БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

"Ратушы" больш няма
Зачыніўшы віцебскі дэмакратычны цэнтар "Контур", беларускія ўлады зачынілі й горадзенскае аб'еднаньне "Ратуша". Ліквідацыя была ініцыяваная абласным упраўленьнем юстыцыі. Падстава - валоданьне рызографам, на які "Ратуша" ня мела ліцэнзіі. У дадатак - розная драбяза: выкарыстаньне пячаткі зь няпоўнай назвай арганізацыі. Нават судзьдзя палічыў апошнія прэтэнзіі безпадстаўнымі. Нягледзячы на гэта "Ратушы" ўжо няма. Фактычна, яе зачынілі за тое, што арганізацыя надрукавала некалькі беларускіх кніжак на тым злашчасным рызографе.
Хто наступны?

Рыхтуюцца да выбараў
Пяцёрка-блёк палітычных партыяў - Аб'еднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя працы, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Партыя БНФ, Партыя камуністаў Беларусі - вызначыліся са сваімі кандыдатамі на парлямэнцкія выбары 2004-га году. Адпаведнае паседжаньне прайшло 12-га жніўня. На ім усе партыі падалі меркаваныя сьпісы кандыдатаў, усяго 300 чалавек (выбарчых акругаў - 110). Цяпер давядзецца выбраць найбольш дастойных. А найбольшая канкурэнцыя, як ведама, сярод дэмакратычных кандыдатаў у абласных цэнтрах і Менску. Але і пакідаць аднаго апазыцыйнага кандыдата на акругу таксама небясьпечна, бо здыме Цэнтарвыбаркам кандыдата за якую-небудзь лухту (напрыклад, няўплату падаткаў за ганарар у 10 даляраў) і застанецца акруга з лукашыстамі.

Лукашэнка - незалежнік?
Вельмі цікавую заяву наконт увядзеньня ў краіне расейскага рубля зрабіў Аляксандар Лукашэнка. Адбылося гэта 27-га жніўня падчас наведваньня ім гаспадарчых прадпрыемстваў Аршанскага раёну (паблізу слаўнага Крапівенскага поля!) Віцебшчыны. "Насельніцтва ўжо разабралася. Калі раней крычалі: давай нам расейскі рубель, бо гэта выгадней, то сёньня мазгамі раскінулі й кажуць: а вы ведаеце, няхай больш кволая нашая валюта, але затое-ж свая!"
У сваёй прамове А. Лукашэнка выступіў палкім прыхільнікам беларускага сувэрэнітэту: "Калі мы ўводзім чужую валюту, якое-б пагадненьне мы не заключалі, мы фактычна можам апынуцца ў якасьці другаснай дзяржавы, падпарадкаванай. Можа так адбыцца. Я, як кіраўнік дзяржавы, баюся гэтага і раблю ўсё, каб такога не адбылося. Бо можа стацца так, што мы пойдзем на валюту іншай дзяржавы, грошы будуць там друкавацца, і мы будзем іх адтуль атрымліваць. ...І вось каб не аказацца перад фактам, што у нас няма грошай ці іх бракуе. І што тады зноў, як у савецкія часы, на каленях поўзаць дзесьці ў Цэнтарбанку і прасіць на заробак грошай?"
Тым часам сьмеласьць Лукашэнкі й ягоныя новыя ўмовы пры ўвядзеньні расейскага рубля пачынаюць вылазіць бокам беларусам. У пятніцу, 5-га верасьня, расейскае прадпрыемства "Газпрам" абвесьціла, што з 1-га студзеня 2004-га году перастане пастаўляць газ у Беларусь па ўнутрырасейскіх коштах па 28 даляраў за тысячу кубамэтраў, а будзе па эўрапейскіх, што пацягне за сабою падвышэньне коштаў на жыльлёва-камунальныя паслугі на 30-40%. Так за двухпакаёвую кватэру, у якой прапісаныя тры чалавекі, давядзецца плаціць каля 87 тысяч рублёў у месяц (41 даляр), за трохпакаёвую з чатырма насельнікамі - ад 120 тысяч (57 даляраў). І гэта пры сярэднім заробку беларусаў у 110 даляраў (231 000 беларускіх рублёў).
Былы прэм'ер-міністар краіны Вячаслаў Кебіч вельмі жорстка ацаніў сытуацыю: "Нас чакае суровая і халодная зіма, бяз розьніцы колькі градусаў ніжэй за нуль будзе на вуліцы. Вырастуць цэны на бытавы газ і на ўсе тавары й прадукты без выключэньня. Сакрушальны ўдар будзе нанесены па нашым прымысловым прадпрыемствам".

