БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

Дзяды ў Барысаве
Дзень памяці продкаў у Барысаве пачалі адзначаць яшчэ зь вечара 1-га лістапада. У барысаўскіх Курапатах - месцы расстрэлу бальшавікамі ў 20-30-я гады мясцовых жыхароў - сабраліся прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў. У памяць пра закатаваных тут 1200 чалавек яны паставілі на беразе Бярэзіны бярозавы крыж, падперазаны нацыянальным сьцягам.

Канфэрэнцыя
1-га лістапада ў Менску адбылася канфэрэнцыя "Змагары за веру сустракаюцца з моладзьдзю" зладжаная "Маладым Фронтам". У сустрэчы ўзялі ўдзел вернікі-пратэстанты: Уладзімер Канатуш і пастар Эрнэст Сабіла, што некалькі гадоў адседзелі ў сталінскіх лягерох. Госьці распавялі пра свае "турэмныя ўнівэрсытэты", пра тое, што, нягледзячы на невыносныя ўмовы ўтрыманьня, яны ня здрадзілі хрысьціянскім ідэалам.
Арганізатары канфэрэнцыі абяцаюць, што надалей будуць ладзіцца сустрэчы з каталікамі, праваслаўнымі, уніятамі - пакутнікамі за веру.

У Курапатах
Раніцаю 2-га лістапада ў Курапатах адбылася акцыя "Сход патрыётаў", арганізаваная Беларускай партыяй свабоды. Сярод іншых у сходзе ўзялі ўдзел асобы, палітычную прыналежнасьць якіх цяжка акрэсьліць: лідэр "Маладога фронту" Павал Севярынец, які пакінуў шэрагі БНФ увосень; выключаны з БНФ Вячаслаў Сіўчык, старшыня дабрачыннага фонду "Дзецям Чарнобыля" Генадзь Грушавы, дырэктар Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю Уладзімер Колас.
Агульная акцыя "Дзяды" была праведзена традыцыйна. Яе заяўнікамі выступілі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валер Буйвал і Алесь Чахольскі. Да акцыі таксама далучыліся сябры Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада), сябры "Маладога фронту", "Хартыі-97", прадстаўнікі менскай інтэлігенцыі - усяго каля 500 чалавек. Не было заўважана хіба сябраў Аб'еднанай грамадзянскай партыі з Анатолем Лябедзькам на чале.
Удзельнікі акцыі прайшлі ад станцыі мэтро "Парк чалюскінцаў" да ўрочышча, дзе быў зладжаны невялікі мітынг. Па дарозе да Курапатаў спыніліся насупраць Усходніх могілак, каб згадаць разагнаныя Дзяды ў 1988-м годзе дайшлі На мітынгу выступіў намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі, які зачытаў факс ад Зянона Пазьняка, які цяпер на выганьні. Выступілі таксама намесьнік старшыні КХП-БНФ Уладзімер Папкоў, старшыня ТБМ Алег Трусаў і лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка, які ў сваёй прамове заўважыў, што беларусы мусяць яднацца, прынамсі, два разы на год - на Дзень Волі й на Дзяды.
Добра, каб так было надалей, бо сёлетні Дзень Волі прайшоў разьеднана.

Апазыцыя дзеліцца
1-га лістапада ў Беларусі быў створаны чарговы грамадзка-палітычны рух - Эўрапейская кааліцыя "Свабодная Беларусь". Ініцыятарам стварэньня стаў лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч. Кааліцыю стварылі 22 аб'еднаньні: блёк "Свабодная Беларусь", складзены з актывістаў "Хартыі-97", Партыя жанчын "Надзея", шэраг моладзевых, жаночых і прадпрымальніцкіх арганізацыяў. Таксама да кааліцыі далучыўся "Малады фронт" на чале з Паўлам Севярынцам.
Асноўная мэта стварэньня "Свабоднай Беларусі" - "інтэграцыя Беларусі ў Эўразьвяз, садзейнічаньне фармаваньню ў Беларусі дэмакратычнай дзяржавы й адкрытага грамадзтва".
Зазначым, што некалькімі месяцамі раней была створаная "пяцёрка" - блёк, што складаецца з Аб'еднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускае партыі працы, Беларускае сацыял-дэмакратычнай Грамады (ня блытаць з Народнай Грамадой!) і Партыі камуністаў Беларусі. "Пяцёрка" дамовілася супольна браць удзел у парлямэнцкіх выбарах 2004-га году, а магчыма, і прэзыдэнцкіх.
Не сакрэт, што Мікола Статкевіч марыць бачыць сябе другім прэзыдэнтам Беларусі. Але навошта бясконца драбіць і без таго маласільную апазыцыю на бясконцыя кааліцыі?

