БЕЛАРУСЫ Й БЕЛАРУСКІ АЎСТРАЛІІ

Пачатак размовы.
Экзатычная прырода, шматкультурнае асяродзьдзе і надзвычай вялікая адлегласьць ад мясьцінаў, дзе нарадзіліся, наклала яскравы адбітак на лёсы й характары тых, каго мы называем аўстралійскімі беларусамі. Яны такія, якімі зрабіла іх жыцьцё: стрыманыя і добразычлівыя, самаўпэўненыя, часам нават зацятыя, але ветлівыя й гасьцінныя, як і ўсе беларусы.

Беларускія мары
З рознымі пачуцьцямі згадвалі беларусы той час, калі паўгалодныя і змучаныя няпэўнасьцю свайго існаваньня зьяжджалі яны з разбуранай вайною Нямеччыны ў розныя бакі сьвету. Ехалі з марамі пра свой куток, пра спакой і ўпэўненасьць у будучыні. Для большасьці было неістотна, накіравацца ў ЗША, Аргентыну, Канаду ці яшчэ куды, абы далей ад акупаванай Саветамі радзімы, і каб не прымушалі вярнуцца туды, дзе жах рэпрэсіяў будзе поўніць усё жыцьцё. Так вялікая частка беларусаў (па розных ацэнках да 15 тысячаў) апынулася ў Аўстраліі.
Месяц вандроўкі на параплаве і зямля абяцаная ўжо пад нагамі. Чым будзе яна - другою радзімаю ці часовым прытулкам? Тады, прыканцы саракавых - пачатку пяцідзясятых ніхто ня мог з пэўнасьцю адказаць на гэтае пытаньне, яны толькі-толькі пачыналі жыць у новай краіне і былі поўныя спадзяваньняў.
Аўстралія зьдзівіла беларусаў і сваёю прыродаю, такой адрознаю ад таго, да чаго прызвычаіліся зь дзяцінства, і заўсёды цёплым надвор'ем, і людзьмі, якія ня ведалі чорнага хлебу. Да ўсяго трэба было прыстасоўвацца, а найперш да мовы.
Мова зьявілася самым істотным фактарам адаптацыі аўтралійскіх беларусаў. Паводле іх расповядаў, чым больш сталы быў чалавек, тым цяжэй ён засвойваў мову і тым цяжэй прыстасоўваўся да новага жыцьця. Некаторыя сталыя людзі, якія ня мелі магчымасьці вучыць мову праз непасрэдныя кантакты зь мясцовым насельніцтвам на працы, так да канца жыцьця і не размаўлялі па-ангельску і не прызвычаіліся да новай краіны. У Аўстраліі яны шукалі сваіх суайчыньнікаў, або іншых славянаў - украінцаў, расейцаў, сэрбаў - і стваралі свой асаблівы асяродак людзей, дзе размаўлялі зразумелаю моваю, дзяліліся агульнымі праблемамі, згадвалі родныя мясьціны, марылі, і так пераадольвалі адзіноту і разгубленасьць. І ўсё ж, аўстралійскае жыцьцё часам ламала людзей. Ня вытрымаў цяжкасьцяў міжасабовых адносінаў Сьцяпан Шнэк, ня змог цалкам прыстасавацца да новага жыцьця Алесь Салавей… Іхныя спадзяваньні ў Аўстраліі ня зьдзейсьніліся…
Але ішоў час, і некаторыя мары аўстралійскіх беларусаў ажыцьцявіліся: яны пабудавалі дамы, выгадавалі дзяцей, забясьпечылі сабе старасьць. Аўстралія сапраўды сталася шмат для каго другою радзімаю. Але многія з сустрэтых мною беларусаў згадвалі, што вельмі доўга яны жылі надзеяй вярнуцца дадому, таму нават не прымалі аўстралійскага грамадзянства. Толькі калі дзецям трэба было атрымоўваць вышэйшую адукацыю, а халодная вайна чарговы раз паказала моц савецкага рэжыму ў Беларусі, жыцьцё вырашыла праблему грамадзянства ў бок Аўстраліі. Так мары пра вяртаньне ператварыліся ў надзею хаця-б калі-небудзь убачыць родныя мясьціны. Для некаторых аўстралійская зямля стала апошнім прытулкам раней, чым магчымасьць убачыць радзіму стала рэальнаю. Для іншых - гэтыя надзеі споўніліся, праўда, спатрэбілася на тое больш за сорак гадоў.
Розныя пачуцьці мелі беларусы, калі праз шмат гадоў наведалі родныя мясьціны. Жанчына з Жыткавічаў, якая ўжо больш за паўстагодзьдзя пражыла ў Адэляйдзе, Паша Чарнагалан, згадвала, што ў часе паездкі на Бацькаўшчыну забрала нарэшце зь Беларусі сваё сэрца. Менавіта тады, на пачатку дзевяностых, яна канчаткова ўпэўнілася, што шляхоў для вяртаньня няма. А ведамы беларус Сыднэю Міхась Лужынскі ўвесь час паўтараў, што жыве надзеяй яшчэ раз пабачыць родную Маладэчаншчыну і сяброў дзяцінства. Ен быў тут таксама на пачатку дзевяностых, але жадаў-бы прыехаць ізноў - ягонае сэрца застаецца ў Беларусі.