Мінюст папярэдзіў
Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла пісьмовае папярэжаньне Беларускаму гэльсінскаму камітэту. У лісьце паведамляецца, што БГК карыстаецца блянкам і пячаткай, на якіх назва арганізацыі не адпавядае статутнай. Па словах супрацоўніка Мінюсту Аляксандра Харытона, галоўная прычына папярэджаньня - у адсутнасьці двукосьсяў у назве арганізацыі, прыведзенай на блянку і на пячатцы (!).
БХК аспрэчвае гэтыя закіды, заяўляючы, што пячатка была афіцыйна зарэгістравана ў Міністэрстве ўнутраных справаў у 1995-м годзе і з таго часу ніякіх прэтэнзіяў не было. Аднак, згодна з заканадаўствам, у выпадку паўторнага парушэньня, нават пры наяўнасьці памылкі, БХК можа быць ліквідаваны.
Мінюст вынес таксама пісьмовае папярэджаньне Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада". Падстава - юрыдычны адрас партыі знаходзіцца ў жылым памешканьні, а мусіць, паводле заканадаўства, - у нежылым.
Лідэр партыі Мікола Статкевіч кажа, што партыйцы спрабавалі неаднаразова знайсьці нежылое памешканьне для разьмяшчэньня штаб-кватэры, аднак раённыя адміністрацыі штораз адмаўлялі. Сацыял-дэмакраты спрабуюць цяпер зарэгістраваць юрыдычны адрас у Берасьці, дзе тамтэйшая суполка якраз і мае офіс у нежылым памешканьні.

Буша дэпартавалі
Які ўжо тыдзень беларускае тэлебачаньне аж заходзіцца ад шчасьця: Буша дэпартавалі! Насамрэч выслалі ня Джорджа (той, мусіць, і ня ведае пра такую падзею), а грамадзяніна Нямеччыны Яна Буша. Гэтага абвінавацілі ў падрыўной дзейнасьці й умяшальніцтве ва ўнутраныя справы Беларусі.
Буш быў другою асобаю ў кіраўніцтве "Маладых сацыялістаў" - маладзёвым крыле Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны.
Паводле зьвестак Цэнтра інфармацыі й грамадзкіх сувязяў КДБ, нямецкі грамадзянін "заклікаў удзельнікаў мерапрыемства да кансалідацыі ў мэтах супрацьдзеяньня кіраўніцтву Беларусі, зьмяненьня ўнутранай і зьнешняй палітыкі краіны". КДБ кваліфікаваў дзеяньні Я. Буша як "скіраваныя на стварэньне перадумоў да дэстабілізацыі грамадзкай згоды шляхам актывізацыі незарэгістраваных радыкальных арганізацыяў".
Нямецкі сацыял-дэмакрат адкідае абвінавачаньні. Па ягоных словах, сэмінары былі арганізаваныя Фондам імя Фрыдрыха Эбэрта ў Беларусі й адкрытыя для ўсіх, як для прадстаўнікоў апазыцыі, так і ўрадавых арганізацыяў. Праўда, на сэмінары прыходзілі "людзі ў цывільным". Цяпер яны па тэлебачаньні даводзяць: то Буш, калі камусьці дрэнна стала, хуткую дапамогу не выклікаў, то грошы прапаноўваў.

Газэту Старыкевіча аштрафавалі
Праверка незалежнай газэты "Салідарнасьць" камітэтам дзяржкантролю адбылася адразу пасьля таго, як газэта аддала свае бачыны супрацоўнікам зачыненай "Белорусской деловой газеты". КДК капаў, капаў і накапаў. "Салідарнасьць" аштрафаваная на 4 млн. рублёў, бо ў гэтым выданьні не ўказаныя час заснаваньня газэты, а таксама яго памеры ў друкаваных аркушах. Галоўны рэдактар Аляксандар Старыкевіч паказваў выпуск "Советской Белоруссии", дзе таксама няма ніякіх зьвестак, аднак гэта не дапамагло. Як кажуць у Беларусі, жонка Цэзара па-за падазрэньнем.
Тым часам пасьля трохмесячнага перапынку аднавіла выхад "Белорусская деловая газета". Нагадаем, што Міністэрства інфармацыі ў канцы траўня прыпыніла ліцэнзію на тры месяцы. Тэрмін забароны скончыўся, і БДГ зноў выходзіць. Пакуль два разы на тыдзень ды друкуецца ў Смаленску.

