Бюро Грамадзянства і Іміграцыйных Паслугаў ЗША (BCIS),

якое раней называлася Дэпартамэнт Іміграцыі й Натуралізацыі (INS), пашырае кампутарызацыю сваіх паслугаў.

З 29-га травеня, Бюро Грамадзянства й Іміграцыйных Паслуг пачне прымаць да разгляду некаторыя віды петыцыяў і заяваў праз сусьветнае сеціва. Штогод гэтае бюро атрымлівае прыкладна 7 мільёнаў петыцыяў ад імігрантаў. Дагэтуль усе дакумэнты прымаліся толькі праз пошту. Шмат якія лісты губляліся недзе ў дарозе ці ў бюракратычных кабінетах. Але з пераводам бюро ў юрысдыкцыю Дэпартамэнта Ўнутранай Бясьпекі, многія працэдуры былі перагледжаныя, у тым ліку і працэдура падачы дакумэнтаў. Новая сыстэма дазваляе захоўваць інфармацыю, фатаздымкі, подпіс і адбіткі пальцаў хадайнікаў дыгітальна. Электронны працэс таксама дазваляе правяраць інфармацыю хутчэй за папяровую праверку. Гэта значыць, што і адказ на петыцыю можа прыйсьці хутчэй.
Сярод петыцыяў, якія Бюро плянуе прымаць празь сеціва ў травені пакуль дзьве - гэта Заява на дазвол на працу (Employment Authorization I-765) ды Заява на замену зялёнай карткі (Application for Replacement of Green Card І-90).
Гэты сьпіс будзе пашыраны ўвосень вось якімі дакумэнтамі:
1. Петыцыя на працу без іміграцыйнага статусу (Petition for Nonimmigrant Worker I-129)
2. Падарожны пашпарт (Application for Travel Document I-131)
3. Іміграцыйная петыцыя для замежнага работніка (Immigrant Petition for Alien Worker I-140)
4. Заява на падаўжэньне або зьмену неіміграцыйнага статусу (Application to Extend/Change Nonimmigrant Status I-539); гэтаю формаю часта карыстаюцца замежныя студэнты.
Поўны сьпіс заяваў будзе апублікаваны на стронцы www.bcis.gov
Электронная падача дакумэнта ў таксама дазволіць правяраць празь сеціва ў якой стадыі разгляду знаходзяцца індывідуальныя справы. Гэтая паслуга - вялікая палёгка і для Бюро, якое атрымлівае каля 30 тысяч тэлефанаваньня ў і візытаў штодня, і для хадайнікаў, якія напрацягу гадзін чакаюць адказу па тэлефоне ці ў іміграцыйных офісах.
Алеся СЕМУХА