БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

25 Сакавіка ў Менску
На жаль, дзяленьне беларускай апазыцыі на дробненькія групоўкі працягваецца. Так і ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі вырашылі правесьці паасобку.
У нядзелю, 23-га сакавіка, сваю акцыю зладзілі Нацыянальны аргкамітэт, прыхільнікі КХП - БНФ і маладафронтаўцы. Збор удзельнікаў быў прызначаны ў раёне Пляцу Незалежнасьці - хтосьці зьбіраўся ў раёне Галоўпаштамту, хтосьці - ля Чырвонага Касьцёлу. Міліцыя-ж праз гукаўзмацняльнікі настойліва "раіла" ісьці на зьненавіджаную ўсімі плошчу Бангалёр, бо ў цэнтры гораду сьвяткаваньне было забароненае. Аднак дэманстранты не паслухаліся.
Акцыя трывала ня больш за 15 хвілін. Калі дэманстранты - блізу 200 чалавек разам з рэпарцёрамі - рушылі па праспэкце ў бок Кастрычніцкай плошчы, то ўжо на першым скрыжаваньні, з вуліцаю Валадарскага, міліцыя хуценька перакрыла ім рух і арыштавала некалькі дзесяткаў чалавек (пад гарачую руку трапілі й журналісты). Трэба сказаць, што затрыманьні былі й да пачатку акцыі. Так, арыштавалі некалькі чалавек, што знаходзіліся ля муроў Чырвонага Касьцёлу.
25-га сакавіка прайшоў "другі раўнд" сьвяткаваньня Дня Волі. Гэтым разам зьбіраліся сябры Партыі БНФ ("вячоркаўцы"), Аб'еднаныя сацыял-дэмакраты, іх апанэнты зь Беларускай сацыял-дэмакратычнае "Народнае Грамады" прадстаўнікі Асамблеі Няўрадавых Дэмакратычных Арганізацыяў ды іншыя. А палове на шостую на Плошчы Якуба Коласа сабралася - зноў-такі разам з журналістамі - каля 300 чалавек. Міліцыя, як і двума днямі раней, настойліва раіла пайсьці на Плошчу Бангалёр. Усклаўшы кветкі да помніка аўтару "Новай зямлі", ўдзельнікі акцыі вырашылі дайсьці з кветкамі да парку Янкі Купалы. Аднак два дзесяткі міліцыянтаў спакойна адцясьнілі ўсіх мітынгоўцаў да пераходаў мэтро. У гэты дзень таксама адбыліся затрыманьні.
Увечары ў традыцыйным месцы збору беларускай інтэлігенцыі Доме культуры "Сукно" прайшоў урачысты сход і канцэрт.
Аналізуючы акцыі, можна ўпэўнена цьвердзіць, што яны прайшлі крайне няўдала, ці не найгоршае сьвяткаваньне асноўнага нацыянальнага сьвята за апошнія 10-15 гадоў. Гэта тычыцца і вулічных акцый, і ўрачыстага сходу. На ім у каторы раз зачытваліся факсы, выступалі, у каторы раз цьвердзячы, што гіне Беларусь, тыя-ж самыя выступоўцы, якія ўжо не сыходзяць з трыбунаў па некалькі гадоў.
У гэтым пляне паказальны зварот Салігорскай рэгіянальнай суполкі Партыі БНФ, якая на сваім сходзе прыняла рашэньне "лічыць неэфектыўнаю працу Арганізацыйнага камітэту па сьвяткаваньні 85-годзьдзя БНР". Падпісанты ліста адзначылі, што "Аргкамітэт ня здолеў аб'яднаць дэмакратычныя сілы для такой маштабнай падзеі", з сумам нагадаўшы, што калісьці самае галоўнае нацыянальнае сьвята зьбірала дзясяткі тысячы ня толькі "апазыцыянераў", але і "простых" грамадзянаў. Салігорскія дэмакраты зазначылі, што сёньняшнія лідэры дэмакратычных сілаў дбаюць больш пра ўласныя амбіцыі, чым пра справу.
Пераважную большасьць затрыманых удзельнікаў акцыяў асудзілі на 15 сутак арышту.

