БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

Ліцэйскія навіны
"Малады Фронт" сабраў для навучэнцаў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа каля 200 кніг па розных дысцыплінах, у тым ліку па беларускай мове і літаратуры, а таксама творы літаратурных клясыкаў. Малайцы - гэта куды лепей за бясконцыя факсы ў падтрымку ліцэю.
Як неаднаразова пісаў "Беларус", урад указам ад 25-га чэрвеня зачыніў установу, ператварыўшы яе ў Менскі гуманітарны ліцэй (МГЛ). Але МГЛ так і ня быў створаны, і дзецям было "рэкамэндавана разысьціся" па гарадзкіх школах.
"Коласаўцы" вырашылі не здавацца і працягваць навучаньне разам з выкладчыкамі. Але з той прычыны, што будынак ліцэю забралі "для правядзеньня рамонтных работ", першы тыдзень верасьня заняткі праводзіліся на чыстым паветры ля стадыёна "Дынама", што насупраць будынку ліцэю.
З пахаладаньнем навучэнцы мусілі перайсьці ў памяшканьні, якія ім выдзелілі грамадзкія арганізацыі й партыі. Але пасьля таго, як у газэтах зьявіліся новыя адрасы заняткаў, гарадзкія ўлады зрабілі захады па выцясьненьні адтуль ліцэістаў. Спачатку, вучняў папрасілі з Чырвонага касьцёла, а потым ў бібліятэцы Дома літаратараў, дзе праводзіліся заняткі, урэзалі новыя замкі. Хітрэйшым аказаўся лідэр Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў. Ён прыняў усіх ліцэістаў у сваю арганізацыю і цяпер, вынікае, у сьценах гэтай установы праводзяцца не школьныя заняткі, а сходы маладзёвай суполкі ТБМ.

Зьезд ТБМ
Тым часам на 12-га кастрычніка ў Менску заплянаваны VIII-ы зьезд Таварыства Беларускай Мовы. У ім будуць браць удзел прадстаўнікі каля шасьці дзесяткаў зарэгістраваных рэгіянальных структураў таварыства і прыкладна столькі-ж незарэгістраваных. Усяго мяркуецца ўдзел 200 дэлегатаў і гасьцей.
На форуме падвядуць вынікі працы за два з паловаю гады, што прайшлі з часу VII-га зьезду (травень 2001), ды абяруць новае кіраўніцтва. Калі ня ўлічваць няяснай сваімі палітычнымі мэтамі Лібэральна-дэмакратычнай партыі і дзьвюх партый камуністаў (лукашысцкай і калякінцаў), з дэмакратычных арганізацый ТБМ мае найбольшую колькасьць сябраў (каля 7 тысяч чалавек). Гэта больш, чым у любой з дэмакратычных партыяў. Колькасьць сябраў у Партыі БНФ, КХП-БНФ, АГП, дзьвюх сацыял-дэмакратычных партый вагаецца ад 1.000 да 3.000 чалавек (у кожнай зь іх). Ды й у рэгіёнах тэбээмаўцы карыстаюцца большым даверам у грамадзянаў, чым розныя партыйцы ці прадстаўнікі трэцяга сектару.

Музэй Грахоўскага
27-га верасьня ў Глуску, што ў Магілёўскай вобласьці, адкрыўся музэй беларускага паэта Сяргея Грахоўскага (1913-2001). Ён адкрыўся ў школе №1, якой прысвоена імя літаратара. Менавіта сюды ў 1914-м годзе пераехалі бацькі з маленькім Сержуком. Ушаноўвалі памяць паэта мясцовыя улады, а адкрыцьцё музэю стала магчымым дзякуючы ініцыятыве мясцовага журналіста Навума Сандамірскага, а таксама ўраджэнца мястэчка, менскага мастака Вячаслава Захарынскага, зь дзяцінства ўлюбёнага ў вершы Грахоўскага.

