БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

ІВАШКЕВІЧ НЕ ЗДАЕЦЦА
Пасьля таго, як асудзілі Віктара Івашкевіча на два гады за паклёп на адрас прэзыдэнта, ягоная адвакатка Тацьцяна Станкевіч падала касацыйную скаргу ў Менскі гарадзкі суд. Аднак дарэмна. Суд пакінуў вырак бязь зьменаў. Галоўным крытэрам было тое, што злашчасны артыкул "Злодзей мусіць сядзець у турме", насамрэч быў надрукаваны ў газэце! Ніякія довады, што артыкул быў узяты з інтэрнету (то бок перадрукаваны, а значыць трэба шукаць аўтараў сеціўнага артыкула), не падзейнічалі. Цяпер спадзевы толькі на амністыю, якая павінна зьменшыць прысуд. Тады галоўны рэдактар газэты "Рабочы" будзе працаваць на "хіміі" адзін год.
Сам Віктар Івашкевіч дастаткова аптымістычна глядзіць у будучыню: "Я буду імкнуцца, каб газэта выходзіла і надалей. Нават калі мяне пашлюць куды ў Баранавічы, Воршу, Берасьце - гэта ўсяго толькі чатыры гадзіны на самаходзе. Мы-ж не ў Саюзе, у Сыбір ня вышлюць".

АД "МФ" ЗЬ ЛЮБОЎЮ
7-га кастрычніка расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін сьвяткаваў 50-годзьдзе. Усё "прагрэсыўнае чалавецтва" віншавала яго ў гэты дзень. Вырашыў не адстаць і "Малады Фронт". 7-га кастрычніка на рэклямных шчытах найбуйнейшых расейскіх фірмаў у Менску зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі. Шыльды вуліц "Камуністычная", "Рэвалюцыйная", "Савецкая" былі перакрэсьленыя, а на іх зьявіліся напісаныя ад рукі гістарычныя назовы.
Апрача таго, некалькі актывістаў "Маладога Фронту" прынесьлі да расейскай амбасады падарункі: стары чамадан (меўся на ўвазе стары апазыцыйны слоган "Чамадан. Вакзал. Расія"), пляшку гарэлкі "Маскоўская" ды ліст, дзе адзначалася, "што для беларускага народу ідэя інтэграцыі не прымальная, і Беларусь хоча быць вольнай і незалежнай".
Міліцыянты-ахоўнікі й супрацоўнікі пасольства браць падарункі адмовіліся. Кажуць, дасылайце поштай.

СТРАЙК ПРАДРПЫМАЛЬНІКАЎ
З 1-га кастрычніка прадпрымальнікі не працавалі. Тыя, хто вылучаў палітычныя патрабаваньні, страйкавалі. Іх узначальваў кіраўнік страйкаму Валер Леванеўскі. Тыя, хто вылучаў эканамічныя, баставалі. Іх ачольваў кіраўнік Аб'еднанага савета прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка. Галоўнае патрабаваньне і першых, і другіх - адмена загаду пра касавыя падсумоўныя апараты, безь якіх, дарэчы, нельга ўявіць нават самага занядбанага прадпрымальніка-гандляра на Захадзе. Запалу і першых, і другіх хапіла на лічаныя дні, хоць абяцаліся баставаць-страйкаваць зь месяц. З кожным днём прадпрымальнікаў-забастоўшчыкаў станавілася ўсе меней. А 10-га кастрычніка вырашылі забастоўку-страйк спыніць.
У Горадні прадпрымальнікі сабраліся на плошчы Леніна на мітынг (каля 200 чалавек). Яны патрабавалі сустрэчы з гарадзкімі ўладамі. Кіраўнікі гораду адмовіліся выйсьці да людзей. Старшыня страйкаму Валер Леванеўскі быў затрыманы міліцыяй, і празь некаторы час асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У спецпрыёмніку ён абвесьціў галадоўку.