"За лепшае жыцьцё!"
А пачалася Вясна-2003 "Агульнанацыянальным Народным маршам "За лепшае жыцьцё", які быў праведзены 12-га сакавіка грамадзкаю ініцыятываю "Хартыя-97" і ейным маладзёвым крылом - рухам "Зубр". Па ацэнках журналістаў, на Плошчы Якуба Коласа сабралося 4 тысячы чалавек, хоць арганізатары акцыі заяўлялі пра тое, што зьбярэцца сама мала 5 тысяч. Паколькі акцыя меркавалася як сацыяльная, то і лёзунгі былі адпаведныя: "Хопіць рабаваць народ!", "Ніжэйшыя падаткі - ніжэйшыя кошты" і інш.
Арганізатары акцыі прынялі нестандартнае рашэньне - пайсьці на Плошчу Бангалёр акольнымі шляхамі. Напачатку ў процілеглы ад злашчаснай плошчы бок: па праспэкце Скарыны да Плошчы Незалежнасьці, затым па вуліцы Савецкай да Нямігі, а там ужо і па вуліцы Багдановіча да Бангалёру. Міліцыя хуценька зарыентавалася ў сытуацыі й "прапанавала" пайсьці на Бангалёр найкарацейшым шляхам, па праспэкце Скарыны й вуліцы Сурганава. Аднак запалу арганізатараў хапіла толькі дайсьці пад бразгат пустых рондалаў і місаў да пляцоўкі перад Прэзыдыюмам Нацыянальнай Акадэміі Навук, дзе і прайшоў караценькі мітынг.
Міліцыя, да ейнага гонару, паводзіла сябе даволі карэктна, нягледзячы на тое, што ў дварах праспэкта Скарыны стаяла процьма аўтобусаў з закратаванымі шыбамі. Арыштавалі толькі заяўнікаў акцыі - Зьмітра Бандарэнку, Леаніда Малахава, Людмілу Гразнову, Андрэя Саньнікава, якіх на наступны дзень і асудзілі на 15 сутак.
Пасьля адбыцьця 15 сутак, Зьміцер Саьнікаў даў інтэрв'ю сайту "Хартыі'97", дзе ахрысьціў "Народны марш" найбуйнейшай акцыяй апазыцыі апошніх гадоў.

Чарнобыльскі шлях
Як і мінулыя гады, Чарнобыльскі шлях пройдзе 26-га красавіка. Гэтым разам у аргкамітэт па святкаваньні ўвайшлі прадстаўнікі 11 партый. Удзельнікі будучай акцыі падалі ў Менгарвыканкам заяву, дзе просяць улады дазволіць правядзеньне акцыі не на Плошчы Бангалёр, а на прыступках Опэрнага тэатра (Плошча Парыскай Камуны). Ініцыятары "Шляху" катэгарычныя. Яны заяўляюць, што калі Менгарвыканкам адмовіць, а так, хутчэй за ўсе, і будзе, то ўсё роўна ўдзельнікі акцыі зьбяруцца на Плошчы Якуба Коласа і па праспэкце Скарыны й вуліцы Купалы дойдуць да Опэры, дзе правядуць жалобны мітынг. Адно засмучае - колькасьць меркаваных удзельнікаў. Заяўнікі зьбіраюцца сабраць тысячу чалавек.

Мажэйку вызвалілі
Пасьля таго як рэдактара газэты "Пагоня" Міколу Маркевіча перавялі з Асіповіцкай "хіміі" ў Горадню, дзе давядзецца працаваць, сплочваючы 15 працэнтаў заробку, настала чарга і ягонага калегі Паўла Мажэйкі. Яго таксама вызвалілі датэрмінова. Журналіст ужо вярнуўся ў родную Горадню, дзе стаў на ўлік у Цэнтры сацыяльнай адаптацыі асуджаных. "Сачыць" за ім будуць на працягу гэтага і наступнага году. Але-ж галоўнае - вызвалілі. Цяпер Мажэйка і Маркевіч думаюць над заснаваньнем новай грамадзка-паліытычнай газэты.Цяпер уладам засталося вызваліць рэдактара "Рабочага" Віктара Івашкевіча.

Сход інтэлігенцыі
16-га сакавіка ў Менску, у Доме культуры "Сукно", прайшоў Усебеларускі сход беларускай інтэлігенцыі. На форуме, які сабраў некалькі сотняў дэлегатаў з розных куткоў краіны разважалі пра гістарычны лёс Беларусі, удзел інтэлігенцыі ў гэтым працэсе, пагрозу страты незалежнасьці, бядотнае становішча беларускай эканомікі й безьліч іншых праблемаў.
Вялікая колькасьць дэлегатаў ня здолела прыехаць у Менск. Па афіцыйнай вэрсіі, бракавала сродкаў - сход праводзіўся за ўласны кошт удзельнікаў. Аднак, відаць, пабаяліся рэпрэсыяў.
Удзельнікі форуму прынялі зварот да Аляксандра Лукашэнкі, каб той спыніў дыктатарскае праўленьне і распачаў канструктыўны дыялог з прадстаўнікамі ўсіх палітычных плыняў. Дэлегаты выказаліся супраць працягу паўнамоцтваў прэзыдэнта пасьля 2006-га году, паабяцаўшы зрабіць усё, "каб выбары новага парляманту ў 2004-м годзе і новага прэзыдэнта ў 2006-м годзе адбыліся паводле новага Выбарчага кодэксу і ў адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі, без махінацыяў і падтасовак". Удзельнікі сходу выказалі рашучы пратэст супраць "любых спробаў здачы незалежнасьці, дзяржаўнага суверэнітэту краіны, дыскрымінацыі беларускай мовы" і інш.
Таксама было прынятае рашэньне аб стварэньні "Рады беларускай інтэлігенцыі". У склад Рады, якая складаецца з 9 чалавек, прапанавана 14 "вядомых дзеячаў навукі й культуры", ці як было заяўлена на Сходзе - аксакалаў. Гэта - пісьменьнікі Сьвятлана Алексіевіч, Вольга Іпатава, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, драматург Алесь Петрашкевіч, кінарэжысёр Юры Хашчавацкі, навукоўцы Радзім Гарэцкі, Анатоль Грыцкевіч, Генадзь Лыч, Адам Мальдзіс і Іван Нікітчанка. Як будзе адбывацца гэты адбор? Як і ў старыя савецкія часы: "пасьля шырокага народнага абмеркаваньня". Затым "адбудзецца ўрачыстая цырымонія пасьвячэньня сябраў Рады з запрашэньнем прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, а таксама сродкаў масавай інфармацыі".
Цікава, што ў сваім артыкуле ў "Народнай Волі" за 10-га красавіка Ніл Гілевіч адмовіўся ад "пачэснай місіі" й увогуле паставіў пад сумніў легітымнасьць Рады, справядліва зазначыўшы: а што тады Аргкамітэт Рады?