"Мясцовы час" зьліквідавалі
Ціск на незалежную прэсу працягваецца. Так, 23-га верасьня Менскі абласны гаспадарчы суд прыняў рашэньне аб ліквідацыі таварыства з абмежаванай адказнасьцю "Мясцовы час - прэс " (выдаўца газэты "Мясцовы час"). Пазоў аб ліквідацыі быў накіраваны ў суд Менскім аблвыканкамам.
Пазоў грунтаваўся на пазыцыі інспэкцыі Міністэрства па падатках і зборах Меншчыны. Падаткавікі мяркуюць, што "Мясцовы час - прэс" своечасова ня ўнёс у статутныя дакумэнты інфармацыю пра зьмену свайго юрыдычнага адрасу. На працягу 10 дзён можна падаць касацыйную скаргу, аднак, на думку журналістаў газэты, шанцаў перамагчы дзяржаву няма.
У пачатку кастрычніка Міністэрства інфармацыі прыняло рашэньне аб прыпыненьні ліцэнзіі на тры месяцы "Новай газэты Смаргоні", пра злыбеды якой мы неаднаразова пісалі. Заснавальнік і выдавец газэты Рамуальд Улан абяцае не здавацца, а прыдумаць нешта надалей.

10 сутак арышту
Лідэра Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука 18-га верасьня засудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, хоць ён не лаяўся, у пікеце не стаяў, тралейбусы не пераварочваў, аплявуху судзьдзі не даваў. Падставаю для арышту стала "непавагі да суду". Лідэр БКДП надрукаваў у "Народнай волі" 21-га жніўня артыкул "Пірава перамога, альбо хроніка пікіруючага бамбардзіроўшчыка", у якім ішла размова пра рашэньне ўладаў ліквідаваць Беларускі прафсаюз авіядыспэтчараў. Ярашук назваў гэты судовы працэс "спэктаклем з загадзя ведамым фіналам". Што і стала падставаю для 10 сутак.
Адседзеў іх апальны прафсаюзны лідэр на славутым Акрэсціна ў Менску, а ў ягоную абарону выступілі шматлікія міжнародныя арганізацыі.

"Народную волю" аштрафавалі
Прыкладна, у жніўні пры беларускім тэлебачаньні быў створаны юрыдычны аддзел. Мэта дзейнасьці, сярод іншага, - "змаганьне супраць рознага бруду, што выліваецца на БТ з друкаваных мэдыяў" (натуральна, недзяржаўных). І вось напрыканцы верасьня, зьявілася "першая ластаўка". Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў зьвярнуўся ў суд і запатрабаваў з "Народнай волі" 200 мільёнаў рублёў (а гэта каля $100 000) кампэнсацыі за абразу ягонага гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі, а з журналісткі выданьня Марыны Коктыш і тэлезоркі Элеаноры Язерскай па 20 млн. рублёў ($10 000).
Падстава - артыкул Марыны Коктыш, надрукаваны яшчэ ў кастрычніку 2001-га году (!), пад назваю "Элеанора Язерская: пяць пудоў каханьня я гарантую". Сп-ня Язерская згадала ў тым артыкуле сваю колішнюю перадачу на БТ "Музычны салён" і зазначыла, што ейная перадача была зачыненая праз трох чалавек, якія "ўмудрыліся ператварыць тэлебачаньне ў руіны. Іх прозьвішчы, на мой погляд, ужо ведае ўся краіна - Рыбакоў, Хрусталёў і Дамарацкі (апошнія два тэлевядучыя беларускіх каналаў - заўвага газэты "Беларус")... На сумленьні гэтых людзей сёньня, кажуць, ня толькі сьмерць юнай і таленавітай Юліі Касмачовай, але і экс-старшыні тэлерадыёкампаніі, найсумленнага і годнага чалавека Валерыя Скварцова".
Напачатку Рыбакоў патрабаваў даць абвяржэньне, але потым перадумаў і вырашыў узяць грашыма. Суд аднак зьлітаваўся і прысудзіў "Народнай волі" 2 тысячы даляраў штрафаў, журналістак абавязалі выплаціць па 500 даляраў.
БТ-ж абяцае не спыняцца на дасягнутым, на чарзе пазовы да "Белорусской деловой газеты", камуністычнага "Мы и время", "Белорусской газеты", а таксама некалькі пазоваў той-жа "Народнай волі".
Між тым, з 1-га кастрычніка павялічылася базавая велічыня. Яна вырасла з 14.000 да 16.500. Вырастуць і штрафы.

