Я памятаю той дзень вельмі добра. Сяджу каля стала ў офісе. Званок. Падымаю слухаўку.
- Спадар Рапецкі?
- Так, гэта я.
- Гаворыць Уладыка Мікалай. Я нядаўна вярнуўся зь Беларусі і, будучы там, атрымаў машынапісны тэкст Новага Запавету з Псалтыром у беларускім перакладзе Васіля Сёмухі.
- Цікава, - адказаў я, - ну і што вы можаце сказаць пра гэты пераклад?
- Васіль Сёмуха папрасіў, каб мы зрабілі тыпаграфічны набор ягонага перакладу. На жаль, я гэтага не змагу зрабіць, бо заняты сваёю працаю і праектамі. Проста ня маю часу гэтым займацца. Спадар Рапецкі, ці не маглі-б вы дапамагчы ў гэтай справе?
Для мяне такая прапанова аказалася вялікай нечаканасьцю. Я ўжо чуў пра Васіля Сёмуху і ягоную працу над тэкстам Бібліі. Што ж мне казаць?
- То што? Вы прапануеце, каб я ўзяўся за набор і зрабіў макет?
- Ну, напэўна, так! Ці вы згодныя?
Крыху я падумаў з маўчаньнем.
- Ну як? Возьмецеся за набор? - працягваў Уладыка Мікалай.
- Здаецца, так! Прыеду і вазьму тэкст у вас.
Вось з гэтага пачалася справа для мяне. Мы з Уладыкам Мікалаем жылі ў адным горадзе - Таронта, Канада. Ён узначальваў Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву і толькі сёлета раптам памёр. Хоць па веравызнаньні я не праваслаўны, але мы зь ім заўсёды былі ў дружалюбных адносінах. Адно мяне радавала, што ён адслугоўваў Літургію ў сваёй царкве на сучаснай усім зразумелай беларускай мове.
Атрымаўшы копію машынапіснага тэксту Бібліі ў беларускім перакладзе Васіля Сёмухі, я вельмі абрадаваўся і падзякаваў Богу, што Ён знайшоў і падахвоціў такога высокаадукаванага чалавека, як спадар Сёмуха, прыступіцца да вельмі цяжкай і адказнай працы. Колькі гадоў мы з бацькам, Якубам Рапецкім, рыхтавалі духоўную радыёперадачу "Добрая вестка" на беларускай мове і адсылалі да Транс Сусьветнага Радыё ў Монтэ Карла, і ў казаньнях мы карысталіся так званым Луцкевічавым перакладам Новага Запавету з Псалтыром. Хоць пераклад добры, я бачыў і ведаў, што не заўсёды ён трымаўся граматычных правілаў сучаснай беларускай мовы, і ня раз трэба было то адно, то другое зьменьваць, каб выходзіла больш граматна. Мы з бацькам разумелі, што патрэбны новы пераклад, які будзе адпавядаць сёньняшнім граматычным правілам літаратурнай беларускай мовы.
Дык вось, карыстаючыся настольным кампутарам, я ўзяўся за працу, набіраючы літару за літарай, слова за словам. Кожны раз, калі канчаў кнігу Новага Запавету, перадаваў Уладыку Мікалаю, каб ён пераглядаў і ўводзіў свае прапановы. Я таксама дабаўляў свае прапановы спадару Сёмуху (большасьць, зь якімі ён згаджаўся і затрымаў у тэксьце). Тэкст кожнай кнігі з нашымі прапановамі мы высылалі да спадара Сёмухі ў Менску. Ён іх атрымліваў, пераглядаў і адзначаў, што пакідаць у тэксьце, і высылаў назад да мяне. Атрымаўшы перагледжаны тэкст, я уводзіў зьмены й пасьля рыхтаваў макет. Яшчэ раз перачытваў, друкаваў і адпраўляў спадару Сёмуху. І так мы рабілі, пакуль не дайшлі да канца Новага Запавету, а потым закончылі вёрстку і Псалтыра. Частку закончанага тэксту я высылаў у Менск, і частку сам браў з сабою, калі адведваў Менск і бачыўся з Васілём Сёмухам. Прыйшоў час, калі цэлы тэкст застаўся ў руках перакладчыка.
