БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

ЖУРНАЛІСТАЎ ЗАСУДЗІЛІ
Здавалася, што суд над журналістамі зачыненай уладамі "Пагоні" будзе бясконцы. Шматлікія пераносы, хваробы суддзяў і пракурораў, журналісцкія пратэсты рабілі ўражаньне, што так марудзяць дзеля таго, каб спусьціць справу на тармазах. Аднак праваабаронцы й журналісты памыліліся. 24-га чэрвеня суд Ленінскага раёна прызнаў журналістаў вінаватымі ў паклёпе на прэзыдэнта Беларусі. Мікола Маркевіч асуджаны да 2,5 гадоў абмежаваньня волі, Павал Мажэйка - да 2 гадоў абмежаваньня волі. Пракурор патрабаваў, каб асуджаныя адбывалі тэрмін у калоніі строгага рэжыму, аднак суд праявіў "гуманнасьць". Ен улічыў "наяўнасьць у Маркевіча двух няпаўнагадовых дзяцей" і малады ўзрост Мажэйкі (24 гады). Таму вынесенае пакараньне прадугледжвае працу журналістаў у спэцустанове (гэтак званая "хімія"). Амаль адразу па сканчэньні суда зьвінавачанымі была пададзеная апеляцыя. На пачатак ліпеня журналісты яшчэ знаходзіліся на волі.
29-га чэрвеня Мікола Маркевіч адсьвяткаваў 40-годдзе.
Нядаўна была ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненьні да галоўнага рэдактара газэты "Рабочы" Віктара Івашкевіча. Яго таксама вінавацяць у паклёпе на прэзыдэнта.

ПАДТРЫМАЛІ "ПАГОНЮ"
28-га чэрвеня актывісты маладзёвай ініцыятывы "Зубр" зладзілі ў Менску акцыю-пэрфоманс. Прыкладна а пятай гадзіне папаўдні каля кінатэатра "Кастрычнік" зьявілася група маладых людзей. Усе як адзін яны былі апранутыя ў чорныя плашчы з капюшонамі з чорнай тканіны, якія цалкам закрывалі галаву. На вопратцы людзей у чорным былі наклееныя надпісы МВД, КДБ, АМАП, Пракуратура, Суд. Кіраваў таямнічай працэсіяй чалавек у масцы з наклеенымі шыкоўнымі вусамі.
Удзельнікі акцыі наўпрост перад кінатэатрам запалілі вогнішча з газэтаў і ўвесь час падкідалі ў яго незалежныя СМІ. Затым удзельнікі акцыі разгарнулі плякат з надпісам "Свабоду журналістам!" Адзін з удзельнікаў заявіў журналістам, што акцыя арганізаваная як адказ на прысуд Міколе Маркевічу і Паўлу Мажэйку, і пэрформанс паказвае, што ўласна Аляксандар Лукашэнка аддаў загад спэцслужбам, міліцыі, судам на зьнішчэньне незалежнай прэсы.
Мерапрыемства доўжылася некалькі хвілінаў, але ніхто не быў затрыманы. Пашанцавала.

СОЙМ "МАЛАДОГА ФРОНТУ"
16-га чэрвеня ў Менску прайшоў IV Cойм нацыянал-патрыятычнай арганізацыі "Малады Фронт". У працы форуму ўзялі ўдзел 186 дэлегатаў.
Перад удзельнікамі форуму з прывітальным словам выступілі паэт Ніл Гілевіч, старшыня Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў; сябра Сойму БНФ Вячаслаў Сіўчык; прэс-сакратар "Зубра" Аляксандар Атрошчанкаў, старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка, лідэр новай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксей Кароль.
Са справаздачай аб працы, праробленай за два гады, выступіў Павал Севярынец.
Затым сойму былі рэпрэзэнтаваныя канцэпцыі "Стратэгія дзейнасьці". Іх аўтары - Павал Севярынец і Вадзім Саранчукоў. Праграмы мала розьніліся адна ад другой, хіба Саранчуковая была больш скіраваная на ўдасканаленьне ўнутранай дзейнасьці й працу арганізацыі. Яна і перамагла па выніках галасаваньня.
Потым адбыліся выбары новага старшыні. Галоўным апанэнтам Севярынца быў Саранчукоў, якому і прадракалі старшынства Маладым Фронтам, аднак нічога надзвычайнага не здарылася. Перамог Севярынец, за яго прагаласавалі 89 чалавек, за Саранчукова - 71. Восем чалавек прагаласавалі супраць абодвух.
Намесьнікамі старшыні абралі Сяргей Бахун, Аляксей Шэін, Сяргей Лісічонак, Яўген Скочка Віктар Шляхцін. Павал Севярынец прапанаваў Вадзіму Саранчукову стаць яго намесьнікам, аднак той адмовіўся.
Цяпер Малады Фронт імкнецца вярнуць колішнія пазыцыі лідэра сярод нацыянальна-сьведамай моладзі, страчаныя з-за недальнабачнасьці сваіх лідэраў.

