ГРАМАДЗКАЕ ЖЫЦЬЦЁ Ў БРУКЛІНЕ
У нядзелю 1-га лютага 2003-га году ў грамадзкай залі Катэдральнага сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне беларусы Нью Ерку і ваколіцаў мелі магчымасьць наведаць канцэрт маладзёвага гурта "Крынічка" зь Беларусі. Хаця сцэна ў залі была трошкі замалая для вялікай групы артыстаў, але яны справіліся вельмі добра, выканалі нават адзін хараводны нумар.
Хор сьпяваў вельмі мілагучна па-беларуску, па-ангельску і па-латыне. Звонкія маладыя галасы ўспрымаліся слухачамі з прыемнасьцю. Вабілі сваёю прыгажосьцю строі артыстаў.
Вялікая падзяка за артыстычнае выкананьне належыць кіраўнічцы хору сп-ні Натальлі Суханавай.
2-га сакавіка 2003-га году ў Катэдральным саборы Сьв. Кірылы Тураўскага адбылася Літургія Сьв. Яна Златавуснага. На Багаслужбе прысутнічаў Яго Міласьць Першагерарх Найпачэсьнейшы Ўладыка Мітрапаліт Ізяслаў. Багаслужбу правілі айцец архімандрыт Даніэл і айцец Ігар. Пяялі два хоры, царкоўны, пад кіраўніцтвам спн. Ліды Кано, і валійскі, які складаецца больш як з 60 чалавек, і сьпевакі каторага былі ў той дзень гасьцямі беларускае парафіі ў Брукліне. Айцец Даніэл выгалошваў малітвы па-валійску, а валійскі хор пяяў таксама па-валійску. Айцец Ігар выгалошваў малітвы па-царкоўнаславянску, а царкоўны хор пяяў таксама па-царкоўнаславянску. Дзьве малітвы царкоўны хор выканаў па-беларуску, "Ойча Наш" і "Магутны Божа".
Мова валійская зусім іншая ад ангельскае, яна вельмі добра адпавядае царкоўнаму пяяньню. Песьні на ёй у сьвятыні гучалі духоўна і малітоўна.
Пасьля Багаслужбы малельнікі й харыстыя сышліся ў прыцаркоўнай залі на абед, на які былі сьпечаныя аладкі й зробленыя розныя салаты. Гэтыя смачныя стравы прыгатавала сястрыцтва Сабору. Пазьней прысутныя мелі каву з рознымі пірагамі й тартамі.
З прывітальнымі словамі выступілі а. Даніэл, праф. Томас Бэрд, кіраўнічка валійскага хору. Ведама, беларусы любяць песьню. Пасьля абеду прысутных пацешыла сваімі песьнямі спн. Ліда Кано пад акампанэмэнт піяністкі Тані Дзямешчык. Дуэтам выступілі спн. Ліда Кано і сп. Уладзімер Цяліца. Такім чынам час у гэты дзень правялі весела і цікава.

Кастусь ВЕРАБЕЙ

На здымках: выступае маладзёвы ансамбль “Крынічка” зь Менску; ля мікрафону салісты ансамблю.