САКАВІК У КАНАДЗЕ
Найвялікшым сьвятам, якое яднае беларусаў замежжа, зьяўляецца Дзень абвешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Як сустрэлі яго беларусы Канады?
Па традыцыі, урачыстыя паседжаньні, прысьвечаныя 25-му Сакавіка, прайшлі у буйнейшых беларускіх асяродках у Таронта, Монтрэалі і Атаве. У іх прынялі ўдзел больш за 170 прадстаўнікоў ранейшай і цяперашняй хваляў эміграцыі. Сьвяткаваньні прайшлі ў вельмі цёплых і прыемных умовах, у прыгожа прыбраных у нацыянальныя колеры памешканьнях, з малітвамі за Беларусь айца Вячаслава, сьвятара Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, са сьпяваньнем гімну БНР, з дакладамі пра гістарычную дату, з канцэртамі й тэатралізаваным прадстаўленьнем, са смачнымі беларускімі пачастункамі.
У Таронта, у будынку Беларускага грамадска-рэлігійнага цэнтра, удзельнікаў сьвяткаваньня віншавалі ветэраны беларускага руху ў Паўночнай Амэрыцы сп-ня Раіса Жук-Грышкевіч і пісьменьнік Кастусь Акула, а таксама Старшыня Згуртаваньня Беларусаў Канады сп. Пётр Мурзёнак. З задавальненьнем усе паслухалі цікавы й грунтоўны даклад, зроблены прадстаўніцай маладога пакаленьня сп-яй Вольгай Яноўскай, зь якім яна па запрашэньню выступіла пазней і ў канадыйскай сталіцы. Віншаваньні ад беларусаў з розных краінаў сьвету зачытала сп-ня Надзея Дробіна, старшыня таронтаўскага аддзелу ЗБК. Затым адбыўся канцэрт маладога калектыву фальклёрнага мастацтва пад кіраўніцтвам сп-ні Віялеты Кавалёвай. Упэўнены, што калі-б вы пачулі беларускія народныя песьні ў іхным выкананьні, то адразу-ж захацелі-б запрасіць гэты ансамбаль у госьці. У гэтым ужо пераканаліся беларусы Атавы, бо фальклёрная група "Ручнічок" ня толькі цудоўна сьпявае, але можа завесьці з вамі карагод Па заканчэньні сьвята ў Таронта група беларусаў паехала да гарадзкой ратушы рабіць здымкі, дзе ў гэты дзень вось ужо на працягу 30-ці гадоў на галоўным флагштоку ўздымаецца наш нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.
У Атаве сьвяткаваньне праходзіла ў City Hall. Удзельнікаў сьвята вітала сп-ня Івонка Сурвілла, Старшыня Рады БНР. Пасьля віншаваньняў і ўрачыстага дакладу госьці зь вялікай цікавасьцю прагледзелі відэафільм, зроблены сябрамі "Маладога Фронту", пра падзеі апошніх гадоў, якія адбыліся ў Беларусі. На выставе малюнкаў дзяцей з Чавускага раёну можна было набыць копіі, а атрыманыя грошы пайшлі у Беларуска-Канадыйскі Фонд дапамогі дзецям Чарнобыля. Пасьля цудоўнага выступленьня фальклёрнага ансамбля "Ручнічок" усе з захапленьнем слухалі інструмэнтальную музыку (скрыпкі, гітара, бубен) у выкананьні Ўлады й Рамана Шамецькаў, Вольгі й Міхася Рыкавых. Выдатная акустыка залі спрыяла эмацыйнаму ўспрыняцьцю знаёмых беларускіх мэлёдыяў.
Вельмі прыстойна, прыгожа і арыгінальна прайшло сьвяткаваньне у Мотнрэалі, у арганізацыі якога ўжо па традыцыі бярэ ўдзел уся сям'я сп. Анатоля Храноўскага, аднаго са старэйшых актывістаў беларускага руху ў Квэбэку. Прыйшлі ветэраны, дзеткі чыталі вершы, адбыўся й невялікі спектакль "Батлейкі". Напачатку сп-ня Івонка Сурвілла і сп. Пётр Мурзёнак павіншавалі прысутных са сьвятам, пажадалі посьпехаў у беларускіх справах, здароў'я, шчасьця і ўдачы на новай зямлі.
Сябры Згуртаваньня Беларусаў Канады правялі 6-га красавіка ў канадыйскай сталіцы пікетаваньне беларускай амбасады й шэсьце па вуліцах Аттавы. Каля 40 удзельнікаў з Таронта, Аттавы, Монтрэалю, палову зь якіх складалі маладыя людзі, вырашылі такім чынам адзначыць ідэі незалежнай Беларусі, выказаныя ў Акце ад 25-га Сакавіка 1918-га году, а таксама падтрымаць акцыі "Маладога Фронту", якія праходзілі па ўсёй Беларусі пад лёзунгам "Беларусь у Эўропу". Дэманстранты ў Атаве ішлі пад лёзунгамі "Беларусь у Эўропу", "Стоп Лукашэнка", "Не - дыктатарскаму рэжыму ў Беларусі", "Жыве БНР", "Няхай жыве Беларусь".
Думаецца, што мінуўшыя сьвяткаваньні паспрыяюць больш цеснаму яднаньню беларусаў у Канадзе, разьвіцьцю й падтрыманьню культурных і гістарычных традыцыяў беларускага народу, і будуць пачутыя на радзіме.

Васіль Чутны

25 Сакавіка ў Аттаве

ТАРОНТА
Сьвяткаваньне ўгодкаў БНР у Таронта адбылося ў нядзелю 24-га сакавіка. Сьвятую Літургію ў царкве Сьв. Кірылы Тураўскага служыў айцец Вячаслаў.
Пасьля кароткага перапынку з кавай і поснымі прысмакамі старшыня аддзелу ЗБК у Тароньце Надзя Дробіна адкрыла акадэмію. Хвілінай цішыні ўшанавалі памяць загінуўшых у змаганьні за волю Бацькаўшчыны.
Першы старшыня Галоўнай Управы Згуртаваньня Беларусаў Канады К. Акула спыніўся крыху на гісторыі арганізацыі, таму што прысутным "новым беларускім канадыйцам" шмат чаго зь мінулага няведамае. Варта памятаць, што як раз у Тароньце жыцьцё арганізаванай беларускай грамады пасьля Другой Сусьветнай вайны пачалося ад сьвяткаваньня ўгодкаў абвешчаньня незалежнасьці БНР 27-га сакавіка 1949-га году. Прысутных было 20 пераважна маладых беларусаў. Далей сп. Акула коратка ахарактарызаваў грамадзкую і палітычную дзейнасьць Згуртаваньня на працягу доўгіх гадоў.
Былі прачытаныя прывітаньні ад Згуртаваньня Беларусаў Сьвету "Бацькаўшчына", Старшыні Рады БНР сп-ні І. Сурвіллы ды іншыя.
Добраапрацаваны даклад пра гісторыю БНР, пачынаючы ад абвешчаньня незалежнасьці, прачытала сп-ня Вольга Яноўская.
Група аматараў пад кіраўніцтвам сп-ні Віты Кавалёвай выканала колькі мэлядыйна-мілых народных беларускіх песьняў.
Старшыня Галоўнай Управы Беларусаў Канады, выдатны беларускі паэт Пётра Мурзёнак, які прыехаў на сьвяткаваньне са сваёю жонкаю ды іншымі з Аттавы на гэтае сьвята , прачытаў некалькі сваіх вершаў.
Закончылі сьвяткаваньне гімнам "Магутны Божа".

К.

25 Сакавіка ў Таронта