ЗБС "БАЦЬКАЎШЧЫНА":
зьдзейсьненае і заплянаванае
Міжнароднае грамадзкае аб'еднаньне "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" працуе ўжо больш за 10 гадоў, падтрымліваючы сталыя стасункі з суполкамі беларускай дыяспары ў 18-ці краінах сьвету. Згуртаваньне стваралася як прадстаўніцтва дыяспары на Радзіме, пакліканае захоўваць і ўмацоўваць сувязі паміж суайчыньнікамі за мяжою і Беларусьсю.
Адным з найбольш важных мерапрыемстваў "Бацькаўшчыны" былі ды застаюцца зьезды беларусаў сьвету, якія праводзяцца, паводле Статуту, адзін раз на чатыры гады. Зьезды - гэта ня толькі месца сустрэчы з суродзічамі й пэўны абмен досьведам, ня толькі справаздачна-выбарчы форум, але, перш-наперш, - эфэктыўны сродак у адстойваньні дыяспарай сваіх інтарэсаў і правоў на грамадзкім і дзяржаўным узроўні. Нездарма дзяржава ўвесь час імкнулася ўзяць зьезды пад кантроль альбо склікаць альтэрнатыўны зьезд. Зьезд дае магчымасьць паставіць перад дзяржаваю пытаньні грамадзка-палітычнага характару, сфармуляваць асноўныя патрабаваньні да далейшай працы з дыяспарай, што знаходзіць увасабленьне ў выніковых дакумэнтах зьездаў.
Менавіта ў адпаведнасьці з пастановамі зьездаў Управа "Бацькаўшчыны" распрацоўвае штогадовыя пляны дзейнасьці. Нашая праца ідзе па трох асноўных накірунках: 1. праца зь дзяржаваю па выкананьні рашэньняў зьездаў; 2. папулярызацыя ведаў пра дыяспару ў Беларусі; 3. умацаваньне сувязяў, супрацоўніцтва і дапамога арганізацыям беларусаў замежжа, а таксама стварэньне новых суполак. Акрамя гэтага, ЗБС ажыцьцяўляе шэраг культурных праектаў у Беларусі з мэтаю заахвоціць да вывучэньня роднай гісторыі, мовы й культуры.
Аднымі з асноўных патрабаваньняў, якія "Бацькаўшчына" сёньня ставіць перад дзяржаваю, ёсьць прыняцьце закону аб беларускай дыяспары й праграмы дзеяньняў па падтрымцы самой дыяспары. Мы вельмі занепакоеныя адсутнасьцю дзяржаўнай падтрымкі нашых замежных суайчыньнікаў, што прыводзіць да пагражальных памераў асыміляцыі беларусаў, асабліва ў краінах былога Савецкага Саюзу. Таму адразу пасьля Трэцяга зьезду ЗБС прадставіла ў Савет Міністраў і іншыя ўстановы праграму "Беларуская супольнасьць ў ХХІ ст.", ўхваленую на зьездзе. Але, нажаль, да гэтага часу стасункі беларускіх уладаў з дыяспарай грунтуюцца на праграме "Беларусы ў сьвеце", якая была прынята яшчэ ў 1993-м годзе, і на сёньня маральна састарэла. Аднак прынцыпы, на якіх будавалася старая праграма, застаюцца вельмі актуальнымі. Напрыклад, прынцып "поўнага адмаўленьня ад ідэалягізацыі й палітызацыі сувязяў зь беларускай дыяспарай". Савет Міністраў плянаваў прыняць новую дзяржаўную праграму ў 2001-м годзе, потым у 2002-м, але яна так і засталася праектам. (Дарэчы, у праекце новай праграмы вышэйзгаданых прынцыпаў ужо няма.)
Няменш складанай застаецца і сытуацыя з прыняцьцем закону аб дыяспары. У 2001-м годзе юрыдычная камісія "Бацькаўшчыны" пачала працу над законапраектам, абапіраючыся на выніковыя дакументы зьездаў і на падставе прапановаў, якія паступалі ад суполак і дзеячаў беларускай дыяспары. У працы над законам аб дыяспары вельмі карысным быў вопыт суседзяў - Летувы, Польшчы, Украіны.
У 2002-м годзе ўлады нарэшце зразумелі неабходнасьць прыняцьця такога закону. "Бацькаўшчыну" запрасілі да ўдзелу ў Рабочай групе пры Цэнтры законапраектнай дзейнасьці. Дасканала аналізуючы дзяржаўны праект закону, нашая юрыдычная камісія зрабіла шэраг заўвагаў і прапановаў. Аднак усё дарэмна - абмеркаваньне закону ў Палаце прадстаўнікоў, заплянаванае на восень 2002-га году, так і не адбылося. Магчыма, закон будзе прыняты ў 2005-м годзе, калі дзяржава мяркуе правесьці Кангрэс беларусаў сьвету. Але сытуацыя ўскладняецца тым, што гэты Кангрэс заплянаваны на час чарговага, Чацьвёртага, зьезду беларусаў сьвету, які згодна са статутам праводзіць у 2005-м годзе "Бацькаўшчына".
У падобных абставінах надзвычай важным становіцца забясьпячэньне інфармацыйных патрэбаў беларускай дыяспары. З гэтаю мэтаю пры Згуртаваньні створаны Інфармацыйны цэнтар і заснаваны штомесячны бюлетэнь "Беларусы ў сьвеце". Інфармацыя для бюлетэня зьбіраецца праз сталыя карэспандэнцкія сувязі з прадстаўнікамі дыяспары ў розных краінах. Бюлетэнь сёньня мае больш за 300 пастаянных адрасатаў і распаўсюджваецца бясплатна. Сёлета вялікую падтрымку ў ажыцьцяўленьні гэтага праекту аказаў Анатоль Лук'янчык з Кліўленду.
