82-я ЎГОДКІ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ Ў ПЭРЦЕ
(ЗАХОД. АЎСТРАЛІЯ)
З чаргі гэта быў ужо 51-ы раз, як беларусы ў Пэрце і ваколіцах адзначалі ўгодкі збройнага змаганьня случакоў. Між прысутнымі й гасьцямі, апрача айца Ўладзімера і матушкі Ірэны быў сьвятар УПЦ Анатолі. Ня гледзячы, што гэта быў памінальны дзень, людзі былі вельмі радыя з сустрэчы. Пасьля Божае службы, якую адправіў сьвятар БАПЦ а. Уладзімер, адыграньнем нацыянальнага гімну пачалася ўрачыстасьць. Старшыня БА ў Заходняй Аўстраліі сп. Міхась Раецкі-малодшы павітаў прыбыўшых, падзякаваў за выкананьне грамадзкага абавязку і даў слова сп. Міхасю Раецкаму, які зачытаў Зварот да Беларускага народу і прывітаньні ад Старшыні Рады Беларускай народнай Рэспублікі сп-ні Івонкі Сурвілла ды сакратара Фэдэральнае Рады Беларускіх арганізацыяў Аўстраліі сп. П. Дуброўскага-Гуза.
Па ангельску з дакладам на тэму Слуцкага Збройнага Чыну высупіў сп. Міхась Раецкі-малодшы, а па-беларуску даклад зрабіў сп. МіхасьРаецкі. Абодвыя дакладчыкі былі сустрэтыя бурнымі воплескамі.
Урачыстасьць працягвалася пачастункам і слуханьнем песьняў гурту "Унія". За падрыхтаваньне пачастунку вялікая падзяка належыць матушцы Ірэне, сп-ям З. і М. Елаб і Марыі Мароз. Калі кагосьці з сябровак, браўшых удзел у падрыхтоўцы, не згадаў, ветліва прашу прабачэньня.
Беларуская радыёперадача на мясцовай радыёстанцыі 27-га лістапада была поўнасьцю прысьвечаная 82-м угодкам Слуцкага Збройнага Чыну.

РМ