Беларусь за месяц

Памёр Ігар Гермянчук
29-га красавіка памёр журналіст і выдавец Ігар Гермянчук. Ён пражыў толькі 41 год (нарадзіўся 1-га студзеня 1961-га году ў в. Стракавічы Сьветлагорскага раёну). Вучыўся ў БДУ, дзе напрыканцы 70-х і далучыўся да незалежніцкага студэнцкага аб'еднаньня "Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня". Ад 1991-га году. І. Гермянчук узначальваў газэту "Свабода". У 1991--1995-х гадох быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, дзе ўваходзіў у фракцыю БНФ. Але найбольшую вяедоамасьць атрымаў на пасадзе галоўнага рэдактара "Свабоды". Пры ім "Свабода" была найбуйнейшай незалежнай беларускай газэтай, а ейны наклад сягаў дзясяткаў тысячаў асобнікаў. У лістападзе 1997-га году "Свабоду" зачынілі, але 16-га студзеня 1998-га году яна адрадзілася пад назвай "Навіны". З-за канфлікту з выдаўцом "Навінаў" Паўлам Жуком Гермянчук пакінуў газэту й заснаваў грамадзка-палітычны часопіс "Кур'ер", першы нумар якога выйшаў у сакавіку 2000-га году. З таго часу выйшла 9 нумароў. "Кур'ер", які трывала заняў сваю нішу на полі дэмакратычнай прэсы, трымаўся на адным чалавеку - сп. Ігару. Цяпер Ігара Гермянчука няма.

Суд над "Пагоняю"
Мы ўжо паведамлялі, што ў Горадні за абразу і паклёп на прэзыдэнта РБ завялі крымінальную справу на галоўнага рэдактара "Пагоні" Міколая Маркевіча і журналіста Паўла Мажэйку. 1-га красавіка журналісты гораду зладзілі пікет у абарону газэты. Міліцыянты затрымалі ўсіх, і наступным днём адбыўся сымбалічны суд: усім журналістам вынесьлі папярэджаньні. 5-га красавіка адбыўся новы пікет салідарнасьці. У ім бралі ўдзел 13 чалавек. Пікет пратрываў некалькі хвілінаў: усе журналісты былі затрыманыя. Прысуды на гэты раз былі больш жорсткія. Анджэй Пісальнік і Стас Пачобут атрымалі 10 сутак арышту, Андрэй Мялешка - 8 сутак, Аляксандар Дварэцкаў - 4 сутак, Вітаўт Руднік і Зьміцер Ягораў - 3 сутак. Астатніх журналістаў аштрафавалі на 200 - 300 тыс. бел. рублёў ($110-160).
Аднак у двубоі ўлада-журналісты перамаглі апошнія. 9-га красавіка мусіў распачацца суд над М.Маркевічам і П.Мажэйкам. У абарону журналістаў выказаліся нобелеўскі ляўрэат па літаратуры Чэслаў Мілаш, прэм'ер першага незалежнага ўраду Польшчы Тадэвуш Мазавецкі, галоўныя рэдактары асноўных польскіх выданьняў. У залі суда сабралося блізу 150 чалавек, у тым ліку журналісты й праваабаронцы са сталіцы. Былі нават тэлевізійныя групы з Расеі й Польшчы. Такі паварот падзеяў напалохаў улады. Было абвешчана, што судзьдзя моцна захварэў і шпіталізаваны, а новы судзьдзя хоча разабрацца ва ўсіх нюансах справы. Працяг суда - у траўні.

Зьезд АГП
6-га красавіка ў Менску прайшоў VI зьезд Аб'еднанай Грамадзянскай Партыі, у якім бралі ўдзел 205 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Зьезд меў на мэце пераабраньне кіраўніцтва, а таксама выпрацоўку новай стратэгіі ў дзейнасьці партыі. Было прынятае рашэньне пра ўдзел у муніцыпальных выбарах у 2003-м годзе. Старшынём партыі застаўся Анатоль Лябедзька.
АГП апошнім часам вельмі актыўная і імкнецца ачоліць беларускі апазыцыйны рух. У часе зьезду сп. Лябедзька акрэсьліў крэда партыі: "Супраць нас пусьцілі каток, які закатвае ў асфальт гісторыю, мараль, людзей. Але мінае час, і мы, нібы трава, скрозь бэтон цягнемся да сонца. І справа не ў постацях. Ідэя жыць у багатай, вольнай краіне - гэта магутная сіла. Гэта крыніца, зь якой чэрпае сілы не адно пакаленьне". АГП наскрозь расейскамоўная і актыўна супрацоўнічае з расейскімі правымі партыямі.

Справа новага гімну
9-га красавіка мусілі быць падведзеныя вынікі другога туру конкурсу на дзяржаўны гімн краіны. У Менскай Опэры адбылося праслухоўваньне музыкі й тэкстаў песень: два варыянты на музыку Нестара Сакалоўскага на словы Уладзімера Карызны і Зьмітра Марозава, "Красуй, Беларусь!" Васіля Раінчыка і Леаніда Пранчака, і "Радзіма, мая дарагая" Уладзімера Алоўнікава і Алеся Бачылы. Журналісты, што прысутнічалі, сьведчылі, што чальцы камісіі моцна ўпадабалі "Красуй, Беларусь". Але канчаткова ня вызначыліся.

