Вырваныя бачыны

"Я быў намесьнікам АКІНЧЫЦА"
У беларускім нацыянальным руху, параўнаўча маладым, ёсьць свае сьвятыя, свае прарокі, ёсьць і свае табуяваныя гэроі. Да ліку апошніх належыць, бяз сумневу, Фабіян Акінчыц, пра якога Юры Туронак ва ўжо клясычным дасьледаваньні "Беларусь пад нямецкай акупацыяй" пісаў: "Акінчыц зьвязваў усе свае палітычныя надзеі з Трэцім Рэйхам і падкрэсьліваў, што "лёс беларускай справы залежыць выключна ад антыбальшавіцкага фронту". Ён рашуча паўставаў супраць тых беларускіх дзеячаў, што не падзялялі ягоных спадзяваньняў на нямецкую перамогу, а разьлічвалі на іншыя пэрспэктывы заканчэньня вайны ды адначасова імкнуліся ўзмацніць свае нацыянальныя пазыцыі ва ўмовах акупацыі". І далей: "Гэтыя прынцыпы Акінчыц імкнуўся рэалізаваць з дапамогаю сваіх людзей, асабліва тых, што працавалі ў прапагандысцкім апараце беларускіх акруговых камісараў".
Менее людзей, далучаных да тагачасных падзеяў, і дасьледчыкам застаецца разьлічваць хіба што на архіўныя знаходкі ў месцах, дзе нават парогаў няма. Таму неверагоднаю ўяўлялася сустрэча з чалавекам, які жыве сёньня на так званай Талстоўскай фарме ў Valley Cottage, што ў штаце Нью Джэрсі, выпісвае газэту "Беларус", набывае БІНІМаўскія выданьні, сочыць за падзеямі на Бацькаўшчыне, але актыўнага ўдзелу ў беларускім грамадзкім жыцьці не бярэ. Тым ня менш менавіта Мікалай Чупракоў - так клічуць гэтага чалавека - ініцыяваў сустрэчу зь сябрамі рэдкалегіі газэты. Гутарылі аб гісторыі ня толькі прыватнай - нашай агульнай. Вось ягоны маналёг, без пярэрваў на пытаньні, на паўзы развагаў ды ваганьняў.
Я нарадзіўся ў 1918 годзе ў Менску, але ў 1920 мы выехалі ў вёску Смык Асіповіцкага раёну, дзе жылі матчыныя бацькі. Бацька быў пастухом, а пазьней, у 1921, як пераехалі ў Асіповічы, пачаў працаваць на чыгунцы. Працаваў там да самай сваёй сьмерці ў 1956 годзе. Маці працавала пры сярэдняй школе, на кухні, памерла ў 1958 годзе.
Мае старэйшыя сястра і брат вучыліся ў школе нямецкай мовы, а я браў іхныя падручнікі й вучыўся самастойна, бо надта цікава было тое мне ды й лёгка ішло. То калі я ў пятай клясе па праграме пачаў вучыць, ведаў ужо ўсё. І настаўніца, немка Мара Густаўна, любіла мяне выклікаць на дапамогу, калі ніхто ня ведаў адказу. Ейны муж, дарэчы, афіцэр царскай арміі, выкладаў беларускую мову. Веданьне нямецкай мовы ўратавала мяне ў палоне, дзе я быў перакладчыкам.
Вучыўся я ў Менскім Пэдагагічным інстытуце, на філялягічным факультэце, беларуская мова і літаратура. Памятаю прафэсара Замоціна - выключны чалавек! Калі яго арыштавалі, на месца дэкана паставілі студэнта 4 курсу Мішу Белкіна.
Скончыў інстытут у 1940 годзе, апошнім перадваенным выпуску, але лёс яшчэ неаднойчы вяртаў у тыя сьцены. Там у час вайны была турма, і як мяне прывезьлі на расстрэл, пасадзілі туды. А яшчэ там была беларуская вайсковая ўстанова, штаб, якім кіраваў Кушаль, да якога я прыходзіў па справах Акінчыца. А пазнаёміўся з Акінчыцам я так.
У Вустраве быў лягер для ваеннапалонных Чырвонай Арміі. Там былі беларусы, расейцы, украінцы. І быў створаны цэнтар па падрыхтоўцы прапагандыстаў. Кожная нацыянальная група займалася паасобку. Беларусаў з украінцамі пазьней перавялі ў іншы лягер, які называўся Вуцыц, але і ў новым лягеры заняткі ішлі асобна. У кожнай групы была свая частка лягеру.