Беларускае жыцьцё
Шмат хто зь беларусаў згадвалі, што спачатку аўстралійцы ставіліся да новых імігрантаў асьцярожна ці нават зьняважліва. Казалі, каб хутчэй забываліся на сваю мову і вучылі ангельскую - рабіліся сапраўднымі аўстралійцамі. Але з часам, адносіны зьмяніліся. Імігранты значна ўзбагацілі мясцовую культуру і, фактычна, стварылі іншую краіну, дзе шматкультурнасьць стала ладам жыцьця.
У разнастайнасьці культураў не згубіліся і беларусы. Свае арганізацыі яны сталі ствараць ужо ад пачатку 50-х. У розных гарадах - Мэльбурне, Сыднэі, Адэляйдзе, Пэрце - гуртаваліся беларусы, каб застацца самімі сабою, размаўляць на сваёй мове, сьпяваць свае песьні, маліцца ў сваёй царкве, а таксама каб распавесьці аўстралійцам і іншым пра сябе.
І было што паказаць і расказаць. Беларусы й у Аўстраліі гатавалі свае зь дзяцінства знаёмыя стравы, многія жанчыны займаліся вышываньнем, якому навучыліся яшчэ ад матуль, сьпявалі беларускія песьні, наладжвалі свае сьвяты, на якія ў лепшыя часы зьбіраліся сотні беларусаў, нават залі не зьмяшчалі ўсіх ахвотных. Пэўны час існаваў беларускі скаўтынг, а спартовыя каманды беларусаў удзельнічалі ў аўстралійскіх спаборніцтвах. Былі выставы й канцэрты, ладзіліся агульнааўстралійскія сустрэчы беларусаў, і да сёньня яшчэ працуе беларускае радыё ў Сыднэі й Пэрце, сьпявае гурт "Каліна", у якім зьмянілася ўжо некалькі пакленьняў выканаўцаў.
Сапраўды, беларусы здолелі стварыць свой асаблівы сьвет, які пэўным чынам супрацьстаяў асіміляцыі. Так, у сем'ях старых беларусаў захоўваецца свая мова, ежа і нават лад жыцьця такі, які можна сустрэць у нас, менавіта таму сярод іх так далёка ад Беларусі адчуваеш сябе, як дома. Амаль усе трымаюць агародчыкі, дзе вырошчваюць ўласныя агуркі, памідоры ды іншую звычайную для нас гародніну. Яны ходзяць у грыбы, квасяць капусту, на Вялікдзень гуляюць у біткі. А яшчэ яны захоўваюць асаблівы лад сямейных дачыненьняў, дзе бацькі праз усё жыцьцё жывуць інтарэсамі сваіх дзяцей, дапамагаюць гадаваць унукаў, і дзе пануюць пачуцьці павагі й добразычлівасьці.
Яны больш стрыманыя і кансэрватыўныя за аўстралійцаў, больш трымаюцца звычаяў, прынесеных з радзімы. Безумоўна, новая краіна зрабіла значны адбітак і на асаблівасьцях беларускай гаворкі, у якой усё часьцей чуецца ангельскае “yes". Сталіся звычайнымі сустрэчы на "барбэкю", зьявіліся цікавыя гобі, як напрыклад, вырошчваньне архідэяў, якім захапляецца сп. Мікола Антух у Сыднэі.
…Актыўнае беларускае жыцьцё, што жывіла беларускую грамаду, стала прыкметна занепадаць ужо ў 90-я гады. Старое пакаленьне адыходзіла, а новае не прыйшло. Страчанымі для беларушчыны аказаліся дзеці беларусаў, народжаныя ў Аўстраліі. Аўстралійцы паводле адчуваньня, яны пераважнаю большасьцю не размаўляюць па-беларуску. Чаму так адбылося? Існуе шмат прычынаў, сярод іх і пазыцыі бацькоў, якія не давялі важнасьці веданьня роднае мовы, і ў нечым слабасьць беларускіх арганізацыяў, часта занятых высьвятленьнем ідэйных разнагалосьсяў, а не рэальнаю працаю. Водгукі старых спрэчак адчуваюцца ў беларускіх асяродках Аўстраліі й сёньня, калі, здаецца, дзяліць няма чаго. У выніку, стаіць зачыненая прыгожая новазбудаваная беларуская царква ў Адэляйдзе…
Зацятасьць адштурхоўвала людзей і раней, працягваецца тое і зараз. Беларускія эмігранты 90-х вельмі рэдка далучаюцца да існуючых асяродкаў, таму й стаіць так востра праблема пераемнасьці пакаленьняў, часткова пераадоленая хіба што у той-жа Адэляйдзе дзякуючы актыўным новым аўстралійскім беларусам: сем'ям Кавалеўскіх, Жарковых, Камінскіх. У іншых-жа гарадох, відавочна, з адыходам апошніх старых беларусаў заціхне й беларускае жыцьцё.

