БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

Час зьездаў і кадравых перастановак
Сьнежань - гэта ня толькі падрыхтоўка да Калядаў ці Новага году. У гэтым месяцы ў Беларусі ладзяцца зьезды партыяў. Можа гэта і слушна. Можна азірнуцца на мінулы год і заплянаваць нейкія рэчы, у тым ліку і акцыі, на наступны. Ды й марознае надвор'е мабілізуе і не дае расхалодзіцца на лішнія размовы.
Так, у сьнежні прайшлі зьезды Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі - БНФ і Партыі БНФ (падрабязьней пра іх крыху ніжэй. Зазначым, што абодва гэтыя зьезды адбыліся па-за межамі сталіцы, бо адміністрацыя гатэляў ці дамоў культуры, дзе традыцыйна ладзяцца такія форумы, усё часьцей адмаўляецца браць на сябе "адказнасьць". Каб потым ня звольнілі за нацыяналізм.
Адбыўся пазачарговы зьезд у Лібэральна-дэмакратычнай партыі, няяснай сваімі палітычнымі мэтамі. Лідэрам партыі быў пераабраны Сяргей Гайдукевіч, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2001-га году. Апанэнты Гайдукевіча, напэўна, выключаныя са складу ЛДП і будуць ствараць новую лібэральную партыю.
У які раз быў перанесены зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ). На гэтым форуме мусіла прайсьці афіцыйнае далучэньне да партыі колішніх сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), што пакі.-нулі яе шэрагі праз разыходжаньні зь лідэрам "народных грамадоўцаў" Міколам Статкевічам. "Злыя языкі" кажуць, што зьезду БСДГ усяляк працівіцца яе старшыня Станіслаў Шушкевіч - баіцца згубіць свае пазыцыі ў партыі. Бо ў выніку ў кіраўніцтве абноўленай БСДГ Шушкевічам будуць незадаволеныя дастаткова моцныя, па беларускіх мерках, і амбіцыйныя былыя паплечнікі Статкевіча - Анатоль Гурыновіч, Аляксей Кароль, Анатоль Сідарэвіч.
Прайшоў чарговы зьезд Ленінскага камуністычнага саюзу моладзі Беларусі (ЛКСМБ). Камсамольцы зазначаюць, што Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, створаны на дзяржаўныя грошы, сьлепа падтрымлівае антынародны курс Лукашэнкі й не карыстаецца падтрымкаю моладзі. Таксама сябры ЛКСМБ (а іх крыху больш за тысячу) заявілі пра падтрымку кааліцыі "5+" на парлямэнцкіх выбарах у 2004-м годзе.
Для "афіцыйнага" палітычнага жыцьця сьнежань - час "ператрахваньня" ўладных структураў. Вось і гэтым разам Аляксандар Лукашэнка зрабіў "падарункі" насельніцтву да новага году. 24-га сьнежня былі прызначаныя новыя міністры прамысловасьці, сельскае гаспадаркі, эканомікі, а таксама жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Адстаўку былых "нядбайных" міністраў прэзыдэнт матываваў тым, што, маўляў, не на 100 адсоткаў выкладваліся і слаба клапаціліся пра народныя інтарэсы. Цікава, а хто прызначаў тых міністраў?
Атрымаў афіцыйны тытул прэм'ер-міністра і Сяргей Сідорскі. Дагэтуль ён быў выканаўцам абавязкаў кіраўніка ўраду. Нечакана пакуль захаваў сваю пасаду старшыня КДБ Леанід Ерын, ня гледзячы на тое, што падчас наведваньня камітэту дзяржбясьпекі Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў ягоную дзейнасьць. Маўляў, і дзяржаўныя таямніцы прадаюць, і яго мала інфармаюць пра мясцовых ворагаў

Дзень правоў чалавека
10-га сьнежня ў сьвеце адзначылі 55-я ўгодкі прыняцьця Ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека. У беларускай сталіцы грамадзкасьць - прадстаўнікі Аб'еднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Партыі БНФ, "Зубра", "Маладога фронту", "Хартыі-97". ды іншых дэмакратычных арганізацыяў - зладзіла Ланцуг неабыякавых людзей. Ланцуг працягнуўся ўздоўж праспэкта Скарыны, заняўшы квартал ад Кастрычніцкага пляцу да вуліцы Янкі Купалы.
Па сканчэньні акцыі была затрыманая актывістка "Хартыі-97" Натальля Каляда, якая раздавала партрэты зьніклых людзей. Яе прывезьлі ў пастарунак міліцыі, але пасьля таго, як дзяўчына прад'явіла журналісцкае пасьведчаньне, адпусьцілі.

