БАЙКОТ

Чаму трэба байкатаваць выбары

У кастрычніку 2004 году рэжым Лукашэнкі плянуе правесьці ў Беларусі выбары ў парлямант ("палаты"). Усе выбары й рэфэрэндумы, якія праводзіліся перад гэтым паказалі, што рэжымам створаная шырокая, паслухмяная і правераная машына фальсыфікацыі галасаваньня. Ня мае значэньня, як галасуюць выбаршчыкі, важна, каб яны ўдзельнічалі ў галасаваньні. Машына фальсыфікацыі заўсёды падлічыць галасы ў сваю карысьць.
Дзейнасьць сыстэмы фальсыфікацыі грунтуецца на вырабленым адміністрацыйным рэсурсе, які фармуе і кантралюе ўсе выбарчыя камісіі, ад участковых да Цэнтральнай. У той-жа час сам "адміністрацыйны рэсурс" цалкам і жорстка кантралюецца вышэйшай уладай рэжыму.
Грамадзкае назіраньне над галасаваньнем практычна ліквідаванае. Назіральнікаў не дапускаюць да назіраньня за падлікам галасоў, а ў большасьці выпадкаў - і да назіраньня за працэсам галасаваньня. Скаргі й пратаколы назіральнікаў не прымаюцца пад увагу.
Рэжым поўнасьцю кантралюе электронныя сродкі масавай інфармацыі й увесь друк (у тым ліку і так званы "незалежны", акрамя мясцовых самадзейных лісткоў). Кандыдатаў, альтэрнатыўных рэжыму, не дапускаюць выступаць у СМІ.
Трэба ўлічыць адсутнасьць дэмакратыі ў краіне, існаваньне рэжыму дыктатуры, бяспраўе і недэмакратычнасьць Закона аб выбарах. Парлямант Лукашэнкі ня мае рэальнай заканадаўчай самастойнасьці, напалову прызначаецца і поўнасьцю кантралюецца Лукашэнкам.
У гэтай сытуацыі той, хто для рэжыму "ня свой", праз галасаваньне не праходзіць. Машына не прапускае. Змагару з рэжымам выстаўляць сваю кандыдатуру ў такіх "выбарах" - гэта значыць выступаць у ролі дурня, ці яшчэ горай - ідыёта. Але самае дрэннае - гэта падыгрываць антынароднаму рэжыму, сьцягваць яму выбаршчыкаў на галасаваньне, забясьпечваць ягонай прапаганьдзе аргуманты для стварэньня бачнасьці нібыта "дэмакратычных" выбараў (маўляў, глядзіце, удзельнічаюць альтэрнатыўныя кандыдаты й розныя партыі).
Удзел больш паловы выбаршчыкаў у галасаваньні абазначае, што выбары адбыліся. Гэта дае магчымасьць рэжыму скарыстаць "машыну" і сфальсыфікаваць выбары, а потым гаварыць нібыта пра "адпаведнасьць закону". Рэжым зацікаўлены, каб выбаршчыкі ішлі на выбары па ягоным сцэнары.
Зусім іншая карціна ўзьнікае, калі выбаршчыкі не прыходзяць галасаваць, байкатуюць галасаваньне. Сфальсыфікаваць выбары ў такім выпадку значна цяжэй. У выніку байкоту фальсыфікацыйная машына пракруціцца ўхаластую. Правал несправядлівых выбараў у выніку байкоту будзе азначаць правал рэжыму Лукашэнкі й перамогу народа. Гэта ўздыме дух салідарнасьці ў людзей. Грамадзтва набудзе ўпэўненасьць у сабе і здольнасьць да змаганьня. Узьнікне іншая сытуацыя, у якой паўстане пытаньне аб новых выбарах прэзыдэнта (без удзелу Лукашэнкі). Зьявіцца шанс скончыць з антыбеларускім рэжымам.