У першай групе нас было чалавек каля дваццаці. Памятаю імёны: Бедрыцкі, Старавойтаў, Сапега, Пётра Сахон, Сымон Шаўцоў, што пазьней апынуўся ў Аўстраліі. Быў Генрык Барановіч, ён дапамагаў Акінчыцу ў зносінах зь немцамі. Здаецца, выехаў па вайне ў Канаду. Быў Міхась Ганько, адзін з самых вялікіх патрыётаў беларускага народу, ён потым зь першаю групаю выйшаў. Быў ён настолькі адданы беларускай справе, што не зусім уяўляў, як мне здаецца, што навокал адбывалася. Калі ішло да канца, і зь Менску ўсе выехалі, ён прыехаў у Вустраў да мяне і пачаў казаць, што нам трэба арганізоўваць сваё кіраўніцтва, урад ды прапанаваў мне быць міністрам прапаганды. Я адказаў, што зь ім на ўсё гатовы ісьці, але запытаў, што з таго можа выйсьці, бо справа падыйшла да канца, трэба хавацца і ні пра якую ўладу ня можа ісьці гаворка. Больш я яго ніколі ня бачыў.
Акрамя Акінчыца, заняткі праводзіў я зь Юркам Зямёнкам. Расказвалі, што такое савецкая ўлада, давалі прыклады з уласнага жыцьцёвага вопыту. У Юркі бацька, пісьменьнік, быў арыштаваны, высланы, у мяне сваякоў поўна пасадзілі. Так што ведалі, пра што казаць. Расказвалі й пра гісторыю Беларусі, пра Вялікае Княства Літоўскае.
Галоўную ролю на тых курсах адыгрываў Фабіян Іванавіч Акінчыц. Гэта быў чалавек невысокага росту, спакойны. Нічым асаблівым зьнешне не вылучаўся. Быў ён вельмі добрым, спагадлівым, імкнуўся памагчы ўсім. Ягонаю мэтаю было вызваліць як мага больш беларусаў-ваеннапалонных. Бо, што нямецкі палон - сьмерць, ведалі ўсе. Немцы намагаліся як мага болей зьнішчыць славянаў. І гэта Фабіян Іванавіч пачаў адчуваць надта моцна. А ён-жа меў непасрэдныя дачыненьні з Розэнбэргам, галавою акупаваных усходніх абласьцей. Вось на просьбу Акінчыца распусьціць калгасы й даць зямлю сялянам, гэтым самым здабыць давер ды настроіць супраць камуністаў, што загналі ў тыя калгасы, Розэнбэрг адказаў, што рабіць таго ня будзе, а зробіць толькі тады, калі сялянаў прывязуць назад зь Сібіры. Так, туды было выслана багата так званых "кулакоў", але чакаць на іхняе вяртаньне было неразумна. Нават болей, немцы выкарыстоўвалі калгасы. У кожным сядзеў іхны чалавек, сачыў за сялянамі. Немцам было выгадна: прасьцей спаганяць харчы ды сачыць за людзьмі таксама, як яны ў гурце. Другая справа. Калі Фабіян Іванавіч хацеў арганізаваць сваю беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю, аб'яднаць народ вакол яе, калі папытаў дазволу Розэнбэрга, той адказаў: ніколі! Толькі адна нацыянал-сацыялістычная партыя будзе існаваць у сьвеце - гэта нашая партыя!
Фабіян Іванавіч радзіўся аб усім з намі дваімі - Юркам Зямёнкам і мною. Мы заўсёды сустракаліся, калі ён прыяжджаў з Бэрліну, сядалі разам ды абмяркоўвалі навіны. І ён казаў, што быў вельмі расчараваны ў немцах. Ня быў ён фашыстам, а быў змагаром за інтарэсы беларускага народу і вызваляў нас з палону, каб выратаваць ад сьмерці, бо ў лягерох для ваеннапалонных людзі гінулі тысячамі. І ўсе, каму ён дапамог вельмі ўдзячныя яму. Аднаго гэтага дастаткова, каб цаніць высока чалавека. А ён-жа яшчэ даваў ваеннапалонным беларускую загартоўку, адукацыю нацыянальную.
Акінчыц зразумеў, што не адзін вораг у беларускага народу, ня толькі Саветы, але і гітлераўцы такія-ж ворагі, як Сталін. І вось тут паўстае праблема: што-ж далей рабіць?
Мы лічылі, што весьці антыкамуністычную прапаганду сярод насельніцтва вельмі выгодна зараз. Ніхто не замінае. Другая рэч - што ня трэба ўсхваляць немцаў! Беларускае насельніцтва часта сустракала немцаў у першыя дні вайны з хлебам-сольлю.
