БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

ПАМЁР УЛАДЗІМЕР КАРМІЛКІН
14-га ліпеня памёр ведамы фатограф Уладзімер Кармілкін. Ніводная патрыятычная акцыя апошніх 12-ці гадоў не абыходзілася безь ягонага ўдзелу. Мітынгі, дэманстрацыі, урачыстыя імпрэзы, ён быў летапісцам нашай гісторыі ды запомніўся зь нязьменным фотаапаратам у руках. Ен здымаў у ліпені зьбіцьцё Алеся Пушкіна і сьвяточныя імпрэзы, прысьвечаныя 120-годзьдзю Янкі Купалы.
Уладзімер Кармілкін нарадзіўся 15-га лютага 1934-га году ў Смаленску ў сям'і вайскоўца. 25 гадоў аддаў службе ў войску: служыў у авіяцыйных частках у Шчучыне: "Уладзімер Кармілкін добраахвотна ўсклаў на сябе абавязак быць летапісцам найноўшай гісторыі, якая стваралася ня толькі на ягоных вачах, але і зь ягоным ўдзелам. - Сотні разоў ён ішоў у самае пекла гарачых падзей на вуліцах беларускіх гарадоў. Яго арыштоўвалі, зьбівалі, штрафавалі. Вынікам ягоных намаганьняў зьявіўся калясальны па сваіх аб'ёмах фота- і аўдыёархіў, бо Кармілкін браў удзел практычна ва ўсіх прыкметных мерапрыемствах, што праводзіла беларуская апазыцыя з канца 80-х гадоў. На зробленых ім запісах - галасы мноства беларускіх палітыкаў, дзеячаў культуры, літаратуры, іх выступленьні на мітынгах, зьездах, розных форумах". Так сказаў пра Ўладзімера Кармілкіна Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка. Пахавалі фотажурналіста на Ўсходніх могілках.

ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАЙ ПРЭСЫ
27-га ліпеня ў Менску прайшоў Дзень незалежнай прэсы, прымеркаваны да 12-х угодкаў прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Каля 50 чалавек сабраліся на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Менска. Яны трымалі ў руках нумары недзяржаўных газэтаў ("Народная Воля", "Пагоня", "Рабочы"), якія паспыталі на сабе ціск з боку дзяржавы. Трымалі таксама нацыянальную сымболіку. Супрацоўнікі міліцыі ўсяляк шкодзілі акцыі ды спрабавалі канфіскаваць бел-чырвона-белыя сьцягі й такія-ж паветраныя балёнікі. Удзельнікі акцыі зьбіралі подпісы ў мінакоў пад пэтыцыяй у абарону асуджаных журналістаў "Пагоні". У пэтыцыі таксама патрабавалася спыніць крымінальны перасьлед рэдактара газэты "Рабочы" Віктара Івашкевіча, якога ўлады абвінавачваюць ў паклёпе на прэзыдэнта.
Пасьля невялічкай прамовы лідэра "Маладога Фронту" Паўла Севярынца ўдзельнікі акцыі, разьбіўшыся на групы, накіраваліся для перадачы пэтыцыі па дзяржаўных інстанцыях: у Адміністрацыю прэзыдэнта, Дом Урада, Вярхоўны й Канстытуцыйны суд і Пракуратуру Рэспублікі Беларусь.
Севярынца міліцыянты затрымалі акурат каля пракуратуры. Пасьля затрыманьня лідэра Маладога Фронту каля 20 чалавек працягнулі шэсьце да Дома Ўраду, сьпяваючы патрыятычныя песьні. Аднак калёну неўзабаве спынілі супрацоўнікі міліцыі. Удзельнікаў акцыі папярэдзілі, што калі яны не спыняць сьпевы, іх затрымаюць. У выніку большасьць людзей разышлася. А пяць самых адважных данесьлі пэтыцыю ў Дом Урада.
Севярынца судзілі ў наступны панядзелак (29-га ліпеня). Па старой дэмакратычнай звычцы Павал запатрабаваў адваката. Але судзьдзя ласкава патлумачыла, што на вуліцы сьпёка, і дзе зараз шукаць адваката, таму Паўлу прыйдзецца ехаць назад у прыёмнік-разьмеркавальнік, і невядома калі… Вырашылі абыйсьціся без адваката, і Севярынец атрымаў 10 сутак.