Абрабавалі офіс ТБМ
У ноч з 29-га на 30-га сакавіка няведамыя злодзеі праніклі ў менскую штаб-кватэру Таварыства Беларускай Мовы. Бандыты скралі вінчэстэр з падрыхтаваным нумарам газэты "Новы час", які цалкам быў прысьвечаны вынікам Усебеларускага Сходу беларускай інтэлігенцыі. Міліцыя завяла па гэтым факце крымінальную справу.

Маладафронтаўцы бароняць Сіўчыка
"Малады Фронт" на пачатку красавіка распаўсюдзіў заяву, у якой запатрабаваў спыніць перасьлед аднаго зь лідэраў апазыцыі Вячаслава Сіўчыка. У гэты час В. Сіўчык адседжваў 15 сутак за арганізацыю акцыі на Дзень Волі 23-га сакавіка. Маладафронтаўцы заявілі, што Сіўчык ня толькі перасьледуецца міліцыяй, але і некаторымі дзеячамі апазыцыі, у прыватнасьці, былымі паплечнікамі па БНФ.
Між тым можна казаць пра чарговыя праблемы ў Партыі БНФ. Маладафронтаўцаў - прыхільнікаў Паўла Севярынца, "папрасілі" больш не зьбірацца ва Ўправе БНФ. Не на карысьць гэта нацыянальнага руху.

Новікаву пашкадавалі
3-4-га красавіка ў Менску прайшоў чарговы палітычны працэс. Гэтым разам над прадпрымальніцаю 29-гадоваю Аксанаю Новікавай, якая была затрыманая 17-га кастрычніка за распаўсюд антыпрэзыдэнцкіх улётак на Кастрычніцкай плошчы. Маладой жанчыне інкрымінавалі злачынства, прадугледжанае часткаю 2 артыкула 367 - паклёп у дачыненьні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (па гэтым артыкуле былі асуджаныя Маркевіч, Мажэйка і Івашкевіч). На ўлётцы Новікавай быў зьмешчаны партрэт Лукашэнкі і подпіс: "Адшукваецца небясьпечны злачынца!" Далей прыводзіўся сьпіс злачынстваў прэзыдэнта.
Новікаву прысудзілі да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкаю на два гады.

Пятро Краўчанка ідзе ў прэзыдэнты
У канцы сакавіка колішні міністар замежных спраў і беларускі амбасадар у Японіі Пятро Краўчанка даў некалькі інтэрв'ю журналістам, у якіх заявіў аб прэтэнзіях на прэзыдэнцкі фатэль на выбарах у 2006-м годзе. Нагадаем, што 1-2-га сьнежня 2002-га году дзяржаўнымі СМІ й Міністэрствам замежных справаў была растыражаваная інфармацыя, што Краўчанка зьнік са свае амбасады ў Японіі у кірунку амэрыканскае. Пятро Краўчанка празь дзень адрынуў усе абвінавачаньні, назваўшы гэта правакацыяй.
Цяпер брудам паліваюць Краўчанку як дзяржаўныя СМІ, так і "палітыкі-дэмакраты", а як-жа ж - канкурэнт! Вядомы гісторык Анатоль Сідарэвіч у "Нашай Ніве" выказаў свой погляд на колішняга прадстаўніка Беларусі пры ААН: "Зрабіўшы важную заяву, экс-міністар можа ўзяць тайм-аўт. Хадзіць на выставы, у тэатры, кнігарні, майстэрні. Іншых палітыкаў на вяроўцы туды не зацягнеш. А Краўчанка ўмее размаўляць зь інтэлігенцыяй. І інтэлігенцыя Пятра Краўчанку паважае".

Уласны карэспандэнт