Новая праваабарончая арганізацыя
9-га сьнежня ў Менску быў заснаваны "Праваабарончы альянс Беларусі". Сярод заснавальнікаў ведамыя праваабаронцы, грамадзкія дзеячы, журналісты - Валянцін Голубеў, Павел Мажэйка, Аляксей Марачкін, Мікола Маркевіч, Юлія Чыгір, Алесь Шатэрнік, Васіль Шлындзікаў. Кіраўніком альянсу абралі былую дэпутатку Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Людмілу Гразнову, а ў склад кіраўніцтва праўлення ўвайшлі мастацтвазнаўца Аляксей Хадыка, журналісты Генадзь Барбарыч, Генадзь Кесьнер, Аляксандар Сіліч, адвакат Сяргей Цурко. Арганізацыя мае намер зарэ-гістравацца ў Літве, бо, на думку яе сябраў, у Беларусі зрабіць гэта нерэальна.

Камуністы перамаглі дэмакратаў
Партыя камуністаў Беларусі (ПКБ) - гэта камуністы-антылукашысты, якія ўваходзяць ў дэмакратычны блёк "5+" -перамаглі ў традыцыйным перадкалядным міні-футбольным турніры, што прайшоў 14-га сьнежня ў Менску.
У кубку бралі ўдзел чатыры каманды - вышэйзгаданая ПКБ, Аб'еднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ і каманда журналістаў. Турнір праходзіў па кругавой сыстэме. Вось камуністы-калякінцы (старшынём партыі - Сяргей Калякін) і сьвяткавалі перамогу ва ўсіх трох матчах. Другое месца - у АГП (дзьве перамогі). Партыя БНФ і каманда журналістаў па дзьве сустрэчы прайгралі - і камуністам, і "лябедзькаўцам", - а між сабой згулялі ўнічыю.
А тым часам "чэсныя камуністы", сябры Камуністычнай партыі Беларусі, якія падтрымліваюць адзінаправільную пазыцыю прэзыдэнта Беларусі, - сабраліся на свой зьезд. У рэзалюцыі, прынятай па выніках, пастанавілі змагацца з буржуазіяй, з варожым блёкам НАТО, да самага яго разгрому, мацаваць саюз Беларусі й Расіі й усяляк падтрымліваць палітыку прэзыдэта Беларусі. Кожнаму - сваё.

Зьезд КХП-БНФ
14-га сьнежня прайшоў VIII зьезд Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі - БНФ і руху БНФ "Адраджэньне".
У зьезьдзе, які праводзіўся пад Менскам, узялі ўдзел 146 дэлегатаў. Асноўнай падзеяй зьезду быў даклад старшыні партыі Зянона Пазьняка, які ўжо 7 з паловай гадоў знаходзіцца на выгнаньні. У дакладзе дасталося Расеі, што спрабуе інкарпараваць Беларусь, і кіраўніку місіі Кантрольна-назіральнай групы АБСЭ Гансу Георгу Віку, які ўжо два гады як пакінуў Беларусь - "галоўнаму архітэктару стварэньня грантавай намэнклятурнай "апазыцыі" й разбурэньня Беларускага Народнага Фронту". Дасталося і ЗША. Быў раскрытыкаваны ў дакладзе Эўразьвяз, "які не прызнае традыцыйных каштоўнасьцяў хрысьціянскай культуры й дае волю розным збачэнствам, у тым ліку і сэксуальным". Паводле лідэра партыі, сярод найбліжэйшых задачаў КХП - БНФ - не дапусьціць страты незалежнасьці, зьберагчы мову, культуру, працу і маёмасьць Беларусі шляхам ліквідацыі нелегітымнай прамаскоўскай улады. "Наш шлях - незалежная моцная Беларусь. Нам ня трэба ні ў лева, ні ў права, ні на Ўсход, ні бяздумна на Захад. Мы - Эўропа. Эўропа Ўсходняя. Нас нічога добрага не чакае ў цяперашняй лібэральнай Заходняй Эўропе. Мы там чужыя. Гэтак-жа, як чужыя ў Расеі. Мы іншыя эўрапейцы, бо не згубілі душы. Беларусь - наша Эўропа".
Кіраўніком партыі аднагалосна быў пераабраны Зянон Пазьняк, намесьнікамі сталі - Юрась Беленькі (выканаўца абавязкаў старшыні партыі ў Беларусі) і Сяргей Папкоў.

