БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

Пабілі Маскву!
6-8 лютага ў Менску адбыўся тэнісны матч 1/8 фіналу Сусьветнай групы паміж Беларусьсю і Расеяй. Матчу спадарожнічаў вялікі ажыятаж, які, відаць, быў-бы меншым, каб беларусам трапіліся іншая каманда. На фоне палітычных і эканамічных крызысаў, дзьвухсотгадовай акупацыі й злыбедаў, якія цярпелі цягам стагодзьдзяў ад усходняга суседа, пабіць Расею было справаю гонару.
Беларусы - Максім Мірны, Аляксандар Швец, Уладзімер Ваўчкоў - перамаглі ў зацятай барацьбе зь лікам 3:2. А сапраўдным героем стаў Ўладзімер Ваўчкоў, які ў першы дзень атрымаў траўму, але, перасільваючы боль, вярнуўся на корт і паставіў пераможную кропку.
Лукашэнка на закрыцьці турніру, ўзнагародзіў Максіма Мірнага, капітана каманды Сяргея Цяцерына і Ўладзімера Ваўчкова ордэнамі.
Цяпер 9-11 красавіка у 1/4 фіналу ў Менску беларусы згуляюць са зборнаю Аргентыны.

Прэзэнтацыя "5+"
19 студзеня ў Менску быў прэзэнтаваны перадвыбарчы сьпіс кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў беларускага парлямэнта ад Народнай кааліцыі "5+". Выбары пройдуць увосень. "5+" заснавалі Аб'еднаная грамадзянская партыя (АГП), Беларуская партыя працы, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (БСДГ), Партыя БНФ, Партыя камуністаў Беларусі (ПКБ). Пазьней далучыліся Беларуская партыя "зялёных", а таксама некалькі дзесяткаў грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў.
Кааліцыя мае намер вылучыць 220 кандыдатаў на 110 выбарчых акругаў - па два кандыдаты на кожную. Гэта робіцца на выпадак зьняцьця ўладамі з перадвыбарчай гонкі аднаго апазыцыйнага кандыдата (як гэта рабілася на мясцовых выбарах мінулай вясною). Афіцыйна сьпіс пакуль уключае каля 150 прозьвішчаў. Сярод іх многія ведамыя ў краіне людзі.

ТБМ высяляюць
Камунальныя службы Партызанскага раёна беларускай сталіцы, дзе знаходзіцца сядзіба Таварыства Беларускай Мовы, паставіла ТБМ перад фактам: арэнда памяшканьня, якая сканчаецца 4 сакавіка, працягнута ня будзе. Маўляў, памяшканьне спатрэбілася. Між тым, знайсьці іншы офіс у Менску цяжка, бо гарадзкія службы будуць чыніць перашкоды па рэгістрацыі ТБМ на новым юрыдычным адрасе. Тым часам ТБМ зьвярнулася з адкрытым лістом да кіраўніцтва краіны - прэм'ер-міністра і сьпікераў абедзьвюх палатаў, дзе просіць перадаць памяшканьне на вуліцы Румянцава ў доўгатэрміновую арэнду.

У інтэрнэт не пісаць - аштрафуюць.
Хто ведае, можа з часам беларускія ўлады, прачытаўшы "Беларуса" ў інтэрнэце і знайшоўшы крамолу вышлюць ноту пратэсту амбасадару ЗША ў Беларусі Кролу, а то і ў Вашынгтон.
Прэцэдэнт ёсьць. Вось актывістка "Хартыі'97" Натальля Каляда за разьмяшчэньне сваіх артыкулаў на сайце гэтай арганізацыі 3 лютага была аштрафаваная на 20 базавых велічыняў (350 тыс. рублёў, альбо $160). Пракуратура палічыла, што такая дзейнасьць ёсьць парушэньне адміністрацыйнага кодэксу. Бо "Хартыя'97" афіцыйна не зарэгістравана, а сайт у сеціве трымае.

