвяткаваньні й урачыстасьці па беларускіх асяродках".
У 1967-м годзе сям'ю Кушаляў напаткала вялікае няшчасьце - памерла нявестка, жонка іхнага адзінага сына Ўладзімера, які жыў на поўначы штату Нью Ерк у горадзе Рочэстэры. Бацькам давялося йсьці на дапамогу сыну.
У лісьце да галоўнага рэдактара Беларускай праграмы ў Мюнхэне Ўладзімера Цьвіркі я пісаў (12.У.67): "Сп-ня Кушаль адыходзіць ад працы ў канцы ліпеня ці пачатку жнівеня. Пасьля сьмерці Тусі ў Влодка не засталося нікога для апекі двума дзяцьмі (адаптаванымі), апрача ягонаеж маці. Кушалём выяжджаць зь Нью Ерку неахвота, але абставіны змушаюць. Словам, паўстае пытаньне, каго на месца Кушаліхі. Ня ведаю, як яно разьвяжацца, але цяпер ужо ясна, што яе будзе цяжка замяніць. Гэта значыць, і некаторыя праграмы спыняцца. Я маю наўвеце тут першнаперш "Галасы маладой Беларусі", якую мы нядаўна пачалі. На варштаце цяпер другая перадача з гэтае сэрыі".
Натальля Арсеньнева пакінула працу ў Беларускай рэдакцыі РС 4-га жнівеня 1967-га году. На ейнае месца спачатку плянавалі ўзяць з Канады Кастуся Акулу або Алеся Грыцука. Але дзеля розных прычынаў гэтага не адбылося. Я яшчэ ня траціў надзеі, што з Арсеньневай можна будзе неяк наладзіць супрацоўніцтва на адлегласьці. Зь ліста да Цьвіркі (5.УІІ.67): "Арсеньнева, як ведаеш, адыходзіць ад працы й выяжджае зь Нью Ерку. Буду прабаваць дагаварыцца зь ёй на супрацоўніцтва паштоваю дарогаю. Ёй давядзецца выпісаць адно асноўныя літаратурна-мастацкія публікацыі й магчыма, што яна здолее весьці далей, скажам, "Галасы Маладой Беларусі" ці мо й што-небудзь іншае".
Кушалі выехалі зь ў Рочэстэр 6-га жнівеня 1967-га году. Адбылося разьвітаньне, на якое сабралася 32 асобы нью ёркаўцаў. Колькі чалавек прыехала зь Нью Брансьвіку. Выпіўкі й закускі было на ўсіх. У часе разьвітальных і пахвальных прамоваў білі пяруны й ліў лівень за адчыненымі вокнамі. Прырода як-бы падкрэсьлівала драму разьвітаньня.
На месца Натальлі Арсеньневай у Беларускай рэдакцыі РС прыйшла ейная блізкая сяброўка й выдатная працаўніца сп-ня Яніна Каханоўская.
На шляху далейшага супрацоўніцтва з Арсеньневай паўставалі розныя тэхнічныя перашкоды. У кастрычніку 1967-га году я пісаў ёй у Рочэстэр: "З "Галасамі маладой Беларусі" давядзецца тым часам устрымацца, бо сэрыя гэтая нязвычайна часаёмкая з гледзішча "продакшэн", і я адзін тут ня спраўлюся зь ёю пры ўсіх іншых камплікацыях. Я прасіў-бы Вас затое рабіць нам раз на месяц агляды беларускага жыцьця ў Польшчы - у сэрыю 'Беларусы ў шырокім сьвеце'. Пасылаю Вам №№ 32-43 беластоцкае "Нівы". Матэрыялу ў іх будзе ўдосталь. Калі-б на аснове гэтага матэрыялу (плюс бюлетэнь "Навіны зь Беларусі") у Вас зрадзілася нейкая іншая тэма на скрыпт, думаю, што час ад часу Вы маглі-б напісаць яго.
"У нас із сп-няй Каханоўскай супрацоўніцтва йдзе вельмі добра, і мы із сп. Адамовічам удзячныя Вам за рэкамэндацыю яе сюды на працу. Нашая мэта - змацаваць яе тут настала, і будзем рабіць усё магчымае, каб гэтага дасягнуць.
"Ваш адыход запавольніў тэмп працы ў нью ёркаўскім аддзеле рэдакцыі, шмат добрых тэмаў не выкарыстоўваецца. Цешым сябе надзеяй, што хоць часткава Вы здолееце дасылаць нам поштай".
Нажаль, супрацоўніцтва не замацавалася. Неспрыяльная рэчаіснасьць наклала свае абмежаньні. Але сувязь - тэлефанічная, паштовая - трывала далей, бо адлегласьць не зьмяніла супольнасьці паглядаў, перакананьняў і жаданьняў.
Янка ЗАПРУДНІК

Натальля Арсеньнева з мужам Францам Кушалем. 1960-я гады.

Натальля Арсеньнева зь беларускай моладзьдзю. 1970-я гады.