Зьезд Партыі БНФ
Некаторыя перад зьездам прадракалі чарговы раскол і сэрыю скандалаў. Нічога такога не адбылося. Зьезд таксама праходзіў у паходна-палявых умовах. Адміністрацыя комплексу "Раўбічы" адмовіла, спаслаўшыся на аварыю ў сыстэме каналізацый, і зьезд давялося праводзіць у матэлі ля шашы Менск - Брэст.
На зьезьдзе старшыні партыі быў пераабраны Вінцук Вячорка. За яго прагаласавалі 149 дэлегатаў, супраць - 66. За ягонага апанэнта Алеся Астроўскага з Горадні прагаласавалі 55 чалавек, 160 - "супраць". Дэлегат ад Магілёва Анатоль Фёдараў зьняў сваю кандыдатуру на карысьць Астроўскага, а старшыня Менскай абласной філіі Алесь Міхалевіч - на карысьць Вячоркі. Намесьнікамі абраныя Віктар Івашкевіч, Алесь Міхалевіч, Юры Хадыка, Аляксей Янукевіч. Зьезд таксама паставіў пад сумнеў сумленнасьць найбліжэйшых парлямэнцкіх выбараў, але пастанавіў браць удзел у кампаніі дзеля рэклямы ідэй партыі сярод выбарцаў.

Івашкевіча вызвалілі
Былы галоўны рэдактар газэты "Рабочы" Віктар Івашкевіч 16-га сьнежня выйшаў на волю. Нагадаем, што ён адбываў пакараньне ў баранавіцкай "хіміі" за паклёп на Лукашэнку. Меркавалася, што Івашкевіч выйдзе а другой гадзіне дня, але адміністрацыя, збаяўшыся журналістаў і паплечнікаў, якія маглі пад'ехаць на сустрэчу, выпусьцілі журналіста а палове на восьмую раніцу.
На прэс-канфэрэнцыі ў Менску Віктар Івашкевіч заявіў, што зьбіраецца заняцца палітыкай, у прыватнасьці, пачне з пасады сакратара ва Ўправе БНФ. А вось выдаваць газэту ён не зьбіраецца, бо шмат марокі з гэтым і бюракратычных перашкодаў.

Першае месца па курсу даляра
Беларусь утрымала першае месца сярод краін СНД і Балтыі па тэмпах росту курсу даляру да нацыянальнай валюты. За год афіцыйны курс даляра, усталяваны Нацбанкам, вырас з 1920 да 2156 рублёў, што склала 12,3%. Ва Ўзбэкістане, што "заняў" другое месца, даляр падаражаў на 1,03%, у Азэрбайджане на 0,61%.
А вось у астатніх краінах даляр таньнеў. Ва Ўкраіне - на 0,02%, у Расеі - на 7,33%, у Латвіі - на 8,92%, у Літве - на 16,59%, у Эстоніі - на 16,92%. Трэба ўлічваць таксама той факт, што ў краінах Балтыі нацыянальная валюта прывязана да эўра, а ў 2003-м годзе эўрапейская валюта ў параўнаньні з далярам моцна падаражала. Напрыклад, у Беларусі на 31-га сьнежня 2002-га году афіцыйны курс эўра складаў - 1994 рублі, а праз год - 2695 руб., а пасьля сьвятаў эўра перакрочыў адзнаку 2715 рублёў.
Уласны карэспандэнт

Помнік Ларысе Геніюш

Нядоўна ў Беларусі быў усталяваны помнік Ларысе Геніюш. Адбылося гэта дзякуючы намаганьням кіраўніка грамадзка-культурнага клюбу "Спадчына" Анатоля Белага.
Гадоў дзесяць таму клюб "Спадчына" пачаў зьбіраць грошы на гэты помнік. Некаторыя беларусы Амэрыкі таксама адгукнуліся на гэты заклік. Помнік быў зроблены, але ўлады не дазвалялі паставіць яго. Цяпер ён быў усталяваны ў Зэльве на тэрыторыі, якая належыць мясцовай Траецкай царкве.
С. БЕЛАЯ