Зьвернем ўвагу, што ўлады разумеюць небясьпеку байкоту для сыстэмы фальсыфікацыі. Каб запабегчы правалу, яны прыдумалі (і ўнесьлі ў антыдэмакратычны закон) так званае "папярэдняе галасаваньне", якое доўжыцца цэлы тыдзень і практычна недасягальнае для грамадзкага кантролю. На працягу тыдня ўлады пад прымусам і пад пагрозаю звальненьня з працы звозяць аўтобусамі людзей на выбарчыя ўчасткі й прымушаюць галасаваць. Распрацаваныя таксама мэтады прымусу для студэнтаў, навучэнцаў, ваеннаслужачых, чыноўнай бюракратыі, калгасьнікаў і г. д. У час прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году на асобных участках (папярэдняга галасаваньня) набралі такім мэтадам больш 50% прагаласаваўшых (што зьяўляецца антызаконнай прафанацыяй выбараў). Пытаньне, як прагаласавалі такія "папярэднія" выбаршчыкі, вырашалася ў камісіях проста: некантралюемыя грамадзкасьцю ўрны зь бюлетэнямі падмяняліся іншымі ўрнамі зь іншымі бюлетэнямі. Так быў "зроблены" патрэбны вынік галасаваньня.
Наступны мэтад запабяганьня байкоту выбараў (які ўжываюць пераважна ў сельскай мясцовасьці) - гэта аб'езд выбаршчыкаў з пераноснымі ўрнамі для галасаваньня (галасаваньне "па дамах"). Ні ціск на выбаршчыкаў, ні напаўненьне ўрны бюлетэнямі, практычна, немагчыма ў гэтым выпадку пракантраляваць. Таму мэтадам "падворнага абходу" шырока карыстаюцца фальсыфікатары.
Аднак у гэтай сытуацыі найбольшай здрадай і небясьпекай зрыву байкоту зьяўляецца ўдзел у недэмакратычных "выбарах" нібыта альтэрнатыўных кандыдатаў ад палітпартыяў ды групаў, якія разам з агентурай КГБ агітуюць народ ісьці на выбары й галасаваць за "апазыцыю" ды за іншых "сяброў народа", а ў рэальнасьці выкарыстоўваюць сродкі замежных датацыяў, бессаромна займаюцца так званым "палітычным бізнэсам".
Справа тут ня простая, бо "кіруемая апазыцыя" створаная ў Беларусі ў асноўным зьнешнімі сіламі па сумеснай праграме Менскай Місіі АБСЭ і КГБ. Аб гэтым нядаўна прызнаўся былы кіраўнік Місіі АБСЭ ў Менску (і былы кіраўнік зьнешняй разьведкі Нямеччыны) Ганс-Георг Вік (гл. "Белорусская газета", -- 2004, 12 студзеня). "Кіруемая апазыцыя" - гэта не адраджэнцкая апазыцыя. Яна была задуманая насуперак беларускаму нацыянальна-дэмакратычнаму руху і як разбуральная альтэрнатыва Беларускаму Народнаму Фронту, які ў 1991 годзе вярнуў незалежнасьць краіны й спыніў дзейнасьць КПСС на Беларусі.
Падстаўная апазыцыя, арганізаваная Гансам Вікам і КГБ з былой намэнклятуры, з агентуры, з былых паплечнікаў Лукашэнкі, з прамаскоўскіх партыяў (тыпу АГП і камуністаў), з асобаў, што займаюцца "палітбізнэсам" і зь людзей, якія дрэнна арыентуюцца ў палітыцы. Яна цалкам кантралюецца КГБ (асабліва кіраўніцтва) і фінансуецца з-за мяжы.
Менавіта замежныя функцыянеры ад палітыкі й грошадаўцы патрабуюць ад аплочаных апазыцыянераў удзельнічаць у ненармальных выбарах, ствараць ненармальныя "кааліцыі" й агітаваць выбаршчыкаў на заведамае ашуканства. Гэтакай бізнэс-кааліцыяй зьяўляецца, напрыклад, так званая "пяцёрка плюс" (у народзе называюць "шасьцёрка мінус"), дзе сабраліся групоўкі ад лібэралаў да камуністаў. Яны (пачуўшы пах замежных грошай) і агітуюць за ўдзел у недэмакратычных выбарах, хоць самі-ж бессаромна гавораць, што ў парлямант ніхто з "кааліцыі" ня пройдзе.
