25-га САКАВІКА Ў БЕЛАРУСІ

МЕНСК
Сьвяткаваньне пачалося апаўдні ў Парку імя Янкі Купалы. Каля 2000 чалавек сабраліся, каб адзначыць нацыянальнае сьвята. Старшыня БНФ і Партыi БНФ Вінцук Вячорка павiншаваў прысутных з Днём Незалежнасьцi. Акцыя праходзіла ў форме своеасаблівага "Гайд-парку". Людзі слухалі выступленьні мастацкіх калектываў і бардаў. А 13-й гадзіне ва ўрачыстай цішыні ўсе адсьпявалі гімн "Магутны Божа". Потым усклалi кветкi да помнiка Янку.Купалу.
Пасьля гэтага калёна людзей рушыла да помніка Якубу Коласу. Аднак шлях ім перагарадзілі шэрагі АМАПу. Міліцыянты заявілі, што калі людзі згорнуць сьцягі, то іх прапусьцяць на праспэкт. Аднак абяцаньне ня выканалі. Тады ўдзельнікі сьвяткаваньня вымушаныя былі вярнуцца да помніка, дзе было абвешчана пра заканчэньне акцыі.
Людзі па праспэкце рушылі да станцыі мэтро. Іх рух ператварыўся ў стыхійнае шэсьце з удзелам каля 1500 чалавек. Людзі, у асноўным моладзь, ішлі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, скандавалі лёзунгі "Жыве Беларусь!", "Незалежнасьць!", "Моладзь за Беларусь!"
Але хутка калёну спынілі шэрагі АМАПу і армейскага спецназу. Яны пачалі жорстка зьбіваць і затрымаліваць удзельнікаў шэсьця. Затрымалі больш за 50 чалавек, сярод іх лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Юрась Пальчэўскі, Натальля Кійко, Юрась Зянковіч, пяць журналістаў, у тым ліку Зьміцер Саўка і Валеры Шчукін.
Частка людзей дайшла да пл. Якуба Коласа і ўсклалі кветкі. Хор "Адраджэньне" сьпяваў нацыянальны гімн, народныя сьпевы, і ў гэты час там таксама пачаліся затрыманьні. У пастарунку людзей пратрымалі больш за гадзіну, і, не знайшоўшы падставаў, каб скласьці пратаколы, адпусьцілі.
"...Відавочна, загад зьбіваць і затрымліваць ішоў з самага верху. Усё, што здарылася, сьведчыць толькі пра слабасьць улады ды жывёльны страх перад людзьмі, у якіх ёсьць ідэалы. Сёньняшнія падзеі, безумоўна, паўплываюць на характар наступных акцыяў", - заявіў Вінцук Вячорка.

ГОРАДНЯ
Сьвяткаваньне пачалося а 12-й гадзіне ў Старым парку. Узяло ўдзел каля 500 чалавек. Выступілі прафэсар Юры Хадыка, намесьнiк старшынi БНФ; Сяргей Мальчык, кіраўнік абласной арганізацыі БНФ; Яўген Лугін, лідэр сялянскай партыі; Вадзім Саранчукоў, кіраўнік горадзенскага МФ; лідэры мясцовых аддзяленьняў БСПГ і БСДП сп.сп. Сазонаў і Патрэба. Пасьля гэтага ўдзельнікі сьвяткаваньня рушылі ў бок Новага Замку, да мэмарыяльнай дошкі ў гонар паўстанцаў Т. Касьцюшкі. Але цэнтар гораду перакрыў АМАП і пачаў затрымліваць і зьбіваць сьвяткуючых. Некалькі чалавек былі зьбітыя вельмі моцна.

ВІЦЕБСК
Апаўдні 24-га сакавіка пачалося шэсьце з нагоды Дня Волі. Каля 200 удзельнікаў прайшлі ад гарадзкой Ратушы да помніка Караткевічу, правялі там мітынг, а пасьля яго маладафронтаўскую віктарыну на эўрапейскую тэматыку.

МАГІЛЁЎ
Некалькі дзесяткаў сябраў БНФ віншавалі зь Днём Волі жыхароў Магілёва. Яны стварылі сьвяточны настрой у цэнтры горада раздаваючы ў падарункі кветкі й ўлёткі.
Увечары сябры БНФ зладзілі вечарыну, дзе выступілі мясцовыя гісторыкі й барды. Тэма сустрэчы - БНР - мінулае і сучаснасьць выклікала цікавасьць у маладых людзей.

БЕРАСЬЦЕ
24-га сакавіка а 12-й гадзіне ў залі Берасьцейскага абласнога аб'еднаньня прафсаюзаў прайшоў сьвяточны канцэрт з удзелам вядомага беларускага барда Віктара Шалкевіча. На сустрэчу прыйшлі слухачы розных узростаў: ад моладзі да ветэранаў.
У гэты-ж дзень Малады Фронт правёў турнір па міні-футболу на Кубак Незалежнасьці. У турніры ўдзельнічалі каманды зь Берасьця й Берасьцейскага раёну, Пінску й Барысава. Пераможцам стаў берасьцейскі клюб "Юніёрс".

АСІПОВІЧЫ
У цэнтральным парку сябры БНФ зладзілі гуляньне. Людзі сьпявалі, слухалі выступы бардаў, у парку ігралі музыкі на старадаўніх беларускіх народных інструмэнтах, адбыўся шашачны турнір.
Міліцыянты спрабавалі сарваць народнае гуляньне, перашкаджалі людзям трапіць у парк, аднак сьвяткаваньне завершылася мірна.

СЛОНІМ
Ад 11-й да 13-й гадзіны сябры БНФ правялі пікет. Яны трымалі плякаты "Беларусь у Эўропу!", раздавалі незалежныя газэты, віншавальныя ўлёткі. Распачаўся і скончыўся пікет сьпяваньнем гімну "Магутны Божа".

ШКЛОЎ
Сябры БНФ, ТБМ, сацыял-дэмакратаў правялі вечарыну ў гонар Дня Волі. На ёй вядомы шклоўскі краязнаўца, старшыня мясцовай суполкі ТБМ Аляксандр Грудзіна распавёў пра гісторыю БНР.

ГЛЫБОКАЕ
Ля глыбоцкага Дому Культуры прайшоў пікет, які зладзілі сябры БНФ. Яны трымалі плякаты са словамі "Жыве незалежная Беларусь", "25-га сакавіка - 84-ыя ўгодкі БНР".

МАР'ІНА ГОРКА
Удзень актывісты БНФ раздавалі ў цэнтры гораду віншаваньні з 84-й гадавінай Беларускай Народнай Рэспублікі.