КОЗІК - СТАРЫКЕВІЧ 0 : 1
Улады працягваюць ціснуць на апошнія парасткі дэмакратычнага грамадзтва. Вось прымусілі "па-добраму" сысьці лідэра Фэдэрацыі Беларускай Франца Вітка, які й не імкнуўся супрацьстаяць рэжыму, і прызначылі на гэтую пасаду Леаніда Козіка, які дагэтуль працаваў на адказнай пасадзе ў Адміністрацыі прэзыдэнта.
Козік апантана ўзяўся за працу. Ен вырашыў зволіць галоўнага рэдактара друкаванага органа прафсаюзаў газэты "Беларускі Час" Аляксандра Старыкевіча.
Апошняй кропляй для такога кроку быў нумар "Беларускага часу" ад 19-га ліпеня, дзе на першай старонцы быў фотаздымак Аляксандра Лукашэнкі на ровары з подпісам "Дзякуй шчасьліваму Аляксандру Рыгоравічу за наша дарагое жыцьцё". Нумар быў прымеркаваны да 8-х угодкаў зь дня ўзыходжаньня прэзыдэнта на беларускі "трон".
На прэзыдыюме ФПБ Козік назваў "Беларускі Час" пад кіраўніцтвам Старыкевіча насьценгазетай, якую сорамна браць у рукі. А ў адну са шматлікіх вінаў паставіў неадлюстраваньне падзеяў і герояў жніва на старонках газэты. Аднак ўдзельнікі прэзыдыюма вырашылі пакінуць Старыкевіча на пасадзе галоўнага рэдактара.
Разлаваны Козік адказаў, што не здасца, і Старыкевіча чакае "матч-рэванш". Магчыма, калі гэты нумар будзе надрукаваны, то вынік "матчу" будзе ўжо вядомы.

ПЕРАСЬЛЕД ЯНА СПАСЮКА
Працягваецца процістаяньне сьвятара Яна Спасюка, які называе сябе сьвятаром Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, і ўладаў гарадзкога пасёлка Пагранічны, што ў Бераставіцкім раёне Горадзеншчыны. Спасюка абвінавачваюць у тым, што ён без узгадненьня з раённымі ўладамі будуе сабе дом і дамавую царкву. Згодна зь законамі любая перабудова на прысядзібным участку патрабуе ўзгадненьня з жыльлёва-камунальнымі службамі ды мясцовамі ўладамі. Сьвятар кажа, што дазвол ён меў і яго скасавалі толькі нядаўна, перад заканчэньнем будаўніцтва. Улады пагражаюць зруйнаваць царкву, якую абараняюць вернікі.

РЭАНІМАЦЫЯ КАМУНІЗМУ
Аляксандар Лукашэнка 17-га ліпеня сустрэўся з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў - членамі ЦК Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ), дзе заявіў, што кепска, калі ў краіне існуюць дзьве камуністычныя партыі - КПБ ды апазыцыйная рэжыму ПКБ. Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць аб'еднаньня ўсіх камуністаў вакол КПБ. Кампартыя мусіць паслужыць прыкладам у справе кансалідацыі палітычных сілаў. Такая думка Лукашэнкі. Трэба думаць, што зерне ўпадзе на ўрадлівую глебу. Бо Беларусь не Прыбалтыка і не Масква зь Пецярбургам, тут партыйныя білеты ніхто прылюдна не паліў, і пры нагодзе адшукаць іх няма праблемаў.

ГЕРОІ ЖНІВА З-ПАД ГОМЛЯ
Лукашэнка абвесьціў надзвычайнае становішча з-за нечакана вялікага ўраджаю збожжавых, што абрынуўся на галовы беларусаў. Таму кожны, хто мае ахвоту і жаданьне, мусіць дапамагчы вёсцы сабраць ураджай. Ці "схапіць", як выказаўся "галоўны стырнавы".
Вось 58 працоўных атрадаў у дапамогу вёсцы былі створаныя ў Гомлі. Кожны атрад складаецца з 15 чалавек, рабочых гарадскіх прадпрыемстваў, гатовых у любую хвіліну выехаць у "гарачую кропку" вобласьці, каб дапамагчы вяскоўцам. Але апафеозам маразматычнасьці ўборачнай капманіі, была тэлеграма з калгаса імя Тэльмана, што ў Брагінскім раёне Гомельшчыны. Яны рапартавалі Лукашэнку пра сабраны ўраджай. А той павіншаваў іх з добрым ураджаем: 37 цэнтнераў з гэктара. І ўсе забылі, што Брагінскі раён - самы забруджаны ў чарнобыльскай зоне. Але ўжо праз пару дзён палову сабранага калгасьнікамі зерня забракавалі, бо вымяральнікі радыяцыі зашкальвала.

ФРОНТАЎЦЫ ПЕРАМАГЛІ
27-га ліпеня, у дзень 12-й гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, ў менскім парку Чалюскінцаў прайшоў 6-ы міні-футбольны турнір "Кубак Свабоды памяці Г. Карпенкі".
Удзел у ім ўзялі каманды Аб'еднанай Грамадзянскай Партыі (АГП), Партыі БНФ, БСДП "Народная Грамада", Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, грамадзкай арганізацыі "Маладзёжны хрысьціянска-сацыяльны саюз", "Маладога Фронту", "Зуброў" і зборная журналістаў. Да фінала дайшлі каманды КХП БНФ і АГП. У вырашальным матчы фронтаўцы ўзялі верх зь лікам 4:2.