У дзевяностых гадох адбылася Сустрэча Беларусаў Паўночнай Амэрыцы тут у Таронта, і якраз у гэты час зьехаліся спадар Яўген Лецка зь Беларусі й Янка Запруднік з Амэрыкі. Падчас канфэрэнцыі мы ўтрох сабраліся і абмеркавалі пытаньне пра новы беларускі пераклад Новага Запавету з Псалтыром. Спадар Запруднік паведаміў нам, што ён быў у Менску і пазнаёміўся з нашым перакладам, які яму спадабаўся. Ён нават і быў гатовы ахвяраваць нейкую суму грошай на выданьне Эвангельля. Спадар Лецка ў той час узначальваў Згуртаваньне Беларусаў Сьвету "Бацькаўшчына" і лічыў, што "Бацькаўшчына" зможа надрукаваць Эвангельле, калі на гэта згодзіцца спадар Сёмуха. І так яно сталася, таму ў 1995-ым годзе выйшаў Новы Запавет з Псалтыром у Менску. На першых бачынах мы чытаем дабраславеньне над перакладам Уладыкі Мікалая і слова ўдзячнасьці перакладчыка асобным людзям за іхнюю дапамогу ў падрыхтоўцы й выданьні. Для ўсіх нас, удзельнікаў, гэта была вялікая радасьць, што пабачыў сьвет новы сучасны беларускі пераклад Сьвятога Пісаньня.
Яшчэ перад тым, як выйшаў Новы Запавет, я (і, думаецца, многія іншыя) прапанаваў спадару Сёмуху перакласьці й кананічныя кнігі Старога Запавету. Памятаю, што калі я такую думку выказаў яму, ён паведаміў мне, што ўжо працуе над тэкстам Старога Запавету, і што празь нейкі час адправіць Уладыку Мікалаю і мне цэлы тэкст на кампутарных дыскетах. Бязумоўна такая вестка ізноў абрадавала мяне. І сапраўды так яно і здарылася. Праз некаторы час я поштаю атрымліваю ад дачкі Васіля Сёмухі, Алесі, дыскеты з цэлым тэкстам Старога Запавету. Пераклад гэты быў зроблены спадаром Сёмухам і гэтым разам не на паперных лістках, але ў выгладзе кампутарных файлаў. Толькі ў мяне была адна бяда, што файлы прыйшлі да мяне ў Ай-Бі-Эм-аўскім фармаце, а я ў той час карыстаўся сыстэмаю Макінтош. Дзякаваць Богу, тут у Таронта я знаю украінскіх братоў Ватрыч, якія таксама рыхтуюць духоўную літаратуру на ўкраінскай і расейскай мовах. Яны дапамаглі мне пераставіць тыя файлы ў патрэбны фармат.
Гэтым разам мне ня трэба было набіраць літару за літарай, слова за словам, бо спадар Сёмуха, запісваючы пераклад, сам набіраў іх. Гэта ўжо шмат дапамагло ў маёй працы. Трэба было толькі пераставіць на старонкі. Ізноў я друкаваў асобныя старонкі, уводзіў свае прапановы, аддаваў Уладыку Мікалаю, каб ён таксама ўводзіў свае прапановы. Гэта мы адпраўлялі перакладчыку, а ён, перагледзеўшы тэкст і адзначыўшы зьмены, высылаў назад да мяне. І я ўжо ўводзіў апошнія папраўкі й друкаваў тэкст. Хоць я высылаў кожную старазапаветную кнігу, калі канчаў яе, дайшло да таго, што я вырашыў перадаць Васілю Сёмуху ўсе кампутэрныя файлы, калі закончу цэлы Стары й Новы Запавет. Так і зрабіў, калі адведаў Беларусь і сустрэўся зь ім у Менску. Памятаеце, што файлы былі ў сыстэме Макінтош. Яны там шукалі друкарню, якая магла-б прачытаць і надрукаваць, але па нейкіх прычынах вырашылі перакласьці назад на АйБіЭм-аўскую сыстэму, што значыць, ім трэба было яшчэ год папрацаваць у Менску.