Аднавілі рэгістрацыю
"Беларус" ужо паведамляў пра тое, што аднавіла выданьне газэта "Дзень". А 26-га жніўня Міністэрства інфармацыі перагледзела рашэньне аб скасаваньні рэгістрацыі. Загад аб ануляваньні рэгістрацыйнага пасьведчаньня падпісаў колішні міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны (з пачатку жніўня прызначаны новы міністар - Ул. Русакевіч).
Паводле беларускай законапрактыкі, рэгістрацыя касуецца, калі газэта не выходзіць на працягу году. Апошні нумар выйшаў 25-га ліпеня 2002-га году Таму 25-га ліпеня 2003-га году і выйшаў загад аб адмене рэгістрацыі. Аднак першы нумар адноўленага "Дня", прысьвечаны Васілю Быкаву, выйшаў 23-га ліпеня. Супрацоўнікі газэты падалі на перагляд і прадаставілі гэты нумар.
І вось празь месяц прынята станоўчае рашэньне. Генадзь Барбарыч у інтэрв'ю Радыё Свабода зазначыў, што такая цяганіна адмоўна адбілася: "Амаль месяц газэта была ў "прастоі". Зразумела, тут і матэрыяльныя, і маральныя страты. Бо мы гэты месяц маглі-б выходзіць, а нас няма... Нас зноў забываюць. Тым больш крыўдна, што гэта здарылася з нумарам, прысьвечаным Васілю Быкаву. Мы меркавалі распаўсюдзіць газэту на саракавіны ягонай сьмерці". Галоўны рэдактар таксама спрагназаваў, што цяжкасьці яшчэ наперадзе. Наступны нумар супрацоўнікі рэдакцыі, а гэта збольшага былыя журналісты горадзенскай "Пагоні", плянуюць выпусьціць у гэтым месяцы.

Арыштавалі юнака
25-га жніўня ў цэнтры Менску пры спробе правесьці пікет на Кастрычніцкім пляцы затрымалі актывіста Маладога Фронту Барыса Гарэцкага. Правядзеньне пікету было прымеркаванае да чарговых угодкаў наданьня канстытуцыйнага статусу дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце (25-га жніўня 1991-га году).
Гарэцкага адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, дзе забралі плякаты "Не - расейскаму рублю", "Моладзь - за незалежнасьць", а таксама тэкст звароту "Маладога Фронту". Непаўналетняга Б. Гарэцкага пратрымалі ў РУУС каля чатырох гадзінаў, пасьля чаго без складаньня пратаколу адпусьцілі.

Пікет у абарону незалежнасьці
8-га верасьня незарэгістраваная Беларуская партыя свабоды зладзіла ля расейскай амбасады пікет. Акцыя была прымеркаваная да Дня беларускай вайсковай славы, а таксама 4-х угодкаў пачатку Другой чачэнскай вайны. Удзельнікі акцыі трымалі плякаты "Наш вораг - расейская імпэрабюракратыя", "Масхадаў - адзіны законны прэзыдэнт Чачэнскай Рэспублікі", патрабавалі вывесьці з тэрыторыі Чачні й Беларусі ўсе расейскія войскі.
Акцыя доўжылася няшмат часу. Сябры БПС Юрась Данілаў, Васіль Парфянкоў і старшыня партыі Сяржук Высоцкі былі затрыманыя міліцыяй і дастаўленыя ў пастарунак.

Баршчэўскі - старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру
3-га верасьня агульны сход сябраў Беларускага ПЭН-цэнтру абраў перакладчыка, эсэіста і палітыка Лявона Баршчэўскага старшынём арганізацыі. Дагэтуль прэзыдэнтам ПЭН-цэнтру быў Васіль Быкаў.
На думку Баршчэўскага, асноўныя задачы арганізацыі на найбліжэйшы час наступныя: абарона свабоды слова ды пашырэньне ведаў пра беларускую літаратуру ў сьвеце, арганізацыя працы па перакладах пісьменьнікаў з выхадам на замежныя ўплывовыя выдавецтвы, а таксама барацьба з цэнзураю і самацэнзураю пісьменьнікаў, асабліва маладых.