АДЗНАЧЫЛІ ГАДАВІНУ
А "Зубры" адзначыліся напярэдадні. У ноч на 27-га ліпеня яны вывесілі некалькі нацыянальных сьцягоў на будынках горада.
Бел-чырвона-белыя палотнішчы зьявіліся ў мікрараёнах Малінаўка, Паўднёвы Захад, на высакавольтавых лініях уздоўж Менскай кальцавой дарогі ды іншых месцах.

ПАПЕРАДЖАЛЬНЫ СТРАЙК
У Беларусі 31-га ліпеня прайшоў аднадзённы папераджальны страйк індывідуальных прадпрымальнікаў. У акцыі ўзялі ўдзел прадпрымальнікі Менску, Горадні, Магілева, Віцебску, Гомлю, Берасьця, Баранавічаў, Бабруйску, Воршы ды некаторых іншых гарадоў. Паводле інфармацыі прэс-службы страйкаму прадпрымальнікаў, колькасьць страйкоўцаў наблізілася да 150 тысяч чалавек. Яны пратэставалі супроць падвышэньня ў два разы фіксаванай стаўкі падатку, а таксама іншых дыскрымінацыйных крокаў, што прадугледжвае яшчэ не падпісаны праект зьменаў у дэкрэт прэзыдэнта №12. Пра гэта паведаміў старшыня Страйкавага камітэту прадпрымальнікаў Беларусі Валер Леванеўскі.

ПРЭСТЫЖНАЯ МОВА
З новага навучальнага году будзе павялічаная плата за карыстаньне школьнымі падручнікамі. Яна мусіць складаць 50 адсоткаў ад агульнага кошту камплекта падручнікаў (летась сума складала 25 адсоткаў). Паколькі камплект падручнікаў для 9-й клясы беларускамоўных школаў будзе каштаваць 19 752 рублі, то бацькам неабходна будзе аплаціць палову з гэтай сумы - 9 876 рублёў. За камплект падручнікаў для 9-й клясы расейскамоўных школаў неабходна будзе заплаціць 6 900 рублёў. Камплект падручнікаў для вучняў чацьвертай клясы абыйдзецца 9 658 рублёў пры агульным кошце ў 19 316 рублёў. А для чацьвертай клясы школаў з расейскай мовай навучання кошт камплекта складзе 18.018 рублёў, за які давядзецца плаціць адпаведна 9.009 рублёў.
Чаму беларускамоўныя падручнікі даражэйшыя? Бо расейскамоўныя закупляюць ў Расеі, а нашыя друкуюць на радзіме, таму і сабекошт іхны большы.

МІХАІЛА ЧЫГІРА АСУДЗІЛІ
23-га ліпеня былы прэм'ер-міністар Беларусі быў асуджаны Фрунзнескім судом сталіцы да 3 гадоў пазбаўленьня волі й канфіскацыі маёмасьці. Праўда, тры гады далі з адтэрміноўкай, ды й канфіскоўваць няма чаго. У кватэры асуджанага мала што яму належыць. А абвінавацілі Чыгіра ва ўтойваньні падаткаў і ўхіленьні ад падачы падаткавых дэклярацыяў. Усяго шкода склала 8 млн. рублёў. Чыгіра абавязваюць пакрыць шкоду, нанесеную дзяржаве.

СУДЗЯЦЬ "НАШУ СВАБОДУ"
2-га жніўня, Маскоўскі раённы суд горада Менску будзе разглядаць зыскавую заяву старшыні Камітэту дзяржкантролю Беларусі Анатоля Тозіка супраць незалежнай газэты "Наша свабода". Урадовец абураны з артыкула журналіста Міхаіла Падаляка "Канфідэнцыйна", у якім аўтар раскрыў "непрыхільныя" дачыненьні паміж кіраўніком Дзяржкантролю й генэральным пракурорам Беларусі Віктарам Шэйманам. А.Тозік заяўляе, што гэтыя зьвесткі ня толькі зьневажаюць ягоныя гонар, годнасьць і справавую рэпутацыю, але й "падрываюць аўтарытэт улады ў краіне". Каб кампэнсаваць "маральную шкоду", старшыня Дзяржкантролю хоча праз суд спагнаць з рэдакцыі й журналіста "Нашай свабоды" агулам каля 120 тысяч даляраў.
Калі суд задаволіць зыск, то выданьне спыніць сваё існаваньне. "Такіх грошай у газэце ніколі не было", - заявіў калегам на адмысловай прэс-канфэрэнцыі сёньня галоўны рэдактар Павал Жук. Аднак журналісты абяцаюць супрацьпаставіць гэтаму дзяржаўнаму ціску закрытую дагэтуль інфармацыю пра жыцьцё й дзейнасьць шмат якіх высокіх дзяржаўных асобаў Беларусі.