Спалілі намёт у Курапатах
У ноч з 18-га на 19-га красавіка быў падпалены вялікі вайсковы намёт валанцёраў у Курапатах. У намёце знаходзіліся тры чалавекі: Ірына Вяткіна, Васіль Парфянкоў і Алесь Поклад. Сярод ночы Васіль Парфянкоў прачнуўся ад паху дыму. Васіль і Ірына выскачылі з намёту, і тады агледзеліся, што іхняга сябра няма. Яны кінуліся ў палаючы намёт і выцягнулі хлопца. Алесь моцна абгарэў (ногі, шыя, твар), яго шпіталізавалі й рабілі пераліваньне крыві.
Двума днямі раней міліцыя затрымала Алеся Поклада й Васіля Парфянкова ў Курапатах і пратрымала ноч у пастарунку. 22-га красавіка мусіла быць судовае пасяджэньне, хлопцаў вінавацяць у дробным хуліганстве. Але суд пакуль перанесьлі.
Цікава, хто падпаліў намёт. У першыя дні пасьля трагедыі высоўваліся розныя меркаваньні. Магчыма, гэта зрабілі спэцслужбы ці звычайныя хуліганы, якім валанцёры заміналі "культурна адпачываць на прыродзе". Мажліва і апанэнты валанцёраў, бо багата людзей, якія робяць сабе імя на Курапатах. Канкурэнцыя ў барацьбе за парэшткі расстраляных не зьніжаецца.

Акцыю разагналі
19-га красавіка грамадзкая ініцыятыва "Хартыя-97" і падпарадкаваная ёй маладзёвая арганізацыя "Зубр" зладзілі акцыю "Так жыць нельга". Акцыя мусіла прайсьці пад сацыяльнымі лёзунгамі: падвышэньня заробкаў, пэнсіяў, стыпэндыяў. Каля тысячы чалавек сабраліся на Плошчы Якуба Коласа ў Менску. Гарвыканкам дазволіў шэсьце да Плошчы Бангалор. Аднак кіраўнікі "Хартыі" вырашылі пайсьці да Бангалору другім шляхам, але здолелі прайсці толькі квартал. Некалькі ланцугоў АМАПа сустрэлі мітынгоўцаў. Людзей зьбівалі дубінкамі й кідалі ў загадзя падрыхтаваныя аўтобусы. Усяго затрымалі 74 чалавекі. Потым запрацавалі суды, арыштаваных асуджалі на тэрміны ад 3-х да 15 сутак, ці штрафавалі ў памеры ад 200 тыс. да 1,5 млн. беларускіх рублёў. Арганізатары акцыі атрымалі 15 сутак арышту, кінарэжысер Юры Хашчавацкі - 10 сутак.

"Чарнобыльскі шлях-2002"
Арганізатары акцыі падалі заяўку ў гарвыканкам, дзе прасілі дазволіць шэсьце ад Плошчы Якуба Коласа па праспэкце Скарыны да Плошчы Свабоды. Аднак гарвыканкам адмовіў, прапанаваўшы альтэрнатыўны варыянт: Акадэмія Навук - Плошча Бангалор. Арганізатары акцыі пагадзіліся.
А 17.30 на пляцоўцы перад Акадэміяй Навук сабралася прыкладна 4,5 тыс. чалавек і празь нейкі час рушылі да плошчы Бангалор. Да плошчы не дайшлі, спыніўшыся перад унівэрсамам "Рыга" (на рагу Куйбышава і Сурганава). Радыкальна настроеныя "Зубры" прапаноўвалі "прарывацца" ў цэнтар гораду. Пасьля адмовы "зубры" згарнулі свае транспаранты й зьніклі. А людзі запалілі сьвечкі й 16 хвілінаў правялі ў ціхай малітве. Па хвіліне за кожны год, што прайшоў пасьля аварыі.

Зачыняюцца часапісы
Міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны прыняў рашэньне пра стварэньне зь беларускіх культурніцкіх выданьняў мэдыя-холдынга "Літаратура і мастацтва". Кіраваць холдынгам, які аб'яднае беларускія часопісы, будзе дэпутат Палаты прадстаўнікоў, вядомы сваімі панславісцкімі й антыбеларускімі выказваньнямі, Сяргей Касьцян. Дапамагаць яму будуць галоўная рэдактарка "Всемирной литературы" Таіса Бондар і адыёзны юрыст-журналіст Яўген Новікаў.
Але такое прызначэньне яшчэ палова бяды. Здымаюцца рэдактары беларускіх часопісаў: замест Сяргея Законьнікава ў "Полымі" будзе прапрэзыдэнцкі Мікола Мятліцкі, а часопіс "Нёман" узначаліць адыёзная радыёжурналістка Ніна Чайка. На працягу месяца былыя рэдактары мусяць здаць свае справы новаму кіраўніцтву. Будуць звальняць і рэдакцыі.