"Пагоня" ў інтэрнэце
Пасьля вымушанага перапынку аднавіўся он-ляйн горадзенскай "Пагоні" (www.pahonia.promedia.by). "Пагоняўцы" абяцаюць паведамляць пра ўсе значныя падзеі на Горадзеншчыне, а таксама аб эканамічным, культурным і палітычным жыцьці ў абласным цэнтры. Шмат увагі навінам у суседзяў - у Польшчы й Летуве - праз прызму беларускага інтарэсу.

Акцыя пратэсту
Раніцай 25-га верасьня актывісты няўрадавых арганізацыяў зладзілі пад сьценамі Міністэрства юстыцыі ў Менску 30-хвілінную акцыю, пратэстуючы супраць ліквідацыі аб'еднаньняў "трэцяга сэктару" Акцыю арганізавала Асамблея няўрадавых арганізацыяў Беларусі, а ўдзел узялі каля 50 сябраў праваабарончага цэнтру "Вясна", супраць якога пададзены пазоў аб закрыцьці, і ўжо зачыненых арганізацыяў: "Ратушы", Прававой дапамогі насельніцтву, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, Маладзёжнага інфармацыйнага цэнтру, гомельскіх "Грамадзянскіх ініцыятываў", грамадзкага цэнтру імя Філоны Кміты (Ворша).
Людзі стаялі ў поўнай цішыні ў белых накідках, на якіх былі напісаныя зьліквідаваныя арганізацыі ды тыя, пазовы ў дачыненьні якіх пададзеныя ў суд. Пратэстанты стаялі, стварыўшы жывы калідор, сустракаючы вачыма работнікаў Міністэрства.

Воўчака зьбілі
У канцы верасьня быў учынены напад на ведамага праваабаронцу Алега Воўчака. Дарэчы, ачольваная ім арганізацыя "Прававая дапамога насельніцтву" нядаўна была зачыненая за парушэньне статуту і г. д. Воўчак выходзіў з машыны, калі да яго падышоў незнаёмы й пачаў абражаць. Праваабаронца зрабіў яму заўвагу, але мужчына палез з кулакамі, ударыў Воўчака ў твар, парваў куртку, а потым зьбег на машыне.
Праваабаронца мяркуе, што напад не выпадковы: "Ідзе фізычнае зьнішчэньне праваабаронцаў, хочуць ня толькі юрыдычнага статусу пазбавіць, але і фізычна зьнішчыць. Паводзіны хулігана былі неадэкватнымі, ён адчуваў упэўненасьць і беспакаранасьць".

Прэзэнтацыя новай бібліяграфіі
26-га верасьня ў Менску ў бібліятэцы Дома літаратара адбылася прэзэнтацыя бібліяграфіі Вітаўта і Зоры Кіпеляў "Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе. Асобныя выданьні". Маленькае памешканьне не зьмясьціла ўсіх ахвотных, і людзі стаялі шчыльным колам ці сядзелі на падлозе.
Перад прысутнымі выступіў сам Вітаўт Кіпель, які прыляцеў дзеля прэзэнтацыі ў Беларусь. У выступе сп. Кіпель распавёў пра 45-гадовую гісторыю стварэньня бібліяграфіі й прынцыпы адбору выданьняў. З прывітальным словам выступілі пісьменьнік Уладзімер Арлоў, гісторык Віталь Скалабан, паэт Ніл Гілевіч загадчыца беларускага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Людміла Рабок, старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч. Вёў імпрэзу паэт і крытык Міхась Скобла. Пры канцы імпрэзы было прынятае рашэньне аб прыняцьці Вітаўта і Зоры (пасьмяротна) Кіпеляў у Саюз пісьменьнікаў.
Пры канцы імпрэзы да сп. Кіпеля выстраілася жывая чарга па аўтографы.
Уласны карэспандэнт