У аснове замежных патрабаваньняў дзьве прычыны. Першая - гэта поўнае неразуменьне беларускай рэальнасьці, характэрнае для шмат якіх цяперашніх эўрапалітыкаў. Яны мяркуюць, што "выбары 2004 году трэба выкарыстаць для дэмакратызацыі становішча ў Беларусі й пашырэньня правоў парляманта", што ў любых выбарах трэба ўдзельнічаць, каб набіраць "палітычны вопыт". (Хаця зразумела, што пасьля правядзеньня выбараў па сцэнары Лукашэнкі, іхны набыты "вопыт" нікому не спатрэбіцца, бо гэта ня вопыт, а нешта іншае).
Другая прычына больш сур'ёзная. Гэта палітычны інтэрас тых, хто дае грошы падстаўной апазыцыі й "заказвае музыку". (Напрыклад, нямецкі інтэрас у легалізацыі рэжыму Лукашэнкі й уплываньне на яго, ці таемная падтрымка здачы Беларусі пад Расею дзеля зьмяншэньня транзітнай прасторы ды зручнага вырашэньня пытаньня з Калінінградзкай вобласьцю і г. д.)
Мой шматгадовы палітычны вопыт на Захадзе пераконвае мяне, што шмат якім эўрапалітыкам з АБСЭ ды Эўразьвязу (асабліва нямецкім) нашыя беларускія праблемы, лёс нашай незалежнасьці, беларускай мовы, беларускай культуры, беларускай эканомікі, фінансаў, а зрэшты й лёс беларускай дэмакратыі - зусім не абходзяць. Іх цікавяць толькі свае палітычныя ды эканамічныя інтарэсы ў Беларусі й у сувязі з гэтым - свае лібэральныя паняцьці аб дэмакратыі як сродка забесьпячэньня інтарэсаў.
Замежныя грошы на аплату падстаўной апазыцыі вельмі нашкодзілі беларускаму грамадзтву і будучыні беларускай дэмакратыі, бо дэмаралізавалі частку палітычна актыўных людзей.
З падстаўной апазыцыяй, з палітбізнэсам, які яна спарадзіла, і з умяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі разбуральных чужых грошай і хцівых людзей неабходна змагацца ўсяму беларускаму грамадзтву. Беларускую дэмакратыю і беларускую палітыку павінны падтрымліваць не замежныя, а беларускія грошы, бо чужыя грошы даюцца дзеля чужых інтарэсаў. Але трэба памятаць: ня грошы вырашаюць у палітыцы, а дух змаганьня.
Аднак акрамя функцыянераў, людзей "заангажаваных" і сьведамых канфармістаў, у падстаўной апазыцыі й вакол яе ёсьць шмат асобаў, якія, магчыма, недастаткова прааналізавалі становішча, не ўсьведамляюць, у якую нядобрую справу іх цягнуць, засланяючыся гучнымі словамі й карыснымі абяцаньнямі. Менавіта гэтыя людзі могуць ацаніць рэчаіснасьць, адыйсьці ад супрацоўніцтва з калябарантамі й далучыцца да байкоту недэмакратычных, ненармальных і ўжо прадвызначаных рэжымам выбараў.
Посьпех байкоту - гэта шанс на грунтоўныя перамены ў Беларусі.
Мы, беларусы, мусім добра ўсьвядоміць тое, чаму вучыць нас (і ня толькі нас) нацыянальная гісторыя: сваю дзяржаву, сваю незалежнасьць і свой парадак мы можам стварыць толькі самыя, сваім розумам, сваімі рукамі й сваімі грашыма.
Падтрымлівайце байкот антыдэмакратычных выбараў. Далучайцеся да Ініцыятывы "Беларуская Салідарнасьць", якая зыходзіць ад Беларускага Народнага Фронту і ад ягонай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ, што арганізуе байкот. Стварайце групы ІБС, агітуйце за няўдзел у несправядлівых выбарах. Рыхтуймася да новых выбараў прэзыдэнта!
Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня БНФ "Адраджэньне"