Краіна экспэрыментаў
Нам. генсека ААН японец Кенза Ашыма прыяжджаў 7-9-га красавіка ў Беларусь. У чарнобыльскай зоне ўсьмешлівыя маладзіцы падносілі зьбянтэжанаму японцу хлеб-соль (у Хірасіме так ня робяць). На прэс-канфэрэнцыі ў Менску Ашыма сказаў, што ў чарнобыльскай зоне "трэба ствараць клімат, пры якім людзі стануць гаспадарамі асабістага лёсу..."
А першы з чарнобыльскіх праектаў ААН прадугледжвае "стварэньне цэнтраў аказаньня паслугаў па разьвіцьці малых прадпрыемстваў, падсобных гаспадарак і каапэратываў. Сяляне будуць атрымліваць кансультацыі па вядзеньні гаспадаркі на забруджаных тэрыторыях і па зьніжэньні ў ёй узроўню радыёнуклідаў". Праграму прапанаваў не Лукашэнка, а рэзыдэнт-каардынатар ААН у Беларусі Ніл Бунэ. Даволі празрыстыя і шчырыя заявы ды праекты ААН сьведчаць пра падрыхтоўку буйнамаштабнага экспэрымэнту над беларусамі, што жывуць на атручаных тэрыторыях. Галоўная мэта міжнародных арганізацыяў у пытаньні Чарнобылю ў Беларусі тая-ж, што і рэжыму Лукашэнкі: затрымаць мільёны людзей на чарнобыльскіх землях, прымусіць іх весьці сельскагаспадарчыя працы й вытвараць атручаную прадукцыю дзеля спажываньня ўсім насельніцтвам краіны. Абяцаныя мэдычныя цэнтры будуць сачыць за тым, як мы будзем хварэць і паміраць.
Гаспада-немцы таксама прыклалі руку да разгортваньня антыгуманнага экспэрымэнту. У лесе на ўскраіне Гомлю вядзецца будаўніцтва калясальнага комплексу. На платах будоўлі няма пашпарту - інфармацыі з назвай і парамэтрамі аб'екта, імёнамі фірмаў, замоўшчыкаў і г.д. Але людзі ведаюць, што гэта будуецца радыялягічны дзіцячы цэнтар на некалькі тысячаў пацыентаў. Будуецца на нямецкія грошы. Пераразаць чырвоную стужку прыязжджала ў свой час жонка канцлера Коля. Здаецца, цудоўная справа. Але чаму такі цэнтар будуецца не на чыстай зямлі, а на забруджанай радыёнуклідамі? Чаму тэрыторыя ачэплена дзьвума радамі загароджы і ахоўнымі вежамі? Чаму на будоўлю нікога не пускаюць? Чаму ўся мэдычная установа нагадвае Асьвенцым? Адказ адназначны: рыхтуецца цэнтар "навуковых" дасьледваньняў над беларускімі дзецьмі.
Міжнародная атамная мафія рыхтуецца да выбуху хваробаў, выкліканых пражываньнем у чарнобыльскай зоне.

Выйшлі ў красавіку
А вось недзяржаўныя выданьні не баяцца ўладаў. Напрыканцы красавіка выйшаў апошні (№5-6) за 2001-ы год нумар часопіса "Спадчына". У ім друкуецца працяг з папярэдняга нумару ўспамінаў нацыянальнага дзеяча Дзьмітрыя Касмовіча "За вольную і суверэнную Беларусь". Гэтым разам аўтар распавядае пра сваю грамадзкую дзейнасьць у савецкіх установах у 1939-1941-м гадох. Працягваецца друк артыкулаў Юркі Віцьбіча "Наша спадчына прамаўляе", зьмешчаная п'еса Францішкі Ўршулі Радзівіл "Судзьдзя, пазбаўлены розуму", артыкулы Ежы Кавальчыка "Дойлідзкая школа ў Вялікім Княстве Літоўскім" і Натальлі Гардзіенкі "Постаць жанчыны на старонках старалітоўскіх выданьняў", а таксама працяг манаграфіі Захара Шыбекі "Нарыс гісторыі Беларусі: 1795-2000".
У красавіку ў серыі бібліятэчкі "Беларускага гістарычнага агляду" выйшлі "Выбраныя працы" Вітаўта Тумаша (246 с.) з прадмовамі Вітаўта Кіпеля і Раісы Жук-Грышкевіч, а ў выдавецтве "Энцыклапэдыкс" выйшаў двухтамовік "Выбраных працаў" Янкі Станкевіча.

Лукашэнка і Быкаў
12-га красавіка А. Лукашэнка браў удзел у ток-шоў на расейскім тэлеканале НТВ. Між іншым, дайшла размова і да пытаньняў культуры. Лукашэнка заявіў, што вырас на вершах Васіля Быкава. Журналісты й пісьменьнікі ў студыі засумняваліся ў наяўнасьці такіх. Лукашэнка пачаў горача даказваць сваё і нарэшце прывёў апошні аргумэнт: "я-ж вершы вучыў у школе напамяць".
На наступны дзень беларуская тэлевізія паўтарала тое ток-шоў. Пра вершы Быкава там не было ні слова.
Уласны карэспандэнт