ПЭРФОРМАНС ПУШКІНА
У дзяржаўнае сьвята Дзень незалежнасьці, якое ў Беларусі цяпер адзначаюць 3-га ліпеня, мастак Алесь Пушкін паказаў свой погляд на сапраўдных змагароў за незалежнасьць. Увечары між Чырвоным касьцёлам і гатэлем "Менск" ён зладзіў пэрфоманс, каб ўшанаваць памяць тых, хто "змагаўся за сапраўдную незалежнасьць Беларусі супраць усемагчымых акупантаў". Адбылося гэта паміж Касьцёлам сьв. Сымона і Алены й гатэлем "Мінск". Мастак выставіў аўтарскія партрэты кіраўнікоў антысавецкага партызанскага руху 40-х гадоў (Міхася Вітушкі й Усевалада Родзькі). Уся акцыя суправаджалася брутальнай музыкай нямецкай рок-групы "Rammstein". Адразу пасьля пачатку перформанса Алесь Пушкін быў арыштаваны, яго адправілі ў міліцэйскі пастарунак, дзе зьбілі.
На наступны дзень старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да МЗС Канады, каб тыя паспрыялі справе Пушкіна, занепакоеная тым, каб мастак ня зьнік, як тое сталася з палітычнымі апанэнтамі рэжыму.
Аднак наўрад міліцыянты меркавалі зьнішчаць Пушкіна. Увечары 4-га ліпеня яго вызвалілі, а разгляд ягонай справы перанесены на тыдзень.

СУСТРЭЛІСЯ НАВУКОЎЦЫ
21-23-га чэрвеня на Беласточчыне (Гайнаўка, Белавежа) праходзіла 10-я юбілейная канфэрэнцыя "Шлях да ўзаемнасьці". У ёй бралі ўдзел навукоўцы зь Беларусі, Польшчы. Таксама прыехалі ва Ўсходнюю Польшчу і амэрыканскія беларусы: Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік і Лявон Юрэвіч. Вітаўт Кіпель прэзэнтаваў удзельнікам канферэнцыі апошні (25-ы) нумар "Запісаў БІНіМа", выпушчаны на пачатку году ў Менску, а Янка Запруднік сваю новую кнігу "Дваннацатка", што выйшла тымі днямі ў Беластоку. Кніга распавядае пра жыцьцё 12 беларускіх юнакоў.
Адным з удзельнікаў 12-ткі быў і аўтар гэтых мэмуараў Янка Запруднік. Дадамо, што кніга выйшла вялікім фарматам, зь цьвёрдай вокладкай і прыстойным як для сёньняшняй Беларусі накладам у 1500 паасобнікаў. У ёй багата добрых фотаздымкаў.

ВЫЗНАЧЫЛІ ГІМН
"Беларус" ужо пісаў пра справу "новага старога гімна". Нарэшце вызначылі. Цягам некалькі дзён у пачатку чэрвеня варыянты гімну (тры на музыку Сакалоўскага, "Краіна мая дарагая" і "Красуй, Беларусь") трансьлявалі па радыё і тэлевізіі, прапанаваўшы гледачам і слухачам галасаваць за найбольш цікавы варыянт. Амаль палову галасоў сабрала старая музыка Сакалоўскага. За яе прагаласавала больш за палову рэспандэнтаў. А ў гэтым варыянце найбольш слухачы ўпадабалі варыянт Ўладзімера Карызны. "Разам з братамі мужна вякамі, Мы баранілі родны парог, У бітвах за волю, у бітвах за долю Свой здабывалі сьцяг перамог!" Вось і думай, што гэтыя браты беларусаў і ад каго баранілі свой парог. Бо можна бараніць парог як з захаду, так і з усходу.

ФАШЫСТЫ НА ЭКСКУРСІІ
2-га ліпеня, напярэдадні лукашэнскага дня незалежнасьці, праз усю Горадню маршам прайшлі 30 РНЕшнікаў. Ішлі ў чорнай уніформе са свастыкамі. Міліцыя і АМАП моўчкі пазіралі на марш фашыстаў і нікога не зачапілі. Навошта? Гэта ж не "адмарозкі" зь бел-чырвона-белымі сьцягамі!
Пасьля акцыі праваахоўнікі казалі журналістам, што гэта былі ніякія не РНЕшнікі, а турысты, што прыехалі ў Горадню на экскурсію.

ТРАГЕДЫЯ НА ПЕРАЕЗЬДЗЕ
30-га чэрвеня на чыгуначным пераезьдзе ля вёскі Тэўлі, што ў Кобрынскім раёне, здарылася трагедыя. Аўтамабіль УАЗ, які выехаў на пераезд, нягледзячы на засцерагальныя агні сьвятлафору, быў літаральна зьнесены цягніком Прага - Масква, які ляцеў з хуткасьцю больш за 100 км/г. Шасьцёра лесьнікоў, што ехалі ў машыне, былі забітыя насьмерць.
Трагічная акалічнасьць, у тым цягніку ехала берасьцейская сям'я Шчыслоўскіх (муж, жонка і дзьве дачкі), якія празь дзень ў самалёце "Башкірскіх авіяліній", разьбіліся ў небе над Паўднёвай Нямеччынай. Яны з-за трагедыі на пераезьдзе спазьніліся на свой самалёт і паляцелі тым злашчасным самалётам.

"МІС БЕЛАРУСЬ-2000"
Напрыканцы чэрвеня ў Менску адбыўся фінальны тур конкурсу "Міс Беларусь-2002". Пераможцай стала Вольга Неўдах зь Берасьцейшчыны. "Міс Фота" стала Вольга Сярожнікава зь Менску, "Міс Зачараваньне" -- Нэльлі Сіліцкая зь Берасьця, "Першай віцэ-міс Беларусі - 2002" Натальля Кузьменка. Увосень Вольга Неўдах мусіць паехаць у Нігерыю, дзе пройдзе конкурс "Міс сьвету-2002".

Уласны карэспандэнт