Навіны выжываньня
У студзені ў Беларусі адбылося падвышэньне мінімальнага заробку. Цяпер у месяц ён складае ажно 83 тысячы рублёў! ($38,5), мінімальны заробак у гадзіну атрымліваецца 490 рублёў ($0,23). Дапамога па беспрацоўі складае 24 тысячы 700 рублёў у месяц ($11,5).
На канец сьнежня сярэдні налічаны заробак (без выплаты падаткаў) у Беларусі склаў 299,9 тыс. рублёў ($139). Каб атрымаць "чысты" заробак, трэба ад пазначаных сум адняць прыкладна 11%. Крыху вышэйшы налічаны заробак у рабочых і службоўцаў - 313,7 тыс. рублёў ($146). Ніжэйшы заробак у Віцебскай вобласьці, вышэйшы - у Менскай і сталіцы. У Менску налічаны заробак складаў 335 тысяч рублёў ($155,5).
Зь лютага падвышаецца таксама і памер пэнсіяў. У сярэднім яны павялічацца на 18,5%, мінімальныя працоўныя - на 12,6%.
Такім чынам, мінімальная працоўная пэнсія ў месяц складае 72 тысячы 580 рублёў ($33,7), сярэдняя паводле ўзросту будзе складаць 140 тысяч 300 рублёў ($65,1).
Спэцыялісты вырашылі, што ў лютым пражытачны мінімум у Беларусі складае 113 тысяч 190 рублёў ($52,5) у месяц. Але большасьць вяскоўцаў, а таксама пэнсіянераў мае заробкі й пэнсіі значна ніжэйшыя. Такіх пэнсіянэраў толькі ў Менску дзясяткі тысяч. Ды й астатнім іх аднагодкам ня соладка ў гарадах, дзе даводзіцца плаціць за камунальныя паслугі (кватэра, газ, электрычнасьць) ад 50 да 100 тысяч рублёў у месяц у залежнасьці ад кватэры.
Уласны карэспандэнт

Беларускі транзыт
Беларускі ўрад атрымаў адтэрміноўку ў справе санкцыяў з боку Міжнароднага зьвязу аўтатранспарту, які аб'ядноўвае бальшыню эўрапейскіх аўтаперавозчыкаў. Цягам гэтага часу Савет міністраў мусіць паўплываць на Дзяржаўны мытны камітэт з тым, каб мытнікі ўзгаднілі свае пазыцыі з краінамі, якія маюць да Беларусі прэтэнзіі. Галоўная зь іх тычыцца грузаў, якія ідуць празь Беларусь паводле ўніфікаванай транзытнай працэдуры: тавар, які грузіцца ў краіне адпраўленьня пад наглядам мясцовых мытнікаў, павінен быць скіраваны ў краіны прызначэньня без дадатковых праверак у транзытных пунктах. Менавіта гэты пункт беларускія мытнікі рэгулярна ігнаруюць. Пра гэта сьведчыць і статыстыка актыўнасьці: у 2000 годзе сканфіскавана грузаў на 16 мільёнаў даляраў, за 2003 год - ужо 70 мільёнаў даляраў.
Са скаргамі ў Міжнародны зьвяз аўтатранспарту на дзеяньні беларускіх мытнікаў зьвярнуліся Летува і Польшча.
Тэрміновыя кансультацыі 28 студзеня паміж кіраўнікамі мытных камітэтаў Расеі й Беларусі пакуль адтэрмінавалі аналягічныя захады з расейскага боку, але Масква абураная дзеяньнямі беларускіх мытнікаў: практычна ў кожным другім выпадку такія праверкі завяршаюцца канфіскацыяй грузаў.

Летувіскія і латыскія МАЗы
Менскі аўтамабільны завод, які адносна пасьпяхова дзейнічаў дзякуючы пратэкцыянісцкай падатковай сыстэме, губляе рынкі збыту. Прычына - страта галоўнага козыру, якім былі невысокія кошты пры адносна добрай якасьці. З далучэньнем суседзяў Беларусі да Эўразьвязу пачынаюць дзейнічаюць адпаведныя мытныя падаткі на беларускую прадукцыю - 22%. Цяпер кошты вырастаюць настолькі, што пакупнікі адмаўляюцца набываць машыны. Каб захаваць прадпрыемства, МАЗ вымушаны пакідаць Беларусь.
Стратэгі МАЗу пераносяць вытворчасьць у Латвію і Летуву. Вырабленая там прадукцыя будзе лічыцца "зробленай у Эўразьвязе", і ня будзе абкладацца высокім падаткам на імпарт. Такім чынам, беларускі пратэкцыянізм захаваў прадпрыемства і рабочыя месцы для Літвы і Латвіі, а не Беларусі.
Партнэр МАЗу ў Латвіі "Alkom - Trans" плянуе ў першы год сабраць ня меней за 100 МАЗаў, якія ўжо будуць не беларускія, а латыскія. У Летуве адзін з чатырох прадстаўнікоў МАЗу, таксама пачынае канвэерную вытворчасьць летувіскіх МАЗаў. Магчымасьці будуць разьлічаныя на вытворчасьць 750 цяжкавозаў у год. Мадэлі летувіскіх МАЗаў ўжо маюць сэртыфікат і плянуюцца да рэалізацыі ў Эўропе.
( Яшчэ нядаўна 51% акцыяў МАЗу мела нямецкая кампанія MAN. Цяпер MAN мае 9% акцыяў, 41 % - аўстрыйская кампанія TIV, 40% акцыяў мае МАЗ і 10% - "Інфабанк".)
Падрыхтаваў Максім АЎСЕЕЎ