Беларуская памяць
Нельга казаць, што беларусы могуць зьнікнуць з аўстралійскага жыцьця бязь сьледу. Не. Застануцца беларускія могілкі Мэльбурну, дзе стаіць беларускі крыж і пахаваныя Алесь Салавей, Аляксандар Калодка, Сьцяпан Шнэк... Застануцца пабудаваныя беларусамі цэрквы. Застануцца ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы Сыднэю перададзеныя доктарам Вольгай Качан творы беларускага мастацтва, а таксама беларускія часапісы. У іміграцыйным музэі Адэляйды застанецца вышыванка Марыі Яновіч, а на адной з вуліцаў гораду будуць зелянець дрэвы, пасаджаныя беларускаю грамадою зь ініцыятывы Янкі Ролсана. Усё гэта застанецца там у Аўстраліі як напамін пра беларусаў. Але хто ўзгадае пра аўстралійскіх беларусаў на радзіме? Нашы спартоўцы, што мелі цёплы прыём у беларусаў Сыднэю падчас розных спаборніцтваў; чарнобыльскія дзеці, якія гасьцявалі ў беларускіх сем'ях у Аўстраліі... Але наколькі трывалая чалавечая памяць?
Я ехала ў Аўстралію, каб запісваць успаміны беларускіх жанчынаў, якія былі для мяне толькі аднымі зь безьлічы суайчыньніц, раскіданых па сьвеце. Аднак ужо ў працэсе збору матар'ялаў я зразумела, што гэтыя людзі вартыя асобнага дасьледаваньня. Іх лёсы - паказальнікі трываласьці беларускіх жанчынаў, якія засталіся сабою насуперак усім жыцьцёвым абставінам. Неабходна, каб засталася памяць і пра актыўную удзельніцу беларускага жыцьця ў Мэльбурне Веру Шайпак, вучаніцу ў дэклямацыі Алеся Салаўя, і пра ахвярную працаўніцу на ніве беларушчыны ў Адэляйдзе, нязломную матушку Вольгу Бурнос, і пра нястомных Марыю Супрунчык і Лізу Бакуновіч, што працягваюць падтрымліваць беларушчыну Сыднэю, а таксама пра ўжо памерлых Аўгіньню Каранеўскую, Вольгу Сьлесарэвіч, Надзею Грушу, Надзею Лужынскую і шмат іншых беларусак, якія столькі зрабілі для таго, каб і ў Аўстраліі ведалі, хто такія беларусы.

На заканчэньне
У Аўстраліі мяне засмуціла тое, што некаторыя жанчыны з нейкіх асабістых прычынаў, а найперш страху, адмовіліся нават сустракацца са мною, а гэта ня можа не паўплываць на паўнату сабранага матар'ялу. Зьдзівіла таксама і тое, што не змагла я пераглядзець беларускую перыёдыку Аўстраліі, бо яе спецыяльна чамусьці ніхто не зьбіраў, а таму ўбачыла я толькі асобныя выданьні, што выпадкова трапілі мне ў рукі. Але, я ведаю, што зрабіла ўсё, што магла, і дасьледаваньне, прысьвечанае беларускім жанчынам Аўстраліі, цяпер цалкам магчымае. Менавіта яно, гэтае дасьледаваньне будзе падзякаю ўсім тым беларусам, якія арганізавалі маю вандроўку і спрыялі працы. А для суайчыньнікаў на Бацькаўшчыне яно стане крыніцаю ведаў і памяці пра аўстралійскіх беларусаў.
Натальля ГАРДЗІЕНКА

Памятны крыж на беларускіх могілках у Мэльбурне.

Будынак беларускага дому ў Сыднэі.

Гурт "Каліна"

Вышыванка

P. S. Аўтар артыкулу выказвае шчырую падзяку Старшыні Федэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі сп. Аўгену Грушу, айцу Аляксандру і матушцы Тамары Грыцукам, сп. Паўлу Гузу, сям'і Кавалеўскіх, сп. Міхасю Лужынскаму і ўсім беларусам, якія дапамагалі ў ажыцьцяўленьні паездкі й дасьледаваньня.