56-е МЕСЦА БЕЛАРУСІ
У ліпені Арганізацыя Аб'еднаных Нацыяў агучыла свой штогадовы даклад. У сусьветным рэйтынгу па індэксе чалавечага разьвіцьця (сюды ўваходзіць і працягласьць жыцьця, і індэкс адукацыі, і валавы ўнутраны прадукт) Беларусь знаходзіцца на 56-м месцы. На 55-м месцы Куба, на 57-м - Панама. На першым месцы Нарвэгія, потым ідуць Швэцыя, Канада, Бэльгія, Аўстралія, ЗША, Ісляндыя, Нідэрлянды, Японія, Фінляндыя. Што тычыць краінаў былога СССР, то беларусы прапусьцілі наперад эстонцаў (42-е), літоўцаў (49-е), латышоў (53-е). Расія трымаецца на 60-м месцы, Украіна - на 80-м.
Яшчэ цікавейшыя зьвесткі тычацца ступені ўнутраных свабодаў (свабода слова, верывызнаньняў, сходаў, свабода прэсы і інш.) Тут мы апярэджваем Кубу, Саўдаўскую Арабію, Сірыю, М'янмар і знаходзімся на адным узроўні з Узбэкістанам, Кітаем, Іранам, В'етнамам, Камбоджай. Камэнтары залішнія.

ЗНАЙШЛІ ЛАДЗЬДЗЮ
У рацэ Дняпро ў навакольлях Магілёва былі знойдзеныя рэшткі старажытнай драўлянай ладзьдзі. Навукоўцы мяркуюць, што такога кшталту чаўны будавалі вікінгі. Нездарма па Дняпры праходзіў шлях з варагаў у грэкі.

СЬМЕРЦЬ НА АТРАКЦЫЁНЕ
У менскім парку імя Горкага на атракцыёне "Сюрпрыз" загінуў чалавек. Гэта быў супрацоўнік парку. Трагедыя адбылася позна ўвечары 9-га ліпеня, калі атракцыён быў зачынены. Мужчына вырашыў пакатаць дзьвух дзяўчынаў, але падчас руху паспрабаваў зьмяніць месца, не ўтрымаўся на нагах, упаў і ад атрыманых траўмаў памёр на месцы. Дзяўчаты-ж зьбеглі зь месца здарэньня. Між тым, сьмерць чалавека на атракцыёне першая ў гісторыі менскіх атракцыёнаў.

СЬМЕРЦЬ ПА-КОСАЎСКУ
Рабочы Косаўскага (што ў Івацэвіцкім раёне) мэблевага заводу забіў свайго 57-гадовага суседа, інваліда зь дзяцінства. Сусед не пазычыў тысячу рублёў (паўдаляра), вось і атрымаў сякерай па галаве.

"БАСОВІШЧА"
У Гарадку, што на Беласточчыне, прайшоў 13-ы музычны фэстываль "Басовішча"… Галоўны прыз атрымаў гурт зь Менску "Partyzone", ўзнагароды атрымалі таксама "Дзея" з Баранавічаў, менскі "Стод", бярозаўскі "БН".

ВЫЙШЛІ НОВЫЯ КНІГІ
Напрыканцы ліпеня ў Менску выйшла з друку кніга нью ёрскага дасьледчыка Лявона Юрэвіча "Літаратурны рух на эміграцыі". Кніга выйшла ў сэрыі "Бібліятэкі Беларускага гістарычнага агляду" пад нумарам 10. Лявон Юрэвіч разглядае літаратурны працэс на эміграцыі: плыні, асобы, суполкі, пэрыёдыкі, ды ўпершыню ў беларускай крытыцы дае поўную карціну літаратуры эміграцыі. Есьць разьдзел "Матэрыялы да гісторыі беларускай літаратуры ў выгнаньні", друкуюцца ўспаміны Андрэя Клёнава, найцікавейшая аўтабіяграфія Янкі Юхнаўца., фотаздымкі, некаторыя раней не друкаваныя, а таксама асобным разьдзелам аўтографы вершаў Уладзімера Дудзіцкага ды Алеся Салаўя.
Выйшла Біблія (Пяцікніжжа) у перакладзе айца Ўладзіслава Чарняўскага. Кс. Чарняўскі не дачакаўся гэтай падзеі. Нарэшце, кніга надрукаваная, праўда маленькім накладам у 300 асобнікаў, і будзе добрай памяцьцю пра беларускага шматпакутнага сьвятара.
Зь беларускіх часапісаў у ліпені нічога не выдавалася. Падуладныя "Полымя", "Маладосьць", "Нёман" ня лічым.

Уласны карэспандэнт