Беларусіка на зьезьдзе
Таварыства Амэрыканскіх Славістаў
У канадзкім горадзе Таронта адбыўся 20-23-га лістапада 2003-га году гадавы зьезд Таварыства Амэрыканскіх Славістаў (American Association for the Advancement of Slavic Studies). У зьезьдзе ўзялі ўдзел больш за дзьве тысячы навукоўцаў. Усе даклады адбываліся ў адным вялікім гатэлі Ерк Роял. На працягу чатырох дзён адбылося больш за 300 дзьвюхгадзінных сэсіяў (па тры даклады на сэсіі). Некаторыя сэсіі праходзілі ў форме "круглых сталоў". Тры сэсіі былі поўнасьцю прысьвечаныя беларускім тэмам: літаратуры й музыцы, моваведзе ды беларускаму нацыяналізму. Беларускія пытаньні закраналіся і на некаторых іншых сэсіях (тэмы: бібліятэчны абмен, беларусізацыя 1920-х гадоў, украінска-беларускія традыцыі ХУІ-ХVІІ-га стагодзьдзяў, жаноцкае пытаньне ды іншыя).
На сэсіі пра беларускую літаратуру і музыку, на якой старшыняваў праф. Курт Ўулгайзэр, прачыталі даклады: праф. Зіна Гімпелевіч пра пакладзеную на музыку паэзію (псальмы) Рыгора Барадуліна; праф. Арнольд Макміллін пра літаратурнае сяброўства Васіля Быкава й Рыгора Барадуліна; праф. Паўліна Сурвілла пра ролю беларускае рок-музыкі ў будаваньні музычнае грамады. Камэнтатарамі дакладаў былі сябры Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва Івонка Сурвілла і Янка Запруднік.
У пытаньнях моваведы выступілі з дакладамі (старшыняваў праф. А. Макміллін): праф. Аліцыя Барута-Садкоўская пра беларускую мову 1920-х-1930-х гадоў і сучасныя моўныя стандарты; праф. Юлія Верхалянцава пра мову раньніх стагодзьдзяў Вялікага Княства Літоўскага; праф. Вінцук Вячорка пра трансьлітарацыю лацінкаю беларускіх імёнаў і назоваў. Камэнтавалі даклады прафэсары Рэйманд Г. Міллер і Курт Ўулгайзэр.
На "круглым стале" на тэму беларускага нацыяналізму (старшыняваў др. Вітаўт Кіпель) прачыталі даклады: журналістка Віялета Кавалёва, кандыдат гістарычных навукаў Ірына Лысенка, праф. Вінцук Вячорка і др. Янка Запруднік.
У часе зьезду адбылося паседжаньне сяброў управы й запрошаных гасьцей Паўночна-Амэрыканскага Беларусаведнага Таварыства (North American Association for Belarusian Studies), на чале якога стаіць праф. Гарвардзкага ўнівэрсытэту Курт Ўулгайзэр, які, дарэчы, валодае беззаганным беларускім вымаўленьнем.
Была нагода ў часе зьезду пабачыцца і пагутарыць са сп. Станіславам Шушкевічам, які, прыбыўшы з Вашынгтону, выступаў у гэтым часе зь лекцыяй у Таронтаўскім унівэрсытэце.
(Я.З.)

Падзеі ў Тароньце
Сёлета, 22-га лістапада, у гатэлі Ерк Роял у Тароньце адбыўся зьезд Таварыства Амэрыканскіх Славістаў. Як я даведаўся, там ішла гаворка пра беларускую мову, як яна, гэтая цяперашняя мова нашая, пануе ў сьвеце іншых, суседніх славянскіх моваў.
Як сябра канадыйскага Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва, я апынуўся між актыўных людзей навукі, пераважна філялёгіі: нашых амэрыканцаў - спадароў Янкі Запрудніка, Вітаўта Кіпеля; нашай Зіны Гімпелевіч, старшыні канадыйскага БІНіМу; Івонкі Сурвілла з Аттавы, яе дачкі Паўліны, якая жыве цяпер дзесьці ў ЗША.
Паўліну бачыў я апошні раз тады, як яна была яшчэ незамужняя ды нам у Тароньце на Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, наш канадыйскі гімн па-французку прыгожым галаском сьпявала.
Ня памятаю, фактычна, ня ведаю прозьвішчаў іншых удзельнікаў зьезду.
У наступны дзень, 23-га лістапада, пасьля малітвы й абедні ў царкве ў залі БРГЦ сабралася нашая грамада на абед, нарыхтаваны спн. Марыяй Ганько і нашымі руплівымі гаспадынямі. Нашая таронцкая парафія Сьв. Кірылы Тураўскага пасьля сьмерці архіяпіскапа Мікалая, Першага Ярарха БАПЦ, яшчэ ня мае свайго сьвятара. Помач нам патрэбная.
Пасьля абеду старшыня таронцкага аддзелу ЗБК Надзея Дробіна запрасіла Старшыню Рады БНР Івонку Сурвіллу крыху паінфармаваць пра зьезд. Усе ўважліва слухалі таксама пра апошнія падзеі ў Канадзе, дзе сп. Вінцуку Вячорку зь Менску ў асысьце Івонкі Сурвіллы давялося ў Аттаве спаткацца з прадстаўнікамі замежнага дэпартаманту. Як ведаем, канадыйскі ўрад падтрымлівае апазыцыю ў Беларусі. Сп. Вінцук Вячорка шырака паінфармаваў нас пра палітычную сытуацыю ў Рэспубліцы Беларусь, адказаў на шматлікія пытаньні. Мы ўдзячныя яму за гэта.
Пры нагодзе мне давялося паінфармаваць прысутных, што ў тым самым гатэлі ў 1950-м годзе адбывалася сусьветная канфэрэнцыя Чырвонага Крыжа. Даведаўшыся, што там будуць і прадстаўнікі БССР, мы ад Згуртаваньня Беларусаў Канады пратэставалі супраць дэлегацыі БССР, якая, як ведама, служыла тады тырану Сталіну, а не вольнай Беларускай Народнай Рэспубліцы.
Кастусь АКУЛА, Таронта