Гэта была цяжкая работа - весьці прапаганду. І небясьпечная. Мы прасілі Акінчыца, каб кожны, хто едзе ў Беларусь, перамяніў сваё прозьвішча, і каб людзей пасылалі не туды, дзе яны жылі да вайны, а туды, дзе ніколі не былі раней. Мы ведалі, што Саветы вельмі хутка пачнуць паляваць за намі, а як ня змогуць злавіць, пачнуць шантажаваць: маўляў, схопім бацьку, матку тваіх ды расстраляем.
Першую групу павёз сам Акінчыц, я застаўся ягоным заступнікам на гэты час. Усяго было 3 ці 4 выпускі, ня памятаю дакладна, гэта прыкладна 60-70 чалавек. Акінчыц меў сувязі зь беларускім кіраўніцтвам у Менску. Празь іх, праз Кушаля наладжваў сувязі зь беларускімі арганізацыямі й прыстройвалі нашых людзей на працу, дзе яны маглі-б вялі прапаганду. Адзін, напрыклад, быў прыкамандзіраваны да Беларускай Вайсковай школы. Але Акінчыц у нейкай ступені не давяраў кіраўніцтву ў Менску, да асобных ставіўся адмоўна, казаў, што яны былі ня лепшымі людзьмі. Відаць, прычыны ляжалі яшчэ ў даваенным жыцьці. Асабліва складаныя адносіны былі з М. Шкялёнкам, лепшыя з Ф. Кушалем.
Акінчыц быў у прыгнечаным настроі, разьлічваў, што немцы дапамогуць беларусам вызваліцца ад Саветаў, быў вельмі пранямецкім, праз гэта і разышоўся зь беларускім актывам, які не давяраў яму і лічыў чалавекам немцаў. Але ягоныя пагляды на сытуацыю мяняліся. Сваю памылку ён зразумеў даволі хутка, толькі нешта мяняць ужо было позна.
Яго забілі ў Менску. Акінчыц спыняўся заўсёды ва Ўл. Казлоўскага, якога ведаў з даваенных часоў. Аднойчы ў дзьверы пагрукалі, Казлоўскі папытаў, хто. Адказалі, што прыйшлі з газэты, прынесьлі матар'ял на перагляд. Казлоўскі адчыніў, уварваліся двое з пісталетамі, адціснулі яго ўбок - і да Акінчыца. Застрэлілі ў ложку. Пахавалі яго ў Менску, а дзе, ня ведаю. Пазьней забілі й Казлоўскага.
Я быў арыштаваны ў 1944-м годзе і мяне, пэўна, расстралялі-б, каб не начальнік беларускай сакрэтнай паліцыі, які па сваіх паглядах быў антысавецкім і антыгітлераўцам, ён разумеў нашае становішча. Імя ягонае - Мікалай Алферчык. Сам ён зь Пінску, але ў Беларусь прыехаў з Смаленскага СД, нейкі час быў пры Астроўскім. Ен расьсьледаваў нашую зь Зямёнкам справу (немцы нас арыштавалі разам у Бэрліне і прывезьлі для допытаў у Менск). І Алферчык сказаў, што такія людзі, як мы, яшчэ патрэбныя беларускаму народу, і вызваліў нас. Дапамагло яшчэ тое, што я зь ягонай сястрою вучыўся разам у інстытуце. А арыштаваных было багата, і ўсе загінулі. Нас ён забраў з сабою і апошнім цягніком вывез у Бэрлін.
А прычына арышту была вось у чым. Адзін з хлапцоў з маёй групы, Шаўчэнка, зьвязаўся з партызанамі. Відаць, яго шантажавалі. А працаваў ён у вайсковай школе і падначальваўся начальніку менскай паліцыі, цяпер ня памятаю імя. І вось таму генэралу даносяць, што Шаўчэнка не зьяўляецца на працу. Празь які час генэрал на вуліцы заўважае хлапца, загадвае спыніць машыну ды пытаецца, чаму на працы няма. Шаўчэнка адказвае, маўляў, мяняў хату, заняты моцна быў, але ўжо высвабадзіўся і заўтра вярнецца працаваць. Генэрал пытаецца, а дзе тая хата. Недалёка тут, адказвае Шаўчэнка, хадземце пакажу. Яны пайшлі. А Шаўчэнка завёў іх у нейкі двор, выхапіў пісталет, застрэліў і ўцёк. Увесь Менск паднялі на ногі, яго схапілі. І немцы, відаць, палічылі, што ўсе нашыя прапагандысцкія курсы былі супрацьнямецкімі. Нас зь Зямёнкам арыштавалі ў Бэрліне і прывезьлі ў Менск на страту.
З жывых засталіся, відаць, толькі я ды паэт Міхась Кавыль.