А дэпутаты гуртуюцца
Пры канцы кастрычніка ў Менску дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня (дзеіў у 1995-96-х гадох), групы "Рэспубліка" зь сёньняшняга парлямэнту, а таксама Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў дамовіліся пра супрацоўніцтва. Галоўнаю мэтаю яны лічаць "кансалідацыю намаганьняў дэмакратычна настроеных дэпутатаў усіх узроўняў напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 2004-га году". Старшыня Аб'еднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падчас сустрэчы заўважыў, што менавіта такое аб'еднаньне ёсьць адной з умоваў перамогі на выбарах у парлямэнт, і досьвед аб'еднаньняў ёсьць - удзел у прэзыдэнцкай кампаніі 2001-га году. Праўда, прызнаў Лябедзька, праз асабістыя амбіцыі палітыкаў тое аб'еднаньне адбылося занадта позна.
Такім чынам, шырокі спэктар незалежных палітычных партый і рухаў мае намер браць удзел у выбарах у парлямэнт, бо гэта ў цяперашніх варунках адзіны рэальны шанец уплываць на сытуацыю ў краіне.

Зьезд казакоў
25-га кастрычніка ў Менску, у Цэнтральным доме афіцэраў, адбыўся Зьезд Усебеларускага аб'еднанага казацтва (УАК).
Удзельнікі гэтага зьезду-фарсу запатрабавалі ад ураду краіны гарантый і фінансавых ільготаў казацкаму самакіраваньню ў Беларусі. А таксама паабяцалі аднавіць дзяржаўны статус беларускага казацтва (калі-ж цікава яно мела дзяржаўны статус?) і дабіцца стварэньня Савета па справах казацтва пры прэзыдэнце Беларусі (!).
Сход казакаў блаславіў сам мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт, прыслаўшы адпаведнае пасланьне. А на ўваходзе ў залю кожны ўдзельнік зьезду атрымаў падарунак ад менскай крамы "Праваслаўная кніга". У падарункавы набор уваходзілі некалькі нумароў праваслаўнай антысэміцкай газэты "Русский вестник", а таксама кнігі "Молебное пение о спасении Православного отечества нашего Российского и народа нашего от богоборческого ига жидовского и обольщения близ грядущего антихриста", "Попрание прав человека в США", "Что есть православие?".

Зачынілі "Вясну"
28-га кастрычніка рашэньнем Вярхоўнага суду Беларусі быў ліквідаваны праваабарончы цэнтар "Вясна", найбуйнейшая арганізацыя, што бараніла правы грамадзян. Пазоў на ліквідацыю быў пададзены Міністэрствам юстыцыі, якое зьвінаваціла арганізацыю ў фальсыфікацыі рэгістрацыйных дакумэнтаў, неадпаведнасьць рэспубліканскаму статусу (адсутнасьць Менскай гарадзкой суполкі), парушэньні заканадаўства падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001-га году і абароне ў судзе інтарэсаў грамадзян, што зьяўляюцца сябрамі арганізацыі.
Судзьдзя Валянціна Кулік, што вяла паседжаньне, адкінула першыя два абвінавачаньні й абарону нечальцоў "Вясны" як несур'ёзныя. А вось удзел у прэзыдэнцкай кампаніі пацягнуў за сабою закрыцьцё арганізацыі.
У зале суду ў знак пратэсту старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, юрысты Уладзімер Лабковіч, Валянцін Стафановіч і яшчэ 5 чалавек падчас абвяшчэньня прысуду з крыкамі "Ганьба!" і "Вясна!" паселі на падлогу і адмовіліся пакідаць пакой. Яны знаходзіліся ў зале тры гадзіны, а потым іх даставілі ў міліцэйскі пастарунак.
На наступны дзень "вясноўцаў" аштрафавалі за непадпарадкаваньне прадстаўнікам улады. Алеся Бяляцкага, Уладзімера Вялічкіна, Алега Жлутку, Аляксея Колчына, Міколу Лемяноўскага, Зьмітра Салаўёва, Валянціна Стафановіча аштрафавалі на пяць базавых велічыняў (прыкладна 4 амэрыканскія даляры). Уладзімер Лабковіч быў аштрафаваны на 10 велічыняў, відаць з-за таго, што патрабаваў перакладчыка з расейскай мовы, які так і ня быў выдзелены.