Сярэдні заробак $110
Беларусь займае трэцяе месца ў краінах Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў па ўзроўні заробкаў. Такія зьвесткі распаўсюдзіў Міждзяржаўны статыстычны камітэт СНД.
Так, у першым паўгодзьдзі 2003-га году сярэднямесячны заробак (з улікам налічаных, аднак ня выплачаных сумаў - так званымі "бруднымі") склала ў Беларусі 231 тысячу беларускіх рублёў, ці 110 даляраў ЗША. На першым месцы ідзе Расея - 167 даляраў (5 054,5 руб.), на другім Казахстан - 149 (22 000 тэнге). За Беларусьсю ідзе Ўкраіна - 80 даляраў (424 грыўны), Азэрбайджан - 76 (373 500 манатаў), Малдова - 57 (803 леі), Арменія - 51 (30 000 драмаў) і Таджыкістан - 13 (40 самоні). Зьвестак па Туркмэністане, Грузіі, Узбэкістане ды Кыргызіі няма.
У краінах Балтыі - Эстоніі, Латвіі, Летуве - заробкі куды большыя за беларускія.
Уласны карэспандэнт

Дзень Беларускай Вайсковай Славы
Сёлета на Крапiвенскiм полi пад Воршаю, дзе 489 гадоў таму адбылася перамога беларускага войска пад бел-чырвона-белымi сьцягамi, прайшоў традыцыйны фэст. Гiстарычнае поле стала агульнанацыянальным цэнтрам сьвяткаваньняў.
Ля памятнага крыжа прайшла грэка-каталiцкая Багаслужба. Каля паўтысячы чалавек зь Менску, Воршы, Баранi, Вiцебску, Магiлёва, Барысава, Крупак сталi гледачамi й удзельнiкамi бардаўскага спабору, рыцарскiх двубояў, паэтычных чытаньняў.
Выступiлi знаныя барды Зьмiцер Бартосiк, Пётра Русаў, Зьмiцер Сiдаровiч, Iгар Мухiн-Рабянок, паэт Андрэй Хадановiч. У спаборы маладых перамагла Тацьцяна Барысiк з Магiлёву, якая атрымала "Залатую карону" фэсту.
Прэс-рэліз Партыі БНФ

Дж. Крол у Менску
3-га верасьня ў Менск прыляцеў новы амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол. Першае слова, якое пачулі ад амбасадара Крола журналісты, было беларускім: "Прывітаньне!"
Менскія журналісты таксама сказалі амэрыканскаму амбасадару "прывітаньне", а пасьля гэтага пачулі ад яго цалкам беларускамоўную прамову на 2 хвіліны, якую Джордж Крол рабіў без паперкі: "Шаноўнае спадарства! Вельмі дзякую за гэты цёплы прыём. Упершыню я пазнаёміўся зь Менскам і яго навакольлем у студзені 1992-га году і спаткаў тут першых знаёмых у Менску, калі я дапамагаў усталяваць першыя дыпляматычныя, афіцыйныя адносіны паміж Злучанымі Штатамі Амэрыкі й Беларусьсю".
Амбасадар Крол дадаў, што нягледзячы на тое, што ён ўжо раней працаваў у Менску, ён спадзяецца, што зможа больш даведацца пра краіну. Джордж Крол скончыў Гарвардзкі й Оксфардзкі ўнівэрсытэты, быў дырэктарам аддзелу расейскіх справаў Дзярждэпартамэнту ЗША, працаваў у амбасадах ЗША ў Кіеве ды Маскве, прычым у сталіцы Расеі з 1999 да 2002 году ён быў дарадцам-пасланьнікам у палітычных пытаньнях. Новы амбасадар паводле афіцыйнай біяграфіі, валодае расейскай і польскай мовамі, але гэта не перашкодзіла яму ўпэўнена заявіць у канцы прамовы па-беларуску: "Я адчуваю сябе як дома".
Радыё "Свабода"