Беларусь за месяц

Маёмасьць бацькоў Севярынца апісалі
У бацькоў лідэра Маладога фронту Паўла Севярынца апісалі маёмасьць. Хоць штраф у 300 мінімальных заробкаў (1800 даляраў ЗША) за ўдзел у Акцыі любові Паўлу прысудзілі ў Менску, дзе была акцыя, гэта ніколькі не пашкодзіла судовым выканаўцам апісаць маёмасьць бацькоў, якія жывуць у Віцебску. Апісвалі яе ў адсутнасьць гаспадароў, калі ў кватэры знаходзілася іх дачка з маленькім сынам. Апісалі ўсё: ад тэлевізара да ложка. Севярынцы-старэйшыя маюць зьвярнуцца ў пракуратуру, бо Паўлу ў кватэры нічога не належыць.

Перасоўны шклоўскі тэатар абсурду
14-га сакавіка скончыўся суд над шклоўскімі актывістамі: Міхасём Кісялёвым, Максімам Патупчыкам, Алесем Паўлові-чам, Дзянісам Сенакосавым, Зьмітром Шалашковым. Сутнасьць справы найлепей праі-люструе судовы дакумэнт.
"Працягваючы свае злачынныя дзеі ў мэтах рэалізацыі задумы, накіраванае на прыні-жэньне гонару і годнасьці Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі Лукашэнка А.Р., Паўловіч А.В., на твары якога была апранутая маска, імітуючая твар Прэзыдэнта, выдаючы сябе за ўказанага главу дзяржавы, увайшоў у гандлёвую залю крамы №36, якая знаходзіцца ў вёсцы Гарадзец, і, зьвяртаючыся да прысутных там грамадзянаў, сказаў: "Вы што мяне не пазналі? Я - Ваш Прэзыдэнт". Пасьля чаго ў гандлёвую залю ўвайшлі Патупчык М.Я. і Кісялёў М.М., якія, выдаючы сябе за мэдыцынскіх работнікаў, загадзя ведаючы, што за іх дзеяньнямі назіраюць пабочныя асобы, са словамі: "Убярэм псіха" завялі Паўловічу А.В. рукі за сьпіну і вывелі з крамы".
"Чалавек у масцы", ходзіў па вуліцах Гарадца, агітаваў, абяцаў давесьці заробак да 100 даляраў, зьнізіць цэны, пасадзіць усіх жулікаў, прадпрымальнікаў і тых, хто ня будзе за яго галасаваць. Маладых людзей затрымала міліцыя. Спачатку вырашылі аформіць як дробнае хуліганства, але потым пракуратура завяла справу за абразу Прэзыдэнта.
У судзе сьведкі блыталіся, давалі розныя паказаньні, а дзьве бабулькі, 1917-га і 1920-га гадоў народжаньня заявілі, што падпісвалі пратакол, не чытаўшы. Маўляў, сваёй міліцыі яны давяраюць. Паўловічу і Патупчыку, як непаўнагадовым, далі па 20 мінімальных заробкаў штрафу, астатнім па 100 мінімальных заробкаў. Ужо пасьля суду Патупчыка адлічылі з трэцяга курсу Магі-лёўскага палітэхнічнага тэхні-кума. Цікава, што падчас пэрфомансу вяскоўцы думалі, што гэта артысты прыехалі.

Пэнсія Шушкевіча
Пэнсія першага сьпікера незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіч трохі меншая за 2 даляры (3196 рублёў). Яе налічылі ўказам прэзыдэнта Беларусі ў 1996-м годзе, калі яна складала - блізу 200 даляраў. Але ўказ не прадугледжваў індэксацыю ў выпадку інфляцыі. І цяпер праз пяць з паловаю годоў гэтыя 3190 рублёў не дацягваюць і да двух даляраў. Шушкевіч падаў у суд на міністэрства пэнсій і сацыяльнай абароны. Аднак 12-га сакавіка суд адхіліў пазоў. Пэнсію пакінулі той-жа самай. Сярэдняя пэсія ў Беларусі складае 82 тыс. рублёў (48 даляраў). Былыя калгасьнікі атрымліваюць і таго меней, каля 50 тыс. рублёў.

Магутны Божа ў другі тур не прайшоў
10-га сакавіка адбыўся Ўрачысты сход нацыянальнай інтэлігенцыі, на якім абмяркоўвалася справа нацыянальнага гімну. Прысутнічалі: старшыня Саюзу Беларускіх Пісьменьнікаў Вольга Іпатава, мастак Мікола Купава, гісторык Анатоль Грыцкевіч, Сяржук Сокалаў-Воюш, лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец і старшыня БНФ Вінцук Вячорка і інш. Як і меркавалася, перамог "Магутны Божа" Н. Арсеньневай і М. Равенскага. Ён набраў 63 галасы з 133. Кант-гімн з "Полацкага сшытку" сабраў 29 галасоў, "Пагоня" - 19, "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" - 23. "Радзіма мая дарагая" - 1.
Але камісія па гімну, узначаленая віцэ-прэм'ерам Уладзімерам Дражыным, не прыслухалася да голасу інтэлігенцыі. 27-га сакавіка абвесьцілі папярэднія вынікі конкурсу. Было пададзена 400 варыянтаў, зь іх больш за 100 варыянтаў на музыку Нестара Сакалоўскага, і каля 30 варыянтаў па-расейску.
У другі тур прайшлі "Радзіма мая дарагая" на музыку Уладзімера Алоўнікава і словы Алеся Бачылы, "Красуй, Беларусь" Васіля Раінчыка на словы Леаніда Пранчака і два варыянты на музыку Нестара Сакалоўскага. Як патлумачылі "эзопавай мовай" у вячэрняй "Панараме" камісія вырашыла не прапускаць у наступны тур варыянт "з выразнай рэлігійнай афарбоўкай, які грэбуе іншымі канфэсіямі" ("Магутны Божа"), "песьню, што прапагандуе гвалт" ("Мы выйдзем шчыльнымі радамі"), "варыянт, што зьяўляецца залішне асабістай песьняй" ("Пагоня"). Пачакаем наступнага туру.

Вандалы
На найстарэйшых могілках Берасьця Трышынскіх, вандалы разбурылі 30 помнікаў. Аднаго з вандалаў затрымалі, гэта беспрацоўны 20-гадовы маладзён. А ў Полацку на могілках мясцовыя вандалы разбурылі 85 помнікаў, сярод іх помнік героям-вызваліцелям гораду.

У Дзень Волі Клімаў атрымаў волю
25-га сакавіка выйшаў на свабоду прадпрымальнік Андрэй Клімаў. Ён быў асуджаны ў лютым 1998-га году за эканамічныя злачынствы на 6 год. Увосень 1996-га году дэпутат Вярхоўнага Савету Клімаў падчас супрацьстаяньня парляманту і прэзыдэнта заклікаў нават арыштаваць Лукашэнку. Вось і адпомсьцілі. На імпрэзе ў Доме вэтэранаў з нагоды Дня Волі Андрэй Клімаў заявіў: "Цяпер я бачу і веру ў тое, што ў Беларусі ёсьць каму адстойваць яе незалежнасьць, ёсьць каму змагацца за эканамічны росквіт. Нам ёсьць куды ісьці, нам ёсьць што вымятаць з нашага дому. Жыве Беларусь!"