МІТЫНГ ПАМЯЦІ
26-га кастрычніка ў Менску адбыўся мітынг памяці менскіх падпольшчыкаў, закатаваных нацыстамі 26-га кастрычніка 1941-га году. 61 год таму на прахадной менскага дражджавога завода былі павешаныя тры менскія падпольшчыкі: Канстанцін Трус, Уладзімер Шчарбацэвіч і Маша Брускіна. Гэта акцыя стала першым публічным пакараньнем сьмерцю ў акупаваным немцамі Менску.
Арганізатарам сёлетняй акцыі-рэквіему быў Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадзкіх аб'еднаньняў і абшчын. Адметна, што сярод удзельнікаў акцыі быў і "Малады фронт". Лідэр МФ Павел Севярынец заявіў на мітынгу, што абавязак маладых людзей, якія сёньня адстойваюць незалежнасьць Беларусі, - шанаваць памяць антыфашыстаў, якія змагаліся супраць нацыстаў у гады Другой сусьветнай вайны.
Вось тут і ўзьнікаюць "падвойныя стандарты". З аднаго боку маладафронтаўцы шануюць памяць дзеячоў нацыянальнага руху часоў нямецкай акупацыі, а зь іншага прапануюць шанаваць памяць падпольшчыкаў, якія мэтадычна вынішчалі дзеячоў-беларусаў.

ЛЯБЕДЗЬКА АДСТУПАЕ
"Беларус" паведамляў, што 17-га лістапада мае адбыцца акцыя аб'еднанай апазыцыі ў абарону незалежнасьці й суверэнітэту краіны. (Збор на плошчы Якуба Коласа а 12-й гадзіне). Між тым, апазыцыянеры пачынаюць пакрысе адмаўляцца ад раней акрэсьленых супольных дзеяньняў. Адмовіліся ад удзелу ў акцыі лібэрал-дэмакраты, камуністы.
Вось і лідэр АГП Лябедзька заявіў пра сыход сваёй партыі зь ліку арганізатараў акцыі. Ен аргумэнтуе сваё рашэньне непадрыхтаванасьцю арганізатараў і апатыяй грамадзтва, прагназуючы, што ўдзельнікаў ня будзе больш за 5 тыс. А гэта значна падарве імідж незалежнай Беларусі ў вольным сьвеце з аднаго боку, а з другога - сыграе на руку Лукашэнку. Нацыянал-патрыятычна настроеныя дзеячы апазыцыі ўжо наладзілі Лябедзьку і АГП абструкцыю.

ВАКОЛ КУРАПАТАЎ
Грамадзкая ініцыятыва "За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты" вырашыла зарганізаваць Рэспубліканскую камісію па стварэньні ва ўрочышчы народнага мэмарыялу. Плянуецца правесьці збор сродкаў і абвесьціць конкурс на пабудову помніка.
Да сёньняшніх Дзядоў мастак Аляксей Марачкін намаляваў абраз Маці Божай Курапацкай ўсіх нявінна расстраляных. Абраз, праўда, некананічны. Смуткуючая Маці Божая, якая адлюстраваная на фоне курапацкіх крыжоў і стромкіх соснаў, трымае ў руках беларускі ручнік. Гэты абраз пранясуць да Курапатаў і там урачыста асьвецяць. Ягоны арыгінал, магчыма, будзе падораны ўніятам, бо абраз напісаны ў жанры старажытнага ўніяцкага іканапісу, а яго паменшаная копія зьмешчаная пад крыж-капліцу ў Курапацкім лесе.
Цікава, што як і ў мінулым годзе, сёлета будуць адзначыць двое Дзядоў. 2-га лістапада на плошчы Талбухіна будуць зьбрацца сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, а ля мэтро "Усход" - сябры Партыі БНФ.