Якая радасьць, калі ўрэшце я атрымаў паведамленьне, што ў месяцы траўні 2002 году поўная беларуская Біблія будзе выдадзеная. Так яно і здарылася. І празь некаторы час я атрымаў асобнік яе. Атрымаўшы, я са сьлязамі зьвярнуўся ў малітве да Бога і падзякаваў Яму за тое, што Ён дапамог нам усім падрыхтаваць і адрэдагаваць поўны тэкст у сучасным беларускім перакладзе, і цяпер я трымаў беларускую Біблію ў сваіх руках.
Але я павінен тут дабавіць адну сумную вестку. Уладыка Мікалай, хоць таксама пачуў пра тое, што ў Менску выйшла поўная беларуская Біблія, не дажыў да таго моманту, калі ён сам змог атрымаць асобнік і трымаць яго ў сваіх руках. Калі я пачуў пра ягоную нечаканую і раптоўную сьмерць, мне прыгадалася адная размова, якую я меў з Уладыкам. Яна адбылася пасьля таго, як я расказаў яму пра сваю нядаўнюю сустрэчу з Васілём Сёмухам, калі спадар Сёмуха паведаміў мне, што ён ужо перакладае кнігі Старога Запавету. Пачуўшы гэта, Уладыка Мікалай крыху падумаў і сказаў мне: "Я ніколі ня ўбачу надрукаванай поўнай Бібліі". На жаль, так яно і сталася.
Нашая сям'я пасялілася ў Канадзе, калі мне было толькі два гады. Памятаю, як тата паўтараў нам, дзецям, усе тыя апавяданьні зь Бібліі. Мы ўдома размаўлялі па-беларуску, але калі адведвалі Багаслужбы славянскіх эвангельскіх хрысьціянаў у Канадзе, дык у большасьці выпадкаў чулі, як прапаведнікі чыталі расейскую Біблію. Праўда, у некаторых цэрквах чыталі з украінскае Бібліі. Для мяне гэта заўсёды было пытаньне: чаму я чую, як чытаюць з расейскай і ўкраінскай Бібліяў, а ніхто быццам ня чытае зь беларускай? Бацька часта казаў нам, што мы па нацыянальнасьці беларусы, што і паказвалася тым, што мы з бацькамі заўсёды размаўлялі па-беларуску. Калі я крыху падрос, дык зразумеў, што ёсьць беларускі варыянт Новага Запавету з Псалтыром, але гэта была рэдкасьць, каб нехта чытаў зь яго. З кожным годам я думаў сабе, а чаму для нас, беларусаў, няма поўнай Бібліі на нашай роднай мове? І вось Бог дапамог нам, беларусам, супрацоўнічаць з спадаром Сёмухам і ўбачыць поўную Біблію ў нашай сучаснай беларускай мове. Цяпер я зь вялікім здавальненьнем чытаю і карыстаюся ёю. З гэтага цешуся і дзякую Богу і спадару Васілю Сёмуху за ягоную старанную і руплівую працу.
Юрка РАПЕЦКІ

НАБЫВАЙЦЕ БЕЛАРУСКУЮ БІБЛІЮ

ў перакладзе Васіля Сёмухі. У выданьне ўвайшлі кананічныя кнігі Старога, Новага Запаветаў і Псалтыра. Друк зроблены на тонкай рысавай паперы й прашыты для трываласьці. На вокладцы выцісьнены крыж Сьв. Еўфрасіньні Полацкай.
Прыбытак ад продажу пойдзе на аплату пазыкі на выданьне і распаўсюджваньне Бібліі.
Ахвочыя набыць Біблію могуць зьвяртацца да Алесі Сёмухі па тэлефоне (703) 534-4089 або па электроннай пошце: asmukha@yahoo.com. Кошт выданьня $50. Перасылка ўваходзіць у кошт. Студэнты й нядаўна прыбылыя эмігранты могуць атрымаць 50% зьніжку.
Калі вы жадаеце набыць Біблію для сваякоў ці знаёмых на Бацькаўшчыне, то кошт выданьня будзе $10 (US).