...і ня толькі "Вясну"
5-га лістапада судзьдзя Менскага гарадзкога суду Галіна Глухоўская палічыла слушнымі два папярэджаньні, высунутыя упраўленьнем юстыцыі Менгарвыканкаму грамадзкаму аб'еднаньню "Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў".
У першым папярэджаньні адзначалася, што супрацоўнікі арганізацыі заміналі работнікам Мінюсту, калі тыя праводзілі праверку арганізацыі "Next stop - New Life". Другое папярэджаньне было вынесена за тое, што арганізацыя супрацоўнічала з незарэгістраванай Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і разьмяшчала свае матар'ялы ў часапісе Асамблеі. Супрацоўнікі "прававых дасьледаваньняў" палічылі гэтыя цьверджаньні беспадстаўнымі й падалі скаргу.
Але Менскі гарадзкі суд адхіліў яе, ня ўзяўшы пад увагу аргумэнты сябраў гэтай грамадзкай арганізацыі. Цяпер закрыцьцё "прававых дасьледаваньняў" - справа часу.
Па словах кіраўніка "Незалежнага таварыства прававых дасьледаваньняў" Алены Танкачовай, арганізацыя нягледзячы ні на што будзе працягваць сваю дзейнасьць. Між тым, і за "Вясну" і за "таварыства" заступілася адпаведная камісія Эўразьвязу.

Асудзілі актывіста
Лідэра прафсаюзу аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня (АСМ) Аляксандра Бухвостава затрымалі 30-га кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы Менску за спробу правядзеньня несанкцыянаванага пікету. У акцыі ўдзельнічалі каля 30 чалавек. А. Бухвостаў пасьпеў разгарнуць толькі два плякаты "Пратэстуем супраць парушэння правоў працоўных" і "Пратэстуем супраць парушэння правоў прафсаюзаў". Да яго адоазу падышоў маёр міліцыі й зачытаў дазвол Мінгарвыканкама на правядзеньне пікету ў парку Дружбы народаў, што на плошчы Бангалёр.
А. Бухвостава затрымалі й адвезьлі ў міліцэйскі пастарунак. Пасьля кароткага судовага паседжаньня лідэра прафсаюзу АСМ асудзілі на 10 сутак.

"Новы Мартыралёг"
Магілёўскае грамадзкае аб'еднаньне "Кола сяброў" і тамтэйшая суполка ПЭН-цэнтру абвесьцілі пра стварэньне "Новага Магілёўскага Мартыралёгу".
У "Новым Мартыралёгу" - дзевяць імёнаў магілёўскіх дэмакратаў і праваабаронцаў, якія не дажылі да нашых дзён, зьмешчаныя іх партрэты й кароткія зацемкі пра жыцьцё і дзейнасьць. Сярод іх - Сяргей Абадоўскі, кіраўнік Магілёўскага правабарончага цэнтру, Валер Шатроў, Тамара Раманькова, Натальля Рослава, Аляксандар Александровіч ды іншыя. Нажаль, праз тое, што многія зь іх у апошнія гады жыцьця адышлі ад актыўнай грамадзкай дзейнасьці, то і паміралі ў грамадзкім забыцьці.
Уласны карэспандэнт