АКЦЫЯ "МАЛАДОГА ФРОНТУ"
23-га кастрычніка беларускія праваахоўныя органы дэпартавалі зь Беларусі лідэра расейскай партыі "Саюз правых сілаў" Барыса Нямцова, паставіўшы яму ў віну небясьпеку для дзяржаўных інтарэсаў. Нямцоў і ягоная паплечніца Ірына Хакамада меліся ўзяць удзел у навуковай канфэрэнцыі "Беларусь - Расія: Новая інтэграцыя?" Маршрут Нямцова абмежаваўся праездам ад аэрапорту "Мінск-2" да аэрапорту "Мінск-1" і вяртаньнем у Маскву.
Натуральна, сябры "Маладога Фронту" ня ведалі пра акцыю беларускіх спэцслужбаў. І таму вырашылі зладзіць акцыю ў падтрымку суверэнітэту. Яны, як і сябры Беларускай Партыі Свабоды пікетавалі будынак Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру. Удзельнікі акцыі (блізу 30 чалавек) трымалі бел-чырвона-белыя і чорна-белыя сьцягі, а таксама плякаты "Ніякіх саюзаў з Расеяй!", "Рукі прэч ад Беларусі!", "Беларускі народ - гаспадар сваёй краіны!". Расейскія машыны яны закідалі тухлымі яйкамі. Маладзёны наладзілі збор грошай на квіток Анатолю Лябедзьку, ініцыятару канфэрэнцыі, да Масквы ў адзін канец. Маладафронтаўцы таксама апытвалі выпадковых мінакоў наконт ўвядзеньня беларускага рубля як адзінай валюты Саюзу Беларусі й Расеі.
Акцыя "МФ" і БПС зацікавіла лукашэнкаўскае тэлебачаньне, і апошнія нават ўзялі інтэрв'ю ў Паўла Севярынца і лідэра БПС Сяржука Высоцкага. Праўда, па тэлевізіі не паказалі, як іх арыштоўвалі. Праз тыдзень прайшлі суды. Паўла аштрафавалі на 900 даляраў. Сяржука адпусьцілі, бо ён меў журналісцкае пасьведчаньне. Маладафронтаўцам Сяргею Мацкойцю і Алене Лазарчык далі 22 тыс. рублёў штрафу (115 даляраў), сябру БПС Ільлю Ядранцава асудзілі на 3 сутак.

АКЦЫЯ АКСАНЫ НОВІКАВАЙ
29-гадовая прыватная прадпрымальніца Аксана Новікава была затрыманая 17-га кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, у час, калі раздавала антыпрэзыдэнцкія ўлёткі (Лукашэнка абвінавачваўся ў зьдзяйсьненьні некалькіх злачынстваў). Новікаву пратрымалі ноч у ізалятары й адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Ей пагражае абмежаваньне альбо пазбаўленьне волі тэрмінам да 5 гадоў. Сьледчыя абяцаюць скончыць разгляд справы менш, чым за паўтара месяцы.

ЦАРКОЎНЫЯ НАВІНЫ
У сярэдзіне кастрычніка Курапаты наведаў Першаярарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Народнай Царквы (БАПНЦ) Юры (Эмігідзіюш) Рыжы, дзе адпраўляе набажэнствы сьвятар БАПНЦ Леанід Акаловіч. А Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква тым часам падае дакумэнты на рэгістрацыю. Падаюць дакумэнты суполкі БАПЦ у Бераставіцы, Горадні, Сьвіслачы.

МУЗЭЙ ЛУЦКЕВІЧА Ў ВІЛЬНІ
Сойм Летувы прыняў рашэньне аб аднаўленьні музэя імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Цяпер засталося вярнуць туды экспанаты, якія былі параскіданыя па Гісторыка-этнаграфічным музэі й Цэнтральнай бібліятэцы АН Летувы.

ВЕК ТАК НЯ БУДЗЕ
У Менску была прэзэнтаваная кніга ўспамінаў Надзеі Дземідовіч "Век так ня будзе". Сп-ня Надзея (нар. 1927 г.) вырасла ў Заходняй Беларусі, вучылася пад немцамі ў беларускай школцы, брала ўдзел у СБМ, за што і была асуджаная ў 1950-м годзе савецкім судом на 25 гадоў зьняволеньня. Савецкія лягеры не зламалі мужную жанчыну, а яшчэ болей загартавалі яе нацыянальны дух. На прэзэнтацыі яна сказала, што хоча толькі аднаго - "пабачыць Беларусь вольнай".

ВЯРТАНЬНЕ 10-ці КАЛАСКОЎ
Сьветлагорскі суд аштрафаваў пэнсіянэра-інваліда зь вёскі Якімава Слабада Лявона Рабцава на 34 тыс. рублёў (гэта прыкладна 18 амэрыканскіх даляраў і палова пэнсіі чалавека) за тое, што ён зьбіраў моркву на перагараным калгасным палетку. На судзе Рабцаў разгублена казаў, што ён ня думаў, што камусьці спатрэбіцца парэзаная калгасным трактарам морква. Цікава, што маці Рабцава была ў 1937-м годзе кінутая ў турму за славутыя сталінскія "дзесяць каласкоў".

Уласны карэспандэнт