Ня менш важкім захадам па папулярызацыі ведаў пра беларускую дыяспару ў Беларусі зьяўляецца заснаваньне кніжнай сэрыі пад назваю "Бібліятэка Бацькаўшчыны", якая будзе цалкам прысьвечаная беларусам замежжа. Першай у гэтай сэрыі выйдзе кніга пра паваенную беларускую моладзь у Францыі. Матар'ялы ўжо рыхтуюцца да друку і складзеныя яны паводле часапіса "Моладзь", што выходзіў пасьля вайны ў Парыжы. Выданьне фундуецца Міхасём Наўмовічам (Францыя). Спадзяемся, што ў гэтай сэрыі пабачаць сьвет кнігі пра беларусаў Аўстраліі, Канады, Вялікай Брытаніі ды іншых краінаў. Далучайцеся!
За апошнія колькі гадоў значна ўмацаваліся старыя і наладзіліся новыя кантакты зь беларускімі суполкамі замежжа, дзякуючы чаму стала ўдасканальваецца База дадзеных беларускай дыяспары (зьмешчаная на сайце "Бацькаўшчыны" - zbsb.org). База ўключае інфармацыю ня толькі пра суполкі, але і пра школы, музэі, бібліятэкі, помнікі - культурную спадчыну. У хуткім часе на сайце "Бацькаўшчыны" зьявіцца новы разьдзел - "Галерэя пісьменьнікаў і выбітных дзеячаў дыяспары". Наперадзе стварэньне бібліятэкі беларускіх эміграцыйных выданьняў і выданьняў пра эміграцыю. Пачатак гэтае справы ўжо пакладзены. Але тут нам не абыйсьціся без дапамогі замежных суродзічаў. Будзем вельмі ўдзячныя за любыя дасланыя фатаздымкі, кнігі й іншыя матар'ялы.
Сёлета ў супрацоўніцтве з Згуртаваньнем беларусаў Вялікай Брытаніі пабачаць сьвет "Матэрыялы Другога і Трэцяга зьездаў беларусаў сьвету". Праца па падрыхтоўцы матар'ялаў яшчэ толькі пачалася, таму запрашаем удзельнікаў зьездаў дапамагчы ў гэтым выданьні - будзем шчыра ўдзячныя ўсім за дасланыя выступы й матар'ялы (адрас нашае сядзібы: вул Рэвалюцыйная, 15, г. Менск, 220030, Беларусь).
Шмат намаганьняў прыкладаецца да культурнай і асьветнай дзейнасьці ў Беларусі. Ужо трэці год "Бацькаўшчына" праводзіць літаратурна-мастацкія конкурсы сярод школьнікаў. Тэматыка конкурсаў розная, але прынцыпова патрыятычная. Пераможцы конкурсаў узнагароджваюцца адпачынкам у Баўгарыі альбо Чэхіі й кнігaю са сваймі творамі - на памяць аб першым творчым посьпеху на ніве беларушчыны. Гэты праект ажыцьцяўляецца таксама дзякуючы дыяспары. Шмат гадоў запар яго фундуе спн. Ірэна Каляда-Сьмірноў з Кліўленду. Нядаўна наладжаныя кантакты з дамамі-інтэрнатамі Беларусі, дзеці зь якіх бралі ўдзел у конкурсах. Восеньню плянуецца наладзіць для дзетак сэрыю дабрачынных канцэртаў гурта старажытнай музыкі "Стары Ольса".
Летась "Бацькаўшчына" заснавала Аргкамітэт па сьвяткаваньні 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі. У межах дзейнасьці Аргкамітэту Згуртаваньне абвесьціла гістарычны конкурс сярод маладых навукоўцаў і наладзіла 2 гістарычныя віктарыны. Акрамя таго, мы арганізавалі й правялі Міжнародны круглы стол "Традыцыі талерантнасьці ў ВКЛ" з удзелам навукоўцаў зь Беларусі й Польшчы, гасьцей з Нарвэгіі й Галяндыі. У верасьні адбудзецца выстава дзіцячых малюнкаў. На канец кастрычніка заплянаваная Міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная Рэфармацыйнаму руху ў Беларусі ў ХVІ-ХVІІ стагодзьдзях.
"Бацькаўшчына" шчыльна супрацоўнічае з грамадзкімі арганізацыямі й ініцыятывамі Беларусі. Так, разам з палітычнымі партыямі й грамадзкімі аб'еднаньнямі быў праведзены Ўрачысты сход і канцэрт, прысьвечаныя Дню Волі. З удзелам грамадзкіх арганізацыяў Беларусі й Швэцыі арганізаваны Круглы стол "Дыялёг дзеля партнёрства". У межах ушанаваньня памяці славутых дзеячаў беларускай дыяспары была наладжаная вечарына да 100-годзьдзя Вінцэнта Жук-Грышкевіча, на восень рыхтуецца вечарына, прысьвечаная 100-годзьдзю Натальлі Арсеньневай.
Насуперак усім складанасьцям маем аптымізм і веру ў сваю справу.
Алена МАКОЎСКАЯ
Старшыня Рады МГА
ЗБС "Бацькаўшчына"

Група беларускіх дзяцей на адпачынку ў Чэхіі, арганізаваным ЗБС "Бацьказўшчына" пры дапамозе Ірэны Каляда-Смірноў з Кліўленду.